заходнебеларускі сатырыка-гумарыстычны ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў Вільні на бел. мове з 15.1.1926 Беларускай сялянска-работніцкай грамадой (БСРГ), у 1927—28 яе паслядоўнікамі. Выходзіў раз у 2 тыдні. Рэдактарамі-выдаўцамі ў розны час былі Я.Касяк, М.Луцэвіч, І.Маразовіч (Я.Маланка). Выступаў у абарону інтарэсаў народа Зах. Беларусі, садзейнічаў фарміраванню яго нац. і паліт. свядомасці, асуджаў палітыку сац. і нац. прыгнёту польскімі ўладамі. Публікаваў маст. творы (вершы, байкі, апавяданні, фельетоны, эпіграмы, гумарэскі, жарты), публіцыстычныя артыкулы, допісы. Змясціў творы Міхася Касцевіча (Васілька), Маразовіча, М.Засіма, У.Паўлюкоўскага (У.Ініцкага), Г.Леўчыка, Макара Касцевіча (Звончыка), Я.Пачопкі (Башкіра), І.Дварчаніна, М.Краўцова, Я.Драздовіча (Народніка), сатыр. вершы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа і інш. Карыкатуры і гумарыстычныя малюнкі Я.Горыда, Драздовіча, Маразовіча, В.Сідаровіча, М.Васілеўскага вызначаліся высокім прафесіяналізмам, вастрынёй і надзённасцю, паліт. падтэкстам. Асобныя нумары «М.» канфіскаваны, замест іх выйшлі аднадзёнкі «Пякучая маланка», «Новая маланка» (абедзве 1928). Выданне спынена з-за рэпрэсій польскіх улад. Усяго выйшла 43 нумары.
Вокладка часопіса «Маланка» 1927.
Літ.:
Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.). Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВАЙ ІНФАРМА́ЦЫІ ПА ГУМАНІТА́РНЫХ НАВУ́КАХ АДДЗЕ́Л НАЦЫЯНА́ЛЬНАЙ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ,
рэспубліканскі цэнтр навук. інфармацыі ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук.Засн. ў 1971 на базе сектара зарубежнай гістарыяграфіі Беларусі (з 1968) Ін-та гісторыі АНБССР, да 1992 Аддзел навук. інфармацыі па грамадскіх навуках. Сектары (1999): інфармацыі па айч. гуманітарных навуках; інфармацыі па замежных гуманітарных навуках; аўтаматызацыі інфарм. дзейнасці. Асн. кірункі працы: выданне аператыўных тэматычных, інфарм.-аналітычных і рэфератыўных зб-каў па айч. і замежных гуманіт. і сац. навуках; бягучая навуковая, ідэйна-паліт., сац.-эканам. і прагнастычная інфармацыя, якая датычыцца грамадазнаўчых і гуманіт. навук Рэспублікі Беларусь. З 1972 выдаваў «Навукова-рэфератыўны бюлетэнь (айчынная літаратура)» (105 вып.), з 1990 выдае навук.рэфератыўныя і тэматычныя зб-кі: «Культура і асоба: сацыякультурныя даследаванні ў Беларусі 1979—1990 гг.» (1990), «Права быць чалавекам», «Незалежнасць Беларусі: Актуальныя праблемы — шляхі іх вырашэння» (абодва 1993), «Беларусь на шляхах незалежнасці» (1994), «Свет. Развіццё. Справядлівасць (Матэрыялы агульнапалітычнай дыскусіі на 49-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН)», «Беларусь: гістарычны лёс народа і культуры» (абодва 1995), «Палітычныя партыі Беларусі», «Рынкавае рэфармаванне эканомікі Беларусі», «Еўропа сёння і заўтра» (усе 1996), «Экалагічныя і сацыякультурныя аспекты ўстойлівага развіцця», «Рынкавае рэфармаванне эканомікі Беларусі. Вып. 2» (абодва 1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГРО́ДСКІ (Зыгмунт Вікенцьевіч) (1866, в. Зулова Уценскага пав., Літва —25.3.1937),
бел. паэт і культурны дзеяч. Праводзіў культ.-асв. работу сярод віленскіх рамеснікаў, прапагандаваў творы бел. пісьменнікаў, у т. л. Ф.Багушэвіча, з якім сябраваў. Нелегальна распаўсюджваў «Дудку беларускую» Багушэвіча, у 1896 перавыдаў гэты зборнік. У 1901 зняволены ў пецярбургскі астрог. Удзельнічаў у бел. адраджэнскім руху, матэрыяльна падтрымліваў выданне «Нашай нівы». У 1920-я г. на ўласныя сродкі засн. «Народнае выдавецтва», якое выпускала танныя кніжкі для масавага чытання, у т. л. «Гутаркі і песенькі» У.Сыракомлі (1929). Аўтар напісанай на бел.фалькл.-этнагр. матэрыяле п’есы «На каляды» (з падзагалоўкам «Народны абразок з ваколіц Зулова з 1876 года», на бел. і польск. мовах; пастаўлена ў Вільні ў 1936). Вядомы яго верш «На памяць зычліваму для сям’і» (1900, на смерць Багушэвіча) і верш-прамова «Пастароньцесь, мае братцы...», зачытаная Н. у 1912 у фальварку Барэйкаўшчына (каля Вільні) на адкрыцці помніка У.Сыракомлю. Аўтар успамінаў пра Багушэвіча. Творы Н. зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы і Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва.
Літ.:
Рагойша В. Зыгмунт Нагродскі і яго вершы // Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРО́ЦКІ (Францішак) (10.6.1723 — пасля 2.7.1805),
выдавец, перакладчык, гісторык. Родам з Беларусі. Д-р філасофіі (1758). Вучыўся ў Полацкім, Слуцкім, Нясвіжскім, Гродзенскім і Варшаўскім езуіцкіх калегіумах. У 1753—56 выкладаў у Варшаве, з 1757 у Віленскай езуіцкай акадэміі. У 1760 узначаліў віленскую акад. друкарню, у якой у 1760—62 выдаваў і рэдагаваў «Кур’ер Літэўскі», у 1763 — Калегіум Нобіліум у Вільні. З 1765 рэктар Ковенскага калегіума, у 1768—73 пракуратар Літ. правінцыі езуітаў. Пасля роспуску ордэна прэлат інфлянцкі, канонік ловіцкі. Надрукаваў гіст. працу К.Галоўкі «Айчынныя звесткі пра Польшчу і ВКЛ» (1753). Выдаў падручнік па геаграфіі «Еўропа, першая з частак свету апісаная» (1754), гіст. працы «Гісторыя прэтэндэнтаў Кароны Англійскай» (1758), «Звесткі пра Курляндскае і Земгальскае княства...» (1759), «Найбольш значныя войны...» (1763). Прадоўжыў пачатае Я.А.Пашакоўскім выданне на польскай мове віленскіх «Палітычных каляндарыкаў» (1758—71), дзе друкаваў звесткі па гісторыі, астраноміі, геаграфіі і фізіцы. Пераклаў на польскую мову працу Ф.Рэната «Навука пра рыцарскую справу» (1776), да якой дадаў 2-і том з апісаннем войнаў Рэчы Паспалітай; кнігу К.Нанота «Памылкі Вальтэра» (1780, перавыдадзена ў Нясвіжы ў 1781). Прытрымліваўся поглядаў памяркоўнага крыла асветнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,
найстарэйшая хрысціянская епархія на Беларусі. Засн. як адм.-тэр. адзінка Кіеўскай мітраполіі (традыц. дата заснавання 992). Кафедральным храмам стаў Полацкі Сафійскі сабор. У 1511 епархія атрымала статус архіепіскапіі, што сведчыла пра яе высокі духоўны аўтарытэт. У выніку Брэсцкай уніі 1596 стала уніяцкай. У 17 ст. двойчы рабіліся спробы прызначыць на полацкую кафедру правасл. епіскапа. У 1833 епархія адноўлена, у 1839 архірэйскі дом пераведзены ў Віцебск. У 1920-я г. ў сувязі з антырэліг. палітыкай улад царк. жыццё заняпала, у канцы 1930-х г. дзеючых храмаў не было. У 1942 абвешчана аднаўленне епархіі ў складзе Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, аднак у ваен. умовах гэты акт меў фармальны характар. Пасля вайны епіскапы не прызначаліся. У 1989 П.п.е. адноўлена як епархія Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата, ахоплівала тэр. Віцебскай вобл. У 1992 пасля стварэння Віцебскай епархіі межы П.п.е. звузіліся і ахопліваюць цяпер тэр. Полацкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Лепельскага, Міёрскага, Пастаўскага, Расонскага, Ушацкага і Шаркаўшчынскага р-наў Віцебскай вобл. На канец 2000 у епархіі было 86 прыходаў, 56 святароў, 5 дыяканаў, Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр (адноўлены ў 1990). З 1995 адноўлена выданне«Полоцких епархиальных ведомостей».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САХА́»,
сельскагаспадарчы часопіс дэмакр. кірунку. Выдаваўся з крас. 1912 да кастр. 1913 у Вільні, з ліст. 1913 у Мінску на бел. мове, у студз. 1915 на 27-м нумары выданне спынена ў сувязі з набліжэннем фронту ў 1-ю сусв. вайну. У крас. — маі 1920 у Мінску выйшлі 2 нумары. З сак. 1927 да жн. 1931 выдаваўся ў Вільні (41 нумар). Усяго выйшла 70 нумароў. Рэдактары А.Уласаў (1912—15, 1920, 1928—29), У.Павалковіч (1927), М.