«СКЕПТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА»,

крытычны кірунак у рас. гістарыяграфіі 1-й пал. 19 ст. Заснавальнік — М.​Т.​Качаноўскі. Да «С.ш.» належалі В.​М.​Бадзянскі, С.​М.​Строеў, блізкія погляды мелі П.​М.​Строеў і інш. Прадстаўнікі «С.ш.» крытыкавалі канцэпцыі афіц. гісторыкаў, асабліва М.​М.​Карамзіна, даказвалі неабходнасць параўнальна-гіст. вывучэння мінулага Расіі, крытычных адносін да крыніц, праверкі сапраўднасці тэкстаў і аналізу зместу выкладзеных у іх падзей. Яны лічылі, што рус. летапісы 11—12 ст., Руская праўда, «Слова аб палку Ігаравым» і інш. стараж. помнікі не могуць служыць гіст. крыніцамі пры вывучэнні Кіеўскай Русі, бо ўзніклі, на іх думку, значна пазней за перыяд яе існавання і выключна пад уплывам замежных літ. і дакумент. крыніц. Выступалі супраць нарманскай тэорыі, падзялялі погляды І.​Эверса пра хазарскае паходжанне Русі. Нягледзячы на спрэчнасць яе канцэпцый, «С.ш.» — важны этап у фарміраванні рас. гістарыяграфіі.

т. 14, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЖБА ЧА́СУ,

сукупнасць работ па вызначэнні і захоўванні дакладнага часу і перадачы інфармацыі аб ім; аб’яднанне астр. устаноў краіны, якія вядуць адпаведныя работы. Устанаўлівае сувязь паміж сусветным часам (вызначаецца з астр. назіранняў) і атамным часам (вызначаецца пры дапамозе квантавага гадзінніка, недакладнасць ходу якога каля 1 с за сто гадоў). Захоўванне часу паміж назіраннямі выконваецца пры дапамозе кварцавых гадзіннікаў, якія кантралююцца атамнымі і малекулярнымі стандартамі частаты з дакладнасцю, на 3—4 парадкі вышэйшай за дакладнасць вызначэння сусветнага часу. Для праверкі часу праз радыёвяшчальную сетку кожную гадзіну перадаюць 6 сігналаў, апошні з якіх адпавядае дадзенай гадзіне. Работу С.ч. розных краін каардынуе Міжнар. бюро часу пры Парыжскай абсерваторыі, якое па іх матэрыялах вылічвае і публікуе канчатковыя папраўкі радыёсігналаў. Міжнар. шкала атамнага часу рэалізуецца шляхам усярэднення паказанняў некалькіх дзесяткаў атамных гадзіннікаў С.ч. ў розных краінах.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 15, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУЖБО́ВАЯ Э́ТЫКА сістэма норм паводзін, якія рэгулююць адносіны чалавека да сваіх прафес. абавязкаў, маральныя ўзаемаадносіны спецыялістаў і аб’ектаў іх дзейнасці (урач і хворы, педагог і вучань і г.д.), узаемаадносіны людзей у прац. дзейнасці. Нормы С.э. выпрацоўваюцца з улікам сац. структуры грамадства, інтарэсаў груп, сістэм грамадскіх адносін і ўяўлення членамі грамадства аб належным, дапушчальным, магчымым, станоўчым, жаданым, прымальным і г.д. З дапамогай гэтых норм грамадства, сац. групы прад’яўляюць сваім прадстаўнікам патрабаванні, якім павінны адпавядаць іх паводзіны, кантралююць, рэгулююць, ацэньваюць гэтыя паводзіны. Да спецыялістаў, ад якіх залежыць жыццё і здароўе людзей (медыцына, транспарт і г.д.) або якія маюць права ўмешвацца ва ўнутраны свет чалавека (педагогіка, псіхіятрыя і інш.), прад’яўляюцца павышаныя патрабаванні. Існуюць такія паняцці, як урачэбная этыка. журналісцкая этыка і інш. У сучасным грамадстве асобае значэнне надаецца прадпрымальніцкай этыцы, якая ўключае этыку вядзення перагавораў, канкурэнтнай барацьбы і г.д.

т. 15, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СОЦИАЛИ́СТ-РЕВОЛЮЦИОНЕ́Р»,

газета Мінскага абл. к-та партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Выходзіла з 23.10 да 19.12.1917 у Мінску на рус. мове штодзённа. Прытрымлівалася правай плыні партыі эсэраў. Змяшчала звароты ЦК, артыкулы парт. дзеячаў, перадрукоўкі з газ. «Дело народа», паведамляла пра парт. рух сярод вайскоўцаў. Друкавала адозвы А.​Ф.​Керанскага, ЦК і фракцыі эсэраў, 2-га Усерас. з’езда Саветаў, К-та выратавання рэвалюцыі Зах. фронту і інш. Выступала ў абарону дэмакр. свабод, за наданне паўнамоцтваў Устаноўчаму сходу ў вырашэнні праблем рас. грамадства, у падтрымку дзяржаўнасці Беларусі, земскага і гар. самакіравання, салдацкіх, сял. і рабочых арг-цый. Змяшчала матэрыялы пра дзейнасць у Мінску 2-га франтавога, 3-га сял., Усебел. і інш. з’ездаў, справаздачы аб пасяджэннях Аблвыкамзаха, паведамленні на тэмы агульнарас. і бел. жыцця, нарысы, вершы. Закрыта 19 снеж. загадам СНК Зах. вобласці і фронту. Выйшла 48 нумароў.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 15, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТЫСТЫ́ЧНАЕ РАШЭ́ННЕ ў матэматычнай статыстыцы,

рашэнне, прынятае па выніках назіранняў якой-н. з’явы, што падпарадкоўваецца не поўнасцю вядомым імавернасным заканамернасцям. Лічаць, што адпаведнае размеркаванне імавернасцей залежыць ад значэння невядомага параметра, якое ацэньваецца па выніках назіранняў. Дакладная матэм. фармулёўка паняццяў, датычных да С.р. і спосабаў іх параўнання, разглядаецца ў статыстычных рашэннях тэорыі.

Напр., пры хлараванні вады колькасць дададзенага хлору залежыць ад сярэдняй Колькасці бактэрый у адзінцы аб’ёму вады. Гэта значэнне ацэньваецца па выніках падліку колькасці бактэрый у незалежна выбраных адзінках аб’ёму пры дапушчэнні, што незалежныя выпадковыя велічыні маюць аднолькавае Пуасона размеркаванне з невядомым матэм. чаканнем, роўным шуканай сярэдняй колькасці бактэрый. С.р. аб колькасці дадзенага хлору залежыць ад якой-н. стат. ацэнкі сярэдняй колькасці, выбранай з улікам рызыкі непажаданых наступстваў: заніжаная колькасць хлору вядзе да недастатковага абеззаражвання вады, завышаная — да пагаршэння, напр., смакавых якасцей вады.

т. 15, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЯКЛО́Ў Уладзімір Андрэевіч (9.1.1864, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 30.5.1926),

расійскі матэматык, арганізатар і гісторык навукі; заснавальнік навук. школы па матэм. фізіцы. Акад. Пецярбургскай АН (1912, чл.-кар. 1902). Замежны ганаровы чл. Гётынгенскай АН (1925). Скончыў Харкаўскі ун-т (1887), дзе працаваў з 1889 (з 1896 праф.). З 1906 у Пецярбургскім ун-це. У 1919—26 віцэ-прэзідэнт АН СССР, арганізатар і з 1921 дырэктар Фізіка-матэм. ін-та АН СССР. Навук. працы па матэм. фізіцы, матэм. аналізе, тэорыі пругкасці, гідрадынаміцы і гісторыі матэматыкі. Аўтар кніг і нарысаў аб навук. творчасці М.​В.​Ламаносава, Г.​Галілея, М.​І.​Лабачэўскага, А.​Пуанкарэ, П.​Л.​Чабышова і інш. Яго імем названы Матэм. ін-т АН СССР (1934).

Тв.:

Основные задачи математической физики. 2 изд. М., 1983.

Літ.:

Владимиров В.С., Маркуш И.И. В.​А.​Стеклов — ученый и организатор науки. М., 1981.

т. 15, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЮЛІ́-ПРУДО́М [Sully-Prudhomme; сапр. Прудом (Prudhomme) Рэнэ Франсуа Арман; 16.3.1839, Парыж — 6.9.1907],

французскі паэт; прадстаўнік групы «Парнас». Чл. Франц. акадэміі (з 1881). Вывучаў права і дакладныя навукі ў Парыжскім ун-це. Як пісьменнік фарміраваўся пад уплывам рамантыкаў. Вядомасць прынёс першы зб. «Стансы і вершы» (1865). Зб-кі «Адзінота» (1869), «Дарэмная пяшчота» (1875), паэма «Лёсы» (1872) адметныя пластычнасцю вобразаў, жывапіснасцю, філас. праблематыкай. У працяг ант. традыцыі (пераклаў 1-ю ч. паэмы Лукрэцыя «Аб прыродзе рэчаў», 1869) напісаў філас.-алегарычныя паэмы «Справядлівасць» (1878) і «Шчасце» (1888), у рэчышчы філасофіі пазітывізму — трактаты «Прадмова» (1869), «Псіхалогія свабоднага выбару» (1906) і інш. Аўтар шматлікіх нарысаў, сацыялагічных і мастацтвазнаўчых прац. Нобелеўская прэмія 1901.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. стихотворения. М., 1924;

у кн.: Французские стихи в переводе русских поэтов XIX—XX вв. М., 1969.

