ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 2000 з мэтай захавання ў натуральным стане ландшафтных комплексаў з высокаўзроставымі хваёвымі лясамі, рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл. Пл. 3242 га. Шыракахвалістыя водналедніковыя ўрочышчы з камавымі і марэннымі ўзгоркамі, лагчыны, даліны, вярховыя і пераходныя балоты. Лясы з карэнных дрэвастояў: хвойнікі (56%), ельнікі (35%), бярэзнікі з дамешкамі асіны (9%). У флоры 428 відаў сасудзістых раслін, у т. л. 16 рэдкіх і знікаючых: гарлянка пірамідальная, купальнік горны, пярэсна еўрапейская, пылкагалоўнік чырвоны, лілея кучаравая, кураслеп лясны, шпажнік чарапіцавы і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Шмат гасп.-карысных відаў, у т. л. ажына, парэчкі, суніцы і інш. З прадстаўнікоў фауны дзяцел зялёны і саракуш шэры занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБУ́ШКА (Людміла Іванаўна) (н. 15.6.1951, Мінск),
бел. артыстка балета. Засл. арт.Беларусі (1982). Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1969), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1977). З 1969 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, з 1970 у Бел.дзярж.муз. т-ры (з 1970 салістка балета, з 1990 заг.літ. часткі). У рэпертуары класічныя і характарныя партыі: Аўрора і танец Фіялкі ў класічных дывертысментах («Халопка» М.Стрэльнікава, «Фіялка Манмартра» І.Кальмана), вальс і полька («Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі), румба («Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна), Паненка («Паненка і хуліган» Дз.Шастаковіча), Ева, вальс («Ноч у Венецыі», «Лятучая мыш» І.Штрауса), усх. танец («Фраскіта» Ф.Легара), Марго («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Балерына («Стойкі алавяны салдацік» С.Баневіча) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАЗМО́ВА ПАЛЯ́КА З ЛІТВІ́НАМ»,
адзін з першых друкаваных свецкіх твораў на Беларусі. Выдадзены ў Брэсце ў 1564 на польскай мове. Аўтар невядомы. Пабудаваны ў форме дыялогу. Падзяляецца на 2 часткі, паміж якімі змешчаны верш «Да палякаў і літвінаў», напісаны, як мяркуюць даследчыкі, А.Воланам. Твор вызначаецца патрыятычнасцю і выкрывае захопніцкія планы польскіх феадалаў у адносінах да ВКЛ. Крытыкуюцца погляды рэакц. польскіх шляхецкіх ідэолагаў на асобу, дзяржаву і грамадства. Аўтар выступае супраць «шляхецкай распусты», гвалту, самавольства феадалаў, абараняе гуманіст. ідэалы: свабоду, роўнасць людзей перад законам, імкненне да агульнай карысці. Падкрэсліваюцца гіст. здабыткі беларусаў і ўкраінцаў, даюцца цікавыя звесткі з гісторыі і культуры ВКЛ.
Літ.:
Сокал С.Ф. «Размова паляка з літвінам» // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНО́ЎСКІ (Васіль Піліпавіч) (15.2.1918. в. Кашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 26.1.1992),
бел. гісторык, д-ргіст.н. (1974). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1941). З 1946 на парт. і сав. рабоце, у Ін-це гісторыі АНБССР, з 1971 заг. сектара Аддзела навук. інфармацыі па грамадскіх навуках АНБССР. Даследаваў акупац. рэжым і партыз. рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Аўтар прац «Супраць фальсіфікацыі гісторыі савецкага партызанскага руху» (1962), «Саўдзельнікі ў злачынствах» (1964), «Праўда гісторыі супраць фальсіфікатараў» (1985) і інш. Адзін з аўтараў кн. «Пра партыйнае падполле ў Мінску ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (1961), «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85) і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД ВОЙСК (сіл),
састаўная частка віду ўзбр. сіл, якая ўключае часці і злучэнні, што маюць зброю, ваен. тэхніку і тактыку дзеянняў, уласцівую толькі ім. Падзел войск на роды існуе ў большасці краін свету. З часоў старажытнасці найб. вядомыя Р.в. — пяхота, кавалерыя, з 16 ст. — артылерыя. З развіццём зброі і ваен. тэхнікі з’явіліся новыя Р.в., у т. л. ў ВМФ (ВМС) роды сіл: падводныя і надводныя, марская авіяцыя, марская пяхота і інш. Ва Узбр. Сілах Беларусі да Р.в. адносяцца мотастралк., танк., ракетныя войскі і артылерыя, зенітныя ракетныя, радыётэхн. і інш. войскі, а таксама роды авіяцыі (аб. Р.в. узбр. сіл, у т. л.Беларусі, гл. адпаведныя арт.). У баі Р.в. цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і са спец. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДНАЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,
від спорту, у аснове якога хуткае перамяшчэнне спартсмена па паверхні вады на спец. лыжах пры дапамозе буксіровачнага троса (за катэрамі ці на электрацязе). Т. зв. вадналыжнае трохбор’е ўключае слалам, фігурнае катанне і скачкі на лыжах з трампліна. У слаламе (на 2 ці 1 лыжы) спаборнічаюць у хуткім і правільным праходжанні трасы; у фігурным катанні спартсмены за пэўны час павінны выканаць як мага больш складаных фігур, якія ацэньваюцца ў ачках; у скачках з трампліна (драўлянага насцілу выш. 150 см для жанчын і 180 см для мужчын) ацэньваецца далёкасць і тэхніка палёту. Як від спорту аформіўся ў 1930-я г. ў ЗША. У 1947 створаны Сусв. вадналыжны саюз; чэмпіянаты свету з 1949.
