Я́КАЎЛЕВІЧЫ,

вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 22 км ад горада і чыг. ст. Орша, 102 км ад Віцебска. 432 ж., 180 двароў (2003). Сярэдняя школа і школа-сад, б-ка, Дом культуры, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 18, кн. 1, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКІ́МАЎКА,

вёска ў Халопеніцкім с/с Крупскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 31 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Крупкі, 149 км ад Мінска. 225 ж., 80 двароў (2003). Базавая школа, б-ка, клуб, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 18, кн. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЧО́НКА, Ячэнка,

рака ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 21 км, пл. вадазбору 100 км². Пачынаецца ў балоцістай мясціне за 1,5 км на ПнЗ ад чыг. ст. Коласава, упадае ў Нёман на Пд ад в. Жукаў Барок. Рэчышча каналізаванае. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 18, кн. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АА́ЗІС (грэч. oasis ад назвы егіп. г. Аасія),

1) месца ў пустынях і паўпустынях, забяспечанае вадой, з багатай расліннасцю. Адрозніваюць прыродныя аазісы, якія ўтвараюцца на месцы выхаду крыніц, пры высокім узроўні грунтавых водаў, перыядычных разлівах рэк, і штучныя — пры арашэнні з артэзіянскіх калодзежаў, свідравін, арашальных каналаў і рэк. Маюць пл. ад соцень квадратных метраў да дзесяткаў тысяч квадратных кіламетраў. Найб. старажытныя Хатанскі ў Зах. Кітаі, Фаюмскі ў Афрыцы; самыя вялікія — густа населеныя раёны з інтэнсіўным земляробствам (напр., даліна Ніла ў Егіпце, Ферганская даліна ў Сярэдняй Азіі).

2) Свабодны ад лёду ўчастак у Антарктыдзе (аазіс Бангера, Вікторыі).

Аазіс Більма ў Аравійскай пустыні.

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛІГА́ЦЫЯ (ад лац. obligatio абавязацельства),

каштоўная папера ў выглядзе даўгавога абавязацельства, якое дае ўладальніку права на атрыманне штогадовага даходу ў выглядзе працэнта ці выйгрышу ў спец. тыражы. Выпускаюцца дзяржавай, банкамі, прадпрыемствамі, карпарацыямі, з’яўляюцца каштоўнымі паперамі на прад’яўніка, свабодна абарачаюцца на фін. рынку і маюць свой курс. Пасля заканчэння прадугледжанага тэрміну аблігацыі выкупляюцца эмітэнтам. Сродкі ад іх выпуску дзяржава выкарыстоўвае на пакрыццё дзярж. расходаў, рэгуляванне грашовага абарачэння. Для прадпрыемстваў, фінансава-крэдытных устаноў аблігацыя — адзін са спосабаў мабілізацыі дадатковых фін. рэсурсаў. У адрозненне ад уладальнікаў акцый, уладальнікі аблігацый з’яўляюцца толькі крэдыторамі, а не саўладальнікамі (акцыянерамі) кампаніі, банка і г.д.

Г.​І.​Краўцова.

т. 1, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГІНА,

вёска ў Беларусі, у Далёцкім с/с Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 35 км на ПдЗ ад Браслава, 273 км ад Віцебска, 67 км ад чыг. ст. Друя. 387 ж., 153 двары (1995). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі — курганны могільнік 8—11 ст.

У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1514 як уладанне роду Геталтаў. Пазней належала Кімбарам, Бенетам, Цеханавецкім, Манузі, Плятэрам. У 1738 у Богіне 5 гаспадарак, 10 валок зямлі. З 1922 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Відзскім р-не Вілейскай, з 1944 — Полацкай, з 1954 — Маладзечанскай абл.

т. 3, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫ́НЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дрыса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПдУ ад г. Верхнядзвінск, 152 км ад Віцебска, 4 км ад чыг. раз’езда Беніслаўскага. 990 ж., 394 двары (1995).

У канцы 18 — пач. 19 ст. побач з Валынцамі ў фальварку Забелы пры дамініканскім кляштары існаваў калегіум і дзейнічаў Забельскі школьны тэатр. У 1-й пал. 19 ст. ў Валынцах жыў і вучыўся ў Забельскай гімназіі бел. пісьменнік А.Вярыга-Дарэўскі. У 1924—29 цэнтр Валынецкага раёна ў Полацкай акрузе.

Перасоўная механізаваная калона. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі, Свята-Барысаглебская царква.

т. 3, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧА́,

вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. За 32 км ад Докшыц, 165 км ад Віцебска, 42 км ад чыг. ст. Параф’янава. 199 ж., 105 двароў (1995).

Упершыню згадваецца ў 1395 як цэнтр вял. капітульнага маёнтка. У 16—17 ст. неаднаразова ўпамінаецца сярод уладанняў віленскага каталіцкага біскупства. Частка Ваўчы належала Тышкевічам, Пацам. З 1861 у Бягомльскай вол. Барысаўскага пав. У 1897 — 311 ж., 83 двары. З 1924 у Бягомльскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі часткова знішчылі вёску. Пасля вайны адноўлена. З 1960 у Докшыцкім р-не. Каля Ваўчы курганны могільнік 11—13 ст.

В.​Л.​Насевіч.

т. 4, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р АБ НЕРАСПАЎСЮ́ДЖВАННІ Я́ДЗЕРНАЙ ЗБРО́І,

міжнароднае пагадненне, адкрытае для падпісання 1.7.1968. Распрацаваны па ініцыятыве ядз. дзяржаў — СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, падпісаны імі, усяго ўдзельнікаў — больш за 130 дзяржаў. Дагавор абавязвае ядз. дзяржавы не перадаваць няядзерным дзяржавам ядз. зброю ў любым выглядзе і не дапамагаць ім набываць яе. Няядзерныя дзяржавы ў сваю чаргу абавязаліся ўстрымацца ад набыцця такой зброі. Дагавор прадугледжвае кантроль з боку Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі за тым, каб прадухіліць проціпраўны пераход ад мірнага выкарыстання ядз. энергіі да вытворчасці ядз. зброі. Рэспубліка Беларусь далучылася да дагавора ў якасці няядзернай дзяржавы на падставе Пастановы Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 4.2.1993.

Ю.​П.​Броўка.

т. 5, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАРЫТЭ́Т (ням. Autorität ад лац. auctoritas улада, уплыў),

ідэйнае і сац.-псіхал. ўздзеянне адной асобы або групы (арг-цыі, партыі) на інш. асобу або групу, нават народ; адна з формаў ажыццяўлення ўлады. Аўтарытэт праяўляецца ў здольнасці яго носьбітаў (асоб, груп) уплываць, не прыбягаючы да прымусу, на паводзіны і погляды інш. людзей у якой-н. галіне дзейнасці або грамадскага жыцця ў цэлым. Уздзеянне носьбітаў аўтарытэту абумоўлена іх высокай кампетэнтнасцю, ведамі, вопытам, маральнымі якасцямі. У залежнасці ад сферы і спосабу ўплыву адрозніваюць аўтарытэт палітычны, маральны, рэліг. і інш. формы, у якіх аўтарытэт рэалізуецца, і сіла яго ўздзеяння залежаць ад узроўню развіцця культуры грамадства.

В.​М.​Пешкаў.

т. 2, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)