КРАЯЗНА́ЎСТВА,

усебаковае вывучэнне асобнага рэгіёна ці нас. пункта мясц. насельніцтвам, а таксама спецыялістамі навук. устаноў. Даследуе прыроду, эканоміку, дэмаграфію, гісторыю, мову, культуру. Комплекснае К. разглядае ўсе звесткі ва ўзаемасувязі. Галіновае К. паглыблена вывучае асобныя яго кірункі: гістарычны, геаграфічны, этнаграфічны, літаратурны, тапанімічны, мемарыяльны, ахову помнікаў і інш. Адметнасць набывае К. рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Асн. метад К. — збор інфармацыі: архіўных і літ. крыніц, прадметаў матэр. культуры, вынікаў назіранняў за прыроднымі з’явамі, анкетаванне і г. д. Ролю навукова-метадычных цэнтраў у рэгіёнах выконваюць краязнаўчыя цэнтры пры аддзелах нар. адукацыі. У Беларусі дзейнасць усіх краязнаўчых арг-цый каардынуе Рада Беларускага краязнаўчага таварыства (БКТ). Разнастайнымі краязн. звесткамі пра Беларусь напоўнены першыя пісьмовыя крыніцы, асабліва бел.-літ. летапісы і хронікі. У сярэднявякоўі цікавасць да вывучэння краю набыла рысы навуковасці, развівалася пад уплывам ідэй Адраджэння. Каштоўнай краязн. крыніцай з’яўляецца «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618), выдадзены С.Рысінскім, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсея Русі» (1582) М.Стрыйкоўскага, паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Звесткі апісальнага характару ёсць у дзённіках (дыярыушах), мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у 15—17 ст. (З.Герберштэйн, А.Гваньіні, І.​Г.​Корб. Б.Танер, П.А.Талстой і інш.). Грунтоўны «Дзённік» пакінуў Мікалай Радзівіл Сіротка пасля падарожжа ў 1582—84 у Егіпет, Сірыю, Палесціну. Аналіз матэр. і духоўнай культуры народаў Зауралля і Сібіры зрабіў у 1660-я г. А.Каменскі. Значна вырасла цікавасць да К. ў канцы 18 ст. Вял. б-кі, архівы, карцінныя галерэі, нумізматычныя, мінералагічныя і інш. калекцыі існавалі ў рэзідэнцыях магнатаў: у Нясвіжы — Радзівілаў, у Шчорсах — Храптовічаў, у Слоніме — Агінскіх і інш. Багатыя зборы былі пры некат. манастырах і навуч. установах. Унікальныя зборы мелі Чапскія, Тызенгаўзы, Плятэры, Ельскія, Тышкевічы, Ходзькі і інш. Вял. група даследчыкаў займалася гіст. К. На багатым дакумент. матэрыяле падрыхтавана «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41) Т.Нарбута, праца М.В.Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча ў Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей, а іх публікацыі — фундаментам для далейшага развіцця розных кірункаў К. Асобныя рэгіёны Беларусі ў 19 ст. вывучалі З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Э.Ф.Плятэр, А.М.Семянтоўскі, К.А.Гаворскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, А.П.Сапуноў, П.М.Шпілеўскі, О.Кольберг, А.Кіркор, М.Ф.Кусцінскі і інш. Своеасаблівымі краязн. даследаваннямі з’яўляюцца асобныя творы паэтаў і пісьменнікаў (Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі і інш.). Фальклор і этнаграфію вывучалі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Міцкевіч. Вял. ўклад у К. зрабілі мастакі Ю.Пешка, М.Кулеша, Н.Орда. Прыкметны след у развіцці розных галін К. інш. народаў пакінулі Ю.Копаць» (Сібір, Камчатка), Ф.Цяцерскі (Забайкалле), Т.Зан (Зауралле), В.​М.​Кавалеўскі (Манголія, Казахстан, Сібір), І.А.Гашкевіч (Японія), І.І.Дамейка, К.Ельскі (Паўд. Амерыка). Прыкметную ролю ў станаўленні К. ў 1-й пал. 19 ст. адыгралі гурткі пры Віленскім універсітэце, Віленскае т-ва дабрачыннасці, Беларускае вольнае эканамічнае таварыства ў Віцебску. У 2-й пал. 19 ст. разгарнулі дзейнасць Віленская археаграфічная камісія, Віленская археалагічная камісія, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба», дзе прыведзены адносна падрабязныя звесткі па геаграфіі, гіст., эканоміцы, дэмаграфіі, адукацыі, ахове здароўя Беларусі, і г. д. Матэрыялы па К. змяшчаліся ў губ. і епархіяльных ведамасцях, «Памятных кнігах губерняў», перыядычных ілюстраваных часопісах, што выдаваліся на польскай мове, і інш. На мяжы 19—20 ст. у многіх рэгіёнах павялічылася колькасць навук. т-ваў, камісій, к-таў, гурткоў; краязн. працу праводзілі т-вы, арганізаваныя пад патранатам царквы. У 1908 пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт. У 1911 засн. Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, у 1912 — Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся зборнікі дакументаў і матэрыялаў «Віцебская даўніна», «Мінская даўніна», «Магілёўская даўніна» і інш. Матэрыялы па этнаграфіі, археалогіі друкаваліся ў «Записках Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газ. «Наша ніва». У канцы 19 — пач. 20 ст. ў плеяду бел. краязнаўцаў уваходзілі: Я.Ф.Арлоўскі, А.Я.Багдановіч, М.В.Доўнар-Запольскі, А.К.Ельскі, У.З.Завітневіч, Я.Ф.Карскі, Ю.Ф.Крачкоўскі, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Ф.В.Пакроўскі, Е.Р.Раманаў, Г.Х.Татур, А.М.Уласаў і інш.

У пач. 20 ст. заснаваны краязн. студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі, у т. л. Беларускі навукова-літаратурны гурток (1912) пры С.-Пецярбургскім ун-це. У 1920-я г. краязн. аб’яднанні ствараліся пры навуч. і навук. установах, аддзелах нар. асветы, у т. л. Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1921). З 1922 каардынацыйным цэнтрам краязн. арг-цый стаў Інстытут беларускай культуры, пры ім — Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБК). У ліст. 1924 адбылася Першая Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя; у 1926 — Першы Усебеларускі краязнаўчы з’езд. З кастр. 1925 ЦБК выдавала штомесячны час. «Наш край» (у 1930—33 «Савецкая краіна»). Выходзілі мясц. неперыядычныя зборнікі («Віцебшчына», «Полаччына» і інш.). Актыўную выдавецкую дзейнасць разгарнула Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. Удзел у краязн. руху прымалі З.Бядуля, Д.М.Васілеўскі, З.​Х.​Жылуновіч (Ц.Гартны), М.І.Гарэцкі, В.Д.Дружчыц, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, А.А.Шлюбскі, М.М.Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках. Развівалася К. і ў Зах. Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязн. т-ва, мясц. краязн. аб’яднанні (Палескае т-ва краязнаўства ў Пінску, Т-ва сяброў навук у Гродне і інш.), краязн. музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922, Пінскі, 1924, Баранавіцкі і Слонімскі, 1929) і інш. Звесткі па асобных рэгіёнах Зах. Беларусі прыведзены ў працах Ч.Пяткевіча (Палессе, Брэстчына), О.М.Гедэмана (Браслаўшчына), Ю.Ядкоўскага (Гродна) і інш. Актыўнымі краязнаўцамі былі Я.Н.Драздовіч, Л.І.Вітан-Дубейкаўскі, А.І.Луцкевіч, У.І.Самойла, П.Сергіевіч, Б.А.Тарашкевіч, Я.Булгак. Вывучэннем заходнебеларускага краю займаліся Беларускае навуковае таварыства, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі музей імя І.​Луцкевіча, Беларускае навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі (1920—40-я г.). У пач. 1930-х г. у БССР многія вучоныя і мясц. краязнаўцы рэпрэсіраваны, К. даследавала і паказвала выключна поспехі сацыяліст. будаўніцтва. У пасляваен. час найб. ўвага скіроўвалася на даследаванні гісторыі вайны, партыз. руху на Беларусі, пошукавую працу. Адкрыты шэраг краязн. музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей народнай творчасці і інш. У наш час К. займаюцца Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел. т-ва аховы прыроды, Беларускі фонд культуры, Таварыства беларускай мовы імя Ф.​Скарыны і інш. У снеж. 1989 Усебел. канферэнцыя краязнаўцаў абвясціла пра аднаўленне работы БКТ.

Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязн. канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Існуюць краязн. аддзелы пры некаторых б-ках. З выкарыстаннем матэрыялаў па К. выдадзены «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (7 тамоў), выдаецца шматтомная серыя кніг «Памяць». Праблемы К. асвятляюцца ў перыяд. выданнях, бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 час. «Спадчына»), час. «Беларуская мінуўшчына», «Падарожнік» (у якім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у навук.-краязн. зборніках, часопісах і альманахах («Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш.). У шэрагу навуч. устаноў уключаны курсы К. (беларусазнаўства). У рознай ступені краязн. даследаваннямі займаюцца бел. навук.-культ. арг-цыі за мяжой: Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, Т-ва бел. культуры ў Маскве і інш. Значны ўклад у развіццё К. ў пасляваен. перыяд зрабілі і робяць У.А.Калеснік, М.П Клімец (Брэст), Ю.А.Якімовіч, А.​М.​Белакоз (в. Гудзевічы Мастоўскага р-на), М.Ф.Мельнікаў (г. Крычаў), Г.​А.​Каханоўскі, М.І.Ермаловіч, М.А.Ткачоў, Г.В.Кісялёў, Л.​Р.​Казлоў, А.П.Грыцкевіч, А.І.Мальдзіс, У.Ф.Ісаенка, В.​Л.​Насевіч, Э.М.Загарульскі, Л.У.Дучыц, В.У.Скалабан, М.​М.​Улашчык, А.К.Каўка, Ю.А.Лабынцаў, В.П.Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў (С.-Пецярбург), Д.​Фёнік (Беласток), А.​Цеханавецкі (Лондан), Я.Запруднік, В. і З. Кіпелі (Нью-Йорк) і інш.

Літ.:

Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;

Амелькович Л.Г. Деятельность Центрального Бюро краеведения Белоруссии (1923—1933 гг.) // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. Мн., 1975;

Грыцкевіч В.П., Мальдзіс А.І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;

Историческое краеведение Белоруссии. Мн., 1980;

Каспяровіч М.І. Краязнаўства. Мн., 1929;

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;

Краязнаўства: Зб. праграм і інструкцый краязнаўчай працы. Мн, 1929;

Матюшин Г.Н. Историческое краеведение. М., 1987;

Polkowski B. Krajoznawca. Warszawa, 1931.

Л.​В.​Трэпет.

Да арт. Краязнаўства. Вокладка «Віцебскай даўніны». Т. 4. Віцебск, 1835.
Да арт. Краязнаўства. Праўленне Краязнаўчага таварыства БДУ на чале з рэктарам У.​І.​Пічэтам. 1929.
Да арт. Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея.
Да арт. Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Лепельскага краязнаўчага музея.

т. 8, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЖА,

1) збудаванне са значнай перавагай вышыні над стараной ці дыяметрам асновы. Бываюць квадратныя, прамавугольныя, шматгранныя, круглыя і інш., пастаяннага або пераменнага сячэння, ярусныя.

Вядомыя ў архітэктуры Асірыі, Фінікіі, Стараж. Грэцыі і Рыма, у сярэднія вякі — у краінах паўн.-ўсх. і Сярэдняй Азіі, Арабскага Усходу, Каўказа. У сярэдневяковай Зах. і Паўн Еўропе вежа стала неад’емным элементам кампазіцыі гарадскіх умацаванняў, замкаў, храмаў раманскай і гатычнай архітэктуры, палацаў (вежа Палацца Век’ё ў Фларэнцыі), ратушаў і інш. Сярод найб. яскравых прыкладаў — кампаніла ў Пізе (т.зв. падаючая Пізанская вежа, Італія, 1174—1372). Вежы былі характэрным элементам рус. і ўкр. абарончай (Маскоўскі, Смаленскі, Каломенскі, Яраслаўскі крамлі і інш.), грамадз. і культавай архітэктуры (званіцы Івана Вялікага ў Маскве, 1508—1600, у Кірылаўскім манастыры ў Кіеве, 18 ст.). У Прыбалтыцы вежы выкарыстоўваліся пры буд-ве замкаў і гарадскіх грамадз. і культавых збудаванняў (парахавая вежа ў Рызе, 17 ст., вежа «Доўгі Герман» у Таліне, канец 15 ст., вежа Гедзіміна ў Вільні 14 ст. і інш.). Сярод выдатных твораў рус. архітэктуры, у кампазіцыі якіх дамінуе вежа, Петрапаўлаўскі сабор (1712—33), Адміралцейства (1806—23) у С.-Пецярбургу.

На Беларусі абарончыя драўляныя вежы будаваліся на гарадзішчах ранняга жал. веку (в. Валадарск Рэчыцкага р-на). У стараж. гарадах Беларусі вежы ўваходзілі ў сістэму абарончых умацаванняў, часам выконвалі функцыю брамы. У 2-й пал. 13 ст. пабудаваны першыя мураваныя вежы — данжоны (Берасцейская вежа, Камянецкая вежа). З 14 ст. мураваныя 4-гранныя вежы, злучаныя з абарончымі сценамі, сталі адметнай асаблівасцю замкаў (Лідскі замак, Крэўскі замак), уключалі жылыя, гасп., культавыя (капліцы) памяшканні. Мураваныя замкавыя вежы ў архітэктуры стыляў готыкі і рэнесансу аздабляліся сістэмай нішаў, паяскоў, парэбрыкаў і інш. элементаў дэкору (Нясвіжская замкавая вежа). Заглыбленыя часткі сцен бялілі вапнай, выступы мелі натуральны колер чырвонай цаглянай муроўкі, што стварала 2-колернае вырашэнне фасадаў (Мірскі замкава-паркавы комплекс). Невысокія квадратныя і прамавугольныя ў плане вежы, прыстаўленыя да знешняга боку абарончых сцен і накрытыя 2-схільным дахам, наз. «бычкамі», высокія 8-гранныя — круглікамі. Існавалі шмат’ярусныя вежы, у якіх звычайна над ніжнімі чацверыковымі ярусамі будавалі васьмерыкі. Некаторыя драўляныя вежы завяршаліся ізбіцамі. Сцены абарончых вежаў прарэзваліся байніцамі, амбразурамі, машыкулямі. У 18 — пач. 20 ст. асобна пастаўленыя вежы выкарыстоўвалі ў палацава-паркавых кампазіцыях (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль), у манастырах і кляштарах. У 16 — пач. 20 ст. ў культавым дойлідстве былі найб. пашыраны вежы-званіцы (Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл). Вежы з’яўляліся адным з гал. элементаў кампазіцыі ратуш (гл. Магілёўская ратуша, Віцебская ратуша). Круглыя або гранёныя вежы фланкіравалі па вуглах аб’ёмы культавых гатычных і рэнесансавых храмаў (Мураванкаўская царква-крэпасць) або ўтваралі на гал. фасадзе высокія званіцы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). У барочных культавых будынках з 2-й пал. 17 ст. найб. пашыраны 2-вежавыя гал. фасады. У сучаснай бел. архітэктуры вежападобныя кампазіцыі выкарыстоўваюць пры вырашэнні буйных горадабудаўнічых задач (вежы-прапілеі ў ансамблі Прывакзальнай пл. ў Мінску). У жылой забудове верт. дамінанты — дамы вежавага тыпу.

2) Інж. збудаванні са сталі, жалезабетону, каменю, дрэва (тэлевізійныя вежы, воданапорныя вежы, радыёвежы, сіласныя і інш.). Канструкцыя вежы — звычайна прасторавая стрыжнёвая сістэма або жалезабетонная абалонка. Успрымаюць ветравыя, тэмпературныя і інш. нагрузкі. Разлічваюцца на трываласць, устойлівасць, дэфармавальнасць.

3) Засцерагальная (часта паваротная) канструкцыя з брані на баявых караблях, танках, бронеаўтамабілях, іншых баявых збудаваннях для ўстаноўкі зброі і прылад.

4) Вежы абслугоўвання ў касманаўтыцы — метал. канструкцыя, што забяспечвае доступ людзей і падачу прылад да касм. лятальных апаратаў. Перад стартам адводзіцца на бяспечную адлегласць ад пускавой сістэмы. Вышыня больш за 100 м. Некаторыя вежы аўтаномныя, маюць уласную электрастанцыю, ацяпленне, іншае інж. абсталяванне.

Ю.​А.​Якімовіч (архітэктура).

Пізанская вежа. 1174.
Вежа Палацца Век’ё ў Фларэнцыі. 14 ст.
Замкавая вежа ў Нясвіжы. 2-я пал. 16 ст.
Вежа царквы-крэпасці ў в. Мураванка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. 16 ст.
Вуглавая вежа замка ў г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл. 16 ст.
Вежа-званіца Троіцкага касцёла ў в. Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна. Канец 16 ст.
Тэлевізійная вежа вышынёй 550 м у г. Таронта (Канада).

т. 4, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНО́Й РАГА́ТАЙ ЖЫВЁЛЫ ГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні буйной рагатай жывёлы на мяса, малако, скуры. Выкарыстоўваюцца таксама крывяная і касцявая мука і інш. У шэрагу слабаразвітых краін буйн. раг. жывёлу выкарыстоўваюць як цяглавую і трансп. сілу. Сярод прадуктаў, якія спажываюцца ў свеце, на долю каровінага малака прыпадае каля 90% малочных прадуктаў, на ялавічыну — каля 50% мяса. Існуюць разнастайныя віды буйн. раг. жывёлы: еўрап. жывёла, зебу, буйвалы, які і інш. Сярод свойскай жывёлы буйн. рагатая па колькасці займае 1-е месца ў свеце — каля 1,5 млрд. галоў. Размяшчаецца яна параўнальна раўнамерна ва ўмераных і субтрапічных кліматычных зонах, але розныя краіны рэзка адрозніваюцца па яе прадукцыйнасці. 1-е месца па пагалоўі займае Індыя (больш за 250 млн.), потым ідуць Бразілія, Кітай, ЗША (больш за 100 млн.), Расія, Аргенціна (больш за 50 млн.). З краін Зах. Еўропы вылучаюцца Францыя, Германія, Вялікабрытанія і Польшча. Галіна мае інтэнсіўны тып (добрае ўтрыманне і вельмі высокая прадукцыйнасць) у развітых краінах Еўропы, ЗША, Канадзе, Новай Зеландыі, часткова ў Аўстраліі, Аргенціне, Уругваі. У краінах Азіі, Афрыкі, Лац. Амерыкі буйной рагатай жывёлы гадоўля экстэнсіўнага тыпу, жывёла нізкапрадукцыйная. У гэтых рэгіёнах значную частку статка складае рабочая жывёла. Вытв-сць мяса і малака на 1 галаву буйн. раг. жывёлы ў краінах Афрыкі ў 7 разоў, на Б. Усходзе ў 4 разы меншая, чым у Зах. Еўропе. Вял. попыт гар. насельніцтва ў Еўропе і Паўн. Амерыцы на мяса-малочныя прадукты абумовіў стварэнне і гадоўлю парод высокапрадукцыйнай жывёлы, выкарыстанне індустр. тэхналогій утрымання і кормазабеспячэння, актыўнае развіццё ветэрынарыі і зоатэхн. навукі. Сярэднія надоі малака на 1 карову там складаюць 8—10 тыс. л і болей, а высокі выхад ялавічыны на 1 галаву буйн. раг. жывёлы дасягнуты стварэннем мясных парод. Гал. вытворцы ялавічыны ў свеце ЗША, Аргенціна, Бразілія, Францыя, Германія, Вялікабрытанія, Аўстралія, Новая Зеландыя, дзе на душу насельніцтва атрымліваюць па 100 кг і больш мяса за год. Спецыялізаваная малочная жывёлагадоўля развіта ў Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Скандынаўскіх і Прыбалтыйскіх краінах, многіх раёнах Расіі, у Новай Зеландыі.

Буйн. раг. жывёлу гадуюць на Беларусі з глыбокай старажытнасці (на Пд прыкладна з 4—3-га тыс. да н.э.). У 19 ст. сяляне трымалі малапрадукцыйную жывёлу мясц. пароды пераважна на ўласныя патрэбы. Таварная гадоўля пераважала ў памешчыцкіх маёнтках. Прадукцыя (пераважна малочныя вырабы) часткова вывозілася ў Расію і за мяжу. У 1916 было 2,3 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, у т. л. 1,6 млн. кароў.

На пач. 1995 было 5404 тыс. галоў, што значна меней, чым на пач. 1991 (6975 тыс. галоў ва ўсіх катэгорыях гаспадарак). Надой малака на 1 карову ў 1994 склаў 2509 кг (у 1990 — 3058 кг). Зніжэнне паказчыкаў звязана, як і ў інш. галінах сельскай гаспадаркі, з пагаршэннем мат.-тэхн. і фінансавага стану галіны ў 1-й пал. 1990-х г. Больш развіта буйной рагатай жывёлы гадоўля на З рэспублікі — у Гродзенскай, Брэсцкай, часткова Мінскай абласцях, што абумоўлена больш інтэнсіўным земляробствам, лепшай арганізацыяй кормавытворчасці, развітой мат.-тэхн. базай (гл. табл.). Развіваецца племянная жывёлагадоўля. У рэспубліцы гадуюць буйн. раг. жывёлу пераважна чорна-пярэстай пароды, а таксама чырв. беларускай, бурай латвійскай, кастрамской, сіментальскай, швіцкай парод.

Н.​І.​Жураўская.

Найважнейшыя паказчыкі развіцця гадоўлі буйной рагатай жывёлы ў Беларусі (1994, усе катэгорыі гаспадарак)
Вобласці і рэспубліка Надой малака на 1 карову, кг На 100 га с.-г. угоддзяў Вытворчасць на душу насельніцтва, кг
колькасць галоў буйной раг. жывёлы, на 1.1.1995 г. рэалізацыя мяса буйн. раг. жывёлы, забойная вага, ц вытворчасць малака, ц мяса, забойная вага малака
Брэсцкая 2619 67,2 54,6 687 92 663
Віцебская 2298 52,2 33,1 512 77 610
Гомельская 2316 59,2 41,0 538 65 483
Гродзенская 2803 61,4 45,2 689 104 727
Магілёўская 2524 49,0 34,6 473 70 539
Мінская 2519 61,9 42,3 675 107* 794*
Беларусь 2509 58,4 41,5 596 70 532

* Без г. Мінск (з улікам насельніцтва Мінска ў вобласці атрымана мяса 51 кг, малака 386 кг).

т. 3, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЦЁ МАСТА́ЦКАЕ,

тэхніка стварэння маст. вырабаў шляхам заліўкі расплаўленага металу ў форму, а таксама маст. творы, выкананыя гэтым спосабам; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Найб. пашыраны спосаб пераводу ў метал твораў скульптуры, а таксама вырабу метал. пасудзін, званоў і інш.

Л. м. зарадзілася ў эпоху асваення чалавекам спосабаў здабычы і апрацоўкі металу. З развіццём ліцейнай вытв-сці вылучылася ў асобную галіну. Маст. задачы вызначаюць спецыфічныя прыёмы фармоўкі мадэлі, метады ліцця, выбар металу або сплаву для пэўнага віду вырабу, дапрацоўку (часта аўтарскую) адлівак чаканкай, гравіраваннем, пацініроўкай. залачэннем і інш. Асн. тэхналогія Л. м. выпрацоўвалася пры выкарыстанні бронзы; з 4 ст. да н. э. выкарыстоўваюць волава (амулеты з копцкіх грабніц 4—7 ст.н.э.), з якога ў 16—18 ст. адлівалі плакеткі, медалі, пасудзіны і інш., што імітавалі больш каштоўнае серабро. З 15 ст. ў Германіі, пазней і ў інш. краінах Еўропы развівалася Л.м. з чыгуну (паркавая скульптура, надмагіллі, рашоткі, агароджы, садовая мэбля і інш.). Унікальныя помнікі рус. Л.м. 16—18 ст. — Цар-гармата (1586), Цар-звон (1733—35) у Маскве і інш. У 17—18 ст. адлівалася паркавая скульптура са свінцу (Версаль у Францыі, Петрадварэц у Расіі).

