абагульняльны эканам. і статыст. паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг, вырабленых на тэр. краіны, у дзеючых рыначных цэнах без уліку сальда плацежнага балансу. Уваходзіць у сістэму нацыянальных рахункаў. Вызначаецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. Яго даходы, як і валавога нац. даходу, — гэта сума заработнай платы ўсіх наёмных работнікаў (да выплаты падаткаў), рэнтных плацяжоў, працэнтаў па пазыках, амартызацыйных адлічэнняў, прыбытку фірмаў, карпарацый і асобных прадпрыемстваў, даходаў ад індывід.прац. дзейнасці, даходаў творчых, навук. і інш. работнікаў, ускосных падаткаў на бізнес. У матэрыяльна-рэчыўнай форме ВУП — сукупнасць вырабленых у краіне тавараў і паслуг, якія на працягу года выкарыстоўваюцца на спажыванне і накапленне. Падлічваецца ВУП у маштабе краіны ў разліку на душу насельніцтва, што дае магчымасць параўноўваць асобныя краіны і рэгіёны па ўзроўні сац.-эканам. развіцця. Важнае значэнне мае і структура выкарыстання ВУП: якая яго доля на якія мэты затрачваецца — на харчаванне, адукацыю, ахову здароўя, навуку і культуру, кіраванне, ваен. і інш. Такія паказчыкі адлюстроўваюць узровень жыцця ў пэўнай краіне і характар яе сац. палітыкі. На Беларусі ў сувязі з крызісам у пераходны да рыначнай эканомікі перыяд агульны аб’ём вытв-сці ВУП змяншаецца. У разліку на душу насельніцтва Беларусь адносіцца да групы краін, дзе гэты паказчык ніжэйшы за сярэдні. Істотныя змены адбываюцца і ў структуры ВУП. Доля расходаў на канчатковае спажыванне ў 1994 склала 84,4%, у 1995 — 71,9 (з іх адпаведна на дамашнюю гаспадарку 56,5 і 50,5, на дзярж. кіраванне 21,3 і 21,9%, на валавыя накапленні 28,9 і 25,2%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫТУ́РА (італьян. partitura ад лац. partio дзялю, размяркоўваю),
нотны запіс шматгалосага муз. твора для аркестра, хору, камернага ансамбля і інш. У П. кожная партыя пішацца ці друкуецца на асобным нотным стане; натаносцы (радкі) размяшчаюцца па вертыкалі — у пэўным парадку па групах інструментаў і па гарызанталі — паводле прынцыпу супадзення тактаў, тэсітуры — зверху ўніз (за выключэннем труб), партыі арфы, фп., аргана, салістаў, хору — над групай струнных (смыкавых). Размяшчэнне інстр. груп у П. для сімф. аркестра (зверху ўніз) наступнае: драўляныя духавыя, медныя духавыя, ударныя, струнныя. Чытанне (аналіз) П. — адна з дысцыплін муз. адукацыі кампазітараў, дырыжораў, музыказнаўцаў і інш.
Першыя звесткі пра П. датуюцца пач. 16 ст. («Tabulae compositorias», «Кампазітарскія табліцы»), Развіццё кампазітарскай тэхнікі, інструментарыя, інстр. складу аркестра адбілася на структуры П. Сучасная арганізацыя П. сфарміравалася ў 19 ст. Некат. змены ў традыц. правілы ўнеслі Г.Берліёз, Р.Вагнер, Р.Штраус, А.Месіян і інш. Спробы прасцейшага запісу арк. твораў рабілі М.Рымскі-Корсакаў, М.Мяскоўскі, С.Пракоф’еў. У сярэдзіне 20 ст. новыя віды кампазітарскай тэхнікі (А.Шонберг, А.Берг, А.Анегер і інш.) спрыялі ўзнікненню ўмоўных спосабаў натацыі, а таксама інш. знакавых натацыйных прынцыпаў. У бел. музыцы гэта адбілася ў некат. творах Дз.Смольскага, В.Кузняцова, В.Капыцько і інш.
Літ.:
Таранов Г. Курс чтения партитур. М.; Л., 1939;
Нюрнберг М. Нотная графика. Л., 1953;
Рогаль-Левицкий Д.Р. Беседы об оркестре. М., 1961;
Мальтер Л. Таблицы по инструментоведению. М., 1966;
Благодатов Г.И. История симфонического оркестра. Л., 1969;
Фортунатов Ю.А. История оркестровых стилей. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЦЭ́Л,
прылада і прыстасаванне для наводкі зброі ў цэль. Выкарыстоўваюцца таксама для назірання за полем бою і выбару цэлі. Бываюць: артыл. (мінамётныя, зенітныя), авіяц., стралковыя, танк., ракетных комплексаў (прыцэльныя сістэмы) і інш.; мех., оптыка-электронныя (аптычныя, інфрачырвоныя, лазерныя, тэлевізійныя), радыёлакацыйныя; аўтам., паўаўтам. і неаўтаматычныя.
Артыл. П. (мех. і аптычныя) забяспечваюць прыцэльванне гарматы ў гарыз. і верт. плоскасцях непасрэдным візіраваннем па цэлі, памясц. аб’екце ці адлікам ад гарызонту гарматы; авіяц. П. — прыцэльванне пры бомба- і тарпедакіданні, выкарыстанне стралкова-гарматнай і ракетнай зброі па наземных, марскіх і паветраных цэлях; танкавыя (П.-дальнамеры, перыскапічныя і тэлескапічныя аптычныя П., вылічальныя прыстасаванні) — устанаўліваюць вугал прыцэльвання і робяць наводку танк. гарматы; прыцэльныя сістэмы ракетных комплексаў забяспечваюць прасторавую арыентацыю корпуса ракеты або вымяральных элементаў сістэмы кіравання перад пускам. Начныя (інфрачырвоныя) П. выкарыстоўваюцца для стральбы ноччу са стралк. зброі, процітанк. і танк. гармат; бываюць тэлескапічнай ці перыскапічнай канструкцыі; актыўныя (са спец. крыніцамі інфрачырвонага выпрамянення) і пасіўныя (успрымаюць інфрачырвонае выпрамяненне цэляў). Разнавіднасць актыўных начных П. — лазерныя П. (выкарыстоўваецца інфрачырвонае выпрамяненне лазера). Радыёлакацыйныя П. маюць візірнае прыстасаванне на базе радыёлакацыйнай станцыі; выкарыстоўваюцца ў любое надвор’е і любы час сутак (самалётныя ўваходзяць у прыцэльна-навігацыйную сістэму самалёта).
Прыцэлы: а — механічны кулямётны (1 — прыцэльная планка, 2 — хамуцік, 3 — цэлік); б — аптычны панарамны (1 — кольца з дакладнай шкалой вугламера, 2 — корпус адбівальнай прызмы і панарамы, 3 — шкала вугламера); в — аўтаматычны зенітнай пушкі (1 і 6 — каліматары, 2 — лічыльна-рашальная частка, 3 — механізм уводу вуглоў пікіравання цэлі, 4 — курсавая галоўка, 5 — механізм уводу скорасці цэлі і далёкасці да яе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ БЯСПЕ́КА,
комплекс мерапрыемстваў па ахове чалавека ад шкоднага ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў. Пры працы з радыеактыўнымі рэчывамі, мед. абследаваннях і ў інш. выпадках уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў прыроднага ці тэхнагеннага паходжання скіраваная на зніжэнне сумарнай дозы апрамянення арганізма да бяспечнага для здароўя чалавека ўзроўню (гранічна дапушчальнай дозы). Выключная роля адводзіцца Р.б. пры аварыях на АЭС і ліквідацыі іх наступстваў. На Беларусі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) радыяцыйна-экалагічнае становішча характарызуецца складанасцю і неаднароднасцю радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі, наяўнасцю радыенуклідаў практычна ва ўсіх кампанентах экасістэмы і іх уцягваннем у геахім. і трафічныя цыклы міграцыі. Меры Р.б. ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва» (1998), які рэгламентуе нормы Р.б. з указаннем гранічна дапушчальных доз, дапушчальных узроўняў іанізавальных выпрамяненняў усіх відаў і інш. патрабаванні па абмежаванні радыеактыўнага ўздзеяння на насельніцтва.
У забруджаных раёнах больш за 70% сумарнай дозы апрамянення абумоўлена ўнутр. апрамяненнем арганізма, выкліканым ужываннем мясц.харч. прадуктаў (пераважна малака, ягад, грыбоў), якія маюць у сабе цэзій-137 і стронцый-90. Р.б. насельніцтва забяспечваецца правільнай арганізацыяй харчавання (напр., рэгулярнае ўжыванне пекцінавых прэпаратаў ачышчае арганізм ад цэзію-137) і с.-г. вытв-сці. Ахова ад знешняга апрамянення забяспечваецца правільным правядзеннем работ у забруджаных лясных масівах, нарыхтоўкі лесапрадуктаў, палявых работ (пры ўтварэнні пылу значна павялічваецца ўдзельная радыеактыўнасць паветра), арганізацыяй мерапрыемстваў па прадухіленні лясных і тарфяных пажараў, якія павышаюць радыяцыйны фон на значнай тэрыторыі. Для забеспячэння макс. эфектыўнасці Р.б. ажыццяўляецца радыяцыйны маніторынг навакольнага асяроддзя, а таксама радыеметрычны кантроль харч. прадуктаў і сістэматычныя мед. абследаванні жыхароў забруджаных раёнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНА́Я ГАСПАДА́РКА,
галіна нар. гаспадаркі, якая займаецца зберажэннем, выкарыстаннем і аднаўленнем лесу. Прадугледжвае ўлік (гл.Лясны кадастр), лесаўпарадкаванне, своечасовае аднаўленне лесу і лесаразвядзенне (гл.Лясныя культуры), ахову лясоў ад пажараў, шкоднікаў і хвароб, найб. поўнае і рацыянальнае выкарыстанне лясных рэсурсаў і зямель ляснога фонду, усебаковае выкарыстанне вода-, глеба- і полеахоўных, сан.-гігіенічных і інш. функцый лесу. Асн. палажэнні вядзення Л.г. і лесакарыстання закладзены ў Лясным кодэксе Рэспублікі Беларусь, а юрыд. нормы лясных адносін, зберажэння і аховы лесу — ў лясным заканадаўстве. Л.г. стварае базу для развіцця лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Асн. работы лесагаспадарчай вытв-сці: высечкі догляду лесу, сяўба і пасадка лесу, догляд лясных культур, асушэнне лясных зямель, збор насення, вырошчванне лесапасадачнага матэрыялу і інш. Л.г. займаецца прамысл. вытв-сцю (перапрацоўка дробнатаварнай, нізкасартавой драўніны і адходаў Л.г.), а таксама зборам дзікарослых пладоў, ягад, грыбоў, лек. і тэхн. сыравіны. На Беларусі землі ляснога фонду займаюць 9,2 млн.га, або 44,3% яе тэрыторыі; з іх уласна лясы складаюць 7,4 млн.га (35,4%). Асн. дрэвавыя пароды: хвойныя (хвоя, елка) — 65%, цвердалістыя (граб, дуб, ясень, клён) — 4% і мяккалістыя (бяроза, асіна, вольха і інш.) — 31%. Агульны запас драўніны на корані складае 1,1 млрд.м³, штогадовы сярэдні прырост — 25 млн.м³, запас драўніны спелых насаджэнняў — 75 млн.м³. Кіруе Л.г. Міністэрства лясной гаспадаркі, якому падпарадкавана 74% зямель ляснога фонду. Астатнія замацаваны зас.-г. прадпрыемствамі і інш. карыстальнікамі. Асн.адм.-гасп. адзінка — лясгас (у 1998 было 88 лясгасаў). Выконваюць усе лесагасп. работы і ажыццяўляюць кантроль за выкарыстаннем лесасыравінных рэсурсаў лясніцтвы. Штогод высечка лесу праводзіцца на пл. 26 тыс.га. Значная ч. драўніны ідзе на перапрацоўку. У 1997 нарыхтавана 11,6 млн.м³ драўніны. Экспартуецца дробнатаварная драўніна (дыяметрам 6—13 см): балансы для цэлюлознапапяровай прам-сці, руднічная стойка для шахтаў. Доля экспарту піламатэрыялаў у 1997 склала 38%, або 115,7 тыс.м³.
За пасляваенны перыяд лясістасць тэр. Беларусі ў выніку лесаразвядзення і лесааднаўлення павялічылася з 21% да 36%. На 1 жыхара рэспублікі прыпадае 0,73 га і 108 м³ лесу, што ў 2 разы вышэй за сярэднееўрап. ўзровень. Спецыфічнымі асаблівасцямі лясоў Беларусі з’яўляюцца: перавага маладых і сярэднеўзроставых насаджэнняў (81%), забалочанасць (15%) і радыеактыўнае забруджванне (23,3%). На землях, забруджаных радыенуклідамі, агульнай пл. 1723,3 тыс.га (на 1.1.1998) штогод праводзіцца лесааднаўленне і залясенне. У цэлым па рэспубліцы лесааднаўленне і залясенне ў 1997 праведзена на пл. 24,3 тыс.га, у т. л. 5,5 тыс.га на тэрыторыі забруджанай радыенуклідамі. Лесапасадачны матэрыял вырошчваецца ў 180 лясных гадавальніках. Штогод нарыхтоўваецца каля 140 т насення дрэвавых і хмызняковых парод. У 1997 лясгасамі нарыхтавана 1550 т ягад (журавіны, брусніцы, чарніцы), 203 т грыбоў, 37 тлек. сыравіны і 38 т мёду. Аб’ектамі палявання з’яўляюцца лось, алень, дзік, казуля, вавёрка, заяц, куніца, ліс чырвоны, андатра, норка, воўк, барсук, рысь, выдра, янотападобны сабака, глушэц, цецярук, курапатка, качка і інш. У 301 паляўнічай гаспадарцы працуе 131 спецыяліст-паляўніцтвазнавец і 986 штатных егераў. З 1991 у лясных угоддзях Беларусі арганізуюцца туры для замежных паляўнічых.
Навук.-даследчую работу па пытаннях Л.г. праводзяць у Ін-це лесу Нац.АН Беларусі, Бел.тэхнал. ун-це і інш. Даследуюцца праблемы гібелі лясных насаджэнняў ад пажараў, уздзеяння неспрыяльных умоў надвор’я, пашкоджання дзікімі жывёламі, хвароб лесу і інш. Праводзяцца мерапрыемствы па ахове лесу ад шкоднікаў і хвароб. У 1997 біял. метад аховы выкарыстаны на пл. 16,1 тыс.га лясных насаджэнняў, хім. — 3,4 тыс.га. Гл. таксама Лесаводства, Лесазнаўства.
Літ.:
Рублевский С.А. Управление лесами и лесным хозяйством Белорусской ССР. Мн., 1979;
Янушко А. Д., Желибо Б. Н. Интенсификация лесного хозяйства Белоруссии и ее эффективность. Мн., 1975.
Р.Р.Паўлавец.
Да арт.Лясная гаспадарка. Сярэднеўзроставае клянова-асінавае насаджэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ БІ́ТВЫ 1812 Баі за Полацк паміж рас. 1-м пях. корпусам ген. П.Х.Вітгенштэйна і франц. корпусам маршала Ш.Удзіно 17—18 жн. і 18—19 кастр. 1812. Пасля Клясціцкіх баёў 1812 на падыходах да Полацка 16 жн.рас. войскі занялі в. Гамзелева. 17 жн. Вітгенштэйн атакаваў франц. пазіцыі, пад прыкрыццём авангардаў ген.-маёра Б.Б.Гельфрэйха (4 пях. батальёны, 4 кав. эскадроны і 300 казакоў з 12 гарматамі) і палк. Я.І.Уластава (1 егерскі полк і 2 грэнадзёрскія батальёны). Рас. войскі (каля 20 тыс.чал. і 99 гармат) размясціліся паўкругам. насупраць горада паміж р. Палата і Дзвіна. Баварскі корпус ген. Л.Гув’ена Сен-Сіра размясціўся на левым беразе р. Палата за Спаскім манастыром, корпус Удзіно — паміж р.Палата і Дзвіна і меў выхад на дарогу Себеж—Невель. Агульная колькасць франц. войска дасягала 45 тыс. Бой цягнуўся каля 14 гадзін з пераменным поспехам. Абодва бакі панеслі вял. страты. Цяжка паранены Удзіно перадаў камандаванне Сен-Сіру, які перагрупаваў войскі і ў 5 гадзін раніцы пачаў наступленне супраць левага фланга рас. войск. Ген.-маёр А.Ю.Гамен, які ўзначальваў цэнтр рас. войска, з 2 палкамі і 3 батальёнамі атакаваў і адкінуў непрыяцеля. Франц. кавалерыя, якая спрабавала прарваць цэнтр, была разбіта і адкінута да Полацка. Рас. войскі ўтрымалі асн. пазіцыі, але з-за перавагі сіл праціўніка вымушаны былі адысці да р. Дрыса. За 2 дні баёў яны страцілі каля 5,5 тыс. забітымі і параненымі; французы і баварцы — 8 тыс. У выніку 1-й Полацкай бітвы французы адмовіліся ад наступлення на Наўгародска-Пецярбургскім напрамку і не змаглі падтрымаць корпус, які асаджаў Рыгу.
2-я Полацкая бітва мела за мэту акружыць і знішчыць франц. войскі. 17 кастр. армія Вітгенштэйна (каля 55 тыс.чал., 122 гарматы) сканцэнтравалася каля Полацка. Франц. маршал Сен-Сір меў у Полацку 30—32 тыс.чал. Бой пачаўся раніцай 18 кастр. кавалерыйскімі сутычкамі, у выніку якіх франц. кавалерыя страціла больш за палову свайго складу і амаль усіх штаб-афіцэраў. Сабраўшы большую частку свайго корпуса, Сен-Сір пачаў атаку супраць усіх 3 калон рас. войск. Абодва бакі мелі вял. страты, бой скончыўся безвынікова. Рас. войскі занялі пазіцыі насупраць Полацка перад гар. валамі і на левым беразе Дзвіны. 19 кастр. Вітгенштэйн атакаваў горад з фронту і моцным артыл. агнём прымусіў праціўніка пакінуць умацаваны лагер і адысці ў Полацк. У 2 гадзіны ночы рас. авангарды ген.-маёра А.Б.Фока і палк. Турчанінава ўварваліся ў горад; пачалі вулічныя баі. Сен-Сір быў вымушаны вывесці войскі з Полацка і разбурыў масты цераз Дзвіну. Спробы французаў адбіць горад 20 кастр. былі безвыніковымі. За 2 дні баёў рас. войскі страцілі 8 тыс.чал., французы — каля 4 тыс.чал. забітымі і параненымі і больш за 2 тыс. палоннымі. Пасля вызвалення Полацка франц. войска вымушана было адступіць па спустошанай раней дарозе.
Літ.:
Жилин П.А. Отечественная война 1812 г. 3 изд. М., 1988;
Корнейчик Е. Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г.Мн., 1962;
Троицкий Н.А. 1812. Великий год России. М., 1988.
Ш.І.Бекцінееў.
Да арт.Полацкія бітвы 1812. Бітва каля Полацка 18.8.1812. З гравюры Д.Ругендаса. 1810-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫЯ́НА (Indiana),
штат на Пн ЗША, паміж воз. Мічыган і р. Агайо. Пл. 93,4 тыс.км². Нас. 5840 тыс.чал. (1996). Адм. ц. — г.Індыянапаліс, найб. гарады: Форт-Уэйн, Гэры, Эвансвіл, Саўг-Бенд, Хаманд. Рэльеф раўнінны, на Пд узгоркі выш. да 383 м. Клімат умерана вільготны. Сярэдняя т-растудз. каля -4 °C, ліп. каля 25 °C. За год выпадае ад 890 мм (на Пд) да 1120 мм (на Пн) ападкаў.
Індустр.-агр. штат. Вядучая галіна гаспадаркі — апрацоўчая прам-сць. Развіты чорная металургія, вытв-сцьтрансп. абсталявання, аўтамаб. і авіяц. рухавікоў, разнастайных прамысл., электронных і эл.-тэхн. вырабаў, цэменту, нафтапрадуктаў, хімікатаў, харч. прадуктаў, у т. л. дзіцячага харчавання. Здабыча нафты і каменнага вугалю. У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства (62% даходаў). Штат размешчаны ў кукурузным поясе, с.-г. ўгоддзі займаюць больш за 75% тэрыторыі. Вырошчваюць кукурузу, сою, пшаніцу, сеяныя травы, агародніну, тытунь. Цяплічныя гаспадаркі.
Садоўніцтва. Мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1,15, свіней — 3,75, курэй — 26,2, індыкоў — 14. Густая сетка аўтадарог і чыгунак. Суднаходства павоз. Мічыган і р. Агайо.
Тэр. І. здаўна насялялі індзейцы. У 1670-я г. адкрыта еўрапейцамі (першым лічыцца француз Р. Ла Саль). З канца 17 — пач. 18 ст. каланізавана французамі (ч. Новай Францыі). Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 пад уладай Вялікабрытаніі. Пасля вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 адышла да ЗША і стала часткай іх паўн.-зах. тэрыторый (1787). З 1809 прыблізна ў сучасных межах У ходзе засялення еўрапейцамі мясц. індзейцы, якія супраціўляліся каланізацыі (апошняе буйное паўстанне адбылося ў час англа-амер. вайны 1812—14), знішчаны або выцеснены са сваіх зямель. З 1816 штат ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭСТАНТЫ́ЗМ [ад лац. protestans (protestantis) які публічна даказвае],
адзін з асн. кірункаў (разам з каталіцызмам і праваслаўем) у хрысціянстве. Узнік у Еўропе ў перыяд Рэфармацыі.
Першапачаткова звязваўся з вучэннем М.Лютэра, пазней Ж.Кальвіна, У.Цвінглі і інш. рэфармацыйных плыней. Да сярэдзіны 16 ст. распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе, у 17 ст. пашырыўся за яе межы. У выніку ўзніклі і арганізацыйна аформіліся пратэстанцкія цэрквы: лютэранская, кальвінісцкая, англіканская, ад якіх утварыўся шэраг рэліг. груповак і аб’яднанняў. Для П. характэрна адсутнасць супрацьпастаўлення духавенства міранам, адмова ад складанай царк. іерархіі, спрошчаны культ, адсутнасць манаства і бясшлюбнасці духавенства. У П. няма культу Багародзіцы, святых, анёлаў, абразоў, таінствы зведзены да хрышчэння і прычашчэння. Пратэстанты адмаўляюць аўтарытэт папскіх дэкрэтаў і пасланняў, рашэнні сабораў, прызнаюць толькі Біблію, для разумення якой непатрэбны пасрэднікі і традыцыі, а патрэбна толькі вера ва ўсё тое, што ў ёй напісана. Адказнасць чалавека за сваё выратаванне залежыць ад яго асабістай веры, ніякая арг-цыя (царква як сац.ін-т) не здольная ўзяць Яе на сябе. Існуюць разнавіднасці арганізац. форм П.: баптысты, метадысты, адвентысты, пяцідзесятнікі, сведкі Іеговы (больш за 400 млн. у свеце).
На Беларусі пратэстанцкія погляды пачалі распаўсюджвацца з сярэдзіны 16 ст., што спрыяла эвалюцыі грамадскага ладу, фарміраванню шляхецкай дэмакратыі, развіццю рэнесансна-гуманіст. і рацыяналістычных тэндэнцый у духоўным жыцці, станаўленню новых форм культуры, пашырэнню міжнар.культ. сувязей. Рэфармацыю падтрымлівалі Радзівілы, Тышкевічы, Сапегі, Кішкі, адукаваная частка грамадства і інш. П. пашырыўся ў выглядзе кальвінізму, лютэранства, арыянства і інш., у 19—20 ст. з’явіліся баптысты, евангельскія хрысціяне, пяцідзесятнікі, сведкі Іеговы і інш.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНАГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі, развядзенне свіней на мяса, сала і інш. прадукты. Свініна — каштоўны харч. прадукт, са скуры свіней робяць абутак і інш. рэчы, з крыві — каўбасы, альбуміны, крывяную муку, са шчаціння — шчоткі і пэндзлі, з касцей — касцявую муку, кішкі ідуць у каўбасную вытв-сць і на выраб струн. Свінні рана дасягаюць палавой спеласці, ужо ў гадавым узросце могуць мець прыплод. Высокая пладавітасць (10—12 парасят за апарос) разам з кароткім эмбрыянальным перыядам даюць магчымасць атрымліваць ад кожнай свінаматкі да 2,5 т свініны ў жывой масе за год. Рэалізацыйнай жывой масы 100—120 кг свінні дасягаюць за 5—7 месяцаў пры сярэднясутачнай прывазе 600—300 г (а пры збалансаваных рацыёнах кармлення да 1000—1200 г) пры спажыванні на 1 кг прыбаўлення ў масе 3,5—4,5 кг у кармавых адзінках. Свінні маюць высокую забойную масу (да 75—85% ад жывой масы), у ёй да 52% мяса і да 32% падскурнага тлушчу. З мяса свіней гатуюць разнастайныя харч. прадукты, многія з якіх вытрымліваюць працяглае захоўванне. У мясным балансе Беларусі свініна складае 47,7% (2000).
Гадоўляй свіней людзі пачалі займацца ў неаліце (5—3-е тыс. да н.э.). У развітых антычных краінах (Егіпет, Грэцыя, Рым) ужо існавалі іх пароды. У краінах феад.Зах. Еўропы С. была прымітыўная. Яе развіццё звязана з ростам гарадоў і попыту на мяса. У 19 ст. пачалася інтэнсіўная праца па паляпшэнні мясц. і фарміраванні новых парод, у выніку з’явіліся высокапрадукцыйныя, многія з якіх (асабліва буйная белая, выведзеная ў Англіі) не страцілі значэння да нашага часу. Найб. развіццё С. атрымала ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы. Амаль палова сусв. пагалоўя ў краінах Азіі (найб. Кітай, Японія, Індыя, В’етнам), каля 25% у Еўропе (Германія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, Расія, Украіна, Польшча) і каля 10% у ЗША. Парэліг. матывах С. не атрымала развіцця ў мусульманскіх краінах. У сусв. гандлі свінінай гал. месца займаюць Нідэрланды, Бельгія, Данія, Кітай і Канада.
