намнажэнне падземных вод у адносна воданепранікальных слаях, што залягаюць у межах глебавай тоўшчы і гідраўлічна не звязаны з грунтавымі водамі, якія ляжаць ніжэй. Знаходзяцца ў глебе ў вадкай і цвёрдай фазе (лёд), формах, якія адрозніваюцца паводле ступені рухомасці і даступнасці для раслін. Асн. запасы вільгаці, што выкарыстоўваюцца раслінамі, утварае свабодная вада. Яна запаўняе глебавыя поры і здольная перамяшчацца з іх пад уплывам сілы цяжару і капілярных сіл (гл.Глебавы раствор). Значная колькасць вільгаці знаходзіцца ў парападобным стане (перамяшчаецца па порах глебы ў складзе глебавага паветра). Частка вільгаці знаходзіцца ў звязаным стане, у маладаступнай для раслін форме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКАГЕНО́ЛІЗ (ад глікаген + ...ліз),
працэс анаэробнага ферментатыўнага распаду глікагену ў тканках. Ажыццяўляецца гідралітычна (пры ўздзеянні амілаз) і фасфаралітычна (галоўны шлях) — пад уздзеяннем глікагенфасфарылазы ў прысутнасці неарган. фасфату ад глікагену аддзяляецца глюкоза-1-фасфат, які ператвараецца фосфаглюкамутазамі ў глюкоза-6-фасфат. У клетках печані пазваночных гэтае злучэнне гідралізуецца глюкоза-6-фасфатазай з утварэннем свабоднай глюкозы, якая паступае ў кроў. У клетках шкілетных мышцаў усе наступныя пераўтварэнні глюкоза-6-фасфату аналагічныя гліколізу. Энергетычны выхад ад фосфаралітычнага распаду глікагену да малочнай к-ты выражаецца ў сінтэзе 2 малекул АТФ у разліку на адно звяно глюкозы малекулы глікагену.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫ́БА, Глуба,
возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Дрыса, за 32 км на ПнУ ад г.п. Расоны. Пл. 1,52 км², даўж. 3,46 км, найб.шыр. 800 м, найб.глыб. 10,7 м, даўж. берагавой лініі 9 км. Пл. вадазбору 33,2 км². Схілы катлавіны выш. 13—14 м, пад лесам і хмызняком. Берагі пясчаныя, да ўрэзу вады расце хмызняк, на Пн — лес. Пойма 5—10 м, вакол заліваў пашыраецца да 250 м, забалочаная. Ва ўсх.ч. возера востраў пл. 0,7 га. Дно пясчанае, глыбей 2—3 м глеістае. Зарастае. Злучана пратокай з воз. Дрысы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́КАЕ ВО́ЗЕРА,
у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Палата, за 47 км на ПнУ ад г. Полацк, у межах гідралагічнага заказніка Глыбокае-Чарбамысла. Пл. 0,42 км², даўж. 1,11 км, найб.шыр. 800 м, найб.глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3,4 км. Пл. вадазбору 1,94 км². Схілы катлавіны выш. 15 — 17 м, на Пн да 2 м, пад хваёвым лесам. Берагі месцамі зліваюцца са схіламі, пясчаныя, на Пн тарфяныя. Мелкаводдзе вузкае. Дно пясчанае, з глыб. 5,5 м сапрапелістае. Расце палушнік азёрны — рэдкі ахоўны від раслін, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ФА́БРЫКА «ПАЛЕСДРУ́К».