На тэр. Беларусі Л.м. вядома з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. З бронзы, пазней і з жалеза адлівалі ўпрыгожанні (спражкі, фібулы), наканечнікі коп’яў, стрэл. З 12 ст. пашырыўся спосаб ліцця ў каменныя ці гліняныя раздымныя формы. З медзі, бронзы, серабра, радзей з золата адлівалі ўпрыгожанні (бранзалеты, пярсцёнкі, спражкі, амулеты, падвескі ў выглядзе канькоў ці званочкаў), царк. начынне (свяцільні, крыжы і інш.), дэталі адзення, конскай збруі, зашчапкі для накладных кніжных пераплётаў; са свінцу выраблялі пячаткі і абразкі з гарэльефнымі сюжэтнымі выявамі. Літыя ювелірныя вырабы аздаблялі чаканкай, зярненнем, гравіраваннем, эмалямі. У 15 ст. пры Слуцкім Троіцкім манастыры працавалі майстры-алавяннікі. Высокага маст. ўзроўню Л. м. дасягнула ў 16—17 ст. з арганізацыяй у гарадах (Мінск, Магілёў, Нясвіж, Слуцк, Гродна) цэхаў рамеснікаў-металістаў, куды ўваходзілі і ліцейшчыкі — алавяннікі, людвісары (майстры па адліўцы гармат), канвісары (майстры па адліўцы званоў), ювеліры і інш. Акрамя вытв-сці ювелірных вырабаў, быт. рэчаў, царк. начыння пашырылася ліццё званоў у Полацку, Лагойску, Віцебску, Крычаве, Дзісне, Нясвіжы, Брэсце і інш. (гл. Дзісенскі звон, Крычаўскі звон, Моладаўскі звон). Алавяны посуд, свечачнікі адлівалі ў Магілёве, Ваўкавыску, Ружанах, Слуцку, Шклове, Друі, гарматы — у Магілёве, Брэсце, Мінску, Нясвіжы. Гарматы аздаблялі рэльефнымі паяскамі, гербамі, выявамі жывёл, анёлаў і інш., званы — расліннымі гірляндамі і арнаментальнымі надпісамі. У 18 ст. ўзніклі ліцейныя мануфактуры ў Гомелі, Вішневе (Валожынскі р-н), Кляцішчы (Стаўбцоўскі р-н, абодва Мінскай вобл.), Бакштах (Іўеўскі р-н), Рудні (Слонімскі р-н, абодва Гродзенскай вобл.) і інш., дзе выраблялі посуд, асвятляльныя і пісьмовыя прылады. Высокім маст. узроўнем вылучаліся рэчы культавага прызначэння (падсвечнікі, манстранцы і інш.). Буйным у 19 ст. быў Уладзімірскі чыгуналіцейны з-д у в. Старынка (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). У Горках (Магілёўская вобл.) адлівалі крыжы, у Высокім (Аршанскі р-н Віцебскай вобл.) — надмагільныя пліты, рашоткі і агароджы. З чыгуну адлівалі таксама вароты, распяцці, вадасцёкі, садовую мэблю, пячныя дзверцы, прасы і інш. Канструкцыйна-маст. элементы літых вырабаў — разнастайнае перапляценне раслінных парасткаў (рашоткі), гарэльефныя выявы жывёл, маскаронаў, ваен. атрыбутаў (хатняе начынне). Садовую мэблю і крыжы выконвалі ў выглядзе складана пераплеценых дубовых галінак, вінаграднай лазы. У вырабах 18—19 ст. прыкметны ўплыў маст. стыляў готыкі, барока, класіцызму. З 2-й пал. 19 ст. з развіццём металаапр. прам-сці Л. м. паступова заняпала. У наш час бел. мастакі ў гэтай тэхніцы ствараюць станковую скульптуру, мемар. медалі, ювелірныя вырабы, абклады да мініяцюрных сувенірных кніг і інш. Сярод майстроў С.​Ларчанка, Ю.​Любімаў і інш.

Літ.:

Петриченко А.М. Искусство литья. М., 1975;

Зотов Б.Н. Художественное литье. 3 изд. М., 1982.

Я.​М.​Сахута, А.​І.​Сямёнаў.

Да арт. Ліццё мастацкае. Манстранц. 1727.
Да арт. Ліццё мастацкае. А.​Чохаў. Цар-гармата. 1586.

т. 9, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

сістэма прафесійнага навучання музыкантаў розных спецыяльнасцей (кампазітары, выканаўцы, педагогі, музыказнаўцы), якая забяспечвае набыццё імі ведаў і навыкаў, неабходных для муз. дзейнасці. На Беларусі складаецца з 3 ступеняў: пачатковай — 7-гадовыя дзіцячыя муз. школы і школы мастацтваў; сярэдняй спецыяльнай — 4-гадовыя муз. і муз.-пед. вучылішчы, вучылішчы мастацтваў, каледжы, 12-гадовыя ліцэі пры кансерваторыях і акадэміях музыкі; вышэйшай — кансерваторыі, акадэміі музыкі, ф-ты музыкі ін-таў мастацтваў, муз.-пед. ф-ты пед. ін-таў і ун-таў, ун-ты культуры, а таксама магістратура, асістэнтура-стажыроўка (для выканальніцкіх спецыяльнасцей) і аспірантура.

На Беларусі ўзнікненне пач. форм М.а. звязана з дзейнасцю цэркваў, манастыроў (Сафійскі сабор, 2-я пал. 11 ст.; Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, Благавешчанская ў Віцебску, Барысаглебская ў Гродне, усе 12 ст., і інш.) — гал. асяродкаў пісьменнасці таго часу, пры якіх існавалі школы. З 16 ст. пэўнае значэнне ў пашырэнні М.а. мелі брацкія школы і вучылішчы (у Мінску, Брэсце, Магілёве, Пінску), езуіцкія бурсы і калегіумы (Полацк, Нясвіж, Мінск і інш.). Адметная рыса муз. культуры Беларусі 18 ст. — дзейнасць прыватнаўласніцкіх т-раў і створаных пры іх аркестраў і капэл, для якіх кваліфікаваныя кадры рыхтавалі муз. школы, у т. л. Нясвіжская, Слуцкая, Слонімская, Шклоўская (гл. адпаведныя арт.), Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза. 1-я пал. 19 ст. адзначана разнастайнасцю форм калектыўнага і індывід. музіцыравання, пашыранага пераважна ў навуч. установах Мінска, Віцебска, Брэста, Гродна, Магілёва, Бабруйска і інш. М.а. набыла больш сістэматычны характар. Адкрыты муз. школы ў Гомелі (1830; пры ёй дзейнічаў духавы аркестр, кіраўнік школы і арк. Т.​Сіпайла), у Мінску (1840) на чале з В.​Стафановічам (рыхтавала музыкантаў для аркестра). У 1820—50-я г. значную ролю ў пашырэнні муз. ведаў адыгралі жаночыя пансіёны — агульнаадук. прыватныя навуч. ўстановы, у т. л. пансіёны М.​Мантэграндзі, Д.​Стафановіча, Цаханскай, Шнейдэр у Мінску, Мацэёўскага і Багдановічаў у Пінску, А.​Петрашэнь у Гомелі, Яноўскай у Віцебску, Полацку, Гейдэль у Слуцку, Беера ў Мсціславе, Шастакоўскай у Брэсце і інш. Пэўную ролю ў М.а. адыгралі музычныя таварыствы, а таксама прыватныя ўрокі кваліфікаваных педагогаў — ураджэнцаў Беларусі, якія скончылі Пецярбургскую, Маскоўскую, Варшаўскую, Кёльнскую кансерваторыі. Працавалі таксама Мінская вакальная студыя Муранскай, Мінская музычная школа Шацкінай, Магілёўская муз. школа М.​Пячкоўскай (з 1886), Мінскае вучылішча арганістаў. У пач. 20 ст. арганізаваны курсы сольных спеваў Ю.​Рэйдэр у Магілёве (1902), Мінскае музычнае вучылішча, муз. школа С.​Захарына ў Гомелі, муз. класы пры Віцебскім аддзяленні Рус. муз. т-ва (1915). У 1920-я г. арганізоўваліся самадз. гурткі, студыі, выканальніцкія калектывы; уводзілася выкладанне музыкі як абавязковага прадмета ў агульнаадук. школах; пашыралася канцэртна-асв. дзейнасць музыкантаў. У ліку першых прафес. муз. устаноў на Беларусі былі народныя кансерваторыі, у т. л. ў Віцебску (1918), Гомелі і Мінску (1919), Бабруйску (1921). Важнае значэнне мела арганізацыя музычных школ, тэхнікумаў у Віцебску (1922), Мінску (1924) і інш., якія пазней перайменаваны ў вучылішчы і каледжы (гл. Музычныя вучылішчы, Магілёўскае музычнае вучылішча імя М.​Рымскага-Корсакава, Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі, Маладзечанскае музычнае вучылішча імя М.К.Агінскага). У 1932 у Мінску адкрыта Бел. кансерваторыя (з 1992 Беларуская акадэмія музыкі). У 1999/2000 навуч.г. працуюць: Бел. акадэмія музыкі і Рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж пры ёй, 9 муз. вучылішчаў, 2 каледжы (Брэсцкі музычны і Гомельскі мастацтваў), Бел. рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж мастацтваў імя І.​В.​Ахрэмчыка (гл. Беларускі ліцэй мастацтва), Магілёўскі ліцэй музыкі і харэаграфіі, 526 дзіцячых муз. школ і школ мастацтваў, 4 вучылішчы мастацтваў (Мінск, Пінск, Гродна, Віцебск), Магілёўскае вучылішча культуры імя Н.​Крупскай, Беларускі універсітэт культуры, муз.-пед. ф-т Бел. дзярж. пед. ун-та імя М.​Танка, пед. ф-т Бел. акадэміі музыкі ў Магілёве.

Літ.:

В первые годы советского музыкального строительства. Л., 1959;

Из истории советского музыкального образования: Сб. материалов и док., 1917—1927. Л., 1969;

Асафьев Б.В. Избранные статьи о музыкальном просвещении и образовании. 2 изд Л, 1973;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Врпросы музыкальной педагогики Вып. 1—7. М., 1979—86;

Орлова Е.М. Методические заметки о музыкально-историческом образовании в консерваториях. М, 1983;

Лагутин А.И. Основы педагогики музыкальной школы. М., 1985;

Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;

Харлампович К. Западнорусские православные школы XVI и начала XVII в. ... Казань, 1898;

Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980;

Яконюк В.Л. Музыкант. Потребность. Деятельность. Мн., 1992;

Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999.

В.​П.​Пракапцова.

