сінтэтычныя валокны, што атрымліваюць фармаваннем з раствораў ці расплаваў некаторых поліурэтанаў (пераважна поліурэтанмачавін). Гандл. назвы: лайкра, вайрын, эластан, эспа, неалан, дарластан, варын і інш. Устойлівыя да ўздзеяння масел, хлорзмяшчальных арган. растваральнікаў, разбаўленых раствораў шчолачаў і кіслот. П.в. са стабілізаваных палімераў святло- і атмасфераўстойлівыя. Паводле эластычнасці падобныя на гумавыя ніткі, але больш моцныя і зносаўстойлівыя, лепш афарбоўваюцца. Выкарыстоўваюць для вырабу спарт. адзення, гарсэтных вырабаў, эластычнага бінту, лячэбнага трыкатажу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТО́РАВАЯ ІЗАМЕРЫ́Я, стэрэаізамерыя,
адзін з тыпаў ізамерыіхім. злучэнняў. Абумоўлена існаваннем злучэнняў (стэрэаізамераў) з аднолькавай паслядоўнасцю сувязей атамаў паміж сабой, але розным іх прасторавым размяшчэннем у малекуле. Падзяляюць на энантыямерыю, ці аптычную ізамерыю, якая ўзнікае пры наяўнасці ў малекуле элемента хіральнасці, дыястэрэамерыю, абумоўленую існаваннем у злучэнняў з некалькімі элементамі хіральнасці груп прасторавых ізамераў, якія не з’яўляюцца аптычнымі антыподамі (гл.Дыястэрэамеры), геаметрычную ізамерыю, уласцівую злучэнням з падвойнымі сувязямі і малымі цыкламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭА́МБУЛА (франц. préambule ад лац. praeambulus той, які наперадзе, папярэдні),
уводная або ўступная частка заканад. або інш. прававога акта, а таксама дэкларацыі ці міжнар. дагавора, у якіх звычайна выкладаюцца прынцыповыя палажэнні, пабуджальныя матывы, мэты выдання адпаведнага акта. Змяшчае т.зв. «нормы-мэты» і «нормы-прынцыпы», якія не валодаюць непасрэднай юрыд. сілай, але могуць прымацца пад увагу пры тлумачэнні інш. палажэнняў акта, а таксама пры неабходнасці высвятлення іх агульнага кантэксту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САТЫ́РЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі лясныя божышчы, дэманы ўрадлівасці, якія складаюць світу бога Дыяніса. Іх уяўлялі як пакрытых поўсцю доўгавалосых, барадатых напаўлюдзей-напаўзвяроў: галовы і тулавы чалавечыя, але конскія або казліныя ногі з капытамі і конскія хвасты; на галовах рожкі або конскія вушы. Сімвалам іх невычарпальнай урадлівасці лічыўся фалас. Яны, заўсёды напаўп’яныя, нахабныя і юрлівыя, ганяюцца за німфамі або разам з імі бадзяюцца па лясах і наладжваюць вясёлыя карагоды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ БЕ́ЛАЙ РУСІ́ (СПБР),
студэнцкая паліт.арг-цыя на Гродзеншчыне ў 1904—05. Заснавальнікі і кіраўнікі Трускоўскі, М.Фальскі, А.Жаба. Выступала за звяржэнне самадзяржаўя і ўстанаўленне выбарнай нар. улады, заклікала моладзь не ісці ў армію, далучацца да нар. «бунту». Выдавала і распаўсюджвала лістоўкі на бел. мове («Царская гаспадарка», «Братцы мужыкі!», «Прызыўныя!» і інш.). Бел.сацыяліст. грамада вяла перагаворы пра аб’яднанне з СПБР, але яно не адбылося.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЕНАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
рэчывы, якія маюць у малекуле сувязь вуглярод — селен. Асн. тыпы: селеніды, дыселеніды, селенолы, селенаксіды, селеноны, селенінавыя і селенонавыя к-ты, селеноніевыя солі, алкіл(арыл)селенгалагеніды, селеністыя гетэрацыклы. Па хім. уласцівасцях аналагічныя сераарганічным злучэнням, але больш рэакцыйназдольныя (напр., селенонавыя к-ты — моцныя акісляльнікі). Маюць высокую біял. актыўнасць, паскараюць метабалічныя працэсы ў арганізме (напр., 6-селенапурын выкарыстоўваецца пры дыягностыцы пухлінных захворванняў, селенацыстын аказвае антывіруснае ўздзеянне). На аснове С.з. атрымліваюць палімерныя матэрыялы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЬНІ́ЦКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (20.11.1921, в. Заполле, Віцебскага р-на — 28.3.1942),
Герой Сав. Саюза (1942). У Вял.Айч. вайну з 1941 кулямётчык партыз. атрада Д.Ф.Райцава (дзейнічаў на тэр. Суражскага р-на Віцебскай вобл.). Вызначыўся ў Курынскім баі 1942 28 сак.: прыкрываючы адыход атрада, агнём з кулямёта знішчыў дзесяткі гітлераўцаў, але акружаны ворагам, загінуў у рукапашным баі. У в. Лужасна яму пастаўлены помнік, у в. Блізніца — бюст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБА́РА РАДЗІВІ́Л (6.12.1520—8.5.1551),
каралева Польшчы і вял. княгіня ВКЛ (1550—51). Другая жонка Жыгімонта IIАўгуста. Дачка падчашага ВКЛ (пазней кашталяна віленскага і вял. гетмана ВКЛ) Юрыя Радзівіла. У 1537 аддадзена замуж па маёмасных меркаваннях за новагародскага (пазней трокскага) ваяводу Станіслава Гаштольда. Пасля яго смерці сышлася з Жыгімонтам Аўгустам (1543). Пачуцці вял. князя да Барбары Радзівіл імкнуліся выкарыстаць для ўзмацнення ўласных пазіцый яе брат Мікалай Радзівіл Руды і стрыечны брат Мікалай Радзівіл Чорны. Пад іх націскам у 1547 у Вільні адбылося патаемнае вянчанне Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам. Пасля заняцця апошнім трона караля польскага (1548) супраць гэтага шлюбу выступілі шматлікая шляхта і магнаты, незадаволеныя ростам уплывовасці Радзівілаў і знявагай каралеўскай годнасці няроўным шлюбам. Рашуча супраць Барбары Радзівіл была настроена каралева польская і вял. княгіня ВКЛБона Сфорца. Сойм у Пётркаве (1548) выступаў за скасаванне шлюбу, але Жыгімонт Аўгуст дамогся яго афіц. прызнання, пагражаючы адрачэннем ад трона і заключыўшы саюз з Габсбургамі. Барбара Радзівіл была каранавана ў Кракаве 5.12.1550, але ў хуткім часе памерла. Пахавана ў Віленскім кафедральным саборы. Гісторыі рамантычнага кахання Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам прысвечаны шматлікія маст. творы.
Барбара Радзівіл. Партрэт Лукаса Кранаха Старэйшага. Сярэдзіна 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1908—09,
міжнародны канфлікт, выкліканы анексіяй 7.10.1908 Босніі і Герцагавіны Аўстра-Венгрыяй. Паводле рашэння Берлінскага кангрэса 1878 правінцыі Боснія і Герцагавіна, населеныя сербамі і харватамі, былі акупіраваны аўстра-венг. войскамі, але юрыдычна заставаліся пад намінальнай уладай Асманскай імперыі; у іх пасля выхаду Сербіі з саюзу з Аўстра-Венгрыяй (1903) узмацніўся нац.-вызв. рух. Анексія была задумана, каб прадухіліць магчымае аб’яднанне правінцый з Сербіяй, што не адпавядала інтарэсам Габсбургаў. Дзеянні Аўстра-Венгрыі выклікалі пратэст з боку Турцыі і Сербіі, якая спадзявалася на падтрымку Расіі. Англія заявіла пра непарушнасць Берлінскага трактата 1878, Францыя ўстрымалася ад пратэсту, анексію не ўхвалілі Італія і Румынія. Аўстра-Венгрыю падтрымала Германія. За кампенсацыю ў 2,5 млн.тур. фунтаў Габсбургі дамагліся прызнання анексіі ад Турцыі (пагадненне ад 26.2.1909). Расія імкнулася ўрэгуляваць Баснійскі канфлікт дыпламатычным шляхам, але ва ўмовах ваен. падрыхтоўкі Аўстрыі і магчымага яе нападу на Сербію вымушана была прыняць ультыматыўнае патрабаванне Германіі (22.3.1909) аб прызнанні анексіі. 31.3.1909 анексію прызнала і Сербія. Баснійскі крызіс прывёў да росту міжнар. напружанасці, паглыблення супярэчнасцяў паміж Антантай і Траістым саюзам, пагаршэння адносін паміж Аўстра-Венгрыяй і Сербіяй, стаў адной з перадумоў развязвання 1-й сусв. вайны.
адміністрацыйна незалежная ад інш. цэркваў правасл. царква бел. народа. Тэндэнцыі да адасаблення бел. епархій ад Рус.правасл. царквы выявіліся ў хуткім часе пасля ўтварэння БССР: абранне на Мінскім епархіяльным з’ездзе 1922 бел. мітрапаліта Мелхіседэка і абвяшчэнне мітраполіі аўтакефальнай царквой у 1927, адначасовае існаванне Беларускай аўтаномнай праваслаўнай царквы. Але яны не атрымалі развіцця з-за рэпрэсій з боку сав. улады (Мелхіседэк высланы, дзейнасць епархій фактычна спынена ў выніку арыштаў епіскапаў і святароў). Ва ўмовах ням.-фаш. акупацыі ў Вял.Айч. вайну частка духавенства і бел. антысав. арг-цыі паспрабавалі аднавіць БАПЦ. Было сфарміравана царк. кіраўніцтва (мітрапаліцкая ўправа, потым Сінод) на чале з мітрапалітам Панцеляймонам (П.С.Ражноўскім), праведзены падзел на епархіі. Аўтакефалія зноў абвешчана, але кананічна не аформлена. Былі супярэчнасці паміж епіскапатам і калабарацыянісцкімі дзеячамі, якія імкнуліся фарсіраваць беларусізацыю царквы і аддаліць духавенства прарус. арыентацыі, а з 1943 падначаліць царкву кантролю Беларускай цэнтральнай рады. Апынуўшыся ў эміграцыі ў Германіі, у 1946 епіскапат увайшоў у склад Рус. замежнай правасл. царквы. 3-і раз БАПЦ заснавана ў 1948 (гл. ў арт.Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой).