БУ́ТРАС-ГА́ЛІ ((Boutros-Ghali) Бутрас) (н. 4.11.1922, Каір),

палітычны і дзярж. дзеяч Егіпта. Адукацыю атрымаў у Каірскім і Парыжскім ун-тах. Праф. міжнар. права Каірскага ун-та (1949—79). Дырэктар цэнтра даследаванняў Гаагскай акадэміі міжнар.. права (1967—69). Міністр замежных спраў (з 1977), чл. парламента Егіпта з 1987. З 1991 віцэ-прэм’ер. Удзельнічаў у падпісанні Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў (1978), пасяджэннях Ген. Асамблеі ААН (1979, 1982 і 1990). Абраны Ген. сакратаром ААН на перыяд 1992—96.

Б.Бутрас-Галі.

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬДГАЙМ ((Waldheim) Курт) (н. 21.12.1918, Андрэ-Вердэн, зямля Ніжняя Аўстрыя, Аўстрыя),

дзяржаўны дзеяч Аўстрыі, дыпламат. Д-р юрыд. н. (1944). Вучыўся ў Венскай консульскай акадэміі (1937—39), скончыў Венскі ун-т (1944). З 1945 на дыпламат. службе. Пастаянны прадстаўнік Аўстрыі пры ААН (1964—68 і 1970—71). Міністр замежных спраў Аўстрыі (1968—70). Ген. сакратар ААН у 1972—81. Федэральны прэзідэнт Аўстрыі ў 1986—92.

Тв.:

Рус. пер. — Австрийский путь М., 1976;

Единственная в мире должность. М., 1980.

К.Вальдгайм.

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РГАС ((Vargas) Жэтуліу Дарнеліс) (19.4.1883, г. Сан-Боржа, Бразілія — 24.8.1954),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Бразіліі. Юрыст. Дэп. кангрэса (з 1922), міністр фінансаў (з 1926), губернатар штата Рыу-Гранды-ду-Сул (з 1928). Прэзідэнт Бразіліі ў 1930—45 і 1951—54. У 1945 заснаваў Браз. трабальісцкую (рабочую) партыю. Праводзіў курс на памяншэнне эканам. і знешнепаліт. залежнасці Бразіліі ад ЗША, паляпшэнне становішча працоўных. Адхілены ад улады генералітэтам; скончыў самагубствам.

Літ.:

Шокина И.Е. Жетулиу Дорнелис Варгас // Вопр. Истории. 1996. № 4.

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛА́СКА АЛЬВАРА́ДА ((Velasco Alvarado) Хуан) (16.6.1910, г. П’юра, Перу — 24.12.1977),

ваенны і дзярж. дзеяч Перу. Дывізіённы ген. (1965). Скончыў афіцэрскую школу (1934). У 1962—63 ваен. аташэ ў Францыі. З 1966 нач. ген. штаба арміі, з 1968 галоўнакаманд. сухап. войскамі. У кастр. 1968 узначаліў рэв. выступленне ваенных. Прэзідэнт Перу (1968—75, адначасова да 1972 прэм’ер-міністр). Урад Веласка Альварада прыняў закон аб агр. рэформе, нацыяналізаваў уласнасць амер. нафтавых і гарнарудных кампаній і інш. Скінуты ў выніку ваен. путчу.

т. 4, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРСІ́Я РО́БЛЕС ((García Robles) Альфонса) (н. 20.3.1911, г. Самора-дэ-Ідальга, Мексіка),

мексіканскі дыпламат. Д-р права (1933). Скончыў Нац. ун-т у Мехіка (1933), вучыўся ў Парыжы (1934—37) і Гаагскай акадэміі міжнар. права (1938). Міністр замежных спраў Мексікі (з 1975). Пасол Мексікі пры ААН (з 1971), з 1977 яе пастаянны прадстаўнік у Камітэце ААН па раззбраенні. З 1985 старшыня Камітэта ААН па раззбраенні. Нобелеўская прэмія міру 1982 (з А.​Мюрдаль) за ўклад у справу раззбраення.

А.Гарсія Роблес.

т. 5, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛРУ́НІ ((Mulroney) Браян) (н. 20.3. 1939, г. Бе-Камо, Канада),

канадскі паліт. і дзярж. дзеяч. Ганаровы д-р юрыд. н. Адвакат. З 1955 чл., у 1983—93 старшыня Прагрэс.-кансерватыўнай партыі. З 1983 дэп. парламента. У 1984—93 прэм’ер-міністр Канады. Выступаў за цеснае эканам. супрацоўніцтва з ЗША, у 1988 падпісаў кан.-амер. пагадненне аб свабодным гандлі. Пасля рэферэндуму 26.10.1992, які не падтрымаў яго папраўкі да канстытуцыі з мэтай вырашэння пытання аб статусе прав. Квебек, пайшоў у адстаўку.

т. 10, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЛА́ННІК,

дыпламатычны прадстаўнік, які часам узначальвае дыпламат. місію. Яго афіц. найменне часта залежыць ад акрэдытуючай дзяржавы (надзвычайны П., паўнамоцны міністр і інш.). Калі П. узначальвае місію, ён акрэдытуецца пры кіраўніку дзяржавы знаходжання, яму даецца даверчая грамата, падпісаная кіраўніком акрэдытуючай дзяржавы. Паводле Венскага рэгламенту аб класіфікацыі дыпламат. агентаў 1815 П. аднесены да 2-га класа дыпламат. прадстаўнікоў, больш нізкага па міжнар.-прававым статусе, чым пасол. Карыстаецца тымі ж правамі і прывілеямі, што і кіраўнікі дыпламат. прадстаўніцтваў інш. класаў.

т. 12, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЧЭНЫ ((Széchenyi) Іштван) (21.9.1791, Вена — 8.4.1860),

венгерскі паліт. і грамадскі дзеяч. Граф. У 1820—30-я г. кіраўнік барацьбы ліберальнага венг. дваранства за рэформы. Прыхільнік паступовых рэформ, праціўнік радыкальных дзеячаў венг. нац.-вызв. руху на чале з Л.​Кошутам. У пач. рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі ўвайшоў ва ўрад Л.​Бацяні як міністр шляхоў зносін (крас. 1848), але ў вер. 1848 адышоў ад паліт. дзейнасці. Выступаў супраць рэжыму, які ўсталяваўся ў Венгрыі пасля паражэння рэвалюцыі. Скончыў самагубствам.

т. 14, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАРЭ́ЎСКІ ((Paderewski) Ігнацы Ян) (18.11.1860, в. Курылаўка Хмяльніцкага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 29.6.1941),

польскі піяніст, кампазітар, грамадска-паліт. дзеяч, педагог Скончыў Варшаўскі муз. ін-т (1878), з 1879 выкладаў у ім (у 1882—83 праф., з 1909 дырэктар). Вучань Т.​Лешаціцкага. У 1913—18 жыў у ЗША. У 1-ю сусв. вайну прадстаўнік Польскага нацыянальнага камітэта пры ўрадзе ЗША (1917—18). У студз. — ліст. 1919 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Польшчы, прадстаўляў яе на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 (разам з Р.Дмоўскім) і ў Лізе Нацый (1919—21). У 1940—41 старшыня польск. Нац. савета ў эміграцыі. Адзін з буйнейшых піяністаў свайго часу, прадстаўнік рамант. стылю. З яго гастроляў пачалася гісторыя канцэртнай залы «Карнегі-хол» (1891, Нью-Йорк). Яго выкананне вызначалася віртуознай тэхнікай, вытанчанасцю, моцным тэмпераментам. Меў вялікі канцэртны рэпертуар, у якім вылучаліся інтэрпрэтацыі твораў Ф.​Шапэна, П.​Чайкоўскага, Ф.​Ліста. Аўтар оперы «Манру» (паст. 1901), сімфоніі (1907), канцэрта (1888), «Польскай фантазіі на арыгінальныя тэмы» (1893) для фп. з арк., санат, «Польскіх танцаў» (1884), цыкла «Песні падарожніка», мініяцюр, у т. л. «Менуэта G-dur», эцюдаў для фп., песень, а таксама артыкулаў, успамінаў. Пад яго кіраўніцтвам у 1935—40 падрыхтавана выданне поўнага збору твораў Шапэна (1949—58).

Літ.:

Piber A. Droga do slawy. Warszawa, 1982.

І.Я.Падарэўскі.

т. 11, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТУ́ ((Barthou) Жан Луі) (25.8.1862, г. Аларон-Сент-Мары, Францыя — 9.10.1934),

французскі дзярж. дзеяч. Адвакат. У 1889—1922 дэпутат парламента. З 1894 неаднаразова займаў міністэрскія пасады. У 1913 прэм’ер-міністр. Узначальваў франц. дэлегацыю на Генуэзскай канферэнцыі 1922. У 1922—26 старшыня Рэпарацыйнай камісіі, патрабаваў ад Германіі выканання пастаноў Версальскага мірнага дагавора 1919. Пасля ўсталявання фаш. дыктатуры ў Германіі (1933) актыўны прыхільнік франка-сав. супрацоўніцтва. Ініцыятар стварэння «Усходняга пакта». Загінуў у Марселі разам з югасл. каралём Аляксандрам I у выніку тэрарыст. акта.

т. 2, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)