РЭКРЭАЦЫ́ЙНЫ КАДА́СТР,

збор звестак аб прыродных умовах рэкрэацыйнай і аздараўленча-лячэбнай каштоўнасці тэр. і аб’ектаў, якія прызначаны для арганізацыі масавага адпачынку і аднаўлення здароўя людзей. Уключае даныя аб пейзажна-эстэтычнай годнасці і сан.-гігіенічных уласцівасцях аб’ектаў, складанасці і працягласці пешаходных, водных, транспартных турысцкіх маршрутаў і іх даступнасці для розных катэгорый адпачываючых, аддаленасць ад асн. культурных і прамысл. цэнтраў і інш. Пры комплекснай сан.-гігіенічнай ацэнцы аб’ектаў улічваюцца кліматычныя, геолага-геамарфал., глебавыя, гідралагічныя ўмовы, расліннасць, узровень урбанізацыі, эстэтычнасць пейзажу. На Беларусі Р.к. складзены па абласцях.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́МЕНЫ (Reményi) Эдэ [сапр. Гофман (Hoffmann); 17.1.1828, г. Мішкальц, Венгрыя — 15.5.1898], венгерскі скрыпач і кампазітар. Вучыўся ў Венскай кансерваторыі (1842—45). Выступаў у ансамблі з І.​Брамсам. З 1854 прыдворны саліст у Лондане. З 1860 у Будапешце, з 1875 у Парыжы, Нью-Йорку. Ігра вызначалася вогненным тэмпераментам, бліскучай віртуознасцю, свабоднай імправізацыяй. Сярод твораў: канцэрт для скрыпкі з арк., п’есы ў нар. венг. духу для скрыпкі сола («Венгерскія мелодыі» і інш.) і з фп., скрыпічных транскрыпцый фп. п’ес Ф.​Шапэна, у т. л. мазурак і паланэзаў, вальсаў і інш.

т. 14, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНТГЕ́НАЎСКАЯ КА́МЕРА,

прылада для даследавання і кантролю атамнай структуры пры дапамозе дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў на доследным узоры.

Бываюць рознай канструкцыі: Маюць крыніцу выпрамянення (рэнтгенаўскую трубку), каліматар (фарміруе рабочы пучок першаснага выпрамянення), вузел устаноўкі доследнага ўзору, касету з фотаплёнкай, на якой рэгіструецца дыфракцыйная карціна, і механізм руху ўзору (ці касеты) і інш. Выкарыстоўваюцца ў рэнтгенаўскім структурным аналізе, рэнтгенаграфіі матэрыялаў, рэнтгенаўскай тапаграфіі.

Да арт. Рэнтгенаўская камера. Схема дэбаеўскай камеры: 1 — каліматар; 2 — фотаплёнка; 3 — касета; 4 — механізм цэнтроўкі ўзору; 5 — узор; 6 — пастка для перахоплівання першаснага пучка.

т. 14, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНТГЕ́НАЎСКАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,

сукупнасць метадаў даследавання атамнай структуры па рэнтгенаўскіх спектрах выпрамянення і паглынання. Для атрымання рэнтгенаўскіх спектраў доследнае рэчыва бамбардзіруюць электронамі ў рэнтгенаўскай трубцы або ўзбуджаюць яго флуарэсцэнцыю пад дзеяннем рэнтгенаўскага выпрамянення.

Рэнтгенаўскія спектры выпрамянення даследуюць па залежнасці інтэнсіўнасці выпрамянення ад энергіі фатона, спектры паглынання — па залежнасці масавага каэфіцыента паглынання ад энергіі ўзбуджэння. Метады Р.с. выкарыстоўваюцца для вызначэння зараду іонаў у малекулах газаў, вадкасцей і цвёрдых цел; вывучэння размеркавання валентных электронаў і свабодных дазволеных станаў па энергіях, шырыні размеркавання Фермі ў металах і сплавах і інш.

А.​Р.​Дутаў.

т. 14, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ДЖАНЕЦ,

маладая расліна, вырашчаная з сеянцаў або чаранкоў для пасадкі на пастаяннае месца. С. пладовых дрэў атрымліваюць у пладовых гадавальніках з прышчэпаў на працягу 1—2 гадоў. С. ягадных культур (агрэст, парэчкі) — аднагадовыя непрышчэпленыя расліны (укаранёныя чаранкі, адводкі). У якасці С. маліны выкарыстоўваюць каранёвыя атожылкі, С. суніцы — ліставыя разеткі на вусах. У лесаводстве С. — маладыя дрэўцы (часцей парод дрэў, якія марудна растуць у раннім узросце — елка, піхта), прызначаныя для закладкі лясных культур і ахоўных лясных насаджэнняў, вырошчваюць 2—8 гадоў у школьным аддзяленні ляснога гадавальніка.