т. 11, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

адна з найбуйнейшых наступальных аперацый Сав. Арміі ў Вял. Айч. вайну (кодавая назва «Баграціён»). Праведзена 23.6—29.8.1944. Задача аперацыі — разграміць ням. групу армій «Цэнтр», вызваліць Беларусь, пачаць вызваленне Літвы і Польшчы. Мела на мэце прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць іх паасобку. На пач. аперацыі фронт на Беларусі праходзіў па лініі воз. Нешчарда, на У ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, далей па р. Прыпяць да Ковеля, утвараючы т.зв. Беларускі выступ, даўж. больш за 1100 км. На тэр. Беларусі вораг стварыў глыбокаэшаланіраваную абарону (умоўная назва «Фатэрлянд»), якую ўтрымлівала група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Э.​Буш, з 28 чэрв. В.​Модэль) у складзе армій: 3-й танк., 2, 4, 9-й палявых, 16-й з групы армій «Поўнач»; злучэнняў 4-й танк. арміі з групы армій «Паўн. Украіна» — усяго 63 дывізіі, 3 брыгады (1,2 млн. чал., 9,5 тыс. гарматаў і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гарматаў), 6-ы, частка сіл 1-га і 2-га паветр. флотаў (1350 самалётаў). На разгром ворага Вярх. Галоўнакамандаванне вылучыла франты: 1-ы Прыбалт. (ген. Арміі І.​Х.​Баграмян), 1-ы (Маршал Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскі), 2-і (ген. арміі Г.​Ф.​Захараў), 3-і (ген. арміі І.​Д.​Чарняхоўскі) Бел. франты — усяго 17 армій, у т. л. 1 танк. і 3 паветр., 4 танк. і 2 кав. корпусы, конна-механіз. група, Дняпроўская ваенная флатылія; усяго 2,4 млн. чал., больш за 36 тыс. гарматаў і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артыл. установак, каля 5,3 тыс. самалётаў, а таксама прыцягваліся авіяцыя далёкага дзеяння (маршал авіяцыі А.​Я.​Галаванаў) і авіяцыя проціпаветр. абароны. Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.​М.​Васілеўскі (1-ы Прыбалт. і 3-і Бел. франты), Г.​К.​Жукаў (2-і і 1-ы Бел. франты). З войскамі ўзаемадзейнічалі бел. партызаны і падпольшчыкі, якія напярэдадні Беларускай аперацыі пачалі масавае разбурэнне чыг. камунікацый ворага метадамі «рэйкавай вайны». Пры штабах франтоў былі створаны аператыўныя групы БШПР для каардынацыі партыз. сіл з войскамі. Аперацыя падзялялася на 2 этапы. На 1-м (23 чэрв. — 4 ліп. 1944) праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая, Мінская аперацыі (гл. адпаведныя арт.). З раніцы 23 чэрв. гал. сілы 2-га Прыбалт., 2-га і 3-га Бел. франтоў перайшлі ў наступленне на Віцебскім (гл. Віцебскі «кацёл»), Аршанскім і Магілёўскім напрамках. 24 чэрв. пачалі наступаць войскі 1-га Бел. фронту на Бабруйскім напрамку (гл. Бабруйскі «кацёл»). 29 чэрв 1-ы Прыбалт. фронт пачаў наступленне на Полацк і Глыбокае, 1, 2 і 3-і бел. франты — на сустрэчных напрамках на Мінск (гл. Мінскі «кацёл»). У выніку 1-га этапу Беларускай аперацыі былі разбіты гал. сілы групы армій «Цэнтр», утварыўся 400-кіламетровы пралом у цэнтры сав.-герм. фронту і сав. войскі атрымалі магчымасць імкліва наступаць на З; вызвалены Віцебск, Талачын, Орша, Лепель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Слуцк, Стоўбцы, Нясвіж, Мінск, Полацк. На 2-м этапе (5 ліп. — 29 жн.) праведзены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая, Шаўляйская, Каўнаская аперацыі (гл. адпаведныя арт.); вызвалены Смаргонь, Маладзечна, Баранавічы, Навагрудак, Ліда, Слонім, Ваўкавыск, Пінск, Гродна. У ходзе аперацыі партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніку, захоплівалі і будавалі новыя масты і пераправы да падыходу Сав. Арміі, вызвалілі шэраг раённых цэнтраў, удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных груповак праціўніка; падпольшчыкі перадавалі сав. камандаванню звесткі пра абарону праціўніка, паказвалі замініраваныя палі і будынкі, удзельнічалі ў баях. 28 ліп. вызваленнем Брэста закончана выгнанне ням. фашыстаў з тэр. Беларусі. У выніку Беларускай аперацыі поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёнаў Польшчы, разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, сав. войскі страцілі 765 815 салдатаў і афіцэраў, з іх 178 507 загінулі. Стварыліся ўмовы для далейшага наступлення Чырв. Арміі на тэр. Германіі. За ўдзел у Белрускай аперацыі больш як 1500 генералам, афіцэрам і салдатам прысвоена званне Героя Сав. Саюза, больш за 600 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні па назвах нас. пунктаў, пры вызваленні якіх яны вызначыліся. У гонар аперацыі на 21-м км ад Мінска на шашы Мінск—Масква насыпаны курган Славы.

Літ.:

Акалович Н.М. Освобождение Белоруссии: Люди, подвиги. Мн., 1985;

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 3. Мн., 1985;

Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;

Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;

Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996.

У.​І.​Лемяшонак.

Да арт. Беларуская аперацыя 1944. Маршал Савецкага Саюза А.​М.​Васілеўскі і маршал бранятанкавых войскаў П.​А.​Ротмістраў на пераправе цераз Бярэзіну.

т. 2, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ШТА (польск. poczta, італьян. posta ад позналац. posita прыпынак, станцыя, дзе мянялі коней),

паштовая сувязь, від сувязі, які ажыццяўляе рэгулярную перасылку паштовых адпраўленняў — пісьмовай карэспандэнцыі, перыяд. выданняў, грашовых пераводаў, бандэролей, пасылак — пераважна з дапамогай трансп. сродкаў.

Напачатку паштовая сувязь была эпізадычная. З узнікненнем дзяржаў пачала набываць упарадкаваны характар. У Стараж. Грэцыі, Рыме, Персіі, Егіпце, Кітаі існавала даволі наладжаная дзярж. паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з коннымі і пешымі ганцамі паводле прынцыпу эстафеты. У сярэдневяковай Еўропе існавалі манастырскія і універсітэцкія П., з развіццём гандлю і рамёстваў з’явілася гарадская П. У 16—17 ст. у Францыі, Швецыі, Англіі і інш. краінах існавала цэнтралізаваная каралеўская П. З развіццём вытв. адносін узнікла патрэба ў рэгулярнай і хуткай паштовай сувязі, у т. л. паміж краінамі. Важны этап у гісторыі П. — выпуск паштовай маркі (1840, Вялікабрытанія). У 1874 створаны Усеагульны паштовы саюз (з 1878 — Сусветны паштовы саюз). У 1878 заключана Сусветная паштовая канвенцыя, што рэгулюе абмен карэспандэнцыяй.

На Беларусі дакладна невядома, калі ўзнікла паштовая сувязь, аднак ужо пад 885 у «Аповесці мінулых часоў» гаворыцца аб тым, што князь Алег накіраваў пасланцоў да радзімічаў. У 10 ст. існаваў «павоз» — абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх ганцоў «ад стану да стану». У Віцебску і Мсціславе знойдзены стараж. пісьмы — берасцяныя граматы 13—14 ст. У ВКЛ 14—15 ст. існавала паштовая княжацкая служба — ганцы. Вял. і ўдзельныя князі трымалі ганцоў для перасылкі ўказаў, вусных і пісьмовых паведамленняў. Пад 1539 бел. летапісы згадваюць т.зв. «пісьманосцаў». Першыя паштовыя ўстановы ў ВКЛ створаны пасля 1558 намаганнямі вял. князя Жыгімонта II Аўгуста. Пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 вёрст) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Варшавай і Вільняй. У 1583 Стафан Баторый увёў плату за пісьмы па іх вазе (існавала да сярэдзіны 17 ст.). Паштовая сувязь у ВКЛ мела шмат агульнага з ямской службай у Расіі. Уздоўж гал. паштовых шляхоў размяшчаліся паштовыя станцыі — «ямы» (адсюль ямшчыкі — возчыкі пасажыраў і П.). У 1658 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) такія «ямы» пабудаваны ў Полацку. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай усталёўваліся паштовыя сувязі. Паштовы шлях пралягаў ад Масквы праз Смаленск да мяст. Мігнавічы ў Смаленскім ваяв., далей праз мяжу ВКЛ да мястэчка Кадзін Мсціслаўскага ваяв., далей праз Магілёў і Мінск на Вільню. Паштовыя сувязі паміж Масквой і Вільняй адкрыліся 11.3.1669. У снежні 1707 прайшла першая П. па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 1726 Гродзенскі сейм прыняў рашэнне аб арганізацыі П. ў Навагрудскім ваяв. З 1764 паштмайстры ВКЛ прыносілі прысягу на вернасць Рэчы Паспалітай. У 18 ст. ў ВКЛ гал. трактамі былі: Вільня—Трокі—Варшава (з адгалінаваннем на Брэст), Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Навагрудак—Мінск—Гродна—Вільня. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі з 1777 пачаліся работы па аднаўленні буд-ва паштовых дарог і станцый. У «Паштовым падарожніку» за 1777 паведамлялася пра адкрыццё ў некат. бел. гарадах паштамтаў і прызначэнні паштмайстраў. У 1780 наладжана паштовая сувязь паміж бел. і ліфляндскімі губернямі. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. У снежні 1857 выпушчана першая паштовая марка Рас. імперыі. Раней замест маркі ў паштовай справе выкарыстоўвалі паштовыя штэмпелі. Першы мінскі штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. У 1-й пал. 19 ст. штэмпелі мелі толькі назву месца адпраўлення карэспандэнцыі, дата ставілася ад рукі. У 2-й пал. 19 ст. ўведзены адзіны для ўсёй Рас. імперыі круглы штэмпель. Акрамя дзярж. існавала П. земстваў (не атрымала вял. пашырэння) і валасных праўленняў. 1.7.1886 утворана Мінская паштова-тэлеграфная акруга (Мінская і Магілёўская губ.). У 1-ю сусв. вайну на Беларусі дзейнічалі палявыя П. рас. арміі з цэнтрамі ў Мінску і Полацку. У 1918 паштова-тэлеграфнай справай на Беларусі займалася Смаленскае паштова-тэлеграфнае ўпраўленне. У ліст. 1918 на яго базе створана паштова-тэлеграфнае ўпраўленне Зах. камуны (вобласці), якое падпарадкоўвалася Наркамату пошт і тэлеграфаў РСФСР. Паўд. раёны Беларусі па лініі Брэст—Мазыр—Ветка падпарадкоўваліся Кіеўскай паштовай акрузе. Пасля ўтварэння БССР 6.1.1919 створаны наркаматы пошт і тэлеграфаў БССР з цэнтрам у Мінску, а 1.3.1919 — такі наркамат ЛітБел з цэнтрам у Вільні. Пасля аднаўлення сав. улады на Беларусі ў ліп. 1920 створаны аддзел нар. сувязі Мінскгубрэўкома, які ў жн. пераўтвораны ў Наркамат пошт і тэлеграфаў БССР.

У сувязі з рэформай кіравання сувяззю 7.9.1922 створана Упраўленне сувязі Зах. акругі, пазней — Наркамат сувязі БССР. Першыя бел. сав. паштовыя маркі выраблены ў 1920—21 у паштовых канторах Мінска, Рагачова, Себежа, Суража, Дрысы, Холмеча. У 1924 у БССР 1 прадпрыемства сувязі прыпадала на 11,6 тыс. жыхароў. У 1925 дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы. У пач. 1930-х г. П. пачалі перавозіць самалётамі. У Вял. Айч. вайну тэхн. база бел. П. знішчана. Пасля вызвалення Беларусі для перавозкі П. выкарыстоўвалі гужавы транспарт. У 1945 адноўлена перавозка П. па чыгунцы. У 1945—46 працавалі 174 канторы, 1778 паштовых аддз. і агенцтваў сувязі, 14 аддз. перавозкі П. па чыгунцы. У 1954 пабудаваны Мінскі паштамт. У 1973 самалёты абслугоўвалі 100 авіяпаштовых ліній. Пасля абвяшчэння незалежнасці бел. П. існуе ў складзе Мін-ва сувязі. 20.9.1995 створана Рэсп. дзярж. аб’яднанне «Белпошта», дзейнічала каля 118 гар. і раённых вузлоў сувязі, каля 4 тыс. аддз. сувязі (1999).

Від паштовай сувязі для абслугоўвання цывільнага насельніцтва ў раёнах, што знаходзяцца пад ваен. кіраўніцтвам, на акупіраваных тэр., дзе не працуюць паштовыя ўстановы. У шэрагу дзяржаў такі від сувязі дзейнічаў у 1-ю сусв. вайну (напр., на акупіраванай тэр. Беларусі герм. камандаванне стварыла «Паштовую вобласць Вярх. галоўнакамандуючага на Усходзе», якая працавала ў 1915—18). Некат. элементы П. ваен. выкарыстоўвала на тэр. Беларусі камандаванне корпуса Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага ў 1-й пал. 1918, а таксама сав. ваен. кіраўніцтва ў Зах. Беларусі (вер.ліст. 1939). У Вял. Айч. вайну акупац. ўлады Германіі для перапіскі выкарыстоўвалі спец. паштовыя карткі. Гл. таксама Палявая пошта.

Літ.:

Колосов Л.Л. Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;

Dąbkowski P. Rys urządzeń pocztowych w dawnej Polsce. Kraków, 1903.

У.​К.​Зарзмскі (ваен.), Л.​Л.​Коласаў.

т. 12, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКІ РУХ НА БЕЛАРУ́СІ ў Вялікую Айчынную вайну,

узброеная барацьба нар. мас супраць ням. фашыстаў на часова акупіраванай імі тэрыторыі.

