І́НФЕЛЬД ((Infeld) Леапольд) (20.8.1898, г. Кракаў, Польшча — 15.1.1968),
польскі фізік, адзін з заснавальнікаў польскай школы тэарэт. фізікі. Чл. Польскай АН і АНінш. краін. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1921). З 1930 у Львоўскім ун-це, з 1933 у Кембрыджы (Вялікабрытанія). У 1936—38 у Прынстанскім ін-це перспектыўных даследаванняў у А.Эйнштэйна, з 1939 у Таронцкім ун-це (ЗША) (Канада)*. З 1950 у Варшаўскім ун-це, адначасова з 1951 дырэктар Ін-та тэарэт. фізікі. Навук. працы па агульнай тэорыі адноснасці, нелінейнай электрадынаміцы, квантавай механіцы. Даў інтэрпрэтацыю неазначальнасцей суадносін, вывеў хвалевае ўраўненне электрона (з галандскім матэматыкам Б.Л.Ван-Дэр Вардэнам), з Эйнштэйнам і Б.Гофманам вывеў ураўненні руху сістэмы цел у гравітацыйным полі ў прыбліжэнні больш высокім за ньютанаўскае. Аўтар публіцыстычных твораў, маст. біяграфій вучоных.
Тв.:
Рус.пер. — Движение и релятивизм. М., 1962 (разам з Е.Плябанскім);
Эварист Галуа — избранник богов. М., 1965;
Эволюция физики. 4 изд. М., 1966 (разам з А.Эйнштэйнам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЎР (Louvre) у Парыжы, помнік архітэктуры класіцызму; маст. музей, адно з самых вял.маст. сховішчаў свету. Першапачаткова каралеўскі палац на месцы стараж. замка (1546—19 ст., арх. П.Леско, Л.Лево, К.Перо і інш., скульпт. дэкор Ж.Гужона, афармленне інтэр’ера Ш.Лебрэна і інш.). З 1791 музей. Пасля 1850-х г. да Л. прыбудаваны Новы Луўр (цяпер карцінная галерэя; арх. Л.Вісконці, Э.Лефюэль). Перабудовы і пашырэнні зрабілі Л. адной з арх. дамінантаў гіст. цэнтра Парыжа. У аснове калекцыі — б. каралеўскія зборы, калекцыі манастыроў і прыватных асоб. У ім захоўваюцца багатыя зборы ўсх. старажытнасцей, стараж.-егіп., ант., зах.-еўрап. мастацтва (асабліва франц. школы). Сярод шэдэўраў Л.: стараж.-акадская «Стэла цара Нарамсіна», стараж.-егіп. статуя пісца Каі, стараж.-грэч. статуі «Ніке Самафракійская», «Венера Мілоская», творы Мікеланджэла, «Джаконда» Леанарда да Вінчы, «Сельскі канцэрт» Джарджоне, «Мадонна канцлера Ралена» Я. ван Эйка, творы П.П.Рубенса, Рэмбранта, Н.Пусэна, А.Вато і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЗЯРЫ́Т,
у бел. мастацтве стараж. назва гравюры на медзі; тое, што афорт. На Беларусі вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Раннія М. на бел. тэмы заказваліся за мяжою (карта Полацкай зямлі, план Полацка, Рым, 1579; карта Вял.кн. Літоўскага, Амстэрдам, 1613). Адным з першых да М. звярнуўся Т.Макоўскі («Панегірык братоў Скарульскіх», Нясвіж, 1604, і інш.). М. стваралі браты А.Тарасевіч (ілюстрацыі да «Разарыума...», Аўгсбург, 1672) і Л.Тарасевіч («Партрэт Г.Зямлі», 1690-я г.), І.Шчырскі, М.Сімкевіч, а таксама замежныя гравёры, якія працавалі на Беларусі: К.Гётке, А. ван Вестэрфельд, П.Эгельхарт. У тэхніцы М. выконваліся панегірычныя гравюры, ілюстрацыі. У бел. кірылічнай кнізе да М. звярталіся С.Собаль (тытул «Актоіха», Кіеў, 1628), М.Вашчанка (ілюстрацыі да «Акафістаў і канонаў», Магілёў, 1693). У тэхніцы М. выконвалі таксама гар. краявіды Полацка, Магілёва, Гродна, Нясвіжа, нар. лубкі, экслібрысы. Іл.гл. таксама да арт.Афорт.
В.Ф.Шматаў.
Да арт.Медзярыт. Л.Тарасевіч. Партрэт Г.Зямлі. 1690-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМСТЭРДА́М (Amsterdam),
горад, сталіца Нідэрландаў. 713,4 тыс.ж. (разам з прыгарадамі больш за 1 млн.; 1993). Знаходзіцца ў правінцыі Паўн. Галандыя, на нізкім беразе зал. Эйселмер каля вусця р. Амстэл. Тунэлі пад ракой злучаюць часткі горада, з Паўночным м. звязаны праз Нордзе-канал, інш. каналамі — з Рэйнам і астатнімі ўнутр. воднымі шляхамі. Адзін з найбуйнейшых у Еўропе порт (грузаабарот больш за 20 млн.т марскіх і больш за 16 млн.т унутраных перавозак штогод), буйны вузел чыгунак (5 ліній) і аўтадарог, у прыгарадзе міжнар. аэрапорт Схіпхал. Гал.гандл. цэнтр Еўропы, адзін з буйнейшых у свеце аптовых рынкаў па продажы тытуню, кавы, какавы, цытрусавых, рысу, каўчуку, прыпраў, драўніны, нафты, збожжа і вугалю. Буйны цэнтр машынабудавання (судна- і авіябудаванне, электратэхн., электроннае, хім. і інш.), нафтаперапр., хім., дрэваапр., швейнай, харч. прам-сці. Традыцыйная ювелірная вытв-сць (апрацоўка алмазаў), паліграфія. У Амстэрдаме праўленні вядучых камерц. банкаў, фондавая біржа. Метрапалітэн, 2 ун-ты (засн. ў 1877 і 1880). Акадэмія навук і мастацтваў.
Упершыню ўпамінаецца ў 1275 як рыбацкая вёска на беразе р. Амстэл. З 1300 горад. Вызваленне Нідэрландаў з-пад улады Іспаніі спрыяла эканам. ўздыму Амстэрдаму, ён стаў цэнтрам марскога гандлю і крэдыту сусв. значэння. У 16 ст. ў Амстэрдаме створана біржа, у 1609 засн. разменны банк, узніклі Ост-Індская (1602) і Вест-Індская (1621) гандл. кампаніі. У 1795—1806 сталіца Батаўскай рэспублікі, пасля — Нідэрландскага каралеўства. У 1940—45 акупіраваны ням. фашыстамі. Гіст. ядро горада — раён плаціны цераз р. Амстэл (цяпер плошча Дам з каралеўскім палацам; б. ратуша 1648—65, арх. Я. ван Кампен). Своеасаблівасць планіроўкі старых частак Амстэрдама — сістэма паўкальцавых і радыяльных каналаў, пракапаных у 1610—62 (каля 50 каналаў, 784 масты). Па набярэжных — жылыя дамы з вузкімі фасадамі, будынкі гільдый, кампаній, дабрачынных устаноў 16—18 ст. Захаваліся гар. вароты і вежы 15—17 ст., цэрквы ў стылях готыкі і класіцызму. У 19—20 ст. пабудаваны Дзярж. музей (1885, арх. П.І.Х.Кёйперс), біржа (1903, арх. Х.П.Берлаге), вял. новыя раёны (арх. Берлаге, М. дэ Клерк, К. ван Эстэрэн, П.Л.Крамер і інш.). З 1930-х г. забудоўваецца сучаснымі, у т. л. вышыннымі, будынкамі (арх. В.М.Дзюдак і інш.). Музеі: гарадскі, Музей Каралеўскага ін-та тропікаў. Дом Рэмбранта.
Ф.С.Фешчанка.
Амстэрдам. Плошча Дам.Цэнтральная частка Амстэрдама.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАЛІ́ЗМ (ад лац. vitalis жыццёвы),
кірунак у біялогіі, які сцвярджае наяўнасць у арганізмах асобнай нематэрыяльнай жыццёвай сілы, якая адсутнічае ў нежывых целах. Прыхільнікі віталізму адмаўляюць трактоўку жыцця як сукупнасці фіз., хім. і мех. з’яў і разглядаюць яго як якасна своеасаблівую, аўтаномную з’яву, невытлумачальную без прыцягнення нематэрыяльных фактараў.
Карані віталізму ў першабытным анімізме (адушаўленні ўсіх цел прыроды). Элементы яго прысутнічаюць ва ўяўленнях ант. філосафаў (Платона, Арыстоцеля). Як цэласнае вучэнне сфарміраваўся ў 17—18 ст. у форме канцэпцыі «душы», што кіруе жыццём арганізмаў (галанд. вучоны Я.Б. ван Гельмант, ням. ўрач Г.Э.Шталь). Новая хваля віталізму — неавіталізм, што ўзнікла ў 2-й пал. 19 ст. (ням. біёлаг Г.Дрыш і інш.), адмаўляла тэорыю Ч.Дарвіна і проціпастаўляла ёй сцверджанне аб непазнавальнай жыццёвай сутнасці («энтэлехіі»), якая кіруе жыццёвымі працэсамі і забяспечвае іх развіццё. У 20 ст. ідэі віталізму ўвасобіліся ў шэрагу антыдарвінісцкіх канцэпцый эвалюцыі (псіхаламаркізм Э.Копа, «творчая эвалюцыя» К.Бергсона і інш.).
Літ.:
Кремянский В.И. Структурные уровни живой материи. М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГЕБРАІ́ЧНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
раздзел матэматыкі, які вывучае геаметрычныя аб’екты, звязаныя алг. ўраўненнямі, — алг. мнагастайнасці. Узнікла ў 17 ст. з увядзеннем у геаметрыю паняцця каардынат. У сярэдзіне 19 ст. алгебраічная геаметрыя выдзелілася з матэм. аналізу як тэорыя алг. крывых. У канцы 19 ст.італьян. вучоныя К.Сегрэ, Л.Крэмона і інш. стварылі тэорыю алг. паверхняў. У 1930-я г. матэматыкі галандскі Б.Л.Ван-дэр-Вардэн, ням. Г.Гасе і франц. А.Вейль стварылі асновы алгебраічнай геаметрыі над адвольным полем К. Падабенства тэорыі алг. крывых і тэорыі алг. лікаў стымулявала пошукі агульнай алг. асновы (амер. вучоны О.Зарыскі, франц. матэматыкі К.Шэвале і Ж.Сер). Асновай стала тэорыя схем (франц. матэматык А.Гратэндзік), дзе, напр., на геам. мове разглядаліся сістэмы алг. ураўненняў над адвольным камутатыўным кольцам, апісваліся ўласцівасці праектыўных мнагастайнасцяў. Алгебраічная геаметрыя звязана з тэорыяй функцый камплексных пераменных, лікаў тэорыяй, ураўненнямі матэматычнай фізікі і інш.
Літ.:
Шафаревич И.Р. Основы алгебраической геометрии. 2 изд. Т. 1—2. М., 1988;
Гриффитс Ф., Харрис Дж. Принципы алгебраической геометрии: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛО́ГІЯ БЫЦЦЯ́,
адно з асноўных паняццяў каталіцкай філасофіі — тамізму, паводле якога Бог і ўсё ім створанае знаходзяцца ў суадносінах з агульным для іх быццём. Фама Аквінскі ўзвёў аналогію быцця ў фундаментальны прынцып гэтай дактрыны і распрацаваў яго філас. змест. У 20 ст. ўклад у распрацоўку аналогіі быцця, вызначэнне сфер і магчымасцяў выкарыстання зрабілі Э.Пшывара, Ф. Ван Стэенберген, Б.Лакебрынк, К.Ранер. Сутнасць аналогіі быцця ў тым, што паміж Богам і яго тварэннямі існуюць першапачатковыя адносіны падабенства ў адрозненнях і адрозненні ў падабенстве. Таму адносіны аналогіі могуць пераважаць толькі там, дзе няма ні поўнага падабенства, ні поўнага адрознення, а спалучаюцца адно з адным. Першасным, вызначальным прызнаецца падабенства, першакрыніца якога — стварэнне Богам сусвету і ўсяго, што ў ім існуе. Гэта дае магчымасць філас.-тэалагічнымі сродкамі абгрунтоўваць быццё Бога як першакрыніцу створанага сусвету розных падабенстваў, сярод якіх самае набліжанае да творчай магутнасці стваральніка — творчая дзейнасць чалавека. Але яе нельга атаясамліваць з творчым актам стварэння, бо яна толькі набліжаецца да яго паводле падабенства (аналогіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНУЭ́ЗСКАЯ ШКО́ЛА,
мастацкая школа ў Італіі 16—17 ст.У архітэктуры сфарміравалася да сярэдзіны 16 ст.; яе росквіт звязаны з творчасцю Г.Алесі, яго вучняў і паслядоўнікаў (Р.Лурага і інш.). Яе характэрныя рысы выявіліся ў структуры гар. палацца, які спалучаў урачыстую пышнасць з інтымнасцю вясковай сядзібы. У жывапісе склалася да 1630-х г. пад уплывам італьян. майстроў 2-й пал. 16 ст. і фламандцаў, што працавалі ў Генуі (П.П.Рубенс, А. ванДэйк). Яе вядучы мастак — венецыянец Б.Строцы, у творах якога мясц. традыцыі спалучаліся з маляўнічасцю і эмацыянальнасцю флам. мастацтва. Майстры Генуэзскай школы выконвалі парадныя арыстакратычныя партрэты, рэліг. кампазіцыі і дэкар. размалёўкі; набылі вядомасць і творы т.зв. пастаральнага жанру, дзе значнае месца займалі пейзаж, хатняе начынне і жывёла (Дж.Б.Кастыльёне, А.М.Васала). Усхвалявана-рамант. кампазіцыі стварыў В.Кастэла, «жывапіс мазка і плямы» якога набылі пашырэнне ў Генуі і інш.маст. цэнтрах Паўн. Італіі.
Літ.:
Виппер Б.Р. Проблема реализма в итальянской живописи XVII—XVIII вв. М., 1966.
Да арт.Генуэзская школа. Б.Строцы. Святы Лаўрэнцій раздае міласціну. 1630—44.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́РДАНС ((Jordaens) Якаб) (19.5.1593, г. Антверпен, Бельгія — 18.10.1678),
фламандскі жывапісец. Прадстаўнік барока. З 1607 вучыўся ў Антверпене ў А. ван Норта. У творчасці захоўваў сувязі з традыцыямі нідэрл. мастацтва 16 ст., выкарыстоўваў дасягненні М.Караваджа і П.П.Рубенса, з якім супрацоўнічаў у 1620—40. Раннім работам уласцівы выразна простанародны характар вобразаў, шчыльна згрупаваных на пярэднім плане, буйныя выпуклыя формы, асвятленне, якое падкрэслівае яркія колеры («Святая сям’я», каля 1615; «Пакланенне пастухоў», каля 1617; «Алегорыя Плоднасці» («Услаўленне Памоны»), каля 1622]. У 1620—30-х г. адлюстроўваў сялянскія і бюргерскія тыпажы, якія вылучаліся цяжкаважкасцю фігур, сакавітасцю дэталей, рысамі грубаватага жыццярадаснага гумару: «Сатыр у гасцях у селяніна», пач. 1620-х г.; «Псяр і яго зграя», 1635; «Выхаванне Юпітэра», 1635—40; «Бабовы кароль», 1638—40). Познія творы на рэліг. сюжэты — у рамках рэліг. эстэтыкі барока з рысамі бурлівай патэтыкі і маст. перагрувашчанасці («Шэсце на Галгофу» і інш.). Рабіў малюнкі і кардоны для шпалераў («Гісторыя Аляксандра», «Серыя фламандскіх прымавак»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОТ ((Mott) Невіл Фрэнсіс) (30.9.1905, г. Лідс, Вялікабрытанія —8.8.1996),
англійскі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў фізікі паўправаднікоў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1936), чл.-кар.Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1954). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1927), дзе працаваў у 1930—33 і з 1954 (у 1954—71 дырэктар Кавендышскай лабараторыі). У 1933—54 праф. Брыстольскага ун-та. Навук. працы па квантавай механіцы, ядз. фізіцы, фізіцы цвёрдага цела. Вывеў ф-лу для дыферэнцыяльнага сячэння рассеяння атама (ф-лаМ., 1930). Даў уяўленне аб звязаным стане электрона з зоны праводнасці і дзіркі з валентнай зоны (эксітон Ванье—М., 1937). Пабудаваў тэорыю фатагр. працэсу (мадэль М. — Гёрні; 1938) і тэорыю пераходных металаў і іх сплаваў. Адзін са стваральнікаў тэорыі неўпарадкаваных сістэм. Нобелеўская прэмія 1977 (разам з Ф.Андэрсанам, Дж.Х.Ван Флекам).
Тв.:
Рус.пер. — Теория атомных столкновений. 3 изд. М., 1969 (разам з Г.Месі);
Электронные процессы в некристаллических веществах. Т. 1—2. 2 изд. М., 1982 (разам з Э.А.Дэвісам).