На Беларусі актыўна развіваецца з сярэдзіны 1960-х г. З 1964 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры воднага спорту былі (з 1973) шматразовымі пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў СССР (заваявана 167 медалёў), уладальнікамі кубка СССР; на чэмпіянатах свету і Еўропы, спаборніцтвах на Кубак свету і Кубак Еўропы заваявана (на 1995) больш як 150 медалёў, з іх больш за 60 залатых. Найб. поспеху дасягалі І.Потэс, А.Мінянок, Дз.Яскевіч, М.Амяльянчык, Ю.Грамыка, А.Паўлава, А.Надзін і інш.Нац. зборная Беларусі — чэмпіён Еўропы ў спаборніцтвах на электрацязе (1990) і на класічных лыжах (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬНЕАЛО́ГІЯ (ад лац. balneum лазня, купанне + ...логія),
раздзел курарталогіі, які вывучае мінер. воды і іх лячэбна-прафілакт. выкарыстанне. Падзяляецца на бальнеатэрапію, бальнеаграфію, бальнеатэхніку; цесна звязана з інш.мед. і біял. дысцыплінамі.
Першыя працы па бальнеалогіі вядомы з 5 ст. да нашай эры (Герадот, Гіпакрат). Пачатак навук. бальнеалогіі ў 17—18 ст. даў ням. вучоны Ф.Гофман. У Расіі вывучэнне мінер. крыніц пачалося з 1717. Першым дапаможнікам па бальнеалогіі была кніга рус. хіміка Г.І.Геса, які вывучаў хім. састаў і дзеянне гаючых водаў Расіі (1825).
На Беларусі даследаванні па бальнеалогіі вядуцца з 1920-х г. у Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924), мед. ін-тах. Выяўлены радовішчы лек.мінер. водаў Беларусі. Вывучаны іх хім. састаў і мікрафлора, колькасць арган. рэчываў, даказана лек. эфектыўнасць сульфатна-кальцыевых і кальцыева-магніевых, сульфатна-хларыдных і натрыева-кальцыевых мінер. водаў (Д.А.Маркаў, Н.І.Аляксейчык, П.В.Астапеня, В.М.Ізуткін, М.Ф.Казлоў, Э.С.Кашыцкі, Л.М.Толстых-Чарнецкая, Ц.А.Каган, М.Г.Эранасьян і інш.). Распрацаваны ўмовы і спосабы выкарыстання іх на курортах Беларусі, у бальнеалячэбніцах бальніц, паліклінік, тэхналогія разліву хларыдна-натрыевых водаў Мінская № 3 і Мінская № 4, вызначаны паказанні да лячэння бел.мінер. водамі ў спалучэнні з кліматам, сапрапелямі, торфам. Працягваюцца комплексныя даследаванні бальнеалагічных рэсурсаў рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЯЛО́ГІЯ (ад грэч. bryon мох + ...логія),
раздзел батанікі, які вывучае мохападобныя.
Узнікла ў канцы 18 ст., як навука сфарміравалася ў 19 ст. (І.Гедзвіг, С.Эндліхер і інш.). Уклад у яе развіццё зрабілі працы вучоных аўстр. Р.Ветштайна, ням. М.Фляйшэра, К.Гёбеля, амер. Р.М.Шустэра, Б.К.Стотлера, рус. К.І.Меера, Б.М.Коза-Палянскага, укр. Дз.К.Зярова і інш.
На Беларусі вывучэнне відавога складу мохападобных пераважна Зах.Беларусі і Палесся пачалі ў канцы 19 — пач. 20 ст. А.М.Алексенка, К.Шафнагель, Я.Сепесфальві, У.С.Дактуроўскі і інш. Больш шырока і мэтанакіравана брыяфлору ў 1920-я г. даследавалі Л.І.Савіч-Любіцкая і інш., у 1930-я г. — С.М.Цюрэмнаў, А.П.Підоплічка, А.С.Лазарэнка. З 1960-х г. даследаванні па Б. вядуць пераважна ў Ін-це эксперым. батанікі АНБеларусі. Вывучаецца відавы склад і дынаміка флоры мохападобных, асаблівасці іх эколага-цэнатычнага размеркавання і геагр. пашырэння. Упершыню распрацавана цэласная канцэптуальная мадэль паходжання і эвалюцыі мохападобных з часу ўзнікнення пачатковых археганіятаў (Г.Ф.Рыкоўскі). Створана брыятэка з 20 тыс. узораў мохападобных. Звесткі Б. выкарыстоўваюць пры вызначэнні лесамеліярац. фонду, ступені парушэння біяцэнозаў, забруджвання навакольнага асяроддзя, пры выкананні мерапрыемстваў па аптымізацыі ландшафтаў, перспектыўныя пры стварэнні замкнёных сістэм жыццезабеспячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
сукупнасць юрыдычных нормаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны па выкарыстанні вод і іх ахове. На Беларусі гэтыя адносіны рэгулююцца водным кодэксам Рэспублікі Беларусь і інш. актамі, прынятымі на яго аснове. Воды Беларусі знаходзяцца ў выключнай уласнасці дзяржавы, якая ажыццяўляе распараджэнне і карыстанне імі ў інтарэсах усяго насельніцтва краіны. Дзеянні, якія парушаюць права дзярж. уласнасці на воды, забараняюцца. Карыстанне і распараджэнне водамі, што знаходзяцца на сумежнай тэр.Беларусі з інш. дзяржавай, ажыццяўляюцца паводле пагадненняў паміж імі. Кантроль за выкарыстаннем і аховай вод дзяржава ажыццяўляе праз Саветы дэпутатаў, іх выканкомы, а таксама праз спецыяльныя ўпаўнаважаныя органы (Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго падраздзяленні на месцах і інш.). Прафсаюзы, арг-цыі моладзі, т-ва аховы прыроды, навук. т-вы і інш. грамадскія арг-цыі, а таксама грамадзяне аказваюць садзеянне дзярж. органам у ажыццяўленні мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстанні і ахове вод. Дзярж. органы, у сваю чаргу, пры правядзенні мерапрыемстваў па выкананні воднага заканадаўства абавязаны ўлічваць прапановы грамадскіх арг-цый, працоўных калектываў і грамадзян. Воднае заканадаўства ўтрымлівае абавязковыя для ўсіх прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый і грамадзян палажэнні аб умовах размяшчэння, праектавання, будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю прадпрыемстваў, збудаванняў і інш. аб’ектаў, якія ўплываюць на стан вод. За парушэнне воднага заканадаўства прадугледжана крымінальная, адм., дысцыплінарная, цывільна-прававая адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМЫ́КА (Віктар Аляксандравіч) (н. 1.1.1923, в. Сенькава Магілёўскага р-на),
бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст.Беларусі (1970). Нар. мастак Беларусі (1992). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958), з 1959 выкладае ў ім жа (праф. з 1982; з 1991 Бел.АМ). Тэматычныя карціны «Салдаты» (1967), «1941 год. Над Прыпяццю» (1970), «Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца» (1972), «Песня аб маім атрадзе» (1978), «Яблыкі ўраджаю 1941 года» (1987) і інш. вылучаюцца рамантызмам, сімвалічнасцю вобразаў, метафарычнасцю, гармоніяй кампазіцыі і колеру. У яго творах сінтэз тонкага лірычнага пачуцця з эпічнай шырынёй абагульненняў, жаданнем звязаць сучаснасць з бел. мінуўшчынай: «Халодны дзень. Браслаўшчына» (1963), «Ільны беларускія», «Чырвоныя землі Полаччыны» (абодва 1970), «На радзіме Янкі Купалы», «Глубелька — сэрца блакітных азёраў Беларусі» (абодва 1975), «Якое надвор’е будзе заўтра» (1988), «Над старымі акопамі цішыня» (1995). Аўтар серыі партрэтаў «Людзі цаліннага краю» (1963), партрэтаў Я.Брыля (1968), бацькі (1977), камісара А.Ф.Юр’ева (1982), В.Быкава (1984), аўтапартрэт (1988). Сярод пейзажаў: «Ружовы сакавік» (1974), «Над ракой Бобр крычаць жураўлі», «Месячная ноч бухты Чэхава» (абодва 1985), «Ліпень пахне травамі» (1990), «На схіле дня» (1996) і інш.
Літ.:
Бойка У.А. В.А.Грамыка. Мн., 1979;
В.А.Громыко: Красные земли Полотчины: [Альбом]. М., 1978.