Створана ў 1921 пад назвай «Палескі друк» у выніку аб’яднання 1-й Дзярждрукарні, «Гомдруку» і «Гомгазеты». З 1932 наз. друкалітаграфія і карданажная ф-ка «Палесдрук». У 1941 эвакуіравана ў г. Краснакамск Пермскай вобл. У 1944 аднавіла дзейнасць у Гомелі. З 1946 наз. Гомельская друкарня і карданажна-мяшэчкавая ф-ка «Палесдрук», у 1953—60 рэканструявана. Яе філіялы з 1977 Гомельская, Буда-Кашалёўская, Веткаўская і Добрушская раённыя друкарні. Асн. Прадукцыя (1997): агульныя сшыткі, дзённікі школьныя, сшыткі для нот, малявання, касы лічбаў і складоў, запісныя кніжкі, блакноты, альбомы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́ІД (ад геа... + грэч. eidos выгляд),
сапраўдная фігура Зямлі, абмежаваная ўзроўневай паверхняй (сярэдні ўзровень вады Сусветнага ак., мысленна прадоўжаны пад мацерыкамі). Форма геоіда ў выніку сутачнага абарачэння Зямлі блізкая да эліпсоіда вярчэння, але яго паверхня ўскладнена з-за нераўнамернасці размеркавання мас унутры Зямлі. Паверхня геоіда перпендыкулярная да напрамку сілы цяжару ва ўсіх кропках, больш згладжаная, чым фіз. паверхня Зямлі, на якой рэзка выражаны горы і акіянскія ўпадзіны. Яна выпуклая, сярэдняя велічыня адхілення геоіда ад найб. удала падабранага зямнога сфероіда складае ±50 м, а максімальнае адхіленне ±100 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРТ (Зіновій Яфімавіч) (21.9.1916, Масква — 18.11.1996),
расійскі акцёр тэатра і кіно. Нар.арт.СССР (1990). З 1945 у Цэнтр. т-ры лялек пад кіраўніцтвам С.Абразцова, з 1988 у Маскоўскім т-ры імя М.М.Ярмолавай. Вострахарактарны, пераважна камедыйны акцёр. Майстар эпізоду. У яго творчасці спалучаліся сумны гумар, іронія і скептыцызм з тонкай лірыкай. З 1958 у кіно. Здымаўся ў фільмах: «Фокуснік», «Залатое цяля», «Печкі-лавачкі», «Аўтамабіль, скрыпка і сабака Клякса», «Уцёкі містэра Мак-Кінлі», «Казкі, казкі... казкі старога Арбата», «Ключ без права перадачы», «Біндзюжнік і кароль», «Фауст» і інш. Аўтар п’есы «Пацалунак феі» (разам з М.Львоўскім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАКАМБІНЕЗО́Н, гідракасцюм (ад гідра... + франц. combinaison камбінаванае адзенне),
вадалазны рыштунак лёгкага тыпу, які засцерагае вадалаза ад пераахаладжэння і траўмаў пры работах пад вадой. Бываюць воданепранікальныя («сухія», ізалююць цела вадалаза ад вады) і водапранікальныя («мокрыя», утрымліваюць ваду, якая пранікла праз гідракамбінезон і сагрэта целам вадалаза). Складаецца са шлема, кашулі з пальчаткамі (або без іх) і штаноў з ботамі. Да шлема далучаюцца трубкі дыхальнага апарата. Прызначаны для спуску на глыбіню да 20 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭРЫЯРАЦЫ́ЙНЫ КАДА́СТР,
сістэматызаваны збор звестак пра пагаршэнне складу і стану навакольнага прыроднага асяроддзя; адзін з відаў кадастраў. У Д.к. уваходзяць звесткі пра ўзроўні і крыніцы забруджання вод, глеб і атмасферы, парушаныя землі, іншыя негатыўныя змены, што ўзніклі ў прыродзе (у т. л. пагоршанне навакольнага прыроднага асяроддзя, што адбываецца пад уздзеяннем антрапагенных фактараў — дэтэрыяцыя асяроддзя). Д.к. складаецца па рэгіёнах; матэрыялы, якія змяшчаюцца ў ім, асабліва каштоўныя пры распрацоўцы мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, аптымізацыі ўмяшання ў навакольнае асяроддзе, вызначэнні кола неабходных прыродаахоўных мерапрыемстваў і шляхоў паляпшэння якасці навакольнага асяроддзя. Складанне Д.к. патрабуе навук. вывучэння прыродных аб’ектаў і з’яў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ШТЭ-КЕВІ́Р,
пустыня на Пн Іранскага нагор’я, у Іране. Даўж. каля 500 км. шыр. да 250 км. Пл. каля 55 тыс.км². Шэраг падзеленых вузкімі нізкімі градамі бяссцёкавых пласкадонных упадзін, дно якіх знаходзіцца на выш. 600—800 м. Упадзіны заняты саланчакамі, такырамі, перасыхаючымі салёнымі балотамі. У час дажджу ўтвараюцца азёры непраходнай гразі. Летам паверхня саланчакоў пакрыта саляной скарынкай, пад якой ляжыць пясчана-глеевая багністая маса. На паўн. ускраіне Д.-К. вял. аазісы. На вял. прасторах расліннасць адсутнічае. Абвадняецца перасыхаючымі вадатокамі, якія сцякаюць у асн. з паўд. схілаў Эльбурса. Нац. парк Кевір, на У пустыні — частка рэзервата Туран.