вышэйшая форма адлюстравання, аналізу і ўзнаўлення аб’ектыўнай рэчаіснасці ў мысленні; працэс атрымання і выпрацоўкі ведаў. Ахоплівае канкрэтныя сферы жыццядзейнасці людзей і ажыццяўляецца ў розных спалучэннях жывога і назапашанага вопыту, які перадаецца ад аднаго пакалення да другога. У гэтым плане адрозненне П. і ведаў ёсць адрозненне працэсу і выніку: у ходзе выкарыстання элементаў канкрэтных ведаў для вырашэння праблем жыцця яны пераўтвараюцца і перапрацоўваюцца чалавекам і зноў вяртаюцца ў працэс П. Аб’ектам П. з’яўляецца частка матэрыяльнага свету або духоўнай сферы (аб’ектыўная рэч, прырода, грамадства, свядомасць), а яго суб’ектам выступаюць асобныя індывіды, групы людзей, грамадства, усё чалавецтва. З развіццём грамадства павялічваецца «культурны багаж» суб’екта П., узбагачаюцца і мадыфікуюцца сродкі яго дзейнасці, адбываецца ўсё больш глыбокае пранікненне ў скрытыя сутнасці рэчаў і з’яў. Гэта аб’ектыўна спрыяе вырашэнню адной з гал. задач П. — дасягненне ісціны. На ролю ісціны могуць прэтэндаваць толькі тыя веды, якія прайшлі праверку практыкай. У П. вылучаюць 2 узроўні: пачуццёвы і рацыянальны. Пачуццёвае П. ажыццяўляецца ў 3 асн. формах: адчуванне, успрыманне і ўяўленне. У пачуццёвых вобразах фіксуецца пераважна знешні бок прадметаў і з’яў рэальнага свету, таму яны так або інакш падобны з ім, у чымсьці аналагічныя яму. Аднак гэта адноснае падабенства, бо пачуццёвае адлюстраванне свету індывідуальнае: кожны чалавек бачыць і ацэньвае рэч не так, як яе ўспрымае другі чалавек. Рацыянальнае П. мае больш абстрактны характар і дазваляе выявіць агульныя, істотныя сувязі з’яў і прадметаў. Яно ажыццяўляецца і функцыянуе з выкарыстаннем 3 асн. форм — паняцця, суджэння і розумазаключэння, якія з’яўляюцца неабходнымі і дастатковымі для ажыццяўлення складаных аперацый лагічнага мыслення і дазваляюць у П. рухацца ад з’явы да сутнасці, ад непасрэднага да апасродкаванага, ад адзінкавага да агульнага, ад выпадковага да заканамернага і ўсеагульнага. Узаемасувязь пачуццёвага і рацыянальнага П. заснавана на ўзаемадзеянні першай і другой сігнальных сістэм, адбываецца ў псіхіцы чалавека, якая ў гэтай якасці ўяўляе сабой духоўную творчасць (гл. таксама Інтуіцыя, Інтуіцыянізм, Бессвядомае).
Вылучаюць таксама асн. віды пазнавальнага працэсу: звычайнае, міфалагічнае, містычнае і навук. П.; часам да іх дадаюць містычны і экстрасэнсорны віды П.Звычайнае П. (жыцейскае, штодзённае) — першасная пач. форма пазнавальнай дзейнасці суб’екта, якая служыць яго прыстасаванню да рэальных умоў жыцця і выступае неабходнай перадумовай авалодвання ім інш. спецыялізаванымі відамі ведаў. Навуковае П. арыентавана на адкрыццё законаў і з’яў, невядомых практыцы да гэтага часу, недаступных звычайнаму П. Яно, у сваю чаргу, ажыццяўляецца на 2 узроўнях: эмпірычнае П., якое дае звесткі пра знешнія бакі і сувязі аб’екта, і тэарэтычнае П., якое раскрывае ўнутр., скрытыя ад назірання сувязі і законы. Асн. метадамі эмпірычнага П. выступаюць назіранне, эксперымент, аналіз, індукцыя, сінтэз і інш., тэарэтычнага П. — гіпатэтыка-дэдукцыйны метад, ідэалізацыя, мадэліраванне, пабудаванне навук.тэорыі.
Традыц. сродкі і метады П., заснаваныя на аб’ектна-суб’ектных адносінах, адрозніваюцца ад яго тлумачэння на аснове суб’ектыўна-суб’ектных адносін, дзе гал. пазнавальным сродкам лічаць эмацыянальна-пачуццёвыя і эмацыянальна-валявыя фактары любові і веры. Любоў, з гэтага пункту погляду, сцвярджае каштоўнасць таго, на каго накіравана гэта пачуццё, а найб. адэкватна яна раскрываецца ў веры, якая папярэднічае ведам і дазваляе чалавеку рухацца наперад у сферы П. невядомага. У сучаснай навуцы і філасофіі прызнаецца прынцыповая магчымасць П. рэчаіснасці, але ў розных навук. плынях і школах па-рознаму падыходзяць да вырашэння пытання характару і працэсу П., яго мэт, характэрных рыс, магчымасцей. Агульнае вучэнне аб пазнавальнай дзейнасці дае філас. тэорыя П. — гнасеалогія. Спецыфічныя праблемы і бакі працэсу П. даследуюцца гісторыяй навукі, навуказнаўствам, кагнетыўнай псіхалогіяй, сацыялогіяй навукі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́У (белау Belau, англ. Palau),
Рэспубліка Палау (белау Beluu er a Belau, англ. Republic of Palau), дзяржава на аднайменных астравах з групы Каралінскіх астравоў, у зах. частцы Ціхага ак., на Пн ад экватара. Пл. 458 км². Нас. 18,5 тыс.чал. (1999). Афіц. мовы — белау (палау) і англійская. Сталіца, гал.эканам. цэнтр і порт — г.Корар на в-ве Бабелтуап. Краіна падзяляецца на 18 адм. адзінак. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).
Дзяржаўны лад. П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1981. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Заканад. орган — двухпалатны парламент — Нац. кангрэс, які складаецца з сената (14 сенатараў, назначаюцца на 8 гадоў прапарцыянальна насельніцтву астраўных тэрыторый) і палаты дэпутатаў (14 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам).
Прырода. Краіна займае 8 вулканічных (найб. Бабелтуап, пл. 367 км²) і каля 200 каралавых астравоў. Макс.выш. 242 м на в-ве Бабелтуап. З карысных выкапняў ёсць золата, фасфарыты, баксіты; у глыбакаводнай зоне паклады метал. канкрэцый. Клімат экватарыяльны. Сярэднемесячныя т-ры 24—28 ºС. Ападкаў больш за 3000 мм за год, найбольш з мая да лістапада. Адзначаюцца землетрасенні, з чэрв. да снеж. бываюць тайфуны. Невял. рэчкі і ручаі толькі на вулканічных астравах. Асобныя ўчасткі ўзбярэжжа заняты мангравымі зараснікамі, на горных схілах вулканічных астравоў растуць какосавая і арэкавая пальмы, бамбук; вышэй — лясы і саванны. На каралавых астравах — гаі какосавых пальмаў. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Мікранезійцы белау (палау) складаюць больш за 95%. Жывуць таксама амерыканцы, філіпінцы, кітайцы. Сярод вернікаў пераважаюць католікі і пратэстанты, каля 30% мясц. жыхароў — прыхільнікі сінкрэтычнага культу Мадэкнгеі. Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², на ўзбярэжжах вулканічных астравоў да 100 чал. на 1 км² і больш. Гар. насельніцтва 72%. У г. Корар 12 тыс.ж. (1995). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам і марскімі промысламі, абслугоўваннем турыстаў.
Гісторыя. Група астравоў, на якіх размешчана П., у 1534 адкрыта іспанцамі, пасля чаго яна больш за 350 гадоў афіцыйна заставалася пад уладай Іспаніі. З 1899 калонія Германіі. У 1914 акупіравана яп. войскамі, пасля 1-й сусв. вайны з 1919—20 падмандатная тэр. Японіі. Летам 1944 у 2-ю сусв. вайну занята амер. войскамі, з 1947 частка «падапечнай тэр. Ціхаакіянскіх астравоў» пад кіраваннем ЗША. У 1981 у рамках амер. апякунскага кіравання атрымала ўнутр. аўтаномію як «Рэспубліка П». З 9.11.1993 «свабодна асацыіраваная» з ЗША дзяржава тэрмінам на 50 гадоў. 1.10.1994 абвешчана незалежнасць (спынена апека ЗША); у распараджэнні ЗША засталіся абарона (П. не мае ўласных узбр. сіл), фінансы, замежныя справы. П. — чл.ААН (з 1994). Дзейнічаюць некалькі паліт. партый.
Гаспадарка. П. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 8800 дол. за год. Насельніцтва займаецца пераважна сельскай гаспадаркай і рыбалоўствам. Пад с.-г. культурамі і пашай каля 20 тыс.га. Гал. культура — какосавая пальма. На ўласныя патрэбы вырошчваюць маніёк, батат, ямс, тара, рыс, кукурузу, сою, сорга, цукр. трыснёг, чорны перац. Трапічнае садоўніцтва: цытрусавыя, манга, ананасы, хлебнае дрэва, бананы, панданус. Агародніцтва. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, козы, птушка). Рыбалоўства (пераважна тунец) мае экспартны кірунак. Нарыхтоўка драўніны какосавай пальмы і пандануса. Электраэнергетыка заснавана на выкарыстанні імпартнага паліва, 15% яе даюць невял. ГЭС. У 1996 атрымана 200 млн.кВтгадз электраэнергіі. Невял. здабыча фасфарытаў і золата. У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы рыбы, копры, вытв-сці харч. прадуктаў, мыла, алею, цэглы, цэменту, лесапілавання. Буд-ва і рамонт невял. суднаў і лодак. Саматужныя промыслы, здабыча і апрацоўка каралаў, выраб сувеніраў. Транспарт пераважна марскі. На астравах 61 км аўтадарог, 3 аэрапорты. Развіваецца турызм. Замежных турыстаў (пераважна з Японіі і ЗША) прыцягваюць цёплае мора, каралавыя пляжы, экзатычнае мастацтва мясц. жыхароў. У 1996 экспарт склаў 14,3 млн.дол., імпарт — 72,4 млн.дол. У экспарце пераважаюць рыба і рыбныя прадукты, копра, маст. вырабы, у імпарце — паліва, харч. і спажывецкія тавары. Краіна атрымлівае дапамогу і арэндную плату за тэрыторыю ваен. баз ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Садружнасць Паўночных Марыянскіх Астравоў (Commonwealth of the Northern Mariana Islands), дзяржава на паўн. частцы Марыянскіх астравоў, у зах. частцы Ціхага ак.Пл. 477 км². Нас. 69,4 тыс.чал. (1999). Афіц. мова — англійская. Урадавыя ўстановы знаходзяцца ў мясцовасці Гарапан на в-ве Сайпан. Краіна падзяляецца на 4 адм. адзінкі. Нац. свята — Дзень Садружнасці (8 студз.).
