ЗАДЫЯ́К, пояс задыяка (грэч. zodiakos ад zōon жывёла),
сукупнасць сузор’яў, размешчаных уздоўж бачнага гадавога шляху Сонца (экліптыкі). Складаецца з 13 сузор’яў, але старажытныя астраномы падзялілі яго на 12 роўных частак (аб’ядноўвалі сузор’і Скарпіён і Змеяносец у адзінае пад агульнай назвай Скарпіён): Рыбы, Авен, Цялец, Блізняты, Рак, Леў, Дзева, Шалі, Скарпіён, Стралец, Казярог, Вадаліў.
Большасць гэтых сузор’яў мае назву жывёл, таму ў старажытнасці іх называлі «З.» («круг жывёл»), а сузор’і — задыякальнымі. Кожнае з іх абазначаецца адпаведным знакам (гл.Знакі астранамічныя і астралагічныя). У задыякальным сузор’і Сонца знаходзіцца прыблізна адзін месяц. Вясною, напр., яно паслядоўна праходзіць па сузор’ях Рыб, Авена, Цяльца. Гэтыя сузор’і не відаць ноччу, бо знаходзяцца разам з Сонцам пад гарызонтам. Процілеглыя сузор’і Дзевы, Шаляў, Скарпіёна відаць усю ноч. Рух Сонца па З. — з’ява ўяўная, гэта вынік сапраўднага і процілегла накіраванага руху Зямлі вакол Сонца. Існуе адпаведнасць знакаў З. каляндарным датам, у якія Сонца праходзіла межы сузор’яў у старажытнасці (каля 2 тыс. гадоў назад). У выніку прэцэсіі зямной восі гэтыя даты змяніліся (гл.табл.). Рух планет і іх размяшчэнне ў сузор’ях З. выкарыстоўваюць астролагі для складання гараскопаў, пры гэтым яны карыстаюцца стараж. датамі праходжання Сонцам сузор’яў З.
Літ.:
Бялко А.В. Наша планета — Земля. М., 1983.
Н.А.Ушакова.
Табліца. Старажытныя і сучасныя даты знаходжання Сонца ў сузор’ях Задыяка
Сузор’е
Старажытныя даты
Сучасныя даты
Авен
21.3—19.4
22.4—21.5
Цялец
20.4—20.5
22.5—21.6
Блізняты
21.5—21.6
22.6—22.7
Рак
22.6—22.7
23.7—23.8
Леў
23.7—22.8
24.8—23.9
Дзева
23.8—22.9
24.9—24.10
Шалі
23.9—22.10
25.10—23.11
Скарпіён
23.10—21.11
24.11—23.12
Стралец
22.11—21.12
24.12—22.1
Казярог
22.12—19.1
23.1—20.2
Вадаліў
20.1—18.2
21.2—18.3
Рыбы
19.2—20.3
19.3—21.4
Да арт.Задыяк. Бачны гадавы рух Сонца па задыяку і сапраўдны рух Зямлі вакол Сонца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЗІТАФАУНА.
