адна з галоўных жывапісных школ Італіі ў 14—18 ст. Для яе характэрны дасканалае валоданне магчымасцямі алейнага жывапісу, асаблівая ўвага да каларыту. Венецыянскі жывапіс 14 ст. адметны дэкар. арнаментальнасцю, святочным гучаннем колеру, перапляценнем гатычных і візант. традыцый. З сярэдзіны 15 ст. ўзнікаюць рэнесансавыя тэндэнцыі, узмоцненыя фларэнтыйскім уплывам. Найб. росквіту школа дасягнула ў 1-й пал. 16 ст. (Джарджоне, Тыцыян). У творах майстроў 2-й пал. 16 ст. віртуознасць у перадачы колеравага багацця свету спалучаецца з паэтычнай адухоўленасцю, мяккай і свабоднай жывапіснай манерай (П.Веранезе, Я.Тынтарэта, Джавані Беліні). У 17 ст. школа перажывала творчы спад. Новы яе росквіт у манум.-дэкар. і жанравым жывапісе (Дж.Б.Цьепала, Дж.Б.П’яцэта), арх. пейзажы (т.зв. ведута; Дж.А.Каналета, Б.Белота) адносіцца да 18 ст.
Літ.:
Пиньятти Т. Венецианская школа: Альбом: Пер. с итал. М., 1983.
Даарт.Венецыянская школа жывапісу. Джавані Беліні. Мёртвы Хрыстос. Каля 1470.Даарт.Венецыянская школа жывапісу. Я.Тынтарэта. Дыяна і Актэон. 1556—59.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНТЫЛЯ́ТАР (ад лац. ventilare веяць, махаць),
машына для перамяшчэння пад ціскам паветра або інш. газу. Бываюць цэнтрабежныя, восевыя і дыяметральныя; нізкага (да 1 кПа), сярэдняга (да 3 кПа) і высокага (да 12 кПа) ціску; ад долей вата (бытавыя) да тысяч кілават (прамысловыя). Выкарыстоўваюцца для вентыляцыі аб’ектаў, транспартавання аэрасумесей па трубаправодах, сушкі матэрыялаў, ахалоджвання дэталей машын і электрарухавікоў, падачы паветра ў топачныя агрэгаты і інш.
Цэнтрабежны вентылятар мае спіральны кажух, у сярэдзіне якога знаходзіцца рабочае кола з лопасцямі. Паветра або газ уцягваецца праз уваходную адтуліну, праходзіць у каналах паміж лапаткамі рухомага кола і праз кажух выкідваецца. У восевых вентылятарах паветра перамяшчаецца паміж уваходнай і выхадной адтулінамі ў восевым напрамку, у дыяметральных — двойчы праходзіць паміж лапаткамі колаў у дыяметральным напрамку і выходзіць праз дыфузар. Вентылятары звычайна злучаюцца з вентыляцыйнымі каналамі будынкаў (прытокавыя напампоўваюць паветра, выцяжныя ўсмоктваюць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЮ́Й,
рака на ЗУсх. Сібіры, левы прыток Лены, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 2650 км, пл.бас. 454 тыс.км². Цячэ па Сярэднесібірскім пласкагор’і і Цэнтральнаякуцкай раўніне. У вярхоўях перасякае балоціста-азёрную раўніну, ніжэй цячэ ў вобласці развіцця трапаў, мае даліну горнага характару з каньёнападобнымі (да 160 м) звужэннямі. Ніжэй с. Сунтар даліна расшыраецца. Ад г. Вілюйска да вусця цячэ ў межах Цэнтральнаякуцкай раўніны, мае нізкія берагі, рэчышча разбіваецца на шматлікія пратокі. Асн. прытокі: Чона, Улахан-Батуобуя, Ачугуй-Батуобуя (справа), Марха, Цюнг (злева). Жыўленне снегавое і дажджавое. Ледастаў з сярэдзіны кастр.да сярэдзіны мая. Сярэдні расход вады каля пас. Хатырык-Хом 1190 м³/с. Каля пас. Чарнышэўскі ГЭС і вадасховішча. Суднаходная на 1317 км ад вусця, пры попусках з вадасховішча да Чарнышэўскага. Рыбалоўства (асетр, таймень, лянок, нельма і інш.). У бас. Вілюя радовішчы алмазаў (Мірны і інш.), вугалю, газу і інш.Гал. прыстані: Сунтар, Нюрба, Вілюйск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУ́ША (Oncorhynchus gorbuscha),
прахадная рыба сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў паўн.ч. Ціхага ак. і прылеглай ч.Паўн. Ледавітага ак., на Пд — па амер. узбярэжжы да Каліфорніі, па азіяцкім — да Карэі. Акліматызавана ў Баранцавым і Белым м., у раёне Ньюфаўндленда. На нераст ідзе ў рэкі з быстрай плынню.
Даўж. цела да 68 см (сярэдняя даўж. каля 50 см, маса 1,5 кг). Самы дробны прадстаўнік роду ціхаакіянскіх ласосяў. Афарбоўка ў моры серабрыстая, на хваставым плаўніку дробныя цёмныя плямінкі; у рацэ з’яўляюцца цёмныя плямы на спіне, баках і галаве. Перад нерастам галава і плаўнікі амаль чорныя, цела карычняватае, бруха белае, у самцоў на спіне вырастае горб (адсюль назва), сківіцы загінаюцца крукападобна, на іх вырастаюць вял. зубы. Ікра буйная (дыяметрам да 8 мм). Пасля нерасту гіне. Маляўкі жывуць у гнёздах, потым скочваюцца ў мора, дзе кормяцца ракападобнымі, дробнай рыбай. Мае вял.прамысл. значэнне.
Гарбуша: 1 — звычайны выгляд; 2 — самец у шлюбным убранні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НКГА (Ginkgo),
манатыпны род голанасенных раслін сям. гінкгавых. Вядомы 1 від — гінкга двухлопасцевы (G. biloda). Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі (радзіма Усх. Кітай, Японія), утварае лясы з інш. дрэвамі. Стараж. рэлікт цеплалюбнай даледавіковай флоры (геал. ўзрост віду каля 50 млн. гадоў). На Беларусі рэдка вырошчваецца (з 1900) як дэкар. расліна ў садах, парках і ў аранжарэях.
Двухдомнае лістападнае дрэва выш.да 40 м і дыям. ствала каля 3 м. Кара шэрая, шурпатая. Крона светлая, пірамідальная або раскідзістая. Лісце чаранковае, простае, арыгінальнай веерападобнай формы, светла-зялёнае, увосень — залаціста-жоўтае, сядзіць пучкамі на пакарочаных парастках. Спарафілы моцна рэдукаваныя, сабраны ў аднаполыя стробілы. Сперматазоіды рухомыя, са шматлікімі жгуцікамі (архаічная прыкмета). Семя (да 2—3 см) абкружана тоўстай вонкавай абалонкай, ядомае. Лек. і дэкар. расліна. Размнажаецца насеннем і чаранкамі. Святлалюбны, устойлівы да засухі, задымлення паветра, грыбковых і вірусных захворванняў, рэдка пашкоджваецца насякомымі. Даўгавечны (да 1000 і больш гадоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАВЫ́ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
аўтамабіль для перавозкі грузаў. Характарызуецца грузападымальнасцю, тыпам кузава, колавай формулай і кампаноўкай — размяшчэннем кабіны адносна пярэдняй восі (гл.Аўтамабіль). Для буксіроўкі прычэпаў забяспечваюцца счэпнымі прыладамі, хуткадзейнымі злучальнымі прыстасаваннямі і інш. Адрозніваюць адзіночныя грузавыя аўтамабілі і аўтапаязды (у т. л.цягачы, седлавыя цягачы), звычайнай і павышанай праходнасці.
Бываюць агульнага прызначэння (кузаў неперакульны) і спецыялізаваныя (самазвалы, бензавозы, бетанавозы, кантэйнеравозы, панэлявозы, рэфрыжэратары, фургоны і інш.); паводле кампановачнай схемы — капотныя (кабіна за рухавіком) і бескапотныя (кабіна над рухавіком); паводле грузападымальнасці — асабліва малой (да 0,5 т; гл.Пікап), малой (да 2 т; напр., УАЗ), сярэдняй (да 5 т; ГАЗ), вялікай (да 15 т; ЗІЛ, КамАЗ, КрАЗ, МАЗ, «Урал») і пазадарожныя грузавыя аўтамабілі асабліва вял. грузападымальнасці (больш за 15 т; БелАЗ, «Волат»), Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЦКІ АРЭ́Х, валоскі арэх (Juglans regia),
від кветкавых раслін з роду арэх. Радзіма — Сярэдняя і Паўн.-Усх. Азія. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах. Вырошчваецца ў многіх краінах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляецца як інтрадукаваная расліна ў бат. садах, парках і скверах, вырошчваецца садаводамі-аматарамі.
Лістападнае дрэва выш.да 35 м і дыям. да 2 м. Крона густая, раскідзістая. Лісце няпарнаперыстаскладанае, пахучае (мае эфірны алей). Кветкі дробныя, зеленаватыя, аднаполыя. Плады — буйныя несапраўдныя шарападобныя касцянкі («арэхі»). Ядро арэхаў ядомае, мае да 70% тлушчаў, 26% бялкоў, вітаміны B1, E і правітамін A, выкарыстоўваецца ў кандытарскай і кулінарнай вытв-ці, недаспелыя арэхі багатыя вітамінам C, з іх вырабляюць варэнне. З арэхаў атрымліваюць арэхавы алей, які ідзе ў ежу, на выраб лакаў, высакаякаснага мыла, тушы. Грэцкі арэх жыве да 400 гадоў. Харч., тэхн., кармавая, лек., меданосная і дэкар. расліна. Мае каштоўную драўніну. З лісця, кары, зялёнай лупіны пладоў атрымліваюць дубільнікі і карычневую фарбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ВІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Беларусі, у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобл., на р. Свіслач (за 43,6 км ад вусця) у бас. Дняпра. Створана ў 1953. Пл. 11,9 км², даўж. 23,7 км, найб.Шыр. 1,2 км, найб.глыб. 8,5 м. Чаша — затопленыя рэчышча і пойма Свіслачы, ложа са шматлікімі мелкаводдзямі, ёсць невял. астравы агульнай пл. 15 га. Дно выслана глеем (60% пл.), каля берагоў — пяском. Катлавіна выцягнутая па даліне ракі, са стромкімі, радзей спадзістымі схіламі, укрытымі лесам (часткова пад ворывам). Берагі пераважна высокія, месцамі да 6—8 м.
Замярзае ў пач.снеж., лёд трымаецца дапач. красавіка. Летам вада праграваецца да 21 °C (у паверхневым слоі). Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 81 см. Праточнасць вялікая, аб’ём воднай масы аднаўляецца за 7—8 сутак. Сярэднегадавы сцёк у створы плаціны 790 млн.м³. Каля 35% плошчы зарастае. Выкарыстоўваецца ў энергет. мэтах (Асіповіцкая ГЭС), на водазабеспячэнне сажалак рыбгаса «Свіслач» і Асіповіцкага кардонна-руберойдавага з-да. Зона адпачынку «Асіповічы», санаторый «Вяззе». Курганны могільнік, каля в. Лапічы — гарадзішча жал. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКАЯ АКРУГО́ВАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗАЦЫ́Яў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з мая 1942 даснеж. 1943. Яе ўзначальваў Акруговы бел. антыфаш. к-т Баранавіцкай вобласці. Створана на базе антыфаш. груп Гродзенскай вобласці. Арганізацыйна аформлена 5.5.1942 на міжраённай канферэнцыі кіраўнікоў шэрагу антыфаш. груп, выбраны Акруговы к-т з 6 чал.: Г.М.Картухін (старшыня), А.Ф.Манкевіч (нам. старшыні, абодва даліп. 1942), А.А.Патапаў (сакратар), Б.І.Гардзейчык, П.В.Жукоўскі, А.І.Іваноў. К-т аб’ядноўваў разрозненыя партыз. і падп. групы, садзейнічаў стварэнню новых груп і арг-цый. Дачэрв. 1942 створаны: 5 дыверсійных груп (125 чал.); Васілішкаўскі, Скідзельскі і Шчучынскі раённыя к-ты, якія ўзначальвалі 35 падп. груп (150 чал.). Да восені 1942 пад кіраўніцтвам К-та барацьбу з акупантамі вялі больш за 260 падпольшчыкаў. Антыфаш. арг-цыі праводзілі паліт. работу сярод насельніцтва і партызанаў, выпускалі лістоўкі. Далейшы рост партыз. руху ў рэгіёне праходзіў у цеснай сувязі з антыфаш. арг-цыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ МАСІ́Ў,
у цэнтральнай і зах. частках Беларусі. Прымеркаваны даБеларускай антэклізы. Мяжуе на ПнЗ з Прыбалтыйскім, на У з Аршанскім, на Пд з Прыпяцкім, на З з Брэсцкім гідрагеалагічнымі басейнамі. Ваданосныя гарызонты ў пародах крышт. фундамента і асадкавых адкладах платформавага чахла. Магутнасць зоны актыўнага водаабмену 350—400 м. Яна адпавядае прыўзнятай частцы масіву. Воды прэсныя, гідракарбанатныя кальцыевыя, напорныя, за выключэннем верхніх гарызонтаў грунтавых водаў (часам самавыліваюцца). Мінералізацыя 0,1—0,6 г/л. Да схілаў масіву прымеркавана зона запаволенага водаабмену, дзе воды саланаватыя, сульфатна-хларыдныя натрыевыя і хларыдныя натрыевыя, мінералізацыя ад 1,5—2,9 г/лда 28,4 г/л, нярэдка са значнай колькасцю брому і фтору. Дэбіт свідравін ад 0,02—0,1 л/сда 16—20 л/с. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца для гасп. і пітнога водазабеспячэння, мінеральныя — для лячэбна-прафілактычных мэтаў у санаторыях («Нарач», «Аксакаўшчына», «Крыніца» і інш.) і для разліву (з-ды ў Мінску, Маладзечне і інш.).