ЗАЛАЦІ́СТЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Chrysophyta),

аддзел ніжэйшых раслін; прадстаўнікі фітапланктону. Каля 120 родаў. Больш за 400 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў прэсных водах; характэрны для кіслых вод сфагнавых балот; жывуць у морах і салёных азёрах, зрэдку ў глебе. Планктонныя, эпіфітныя, бентасныя арганізмы. З’яўляюцца важным звяном трафічнага цыкла вадаёмаў (першасныя прадуцэнты арган. рэчываў). На Беларусі 21 род, каля 50 відаў, напр., гіялобрыян, дынобрыян, кефірыян, маламонас, сінура, стэнакалікс, ураглена, урагленопсіс, хрызідаліс, тылахрызіс і інш.

Аднаклетачныя, каланіяльныя, радзей шматклетачныя арганізмы рознай формы. Рухомыя, плаваюць свабодна або прымацоўваюцца. Колер залаціста-жоўты, часам буравата-зялёны, радзей зеленавата-жоўты з-за хларафілу, жоўтых пігментаў (караціноідаў, фукаксанціну). Кветкі рознай формы, аднаядравыя, без цвёрдай абалонкі, некат. ў крэменязёмным лускавінкавым панцыры з іголкамі, шыпамі або ў «хатцы» (своеасаблівы панцыр). Маюць 1—2 (3—4) жгуцікі, скарачальныя вакуолі і вочка. Хларапластаў 1—2, пасценныя, карытападобныя. Запасныя рэчывы — хрызаламінарын і апей. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (зааспорамі, аўтаспорамі), палавое (іза-, гола-, аўтагамія). Большасць відаў аўтатрофы, ёсць гетэратрофы. Пры неспрыяльных умовах утвараюць крамяністыя цысты.

Залацістыя водарасці: 1 — гідрурус; 2 — сінура.

т. 6, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎБА́СНЫЯ ВЫ́РАБЫ,

харчовыя прадукты з папярэдне апрацаваных мяса, тлушчаў і інш. сыравіны жывёльнага і расліннага паходжання. Адрозніваюць К. в. вараныя (у т. л. сасіскі і сардэлькі), паўвэнджаныя, вэнджаныя, варана-вэнджаныя, ліверныя, крывяныя, сальцісоны, вантрабянкі, паштэты і студзені. Да К. в. адносяць таксама вэнджаніну.

Сыравінай для К. в. служаць нятлустая ялавічына, свініна, сала, часам бараніна і мяса птушкі, каніна, субпрадукты (печань, мазгі, сэрца, рубец і інш.). Сыравіна праходзіць мех. апрацоўку (выдаленне неядомых і малапажыўных частак, здрабненне) і фізіка-хім. апрацоўку (саленне, выспяванне, абсмажванне, варку, вэнджанне). У каўбасны фарш да даюць плазму харч. крыві, неразведзенае і абястлушчанае малако, малочны бялок, муку, крухмал. крупы, яйцы, а таксама соль, цукар, спецыі, вострыя прыправы. Выкарыстоўваюць кішачныя і штучныя (бялковыя, з цэлюлозы, палімерных плёнак) абалонкі (некаторыя вырабы фармуюць без абалонак). К. в. выпускаюцца і ў выглядзе кансерваў. Вядомыя са старажытнасці. У Стараж. Грэцыі невял. каўбаскі і напханыя свіныя страўнікі служылі закускай, у Рыме былі вядомыя вараныя каўбасы, маленькія вэнджаныя каўбаскі, свіныя каўбаскі колцам і ланцужком. З сярэдневякоўя К. в. сталі пашыранай стравай.

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ШАЛЬ,

засцерагальны складанарэфлекторны акт, які ўзнікае пры раздражненні слізістай абалонкі дыхальных шляхоў, пашкоджанні цэнтр. нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм. Найчасцей К. — сімптом захворвання органаў дыхання; іншы раз бывае пры ўзбуджэнні ц. н. с. і раздражненні перыферычных рэцэптараў (неўратычны і рэфлекторны К.) без раздражнення дыхальных шляхоў: Адрозніваюць К. сухі (без макроты) і вільготны. Сухі бывае пры запаленчых хваробах глоткі, гартані, трахеі, іншародных целах у дыхальных шляхах, раздражненні плеўры, фіброзных і аб’ёмных працэсах у лёгкіх (рак, калагенозы і інш.), пач. стадыях бранхіту і пнеўманіі, мокры — сімптом хвароб з гіперсакрэцыяй, эксудацыяй і распадам (бранхіты, пнеўманіі, абсцэсы і інш.).