На Беларусі да пач. 20 ст. С. была адной з развітых галін жывёлагадоўлі. Гадаваліся пераважна мясц. пароды, у памешчыцкіх гаспадарках — палепшаныя пароды. У 1916 было 2,4 млн. свіней. Племянная і таварная С. пачала развівацца ў 1920-я г. У час калектывізацыі ўзніклі таварныя свінагадоўчыя фермы (больш за 4 тыс. ў 1934). На пач. 1941 мелася 2,5 млн. свіней. З 1970-х г. С. пераводзілася на прамысл. аснову. Пабудаваны буйныя высокамеханізаваныя комплексы і ўкаранёна паточна-цэхавая сістэма вытв-сці на фермах калгасаў і саўгасаў. На Беларусі (2000) 100 свінагадоўчых комплексаў і больш за 1 тыс. ферм трох тыпаў: з закончаным абаротам статка, рэпрадукцыйных і адкормачных. Буйныя комплексы на 108 тыс. галоў гадавога адкорму свіней і сярэднія на 54 тыс. галоў — у дзярж. уласнасці. Асн. пароды: буйная белая, чорна-белая, беларуская мясная, эстонская беконная, ландрас і інш. Племянную работу праводзяць спецыялізаваныя заводы, саўгасы, раённыя племянныя станцыі; навук. даследаванні — Бел.НДІ жывёлагадоўлі, лабараторыі пры ВНУ. Колькасць свіней 3,6 млн. галоў, у т. л. 1,3 млн. ў насельніцтва (2000). Эфектыўнасць С. апошнія гады паніжана ў сувязі з высокімі выдаткамі корму (каля 6,6 кг у кармавых адзінках на 1 кг прывагі, у т. л. каля 6 кг у кармавых адзінках канцэнтратаў).
Г.С.Смалякоў.
Да арт.Свінагадоўля. Свінагадоўчы комплекс у саўгасе-камбінаце «Сож» Гомельскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭН,
ганаровая дзярж. ўзнагарода за асобыя заслугі і знак (знакі) да яе. Паходжаннем О. звязаны з еўрап. прыдворнымі ордэнамі (карпарацыямі) 14—16 ст., членства ў якіх было формай заахвочвання манархам найб. адданых дваран. Гэтыя ордэны, у сваю чаргу, паходзілі ад ордэнаў рыцарскіх 12—13 ст.
Прыдворныя ордэны звычайна мелі пышныя ордэнскія касцюмы і асобыя ордэнскія знакі (стужка, крыж, зорка), якія паступова набылі характар узнагарод (напр., англ. О. Падвязкі, 1348 або 1350, О. Лазні, 1399, бургундскі, аўстр. і ісп. О. Залатога Руна, 1429, франц. О. Св. Духа, 1579 і інш.). З канца 18 ст. знакі О. пачалі існаваць асобна ад ордэнскага адзення. Вял. колькасць узнагародных О. заснавана ў 18—19 ст., у т. л. ў краінах Азіі: у Турцыі (О. Паўмесяца, 1799), Іране (О. Льва і Сонца, 1808), Японіі (О. Узыходзячага Сонца, 1875), Кітаі (О. Двайнога Дракона, 1882). З канца 18 і да нашага часу з узнікненнем новых незалежных дзяржаў у Еўропе, Амерыцы, Азіі і Афрыцы ўводзіліся ўласныя ўзнагародныя О., пераважна на аснове еўрап. традыцыі. Звычайна знакі вышэйшай ступені ўзнагароды насілі на стужцы цераз плячо разам з зоркай на грудзях, 2-й ступені — на шыі, ніжэйшай — у пятліцы (пазней — злева на грудзях). Парадак узнагароджання рэгламентаваўся статутам О. Існавала традыцыя ўручаць О. у час ордэнскага свята. Справамі О. ведаў капітул. Пры існаванні ў дзяржаве некалькіх О. выпрацоўваліся правілы ордэнскай паступеннасці. О. найчасцей быў індывід. і пажыццёвай узнагародай. У 20 ст. з’явіліся традыцыі пасмяротных і калект. узнагароджанняў. Да 2-й пал. 19 ст. знакі аднаго О. розных ступеней адначасова не насілі, знак ніжэйшай ступені замяняўся на знак вышэйшай. Звычайна ў мінулым кавалеры О. мелі пэўныя матэрыяльныя выгады (пенсіі, ільготы). Гэтая традыцыя ў некаторых краінах захавалася да нашага часу.
Першыя О., звязаныя з гісторыяй Беларусі, — О. Рэчы Паспалітай. Першы і вышэйшы з іх — О. Белага Арла (1705—95), які спачатку меў выгляд залатога эмалевага нашыйнага медальёна, а з 1709 — нашыйнага крыжа з брыльянтамі. У 1713 з’явілася зорка. Ордэнская стужка напачатку была белая з чырв. палосамі па краях, з 1713 — блакітная. О. меў дэвіз «Pro Fide, Rege et Lege» («За веру, караля і закон»). О. св. Станіслава (1765—93) быў узнагародай за цывільныя заслугі і меў дэвіз «Praemiando inicitat» («Узнагароджваючы, заахвочваю»). Статут патрабаваў ад ордэнскіх кавалераў фін. ахвяраванняў на дабрачыннасць. О. Вайсковага крыжа (1792—94) спачатку меў выгляд медаля «Virtuti Militari» («Ваеннай доблесці») з серабра і золата, пазней уведзены крыж і зорка. У далейшым гэты О. падзелены на 5 ступеней (крыжы вялікі з зоркай, камандорскі шыйны, кавалерскі пятлічны, медалі залаты і сярэбраны); стужка была чырвоная з белымі палосамі па краі, пазней цёмна-блакітная з чорнымі палосамі.
Першы і вышэйшы О. Расіі — О. св. Андрэя Першазванага (1699, афіц. статут 1798) меў 1 ступень, крыж, зорку, блакітную стужку і дэвіз «За веру і вернасць». З 1855 заваен. заслугі на знакі гэтага і інш.рас. О. дадаваліся мячы. Узнагароджанне О. св. Андрэя Першазванага аўтаматычна рабіла яго ўладальніка кавалерам інш.рас. О., акрамя О. св. Георгія і св. Уладзіміра. О. св. велікамучаніцы Кацярыны (1714) прызначаўся для жанчын імператарскай фаміліі і набліжаных да іх прадстаўніц знаці, меў 2 ступені, белую, з 1797 чырв. з сярэбраным беражком стужку і дэвіз «За каханне і Бацькаўшчыну». О. св. Аляксандра Неўскага (1725) быў узнагародай для асоб з чынам ген.-лейтэнанта або тайнага саветніка і вышэй, меў 1 ступень, чырв. стужку і дэвіз «За працу і Бацькаўшчыну». У 1736 кавалерам гэтага О. стаў кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст III. З 1742 рас. падданых узнагароджвалі шлезвіг-гальштэйнскім О. св. Ганны, які ў 1797 афіцыйна ўведзены ў рас. ўзнагародную сістэму; меў 1 ступень, чырв. стужку з жоўтым беражком (з 1797—3, з 1815—4 ступені) і дэвіз «Тым, хто любіць праўду, набожнасць і вернасць»; знак 4-й ступені насілі на халоднай зброі. Імператарскі ваен. О. св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія (1769) быў выключна вайск. узнагародай для афіцэраў за баявыя заслугі або за выслугу гадоў (да 1855). З 1807 існаваў спец. знак О. св. Георгія для ўзнагароджання салдат і унтэр-афіцэраў (з 1913 Георгіеўскі крыж), які ў сярэдзіне 19 ст. падзелены на 4 ступені; гл.Георгіеўскі кавалер. О. св. роўнаапостальнага кн. Уладзіміра (1782) даваўся за выслугу гадоў і асаблівыя ўчынкі афіцэрам і чыноўнікам; меў 4 ступені, чырв. з чорным беражком стужку і дэвіз «Карысць, гонар і слава». У 1798—1817 рас. падданых узнагароджвалі О. св. Іаана Іерусалімскага (2 ступені, чорная стужка), які меў мальтыйскае паходжанне. О. Белага Арла (1815, 1 ступень, цёмна-сіняя стужка, дэвіз «Pro Fide, Rege et Lege»), св. Станіслава (1815, 4 ступені, чырв. з белымі палоскамі па краях стужка, дэвіз «Praemiando inicitat») і «Virtuti Militari» (1815—31, 5 ступеней, цёмна-блакітная з чорнымі беражкамі стужка, дэвіз «Rex et Patria» («кароль і Радзіма») паходзілі яд адпаведных О. Герцагства Варшаўскага і да 1831 прызначаліся толькі для жыхароў Каралеўства Польскага. У 1870 дазволена насіць ордэнскія знакі ніжэйшых ступеней, атрыманыя заваен. заслугі, адначасова з вышэйшымі.
У Польскай Рэспубліцы 1919—44 працягваліся папярэднія ордэнскія традыцыі; уведзены О. Белага Арла (1921), «Virtuti Militari» (5 ступеней, 1919) і новы О. Адраджэння Польшчы (5 ступеней, 1921).
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 усе рас. О. скасаваны дэкрэтам ВЦВК ад 23.11.1917 і пачалося стварэнне сав. ордэнскай сістэмы. У 1918—33 у Сав. Расіі і інш.сав. рэспубліках існавалі рэсп. О. (звычайна ў выглядзе чырв. сцяга на ўзор О. Чырв. Сцяга РСФСР), у т. л. О. Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР (1924—32), О. Чырвонага Сцяга і Працоўнага Чырвонага Сцяга Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Украіны і інш. Нашэнне рэсп. О. працягвалася і пасля іх скасавання. Звычайна іх кавалеры мелі права на пэўныя льготы. О. СССР з’явіліся паралельна з рэсп. і ў 1933 выцеснілі іх цалкам. Былі ўведзены О.: Чырвонага Сцяга (1924), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1928), Леніна (1930), Чырвонай Зоркі (1930), «Знак Пашаны» (1935, з 1988 наз. О. Пашаны), Айчыннай вайны (2 ступені, 1942), Суворава (3 ступені, 1942), Кутузава (2 ступені, 1942; 3 ступені, 1943), Аляксандра Неўскага (1942), Багдана Хмяльніцкага (3 ступені, 1943), Славы (3 ступені, 1943), «Перамога» (1943), Ушакова (2 ступені, 1944), Нахімава (2 ступені, 1944), «Маці-гераіня» (1944), «Мацярынская слава» (3 ступені, 1944), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1967), Дружбы народаў (1972), Працоўнай Славы (3 ступені, 1974), «За службу Радзіме ва Узбр. Сілах СССР» (3 ступені, 1974), «За асабістую мужнасць» (1988). Сярод асаблівасцей сав. ордэнскай сістэмы былі фармальная адмова ад прынцыпаў царскіх 0. і фактычнае наследаванне ім, дэклараванне роўнасці і фактычная службовая стратыфікацыя, існаванне «партрэтных» 0., адначасовае нашэнне знакаў усіх ступеней, адсутнасць зорак як дадатковых адзнак вышэйшых ступеней 0., знакі для паўторных узнагароджанняў, адсутнасць ордэнскай стужкі ў 1918—38 і інш. О. СССР захоўваюць сваё значэнне ў Расійскай Федэрацыі, Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш.б.сав. рэспубліках. Законамі ад 13.4.1995 і 2.7.1997 уведзены О. Рэспублікі Беларусь (гл. ў арт.Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь).
У Расіі ў 1990-я г. ўведзены О. «За заслугі перад Айчынай» (4 ступені), Мужнасці, «За ваенныя заслугі», Пашаны, Дружбы, Жукава, св. Андрэя Першазванага, св. Георгія. Аддзеленая ад дзяржавы Руская правасл царква, да якой адносяцца правасл. прыходы Беларусі, мае свае О.: св. роўнаапостальнага кн. Уладзіміра (3 ступені), Прападобнага Сергія Раданежскага (3 ступені), Андрэя Першазванага (1 ступень, 1988), св. роўнаапостальнай кн. Вольгі (3 ступені, 1988), благавернага кн. Данііла Маскоўскага (3 ступені, 1988), св пакутніка Трыфана (3 ступені, 1996), свяціцеля Інакенція (3 ступені, 1997). Па ініцыятыве Бел. экзархата зацверджаны О. Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай (2 ступені, 1998). Польская аўтакефальная правасл царква мае О. роўнаапостальнай Марыі Магдаліны (3 ступені). З узнагарод бел. эміграцыі вядомы О. «Гонар Айчыны», устаноўлены «Камітэтам шанавання» (1997).
З О. ЗША найб. вядомы «Пурпуровае сэрца», Марскі крыж, «Сярэбраная зорка»; з О. Вялікабрытаніі — О. Падвязкі, О. Лазні, «Крыж Вікторыі», «За заслугі», О. Гонару; з О. Польшчы — О. Белага Арла, «Virtuti Militari», Адраджэння Польшчы; з О. Францыі — О. Ганаровага легіёна.
Літ.:
Дуров В.А. Русские и советские боевые награды: [Альбом]. М., 1990;
Яго ж Ордена России: Альбом. М., 1993.
І.І.Сінчук.
Знакі ордэнаўРас. імперыі: 1 — зорка ордэна св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія 1-й ступені; 2 — зорка і крыж ордэна Белага Арла; 3 — крыжы ордэна «Virtuti Militari» 1—5-й ступеней.ОрдэныСССР: 1 — «Маці-гераіня»; 2 — «Мацярынская слава» 1-й ступені.ОрдэныСССР: 1 — Леніна; 2 — Кастрычніцкай Рэвалюцыі; 3 — Чырвонага Сцяга; 4 — Працоўнага Чырвонага Сцяга; 5 — Дружбы народаў; 6 — «Знак Пашаны»; 7 — Славы 1-й ступені; 8 — Славы 2-й ступені; 9 — Славы 3-й ступені; 10 — Працоўнай Славы 1-й ступені.Ордэны савецкіх рэспублік: 1 — Працоўнага Чырвонага Сцяга Украінскай ССР; 2 — Чырвонага Сцяга Грузінскай ССР; 3 — Ваенны Чырвоны Харэзмскай Народнай Савецкай Рэспублікі Ордэн Чырвонага Сцяга Харэзмскай ССР.Ордэны Рэчы Паспалітай (1), Рас. імперыі (2—9), СССР (10—20): 1 — Вайсковага крыжа (вонкавы і адваротны бакі); 2 — св. Андрэя Першазванага (крыж з брыльянтамі); 3 — св. велікамучаніцы Кацярыны (крыж 1-й ступені); 4 — св. Аляксандра Неўскага (крыж з мячамі); 5 — св. Ганны (крыж 1-й ступені з мячамі і каронай); 6 — св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія (крыж 1-й ступені); 7 — св. роўнаапостальнага князя Уладзіміра (крыж 1-й ступені з мячамі); 8 — Белага Арла (крыж з мячамі); 9 — св. Станіслава (крыж 1-й ступені з мячамі); 10 — «Перамога»; 11 — Суворава 1-й ступені; 12 — Ушакова 1-й ступені; 13 — Кутузава 1-й ступені; 14 — Нахімава 1-й ступені; 15 — Багдана Хмяльніцкага 1-й ступені; 16 — Аляксандра Неўскага; 17 — «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» 1-й ступені; 18 — Айчыннай вайны 1-й ступені; 19 — Айчыннай вайны 2-й ступені; 20 — Чырвонай Зоркі.Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР.