УРО́ДНІЧ Уладзімір Васілевіч (н. 22.5.1942, в. Вялікія Арлы Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). У 1972—2002 працаваў у Мін-ве культуры Беларусі. Аўтар сюжэтна-тэматычных карцін «Перад зменай» (1973), «Бацькоўскімі дарогамі» (1975), «Хлеб» (1979), «На хлебаробскім полі» (1984), «Сумны май» (1990), «І агні партызанскіх кастроў» (2000). Любоўю да радзімы, лірызмам прасякнуты творы «Людзі Століншчыны» (1977), «На берагах Гарыні» (1979), «Гоман Палесся» (1982), «Сустрэча» (1985), «Хмарная раніца» (1988), «Апошнія яблыкі бабкі Тэклі» (1989), «Смаловы пах» (1994), «Пах бэзу» (1996). Гісторыі Беларусі прысвечаны работы «Калі я на пошце служыў ямшчыком» (1999), «Раніца Гарыні», «Сказ аб Страціме» (абедзве 2001). Трагізм Чарнобыльскай трагедыі ўвасобіў у кампазіцыях «Трывожны крык» (1998), «Сад» (2001). Аўтар серыі «Хутарскія апавяданні» (1999—2002), у якой паэтызавана адлюстраваны штодзённы побыт Бел. Палесся.

У.Уродніч. Раніца Гарыні. 2001.

т. 16, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́НКА—ГЕ́РЦА ДО́СЛЕД,

дослед па рассейванні электронаў на ртутнай пары, які даказаў існаванне дыскрэтных узроўняў энергіі ў атамах. Праведзены Дж.Франкам і Г.Л.Герцам (1913—16). Вынікі Ф.—Г.д. эксперыментальна пацвердзілі асн. палажэнні Бора тэорыі аб квантаванні энергіі атама.

Балон лямпы электроннай запоўнены ртутнай парай пад невял. ціскам (-100 Па). Паміж катодам і сеткай прыкладзена паскаральная рознасць патэнцыялаў U. Пакуль кінетычная энергія электронаў W = eU, не перавышае рознасці энергій паміж 1-м узбуджаным і асн. станамі атама ртуці, рассейванне электронаў пругкае і анодны ток прапарцыянальны U. Пры дасягненні U крытычнага значэння электроны страчваюць энергію на ўзбуджэнне атамаў ртуці (няпругкае рассейванне) і затрымліваюцца адмоўнай рознасцю патэнцыялаў паміж тармазной сеткай і анодам, пры гэтым анодны ток змяншаецца. Пры далейшым павелічэнні U анодны ток напачатку павялічваецца, а пасля змяншаецца з-за страт энергіі пры дасягненні 2-га ўзбуджанага ўзроўню энергіі і г.д.

т. 16, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ДРЫХ II (Friedrich; 26.12.1194, Іесі каля г. Анкона, Італія — 13.12.1250),

кароль Сіцылійскага каралеўства (з 1197), герм. кароль (з 1212), імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (з 1220), кароль Іерусалімскага каралеўства [1229—39]. З дынастыі Штаўфенаў. Сын Генрыха VI (гл. Генрых, герм. правіцелі), унук Фрыдрыха I Барбаросы. Пасля смерці бацькі (1197) і маці (Канстанцыі Сіцылійскай, 1198) яго апекуном быў рым. папа Інакенцій III. Правёў б.ч. свайго жыцця ў Італіі, у т. л. ў Сіцылійскім каралеўстве, дзе фарсіраваў цэнтралізацыю дзярж. улады. У 1212 выбраны герм. каралём у процівагу Атону IV. У 1220 каранаваны як імператар, даў прывілеі духоўным князям у Германіі. У 1224 заснаваў ун-т у г. Неапаль (Італія). Узначальваў 6-ы крыжовы паход (1228—29), у час якога стаў каралём Іерусаліма (1229). Сапернічаў з Ламбардскай лігай і рым. папамі Грыгорыем IX і Інакенціем IV. Аўтар трактата «Аб майстэрстве паляваць на птушак» (1224).

т. 16, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХМЕ́НЕЎ Мікалай Сяргеевіч (27.7.1885, Масква — 14.1.1963),

удзельнік рэв. руху на Беларусі і Зах. фронце, дыпламат. Скончыў Маскоўскі ун-т (1909). З 1914 палкавы ўрач на Зах. фронце. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. армейскага к-та, нам. старшыні ВРК 2-й арміі, адзін са стваральнікаў бальшавіцкай арг-цыі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. дэлегацыі па падпісанні дагавора аб перамір’і на Зах. фронце ў ліст. 1917 у мяст. Солы Ашмянскага пав. У 1919—20 чл. рэўваенсавета 15-й арміі Зах. фронту. У кастр. 1920 чл. дэлегацыі па падпісанні мірнага дагавора з Фінляндыяй. З 1922 у Наркамаце асветы РСФСР. У 1925—30 і 1934—37 на дыпламат. рабоце ў Францыі, Японіі, Даніі. З 1938 у сістэме аховы здароўя. Чл. ВЦВК у 1925—31. Аўтар успамінаў у кн. «У барацьбе за Кастрычнік у Беларусі і на Заходнім фронце» (1957).

т. 17, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАДЫ́РА Вадзім Іосіфавіч (н. 1.3.1947, г. Пячора, Рэспубліка Комі, Расія),

бел. археолаг. Д-р гіст. н. (2003). Брат А.І.Шадыры. Скончыў БДУ (1972). З 1974 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі (з 1991 заг. аддзела археалогіі жал. веку). Вывучае жал. век басейна Зах. Дзвіны і этнакультурныя працэсы 1-га тыс. н. э. Адкрыў і даследаваў шэраг помнікаў ранняга жал. веку на Пн Беларусі. Прытрымліваецца думкі пра балцкую прыналежнасць асн. культур ранняга жал. веку на тэр. Беларусі. Адзін з аўтараў 4-томнай працы «Археалогія Беларусі» (т. 2, 1999).

Тв.:

Ранний железный век северной Белоруссии. Мн., 1985;

Да пытання аб ролі еўрапейскіх этнакультурных працэсаў I тыс. н.э. ў этнагенезе беларусаў // Славяне и их соседи: (Археология, нумизматика, этнология). Мн., 1998;

Белорусско-литовско-латышское порубежье в эпоху железного века и раннего средневековья: (этнокультурные аспекты) // Iš baltų kultūros istorijos. Vilnius, 2000.

Т.​С.​Скрыпчанка.

т. 17, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЛЬКЕ́ВІЧ Вячаслаў Феліксавіч (н. 18.9.1941, ст. Ганзурына, Бурація, Расія),

бел. філосаф і гісторык. Д-р філас. н. (1994), праф. (1997). Скончыў БДУ (1967), дзе і працаваў да 2000. У 1986—89 у Вроцлаўскай с.-г. акадэміі (Польшча). З 2002 у Мінскім ін-це кіравання. Навук. працы па гісторыі грамадска-паліт. і філас. думкі Беларусі, Расіі і Польшчы 16—20 ст., аб жыцці і дзейнасці К.​Каліноўскага, Ф.​Скарыны; пра светапогляд Вальтэра, Э.​Канта, Сен-Сімона, Л.​Феербаха, К.​Маркса і інш.

Тв.:

Філасофская думка ў Беларусі. Мн., 1976;

Скарына і наш час. Мн., 1979;

Казимир Лышчинский. Мн., 1986 (разам з К.​С.​Пракошынай);

К.​Калиновский: Страницы биогр. Мн., 1988;

Сыны і пасынкі Беларусі. Мн., 1996 (у сааўт.);

Скорина и Скориниана. Мн., 2001;

Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі. 3 выд. Мн., 2002.

М.​П.​Савік.

т. 17, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЎЧЭ́НКА Акім Міхайлавіч (28.11.1902, в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 12.12.1980),

бел. жывапісец. Вучыўся ў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях у Маскве (1927—30), скончыў Ленінградскі ін-т пралет. выяўл. мастацтва (1931). З 1933 выкладаў на курсах выяўл. мастацтва клубных інструктараў, у 1936—41 кіраваў студыяй пры абл. Доме нар. творчасці ў Гомелі, у 1947—50 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Яго творчасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў характары і сітуацыі, строгая яснасць і завершанасць твораў: «Плытагоны» (1932), «На торфараспрацоўках» (1935), «Лес — будоўлям» (1952), «Янка Купала на жытнёвым полі» (1954), «Тынкоўшчыцы» (1957), «У саўгасе «Брылёва» (1959), «Наша песня роднаму краю», «Я.​Купала і Я.​Колас па дарозе ў Канеў» (абодва 1967), «У дзень Перамогі» (1968), «Аб гераічным мінулым» (1976). Пісаў таксама партрэты (пісьменніка У.​Карпава, 1973), пейзажы, нацюрморты.