Пач. фаза К. — глыбокі ўдых, за ім — фаза напружанага выдыху пры замкнутай галасавой шчыліне, рэзкім павышаным унутрыгрудзінным ціску (да 140 мм рт. сл. і вышэй). Пры размыканні галасавой шчыліны паветра праз рот з сілай вырываецца і захоплівае макроту, часцінкі пылу і інш. з гартані, трахеі і бронхаў. Такі К. мае спрыяльны ўплыў. Пры доўгім і частым К. павышаецца ўнутрыбранхіяльны і ўнутрыгрудзінны ціск, што выклікае эмфізему лёгкіх, сардэчна-лёгачную недастатковасць. Лячэнне тэрапеўтычнае.

П.​А.​Цімашэнка.

т. 8, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНСТРУА́ЛЬНЫ ЦЫКЛ,

фізіялагічны працэс, які характарызуецца цыклічнымі зменамі ў органах рэпрадукцыйнай сістэмы жанчын і самак чалавекападобных малпаў. Знешняя праява М.ц. — менструацыя (штомесячныя крывяністыя выдзяленні з палавых органаў), якая пачынаецца ў час палавога выспявання (11—15 гадоў), звычайна доўжыцца 2—7 дзён. Менструацыя адсутнічае ў цяжарных жанчын, звычайна ў час кармлення дзіцяці і пасля надыходу клімаксу.

Першая фаза М.ц. — рост і выспяванне фалікулаў у яечніках, у сярэдзіне М.ц. дамінантны фалікул лопаецца і спелая яйцаклетка на 13—15-я суткі трапляе ў брушную поласць (авуляцыя). Другая фаза М.ц. — утварэнне жоўтага цела, якое прадуцыруе гармон прагестэрон. Пад уплывам прагестэрону слізістая абалонка маткі рыхтуецца да ўспрымання аплодненай яйцаклеткі. Калі апладнення не адбываецца, жоўтае цела рэгрэсіруе, яйцаклетка гіне, а функцыянальны слой слізістай абалонкі маткі адрываецца і настае менструацыя, што сведчыць аб заканчэнні М.ц. Працягласць М.ц. — ад першага дня пачатку менструацыі да першага дня наступнай. М.ц. складае 21—35 дзён (звычайна 28), двухфазны, доўжыцца да 45—50 і больш гадоў. У рэгуляванні М.ц. ўдзельнічаюць кара галаўнога мозга, гіпаталамус, гіпофіз, яечнікі, матка. Парушэнні М.ц.: аменарэя, гіпаменарэя і інш. Гл. таксама Палавы цыкл.

Ю.​К.​Малевіч.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДЫ ў чалавека,

фізіялагічны працэс заканчэння цяжарнасці, пры якім нараджаецца плод з усімі дадатковымі эмбрыянальнымі ўтварэннямі (плацэнтай, абалонкамі, каляплоднымі водамі). Адбываюцца пры ўзаемадзеянні родавых сіл (схваткі, патугі) з плодам у перыяд праходжання яго па родавых шляхах. Адрозніваюць Р. тэрміновыя (38—41 тыдзень цяжарнасці), заўчасныя (22—37 тыдняў), запозненыя (пасля 42-га тыдня цяжарнасці). Пры нармальных Р. плод праходзіць праз родавыя шляхі ў падоўжным размяшчэнні галоўкай, значна радзей тазам уніз. Паталаг. Р. бываюць ад змен родавых шляхоў, хвароб цяжарных, анамалій плода і яго размяшчэння (папярочнае), расстройстваў родавых сіл (слабыя, нерытмічныя і інш). Паталаг. Р. з выкарыстаннем хірург. спосабаў нараджэння дзіцяці (гл. Кесарава сячэнне) наз. аперацыйнымі. Р. падзяляюць на перыяды: першы — перыяд раскрыцця (раскрываецца шыйка маткі, плод паступальна рухаецца ад схватак, разрываецца плодны пузыр, выходзяць каляплодныя воды); другі — перыяд выгнання (плод выганяецца з дапамогай патуг); трэці — перыяд паследавы (паслед і яго абалонкі выдаляюцца ад схватак і патуг). Працягласць першых Р. 8—12 гадз, паўторных 6—10 гадз. Ускладненні Р.: траўматызм жанчыны і плода, крывацёк і інш. (гл. Родавая траўма нованароджаных). Прымаюць Р. ў радзільных дамах.

В.​І.​Дуда.

т. 13, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМІ́РАВАНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы, узмоцненыя іншымі, больш трывалымі матэрыяламі. Найб. пашыраныя арміраваныя матэрыялы: жалезабетон (узмоцнены арматурай), матэрыялы на аснове металаў, керамікі, пластычных масаў, шкла (гл. Арміраванае шкло), арміраваныя ніткі, валакністыя кампазіцыйныя матэрыялы. З буд. матэрыялаў арміраваннем атрымліваюць арміраваныя буд. канструкцыі (гл. Армакаменныя канструкцыі, Армацэментавыя канструкцыі, Жалезабетонныя канструкцыі).

Металічныя арміраваныя матэрыялы бываюць: гарачатрывалыя (напр., нікель, хром, кобальт і іх сплавы, арміраваныя тугаплаўкімі валокнамі вальфраму, малібдэну, карбідаў, аксідаў і нітрыдаў); нізкатэмпературныя канструкцыйныя (алюміній, магній, тытан і іх сплавы, арміраваныя высокатрывалымі валокнамі сталі, бору, берылію, карбіду і двухаксіду крэмнію); са спец. фіз. ўласцівасцямі (электракантактныя матэрыялы на аснове серабра і медзі, арміраваныя валокнамі вальфраму). З метал. арміраваных матэрыялаў робяць пасудзіны ціску, абалонкі, элементы самалётаў і суднаў, дэталі машын і прылад. Керамічныя арміраваныя матэрыялы — матэрыялы на аснове аксідаў, нітрыдаў, барыдаў і інш. тугаплаўкіх злучэнняў, арміраваныя валокнамі вальфраму, малібдэну, сталі і ніобію, а таксама ніткападобнымі крышталямі аксідаў і карбідаў. Выкарыстоўваюцца як вогнетрывалыя і канструкцыйныя матэрыялы. Арміраваныя пластыкі (шклапластыкі, тэксталіт, вуглепласты, азбапластыкі, гетынакс, метала- і борапластыкі і інш.) маюць у сабе ў якасці ўмацавальнага напаўняльніка валакністыя матэрыялы — сечаныя валокны, жгуты, тканіны, паперу, драўляную шпону. Арміраваныя ніткі складаюцца з асяродкавых (каркасных) нітак (надаюць трываласць), абвітых інш. матэрыяламі (для вонкавага эфекту, гіграскапічнасці, паветрапранікальнасці і інш.).

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫРЫЖА́БЛЬ (ад франц. dirigeable кіроўны),

кіроўны аэрастат падоўжанай формы, аснашчаны адной або некалькімі вінтаматорнымі ўстаноўкамі, якія ствараюць цягу для гарыз. палёту. Вызначаецца вял. грузападымальнасцю і далёкасцю палёту, невял. (да 150 км/гадз) скорасцю, павышанай залежнасцю ад метэаўмоў.

Адрозніваюць Д. мяккай сістэмы (аб’ём 1—7 тыс. м³, корпус з прагумаванага матэрыялу, што служыць адначасова і абалонкай для газу), паўжорсткай (8—35 тыс. м³, у ніжняй ч. мае метал. ферму, якая не дапускае дэфармацыі абалонкі) і жорсткай (да 200 тыс. м³, увесь корпус у выглядзе метал. каркаса). Д. маюць адну або некалькі гандол (для размяшчэння экіпажа, рухавікоў, грузаў), апярэнне (стабілізатары, кілі, рулі вышыні і кіравання). Выкарыстоўваліся для перавозкі грузаў, у навук. і ваен. мэтах і інш. Першы палёт на Д. з паравым рухавіком ажыццявіў А.​Жыфар у 1852 (Францыя). Першы Д. жорсткай сістэмы пабудаваў у 1900 Ф.​Цэпелін (Германія), першы Д. мяккай сістэмы грамада. прызначэння спраектаваў і пабудаваў у 1911 у Кіеве Ф.​Ф.​Андэрс. Гл. таксама Паветраплаванне.

Схема дырыжабля жорсткай сістэмы: 1, 4 — стабілізатары; 2, 3 — рулі напрамку і вышыні; 5 — вонкавая абалонка; 6 — гандола кіравання; 7 — пасажырскія палубы; 8 — месца бакавой маторнай гандолы.

т. 6, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПАЛ,

1) у геалогіі — акруглае ў плане падняцце слаёў зямной кары. Адрозніваюць вулканічныя, гранітагнейсавыя, тэктанічныя і саляныя. Вулканічны К. выш. да 800 м, са стромкімі схіламі, узнікае за кошт выціскання вязкай лавы з вулканічнага канала ў суправаджэнні моцнага выбуху. Граніта-гнейсавы К. — ізаметрычная структура ў дакембрыйскіх пародах крышт. фундамента (Балтыйскі і Алданскі шчыты, Бел. антэкліза і інш.), радзей трапляецца ў больш маладых складкавасцях. Тэктанічны К. — антыклінальная складка горных парод, даўж. і шыр. якой аднолькавыя або блізкія. Саляны К. фарміруецца ў вял. упадзінах платформ і краявых прагінаў у выніку праяўлення саляной тэктонікі. З К. звязаны радовішчы каменнай солі, нафты, прыродных газаў і інш. 2) У геамарфалогіі — абазначэнне любой купалападобнай формы рэльефу або масіву горных парод.