Падрыхтоўка да партыз. барацьбы на выпадак нападу фаш. Германіі пачалася ў 1930-я г. Яна ўключала стварэнне заканспіраванай сеткі дыверсійных груп, дыверсантаў-адзіночак у гарадах і на чыгунках на З ад лініі ўмацаваных раёнаў, арганізацыю і падрыхтоўку манеўраных партыз. атрадаў і груп, забеспячэнне іх сродкамі сувязі і інш. матэрыяламі, неабходнымі для барацьбы і жыцця ва ўмовах варожага тылу. На Беларусі падрыхтоўкай да партыз. дзеянняў займаліся парт. органы і камандуючы войскамі БВА Е.П.Убарэвіч. Былі створаны Бабруйскі, Барысаўскі, Мазырскі, Мінскі, Полацкі, Слуцкі партыз. атрады (300—500 чал. кожны) з людзей, якія прайшлі спец. навучанне ў закрытых школах. На чале кожнага атрада быў штаб з вопытных кіраўнікоў (камандзіры К.П.Арлоўскі, С.А.Ваўпшасаў, В.З.Корж, С.А.Макарэвіч, А.М.Рабцэвіч, А.​К.​Спрогіс). Для кожнага атрада ў лясах былі закладзены базы зброі, боепрыпасаў, амуніцыі, харчавання, у т. л. 50 тыс. вінтовак, 150 ручных кулямётаў. У гарадах і на буйных чыг. вузлах былі створаны падп. дыверсійныя групы. Аднак у выніку неабгрунтаваных рэпрэсій у 1937—38 многія падрыхтаваныя партыз. камандзіры і ваен. спецыялісты былі знішчаны (уцалелі тыя, хто на той час знаходзіўся на вайне ў Іспаніі), атрады расфарміраваны, ліквідаваны ўсе базы зброі і боепрыпасаў. Гэтыя страты для абараназдольнасці краіны выявіліся ў пач. Вял. Айч. вайны.

У пач. вайны асн. работа па арганізацыі падп. і партыз. барацьбы вялася ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму пры адсутнасці падрыхтаваных кадраў і вопыту барацьбы, што вылілася напачатку ў вял. страты сярод патрыётаў. Асн. задачы партыз. барацьбы былі выкладзены ў дырэктыве СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 29.6.1941 аб стварэнні ў захопленых ворагам раёнах партыз. а радаў і дыверсійных груп, разгортванні партыз. вайны, у т. л. падрыву мастоў, дарог, парушэння тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, падпальвання складоў і інш. ЦК КП(б)Б у дырэктыве ад 1.7.1941 «Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага» даў канкрэтныя ўказанні па формах арганізацыі, сродках сувязі і мерах канспірацыі, стварэнні невыносных умоў для захопнікаў, зрыве ўсіх іх мерапрыемстваў. Для арганізацыі падполля і партыз. руху ЦК і абкомы КЛ(б)Б пакінулі на месцах 1250 камуністаў, стваралі абл. і раённыя парт. к-ты, цэнтры, тройкі і інш.; усяго накіравалі ў 1941 на акупіраваную тэр. Беларусі каля 8 тыс. камуністаў. Асн. арганізацыйнай і баявой адзінкай партыз. сіл быў партызанскі атрад. Ужо 6.8.1941 камандзірам партыз. атрадаў Ц.П.Бумажкову і Ф.І.Паўлоўскаму першым з сав. партызан было прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У перыяд станаўлення партыз. рух перажыў значныя цяжкасці, асабліва зімой 1941—42: не хапала зброі, боепрыпасаў, медыкаментаў. У 1942 ЦК КП(б)Б накіраваў на тэр. акупіраванай Беларусі 14 партыз. атрадаў і 92 арганізатарскія групы (2600 чал.), падрыхтаваныя на спец. курсах (гл. Асобы беларускі збор). Кадры для партыз. руху і падполля рыхтавалі таксама ў спец. школах падрыўнікоў, радыстаў, сувязных, разведчыкаў. У 1942 імі падрыхтавана і накіравана ў тыл ворага 175 дыверсійных груп (2077 чал.). Разгортванне партыз. руху выклікала ўтварэнне розных партызанскіх фарміраванняў. У студз. 1942 створаны першы партызанскі гарнізон Паўлоўскага ў Акцябрскім р-не, у крас. 1942 — першыя партыз. брыгады, асобна дзейнічалі 258 атрадаў (гл. карту). Амаль усе брыгады падтрымлівалі радыёсувязь з ЦК КП(б)Б, Беларускім штабам партызанскага руху (БШПР) і іх аператыўнымі групамі пры ваен. саветах франтоў. У маі 1942 для цэнтралізацыі кіраўніцтва баявымі партыз. сіламі створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) пры Стаўцы Вярх. Галоўнакамандавання на чале з П.К.Панамарэнкам. Пад яго кіраўніцтвам дзейнічалі рэсп. і абл. штабы у т. л. БШПР З мэтай паляпшэння аператыўнага кіраўніцтва баявымі дзеяннямі партыз. фарміраванняў, каардынацыі іх дзеянняў з сав. войскамі былі створаны і прыкамандзіраваны да ваен. саветаў 1, 2, 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў аператыўныя групы БШПР. Гэта дазволіла скіраваць барацьбу партызан на максімальную дапамогу Чырв. Арміі, узмацніць удары па тылах ворага, асабліва па чыг. магістралях. У маі 1942 ЦК КП(б)Б зацвердзіў адзіны тэкст Прысягі беларускага партызана. З восені 1942 партыз. рух набыў маштабны характар. Далейшыя задачы барацьбы ў варожым тыле вызначылі: нарада кіраўнікоў парт. падполля, камандзіраў і камісараў партыз. атрадаў і злучэнняў, скліканая ЦК ВКП(б) у Маскве (канец жн.пач. вер. 1942); загад наркома абароны «Аб задачах партызанскага руху» (5.9.1942); 5-ы пленум ЦК КП(б)Б (26—28.2.1943) з удзелам сакратароў падп. абкомаў і райкомаў КП(б)Б, камандзіраў і камісараў партыз. брыгад і атрадаў. Пленум намеціў праграму дзеянняў партызан, разгледзеў формы арганізацыі партыз. руху. У чэрв. 1943 ЦК КЛ(б)Б прыняў пастанову «Аб мерапрыемствах па далейшым разгортванні партызанскага руху ў заходніх абласцях Беларусі» і накіраваў у парт. арг-цыі пісьмо «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР». З мэтай выканання гэтых задач з усх. абласцей у зах. накіроўваліся вопытныя парт. работнікі і арганізатары партыз. руху, партыз. атрады і брыгады. БШПР правёў раянаванне партыз. сіл — размеркаванне атрадаў і брыгад па абласцях і раёнах. Гэта прадугледжвала перабазіраванне шэрагу брыгад у менш насычаныя партыз. сіламі раёны. Барацьба партызан вялася мэтанакіравана, актыўна і арганізавана, мела манеўраны і наступальны характар, узгаднялася з дзеяннямі Чырв. Арміі. Грандыёзныя маштабы набылі баявыя дзеянні партызан у час «рэйкавай вайны». Сярод партызан былі такія майстры падрыўной справы, як Ф.А.Бачыла, М.В.Гойшык, Б.М.Дзмітрыеў, П.І.Кавалёў, П.​І.​Кажушка, А.Ф.Колесава, Ф.П.Котчанка, Ф.Я.Кухараў, Э.В.Лаўрыновіч, А.С.Лукашэвіч, Ф.А.Малышаў, У.А.Парахневіч, Р.А.Такуеў, М.Тапівалдыеў. Партызаны кантралявалі многія шашэйныя і амаль усе грунтавыя дарогі, сарвалі спробы акупац. улад выкарыстаць для ваен. перавозу рэкі Бярэзіну, Дняпро, Зах. Дзвіну, Прыпяць, Сож, вывелі са строю Дняпроўска-Бугскі канал (гл. Дняпроўска-Бугская аперацыя 1943). Важнейшым відам барацьбы партызан быў разгром варожых гарнізонаў. На канец 1943 60% акупіраванай тэр. Беларусі ўтрымлівалі і кантралявалі партызаны (гл. Партызанскія зоны). Вял. значэнне ў баявой дзейнасці партызан адыгрывала партыз. разведка. Для забеспячэння перавозак і сувязі з сав. тылам дзейнічалі 41 партыз. аэрадром і 83 пляцоўкі для прыёму парашутыстаў і грузаў. За час акупацыі сав. лётчыкі зрабілі 5945 вылетаў і даставілі ў тыл ворага 2403,4 т розных грузаў, 2626 чал., вывезлі ў сав. тыл каля 9 тыс. чал., у т. л. дзяцей і цяжкапараненых. Важную ролю ў мабілізацыі партызан і насельніцтва на барацьбу з ворагам, актывізацыю баявых дзеянняў адыгрывалі масава-паліт. работа, друкаваныя выданні (гл. Друк падпольны), партызанская мастацкая самадзейнасць, канцэрты бел. артыстаў Л.П.Александроўскай, Р.В.Млодак, Дз.А.Арлова, П.С.Малчанава, І.М.Балоціна, Бел. ансамбля песні і танца і інш., якія трансліравала з сав. тылу радыёстанцыя «Савецкая Беларусь». З набліжэннем Чырв. Арміі партызаны вызвалялі асобныя нас. пункты, праводзілі баявыя аперацыі на чыг. магістралях, узаемадзейнічалі з партызанамі суседніх рэспублік (гл. ў арт. Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан, Музей савецка-польскай баявой садружнасці). У партыз. руху Беларусі прымалі ўдзел антыфашысты з краін Зах. Еўропы: балгары, венгры, немцы, славакі, французы, чэхі і інш. З найб. сілай разгарнуліся баявыя дзеянні партызан у час Беларускай аперацыі 1944, у ходзе якой яны знішчылі больш за 15 тыс. і ўзялі ў палон каля 17 тыс. варожых салдат і афіцэраў. Напярэдадні наступлення Чырв. Арміі ў ноч на 20.6.1944 партызаны падарвалі больш за 40 тыс. чыг. рэек, 29 чэрв. яшчэ 20 тыс., што парушыла работу аператыўнага тылу ворага, 144 партыз. брыгады і 80 асобных атрадаў перашкаджалі адступленню варожых войск, захоплівалі і ўтрымлівалі да падыходу Чырв. Арміі зручныя пазіцыі, пераправы, плацдармы, вызвалілі райцэнтры Капыль, Старобін, Узда, Рудзенск, Куранец, Астравец, Ілья, Відзы, Свір, Івянец, Карэлічы, Любча, чыг. станцыі Будслаў, Княгінін, Гудагай і інш., з часцямі Чырв. Арміі — Слуцк, Барысаў, Вілейку, Мінск, Пінск, Асіповічы, Клічаў, Любань, Докшыцы, Лагойск, Смалявічы, Стоўбцы, Чэрвень, Нясвіж, Маладзечна, Навагрудак, Ліду, Лунінец, Плешчаніцы, Капаткевічы, Івацэвічы і інш.; удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных сіл праціўніка, дапамагалі Чырв. Арміі разведданымі. За час вайны ў партыз. руху прымала ўдзел больш за 374 тыс. чал., больш за 400 тыс. чал. складаў скрыты партыз. рэзерв. Свае дасягненні партызаны спалучалі з дзейнасцю патрыятычнага падполля ў нас. пунктах. Па падліках БШПР за 3 гады барацьбы партызаны падарвалі і пусцілі пад адхон варожыя 11 128 эшалонаў, 34 бронепаязды, разграмілі 29 чыг. станцый, 948 штабоў і гарнізонаў, падарвалі і знішчылі каля 19 тыс. аўтамашын, больш за 5,5 тыс. мастоў, разбурылі больш за 7 тыс. км тэлефонна-тэлеграфных ліній, збілі ў паветры і спалілі на аэрадромах 305 самалётаў, падбілі 1355 танкаў і бронемашын, знішчылі 438 гармат і 939 ваен. складоў, забілі і паранілі сотні тысяч гітлераўцаў і іх памагатых; захапілі 85 гармат, 278 мінамётаў, 1874 кулямёты, 20 917 вінтовак і аўтаматаў. Страты партызан склалі 44 791 чал. Партыз. рух падрываў і разладжваў тыл ням.-фаш. войск, прымушаў весці барацьбу на 2 франты. З мэтай ліквідацыі партыз. руху і пагрозы сваім войскам у тыле акупанты правялі больш за 140 карных аперацый. Зімой 1943 — вясной 1944 гітлераўскае камандаванне кінула супраць партызан да 11 дывізій вермахта, у 1-й пал. 1944—18 дывізій, у т. л. каля 8 ахоўных. Пасля вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Мінску адбыўся партызанскі парад 1944. Больш за 180 тыс. бел. партызан уліліся ў Чырв. Армію, з іх 13 чал. сталі Героямі Сав. Саюза, 14 — поўнымі кавалерамі ордэна Славы. Па маштабах, паліт. і ваен. выніках партыз. рух на Беларусі набыў значэнне важнага ваенна-паліт. фактара. Самаадданая барацьба партызан і падпольшчыкаў атрымала ўсенар. прызнанне. Каля 130 тыс. з іх узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 87 прысвоена званне Героя Сав. Саюза.

СПІС ДА КАРТЫ

Дыслакацыя партызанскіх злучэнняў, брыгад і асобных атрадаў на акупіраванай тэрыторыі Беларусі (чэрвень 1941 г. — ліпень 1944 г.)

