ЛІПА́ТАЎ Віль Уладзіміравіч (10.4.1927, г. Чыта, Расія — 2.5.1979),

расійскі пісьменнік. Скончыў Томскі пед. ін-т (1952). Друкаваўся з 1956. Аўтар аповесцей «Шасцёра» (1958), «Капітан «Смелага» (1959), «Смерць Ягора Сузуна» (1963), «Вясковы дэтэктыў» (1967, аднайм. фільм 1969), «Ліда Вараксіна» (1968), «Сказанне пра дырэктара Пранчатава» (1969, тэлефільм «Інжынер Пранчатаў», 1972), «Шэрая мыш» (1970), «Яшчэ да вайны» (1971), «Аповесць без назвы, сюжэта і канца...» (1978), раманаў «І гэта ўсё пра яго...» (1974, аднайм. тэлефільм 1978), «Ігар Сававіч» (1977) і інш. Пісаў апавяданні, нарысы, п’есы. Асн. тэмы твораў — гіст. звязанасць лёсаў, сац. праблемы ў вёсцы, унутр. свет чалавека.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1982—85;

Лев на лужайке: Роман. М., 1990.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 9, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДО́Е ЖЫЦЦЁ»,

заходнебеларускі маладзёжны часопіс. Выдаваўся з лют. 1921 да студз. 1923 у Вільні на бел. мове; неперыядычна. Заклікаў моладзь да паліт. і сац. самаўсведамлення, салідарнасці з прагрэс. моладдзю інш. краін. Асаблівую ўвагу аддаваў прапагандзе духоўнай спадчыны бел. народа, выхаванню пашаны да яе. Асвятляў падзеі культ. жыцця Зах. Беларусі. Друкаваў вершы У.​Жылкі, І.​Дварчаніна, У.​Дубоўкі, М.​Запольскага, М.​Парашкевічанкі, Ю.​Сергіевіча, В.​Сталяронка, С.​Глебава, апавяданні і замалёўкі Чурылы, Я.​Драздовіча (псеўд. І.​Разора), М.​Ільяшэвіча, літ.-крытычныя артыкулы, нарысы пра творчасць Ф.​Багушэвіча, В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Коласа. Змяшчаў пераклады твораў на бел. мову А.​Герцэна, І.​Тургенева, Г.​Лангфела. Усяго выйшла 7 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 9, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЫ́НСКАЯ-ГЕ́ЛЬТМАН (Moszyńska-Heltmanowa) Ядвіга Уладзіславаўна (16.7.1886, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 7.5.1946),

польская паэтэса-перакладчыца, педагог. Вучылася ў Ягелонскім ун-це ў Кракаве (1904—07). З 1917 у Мінску, у 1924—31 выкладала ў польск. пед. тэхнікуме, Камуніст. ун-це Беларусі імя Леніна. У 1932—37 у Ваен. акадэміі імя Фрунзе ў Маскве. Аўтар падручнікаў для польск. школ на Беларусі «Першая кніжка для чытання» і «Другая частка лемантара» (абодва 1926), «Другая кніжка для чытання» (1928). Пераклала на польск. мову «Выбраныя апавяданні» Ц.​Гартнага (1929), аповесць З.​Бядулі «Салавей» (1931), «Выбраныя вершы» А.​Александровіча (1932), паэму Я.​Купалы «Над ракой Арэсай» (1935), аповесць Я.​Коласа «Дрыгва» (1936) і інш.

т. 10, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНКО́ Васіль Пятровіч (14.1.1902, с. Мінкаўка Харкаўскай вобл., Украіна — 30.1.1989),

украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Харкаўскім ун-це нар. адукацыі (1929—31). Дэбютаваў у 1924. Пісаў апавяданні, нарысы (зб-кі «Улада на месцах», 1928; «Поўная чаша», 1950), аповесці («Ярына Чаркас», 1936; «Над Харол-ракой», 1949) і інш. Актуальнасцю тэматыкі вызначаліся сатыр. камедыі «Не называючы прозвішчаў» (1953), «Маўчаць забаронена» (1955), «На хутары ля Дзіканькі» (1958), «Жаніх з Аргенціны» (1960), «Камедыя з двума інфарктамі» (1967), «Яго вялікасць — каравай» (1979) і інш. Аўтар драм, аўтабіягр. аповесці «Мая Мінкаўка» (ч. 1—2, 1962—70), мемуараў «З пяром, як з ружжом» (1981).

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1981;

Рус. пер. — Драма и комедии. М., 1963.

В.​А.​Чабаненка.

т. 10, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАВЕ́ЙКА Іван Андрэевіч (н. 21.10. 1921, в. Таль Любанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску (1939), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1964). З 1948 у любанскай раённай газеце Друкуецца з 1936. Аўтар зб. вершаў «Песня над палямі» (1955). Піша пераважна для дзяцей: зб-кі «Ручаінкі» (1956), «Вось якія мы» (1958), «Пра работу і ляноту» (1960), «Дружная сямейка» (1961), «Сняжынкі-смяшынкі» (1962), «Сем колераў вясёлкі» (1965), «Лясное возера» (1970), «Мы таксама падрасцём» (1971), «Дуб і дубок» (1977), «Няхай сонца не заходзіць» (1981), «Я прыдумаў казку» (1985). У кн. «Прынёс з вайны» (1991) — франтавыя запісы, вершы, апавяданні пра аднапалчан і інш.

т. 11, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ Валерый Уладзіміравіч (16.3.1923, г. Ішым Цюменскай вобл., Расія — 16.2.1997),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (1940—43). Апавяданні і аповесці «Гусяня трэцяга сорту» (1960), «Баранкін, будзь чалавекам!» (1962; аднайм. мультфільм 1963), «Воўка Вяснушкін у краіне завадных чалавечкаў» (1964), «Працяжнік — працяжнік — кропка» (1965), раман «Вясельны марш» (1974), п’есы «Жах-жах — жахлівая гісторыя» (1966), «Двайнік чэмпіёна» (1978) і інш. пра жыццё дзяцей і падлеткаў, іх маральнае фарміраванне, юнацкае каханне і сяброўства. Аўтар вершаў, казак, інтэрмедый, клаунад, сцэнарыяў маст. і мультыплікацыйных фільмаў і інш. Дзярж. прэмія Расіі імя Н.​К.​Крупскай 1983.

Тв.:

Свадебный марш: Избр. М., 1983;

Баранкин, будь человеком: Повести. Мн., 1989;

Капитан Соври-голова: Повести. М., 1990.

т. 11, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́МЧАНД (сапр. Дханпатрай Шрывастаў; 31.7.1880, Ламхі, каля г. Варанасі, Індыя — 8.10.1936),

індыйскі пісьменнік. Скончыў Алахабадскі каледж (1904). Пісаў на мовах урду і хіндзі. Творчасць П. развівалася пад уздзеяннем інд. нац.-вызв. руху. Аўтар рэаліст. раманаў «Прытулак» (1918), «Прыстанак кахання» (1922), «Арэна» (1925), «Поле бітвы» (1932), «Ахвярная карова» (1936) і інш. Апавяданні (зб-кі «Сем лотасаў», 1914, «Ратны шлях», 1932, «Саван», 1937) і публіцыстыка адзначаны антыкалан. і антыфеад. накіраванасцю.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Дрэва вады. Мн., 1959;

Рус. пер. — Избранное. М., 1989;

Рассказы. Нирмала. М., 1958;

Ратный путь: Рассказы. М., 1969.

Літ.:

Рахбар Х. Жизнь и творчество Премчанда: Пер. с хинди. М., 1963;

Балин В. Премчанд-новеллист. Л., 1973;

Премчанд: Биобиблиогр. указ. М., 1962.

т. 13, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ Панцеляймон Сяргеевіч (5.8.1884, с. Пятроўскае Адоеўскага р-на Тульскай вобл., Расія —8.4.1938),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1911. У лірыка-псіхал. і сатыр. апавяданнях (зб-кі «Апавяданні», 1925, «Без чаромхі» і «Зачараваныя вёскі», абодва 1927); раманах пра інтэлігенцыю («Таварыш Кіслякоў», 1930; «Уласнасць», 1933) — дух паслярэв. эпохі з яе новай мараллю, сатыра на прыстасаванства, спекуляцыю, бюракратызм. У аўтабіягр. аповесці «Дзяцінства» (1926) і ліраэпічным рамане «Русь» (ч. 1—5, 1922—36) — маянтковая Расія перадрэвалюцыйнага часу. Аўтар рамана «Новая скрыжаль» (1928), аповесці «Пісьменнік» (1915), п’есы «Землятрус» (1924) і інш. Прозе Р. ўласцівы лірызм і гумар, майстэрства дыялогу.

Тв.:

Избр. произв. М., 1988;

Детство: Повесть. рассказы. Тула, 1986;

Повести и рассказы. М., 1990.

т. 13, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САІ́Д АХМА́Д (сапр. Саід Ахмад Хусанхаджаеў; н. 10.6.1920, Ташкент),

узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1980). Вучыўся ў Ташкенцкім ун-це (1940—41). Першы зб. апавяданняў «Падарунак» (1940). У творах «Ферганскія апавяданні» (1948), аповесці «Прыгавор» (1958) паказвае духоўнае аблічча рабочых і інтэлігенцыі, працу і гераізм народа. Раман «Гарызонт» (кн. 1—3, 1964—74) пра падзеі Вял. Айч. вайны. Аўтар зб-каў апавяданняў «Стэпавы беркут» (1960), «Мілыя маці» (1962), «Каштоўны камень Бадахшана» (1966), п’есы «Бунт нявестак» (1976) і інш. На бел. мову некат. творы С.А. пераклаў І.​Сакалоўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Журавли: Рассказы. Ташкент, 1964;

Пора возвращения аистов: Повесть и рассказы. Ташкент, 1979;

Горизонт. М., 1986.

Літ.:

Владимирова Н.В. Мастерство Саида Ахмада. Ташкент, 1973.

т. 14, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАХО́ВІЧ Алесь (Аляксандр Іосіфавіч; 3.7.1907, в. Кашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 7.2.1956),

бел. пісьменнік. Быў на камсамольскай і парт. рабоце. З 1938 у час. «Полымя рэвалюцыі». Друкаваўся з 1928. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Неспакойны гарадок» (1946), «Аповесці і апавяданні» (1952). Аповесці «Пампей Шчупак» (1940) пра калгасную вёску, «Шумяць лясы» (1944) пра партыз. барацьбу на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Раманы «Пад мірным небам» (1947—49) і «Шырокія гарызонты» (1952) пра бел. вёску першых пасляваен. гадоў. Пісаў для дзяцей: зб-кі апавяданняў «Маленькія героі» (1939), «Залаты карп» (1951). На бел. мову пераклаў «Аповесць аб сапраўдным чалавеку» Б.​Палявога і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Мн., 1947;

Залаты карп. Мн., 1973.

т. 15, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)