Л.​Ф.​Салавей.

А.Шаўчэнка. Партрэт пісьменніка У.​Карпава. 1973.

т. 17, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ ЭКСПЕРТЫ́ЗА,

сістэма комплекснай ацэнкі гаспадарчага або інш. антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Задачы Э.э.: вызначэнне ўзроўню экалагічнай небяспекі плануемай або ажыццяўляемай гасп. ці інш. дзейнасці, якая можа прама або ўскосна паўплываць у цяперашні час ці ў будучыні на стан навакольнага асяроддзя і здароўе насельніцтва; праверка адпаведнасці праектуемай дзейнасці патрабаванням прыродаахоўнага заканадаўства, вызначэнне дастатковасці і абгрунтаванасці прадугледжаных праектам мер па ахове прыроды. Аб’екты Э.э.: перадпланавая, перадпраектная і праектная дакументацыя; праекты планаў (праграм), асн. кірункаў, схем развіцця і размяшчэння прадукц. сіл і галін нар. гаспадаркі; існуючыя прадпрыемствы, ваен., навук. і інш. аб’екты незалежна ад іх формы ўласнасці; экалагічны стан прыродных аб’ектаў, асобных мясцовасцей, рэгіёнаў і населеных пунктаў. Дзярж. Э.э. на Беларусі вядзецца органамі Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў адпаведнасці з Законам «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе».

Т.​А.​Макарэвіч.

т. 18, кн. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА,

школа стараж.-грэч. філасофіі 6—5 ст. да н.э. Назва ад горада, у якім узнікла (Элея — грэч. калонія ў Паўд. Італіі). Заснавальнік Ксенафан, асн. прадстаўнікі Парменід, Зянон Элейскі, Меліс Самаскі. Яны ўпершыню проціпаставілі мысленне пачуццёваму ўспрыманню, адзначылі няўстойлівасць, цякучасць чалавечых адносін і ўспрыманняў; гал. ролю ў спасціжэнні ісціны адводзілі мысленню. Быццё, на іх думку, бесперапыннае, нерухомае, нязменнае, аднароднае, непадзельнае, аднолькава ўласцівае кожнаму элементу, рэчаіснасці, выключае якое-н. мноства рэчаў. Гэтая ідэя склалася ў процівагу дыялект. вучэнню аб прыродзе Геракліта. Для абароны вучэння Э.ш. Зянон прапанаваў сістэму аргументаў, пабудаваных у форме доказаў ад процілеглага і накіраваных супраць прызнання множнасці і руху быцця (напр., пушчаная страла нерухомая, таму што час складаецца з асобных імгненняў, а прастора — з асобных пунктаў). У далейшым паняцце адзінага нязменнага быцця паслужыла адной з крыніц філасофіі Платона і неаплатанізму.

І.​В.​Катляроў.

т. 18, кн. 1, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУ́ПАЎ Харыс Абдрахманавіч (н. 23.12.1919, Казань, Татарстан),

татарскі жывапісец. Нар. маст. Расіі (1963). Нар. маст. СССР (1980). Правадз. чл. Рас. АМ (1997). Скончыў Казанскае маст. вучылішча (1939), вучыўся ў Цэнтр. студыі ў Маскве (1946). У 1948—52 выкладаў у Казанскім маст. вучылішчы, з 1976 кіраўнік Творчай майстэрні жывапісу Рас. АМ. Стварае гіст. і жанравыя карціны, партрэты, пейзажы, якія вылучаюцца яркасцю каларыту, свабоднай жывапіснай манерай: «Падпісанне У.​І.​Леніным дэкрэта аб утварэнні Татарскай АССР» (з Л.​Фатахавым, 1950), «Пралог» (1970), «Чэлнінскія прыгажуні» (1975), «Золата Татарыі» (1976), «Казанскія студэнты» (1980), «Мае шалінцы» (1985), «Мастакі. Франтавыя дарогі...» (1986), «Мая аднапалчанка М.​Шчарбак» (1990), «Памяці паэта Г.​Тукая» (1995). Аўтар ілюстрацый да кніг. Дзярж. прэмія СССР 1951. Дзярж. прэмія Расіі імя І.​Рэпіна 1976. Дзярж. прэмія Татарстана імя Г.​Тукая 1995.

Тв.:

Живопись — любовь моя..! Казань, 2000;

Память. Казань, 2003.

т. 18, кн. 1, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)