Е.​А.​Лявонава.

Сюлі-Прудом.

т. 15, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЦЕ́ЙСКІ СУД, арбітражны суд,

суд, які выбіраецца па ўзгадненні бакоў для вырашэння імі спрэчак цывільна-прававога і гасп. характару. У залежнасці ад суб’ектаў спрэчных праваадносін адрозніваюць 2 віды Т.с.: суды для вырашэння спрэчак паміж фіз. асобамі і суды для вырашэння спрэчак паміж юрыд. асобамі. У Рэспубліцы Беларусь трацейскі разбор спрэчак рэгулюецца адпаведна нормамі цывільнага працэсуальнага або гасп. працэсуальнага кодэксаў. Т.с. можа вырашаць любыя спрэчкі паміж грамадзянамі, акрамя тых, што вынікаюць з працоўных і сямейных праваадносін. Дагавор аб перадачы спрэчкі на Т.с. заключаецца ў пісьмовай форме, дзе спрэчныя бакі бяруць на сябе абавязацельства выканаць яго рашэнне. Рашэнне Т.с., не выкананае добраахвотна, можа быць прыведзена ў выкананне прымусова праз адпаведныя тэр. суды. Для трацейскага вырашэння спрэчак паміж удзельнікамі знешнеэканам. дзейнасці юрыд. асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў у Рэспубліцы Беларусь у 1999 створаны міжнар. арбітражны (трацейскі) суд (гл. Арбітраж міжнародны).

т. 15, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРКМАНЧА́ЙСКІ ДАГАВО́Р 1828,

мірны дагавор паміж Расіяй і Персіяй (Іранам), які завяршыў рус.-іранскую вайну 1826—28. Падпісаны 22 лют. ў в. Туркманчай каля г. Тэбрыз (Персія) з боку Расіі яе намеснікам на Каўказе ген. І.Ф.Паскевічам, з боку Персіі — наследным прынцам Абас-Мірзой. У выпрацоўцы ўмоў удзельнічаў А.С.Грыбаедаў. Паводле дагавора да Расіі далучалася Усх. Арменія (Эрыванскае і Нахічэванскае ханствы), Персія гарантавала армянам у сваіх уладаннях права бесперашкоднага перасялення ў Расію, выплачвала Расіі 20 млн. руб. серабром, пацвярджала ўмовы Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 аб выключным праве Расіі мець ваен. флот на Каспійскім м. і свабодзе гандлю паміж дзвюма краінамі. Т.д. 1828 заклаў асновы рус.-перс. адносін да 1917, паспрыяў захаванню і кансалідацыі арм. народа на той частцы яго этн. тэрыторыі, дзе ў 20 ст. сфарміравалася сучасная дзяржава Арменія.

Заключэнне Туркманчайскага дагавора 1828. З карціны Я.​Сухадольскага.

т. 16, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРА́НГЕЛЬ Фердынанд Пятровіч (9.1.1797, г. Пскоў, Расія — 6.6.1870),

расійскі мараплавец. Адмірал. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1855). Скончыў Марскі корпус (1815). У 1817—19 удзельнічаў у кругасветным падарожжы на шлюпе «Камчатка» пад кіраўніцтвам В.​М.​Галаўніна. У 1820—24 кіраваў экспедыцыяй, якая нанесла на карту ўзбярэжжа Сібіры ад вусця р. Індыгірка да Калючынскай губы, правяла лядовыя, геамагнітныя і метэаралагічныя назіранні, сабрала звесткі аб прыродных багаццях і насельніцтве Паўн.-Усх. Сібіры. У 1825—27 узначальваў кругасветную экспедыцыю на караблі «Пакорлівы». У 1829—35 гал. правіцель рус. паселішчаў у Амерыцы. У 1840—49 дырэктар Рас.-Амер. кампаніі. У 1855—57 марскі міністр. Адзін з заснавальнікаў Рус. геагр. т-ва. Яго імем названы востраў у Паўн. Ледавітым ак., заліў на паўд.-ўсх. беразе Аляскі, горы на Алясцы і інш.

Літ.:

Пасецкий В.М. Ф.​П.​Врангель. М., 1975.

т. 16, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)