Ільяшэвіч (1930—31). На старонках «С.» прапагандаваліся прагрэсіўныя метады апрацоўкі зямлі, палепшаныя гатункі насення, шматпольная сістэма севазвароту. Часопіс арыентаваў на спецыялізацыю гаспадаркі, развіццё жывёлагадоўлі, пісаў пра розныя аспекты садоўніцтва, агародніцтва, даваў гасп. парады. У дарэв. пару ў «С.» выступалі А.Петрашкевіч, К.Сініцкі, Я.Пачопка (Я.Башкір), Ю.Бусел, Я.Крыўка, Я.Дыла (Н.Бываеўскі), Л.Папроцкі, Уласаў, А.Баніцэвіч і інш. У зах.-бел. перыяд часопіс пісаў пра наспелыя аграрныя рэформы, прычыны цяжкага становішча вёскі, крытычна ставіўся да хутарызацыі, знаёміў з навінкамі ў паляводстве і жывёлагадоўлі. Найб. актыўныя аўтары «С.» ў гэты час: Павалковіч, Л.Войцікава (З.Верас), М.Манцэвіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КЛО́СЫ»
(«Kłosy», «Каласы»),
навукова-літаратурны ілюстраваны часопіс памяркоўна-ліберальнага кірунку. Выходзіў у 1865—90 у Варшаве на польск. мове 1 раз у тыдзень. Рэдактар К.Вуйціцкі (да 1875), А.Пяткевіч (А.Плуг, з 1879 гал. рэдактар). Змяшчаў матэрыялы па л-ры, гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, фальклоры, краязнаўстве, а таксама нататкі з падарожжаў, успаміны, біягр. нарысы, тэатр. і муз. агляды, пераклады маст. твораў, мясц. і замежную карэспандэнцыю. Выданне вызначалася высокім графічным і маст. узроўнем (мастакі М.Э.Андрыёлі, С.Віткевіч, Ф.Кастшэўскі, Н.Орда, Ю.Фалат і інш.).
У часопісе апублікаваны працы пра Беларусь Вуйціцкага «Яўстах граф Тышкевіч» (1865), М.Камінскага «Танцы народа Павілля» (1866), В.Поля «На азёрах» (1869), З.Шчэры «Экскурсія ў Пінск і на Піншчыну» і А.Плуга «Руіны замка ў Міры» (абедзве 1877) і «Аляксандр Ходзька» (1881), В.Каратымскага «Ігнат Дамейка» (1877), З.Глогера «Земляробчыя абрады» (1879) і «Колькі слоў пра народныя і нацыянальныя песні» (1881), Э.Хлапіцкага «Апавяданні з вандроўкі па краі» (1887), В.Бютнера «Перажыткі язычніцтва на Палессі» (1890) і інш., маст. творы А.Э.Адынца, Э.Ажэшкі, Ю.Крашэўскага, Я.Лучыны, М.Радзевіча, У.Сыракомлі і інш. У 1890 зліты з час. «Tygodnik ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»).
Літ.:
Szyndler B. Tygodnik ilustrowany «Kłosy» (1865—1890). Wrocław, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,
адм.-тэр. адзінка правасл. царквы з цэнтрам у Мінску. Утворана ў крас. 1793 у складзе Грэка-расійскай (Рускай) правасл. царквы. У 1-й трэці 19 ст. ўключала тэр. Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ. З 1840 тэр. епархіі ахоплівала толькі Мінскую губ. У 1921 зах. частка епархіі апынулася ў Польшчы і перайшла пад юрысдыкцыю Польскай аўтакефальнай правасл. царквы. У ліп. 1922 абвешчана Мінская мітраполія, якая падзялялася на Мінскую, Бабруйскую, Мазырскую, Слуцкую епархіі. Мітрапалітам стаў епіскап мінскі Мелхіседэк, які т.ч. узначаліў усю правасл. царкву на тэр.БССР. У выніку рэпрэсій супраць духавенства ў 1930-я г. епархія фактычна спыніла дзейнасць. Ва ўмовах ваен. акупацыі ў кастр. 1941 адноўлена ў рамках Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1950-я г. ў сувязі з тым, што епіскапы на інш.бел. кафедры не прызначаліся, М.п.е. ў рангу мітраполіі заставалася адзінай у Беларусі (кананічна падпарадкоўвалася Маскоўскаму патрыярхату). У 1989 утвораны Бел. экзархат Маскоўскага патрыярхата (Беларуская праваслаўная царква), сталі адраджацца інш. епархіі. З лют. 1992 межы М.п.е. сталі супадаць з адм. граніцамі Мінскай вобл. На 2000 у епархіі 279 царк. прыходаў, 4 манастыры, дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя і Мінскае духоўнае вучылішча. З 1989 адноўлена выданне«Минских епархиальных ведомостей».