Прырода. Краіна займае 14 каралавых (на Пд) і вулканічных (на Пн) астравоў. Найб. астравы на Пд — Сайпан (120 км²), Тыніян (102 км²), Рота (85 км²). На паўн. а-вах Агрыхан (выш. 965 м) і Паган дзеючыя вулканы. Ёсць невял. радовішчы фасфарытаў, серы, жал. і марганцавай руд. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24 °C у студз. да 28 °C у ліпені. За год на наветраных схілах выпадае каля 2000 мм ападкаў, найб. у ліп.—кастр., у т. л. ў жн. каля 400 мм. Частыя тайфуны. Бываюць землетрасенні і цунамі. Натуральная расліннасць — вільготнатрапічныя лясы і саванны. Пад лесам і хмызнякамі каля 50% тэрыторыі. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Каля 55% складае карэнны народ чамора. Мова чамора адносіцца да зах.-аўстранезійскай групы аўстранезійскай сям’і (блізкая да моў Філіпін і Інданезіі). Жывуць таксама выхадцы з Каралінскіх а-воў, амерыканцы, кітайцы, карэйцы. Сярод вернікаў пераважаюць католікі, ёсць прыхільнікі мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост каля 4% за год. Сярэдняя шчыльнасць 145 чал. на 1 км². Населены толькі 6 найб. астравоў. На в-ве Сайпан жыве каля 50 тыс.чал., шчыльн. каля 400 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва занята ў сферы абслугоўвання, кіравання, гандлю, у прам-сці — каля 30%, у сельскай гаспадарцы — 3%. На астравах працуюць групы замежных рабочых (пераважна з Кітая).
Гісторыя. Заселены продкамі сучасных мікранэзійцаў у 2-м тыс. да н.э. Адкрыты ісп. мараплаўцамі ў 1520-я г., абвешчаны ў 1565 уладаннем Іспаніі. У 1898 набыты Германіяй. У 1914 захоплены Японіяй, якая атрымала ў 1921 мандат Лігі Нацый на кіраванне астравамі. У 2-ю сусв. вайну заняты войскамі ЗША (1944). З 1947 частка падапечнай тэр.ААН Ціхаакіянскія а-вы пад кіраваннем ЗША. У чэрв. 1975 плебісцыт ухваліў стварэнне Супольнасці Паўн. Марыянскіх а-воў (СПМА), як «свабодна далучанай да ЗША тэрыторыі». Са студз. 1978 набыла сілу канстытуцыя СПМА, паводле якой астравы атрымалі шырокую аўтаномію пры захаванні кантролю ЗША над знешняй палітыкай і абаронай. У 1986 жыхары СПМА атрымалі грамадзянства ЗША. У 1990 ААН спыніла рэжым апекі над П.М.а.
Гаспадарка. Краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 9,3 тыс.дол. за год. Гал. крыніца даходаў — абслугоўванне замежных (пераважна японскіх) турыстаў. Штогод астравы наведвае больш за 400 тыс. замежных грамадзян. Іх прывабліваюць цёплае мора, багатая расліннасць, цікавая гісторыя і мастацтва астравоў. Асн. турысцкі перыяд — асенне-зімовы сезон. У прам-сці дзейнічаюць невял. прадпрыемствы па вытв-сці адзення на экспарт. Меншае значэнне маюць харч., па перапрацоўцы копры, па вырабе сувеніраў і інш. прадпрыемствы. Буд-ва і рамонт невял. суднаў і лодак. Працуюць электрастанцыі на імпартным паліве. Саматужныя промыслы. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 10 тыс.га пад ворыва і шматгадовыя насаджэнні, каля 9 тыс.га пад пашу. Асн. культуры: какосавая пальма, хлебнае дрэва, бананы, рыс, агародніна (памідоры, дыні), бавоўнік, цукр. трыснёг, кава. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 4 тыс. галоў) і свіней. Цэнтр жывёлагадоўлі — в-аў Тыніян. Птушкагадоўля. Лоўля і перапрацоўка рыбы (пераважна тунец). Транспарт аўтамаб., авіяцыйны, марскі. На астравах каля 360 км аўтадарог, 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. на в-ве Сайпан, 2 марскія парты — на а-вах Сайпан і Тыніян. Гал. тавары экспарту — адзенне і копра, імпарту — харч. прадукты, прамысл. тавары і машыны, паліва. Імпарт намнога перавышае экспарт. Асн.гандл. партнёр — ЗША. Астравы атрымліваюць эканам. дапамогу ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛО́ГІЯ (ад псіха... + ...логія),
навука аб заканамернасцях развіцця і функцыянавання псіхікі як асаблівай формы жыццядзейнасці. Узаемадзеянне жывых істот з прадметным светам рэалізуецца пры дапамозе якасна адметных ад фізіял., але неаддзельных ад іх псіхічных працэсаў, актаў, станаў. П. вывучае сутнасць гэтых з’яў, дадзеных чалавеку ў форме непасрэдных перажыванняў і даступных пазнанню, дзякуючы здольнасці чалавека да саманазірання. Ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі П. раскрывае ролю псіхал. фактараў у развіцці грамадства, працэсах кіравання, вызначае шляхі рацыяналізацыі розных відаў дзейнасці, навучання, выхавання, камунікацыі. Сярод фундаментальных праблем П. псіхафізіялагічная (узаемадзеянне псіхікі і яе цялеснага субстрату), псіхасацыяльная (залежнасць псіхікі ад сац. працэсаў і яе актыўная роля ў іх рэалізацыі асобамі і групамі), псіхапраксічная (фарміраванне псіхікі ў працэсе рэальнай практычнай дзейнасці і залежнасць дзейнасці ад яе псіхічных рэгулятараў — вобразаў, аперацый, матываў, асобасных уласцівасцей і інш.), псіхагнастычная (суадносіны паміж пачуццёвымі ці разумовымі псіхічнымі вобразамі і рэальнасцю) і інш.Тэарэт. П. неаддзельная ад сац. і грамадскіх патрэбнасцей, звязаных з задачамі стымулявання дзейнасці асобы і калектыву, адбору кадраў і інш. У ходзе распрацоўкі асн. праблем П. сфарміраваўся катэгарыяльны апарат, у якім вылучаюцца катэгорыі вобраза, матыву, дзеяння, асобы і інш.Асн. метады ў П. — назіранне і эксперымент, дапаможныя — метад экспертных ацэнак, апытанне, саманазіранне, тэставанне і інш. П. дзейнічае на скрыжаванні шматлікіх навук і служыць фундаментам для псіхал. галін: інжынерная псіхалогія, педагагічная псіхалогія, псіхалогія кіравання, псіхалогія працы, псіхалогія сацыяльная, псіхалогія творчасці, авіяцыйная, ваенная, гістарычная, дыферэнцыянальная, зоапсіхалогія, мед., нейрапсіхалогія, эканам., этнічная, юрыд. П. і інш. Асобнае месца ў П. займаюць даследаванні па аўтаматызацыі і кібернетызацыі працы, перадачы некат. функцый галаўнога мозга чалавека электронным устройствам (гл.«Штучны інтэлект») і ўкараненні найноўшых тэхналогій у псіхал. практыцы.
Узнікла ў Стараж. Грэцыі як навука пра душу (Дэмакрыт, Платон, Арыстоцель). Доўгі час уваходзіла ў філасофію, ад яе пачала адасабляцца ў 18 ст. Як самаст. навука аформілася ў 19 ст. Пачынальнік рацыяналіст. П. — Р.Дэкарт. Яго тэорыя псіхафіз. ўзаемадзеяння стала філас. асновай ідэаліст. П. (гл.Псіхафізічная праблема). Уведзенае ім паняцце рэфлексу паўплывала на тэорыю рэфлекторнай прыроды псіхічнай дзейнасці І.М.Сечанава і даследаванняў вышэйшай нерв. дзейнасці І.П.Паўлава. У 1879 ням. псіхолаг В.Вунт стварыў псіхал. лабараторыю, што дало пачатак развіццю эксперыментальнай П. У 18—19 ст. была спроба растлумачыць псіхічную дзейнасць з пазіцый механістычнага матэрыялізму: псіхічныя з’явы зводзілі да фіз.-хім. працэсаў (П.Гольбах, К.Гельвецый, Д.Дзідро) або атаясамлівалі іх з фізіял. працэсамі (Л.Бюхнер, К.Фогт, Я.Молешот). У 20 ст.сав. П. распрацоўвала тэорыю грамадска-гіст. развіцця псіхічнай дзейнасці чалавека (Л.С.Выгоцкі, А.Р.Лурыя, А.М.Лявонцьеў). У зах. П. 20 ст. вызначыліся 3 асн. кірункі: біхевіярызм, гештальт-псіхалогія і псіхааналіз.
На Беларусі П. развівалася ў рэчышчы філасофіі, потым як часткасав. П. Значную ролю ў яе развіцці адыграў Выгоцкі, які ў 1923 стварыў псіхолага-пед. лабараторыю і кабінет эксперым. П. пры Гомельскім пед. вучылішчы. У 1923 у БДУ прапанавана навуч. праграма па П. (У.М.Іваноўскі). У 1925 пры Наркамаце працы адкрыта псіхатэхн. лабараторыя, дзе даследаваліся праблемы прафес. арыентацыі і прафес. кансультацыі. У 1947 у БДУ створана аддзяленне логікі, П. і рускай мовы, у 1950 — кафедра П. ў Мінскім пед. ін-це. У БДУ, Бел.пед. ун-це і інш. даследуюцца праблемы псіхічнага развіцця дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, міжасобасных адносін у групах і калектывах, П. пед. дзейнасці, навучання замежным мовам і інш. (Б.А.Бенядзіктаў, А.П.Ерась, В.М.Кавалгін, Ф.І.Івашчанка, Я.Л.Каламінскі).
Літ.:
Леонтьев А.Н. Философия психологии: Из науч. наследия. М., 1994;
Годфруа Жо. Что такое психология: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1996;
Майерс Д. Псіхалогія: Пер. з англ.Мн., 1997;
Платонов К.К. Занимательная психология. 4 изд. СПб. и др., 1997;
Рубинштейн СЛ. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛТЫКО́Ў-ШЧАДРЫ́Н (Міхаіл Яўграфавіч) (сапр.Салтыкоў; літ.псеўд. Н.Шчадрын; 27.1.1826, с. Спас-Вугал Калязінскага р-на Цвярской вобл., Расія — 10.5.1889),
рускі пісьменнік, крытык, публіцыст дэмакр. кірунку. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1844). Служыў чыноўнікам у Пецярбургу. Светапогляд С.-Ш. складваўся пад уплывам В.Бялінскага, М.Гогаля, А.Герцэна, ідэй петрашэўцаў і франц. утапічнага сацыялізму. Друкаваўся з 1841 (вершы). Першыя аповесці «Супярэчнасці» (1847) і «Заблытаная справа» (1848) сталі прычынай высылкі аўтара ў Вятку (1848—55), дзе С.-Ш. служыў чыноўнікам губернскага праўлення. Пасля вяртання ў Пецярбург служыў у Мін-ве ўнутр. спраў (1856—58), віцэ-губернатарам у Разані, пазней у Цверы (1858—62), з 1864 — у сістэме Мін-ва фінансаў у Пензе, Туле, Разані. У 1868 выйшаў у адстаўку. У 1863—65 супрацоўнік час. «Современник», з вер. 1868 член рэдакцыі і актыўны супрацоўнік, з 1877 адказны рэдактар час. «Отечественные записки» да забароны гэтага выдання ў 1884. У цыкле сатыр. нарысаў і апавяданняў «Губернскія нарысы» (1856—57), «Нявінныя апавяданні» (1857—63), «Пампадуры і пампадуршы» (1863—74), «Гісторыя аднаго горада» (1869—70), «Паны ташкентцы» (1869—72), «Дзённік правінцыяла ў Пецярбургу» (1872), «Добранамераныя прамовы» (1872—76), «За мяжой» (1880—81), рамане «Паны Галаўлёвы» (1875—80) і інш. паказаў крызіс прыгоннага ладу, дасціпна крытыкаваў бюракратыю, прыстасавальніцтва, маральную дэградацыю дваранства, рэакц. сутнасць і амаралізм прускага мілітарызму і паказной парламенцкай дэмакратыі. Сатырычны талент С.-Ш. ярка выявіўся ў апошніх творах; «Казкі» (1882—86, асобнае выданне 1884 нелегальна пад назвай «Казкі для дзяцей немалога ўзросту», легальна выд. 1887; частка казак апубл. пасмяротна), «Дробязі жыцця» (1886—89), «Пашахонская даўніна» (1887—89), дзе пісьменнік выкарыстаў прыёмы памфлета і гратэску, убачыў сваю эпоху ў кантрастных і трагічных тонах. Аўтар камедый «Смерць Пазухіна» (1857, забаронена; паст. 1893), «Цені» (1862—65, не завершана; паст. 1914), публіцыстычнага цыкла «Наша грамадскае жыццё» (1864), літ.-крытычных артыкулаў.
Творчасць С.-Ш. паўплывала на станаўленне камічнага жанру ў бел. л-ры, творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, Ядвігіна Ш., К.Крапівы, развіццё публіцыстыкі, драматургіі, тэатр. мастацтва. У бел. крытыцы і літ.-знаўстве яго спадчына разглядалася як важнае звяно сацыяльна ангажыраванай маст. культуры ў кірунку крытычнага рэалізму. Газ. «Минский листок» убачыла ў ім выдатнага мысліцеля і асветніка. Супрацоўнік газ. «Голос провинции» М.Караліцкі адзначаў актуальнасць выкрывальніцкай творчасці С.-Ш. для сучаснасці. Газ. «Гомельская мысль» у артыкулах «З мінулага», «М.Я.Салтыкоў-Шчадрын», «М.Я.Салтыкоў-Шчадрын. Да 25-годдзя з дня смерці» паведаміла новыя факты з жыцця пісьменніка, адзначыла ўплыў Бялінскага, Дабралюбава і Някрасава на станаўленне яго светапогляду. Да традыцый С.-Ш. часта звярталася бел.сав. крытыка 1930-х г. як аргумента пры абгрунтаванні рэаліст. метаду. Бел. друк у 1930-я г. адзначыў 50-годдзе з дня смерці С.-Ш. ў арт. «Вялікі сатырык» М.Дабрыніна і інш. публікацыях. Апублікаваны бібліягр. даведнік «М.Я.Салтыкоў-Шчадрын» (1939). У 1950—70-я г.бел.літ.-знаўцы Дз.Палітыка, І.Ішчанка, Н.Сніцарава даследавалі важныя аспекты літ., сац.-філасофскай і журналісцкай спадчыны С.-Ш. У дарэв. час мясцовыя і прыезджыя тэатр. трупы паказвалі п’есы С.-Ш. ў Мінску, Гродне, Віцебску, Магілёве, Гомелі і інш. У Брэсце ў 1883 паказана інсцэніроўка «Паны Галаўлёвы». На бел. мову яго творы перакладалі К.Чорны («Казка аб заўзятым начальніку...», 1936), У.Ляўданскі (кн. «Выбраныя апавяданні», 1948), Я.Шарахоўскі («Казкі», 1953), В.Вітка («Паны Галаўлёвы», 1956), Х.Жычка (казка «Кісель», 1976) і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—20. М., 1965—77.
Літ.:
Салтыков-Щедрин в воспоминаниях современников. Т. 1—2. М., 1975;
Политыко Д.А. Великий русский писатель-сатирик М.Е.Салтыков-Щедрин. Мн., 1955;
Ищенко И.Т. Пародии Салтыкова-Щедрина. Мн., 1973;
Бушмин А.С. Художественный мир Салтыкова-Щедрина: Избр. тр.Л., 1987;
Николаев Д.П. Смех Щедрина: Очерки сатир. поэтики. М., 1988;
Ауэр А.П., Борисов Ю.Н. Поэтика символических и музыкальных образов М.Е.Салтыкова-Щедрина. Саратов, 1988;
Салтыков-Щедрин и русская литература. Л., 1991;
М.Е.Салтыков-Шедрин: пробл мировоззрения, творчества, языка. Тверь, 1991;
Герасимович М.М. Уроки М Е.Салтыкова-Щедрина. Мн., 1993.
БССР, Беларусь, саюзная дзяржава ў складзе СССР. Існавала з 1.1.1919 да вер. 1991, у складзе СССР афіцыйна са снеж. 1922. Тэр. 207,6 тыс.км², нас. 10 254 тыс.чал. (на 1.1.1990). Сталіца — г.Мінск. Паводле рашэння VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыі РКП(б) [30—31.12.1918, Смаленск; гл.Першы з’езд КП(б)Б] БССР абвяшчалася ў межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губ., бел. паветаў Віленскай і Ковенскай губ., зах. паветаў Смаленскай губ.Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2.1.1919 абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. 8.1.1919 Часовы рабоча-сял.сав. ўрад Беларусі і Цэнтр. Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў (2—3.2.1919, Мінск) адобрыў утварэнне БССР, зацвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВКБССР), прыняў пастанову аб аб’яднанні Беларусі і Літвы (гл.Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). У складаных умовах грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 урад БССР праводзіў работу па ўмацаванні сав. улады, мабілізацыі сіл на барацьбу з яе праціўнікамі і іншаземнымі захопнікамі, ажыццяўленні першых сацыяліст. пераўтварэнняў. БССР у гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім эканам. і ваенна-паліт. становішчы, большая частка яе тэрыторыі была акупіравана ням., потым польск. інтэрвентамі. Летам 1920 на вызваленай Чырв. Арміяй тэр. Беларусі адноўлена сав. ўлада. 31.7.1920 на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, сав. і прафс. арг-цый Мінска і Мінскай губ. прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сав.Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (гл.Другое абвяшчэнне БССР). Захопленая польск. войскамі ў выніку савецка-польскай вайны 1920зах.частка Беларусі паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 адышла да Польшчы (гл.Заходняя Беларусь). Тэр. ўзноўленай БССР складалася з 6 паветаў Мінскай губ. з нас. 1544 тыс.чал.Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919, дзе абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВКБССР, выканаўчым органам — Савет Народных Камісараў БССР (СНКБССР). Пасля заканчэння вайны Беларусь перажывала глыбокі сац.-эканам. крызіс. Большая частка прадпрыемстваў была знішчана, астатнія з-за адсутнасці паліва і сыравіны працавалі з перабоямі. Былі разбураны сельская гаспадарка, транспарт. Усё гэта цяжка адбівалася на становішчы працоўных, выклікала іх незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму». Пераход да ажыццяўлення ў БССРновай эканамічнай палітыкі (нэпа) прынёс станоўчыя вынікі. Харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, дапускалася дзейнасць прыватнага капіталу, праводзілася рэарганізацыя сістэмы кіравання прам-сцю, вырашаліся пытанні аплаты працы, фін. палітыкі. Пераломным у развіцці прам-сці стаў 1923—24 гасп. год, калі пачалі хутка расці вытворчасць, колькасць адноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю прадпрыемстваў. У 1924—28 аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 2,3 раза. Адначасова павялічылася колькасць прыватных прадпрыемстваў. Расла зарплата рабочых і служачых. У сельскай гаспадарцы праводзілася работа па землеўпарадкаванні, развіцці хутарызацыі, арэнды, кааператыўнага руху і інш. Каля ⅓ беднякоў і батракоў, якія атрымалі зямлю, сталі сераднякамі. На пач.кастр. 1925 у БССР было 1084 кааператыўныя т-вы (аб’ядноўвалі 161 тыс. членаў). Важнае значэнне для ўмацавання эканам. патэнцыялу рэспублікі мела вяртанне ёй са складу РСФСР у 1924 і 1926 этнаграфічна роднасных усх. тэрыторый (гл.Узбуйненне БССР). Рабіліся захады па ажыўленні Саветаў, умацаванні іх сувязяў з масамі працоўных, павелічэнні колькасці членаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1920-я г. праводзілася палітыка беларусізацыі грамадска-паліт. і культ. жыцця рэспублікі. Значныя поспехі былі дасягнуты на ніве нац.-культ. адраджэння. Ліквідоўвалася непісьменнасць, была праведзена рэформа школьнай сістэмы, большасць школ пераводзілася на бел. мову навучання, яны забяспечваліся неабходнымі кадрамі і падручнікамі. Развіваліся л-ра і мастацтва, навука. У 1920—22 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інстытут беларускай культуры (у 1928 пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі) і інш. У ходзе сацыяліст.