СЕРВЭ́ (Servais) Адрыен Франсуа (6.6.1807, каля г. Брусель — 26.11.1866),

бельгійскі віяланчэліст. кампазітар, педагог. Вучыўся ў Брусельскай каралеўскай кансерваторыі (1831—34), з 1848 праф. у ёй. Іграў у арк. «Тэатр дэ ла Манэ». Канцэртную дзейнасць пачаў у 1834 у Парыжы. З 1836 гастраліраваў у краінах Еўропы, неаднаразова ў Расіі (з 1839). Выступаў таксама ў ансамблі з А.​В’ётанам і Ю.​Леанарам, сумесна з якімі напісаў шэраг інстр. ансамбляў. Аўтар 2 канцэртаў, 16 фантазій для віяланчэлі. Яго мастацтва вызначалася віртуознасцю выканання, тэмпераментам. Сярод вучняў: яго сын Жазеф С., А.​Германоўскі, Я.​Карловіч і інш.

т. 14, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУ́РДЗА-БУЛА́НДРА (Sturdza-Bulandra) Лючыя (25.8.1873, Бухарэст — 19.9.1961),

румынская актрыса, тэатр. дзеяч. Нар. арт. Румыніі (1951). Дэбютавала ў 1898 на сцэне Нац. т-ра ў Бухарэсце. У 1914—41 арганізатар (сумесна з Т.​Буландрам), актрыса, рэжысёр і дырэктар трупы, якая ў далейшым стала значным т-рам. З 1941 у Муніцыпальным т-ры Бухарэста (з 1961 т-р яе імя). У 1930—61 праф. Бухарэсцкай кансерваторыі. Сярод роляў: Дынеску («Зруйнаваная цытадэль» Х.​Лавінеску), лэдзі Чылтэрн («Ідэальны муж» О.​Уайльда), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Васа Жалязнова («Васа Жалязнова» М.​Горкага) і інш. Дзярж. прэмія Румыніі 1952.

т. 15, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛА́Т-КЯЛПША́ (Talat-Kełpša) Юозас Антана (1.1.1889, в. Калнуяй Каўнаскага пав., Літва — 5.2.1949),

літоўскі кампазітар, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Засл. дз. маст. Літвы (1945). Скончыў Петраградскую кансерваторыю (1916). З 1920 выкладаў у муз. вучылішчы, з 1933 — у Каўнаскай кансерваторыі (з 1948 праф.). Адначасова з 1920 адзін з арганізатараў (разам з К.Пятраўскасам) і дырыжор Каўнаскага опернага т-ра. Адзін з пачынальнікаў літ. раманса. Сярод твораў: опера «Дачка старшыні» (1938, не завершана), кантаты, тв. для арк., камерныя і вакальныя творы, хары, песні, а таксама запісы (больш за 700) і апрацоўкі літ. і бел. нар. песень. Дзярж. прэмія СССР 1948.

т. 15, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛЬМА́ (Talma) Франсуа Жазеф (15.1.1763, Парыж — 19.10.1826),

французскі акцёр, педагог. Скончыў Каралеўскую школу дэкламацыі і спеваў у Парыжы. У 1787—91, з 1799 у т-ры «Камеды Франсэз» у Парыжы, у 1791—99 удзельнічаў у стварэнні і рабоце «Тэатра Рэспублікі». З 1806 праф. драм. класа Парыжскай кансерваторыі. Акцёр класіцысцкай трагедыі. Мастацтву характэрны ідэалізацыя і манументальнасць вобразаў у спалучэнні з вял. эмацыянальнасцю. Выступаў пераважна ў тагачасным рэпертуары, з пач. 19 ст. — у трагедыях У.​Шэкспіра: Макбет, Атэла, Гамлет (аднайм. п’есы). Рэфарматар сцэн. касцюма і грыму. Аўтар тэатр. мемуараў (1931).

Літ.:

Дейч А.И. Франсуа-Жозеф Тальма. М., 1973.

т. 15, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЦЦЯКО́Ў Віктар Віктаравіч (н. 17.10.1946, г. Краснаярск, Расія),

расійскі скрыпач. Нар. арт. Расіі (1979). Нар. арт. СССР (1987). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1970). З 1969 саліст Маскоўскай філармоніі, адначасова з 1983 маст. кіраўнік Камернага аркестра Расіі і выкладае ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1989 праф.). Для яго ігры характэрны эмацыянальнасць, маштабнасць, віртуознасць. У рэпертуары скрыпічныя творы І.​Брамса, П.​Чайкоўскага, Дз.​Шастаковіча, С.​Пракоф’ева, а таксама канцэрты, санаты, п’есы рас. і замежных кампазітараў. 1-я прэмія на Усесаюзным конкурсе музыкантаў-выканаўцаў (1965, Масква), Міжнар. конкурсе імя Чайкоўскага (1966, Масква). Дзярж. прэмія Расіі імя М.​Глінкі 1981.