У фауне Беларусі паразітычныя віды складаюць вялікую групу беспазваночных. Сярод членістаногіх тканкавыя эндапаразіты прадстаўлены лічынкамі мух і аваднёў. Да поласцевых эндапаразітаў належаць какцыдыі, лічынкі насаглотачных і страўнікавых аваднёў, асобныя сямействы гамазавых, саркаптыформных і трамбідыформных кляшчоў, чэрві. Кароставыя кляшчы (саркаптыформныя і трамбідыформныя) выклікаюць каросту жалезнічную, клешчавую, унутрыскурную і наскурнікавую. Пастаянныя эктапаразіты (вошы, пухаеды, многія саркаптыформныя і паразітыформныя кляшчы, некаторыя мухі-крывасмокі) на працягу ўсяго жыццёвага цыкла звязаны з целам гаспадара. Чэрві (560 відаў гельмінтаў — паразітаў рыб, амфібій, рэптылій, птушак і млекакормячых) з’яўляюцца ўзбуджальнікамі гельмінтозных захворванняў дзікіх і свойскіх жывёл, чалавека (аскарыды, вастрыцы, воласагаловы, трыхінелы), а таксама шкоднікамі раслін. Вошы (9 відаў) — эктапаразіты жывёл і чалавека. На чалавеку паразітуюць адзежная, галаўная і лабковая вошы, якія з’яўляюцца пераносчыкамі зваротнага і сыпнога тыфу. Іксодавыя кляшчы (10 відаў) — часовыя эктапаразіты з працяглым кармленнем; яны з’яўляюцца паразітамі млекакормячых, птушак і паўзуноў. 222 віды аргасавых і гамазавых кляшчоў, 28 відаў блох і 2 віды клапоў — гняздова-наравыя крывасмокі. Яны з’яўляюцца пераносчыкамі трансмісіўных захворванняў чалавека і жывёл (бактэрый рыкетсій, вірусаў, гельмінтаў, прасцейшых) у прыродных ачагах кляшчовага энцэфаліту, ліхаманак Ку, Зах. Ніла, гемарагічнай з нырачным сіндромам, омскай гемарагічнай і інш. Крывасмокаў, што жывуць свабодна — камароў (37 відаў), макрацоў (28 відаў), мошак (38 відаў), сляпнёў (33 віды) адрознівае высокая рухавасць. У выніку іх масавага нападу на сельскагаспадарчых жывёл значна зніжаюцца іх прадукцыйнасць, надоі малака, памяншаецца жывая маса. Да паразітаў беспазваночных адносяцца таксама насякомыя-наезнікі. Акрамя гэтага, існуе з’ява гіперпаразітызму, калі мухі-жалобніцы адкладваюць яйцы ў пупарыі тахінаў і коканы наезнікаў. Вывучэнне гэтай з’явы важнае пры распрацоўцы мер біялагічнай барацьбы са шкоднікамі сельскай і лясной гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКАНАСТА́С (ад ікона + грэч. stasis месца стаяння),
перагародка з абразамі і варотамі паміж асн. і алтарнай часткамі інтэр’ера правасл. храма.
І. склаўся на аснове нізкай алтарнай перагародкі з абразамі над ёй. У класічнай форме (распрацавана ў 15 ст. на Маск. Русі) складаецца з 5 радоў (чыноў) абразоў, якія ў пэўнай паслядоўнасці паказваюць жыццё царквы ад пачатку да Страшнага Суда. Верхні чын («праайцоўскі») з абразом св. Тройцы («Гасціннасць Аўраама») у сярэдзіне сімвалізуе перыяд ад Адама да Майсея. Наступны чын («прарочы») прадстаўляе старазапаветную царкву ад Майсея да Хрыста, у цэнтры — абраз «Маці Божая Знаменне», выказванне прароцтва Ісаі і пераемнасці Новага запавету ад Старога. «Святочны» чын адлюстроўвае падзеі Новага запавету, якія на працягу года асабліва ўрачыста адзначаюцца царквою. Гал. частка І. — «дэісусны» чын, у якім вакол абраза Спаса з Маці Божай і Іаанам да тэмы малення царквы за свет далучаны выявы 12 апосталаў, свяціцеляў, пакутнікаў і інш. У ніжнім («мясцовым») чыне па баках царскіх варот (сімвал уваходу ў Царства Нябеснае) абразы Спаса і Маці Божай з дзіцем і храмавыя, на бакавых дзвярах — архангелаў або дыяканаў.
На Беларусі І. вядомы з 15 ст. Захаваліся І. сярэдзіны 17 ст. (Жыровічы, Магілёў, Супрасль), для якіх характэрна разное аздабленне ў стылі барока. Існавалі ў правасл. і уніяцкіх храмах. Бел. І. вызначаўся пэўнымі асаблівасцямі: колькасць радоў 3—4, «дэісусны» чын ператвораны ў «апостальскі», які разам з абразамі, змешчанымі па вертыкалі над царскімі варотамі, утвараў крыжовы кампазіцыйны стрыжань і нёс асн. сэнсавую і дэкар. нагрузку; «праайцоўскі» чын адсутнічаў або змяшаны з «прароцкім», апошнім часам рабіўся ў выглядзе групы картушаў. У сярэдзіне 18 ст. ва уніяцкіх храмах заменены алтарамі на ўзор касцельных. У правасл. цэрквах як самабытная з’ява існаваў да 1840-х г., пазней І. стваралі па зацверджаных тыпавых праектах і пакідалі ў аздабленні толькі асобныя самабытныя дэкар. элементы.