індустрыялізацыі (курс на яе абвешчаны ў СССР у снеж. 1925) на Беларусі за гады даваен. пяцігодак увайшло ў строй больш за 1 тыс.прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. каля 400 буйных. У 1940 прадукцыя прам-сці ўсіх абласцей БССР перавысіла ўзровень 1913 у 23 разы. Паводле перапісу 1939, удзельная вага рабочага класа ў складзе насельніцтва рэспублікі дасягнула 21,9%, інтэлігенцыі — 14,5%. З восені 1929 гал. кірункам агр. палітыкі ў БССР стала масавая калектывізацыя. Выконваючы дырэктывы вышэйшага кіраўніцтва СССР, парт. і сав. органы БССР праводзілі сярод сялянства актыўную арганізац. і масава-паліт. работу, імкнуліся фарсіравана забяспечыць перабудову вёскі на сацыяліст. аснове. Да пач.Вял.Айч. вайны ва ўсх. абласцях БССР было абагулена 93,4% сял. гаспадарак і 96,2% пасяўных плошчаў. Аднак калектывізацыя праводзілася паспешліва, пры адсутнасці належных сац.-эканам. умоў, з шырокім выкарыстаннем прымусовых, адм.-камандных метадаў. Заможныя (кулацкія) і шмат серадняцкіх гаспадарак падпалі пад раскулачванне, іх маёмасць была канфіскавана. Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў (5—12.4.1927) прыняў новую Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. У 1930-я г. на сац.-паліт. і культ. развіццё Беларусі, як і ўсяго СССР, негатыўны ўплыў зрабілі культ асобы, бюракратызацыя дзярж. структур і адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, якія абмяжоўвалі творчую актыўнасць працоўных. Цяжкім злачынствам з’явіліся рэпрэсіі палітычныя, што дасягнулі свайго апагея ў 1937. Супрацоўнікамі НКУС рэспублікі быў сфабрыкаваны шэраг спраў т.зв. «контррэвалюцыйных шпіёнскіх арганізацый» (гл.«Аб’яднанае антысавецкае падполле», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі», «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі», «Саюз вызвалення Беларусі» і інш.). На надзвычайным Дванаццатым Усебеларускім з’ездзе Саветаў (20—23.11.1936 і 15—19.2.1937) прынята Канстытуцыя Беларускай ССР 1937, вышэйшым органам дзярж. улады вызначаны Вярх. СаветБССР (гл. ў арт.Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь), у перыяд паміж сесіямі — Прэзідыум Вярх. Савета БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле рашэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (28—30.10.1939, Беласток) прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні сав. улады і ўз’яднанні Зах. Беларусі з БССР. 12.11.1939 сесія Вярх. Савета БССР прыняла закон аб Уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Гэтым была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, створаны ўмовы для кансалідацыі бел. нацыі. Насельніцтва БССР пасля ўз’яднання склала 11 млн.чал. На пач. Вялікай Айчыннай вайны (22.6.1941) часці Чырв. Арміі аказалі на тэр. Беларусі ўпартае супраціўленне гітлераўцам (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.). На франтах з ворагам змагаліся больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. На захопленай гітлераўцамі тэрыторыі ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму разгарнулася партыз. і падп. барацьба (гл.Партызанскі рух на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі, Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі). 374 тыс. патрыётаў змагаліся ў партыз. атрадах і брыгадах, больш за 70 тыс. — у глыбокім падполлі. У канцы 1943 нар. мсціўцы ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. рэспублікі (гл.Партызанская зона). Ваен. кіраўніцтва партыз. барацьбой ажыццяўлялі Цэнтр. і Бел. штабы партыз. руху (гл. адпаведныя арт.). У чэрв.—ліп. 1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944БССР была поўнасцю вызвалена ад ням.-фаш. захопнікаў. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі, былі спалены і зруйнаваны 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Рэспубліка страціла больш як палову нац. багацця. Паводле сав.-польск. дамоўленасці са складу БССР Польшчы перададзены ў вер. 1944 Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці. У 1945 БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН (гл. ў арт.Крымская канферэнцыя 1945, Сан-Францыская канферэнцыя 1945). У 1946 СНКБССР пераўтвораны ў Савет Міністраў (гл. ў арт.Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь). Паводле Канстытуцыі БССР у 1955—56 былі зацверджаны дзярж. герб, гімн і сцяг рэспублікі. Дзякуючы самаадданай працы бел. народа, а таксама дапамозе інш. рэспублік СССР адраджалася разбураная вайной гаспадарка. Матэрыяльная база аднаўлялася праз цэнтралізаваныя пастаўкі, рээвакуацыю абсталявання бел. прадпрыемстваў з сав. тылу, шэфскую і інш. дапамогаў працоўных калектываў усёй краіны. У 1944—45 у БССР было накіравана 38,2 тыс. адзінак тэхнал. абсталявання, 420 трактароў, 4 тыс.т паліва, шмат сельгастэхнікі, буд. Матэрыялаў, тысячы кваліфікаваных спецыялістаў і інш. У кароткі тэрмін узведзены аўтамаб., трактарны, інструментальны з-ды ў Мінску і дывановы камбінат у Віцебску, адноўлены Гомсельмаш, станкабудаўнічыя з-ды ў Мінску, Гомелі, Віцебску, льнокамбінат у Оршы, БелДРЭС і інш. Валавая прадукцыя прам-сці ў 1950 перавысіла ўзровень 1940 на 15%. З сярэдзіны 1950-х г.асн. умовай далейшага развіцця бел. эканомікі з’яўлялася шматбаковае супрацоўніцтва БССР з інш. рэспублікамі краіны. З уводам у эксплуатацыю новых і рэканструкцыяй дзеючых прадпрыемстваў, укараненнем у вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі штогод нарошчваўся эканам. патэнцыял. У 1956—85 былі пабудаваны і ўвайшлі ў строй 511 буйных прадпрыемстваў, сфарміраваўся магутны прамысл. комплекс рэспублікі. Аб’ём прадукцыі ў 1985 у параўнанні з 1960 вырас амаль у 9 разоў і перавысіў даваен. ўзровень у 38 разоў. Хутка нарошчвалі вытворчасць машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, прадпрыемствы паліўна-энергетычнага комплексу. З будаўніцтвам Лукомскай, Бярозаўскай і Васілевіцкай ДРЭС, Мінскай і Наваполацкай ЦЭЦ сфарміравалася адзіная Бел.энергет. сістэма. У той жа час не надавалася належнага значэння праблемам экалогіі, захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Драматычныя для Беларусі вынікі Чарнобыльскай катастрофы 1986. У сельскай гаспадарцы першачарговай задачай было ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, павышэнне культуры земляробства. У 1960—85 колькасць трактароў у калгасах і саўгасах рэспублікі павялічылася амаль у 4 разы, збожжаўборачных камбайнаў — у 3,3 раза, грузавых аўтамабіляў — у 2,9 раза. Пастаўкі мінеральных угнаенняў сельскай гаспадарцы выраслі ў 7,7 раза. У 1986—90 сярэднегадавая ўраджайнасць збожжавых ва ўсіх катэгорыях гаспадарак дасягнула 25,2 ц з га супраць 7,1 ц у 2-й пал. 1950-х г. Вытворчасць мяса (у забойнай вазе) у 1990 склала 1181 тыс.т супраць 402 тыс.т у 1960 і 275 тыс.т у 1940, вытворчасць малака ў параўнанні з 1960 вырасла больш як у 2 разы. Разам з тым у развіцці аграпрамысл. комплексу мелася шмат нявырашаных задач, у многіх гаспадарках калгасна-саўгасная вытворчасць была стратная. Няпоўнай была аддача асушаных зямель (іх плошча складала 2,5 млн.га), жывёлагадоўля ў большасці гаспадарак развівалася экстэнсіўна. Не мела належнага ўзроўню развіццё перапрацоўчых галін, асабістых гаспадарак сельскіх жыхароў. Важным звяном нар.-гасп. комплексу БССР быў транспарт, грузаабарот якога ў 1960—90 павялічыўся ў цэлым больш як у 3 разы. Рост эканомікі забяспечыў паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Яго рэальныя даходы выраслі ў 1985 супраць 1970 у 1,7 раза. На пач. 1990/91 навуч. года ўсімі формамі навучання ў БССР было ахоплена 3671 тыс.чал. Працавала 5429 агульнаадук. школ, 147 сярэдніх спец. і 33 вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1946—90 ВНУ падрыхтавалі 2062 тыс. спецыялістаў. Значных поспехаў дасягнула навука. У 1987 у БССР існавала 167 навук. устаноў, працавалі 44,5 тыс.навук. супрацоўнікаў, у т. л. 1085 дактароў і 14,1 тыс.канд. навук, займаліся ў аспірантуры каля 3 тыс.чал. Шэраг навук. адкрыццяў вучоных БССР атрымалі сусв. прызнанне. Пашыралі і ўдасканальвалі работу культ.-асв. ўстановы. У 1960 у рэспубліцы было выдадзена 1,6 тыс. назваў кніг і брашур, у 1985 — больш за 3,4 тыс. Адмоўным у развіцці культуры і грамадскіх навук было зніжэнне ўвагі да выкарыстання бел. мовы, слаба аналізаваліся негатыўныя з’явы ў жыцці грамадства. Эканам. і культ. развіццё БССР стварала аснову для пашырэння замежных сувязяў. У канцы 1980-х г. прадукцыя рэспублікі пастаўлялася амаль у 100 краін, асартымент экспарту ўключаў больш за 1 тыс. найменняў. Канстытуцыя Беларускай ССР 1978 вызначыла паліт. сістэму сав. грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС, грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Кіраўнічай і накіравальнай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арганізацый абвяшчалася Кампартыя Сав. Саюза.
З сярэдзіны 1980-х г. у БССР, як і ва ўсёй краіне, пачаўся працэс радыкальных пераўтварэнняў усіх бакоў грамадскага жыцця. Ключавое значэнне набылі праблемы рэфармавання паліт. сістэмы, дэмакратызацыі грамадства, дзярж. будаўніцтва, пачала складвацца шматпартыйнасць. Адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (24—25.6.1989, Вільнюс), узніклі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (1991), Партыя народнай згоды (1992) і інш. Паводле закону Вярх. Савета БССР ад 26.1.1990 «Аб мовах у Беларускай ССР» былі зроблены захады на больш шырокае выкарыстанне бел. мовы, у т. л. ў школах, установах, сродках масавай інфармацыі. 4.3.1990 на пашыранай дэмакр. аснове прайшлі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў. 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25.8.1991 — Закон аб наданні статуса канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі. Пасля падзей у Маскве 19—21.8.1991 Вярх. СаветБССР 25.8.1991 прыпыніў дзейнасць КПБ—КПСС на тэр. Беларусі. 19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета рэспублікі перайменавала БССР у Рэспубліку Беларусь. Гл. таксама Беларусь.
Літ.:
гл. пры арт.Беларусь.
І.Я.Марчанка.
Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Газета «Савецкая Беларусь» з тэкстам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР. 1920.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Камунары вёскі Камуна Любанскага раёна капаюць асушальны канал. 1928.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Першамайская дэманстрацыя ў Мінску. 1950-я гады.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Антыкамуністычная маніфестацыя і мітынг каля Дома ўрада. Мінск. 7.11.1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на У Беларусі, каля граніцы з Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 29 тыс.км². Нас. 1241,3 тыс.чал. (1998). Цэнтр — г.Магілёў. У вобласці 21 раён: Асіповіцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Бялыніцкі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Касцюковіцкі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Краснапольскі, Круглянскі, Крычаўскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі (гл. адпаведныя артыкулы), 14 гарадоў, у т. л. 4 абласнога падпарадкавання — Магілёў, Асіповічы, Бабруйск, Горкі, 11 гар. пасёлкаў, 196 сельсаветаў, 3247 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці пераважна раўнінная. Усх.ч. займае Аршанска-Магілёўская раўніна, зах. — Цэнтральнабярэзінская раўніна. На ПнЗ — часткаАршанскага ўзвышша, на ПнУ — Горацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна і часткаСмаленскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 239 м. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. 126 м (урэз р. Сож, ніжэй в. Гайшын Слаўгарадскага р-на). Карысныя выкапні: цэментны мел і мергель (каля 75% агульнарэспубліканскіх запасаў цэм. сыравіны, Камунарскае, Сожскае, Каменкаўскае, Варонькаўскае радовішчы), фасфарыты, мел (найб. паклады ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Крычаўскім і Чэрыкаўскім р-нах), гліна і цагельныя суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. і сілікатныя пяскі, трэпел, торф, сапрапелі і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -8,2 °C на ПнУ да -6,5 °C на ПдЗ, у ліп. ад 17,8 °C на ПнУ да 18,7 °C на ПдЗ. Вегетац. перыяд 183—194 дні. Гадавая колькасць ападкаў 575—675 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Тэрыторыя М.в. адносіцца да бас. Дняпра, які перасякае вобласць з Пн на Пд. Найб. яго прытокі Лахва, Друць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Бярэзіны — Свіслач, Ольса, Ала; Друці — Аслік, Вабіч, Грэза; Сажа — Лабжанка, Волчас, Проня з Басяй і Растой, Бесядзь з Суравам і Жадунькай; на ПдЗ працякае р. Пціч (прыток Прыпяці). Азёр мала, яны невялікія. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (53,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,7%), тарфяна-балотныя (8,3%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць сугліністыя (45,9%) і супясчаныя (38,7%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 15% сельгасугоддзяў, найб. у Быхаўскім, Бабруйскім, Глускім, Асіповіцкім і Горацкім р-нах. Пад лесам каля 34% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 54,9%, яловыя і бярозавыя па 15,1, альховыя 5,6, дубовыя 5,4%. Найб. лясістасць на ПдЗ вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,6%, каля палавіны іх нізінныя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць каля 7,7% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці гідралагічныя заказнікі рэсп. значэння Заазер’е і Астравы Дулебы, 72 заказнікі мясц. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 33,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзіі-137 больш як 5 Кі/км² займае 11,7% тэр. вобласці. Найб. забруджана радыенуклідамі тэр. Краснапольскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага і Слаўгарадскага р-наў.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,3%), жывуць таксама рускія (11,1%), украінцы (1,9%) і інш. Гарадскога насельніцтва 70,4% (1998). Сярэдняя шчыльн. 42,8 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1998): Магілёў (369), Бабруйск (227), Асіповічы (33,8), Горкі (33,5). Колькасць насельніцтва мае тэндэнцыю да памяншэння (з 1992 смяротнасць насельніцтва перавышае нараджальнасць), павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім р-нах (найб. пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася на 40—50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. У ёй занята 29,4% працуючых. За 1991—97 аб’ём прамысл. прадукцыі знізіўся на 25%, вял. спад адбыўся ў чорнай металургіі (на 69%), прам-сці буд. матэрыялаў (на 48%). Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі хім. і нафтахім., маш.-буд., дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харчовай прам-сці. Вядучае месца (1997) належыць хім. і нафтахім. прадукцыі (28,7%), машынабудаванню і металаапрацоўцы (14,0%), лёгкай (10,1%) і харч. прам-сці. У 1996 у М.в. атрымана (у % да рэсп. вытв-сці): шын аўтамаб. і для с.-г. машын — 100, хім. валокнаў і нітак — 55, сінт. смол і пластмас — 40,6, электрарухавікоў пераменнага току — 59,6, магнітафонаў — 77, ліфтаў — 100, драўняна-валакністых пліт — 33,8, фанеры — 22, кардону — 27,6, цэменту — 43, шаўковых тканін — 39, цюлегардзінных вырабаў — 100, гумавага абутку — 48,7, безалкагольных напіткаў — 28, масла жывёльнага — 15,2. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Магілёве і Бабруйску; значныя прамысл. цэнтры — Асіповічы, Крычаў, Шклоў, Быхаў, Касцюковічы. Прадпрыемствы хім. прам-сці размешчаны пераважна ў Магілёве (аб’яднанне «Хімвалакно», якое выпускае поліэфірныя і віскозныя валокны і ніткі, прадукцыю аргсінтэзу, розныя тавары нар. ўжытку; рэгенератны з-д, хімкамбінат «Зара» і інш.), Бабруйску (шынны камбінат, вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, гідролізная вытв-сць) і Крычаве (вытв-сць гумавага абутку, гумава-тэхн. вырабаў). Машынабудаванне сканцэнтравана ў Магілёве (аўтамабільны з-д, выпускае самазвалы, падземныя аўтапаязды, скрэперы, бульдозеры, пагрузчыкі і інш.; «Магілёўтрансмаш» па вытв-сці аўтамаб. прычэпаў, гідраўлічных кранаў, рэфрыжэратараў і інш.; ліфтабудаўнічы з-д; аб’яднанне «Тэхнапрылада»; з-ды «Строммашына» і «Электрарухавік» і інш.), у Бабруйску (вытв-сць цэнтрабежных помпаў, вымяральных прылад, машын для ўнясення ўгнаенняў, трактарных дэталей і агрэгатаў і інш.), у Асіповічах (з-даўтамаб. агрэгатаў). У Магілёве працуе металургічны з-д, які выпускае стальныя і чыгунныя трубы. Самае буйное прадпрыемства дрэваапрацоўкі — фанера-дрэваапр. камбінат у Бабруйску; мэблю робяць у Бабруйску, Магілёве, Быхаве; у Шклове — папяровая ф-ка «Спартак». Прам-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена 2 цэментнымі прадпрыемствамі (у Крычаве і Касцюковічах), камбінатамі буд. матэрыялаў, сілікатных вырабаў, з-дамі зборных жалезабетонных вырабаў (пераважна Магілёў і Бабруйск), кардонна-руберойдным (Асіповічы), цагельнымі. Развітая лёгкая прам-сць уключае швейныя, трыкат., абутковыя, маст. вырабаў прадпрыемствы. У Магілёве буйныя прадпрыемствы «Магатэкс» (шаўковыя тканіны і вырабы з іх), «Стужка» (стужкаткацкія і гардзінныя вырабы), ф-ка галаўных убораў, у Бабруйску — гарбарны з-д, футравая, валюшна-лямцавая, люстраная ф-кі. На тэр. вобласці 10 ільнозаводаў. Харч.прам-сць прадстаўлена кандытарскай ф-кай «Чырвоны харчавік», маслабойным з-дам (Бабруйск), мясакамбінатамі (Магілёў, Бабруйск), 20 заводамі па перапрацоўцы малака, кансервава-агароднінасушыльным камбінатам (Быхаў) і інш.
Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве ў спалучэнні з ільнаводствам. Усюды пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур, бульбы. У прыгарадных зонах гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,2% тэрыторыі, ворныя землі — 35,5% (1997). За 1986—91 з сельгасабароту выведзена 47 тыс. га сельгасугоддзяў, забруджаных радыенуклідамі. Акрамя таго, на 1.1.1997 доля забруджаных радыенуклідамі зямель у агульнай плошчы сельгасугоддзяў у грамадскім сектары складае 29,7%. М.в. дае 16,7% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 12,8% бульбы, 7,7% ільновалакна, каля 16% мяса (у жывой вазе), 12,6% малака (1997). За 1991—97 вытв-сць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі знізілася на 27,4%, у т. л. прадукцыі жывёлагадоўлі — на 33,3%, раслінаводства — на 12,7%, у выніку чаго доля жывёлагадоўлі ў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці панізілася і склала 52,3%, а раслінаводства павялічылася да 47,7%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад ільном-даўгунцом. На 1.1.1998 у М.в. 445 фермерскіх гаспадарак, яны мелі 14,7 тыс. га сельгасугоддзяў, у т. л. 12,1 тыс. га ворнай зямлі. У карыстанні грамадзян (разам з фермерскімі гаспадаркамі) 13,2% сельгасугоддзяў і 14,7% ворнай зямлі. У 1997 у асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарках атрымана 85% бульбы, 82% агародніны, 94% садавіны і ягад. Развіта таксама жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, свінагадоўля, птушкагадоўля. У 1990-я г. пагалоўе жывёлы і птушкі зніжаецца (гл.табл. 2). Характэрна павелічэнне долі асабістых гаспадарак насельніцтва (разам з фермерскімі) у вытв-сці мяса (з 12,8% у 1990 да 24,7% у 1997) і малака (з 21,5% да 35,7%).