т. 15, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́РКАШ (Farkas) Ферэнц (н. 15.12.1905, г. Надзьканіжа, Венгрыя),

венгерскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Венгрыі (1970). Вучань А.Рэспігі. Выкладаў у муз. вучылішчы ў Будапешце, у кансерваторыі г. Клуж-Напока (з 1941 праф., з 1944 дырэктар) і інш., у 1949—75 праф. Вышэйшай муз. школы ў Будапешце. Муз. стыль сфарміраваўся пад уплывам венг. муз. фальклору, венг. і італьян. традыцый прафес. музыкі. Сярод твораў: оперы, у т. л. «Чароўны куфар» (паст. 1942), аперэты, у т. л. «Чынам Палка» (паст. 1950), балеты, сімф. творы, камерна-інстр. музыка, канцэрціна для арфы з арк. (1937), музыка да спектакляў драм. т-ра і кінафільмаў.

т. 16, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРШО́Ў Іван Васілевіч (20.11.1867, хутар Малы Нясветай Растоўскай вобл., Расія — 21.11.1943),

расійскі спявак (драм. тэнар), педагог. Нар. арт. СССР (1938). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1883). У 1894 саліст Харкаўскага опернага т-ра, у 1895—1929 у Марыінскім т-ры. У 1915—41 выкладаў у Ленінградскай кансерваторыі (з 1916 праф.). Стварыў завершаныя вак.-сцэн. вобразы, адметныя пластычнай выразнасцю: Грышка Куцярма («Паданне пра нябачны горад Кіцеж...» М.​Рымскага-Корсакава), Зігфрыд, Тангейзер, Лаэнгрын, Трыстан («Зігфрыд», «Тангейзер», «Лаэнгрын», «Трыстан і Ізольда» Р.​Вагнера). Выступаў як канцэртны спявак. Сярод вучняў А.Іваноў, С.Праабражэнская.

Літ.:

Гозенпуд А. И.​Ершов. Л., 1986.

т. 18, кн. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЭ́З (Varèse) Эдгар (22.12.1883, Парыж — 7.11.1965),

амерыканскі кампазітар, дырыжор; адзін з першых прадстаўнікоў муз. авангардызму. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1906—07). З 1908 дырыжыраваў харамі і аркестрамі ў Берліне, Празе; з 1915 у Нью-Йорку. Лічыў музыку «арганізаваным шумам», імкнуўся павялічыць акустычныя магчымасці інструментаў. Эксперыментаваў у сферы канкрэтнай музыкі і электроннай музыкі. Сярод твораў: п’есы «Гіперырызма» для духавых і ўдарных (1923), «Інтэгралы» для камернага арк. і ўдарных (1925), «Іанізацыя» для 13 ударнікаў (1931), «Экватарыял» для аргана, ударных, труб, трамбонаў, 2 хваляў Мартэно і баса (1934), «Пустыня» для электронных духавых і ўдарных (1954). Аўтар прац па электроннай музыцы, муз.-крытычных артыкулаў.

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЙНГАРТНЕР, Вайнгартнер (Weingartner) Фелікс Паўль фон (2.6.1863, г. Задар, Харватыя — 7.5.1942), аўстра-нямецкі дырыжор, кампазітар, муз. пісьменнік. Вучыўся ў г. Грац (Аўстрыя), у Лейпцыгскай кансерваторыі (1881—93). Працаваў оперным і канцэртным дырыжорам у ням. гарадах. У 1908—11 і 1935—36 дырэктар і гал. дырыжор Венскай оперы, у 1919—24 — т-ра «Фольксопер». Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў аўстра-ням. дырыжорскай школы. Тонкі інтэрпрэтатар твораў Л.​Бетховена, Р.​Вагнера, Г.​Берліёза, А.​Барадзіна, П.​Чайкоўскага. Сярод яго твораў 9 опер, 7 сімфоній, 3 сімф. паэмы, інстр. і харавыя творы.

Тв.:

Рус. пер. — О дирижировании. Л., 1927;

Исполнение классических симфоний: Советы дирижерам. Т. 1. М., 1965.

т. 4, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НЬЯС ДО́РДАЛЬ (Viñas Dordal) Франсіска (27.3.1863, г. Барселона, Іспанія — 13.7.1933),

іспанскі спявак (тэнар); адзін з буйнейшых вакалістаў канца 19 — пач. 20 ст. Вучыўся ў Барселонскай кансерваторыі. З 1888 спяваў у розных гарадах Італіі, у т. л. ў т-ры «Ла Скала». У 1893—97 саліст т-ра «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк), выступаў у Парыжы, Лондане і інш. Сярод лепшых партый: Лаэнгрын, Тангейзер, Трыстан («Лаэнгрын», «Тангейзер», «Трыстан і Ізольда» Р.​Вагнера), Радамес («Аіда» Дж.​Вердзі), Турыду («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ).

У 1917 пакінуў сцэну. Выкладаў у Барселоне, дзе з 1963 штогод праводзіцца Міжнар. конкурс вакалістаў яго імя.

т. 4, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)