Партызанскія брыгады

Баранавіцкая вобл. 1. 1-я Баранавіцкая, 2. 1-я Беларуская кавалерыйская, 3. 18-я імя Фрунзе, 4. 19-я імя Молатава, 5. 20-я імя Грызадубавай, 6. «25 год БССР», 7. «За Савецкую Беларусь», 8. імя Аляксандра Неўскага, 9. імя Варашылава, 10. імя Дзяржынскага, 11. імя Жукава. 12. імя Кірава, 13. імя Ленінскага камсамола, 14. імя Панамарэнкі, 15. імя Ракасоўскага, 16. імя Сталіна, 17. імя Суворава, 18. імя Чапаева, 19. імя Чкалава, 20. імя Шчорса, 21. «Камсамолец», 22. Ленінская, 23. «Няўлоўныя», 24. «Перамога», 25. «Першамайская», 26. «Уперад».

Беластоцкая вобл. 27. імя Аляксандра Неўскага, 28. імя Кастуся Каліноўскага, 9. імя Панамарэнкі, 30. імя Чапаева, 31. «У імя Радзімы».

Брэсцкая вобл. 32. 8-я, 33. 99-я імя Гуляева, 34. 150-я імя Языковіча, 35. «За Радзіму» імя Флегантава, 36. імя Дзяржынскага, 37. імя Леніна, 38. імя Панамарэнкі, 39. імя Свярдлова, 40. імя Сталіна, 41. імя Чапаева, 42. «Савецкая Беларусь».

Вілейская вобл. 43. 1-я імя Суворава, 44. 2-я імя Суворава, 45. 4-я Беларуская, 46. «За Радзіму», 47. 4-я «За Савецкую Беларусь», 48. імя Будзённага, 49. імя Варашылава, 50. імя Гастэлы, 51. імя Даватара, 52. імя Жукава, 53. імя Калініна, 54. імя Кутузава, 55. імя Леніна, 56. імя Ракасоўскага, 57. імя Фрунзе, 58. імя ЦК КП(б)Б, 59. «Кастрычнік», 60. «Спартак».

Віцебская вобл. 61. 1-я Беларуская, 62. 1-я Беларуская (2-га складу), 63. 1-я Віцебская, 64. 1-я Віцебская (2-га складу), 65. 1-я Дрысенская, 66. 1-я імя Заслонава, 67. 1-я Смаленская, 68. 2-я Беларуская імя Панамарэнкі, 69. 2-я Беларуская імя Панамарэнкі (2-га складу), 70. 2-я Дрысенская, 71. 2-я імя Заслонава, 72. 2-я Ушацкая імя Панамарэнкі, 73. 3-я Беларуская, 74. 16-я Смаленская, 75. Асвейская імя Фрунзе, 76. Багушэўская, 77. Багушэўская (2-га складу), 78. «Граза», 79. Гудкова, 80. «За Савецкую Беларусь», 81. імя Варашылава, 82. імя ВЛКСМ, 83. імя Данукалава, 84. імя Кароткіна, 85. імя Кутузава, 86. імя Леніна, 87. імя Чапаева, 88. імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола, 89. Крыўскага, 90. Лепельская імя Сталіна, 91. Лёзненская, 92. Расонская імя Сталіна, 93. Сенненская, 94. Чашніцкая «Дубава», 95. полк Смаленскі.

Гомельская вобл. 96. 1-я Буда-Кашалёўская, 97. 1-я Гомельская, 98. 8-я Рагачоўская, 99. 10-я Журавіцкая, 100. «Бальшавік», 101. Добрушская імя Сталіна, 102. «Жалязняк», 103. імя Панамарэнкі, 104. імя Чапаева, 105. імя Шчорса, 106. Лоеўская «За Радзіму», 107. «Мсцівец», 108. Рэчыцкая імя Варашылава, 109. «Уперад», 110. полк 225-ы.

Магілёўская вобл. 111. 1-я, 112. 1-я Асіповіцкая, 113. 1-я Бабруйская, 114. 1-я Клічаўская, 115. 2-я Клічаўская, 116. 3-я, 117. 3-я Бярэзінская, 118. 4-я Клічаўская, 119. 5-я, 120. 5-я Клічаўская, 121. 5-я Клятнянская, 122. 6-я Магілёўская, 123. 8-я Круглянская, 124. 9-я імя Кірава, 125. 9-я Кіраўская, 126. 11-я Быхаўская, 127. 13-я Касцюковіцкая, 128. 14-я Цемналеская, 129. 17-я, 130. 435-я, 131. 47-я «Перамога», 132. 61-я, 133. 115-я Горацкая, 134. 120-я, 135. 130-я «Помста», 136. 760-я імя Беразоўскага, 137. «Звязда», 138. «Чэкіст», 139. полк 15-ы, 140. полк 113-ы, 141. полк 121-ы імя Касаева, 142. полк 122-і «За Радзіму», 143. полк 152-і, 144. полк 277-ы, 145. полк 425-ы, 146. полк 537-ы, 147. полк 600-ы, 148. полк 810-ы, 149. полк «Трынаццаць».

Мінская вобл. 150. 1-я Антыфашысцкая, 151. 1-я Мінская, 152. 2-я Мінская, 153. 3-я Мінская імя Будзённага, 154. 12-я кавалерыйская імя Сталіна, 155. 25-я імя Панамарэнкі, 156. 27-я імя Чапаева, 157. 32-я імя Калініна, 158. 37-я імя Пархоменкі, 159. 64-я імя Чкалава, 160. 95-я імя Фрунзе, 161. 100-я імя Кірава, 162. 101-я імя Аляксандра Неўскага, 163. 121-я імя Брагіна, 164. 161-я імя Катоўскага, 165. 200-я імя Ракасоўскага, 166. 225-я імя Суворава, 167. 258-я імя Куйбышава, 168. 300-я імя Варашылава, 169. «Беларусь», 170. «Буравеснік», 171. «Дзядзькі Колі», 172. «Жалязняк», 173. «За Савецкую Беларусь», 174. імя Варашылава, 175. імя газеты «Правда», 176. імя Калініна, 177. імя Калініна, 178. імя Кірава, 179. імя Кірава, 180. імя Панамарэнкі, 181. імя Шчорса, 182. Лагойская «Бальшавік», 183. «Народныя мсціўцы» імя Варанянскага, 184. Нікіціна, 185. «Полымя», 186. «Разгром», 187. «Смерць фашызму, 188. «Стары», 189. «Чырвоны сцяг», 190. «Штурмавая».

Палеская вобл. 191. 2-я Калінкавіцкая, 192. 27-я Нараўлянская, 193. 37-я Ельская, 194. 50-я Жыткавіцкая, 195. 99-я Калінкавіцкая, 196. 100-я Глуская, 197. 101-я Даманавіцкая, 198. 123-я імя 25-годдзя БССР, 199. 125-я Капаткевіцкая, 200. 130-я Петрыкаўская, 201. 210-я Капаткевіцкая, 202. 225-я, 203. Васілевіцкая імя Панамарэнкі, 204. Лельчыцкая, 205. Мазырская імя Аляксандра Неўскага.

Пінская вобл. 206. імя Будзённага, 207. імя Кірава, 208. імя Куйбышава, 209. імя Леніна, 210. імя Молатава, 211. Пінская, 212. «Савецкая Беларусь», 213. полк 208-ы імя Сталіна.

Партызанскія атрады

Баранавіцкая вобл. 214. 21-ы, 215. 125-ы імя Сталіна, 216. 200-ы, 217. 620-ы Дука, 218. 620-ы імя Чапаева, 219. Алыбіна, 220. «Гвардыя», 221. «Громава», 222. Дзенісенкі, 223. імя Жданава, 224. імя Калініна, 225. імя Кірава, 226. імя Кутузава, 227. імя Ленінскага камсамола, 228. Картухіна, 229. «Наватары», 230. Свентаржыцкага, 231. Семянцова, 232. «Слаўны», 233. Сухарукага, 234. Шчарбіны.

Беластоцкая вобл. 235. 550-ы, 236. «Баявы» імя Дунаева, 237. «Вест», 238. «За Радзіму», 239. імя Багдана Хмяльніцкага, 240. імя Будзённага, 241. імя Дзяржынскага, 242. імя Жукава, 243. імя Калініна.

Брэсцкая вобл. 244. 113-ы, 245. 345-ы, 246. 347-ы. 247 Глазінава, 248. «За Радзіму», 249. імя Будзённага, 250. імя Бярэнчыка, 251. імя Валькова, 252. імя Варашылава, 253. імя Варашылава, 254. імя Катоўскага, 255. імя Катоўскага (2-га складу), 256. імя Кірава, 257. імя Кутузава, 258. імя Сталіна, 259. імя Тэльмана, 260. імя Тэльмана, 261. імя Фрунзе, 262. імя Чапаева, 263. імя Чарнака, 264. імя Шчорса, 265. Казлова, 266. Кірылы Іванавіча, 267. Маларыцкі, 268. Манахава, 269. «Паддубнага», 270. «Старшыны», 271. «Сцяг», 272. Топкіна, 273. «Хадакі», 274. «Чэкіст».

Вілейская вобл. 275. Агітацыйны імя Горкага, 276. «Баец», 277. «Баявы», 278. імя Катоўскага, 279. імя Панамарэнкі, 280. імя Сталіна, 282. «Спартак», 282. Суслава, 283. «Трэція».

Віцебская вобл. 284. «Артур», 285. Багушэўскі, 286. Бяляева, 287. «Воранава», 288. «Граза», 289. Гудкова, 290. Гурко, 291. Дзюрбы, 292. Ц.​Я.​Ермаковіча, 293. Заслонава, 294. Захарава, 295. Іванова—Нароенкі, 296. імя Чкалава, 297. «Кастрычнік», 298. Марчанкі, 299. Мехаўскі, 300. «Меч», 301. «Няўлоўныя», 302. Патапенкі (6-ы), 303. «Першыя», 304. Пятрова, 305. Сазыкіна, 306. «Смерць фашызму».

Гомельская вобл. 307. 108-ы імя Катоўскага, 308. 252-і, 309. 257-ы, 310. 258-ы, 311. 259-ы, 312. «Алімп», 313. Гомельскі (сельскі), 314. Добрушскі, 315. «Другія», 316. «Жалязняк», 317. імя Катоўскага, 318. імя Кірава, 319. Каротчыкава, 320. Рагачоўскі, 321. Рэчыцкі, 322. Свяцілавіцкі, 323. Сцефаненкі.

Магілёўская вобл. 324. 1-ы, 325. 2-і, 326. 2-і Хоцімскі, 327. 3-і, 328. 5-ы, 329. 8-ы, 330. 10-ы, 331. 11-ы, 332. 12-ы, 333. 13-ы, 334. 14-ы, 335. 15-ы, 336. 19-ы, 337. 20-ы, 338. 24-ы, 339. 25-ы, 340. 25-ы, 341. 28-ы, 342. 30-ы, 343. 31-ы, 344. 41-ы, 345. 42-і, 346. 43-і, 347. 44-ы, 348. 45-ы «За Радзіму», 349. 48-ы Крычаўскі, 350. 48-ы Прапойскі, 351. 60-ы імя Сядлецкага, 352. 64-ы, 353. 85-ы, 354. 100-ы, 355. 110-ы, 356. 112-ы Горацкі, 357. 113-ы, 358. 115-ы, 359. 121-ы, 360. 122-і «За Радзіму», 361. 124-ы Касцюковіцкі, 362. 152-і, 363. 208-ы імя Сталіна, 364. 210-ы імя Сталіна, 365. 211-ы імя Ракасоўскага, 366. 212-ы імя Сумчанкі, 367. 213-ы «За Савецкую Беларусь», 368. 214-ы імя Калініна, 369. 215-ы імя Леніна, 370. 216-ы імя Панамарэнкі, 371. 225-ы, 372. 277-ы, 373. 278-ы, 374. 309-ы імя Кірава, 375. 340-ы, 376. 346-ы, 379. 537-ы, 380. 538-ы, 381. 540-ы, 382. 600-ы, 383. 720-ы, 384. 721-ы, 385. 810-ы, 386. 820-ы, 387. 830-ы, 388. «Алеся», 389. Ананава, 390. «Анатоля», 391. «Бальшавік», 392. «Бясстрашны», 393. «Валянціна Маёрава», 394. «Васільева», 395. Гарушкіна, 396. Гурскага, 397. Дудаля, 398. Журбы, 399. Казанакава, 400. Кохава, 401. «Макара», 402. Сямёнава, 403. «Чапай», 404. Чэрыкаўскі.

Мінская вобл. 405. Асташонка, 406. Бачкарова, 407. Васілеўскага, 408. Даманавіцкі, 409. М.​Я.​Ермаковіча, 410. Жукоўскага, 411. «Знішчальнік», 412. імя Калініна, 413. імя Калініна, 414. імя Сталіна, 415. імя Сталіна, 416. імя Суворава, 417. Канстанцінава, 418. Кузіна, 419. «Лейтэнанта», 420. «Меркуля», 421. «Мсцівец», 422. «Мясцовыя», 423. «Народныя мсціўцы», 424. Нікіціна, 425. Някрылава, 426. Папова, 427. «Рамана», 428. Самсонава, 429. Слуцкі, 430. «Смерць фашызму», 431. Сяргеева, 432. Яраша.

Палеская вобл. 433. Васілевіцкі, 434. Васілевіцкі, 435. Глускі, 436. Губіна, 437. Даманавіцкі, 438. Ельскі, 439. Жыткавіцкі, 440. імя Варашылава, 441. імя Варашылава, 442. імя Катоўскага, 443. імя Кірава, 444. імя Суворава, 445. імя Чапаева, 446. Калінкавіцкі, 447. Капаткевіцкі, 448. Качышчанскі, 449. Лельчыцкі, 450. Мазырскі, 451. Махнавіцкі, 452. Нараўлянскі, 453. Петрыкаўскі, 454. Сарафанава, 455. Скараднянскі, 456. Тураўскі, 457. Тураўскі «За Радзіму», 458. Хойніцкі, 459. «Храбрацы», 460. «Чорнага», 461. Штабны.

Пінская вобл. 462. Васільева, 463. Ганцавіцкі, 464. Давыд-Гарадоцкі. 465. Іванаўскі, 466. імя Чуклая, 467. «Камарова», 468. Лунінецкі, 469. «Сокалы», 470. Столінскі, 471. Целяханскі.

Літ.:

Пономаренко П.К. Партизанское движение в Великой Отечественной войне. М., 1943;

Волин Б.М. Всенародная партизанская война. М., 1942;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85;

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.

Уладзімір Лемяшонак.

т. 12, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ ХАРЫ́, АНСА́МБЛІ, АРКЕ́СТРЫ,

найвышэйшая форма развіцця муз. і харэаграфічнага аматарскага мастацтва на Беларусі. Найменне «народны» надаецца з 1960 калектывам, якія дасягнулі высокага выканальніцкага майстэрства, вывучаюць, адраджаюць і зберагаюць рэгіянальныя асаблівасці бел. вак., муз., харэаграфічнага фальклору, папулярызуюць творы бел. прафес. кампазітараў і сусв. муз. культуры, рэгулярна выступаюць перад гледачамі, удзельнічаюць у фестывальным руху, папулярызуюць нац. мастацтва за межамі краіны. Працуюць пры палацах і дамах культуры (ДК, гар. — ГПК, ГДК, цэнтральныя — ЦДК, раённых — РДК, сельскіх — СДК), клубах, цэнтрах культуры (ЦК), б-ках, сярэдніх і вышэйшых навуч. установах. Парадак і арганізацыя іх працы вызначаны Палажэннем аб нар. (узорным) самадз. калектыве маст. творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, прынятым у 1999 Мін-вам культуры Беларусі. У калектывах вядзецца работа па вывучэнні муз. граматы, фарміраванні пеўчай культуры, авалоданні муз. інструментамі, асновамі харэаграфіі, культурай сцэн. паводзін і інш. Некаторыя з нар. калектываў маюць калектывы-спадарожнікі і спец. студыі. Кіруюць імі прафес. хормайстры, дырыжоры, балетмайстры. Метадычную і творчую дапамогу калектывам аказваюць абл. метадычныя і навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы, Нац. цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Бел. ін-т праблем культуры, прафес. творчыя калектывы і інш. Нар. калектывы вак.-хар. жанру ўмоўна падзяляюць на: хары (капэлы, ансамблі) з акад. і нар. манерай выканання, аднародныя (жаночыя і мужчынскія) і мяшаныя, аднагалосыя і шматгалосыя, малыя (камерныя; 12—30 чал.), сярэднія (30—50 чал.), вял. (50—70 чал.), зводныя (больш як 70 чал.), вак. ансамблі (менш як 12 чал.), ансамблі песні (песні і танца; песні, музыкі і танца), сольнае выканальніцтва, вучэбныя хары. Інструментальна-аркестравы жанр уключае: аркестры і інстр. ансамблі мяшаныя — сімф., эстр., нар.; аднародныя — струнныя, духавыя, ударных, нар. інструментаў; харэаграфічны жанр уключае ансамблі (гурты): нар.-сцэнічныя, фалькл., фалькл.-этнагр., быт., класічнага, эстр., спарт., бальнага танца, ансамблі песні і танца і інш. На Беларусі (2000) больш за 360 нар. калектываў вак.-хар. жанру, у т. л. 138 мяшаных хароў, 39 хароў ветэранаў вайны і працы, 17 жаночых, 12 мужчынскіх хароў і ансамбляў, 8 акад., 6 камерных хароў, 81 ансамбль нар. песні, 39 вак. ансамбляў, 10 студый эстр. песні і інш.; 209 калектываў муз.-інстр. жанру, у т. л. 52 духавыя, 48 нар. інструментаў, 8 рус. нар. інструментаў, 7 цымбальных, 5 камерных аркестраў, 14 эстр. аркестраў (ансамбляў), 39 ансамбляў нар. інструментаў, 12 вак.-інстр. ансамбляў і інш.; 111 калектываў харэаграфічнага жанру, у т. л. 55 ансамбляў танца, 33 ансамблі песні і танца, 15 ансамбляў бальнага, 5 эстр. танца і інш.; 109 фальклорных калектываў, у т. л. 84 фалькл. ансамблі (гурты), 18 фалькл.-этнагр., 6 ансамбляў (і хароў) фалькл. песні і інш. Сярод іх нар. калектывы: хары Падлескага СДК Ляхавіцкага р-на (з 1965), Залескага СДК Кобрынскага р-на (з 1993), духавы аркестр Палаца культуры (ПК) Пінскага прадзільна-трыкат. ВА «Палессе» (з 1987), сямейны ансамбль «Дзіва» Адрыжынскага СДК (з 1995) і ансамбль нар. песні і музыкі «Мужыкі» Мотальскага СДК (з 1996) Іванаўскага р-на, ансамблі танца «Юнацтва» ПК Баранавіцкага баваўнянага ВА (з 1971), «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў (з 1994), гурт вандроўных музыкаў «Фэст» Баранавіцкага ГДК (з 1985), ансамблі нар. музыкі і песні «Палешукі» Іванаўскага ГДК (з 1990) і «Выцінанка» Столінскага ГДК (з 1992), старадаўняй музыкі «Кантрданс» Баранавіцкай дзіцячай муз. школы № 3 (з 1995), ансамбль песні, і танца «Палескія зоры» Пінскага ГДК (з 1977; усе Брэсцкая вобл.); хор Лёзненскага РДК (з 1983), фалькл. ансамбль «Паазер’е» Пастаўскай дзіцячай муз. школы (з 1993), студыя эстр. песні «Рафлезія» Аршанскага ГДК’(з 1996), ансамбль песні і танца «Яблынька» Гарадоцкага РДК (з 1983), духавы аркестр ПК Наваполацкага ВА «Нафтан» (з 1978), ансамбль гарманістаў «Боркавіцкія музыкі» Боркавіцкага СДК Верхнядзвінскага р-на (з 1996; усе Віцебская вобл.); хары Азершчынскага СДК Рэчыцкага р-на (з 1963), Залескага СДК Чачэрскага р-на (з 1965), ансамбль нар. песні «Рудабельская пацеха» Акцябрскага Цэнтра вольнага часу (з 1995), фалькл.-этнагр. ансамбль «Лёс» Бабіцкага СДК Чачэрскага р-на (з 1990), ансамбль песні і танца «Сваякі» Мазырскага ПК нафтавікоў (з 1994), вак.-харэаграфічны ансамбль «Гомій» Гомельскага ГДК (з 1986), ансамблі музыкі і песні «Скарыначка» Урыцкага рэгіянальнага ЦК Гомельскага р-на (з 1982), «Радуніца» Мазырскага РДК (з 1992), духавы аркестр «Гелікон» Светлагорскага ЦК (1982), вак. ансамбль «Рэчанька» Гомельскай СШ № 53 (з 1994), Хар. капэла Гомельскага абл. Дома тэхн. і маст. творчасці работнікаў адукацыі (з 1978; усе Гомельская вобл.); ансамблі песні і танца «Нёман» Гродзенскага ГДК (з 1967), «Ніва» Верцялішкаўскага ЦДК Гродзенскага р-на (з 1976), хары Жухавіцкага ЦДК (з 1983), Запольскага сельск. клуба (з 1976), Турэцкага ЦДК (з 1997) Карэліцкага р-на, ансамбль нар. музыкі «Лявоны» Воранаўскага РДК (з 1985), сямейны дуэт Парфёнчыкаў «Мы з вёскі-калыскі» Лідскага р-на (з 1994), ансамблі песні і танца «Лідчанка» (з 1970), нар. музыкі «Калі ласка» (з 1994) Лідскага ГДК, ансамбль танца «Праліца» ПК «Юнацтва» Гродзенскага прадзільна-нітачнага ВА (з 1980; усе Гродзенская вобл.); харэаграфічны ансамбль «Рунь» Магілёўскага ВА «Магатэкс» (з 1989), хар. капэла ДК Магілёўскага аўтазавода (з 1975), ансамбль музыкі, песні і танца «Магілёўцы» абл. навук.-метадычнага цэнтра нар. творчасці і культасветработы (з 1994), ансамбль нар. песні «Мілавіца» Мышкавіцкага СДК Кіраўскага р-на (з 1993; усе Магілёўская вобл.); фалькл. ансамбль «Крупіцкія музыкі» (з 1986), маладзёжны жаночы хор «Менка» Мінскага абл. цэнтра нар. творчасці (з 1994), ансамбль песні і танца «Спадчына» Маладзечанскага ГДК (з 1982), ансамбль нар. інструментаў «Капыльскія дудары» Капыльскага РДК (з 1986), ансамбль нар. песні «Ярыца» Любанскага раённага ЦК і майстэрня абрадавай творчасці «Спас» Мінскага вучылішча мастацтваў (абодва з 1997; усе Мінская вобл.); хар. капэла (з 1961), ансамбль танца «Вясёлка» (з 1967), хор ветэранаў вайны і працы (з 1977) Рэсп. ПК прафсаюзаў, хор нар. песні «Жыцень» ДК НВА «Інтэграл» (з 1978), ансамбль танца «Крыжачок» (з 1969) і фалькл.-этнагр. ансамбль «Неруш» (з 1985) БДУ, ансамбль бел. песні «Церніца» ПК і спорту чыгуначнікаў (з 1987), вак. ансамбль ветэранаў вайны, працы і Узбр. Сіл «Памяць сэрца» (з 1986), ансамбль танца «Вязанка» (з 1978) Рэсп. ПК ветэранаў, фалькл. ансамбль «Радзімічы» з-да колавых цягачоў (з 1986), ансамблі танца «Белая Русь» Рэсп. ПК «Юнацтва» (з 1967), «Лявоніха» (з 1961) і студыя бальнага танца «Мара» (з 1979) ПК МТЗ, хор «Тоніка» Дзіцячай муз. школы № 1 (з 1985), тэатр танца «Карагод» ПК адкрытага акц. т-ва «Сукно» (з 1987; усе г. Мінск).

А.​А.​Скарына.

Да арт. Народныя хары, ансамблі, аркестры: 1 — ансамбль «Палескія зоры» Пінскага гарадскога Дома культуры; 2 — ансамбль беларускай песні «Церніца» Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў; 3 — хор «Тоніка» Мінскай дзіцячай музычнай школы № 1.

т. 11, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ТНІЦТВА,

грамадска-палітычная плынь, прадстаўнікі якой прапаведавалі прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Пашырана ў эпоху бурж. рэвалюцый і адлюстроўвала прагрэс. ступень развіцця сусв. грамадскай думкі. У аснове сац. філасофіі Асветніцтва ляжалі ідэаліст. ўяўленні пра вызначальную ролю свядомасці ў развіцці грамадства, вучэнне аб чалавеку і дэізм Дж.Лока, рацыяналізм і механіст, фізіка Р.Дэкарта, механіка і дэізм І.Ньютана, антысхаластычныя вучэнні ў Францыі пач. 18 ст. Догмам пра боскае паходжанне манархічнай улады ідэолагі Асветніцтва супрацьпаставілі рацыяналіст. тэорыі грамадства і дзяржавы, маралі і нават самой рэлігіі (дэізм, ідэя «натуральнай» рэлігіі і рэлігіі розуму). Зыходзячы з канцэпцый «натуральнага права», асветнікі абгрунтоўвалі патрабаванні дэмакр. свабод, грамадзянскай роўнасці. Некаторыя з іх адстойвалі ідэі нар. суверэнітэту і дэмакр. рэспублікі, лічылі нармальным спаборніцтва прыватных інтарэсаў. У кожнай краіне Асветніцтва мела пэўныя асаблівасці, адпаведныя ўзроўню развіцця грамадства і сац.-эканам. адносін. Найраней яно выявілася ў Галандыі, дзе ў 16 ст. перамагла 1-я ў свеце бурж. рэвалюцыя. Філосафы У.Акоста, Г.Гроцый, Б.Спіноза патрабавалі вызваліць навуку ад кантролю царквы. У Англіі пасля перамогі бурж. рэвалюцыі Асветніцтва набыло больш вальнадумны характар (Дж.​А.​Колінз, Д.​Гартлі, Дж.Прыстлі). Дж.​Лок, які быў добра вядомы і на Беларусі, даказваў неабходнасць прыватнай уласнасці, выступаў за свабоду асобы, ахову правоў чалавека. Ф.Бэкан і Т.Гобс выступалі за развіццё ведаў; Д.Дэфо вобразам Рабінзона Круза пацвердзіў, што разумная воля чалавека здольная перамагчы любыя цяжкасці. У Францыі Асветніцтва найб. пашырэнне набыло ў перыяд паміж 1715 (год смерці Людовіка XIV) і 1789 (штурм Бастыліі), які называюць «векам Асветніцтва» ці «стагоддзем філасофіі»: П.Бейль выступаў супраць феад.-царк. ідэалогіі; Вальтэр, які стаў сімвалам Асветніцтва («эпоха Вальтэра»), патрабаваў адмены саслоўных прывілеяў, хоць спадзяваўся на адукаванага манарха; Ж.Ж.Русо абгрунтаваў права нар. мас на паўстанне; П.Гольбах, Ж.Ламетры, Д.Дзідро, К.Гельвецый проціпаставілі рэлігіі атэізм, ідэалізму — матэрыялізм. У Германіі Асветніцтва стала пашырацца з 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах эканам. і паліт. адсталасці краіны; Г.Э.Лесінг, Ф.Шылер, І.В.Гётэ выступалі за нац. адзінства Германіі, сцвярджалі, што з дапамогай мастацтва можна перавыхаваць чалавека. У ЗША Асветніцтва стала ідэалогіяй барацьбы з англ. абсалютызмам (Б.Франклін, Т.Джэферсан). У слав. краінах яно найб. яскрава выявілася ў Польшчы (Г.​Калонтай, С.​Сташыц) і было накіравана супраць феад.-арыстакратычнай і каталіцкай рэакцыі, усеўладдзя магнатаў. У Чэхіі Асветніцтва развівалася ва ўмовах нац.-вызв. барацьбы супраць аўстр. абсалютызму. У Сербіі і Балгарыі ідэалогія Асветніцтва садзейнічала аб’яднанню суайчыннікаў у барацьбе супраць тур. панавання. У Расіі Асветніцтва, замацаванае М.Ламаносавым, А.Радзішчавым, Дз.Фанвізіным і М.Навіковым, мела антыпрыгонніцкі кірунак; у 19 ст. М.Чарнышэўскі і М.Дабралюбаў дапоўнілі яго ідэямі рэв. дэмакратызму і утапічнага камунізму. На Украіне Асветніцтва звязана з дзейнасцю Р.Скаварады, у Літве — К.Данелайціса. Пад уплывам ідэй еўрап. Адраджэння і Асветніцтва фарміраваўся светапогляд і ў краінах Усходу. У Кітаі ў 17—18 ст. з’явілася плеяда вучоных, філосафаў і пісьменнікаў, якія прапагандавалі адукацыю, заснаваную на рэальных ведах, а не схаласт. «экзаменацыйных сачыненнях» і каментарыях да канфуцыянскіх класікаў, развівалі тэорыю грамадскай роўнасці і натуральных правоў чалавека, выступалі супраць палітыкі «зачыненых дзвярэй». У Японіі перадавыя мысліцелі 18 ст. проціпастаўлялі канфуцыянскай схаластыцы набытыя вопытам веды, развівалі матэрыялістычныя ідэі. У Індыі пасля нац. паўстання 1857—59 узніклі асветніцка-рэфарматарскія т-вы і групы, якія перакладалі на інд. мовы еўрап. л-ру, патрабавалі свабоды слова і друку, вялі барацьбу за адкрыццё навуч. устаноў зах. тыпу. У Турцыі, Іране, Сірыі, Егіпце, Іраку асветнікаў аб’ядноўвала вера ў сілу адукацыі і асветы як сродкаў пераўтварэння грамадства, вызвалення народаў і дасягнення нац. адзінства.

Ідэалогія Асветніцтва знаходзіла сваё адлюстраванне ў розных кірунках л-ры і выяўл. мастацтва: асветніцкіх класіцызме і рэалізме, у сентыменталізме, у пафасе сцвярджэння станоўчага героя. Яскравыя ўзоры асветніцкай л-ры далі Вальтэр, Русо, Дзідро, П.​Бамаршэ (Францыя); Лесінг, маладыя Гётэ і Шылер (Германія); С.​Рычардсан, Дж.​Свіфт, Г.​Філдынг, Т.​Дж.​Смолет, Р.​Б.​Шэрыдан (Англія); А.​М.​Радзішчаў, А.​С.​Пушкін, А.​І.​Герцэн, М.​Я.​Салтыкоў-Шчадрын, І.​С.​Тургенеў (Расія) і інш. Выразнае адценне Асветніцтва набыла творчасць арх. К.​Н.​Леду, жывапісцаў Ж.​Л.​Давіда і Ж.​Б.​Гроз (Францыя), У.​Хогарта (Англія), Д.​Н.​Хадавецкага (Германія) і інш. Ідэі Асветніцтва істотна паўплывалі і на музыку Францыі, Германіі, Аўстрыі. Грамадска-паліт., этычная і эстэт. ідэі Асветніцтва сталі духоўнай асновай фарміравання венскай класічнай школы, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена.

На Беларусі Асветніцтва з’явілася ў 1-й пал. 18 ст. (ранняе Асветніцтва), актыўна пашырылася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Яго вытокі ў творчасці і дзейнасці бел. мысліцеляў канца 17 — пач. 18 ст. К.Лышчынскага, Сімяона Полацкага, І.Капіевіча. Пашырэнню Асветніцтва спрыялі выхаванцы Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі сярэдзіны 18 ст. (Л.​Барановіч, Г.​Каніскі, Ф.​Пракаповіч і інш.). Асветніцтва знайшло адлюстраванне ў філасофіі, сацыялогіі, л-ры і выяўл. мастацтве; вызначалася паказам быт. і этнічных умоў жыцця класаў і сац. груп, духоўнай спадчыны мінулага, праблем аўтаномнасці Беларусі і адносін з Рэччу Паспалітай і Расіяй. Прадстаўнікі ранняга Асветніцтва на Беларусі Б.​Дабшэвіч, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі звязвалі навук. задачы з гуманістычнымі, свабоду думкі лічылі абавязковай умовай для развіцця навукі. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя даследаванні бел. фальклору, этнаграфіі і мовы. Пераход да асветніцкіх канцэпцый у гісторыі заўважаецца ў творах Капіевіча, Ф.​Папроцкага. А.​Нарушэвіч у гіст. працэсе гал. ролю адводзіў розуму, прадметам гіст. даследаванняў лічыў жыццё народа як паказчык яго палітыкі, эканомікі і культуры, значную ўвагу звяртаў на асвятленне нац. гісторыі. Т.​Млоцкі ў сваёй працы «Сведчанне з вытокаў натуральнага права» (1779) выклаў асн. палажэнні тэорыі «натуральнага права», а ў трактоўцы гіст. працэсу набліжаўся да «грамадзянскага дагавору» Русо. І.​Страйноўскі, зыходзячы з канцэпцыі «натуральнага права», абараняў прынцыпы роўнасці людзей, выказваў думкі пра натуральную абумоўленасць грамадскіх парадкаў. Спецыфічнай рысай Асветніцтва на Беларусі была яго арыентацыя на вырашэнне сял. праблемы. У працах Ю.​Паўлікоўскага, Д.​Пільхоўскага, І.​Яленскага, Я.​Ясінскага і інш. абгрунтоўвалася неабходнасць забеспячэння паліт. гарантый асобе селяніна, выказваліся ідэі скасавання прыгону, стварэння сістэмы навучання сялянскіх дзяцей, прапаноўваліся камуніст.-утапічныя праекты абшчыннай роўнасці ў карыстанні зямлёй і атрыманні прадукту вытворчасці. Утапічна-камуністычныя ідэі на тэалагічнай аснове выказваў біскуп П.​Бжастоўскі, які правёў у сваіх маёнтках значныя рэформы (адмяніў прыгон, адкрыў школы, шпіталі, увёў сял. самакіраванне і інш.). Непасрэднае дачыненне да Асветніцтва мелі даследчыкі прыроды — ураджэнцы Беларусі В.​Карчэўскі, А.​Маркевіч, М.​Ачапоўскі, П.​Славінскі, С.​Юндзіл. Так, Маркевіч стварыў антрапал. канцэпцыю, у якой узнікненне і развіццё чалавека лічыў вынікам паступовага развіцця прыроды. Прадаўжальнікамі традыцый Асветніцтва на Беларусі былі філаматы і філарэты. Для пашырэння ідэй Асветніцтва на Беларусі шмат зрабіла Адукацыйная камісія, ідэйнымі натхняльнікамі якой былі Сташыц, Г.​Калонтай, Я.​Снядэцкі, выкладчыкі Віленскага ун-та Ж.​Жылібер, Г.​Форстэр, Пачобут-Адляніцкі, А.​Снядэцкі, І.​Страйноўскі і інш., значны ўдзел у яе стварэнні і дзейнасці прыняў І.​Храптовіч. Прапагандыстамі Асветніцтва выступалі выкладчыкі нар. вучылішчаў І.​Сакольскі, А.​Зміеў, С.​Цвяткоўскі і інш., якія лічылі неабходным зрабіць навучанне здабыткам усіх дзяцей, нават з бедных сем’яў.

Прагрэсіўныя тэндэнцыі Асветніцтва знайшлі адлюстраванне ў л-ры і выяўл. мастацтве Беларусі. У эпісталярных, лірычных, драм. (інтэрмедыі) творах, у творах Ф.​Карпінскага, маладога А.Міцкевіча выявіліся антыпрыгонніцкія і антыклерыкальныя настроі. У «Одзе» Сакольскага, прысвечанай адкрыццю нар. вучылішча ў Полацку, выказана асветніцкая канцэпцыя «без ведаў мы — дзеці цемры». Сац.-сатыр. плынь узмацнілася ў розных формах творчасці, асабліва ў паэзіі. Гратэскавы рэалізм спалучыўся з дыдактыкай і сентыменталізмам. Пануючы ў мастацтве 18 ст. класіцызм пад уплывам Асветніцтва пачаў трансфармавацца ў сентыменталізм (І.​Быкоўскі, Ф.Карпінскі і інш.), узніклі элементы рамантызму і рэалізму. У рэчышчы класіцызму заставаліся паэтыка і рыторыка (Ф.​Галянскі, І.​Фалькоўскі), але ад яго канонаў адступілі і наблізіліся да рамантызму Я.​Снядэцкі, А.​Доўгірд, Е.​Славацкі, Л.​Бароўскі. Адначасова з перайманнем еўрап. маст. стыляў (барока, класіцызм, сентыменталізм, ракако і інш.) у выяўл. мастацтве пашыраліся мясц. стылі і школы (Магілёўская, Віцебская і інш.).

Літ.:

Баскин М.П. Философия немецкого просвещения. М., 1954;

Осипова Е.В. Философия польского просвещения. М., 1961;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Яго ж. Гуманизм просветителей // Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии. Мн., 1977;

Волгин В.П. Развитие общественной мысли во Франции в XVIII веке. 2 изд. М., 1977;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.

Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 2, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)