ПАНФЁРАЎ (Фёдар Іванавіч) (2.10.1896, с. Паўлаўка Ульянаўскай вобл., Расія — 10.9.1960),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Саратаўскім ун-це (1923—25). З 1931 (з перапынкамі) гал. рэдактар час. «Октябрь». Друкаваўся з 1918. Раман «Брускі» (т. 1—4, 1928—37; па матывах рамана нап. п’есу «Жыццё», 1939; кінасцэнарый «У пошуках радасці», 1940) пра калектывізацыю ў прыволжскай вёсцы. Тэме Вял.Айч. вайны прысвечаны аповесці «Сваімі вачамі» (1941), «Рука пацяжэла» (1942), трылогія: раманы «Барацьба за мір» (1945—47, Дзярж. прэмія СССР 1948), «У краіне пераможаных» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Вялікае мастацтва» (2-і варыянт 1954). Аўтар трылогіі «Волга-матухна рака» (1953—60), аповесцей «Роднае мінулае» (1956), «Сказанне пра Паволжа» (1957), п’ес «Мужыкі» (1924), «Бунт зямлі» (1926), кн. нарысаў «Берагавая быль» (1926), апавяданняў, літ.-крытычных артыкулаў і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі М.Багун, Т.Кляшторны.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1986;
Бел.пер. — Брускі. Ч. 1—2. Мн., 1932;
Цвёрдым поступам. Мн., 1932.
Літ.:
Стогнут А.С. Ф.И.Панферов. 2 изд. Киев, 1969;
Федор Панферов: Воспоминания друзей. 2 изд. М., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕ́СНЯ ПРА МАЙГО́ СІ́ДА»
(«El cantar de Mío Cid»),
помнік іспанскага гераічнага эпасу. Створаны каля 1140, дайшоў у адзіным няпоўным запісе 1307 (апубл. 1779). Гіст. аснову паэмы склалі падзеі Рэканкісты — барацьба іспанцаў з арабамі, якія захапілі Пірэнеі. Гал. герой — доблесны і мудры Сід (ад араб. сеід пан), гіст. прататыпам якога стаў кастыльскі военачальнік Радрыга Дыяс дэ Бівар, празваны Кампеадорам (воінам). У ідэалізаваным вобразе Сіда ўвасобіліся характэрныя рысы змагара за вызваленне радзімы ад маўраў, вернага каралю васала, абаронцы народа ад уціску феад. знаці. Дэмакратызм і народнасць «Песні...» выявіліся ў разнастайнасці яе тэматыкі (паліт., ваен., быт., сямейнай), адсутнасці гіпербалізацыі ў адлюстраванні людзей і падзей, выразнай і яркай мове, блізкай да народнай. Помнік значна паўплываў на далейшае развіццё ісп. л-ры. Вобраз Сіда знайшоў адлюстраванне ў творах П.Карнеля, М.Мачада-і-Руіса, навук. працах І.Гердэра.
Публ.:
Рус.пер. — Песнь о Роланде;
Коронование Людовика;
Нимская телега;
Песнь о Сиде;
Романсеро. М., 1976.
Літ.:
Смирнов А.А. Испанский героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́РКА (Юрась) (Юрый Мікалаевіч; н. 6.5.1933, в. Маргавіца Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт і перакладчык. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у час. «Камуніст Беларусі», газ. «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», на Бел. радыё. Друкуецца з 1952. У першым зб. «Шэпчуцца ліўні» (1959) пераважна пейзажная лірыка. Аўтар зб-каў паэзіі «Вечнасць» (1963), «Баравіна» (1967), «Крэўнасць» (1971), «Аўтограф» (1974), «Люблю і веру» (1975), «Памятная вярста» (1978), «Біяграфія памяці» (1981), «Ядранасць» (1983), «Паўшар’е блакіту» (1986), «Узаемнасць» (1993, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1993), у якіх малюнкі прыроды, жыццё і праца людзей, барацьба з ворагам у час Вял.Айч. вайны і інш. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пушкіна, Ф.Цютчава, А.Пракоф’ева, А.Твардоўскага, Р.Казаковай, Зульфіі, С.Нерыс, К.Сейтліева, О.Вацыеціса, Дз.Паўлычкі і інш. Песні на словы яго вершаў напісалі М.Аладаў, М.Наско, Ю.Семяняка і інш.