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 818 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін, Жлобін—Бабруйск—Мінск, Орша—Крычаў—Унеча, Крычаў—Магілёў—Асіповічы, якія звязваюць вобласць з Расіяй, Украінай, інш. абласцямі рэспублікі. Найважн.чыг. вузлы: Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Крычаў. На долю чыг. транспарту прыпадае 93% грузаабароту (1997). Працягласць аўтамабільных шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 8,02 тыс. км (1997). Асн. магістралі Санкт-Пецярбург—Магілёў—Кіеў, Рослаўль—Бабруйск—Брэст, Магілёў—Беразіно—Мінск, Магілёў—Бабруйск—Мінск. Суднаходства па Дняпры, Бярэзіне, Сажы (грузаабарот рачнога транспарту складае 0,1% ад агульнага грузаабароту, 1997). Па тэр. вобласці праходзіць нафтаправод Унеча—Полацк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ МУ́ЗЫКА, музычны фальклор,
песенная і інстр. творчасць народа. Вядома ўсім народам. Творы Н.м. ўзнікаюць на аснове маст. традыцый і адлюстроўваюць калектыўна выпрацаваныя эстэт. прынцыпы. Абагульняючы і зберагаючы вопыт многіх пакаленняў, Н.м. мае вял.эстэт., пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Муз. фальклор — аснова нац.муз. стылю, вызначальная крыніца прафес. кампазітарскай музыкі і канцэртнай творчасці прафес. і самадз.муз. калектываў. Вытокі нар.муз. мастацтва беларусаў у культуры стараж.усх.-слав. плямён: крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Вядучае месца ў бел.муз. культуры займае песенная творчасць, якая ахоплівае некалькі вял.гіст. пластоў. Найб. даўні пласт утвараюць песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў.
Каляндарна-земляробчыя песні прадстаўлены на Беларусі жанрамі калядных песень і шчадроўскіх, масленічных песень, веснавых песень, валачобных песень, юраўскіх песень, купальскіх песень і пятроўскіх песень, жніўных песень, яравых і льняных, восеньскіх песень (да іх прымыкаюць зімовыя песні, веснавыя і летнія карагоды, гульнявыя песні і інш.), сямейна-абрадавыя — жанрамі радзінных песень, вясельных песень, галашэнняў (да іх далучаюцца калыханкі). Змест песень характарызуецца найперш прац. земляробчай тэматыкай, пераплеценай з тэматыкай побыту і даўніх язычніцкіх святкаванняў, з вобразамі навакольнай прыроды (часта персаніфікаванымі).
Вобразны лад песень вызначаецца маляўнічасцю (веснавыя, калядныя, вясельныя велічальныя) або элегічнасцю, псіхал. паглыбленасцю (восеньскія, вясельныя сіраце); паэт. абагульненасць спалучаецца ў іх з яркасцю быт. замалёвак (жніўныя). Вызначальная рыса песень каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў — строгая прымеркаванасць да пэўнага часу ці абставін, якая раней была абумоўлена дакладнай абрадавасцю, а ў наш час падтрымліваецца традыцыяй і асацыятыўнымі сувязямі. З гэтай рысай звязана фарміраванне т. зв. напеваў групавога прымацавання — графічна сціслых, устойлівых меладычных формул, што характэрны пэўнаму жанру і абагульняюць некалькі тэкстаў (звычайна будуюцца на варыянтным паўтарэнні адной папеўкі). Пры вонкава скупых меладычных сродках яны маюць вял. выразную сілу дзякуючы сэнсавай важкасці кожнай меладычнай дэталі, найтанчэйшаму інтанац. нюансаванню ў межах меладычнай формулы, раўназначнасці ўсіх кампанентаў муз. мовы: уласна меладычных (ладавых і рытмічных), арнаментальных, інтанацыйна-адценневых, тэмбравых. Немалаважную ролю адыгрываюць і манера выканання (гл.Народныя спевакі), якая на працягу стагоддзяў склалася ў своеасаблівую школу галаснога спеву, і так званы «рытуальны шум» — розныя пастукванні, пабразгванні, прытанцоўванні, славесныя выкрыкі (калядныя і вясельныя песні).
Паводле характару мелодыкі напевы гэтых песень падзяляюцца на 2 тыпы. Першаму ўласцівы дэкламацыйнасць, вузкі ці сярэдні гукавы дыяпазон (тэрцыя, часта з захопам ніжняй кварты, кварта, квінта) і перыядычнасць рытмічнай структуры з акрэсленым, дакладна вытрыманым рытмічным малюнкам — рытмаформулай (калядныя, валачобныя, вясельныя, радзінныя, частка веснавых, юраўскіх, купальскіх і пятроўскіх песень). Другі тып пры дыяпазоне, звычайна не большым за квінту, вылучаецца меладычнай шырынёй з прычыны доўга працягнутых апорных гукаў ладу, унутрыскладовага распеву, гібкасці меладычнай лініі з выразнай мелізматыкай і імправіз. рытмікай (напевы жніўных. значнай часткі веснавых і восеньскіх, а таксама некат. часткі купальскіх, пятроўскіх і вясельных). У сваёй аснове песні аднагалосыя, пяюцца і ва унісонна-гетэрафоннай манеры Выконваюць іх пераважна жанчыны (выключэнне — валачобныя песні і частка калядных).
Другі яркі і разгорнуты гісторыка-стылявы пласт нар. песнятворчасці складаюць песні, што ўзніклі ў эпоху фарміравання бел. народнасці (14—16 ст.) і ў часы сял. паўстанняў (16—18 ст.): мужчынская сац. лірыка і эпас (чумацкія песні, бурлацкія песні, казацкія песні, аб ваен. падзеях і важаках сял. паўстанняў, пазней рэкруцкія і салдацкія песні), а таксама песні бытавыя (гл.Бытавая музыка), жартоўныя песні, любоўна-лірычныя (гл.Песні пра каханне). Ад песень стараж. пласта яны адрозніваюцца непрымеркаванасцю выканання (іх спяваюць «абы калі»), прымацаваннем напеву да пэўнага тэксту і яркай індывідуалізацыяй муз.-паэт. вобраза. Песні сял. вольніцы адметныя энергіяй, размахам, любоўна-лірычныя — багаццем псіхал. адценняў; існуюць у мностве хар. і сольных варыянтаў. Асн.муз.-выразную ролю адыгрывае ў іх уласна меладычны пачатак. Шырока распетыя мелодыі (найчасцей у сярэднім і вял. дыяпазоне) вызначаюцца ўнутр. інтанацыйнымі кантрастамі і ладавай пераменнасцю, разнастайнай рытмічнай структурай і развітой песеннай строфікай. З песнямі другога пласта (мужчынскімі і жаночымі) звязана і развітое шматгалосае спяванне (падгалосачна-поліфанічнае, найб. пашыраная форма — спяванне з падводкай). На некат. фалькл. жанры (рэв. гімны, салдацкія і рэкруцкія, бяседна-жартоўныя песні і інш.) паўплывала стылістыка бел.канта. У 19 ст. склаўся новы пласт бел. песнятворчасці, які ўключае батрацкія песні, адыходніцкія, рабочыя, рэв. і «літаратурныя» (на словы прафес. паэтаў) песні, а таксама прыпеўкі-частушкі. Найб. значную ролю адыгрывае рэв. песня ў разнастайных жанравых праявах, у т. л. песня, для якой характэрны сац. завостранасць, дынамічная напружанасць, знітаванасць з фалькл. спадчынай эпохі сял.-казацкіх антыфеад. паўстанняў, драм. маналог-заклік, песня-плакат, патэт. гімн, песня-памфлет, балада пра рэвалюцыянера. Іх стылістыка адзначана ўплывам сял. паўстанцкай лірыкі 16—18 ст., польскай рэв. песні гімнічнага складу (пашырылася з 1863—64), укр. і рус.дэмакр. бытавога раманса.
Песенная творчасць беларусаў адметная разнастайнасцю і багаццем мясц. традыцый. Яны выяўляюцца і ў перавазе пэўных песенных жанраў у пэўных этнагр. зонах (напр., валачобных у паўн., калядных у паўд., гульнявых песень і карагодаў ва ўсх. раёнах) і ў мясц. стылявой афарбоўцы агульнапашыраных жанраў, і ва ўласна меладычных асаблівасцях напеваў. Найб. прыкметныя адрозненні паміж песенным фальклорам паўн. і паўд.этнагр. зон. Меладычны стыль песень паўн. зоны (Паазер’е) вызначаецца лапідарнасцю, тэматычнай сціпласцю, перавагай адзіночнага спявання, а таксама хар. антыфоннага выканання. Паўд. раёнам (Палессе) уласцівы песні больш распеўнага характару, з багата арнаментаванай мелодыкай, спяванне гетэрафоннае і падгалосачнае з падводкай. У сав. час развіццё песеннага фальклору характарызавалася шматграннасцю форм, перапляценнем традыцыі і наватворчасці. Большасць новых песень мае светлы характар, падкрэслены спружыністым танц. ці маршава-гімнічным рытмам, яркасцю кульмінацый («Як крыніца цячэ», «Узышоў свецел месячык», «Вішанька»), У Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. гурткі, арганізаваныя Бел. сялянска-рабочай грамадой і Т-вам бел. школы, прапагандавалі бел.традыц. сялянскі фальклор. З разгортваннем сац. і нац.-вызв. руху ствараліся новыя патрыят. і рэв. песні на перапрацаваныя вершы Я.Купалы («За свабоду сваю», «Гэта крык, што жыве Беларусь»), Я.Коласа («Нёман»), К.Буйло («Люблю наш край») і інш. Інтанацыйныя вытокі значнай іх часткі — у меласе міжнар.рэв. песеннай класікі. У Вял.Айч. вайну нарадзіўся багаты і спецыфічны пласт сучаснага бел. фальклору — партызанскія песні. Іх стылістыка побач са стылістыкай песень 1930-х г. моцна паўплывала на развіццё пасляваен бел.нар. песнятворчасці. Асяродкамі ўзнікнення новых патрыят. песень сталі самадз. харавыя калектывы. Многія песні створаны індывід. аўтарамі (П. і А. Шыдлоўскія, Т.Лапаціна, З.Лапаціна-Пацеенка, Р.Галавасцікаў, П.Шаўко, П.Касач, І.Мацін), а потым дапрацоўваліся, шліфаваліся ў калектывах, набліжаючыся да ўзораў безыменнай нар. творчасці.
Стылістыка сучасных напеваў абумоўлена разнастайнасцю пакладзеных у іх аснову песенных жанраў, ад стараж. хаўтурных галашэнняў (яны набылі новае асэнсаванне ў Вял.Айч. вайну і пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) да святочных велічанняў і лірычных гімнаў.
Інстр. музыка беларусаў характарызуецца багаццем жанраў, што абумоўлена разнастайнасцю яе жыццёва-сац. функцый. У нар. практыцы выкарыстоўваюць розныя тыпы музычных інструментаў. Найб.стараж. пласт — сігнальная музыка (рытмізаваныя меладычныя звароты на адным гуку ці на паслядоўнасці некалькіх гукаў натуральнага гукарада), звязаная з магічнымі абрадамі, пастухоўскім, паляўнічым і ваен. побытам. Аснова рэпертуару нар. інструменталістаў — песенныя і танц. найгрышы, вясельныя маршы. Зафіксаваны інстр. імправізацыі (паводле нар. тэрміналогіі — музыка іграе «сам па сабе»), генетычна звязаныя з песняй і танцам, а таксама п’есы, якія можна аднесці да праграмных, — гукапераймальныя («Пад салаўя», «На птушыным двары») і ілюстрацыйныя (выканаўца ілюструе расказ па ходу дзеяння; пашыраны сюжэт «Цялушачка»), Нар.інстр. выканальніцтва бытуе ў сольнай і ансамблевай формах (гл.Музыка, Народныя музыканты, Народныя інструментальныя ансамблі). У сольным выкананні песенных найгрышаў інстр. версіі песень хар. традыцыі вельмі блізкія да першакрыніцы, а тыя, што вар’іруюць адзіночныя песні (жніўныя, некат. восеньскія, уласна лірычныя), вылучаюцца больш актыўным развіццём. Імправізацыйны пачатак і фантазія музыкі найб. яскрава выяўляюцца пры сольным выкананні танц. мелодый. Ансамблевая іх трактоўка адрозніваецца пэўнай рэгламентаванасцю і спрошчанасцю выкладання.
Літ.:
Цітовіч Г.І. Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд.Мн., 1975;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;
Яго ж. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966;
Яго ж. Мелодические основы белорусской народной музыки. Мн., 1970;
Беларускія народныя песні. Т. 1—4. Мн., 1959—76;
Шырма Р.Р. Песня — душа народа. Мн., 1976;
Мухаринская Л.С. Белорусская народная партизанская песня, 1941—1945. Мн., 1968;
Яе ж. Белорусская народная песня: Ист. развитие. Мн., 1977;
Мажэйка З. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1—2. М., 1983—84;
Яе ж. Календарнопесенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993;
Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998;
М а жэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999;
Прывалаў Н. Народныя музычныя інструменты Беларусі. Мн., 1928;
Назіна І.Дз. Беларуская народная інструментальная музыка. Мн., 1989;
Благовещенский И.П. К истории белорусской народной инструментальной музыки // Благовещенский И.П. Некоторые вопросы музыкального искусства. Мн., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЯ ВАЙНА́ 1920,
вайна сав. дзяржавы з Польшчай у крас.—кастр. 1920; частка польска-сав. вайны 1919—20, выкліканай экспансіяй Польшчы пры падтрымцы яе дзяржавамі Антанты і ЗША. У перыяд адраджэння польск. дзяржавы (канец 1918 — пач. 1919) краіны Антанты і ЗША, зацікаўленыя выкарыстаць яе ў барацьбе супраць сав. рэспублік — РСФСР, Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел) і УССР, падтрымлівалі заваёўніцкія планы кіруючых польск. колаў. Пры іх падтрымцы польск. армія была даведзена да 545 тыс.чал. У 1-й пал. 1919 Польшча атрымала ад ЗША на 60 млн.дол. зброі і на 51,6 млн.дол. харчавання. Значнымі былі ваен. пастаўкі з Францыі, на яе тэр. было сфарміравана 5 польскіх дывізій. У пач. 1919 польск. камандаванне стала канцэнтраваць свае войскі каля граніц сав. рэспублік. На сав. прапановы аб перамір’і польскі ўрад не адказаў. Ён выступіў супраць устанаўлення сав. улады ў Беларусі і Літве, не прызнаў абвяшчэння суверэннай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР), а потым і стварэння Літбела. У 1-й пал.лют. 1919 Польшча пачала ваен. дзеянні супраць сав. рэспублік. Паўн. група польск. войск наступала ў напрамку Вільні і Ліда—Маладзечна, паўд. — на Баранавічы—Мінск і Кобрын—Пінск; разгортваліся ваен. дзеянні і на тэр. Украіны. Для адпору інтэрвенцыі ў лют. 1919 створаны сав.Заходні фронт 1919—24. 8.4.1919 Літбел аб’яўлена на ваен. становішчы, але спыніць польск. войскі не ўдалося. Урады РСФСР і Літбела звярталіся да польск. ўрада з прапановамі мірна вырашыць спрэчныя пытанні, але польскі бок адхіліў іх. 22.4.1919 захоплена сталіца Літ.-Бел. ССР Вільня. У гэты перыяд у польск. друку і грамадскай думцы адносна Беларусі вызначыліся 2 тэндэнцыі. Адна выражала інтарэсы кіруючых колаў: далучыць землі былога ВКЛ (Беларусь і Літву) да Польшчы. Другая адлюстроўвала думку польскіх дэмакр сіл, якія разглядалі Беларусь, Літву і Украіну як самаст. дзяржавы, звязаныя з Польшчай уніяй (т.зв. «федэралістычная канцэпцыя»). З ёй спачатку вымушана лічыўся і нач. польскай дзяржавы Ю.Пілсудскі. Але неўзабаве ён ад яе адмовіўся. Віленская дэкларацыя (прынята польск. сеймам 2.5.1919) нават сцвярджала, што «бацькаўшчына Касцюшкі, Міцкевіча і Траўгута належыць да Польшчы, як частка непадзельная». Фактычна Пілсудскі адмовіўся ад «федэралістычнай канцэпцыі і ўзяў на ўзбраенне іншы план — захапіць Літву з Вільняй, Беларусь з Мінскам, Украіну з Кіевам». Сутнасць палітыкі Польшчы адносна Беларусі была выкладзена ў памятнай запісцы кіраўніцтва «Стражы крэсовай» — далучэнне да Польшчы «крэсаў усходніх» (бел., літ. і ўкр. зямель). У сак.—крас. 1919 польскія войскі занялі Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Скідзель, Шчучын, Пінск, Баранавічы. Урад РСФСР заявіў пратэст ураду Польшчы і прапанаваў мірна ўрэгуляваць усе спрэчныя пытанні. Важнае значэнне мелі пастановы ЦВК Украіны, Літвы і Беларусі (прыняты ў маі 1919) аб неабходнасці заключэння ваен.-паліт. саюзу. На іх аснове ЦВК Расіі прыняў 1.6.1919 пастанову аб аб’яднанні ваен. сіл сав. рэспублік. Але праціўнік меў значную перавагу (яго сілы амаль падвоіліся, калі з Францыі была перакінута добра ўзбр. армія). 1.7.1919 польск. войскі разгарнулі наступленне на Зах. фронце, а 8 жн. занялі Мінск. У сярэдзіне жніўня яны занялі практычна ўсю тэр.Літ.-Бел. ССР і шэраг раёнаў Украіны.
У Беларусі лінія фронту праходзіла па р. Бярэзіна, на Украіне — па р. Славечна — г. Наваград-Валынскі — г. Магілёў-Падольскі. Польскі ўрад адхіліў чарговыя мірныя прапановы сав. ўрада (22.12.1919, 28.1 і 2.2.1920). 25.4.1920 войскі Польшчы (агульная колькасць узбр. сіл 740 тыс.чал.) пачалі наступаць: у Беларусі — 1-я, 4-я, 7-я арміі (79 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы ген. С.Шаптыцкі); на Украіне — 2-я, 3-я, 6-я (65 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы Пілсудскі). У Беларусі ім процістаялі войскі Зах. фронту [180 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючыя У.М.Гіціс (з 7.7.1919), М.М.Тухачэўскі (з 29.4.1920)]; на Украіне — войскі Паўд.-Зах. фронту [120 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы А.І.Ягораў (10.1—31.12.1920), чл.РВС: Р.І.Берзін (10.1—18.12.1920), Х.Г.Ракоўскі (6.2—9.10.1920), І.В.Сталін (10.1—1.9.1920), С.І.Гусеў (29.8—14.10.1920), С.І.Аралаў (1—31.12.1920)]. У сак. 1920 польскія войскі занялі Мазыр, Калінкавічы, Оўруч, перарэзалі чыгункі паміж Зах. і Паўд.-Зах. франтамі; у крас. 1920 пры падтрымцы ўкр. палкоў С.Пятлюры захапілі Корасцень, Жытомір, Казацін, 6 мая — Кіеў (гл.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22).