т. 14, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЛТАВА-МАЯ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура паўкачавых народаў, што жылі ў 8—9 ст. у бас. р. Дон і Прыазоўі. Назва ад Салтаўскага могільніка каля с. Верхняе Салтава (Харкаўская вобл., Украіна) і Маяцкага гарадзішча каля ўпадзення р. Ціхая Сасна ў р. Дон (Варонежская вобл., Расія). Вядома больш за 200 помнікаў культуры: рэшткі качэўяў, пасёлкаў, замкаў, гарадоў (Саркел, Таматарха, Фанагорыя), могільнікаў. Мае 2 варыянты: лесастэпавы — аланскі (гл. Аланы) і стэпавы — балгарскі (гл. Балгарыя Волжска-Камская). Для 1-га характэрны земляробчыя тыпы паселішчаў і катакомбавы абрад пахавання; для 2-га — качэўі і ямныя пахаванні.

т. 14, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕДЫМЕНТАЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць метадаў вызначэння памераў часцінак у дысперсных сістэмах і малекулярных мас макрамалекул па скорасці седыментацыі. Для грубадысперсных сістэм выкарыстоўваюць седыментацыю ў полі гравітацыйных сіл, для высокадысперсных сістэм праводзяць С.а. з дапамогай цэнтрыфуг і ультрацэнтрыфуг. Вызначаюць канстанту седыментацыі (адносіны скорасці седыментацыі да паскарэння поля цэнтрабежных сіл), якая залежыць ад масы і формы часцінак ці малекулярнай масы макрамалекул. С.а. праводзяць з мэтай вызначэння дысперснага саставу здробненых матэрыялаў, глеб, грунтоў. У біяхіміі і малекулярнай біялогіі дазваляе ўстанавіць састаў і памеры клетачных структур, вірусаў і інш.

т. 14, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛАВА́Я ПЕРАДА́ЧА,

разнавіднасць перадачы, якая служыць для перадачы мех. энергіі (руху) ад рухавіка да яе спажыўца з павелічэннем вярчальных момантаў (за кошт змяншэння скорасці, частаты вярчэння) або для змены характару руху. У прыводах машын дазваляе ўзгадняць рэжым работы рухавіка і выканаўчых (рабочых) органаў, ажыццяўляць змену напрамку руху (рэверсаванне, або рэверс), пераўтвараць вярчальны рух у паступальны, вінтавы і інш. С.п. бываюць мех. (найб. пашыраны зубчастыя перадачы, ланцуговыя перадачы, раменныя перадачы, фрыкцыйныя перадачы, чарвячныя перадачы), гідраўлічныя перадачы, пнеўматычныя і інш. У некат. машынах С.п. наз. трансмісіяй.

Тэкстронная сілавая перадача.

т. 14, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́БЛЯ,

прылада для здзірання кары з бярвення і грубага іх стругання. Вядома з эпохі палеаліту. У каменным і бронзавым вяках — крамянёвая пласцінка з выгнутым дугападобным рабочым краем. У жал. веку выраблялася з жалеза. Двухручныя жал. С. класічнай формы (пласціна-дуга з вострым краем і тронкамі для драўляных ручак на канцах) шырока выкарыстоўваліся ў 10—13 ст. Іх канструкцыя заставалася практычна нязменнай на працягу ўсяго сярэдневякоўя і дажыла да нашых дзён. На Беларусі стараж. С. вядомы па археал. і этнагр. матэрыялах, знойдзеных у Верхнядзвінску, Віцебску, Гродне, Чачэрску і інш.

т. 14, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́КАЎ (Павел Іванавіч) (н. 16.8.1940, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне інфарматыкі і камп’ютэрнай графікі. Канд. тэхн. н. (1967), праф. (1996). Скончыў БПІ (1962). З 1966 у Віцебскім тэхнал. ун-це (у 1973—81 прарэктар, з 1978 заг. кафедры). Навук. працы па стварэнні алгарытмаў і праграмна-матэм. забеспячэння для апрацоўкі інфармацыі аб прасторавых і плоскіх аб’ектах і праектавання колеравых вырашэнняў адна і шматслойных вырабаў ткацкай вытв-сці (дэсінатарскія комплексы). Аўтар навуч. дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Машинная графика. Автокад. Витебск, 1998;

Сборник заданий по машинной графике. Витебск, 2000.

т. 14, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)