балгарскі паэт, публіцыст, рэв. дзеяч. Нац. герой Балгарыі. У 1863—66 жыў у Расіі, вучыўся ў Адэскай гімназіі (1863—65), зблізіўся з сасланымі ўдзельнікамі паўстання 1863—64. У 1867 вярнуўся на радзіму, але вымушаны эмігрыраваць у Румынію, дзе знаходзіўся ў цэнтры балг.рэв. эміграцыі. Літ. працу спалучаў з рэв. дзейнасцю: перакладаў, пісаў вершы, фельетоны, апавяданні, выдаваў сатыр. і рэв. газеты. У публіцыстычных артыкулах выступіў як ідэолаг рэвалюцыі, філосаф-матэрыяліст, палітык. Рэаліст. і рэв. паэзія Боцева абапіралася на нац. фальклор, адлюстроўвала драматызм эпохі і веру ў будучыню (усяго больш як 20 вершаў, у т. л. «Барацьба», «На развітанне», «Хаджы Дзімітр»; незавершаная паэма «Гайдукі», 1871). Быў звязаны з М.К.Судзілоўскім, балг. (В.Леўскі і інш.), рус., польск. рэвалюцыянерамі-дэмакратамі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Красавіцкага паўстання 1876, у час якога загінуў. Дзень гібелі Боцева адзначаецца ў Балгарыі як дзень памяці герояў, што загінулі ў вызв. барацьбе. Яго творы на бел. мову перакладалі М.Хведаровіч, Н.Гілевіч, А.Разанаў.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Хай зорыць дзень. Мн., 1973;
Рус.пер. — Избранное. М., 1976.
Літ.:
Творчеството на Христо Ботев: Теоретически аспекти. Пловдив, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА (старажытнагрэчаскае і старажытнарымскае мастацтва) (1-с тыс. да н.э. — 1-я пал. 1-га тыс.н.э.). Зарадзілася на Пд Балканскага п-ва, на астравах Эгейскага архіпелага і зах. узбярэжжы М.Азіі. Найвышэйшы росквіт перажыло ў Грэцыі Старажытнай. Падзяляецца на архаіку (7—6 ст. да н.э.),
класіку (5—4 ст. да н.э.), элінізм (канец 4—1 ст. да н.э.), рымскае мастацтва (3 ст. да н.э. — 5 ст.н.э.). У эпоху элінізму яго ўплыў пашырыўся на тэрыторыі, што прылягалі да Міжземнага і Чорнага мораў, на Б. і Сярэдні Усход (амаль да Індыі), дзе склаліся мясц. школы эліністычнага мастацтва. Традыцыі стараж.-грэч. і эліністычнага мастацтва атрымалі новае развіццё ў мастацтве Рыма Старажытнага. Лепшыя творы антычнага мастацтва, якія ў класічна ясных, узнёслых формах увасобілі высокія гуманіст. ідэалы, да нашага часу звязаны з уяўленнем аб маст. дасканаласці і недасягальным узоры, гарманічным харастве па законах прастаты, раўнавагі, меры.
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Антычнае мастацтва. Барацьба Зеўса з гігантамі. Фрагмент фрыза Пергамскага алтара. Каля 180 да н. э.Да арт.Антычнае мастацтва. Арка Ціта ў Рыме. 81 н. э.Да арт.Антычнае мастацтва. Амфара. 360 да н. э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКУМЕНТАЗНА́ЎСТВА,
навуковая дысцыпліна, якая вывучае заканамернасці складання дакументаў, распрацоўвае спосабы іх стварэння, прынцыпы арганізацыі дакументаабарачэння і пабудовы сістэм дакументацыі. Вылучылася з архівазнаўства і архіўнай службы. Звязана з крыніцазнаўствам, якое таксама мае аб’ектам даследавання дакумент. Задачы Д.: павышэнне эфектыўнасці дакументацыйнага забеспячэння аператыўнага кіравання, барацьба з ростам выдаткавання паперы і павелічэння плошчаў, занятых пад сховішчы інфармацыі. Д. выконвае канкрэтныя патрэбы грамадства ў дакументальнай сферы: паляпшэнне якасці дакумента і прыстасаванне яго да ўмоў машыннай апрацоўкі інфармацыі; стварэнне машыначытальных дакументаў, мініяцюрызацыя носьбітаў і пераход да бездакументных камунікацый; забеспячэнне выкарыстання дакументаў у аўтаматызаваных банках даных; стварэнне інфармацыйна-пошукавай сістэмы (ІПС) па дакументах, што функцыяніруюць у апараце, і яе сумяшчальнасць з ІПС дзярж. архіваў; распрацоўка рацыянальнай сістэмы ўліку і захоўвання дакументаў; наданне юрыд. сілы інфармацыі, запісанай на машынных носьбітах. З 1966 даследаваннямі ў галіне Д. займаўся Усесаюзны НДІ Д. і архіўнай справы; у якасці сураспрацоўшчыкаў тэм выступалі цэнтр.дзярж. архівы Беларусі. Пытаннямі Д. займаюцца аддзел справаводства і фарміравання Нац. архіўнага фонду Дзярж.к-та па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь і Бел.НДІ Д. і архіўнай справы (у 1992—95 Бел.н.-д. цэнтр Д., археаграфіі і архіўнай справы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАРА́Д (Канстанцін Ільіч) (7.11.1918, в. Языль Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык. Канд.гіст.н. (1955). Скончыў БДУ (1949). У Вял.Айч. вайну ў 1941—43 у органах ваен. разведкі і контрразведкі Зах. фронту. З жн. 1943 у тыле ворага, ў складзе аператыўнай групы ЦККП(б)Б, кіраўнік спецгрупы НКДББССР «Жнівень», адначасова нам. камандзіра Барысаўска-Бягомльскага партыз. злучэння. У 1944—46 нам. старшыні Мінскага аблвыканкома. У 1956—75 працаваў у БПІ, Мінскім радыётэхн. ін-це, у 1975—92 у ін-тах гісторыі партыі пры ЦККПБ, гісторыі АН Беларусі. Даследуе гісторыю Вял.Айч. вайны, Мінскае гарадское антыфаш. падполле 1941—42. Адзін з аўтараў працы «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Нарысаў ваеннай гісторыі Беларусі» (ч. 4—5, 1995).
Тв.:
Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў заходніх абласцях Беларускай ССР. Мн., 1959 (з Г.А.Барадачом);
Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;
Разведка и контрразведка в партизанском движении Белоруссии, 1941—1944 гг.Мн., 1995;
Так ли должны писаться военные мемуары? // Воен.-ист. журн. М., 1966, № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРВІНІ́ЗМ САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
тэарэтычная плынь у грамадазнаўстве канца 19 — сярэдзіны 20 ст., якая імкнулася прычыны і кірункі грамадскага развіцця тлумачыць заканамернасцямі біял. эвалюцыі, прынцыпы прыроднага адбору, барацьбы за існаванне і выжыванне пераносіць на жыццё грамадства і чалавечых супольнасцей. Заснавальнік Д.с. англ. сацыёлаг Г.Спенсер. У межах Д.с. склаліся розныя кірункі. Прадстаўнікі антрапалагічнай школы ў сацыялогіі (Х.Чэмберлен, Ж.Лапуж, О.Аман) прынцыпы барацьбы за існаванне пераносілі непасрэдна на ўзаемаадносіны паміж сац. групамі, народамі, дзяржавамі. Польска-аўстр. сацыёлаг Л.Гумплавіч тлумачыў сац. з’явы з пазіцый натуралізму, а ўзаемаадносіны паміж сац. групамі трактаваў як бязлітасную барацьбу, якая вызначае не толькі сац. канфлікты, але і сац. жыццё ў цэлым. Г.Ратцэнгофер, У.Самнер, У.Беджгат лічылі, што барацьба паміж расавымі, этн. і культ. групамі абумоўлена сутыкненнем інтарэсаў, якія з’яўляюцца ўвасабленнем біял. імкненняў. Прадстаўнікі сацыябіялогіі (Э.Уілсан, Р.Александэр, Р.Трыверс і інш.) выступаюць за новы сінтэз біял. і сац. навук, сцвярджаюць, што сфармуляваныя імі прынцыпы паводзін жывёл неабходна пашырыць на жыццё грамадства, бо гэта дасць магчымасць зразумець біял. асновы зыходных формаў чалавечых паводзін (сямейныя адносіны, сац. зносіны, сац. няроўнасць, агрэсія, альтруізм і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАМАТЫ́ЧНАЯ ПАЭ́МА жанравы тып паэмы, які ўзнік на мяжы паэзіі і драматургіі. Развіваецца на аснове арган. зліцця эпічнага і драм. пачаткаў. Выпрацавала і замацавала ўстойлівыя жанравыя прыкметы: канфліктна-напружанае сутыкненне характараў, маральна-этычных пазіцый, ідэалаў, страсцей, што складае асн.драм. «спружыну» твора, якому ўласціва маналагічна-дыялогавая форма, разгортванне дзеі, набліжанай да сцэнічнай падачы.
Аднак гэта найперш паэма, жанравую сутнасць якой вызначае сіла эпічнай паэтызацыі падзей і герояў, паэт. падыход ад іх увасаблення. Д.п. адметная схільнасцю да асэнсавання вузлавых перыядаў нац. гісторыі, буйных грамадскіх асоб, значных падзей. Яе зместам становіцца барацьба народа ў напружаныя моманты яго сац. і нац. самасцвярджэння. Дасягнула класічных узораў у творчасці Дж.Мільтана («Страчаны рай»), Дж.Байрана («Каін»), Ф.Шылера («Валенштэйн»), П.Б.Шэлі («Раскаваны Праметэй»), А.Міцкевіча («Дзяды»), А.Пушкіна («Барыс Гадуноў»), Л.Украінкі («Лясная песня») і інш. У бел. л-ры пачынальнік яе — Я.Купала, які даў узоры высокіх формаў драматычна-паэмнага мастацтва («Адвечная песня», «Сон на кургане»). Д.п. стварылі П.Глебка («Над Бярозай-ракой»), А.Куляшоў («Хамуціус»). Нац. традыцыя драматычна-паэмнага асэнсавання жыцця ў апошні час атрымала працяг у паэмах М.Арочкі («Курганне», «Крэва»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАННЕ НАВАКО́ЛБНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,
паступленне ў асяроддзе рэчываў, біял. агентаў або розных відаў энергіі ў колькасці, якая перавышае звычайны ўзровень. Аказвае шкодны ўплыў на існаванне жывых арганізмаў і парушае прыродную дынамічную раўнавагу. Вылучаюць прыроднае і забруджванне антрапагеннае, з якімі звязаны забруджванне атмасферы, забруджванне вод, забруджванне глеб. Прыроднае забруджванне звязана з натуральнымі працэсамі (напр., у выніку вулканічнай дзейнасці); бывае часовае, пастаяннае, лакальнае, рэгіянальнае і глабальнае. Рост антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе — эканам., сац., паліт. і прыродазнаўча-навук. праблемы. Барацьба з З.н.а. патрабуе заканадаўчага забеспячэння, кантролю велічынь гранічна дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў, грунтуецца на пастаянным павышэнні агульнай, тэхнал., экалагічнай культуры насельніцтва, стварэнні экалагічна бяспечных сістэм гасп. дзейнасці, узвядзенні ачышчальных збудаванняў і інш. (гл. таксама Ахова прыроды, Экалогія). На Беларусі на 1.1.1996 намнажэнне адходаў складала 619 млн.т, за год утвараецца да 20 млн.т (у прам-сці да 80%, у быт. сектары да 20%). Гал. доўгатэрміновай экалагічнай праблемай з’яўляецца радыеактыўнае З.н.а. пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986, якая ахапіла каля 23% тэр. рэспублікі (па цэзіі-137).