Літ.:
Шэйкін Г. Мінская епархія // Бел.правасл. каляндар, 1997. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЙ КУРЬЕ́Р»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-асв. кірунку. Выдавалася з 27.1(9.2) да 8(21).10.1908 у Мінску на рус. мове (з 6(19).6 да 22.8(4.9).1908 не выходзіла). Працягвала дэмакр. традыцыі газ.«Минский листок» і «Северо-Западный край», арыентавалася на мясц.прагрэс. інтэлігенцыю. Крытыкавала грамадска-паліт. лад Рас. імперыі, выкрывала рэакц. палітыку правых партый і груповак, выступала ў падтрымку студэнцкага і рабочага руху, у абарону паліт. вязняў. Асвятляла літ., тэатр. і муз. жыццё Расіі і Мінскай губ., прапагандавала рэаліст. і дэмакр. традыцыі рус. л-ры. У шэрагу артыкулаў У.Самойлы, М.Караліцкага, Н.Чарноцкага аб’ектыўна ацаніла сімвалізм, рэалізм, авангардысцкія плыні ў л-ры (Л.Андрэеў, З.Гіпіус, М.Арцыбашаў), драматургіі і тэатры (У.Меерхольд, М.Метэрлінк, Г.Ібсен, М.Горкі). Апублікавала артыкулы супрацоўнікаў рэдакцыі Самойлы «Нататкі» і Чарноцкага «Да пытання пра беларускую народную школу» ў абарону бел. мовы ў школе. Упершыню надрукавала ў рус. перакладзе Самойлы верш Я.Купалы «Беларусу» і арт. Самойлы «Вялікае свята», у якім аўтар вітаў выхад зб. паэзіі Я.Купалы «Жалейка» і апублікаваў яго верш «Да мужыка». Выйшла 148 нумароў. Выданне спынена ў выніку суд. праследаванняў і адм. спагнанняў.
Літ.:
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАРЭ́ЎСКІ ((Paderewski) Ігнацы Ян) (18.11.1860, в. Курылаўка Хмяльніцкага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 29.6.1941),
польскі піяніст, кампазітар, грамадска-паліт. дзеяч, педагог Скончыў Варшаўскі муз.ін-т (1878), з 1879 выкладаў у ім (у 1882—83 праф., з 1909 дырэктар). Вучань Т.Лешаціцкага. У 1913—18 жыў у ЗША. У 1-ю сусв. вайну прадстаўнік Польскага нацыянальнага камітэта пры ўрадзе ЗША (1917—18). У студз. — ліст. 1919 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Польшчы, прадстаўляў яе на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 (разам з Р.Дмоўскім) і ў Лізе Нацый (1919—21). У 1940—41 старшыня польск. Нац. савета ў эміграцыі. Адзін з буйнейшых піяністаў свайго часу, прадстаўнік рамант. стылю. З яго гастроляў пачалася гісторыя канцэртнай залы «Карнегі-хол» (1891, Нью-Йорк). Яго выкананне вызначалася віртуознай тэхнікай, вытанчанасцю, моцным тэмпераментам. Меў вялікі канцэртны рэпертуар, у якім вылучаліся інтэрпрэтацыі твораў Ф.Шапэна, П.Чайкоўскага, Ф.Ліста. Аўтар оперы «Манру» (паст. 1901), сімфоніі (1907), канцэрта (1888), «Польскай фантазіі на арыгінальныя тэмы» (1893) для фп. з арк., санат, «Польскіх танцаў» (1884), цыкла «Песні падарожніка», мініяцюр, у т. л. «Менуэта G-dur», эцюдаў для фп., песень, а таксама артыкулаў, успамінаў. Пад яго кіраўніцтвам у 1935—40 падрыхтавана выданне поўнага збору твораў Шапэна (1949—58).