3) У акіяналогіі — раён пад’ёму тэрмакліна да паверхні; на картах тэмператур на розных гарызонтах вылучаецца ў выглядзе некалькіх замкнёных ізатэрмаў з мінім. т-рай у цэнтры.

Схемы канструкцый купалаў: а — рабрыстая; б — сеткавая, в — шматгранная; г — у выглядзе танкасценнай абалонкі; д — з некалькіх скляпенняў-абалонак.
Купал царквы Сан-Ларэнца ў Турыне. Арх. Г.​Гварыні. 1668—87.
Купал з ліхтаром.
Купал маўзалея Гур-Эмір у Самаркандзе. 1404.

т. 9, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАА́ТАМ,

атам, у якім адзін з электронаў абалонкі заменены адмоўнымі мюонам (μ​) ці адронам (π​-, K​-мезонамі ці інш.). Існаванне М. прадказаў амер. фізік Дж.​Уілер у 1949 (эксперыментальна даказана ў 1970).

Утвараюцца пры тармажэнні пучкоў зараджаных часціц у рэчыве і захопе іх кулонаўскім полем ядра на мезаатамныя ўзроўні энергіі. Пры гэтым М. знаходзіцца ў высокаўзбуджаным стане, з якога ён пераходзіць у асн. стан з выпрамяненнем гама-квантаў або электронаў. У М. мезоны знаходзяцца ў сотні разоў бліжэй да ядра, чым электроны, напр., радыус бліжэйшай да ядра арбіты μ​ у М. свінцу амаль удвая меншы за радыус ядра, г. зн., што ў такім М. μ асн. частку часу праводзіць унутры ядра атама. Найб. вывучаны М., якія складаюцца з пратона і μ-, π​- ці K​-мезона. Такія М. могуць пранікаць унутр электронных абалонак атамаў, набліжацца да іх ядраў і выклікаць шматлікія працэсы: утварэнне мезамалекул, каталіз ядз. рэакцый, перахоп мезонаў ядрамі інш. атамаў. Спецыфіка захопу і выпрамянення мезонаў дазваляе вывучаць хім. структуру малекул, памеры і форму ядраў, размеркаванне пратонаў і нейтронаў у ядрах.

Літ.:

Ким Е.М. Мезонные атомы и ядерная структура: Пер. с англ. М., 1975.

С.​Сацункевіч.

т. 10, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫЯ ЗО́РКІ,

зоркі, свяцільнасць якіх раптоўна павялічваецца ў 10​3—10​6 разоў, а потым павольна памяншаецца да зыходнага значэння. Максімум свяцільнасці зоркі дасягаецца за некалькі сутак, спад доўжыцца гадамі. Нават вельмі слабая зорка (гл. Зорная велічыня) у выніку ўспышкі можа стаць бачнай простым вокам (адсюль назва). Н.з. ўваходзяць у склад цесных падвойных зорак.

Пры ўспышцы Н.з. адбываецца раптоўны выбух, выкліканы яе няўстойлівасцю, якая можа быць абумоўлена ўнутр. працэсамі, што ідуць з вылучэннем энергіі, уздзеяннем знешніх фактараў, абменам рэчыва паміж кампанентамі падвойных зорак. Выбух Н.з. закранае толькі прыпаверхневыя слаі і не мяняе яе агульнай структуры. Пры выбуху адбываецца выкід рэчыва — знешняй абалонкі масай каля 10​−4 масы Сонца, якая расшыраецца са скорасцю да 2000 км/с і ўтварае туманнасць. Газавыя туманнасці, што расшыраюцца, выяўлены амаль ва ўсіх блізкіх Н.з. Пасля ўспышкі Н.з. становяцца гарачымі карлікамі. Успышкі Н.з. могуць паўтарацца прыкладна праз 20—100 гадоў (паўторныя Н.з.), пры гэтым нарастанне свяцільнасці меншае, чым папярэдні раз. Вядома больш за 300 Н.з., у т. л. звыш 150 у нашай Галактыцы і больш за 100 у туманнасці Андрамеды.

Літ.:

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёу.

т. 11, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)