А.А.Ярашэвіч.
Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. Разьбяры К.Міхайлаў, Д.Залатароў і інш. 1683—86.Іканастас Міхайлаўскай царквы ў в. Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобл. 18 ст.Іканастас царквы ў в. Бярозавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 18 — пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНІЯ́ЛІЗМ,
сістэма эканам., ваен., паліт., ідэалаг. і адм. сродкаў панавання адных краін над другімі з мэтай выкарыстання іх матэрыяльных і інтэлектуальных рэсурсаў. К. як сталая з’ява ў сусв.эканам. і паліт. развіцці на працягу апошніх стагоддзяў істотна адрозніваецца ад пошуку і заснавання калоній, што мела месца ў стараж. часы ў сувязі з пазнаннем чалавекам навакольнага свету, развіццём мараплавання і заморскага гандлю. Патрэба ў выкарыстанні багаццяў інш. дзяржаў і народаў узнікла ў перыяд фарміравання і развіцця капіталіст.эканам. адносін. Таму набыццё калоній узводзілася на ўзровень дзярж. палітыкі, што найб. прыкметна ў Галандыі, Англіі, Францыі ў 18 ст., калі ўзнікла каланіяльная сістэма як арганічная частка сусв.капіталіст. эканомікі. На становішчы калоній апынуліся шматлікія краіны ў Азіі (Індыя, Бірма) і ў Афрыцы (Нігерыя). Эканамічна яны залежалі ад каланіяльных метраполій Да канца 19 ст. магчымасці тэр. каланіяльнай экспансіі былі вычарпаны, пачаўся перадзел калоній, што вяло да каланіяльных войнаў.
Абвастрэнне супярэчнасцей па.між інтарэсамі нац.-незалежнага развіцця калоній і дзяржаў-метраполій прывяло да развіцця ў калоніях нац.-вызв. рухаў. У 20 ст. пачаўся працэс паступовага распаду каланіяльнай сістэмы. У 1947 у ліку першых незалежнасць атрымала Індыя. У 1950—60-я г., калі незалежнымі стала большасць б. калоній, каланіяльная сістэма ў яе традыц. разуменні практычна перастала існаваць. У працэсе дэкаланізацыі станоўчую ролю адыгралі ААН і яе спец. органы. Незалежнасць адкрыла б. калоніям больш шырокія магчымасці для эканам., паліт. і культ. развіцця. Аднак К. праяўляецца і сёння ў форме кантролю над прыроднымі рэсурсамі б. залежных краін, для чаго выкарыстоўваюцца нераўнапраўныя дагаворы, пагадненні аб «дапамозе», часам паліт. дыктат і ўзбр. ўмяшанне. Найб. важную ролю ў існаванні рэшткаў К. адыгрывае характар міжнар.эканам. адносін, калі рэсурсаздабыўныя краіны вымушаны падпарадкоўвацца інтарэсам буйных шматнац.прамысл. і фін. карпарацый (напр., праз вызначэнне рыначных цэн на сыравіну і гатовыя вырабы) і фактычна працягваюць лічыцца сыравіннай перыферыяй высокаразвітых краін.
В.І.Боўш.
Да арт.Каланіялізм. Насіллі іспанскіх заваёўнікаў над індзейцамі. Гравюра з кнігі «Часткі Амерыкі». 1590.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЧЫ́ННАСЦЬ, каузальнасць,
адна з форм узаемасувязі і ўзаемадзеяння з’яў, дзе адна з іх — прычына — абумоўлівае і з неабходнасцю параджае іншую з’яву — вынік (гл.Прычына і вынік). Кожная з’ява мае прычыну і адначасова яна з’яўляецца прычынай інш. з’явы; або, наадварот, без прычыны нішто не паяўляецца. Прычына і дзеянне ўтвараюць ланцуг, які цягнецца з мінулага, пранізвае сучаснае і знікае ў будучым. Таксама прычына распадаецца на знешнія абставіны, унутр. ўмовы і ўзбуджэнне, што служыць непасрэднай прычынай дзеяння. Напр., калі порах сухі (абставіны) і мае адпаведныя інгрэдыенты (умова), то дзякуючы ўдару (узбуджэнне) ён загарыцца (дзеянне). У гісторыі філасофіі прынцып П. сфармуляваны Дэмакрытам, а як строга прычынная сувязь з’яў — стоікамі і Эпікурам. Суб’ектыўны ідэалізм не прызнае аб’ектыўнага характару П. і зводзіць яе да паслядоўнасці адчуванняў (Д.Юм) або сцвярджае, што П. — апрыёрная катэгорыя чалавечага розуму, якая прыўносіцца ў хаатычны свет з’яў (І.Кант). Аб’ектыўны ідэалізм (Г.Гегель, неатамісты) лічыць канчатковай прычынай з’яў сусв. дух, або Бога (гл.Індэтэрмінізм), але не адмаўляе дэтэрмінізм. Дыялектычны матэрыялізм прызнае аб’ектыўны і ўсеагульны характар П., яе складанасць, зменлівасць, шматзначнасць. А.Шапенгаўэр вылучаў 3 формы П.: ва ўласным сэнсе (для неарган. свету), раздражненне (у арган.-раслінным жыцці) і матыў (ва ўчынках адушаўлёных істот). Дж.Міль, Г.Спенсер і інш. імкнуліся растлумачыць П. на аснове толькі вопыту, з дапамогай індукцыі. Пазітывізм (А.Конт, Р.Авенарыус, Э.Мах і інш.) замянілі паняцце «П.» паняццем функцыянальнай залежнасці, паняцце прычыны — «умовамі».
Прычынна-выніковыя сувязі бываюць непасрэдныя і апасродкаваныя, агульныя і найбліжэйшыя, гал. і негалоўныя, унутр. і знешнія, аб’ектыўныя і суб’ектыўныя і інш. Узнікае складаная сетка прычынна-выніковых сувязей, якія пераплятаюцца і выклікаюць універсальнае ўзаемадзеянне. З’явы прыроды наз. прычынна-тлумачальнымі, а сувязі паміж імі — адпаведнымі прычыннасці прынцыпу, таму што ў адносінах да гэтага прынцыпу разглядаецца аб’ектыўная прадметная сувязь, якая не можа супярэчыць вынікам даследаванняў прыродазнаўчых навук. Пры вывучэнні такіх сувязей шырока выкарыстоўваюцца эксперым. даследаванні, матэм. апарат, раскрываюцца магчымы, або статыстычны характар прычынна-выніковых сувязей у прыродзе ці сферы сац.-эканам., грамадскіх працэсаў. На аснове П. арганізуецца матэрыяльна-практычная дзейнасць чалавека, выпрацоўваюцца навук. прагнозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХВА́ЛІ,
узбурэнні стану рэчыва і поля, якія распаўсюджваюцца ў прасторы з канечнай скорасцю. Суправаджаюцца пераносам энергіі без пераносу рэчыва (перанос рэчыва можа мець месца толькі як пабочная з’ява). Розным відам узбурэнняў (мех., цеплавым, эл.-магн. і інш.) адпавядаюць розныя віды Х. (гл.Паверхневыя хвалі, Пругкія хвалі, Сейсмічныя хвалі, Тэмпературныя хвалі, Электрамагнітныя хвалі).
Пры тэарэт. разглядзе Х. звычайна ўводзяць паняцце гарманічнай (сінусаідальнай) Х., у якой узбурэнні адбываюцца паводле закона гарманічных ваганняў і апісваюцца ўраўненнем хвалі. Асн. характарыстыкі такіх Х. — амплітуда, перыяд ваганняў, даўжыня хвалі, фаза. У залежнасці ад арыентацыі ўзбурэння адносна напрамку распаўсюджвання адрозніваюць падоўжныя хвалі і папярочныя хвалі. Найб. важныя ўласцівасці і характарыстыкі Х.: адбіццё хваль, дысперсія хваль, дыфракцыя хваль, інтэрферэнцыя хваль, паглынанне хваль, палярызацыя хваль, пераламленне хваль і рассеянне хваль; групавая скорасць, кагерэнтнасць, хвалевая паверхня, фазавая скорасць і фронт хвалі. Асаблівыя Х. ўзнікаюць пры руху цела ў асяроддзі са скорасцю, большай за фазавую скорасць Х. ў дадзеным асяроддзі, напр., пры руху самалёта са звышгукавой скорасцю ўзнікае ўдарная хваля. Пры аналізе энергет. характарыстык Х. выкарыстоўваюць паняцці Пойнтынга вектар, Умава вектар. У тэхніцы для памяншэння страт энергіі пры перадачы Х. выкарыстоўваюць хваляводы. Хвалевыя працэсы вельмі пашыраны ў прыродзе і тэхніцы. Найбольш выкарыстоўваюцца гукавыя хвалі (гл.Гук), паверхневыя акустычныя хвалі, ультрагукавыя хвалі, радыёхвалі, у т. л.ультракароткія хвалі. Пастаянна ўдасканальваюцца тэхн. сродкі выпрамянення і прыёму радыёхваль. Вывучэнне Х. важнае для развіцця фіз. і тэхн.навук.Гл. таксама Салітон, Хвалевы пакет, Хвалі дэ Бройля.
Літ.:
Горелик Г.С. Колебания и волны. 2 изд. М., 1959;
Крауфорд Ф. Волны: Пер. с англ. 3 изд. М., 1984;
Пирс Д.Р. Почти все о волнах: Пер. с англ.М., 1976;
Рабинович М.И., Трубецков Д.И. Введение в теорию колебаний и волн. 2 изд. М., 1992;
Кадомцев Б.Б., Рыдник В.И. Волны вокруг нас.М., 1981.
А.І.Балсун, У.М.Сацута.
Хвалі: а — падоўжныя (гукавыя) у вадкасцях і газах; б — папярочныя (ваганні струны, пры якіх зрух яе часціц перпендыкулярны да напрамку распаўсюджання хвалі); в — марскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННЫ ПАРАМАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС (ЭПР),
рэзананснае паглынанне (вылучэнне) эл.-магн. выпрамянення электронным парамагнетыкам, які знаходзіцца ў знешнім магн. полі; разнавіднасць магнітнага рэзанансу. Абумоўлены індуцыраванымі эл.-магн. выпрамяненнем квантавымі пераходамі паміж двума станамі магнітнага моманту электрона. Прыводзіць да пераарыентацыі магн. моманту электрона адносна напрамку індукцыі знешняга магн. поля, якое палярызуе парамагнетык. Ужываецца таксама назва «электронны спінавы рэзананс», таму што ЭПР звязаны са спінам электрона. Адкрыты ў 1944 Я.К.Завойскім.
ЭПР назіраецца ў рэчывах, якія ўтрымліваюць ненулявыя электронныя магн. моманты (абумоўленыя няспараным спінам ці камбінацыяй яго з арбітальным момантам). Велічыня расшчаплення ўзроўню энергіі электрона знешнім магн. полем прама прапарцыянальная індукцыі поля (гл.Зеемана з’ява). Стану электрона з меншай энергіяй адпавядае арыентацыя яго магн. моманту ўздоўж магн. поля. Калі энергія кванта эл.-магн. выпрамянення роўная велічыні расшчаплення энергет. узроўню электрона, то магчымы рэзанансны пераход — пераарыентацыя магн. моманту электрона. Пасля паглынання выпрамянення электронам рэлаксацыйныя працэсы (гл.Рэлаксацыя) імкнуцца аднавіць арыентацыю яго магн. моманту ўздоўж магн. поля. Пры рэгістрацыі ЭПР рэчыва звычайна змяшчаюць у пучнасць магн. кампаненты стаячай эл.-магн. хвалі (у сантыметровым дыяпазоне даўжынь хваль) і яе частата падтрымліваецца пастаяннай, а знешняе магн. поле мяняецца (ад дзесяткаў да соцень мілітэслаў). Пры гэтым напрамкі індукцый гэтых двух магн. палёў павінны быць узаемна перпендыкулярныя.
ЭПР выкарыстоўваецца для даследавання структуры цвёрдага цела (вызначэння колькасці магн. момантаў электронаў у аб’ектах рознай прыроды), для стварэння інверснай населенасці энергет. узроўняў у квантавых парамагн. узмацняльніках (гл.Мазер), а таксама ў хіміі, біялогіі (напр., для даследавання свабодных радыкалаў).
Літ.:
Вертц Дж., Болтон Дж. Теория и практические приложения метода ЭПР: Пер. с англ. М, 1975;
Александров Е.Б., Запасский В.С. Лазерная магнитная спектроскопия. М., 1986;
Экстром Ф., Вайнлэнд Д. Изолированный электрон: Пер. с англ. // Успехи физ. наук. 1981. Т. 134, вып. 4;
Федорук Г.Г. Нестационарная нутационная ЭПР — спектроскопия конденсированных сред // Журн. прикладной спектроскопии. 2002. Т. 69, № 2.
М.А.Паклонскі.
Да арт.Электронны парамагнітны рэзананс. Залежнасць энергіі электрона E ад велічыні індукцыі знешняга магнітнага поля для дзвюх магчымых арыентацый яго магнітнага моманту адносна : 1 — супраць поля; 2 — уздоўж поля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАБІЯЛОГІЯ
Даследаванні па фотабіялогіі на Беларусі пачаліся ў 1920-я г. ў БДУ і БСГА (працы М.М.Гайдукова і Ц.М.Годнева). Уклад у развіццё фотабіялогіі зрабілі І.Дз.Валатоўскі, А.С.Вечар, М.М.Ганчарык, Г.П.Гурыновіч, В.М.Іванчанка, У.Л.Калер, С.В.Конеў, К.М.Салаўёў, М.Ц.Чайка, А.А.Шлык і інш. А.А.Шлык з супрацоўнікамі (Н.Г.Аверына, В.І.Раскін, А.Б.Рудой, Л.І.Фрадкін, Э.В.Хадасевіч) даследавалі заканамернасці аднаўлення хларафілу ў зялёным лісці і яго метабалічную гетэрагеннасць, прапанавалі канцэпцыю цэнтраў біясінтэзу хларафілу. Вывучаны механізмы інактывацыі бялкоў у растворы і ў складзе біял. мембран, апісана з’ява фотахімічнай алатопіі (І.Дз.Валатоўскі, С.В.Конеў). Усталявана ўзаемасувязь паміж структурай і функцыяй хларапластаў (В.М.Іванчанка). У мадэльных умовах вывучаны фотафізічныя параметры хларафілавых пігментаў і іх папярэднікаў (Г.П.Гурыновіч, Э.І.Зянькевіч, А.П.Лосеў). За цыкл прац па люмінесцэнцыі бялкоў і яе выкарыстанні ў навук. даследаваннях і практыцы І.Дз.Валатоўскі, С.В.Конеў, У.М.Мажуль, Л.Р.Пікулік, К.І.Слабажаніна, Я.А.Чарніцкі адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі 1992. Асн.навук. цэнтры, у якіх праводзяцца фотабіялагічныя даследаванні, — Ін-ты фотабіялогіі, атамнай і малекулярнай фізікі, агульнай фізікі, эксперым. батанікі Нац.АН Беларусі, БДУ. Даследуюцца малекулярныя механізмы зрокавай фотарэцэпцыі, роля іонаў кальцыю і прадуктаў метабалізму фотаіназітыдаў у функцыянаванні зрокавых клетак, фітахрому ў працэсах фотарэгуляцыі ў раслінах (І.Дз.Валатоўскі з супрацоўнікамі), павышэнне прадукцыйнасці фотасінтэтычнага працэсу і механізмаў біягенезу фотасінтэтычнага апарата (Н.Г.Аверына, М.У.Шалыга), механізмаў уздзеяння нізкаінтэнсіўнага лазернага выпрамянення пры лячэнні хвароб чалавека (В.А.Мастоўнікаў з супрацоўнікамі), фотадынамічнай тэрапіі (Г.П.Гурыновіч, В.М.Джагараў, С.М.Чаранкевіч) і інш.
Літ.:
Шлык А.А. Метаболизм хлорофилла в зеленом растении. Мн., 1965;
Иванченко В.М. Фотосинтез и структурное состояние хлоропластов. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,
мастацкая школа ў бел. графіцы канца 17—18 ст. Склалася ў Магілёве, працягвала традыцыі Віленскай шкалы гравюры і Куцеінскай школы гравюры. Развіццё школы звязана з дзейнасцю друкароў і гравёраў Магілёўскага богаяўленскага брацтва (гл.Магілёўская брацкая друкарня), гал. ролю ў яе фарміраванні адыгралі Ф.Ангілейка, М.Вашчанка, В.Вашчанка; сярод майстроў Афанасій П. (Пігарэвіч), Сямён, М.Антушкевіч, Я.Стральбіцкі, М.Чарняўскі. Развівалася пераважна кніжная гравюра (дрэварыт і медзярыт), стылістычна блізкая да тагачасных бел. абразоў і паліхромнай драўлянай пластыкі. Вядома больш за 40 выданняў Магілёўскага брацтва, якія мелі тытульныя лісты, былі ўпрыгожаны фігуратыўнымі ілюстрацыямі, застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі. Упершыню пасля выданняў Ф.Скарыны фігуратыўная старонкавая ілюстрацыя адыгрывала гал. ролю ў маст. аздабленні кніг, у адным выданні спалучаліся дрэварыты і медзярыты. Некаторыя ілюстрацыі мелі подпісы мастакоў. Творы выкананы ў стылі т.зв. магілёўскага барока (спалучэнне мясц.маст. традыцый з рысамі зах.-еўрап. барока і візант. мастацтва). У аснове маст. прынцыпаў М.ш.г. — натурныя назіранні, шырокае выкарыстанне традыцый нар. мастацтва, што выявілася ў нар. характары тыпажу, адлюстраванні адзення, прадметаў побыту, арх. дэталей і інш. Характэрнымі рысамі школы з’яўляюцца лаканічная лінеарная, пластычна выразная гравіроўка, прастата і ўраўнаважанасць кампазіцыйнай будовы, перавага фігур над арх. фонам. Найб. выразныя яны ў іл. да кніг «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (1678, надрукавана ў Слуцку), «Акафісты і каноны» (1693), «Дыоптра» (1698), «Перла мнагацэннае» і «Неба Новае» (1699), «Ирмолой сиречь Осмогласник» Іаана Дамаскіна (1700), «Кнігі жыцій святых» (1702), «Часослов сиречь Последование службы» (1703), «Асмагласнік» (1730). Асаблівай дэкаратыўнасцю вызначаўся тытульны ліст: абапал традыц. брамы на фоне пышнага расл. арнаменту змяшчалі медальёны, картушы з выявамі анёлаў, святых, сцэн на рэліг. сюжэты. Картушы і медальёны з сюжэтнымі выявамі характэрны таксама застаўкам і канцоўкам. Своеасаблівым спалучэннем расл. арнаментаў з выявамі чалавечых фігур, часам з сюжэтнымі сцэнамі на тэмы жыцця святых вызначаюцца ініцыялы («Евангелле вучыцельнае», 1697). Яркая з’явабел. кніжнай гравюры 17 ст. — медзярыты М.Вашчанкі да «Манархіі Турэцкай», цалкам свецкі цыкл, выкананы з жыццёвай пераканаўчасцю, што надае творам жанравы характар. Змяшчэнне на тытульным лісце «Кнігі жыцій святых» віду Магілёва з выявамі будынкаў грамадз. прызначэння — адзін з першых прыкладаў свецкага гар. пейзажа ў кірылічнай кнізе.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;
Пікулік А.М. Барочныя тэндэнцыі ў мастацтве магілёўскіх старадрукаў // Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЗМ (ад грэч. mēchanē прылада, машына),
1) сістэма злучаных паміж сабой цел (звёнаў) для пераўтварэння (перадачы, узнаўлення) руху аднаго або некалькіх цел у патрэбныя рухі інш. цел; аснова машын, апаратаў, прылад, тэхн. прыстасаванняў. Звычайна ў М. ёсць уваходнае (вядучае) звяно, што атрымлівае рух ад якога-н. рухавіка, і выхадное звяно, злучанае з нейкім рабочым органам.
Звяно М. можа складацца з 1 або некалькіх нерухома злучаных дэталей. Спалучэнне 2 судатыкальных звёнаў, якое дапускае іх адносны рух, наз.кінематычнай парай. Найб. пашыраныя кінематычныя пары: вярчальная (шарнір), паступальная (паўзун і накіравальная), вінтавая (вінт і гайка), сферычная (шаравы шарнір). Перадатачныя М. — карданныя (гл.Карданны шарнір), а таксама зубчастыя, ланцуговыя і інш.перадачы; пераўтваральныя (узнаўляльныя) — крывашыпныя механізмы, кулачковыя механізмы, кулісныя механізмы, шарнірныя механізмы, мальтыйскія. М. наз.гідраўл. або пнеўматычным, калі ў пераўтварэнні руху, акрамя цвёрдых цел (звёнаў), удзельнічаюць вадкасці або газы. Адрозніваюць таксама М.: плоскія (траекторыі руху пунктаў усіх звёнаў ляжаць у паралельных плоскасцях) і прасторавыя (траекторыі ляжаць у непаралельных плоскасцях або некат. з іх з’яўляюцца прасторавымі крывымі; прасторавымі з’яўляюцца, напр., чарвячныя перадачы, шарнірныя муфты, часткі некат. маніпулятараў); М. рухавікоў, пераўтваральнікаў, прылад; кіроўныя, выканаўчыя механізмы і інш.Найб. пашыраны М. з 1 ступенню свабоды, у якіх для пэўнага руху ўсіх звёнаў трэба задаць закон руху аднаго (вядучага) звяна; ёсць і М. з 2 ступенямі свабоды (напр., дыферэнцыялы ў трансп. сродках). Рухі М. і іх звёнаў, рэакцыі элементаў кінематычных лар вывучаюць кінематыка механізмаў, кінетастатыка механізмаў, дынаміка механізмаў і машын, метады даследавання і праектавання М. складаюць ч.механізмаў і машын тэорыі. Унутр. будова, сістэма чаго-н., парадак якога-н. віду дзейнасці (напр., дзярж. М. кіравання, гасп. М.).
3) Сукупнасць і паслядоўнасць станаў, стадый, працэсаў, з якіх складаецца якая-н. фіз., хім., фізіял. і падобная з’ява (напр., М. выпрамянення, М. хім. рэакцыі, М. мыслення).
Артоболевский И.И. Механизмы в современной технике Т. 1—2. М., 1970—71;
Кожевников С.Н. Основания структурного синтеза механизмов. Киев, 1979.
У.М.Сацута.
Механізмы: а — зубчастай перадачы з эліптычнымі коламі; б — крывашыпна-кулісны для пераўтварэння вярчальнага руху ў паступальны (1 — куліса, 2 — крывашып, 3 — паўзун); в — мальтыйскі для пераўтварэння неперарыўнага вярчальнага руху ў перарывісты (1 — вядучы дыск, 2 — вядзёны дыск, т.зв. мальтыйскі крыж); г — зубчастай рэйкі.