12.5.1920 у сав. дзяржаве абвешчана ваен. становішча, у тэзісах «Польскі фронт і нашы задачы» (апубл. 23.5.1920) ЦК РКП(б) заклікаў працоўных на барацьбу з інтэрвентамі, на польскі фронт накіравана больш за 24 тыс. камуністаў. З Беларусі па парт. мабілізацыі на Зах. фронт з 1.1 да 1.10.1920 накіравана 1116 камуністаў. Паводле няпоўных звестак у дзеючых часцях Чырв. Арміі ў перыяд вайны было больш за 100 тыс. ураджэнцаў Беларусі. У Беларусі фарміравалася Запасная армія Зах. фронту, якая ў маі 1920 мела да 40 тыс.чал. (камандуючы П.А.Пятраеў). 13 курсаў і школ рыхтавалі камандзіраў Чырв. Арміі. 28.4.1920 Палітбюро ЦК РКП(б) ухваліла план наступлення, распрацаваны Гал. камандаваннем Чырв. Арміі. Гал. ўдар наносіў Зах. фронт праз Беларусь на Варшаву; часці Паўд.-Зах. фронту пасля вызвалення Кіева павінны былі наступаць праз Роўна на Брэст. На ўмацаванне Зах. фронту накіраваны 10-я стралк. і 2-я кав. дывізіі, на Паўд.-Зах. — 1-я Конная армія (камандуючы С.М.Будзённы) і 25-я стралк. дывізія. 14.5.1920, не дачакаўшыся рэзерваў, Зах. фронт пачаў наступаць. 16-я армія фарсіравала Бярэзіну паміж прытокамі Бобр і Клява і наступала ў напрамку Мінска. Польск. камандаванне падцягнула рэзервы з літ. граніцы і контрударам прымусіла сав. войскі адысці на зыходныя рубяжы. Наступленне польск. войск на Украіне было затрымана. Паўд.-Зах. фронт, падмацаваны 1-й Коннай арміяй, нанёс паражэнне 3-й і 6-й польск. арміям і 12.6.1920 вызваліў Кіеў.
Летам 1920 на Зах. фронце было больш за 100 тыс.чал., 2573 кулямёты, 598 гармат. 4.7.1920 ударная група фронту (3-і кав. корпус Г.Дз.Гая, 4-я, 15-я і 3-я арміі) разбіла польск. войскі каля Полацка і рушыла да Вільні і Маладзечна, 16-я армія фарсіравала Бярэзіну і 11.7.1920 вызваліла Мінск. Мазырская група (57-я стралк. дывізія і зводны атрад) наступала ўздоўж чыгункі Мазыр—Брэст. 14 ліпеня войскі Зах. фронту занялі Вільню, 19 ліп. фарсіравалі Нёман, Шчару і выйшлі на тэр. Польшчы (гл.Майская аперацыя 1920, Ліпеньская аперацыя 1920). На Украіне Чырв. Армія разбіла польск. войскі пад Роўнам, 11 ліп. заняла Сарны, Роўна, Камянец-Падольскі. У канцы ліп. ў Беластоку створаны Польскі рэвалюцыйны камітэт (Польрэўком). У сав. тыле фарміравалася 1-я Польская Чырв. Армія, якая на восень 1920 мела 22 вайск. часці (2507 чал.). Да сярэдзіны жн. 1920 сав. войскі падышлі да Варшавы і Львова. Але стомленасць войск, іх адарванасць ад баз забеспячэння далі магчымасць польск. арміі, якой дапамагала зброяй Антанта, прыпыніць наступленне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі 1920 і прымусіць яе адысці.
Паражэнне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі было абумоўлена найперш пераацэнкай гатоўнасці рабочых і сялян Польшчы падтрымаць наступленне сав. войск (ідэя сусв.сацыяліст. рэвалюцыі). Абмежаваныя матэрыяльныя рэсурсы сав. краіны не далі магчымасці забяспечыць усім неабходным войскі фронту. Сав. камандаванне зрабіла стратэгічныя і тактычныя памылкі. Недастатковая ўвага аддавалася аператыўнаму забеспячэнню баявых дзеянняў. Змена камандаваннем Паўд.-Зах. фронту напрамку гал. ўдару з Брэсцкага на Львоўскі парушыла ўзаемадзеянне франтоў, што і прадвызначыла канчатковы вынік аперацыі. Да таго ж Чырв. Армія была вымушана весці баявыя дзеянні на інш. франтах. У сувязі з гэтым польскія войскі выкарысталі ініцыятыву і ў вер.—кастр. 1920 прасунуліся на У, захапіўшы Мінск. Крыху пазней яны зноў адступілі. 12.10.1920 у Рызе падпісаны дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру, а 18.3.1921 — Рыжскі мірны дагавор 1921, паводле якога ў складзе Польшчы засталіся занятыя яе войскамі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна. У час вайны ў баявых дзеяннях удзельнічалі таксама савецкія Дняпроўская ваенная флатылія, Заходнядзвінская ваенная флатылія, Прыпяцкая ваенная флатылія і польская Пінская флатылія (гл. ў арт.Пінская ваенная флатылія).
Літ.:
Директивы Главного командования Красной Армии (1917—1920 гг.): Сб. док. М., 1969;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 191.7—1925. Мн., 1985;
Польско-советская война, 1919—1920: (Ранее не опубл. док. и материалы). Ч. 1—2. М., 1994;
Маль К. Вайна 1920 г. і Беларусь: Вызваленне ці акупацыя? // Бел.гіст. агляд. 1997. Т. 4, сш. 1—2 (6—7);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГА́МСКІЯ АСТРАВЫ́ (Bahama Islands),
Садружнасць Багамскіх Астравоў (The Commonwealth of the Bahamas), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае б.ч. аднайменных астравоў. На ПдУ іх — уладанне Вялікабрытаніі Цёркс і Кайкас. Пл. 13,9 тыс.км². Нас. 300 тыс.чал. (1994). Афіцыйная мова англійская. Сталіца і гал. порт — г. Насаў на в-ве Провідэнс. Краіна падзяляецца на 21 адм. Раён. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 ліп.).
Прырода. Астравы (каля 700, заселены 30) распасціраюцца на 1500 км з ПнЗ на ПдУ, ад п-ва Фларыда да а-воў Куба і Гаіці. Ад Фларыды аддзелены Фларыдскім пралівам, ад Кубы — Старым Багамскім пралівам. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў, больш за 2300 каралавых рыфаў і скал. Найб. астравы: Андрас (4,1 тыс.км²), В. Абака (2 тыс.км²), В. Багама (1,1 тыс.км²). Паверхня раўнінная, выш. да 60 м над узр. мора. Развіты карст. Карысныя выкапні: каменная соль (в-аўВ. Інагуа) і араганіт (найбольшыя ў свеце радовішчы на шэльфе Багамскіх астравоў, цэнтр здабычы — а-вы Біміні). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 21—24 °C да 32 °C. Ападкаў 1000—1600 мм за год. Дажджавы перыяд з мая да кастрычніка. Шмат салёных азёраў, якія злучаюцца з морам. Частыя ўраганы. Недахоп прэснай вады. Зараснікі калючых хмызнякоў, участкі хваёвых і лістападных лясоў, на ўзбярэжжы гаі какосавых пальмаў.
Насельніцтва. Каля 85% — негры і мулаты, 15% — англічане, амерыканцы, канадцы, грэкі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 21,6 чал. на 1 км². У гарадах жыве 64% насельніцтва. Больш як палавіна насельніцтва сканцэнтравана на в-ве Нью-Провідэнс (пл. 207 км²). Самыя вял. гарады (1994): Насаў (172 тыс.ж.), Фрыпарт (26 тыс.ж., на в-ве В. Багама). Каля 40% працаздольных занята ў гандлі, банкаўскай справе і прам-сці, 25% — у абслугоўванні турыстаў.
Гісторыя. У першых стагоддзях н. э. астравы былі заселены індзейскімі плямёнамі аравакаў. У 1492 адкрыты Х.Калумбам. На працягу 16 ст. значная частка індзейскага насельніцтва знішчана ісп. каланізатарамі ці пераселена на в-аў Гаіці. У 1629 тут узнікла першае англ. паселішча (в-аў Нью-Провідэнс). У канцы 17 ст. — прытулак піратаў. Паводле Версальскага дагавору 1783 — англ. калонія. Пасля вайны за незалежнасць англ. калоній у Паўн. Амерыцы (1755—83) сюды перасяляліся амер. лаялісты, у 18—19 ст. завезена вял. колькасць неграў з Афрыкі.
У 1964 Багамскія астравы атрымалі ўнутраную аўтаномію, з 1973 — незалежная дзяржава. Чл.ААН (з 1973). Фармальна канстытуцыйная манархія. Чл.брыт. Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы брыт. манарх у асобе прызначанага ім ген.-губернатара. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту: палата сходу выбіраецца на ўсеагульных выбарах, сенат прызначаецца ген.-губернатарам. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ерам — лідэрам партыі, якая атрымала большасць галасоў на выбарах.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — замежны турызм (60% дзярж. даходаў), фін. і гандл. дзейнасць. Доля ў валавым ўнутр. прадукце сферы абслугоўвання (з турызмам) складае 70%, прам-сці — 10%. Багамскія астравы — цэнтр турызму і зімовы курорт для жыхароў ЗША, а таксама Канады і Еўропы (каля 2,5 млн.чал. штогод). Буйны фін. цэнтр: дзейнічаюць аддз. больш як 400 банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў (падатковыя паступленні ад іх даюць да 20% дзярж. даходу). Вытв-сць электраэнергіі 929 млн.кВт∙гадз (1992). Нафтаперапр. з-ды буйных міжнац. кампаній (цэнтр — Фрыпарт). Прадпрыемствы цэм., фармацэўтычнай, металург. (вытв-сць стальных трубаў), харч. (у т. л. цукровай, вытв-сць рому і лікёру, таматнага соку, кансерваваных ананасаў і лангустаў) прам-сці. Традыцыйныя рамёствы, звязаныя з турызмам (вытв-сць вырабаў з сізалю, ракавін, чарапахавых панцыраў). Сельская гаспадарка развіта слаба, каля 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Плошча с.-г. угоддзяў каля 16 тыс.га, апрацоўваецца каля 9 тыс.га. Вырошчваюць ананасы, цытрусавыя, бананы, памідоры, сізаль, цукр. трыснёг, манга, дыні і інш. Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак каля 37, козаў каля 18, свіней каля 50, птушкі каля 810. Рыбная лоўля і марскія промыслы (тунец, лангусты, марскія чарапахі, вустрыцы). Нарыхтоўка драўніны. Даўж. аўтадарог 3,3 тыс.км. Аўтапарк (1994): 70 тыс. легкавых і 15 тыс. грузавых аўтамабіляў. Экспарт: нафта і нафтапрадукты (90% кошту), медыкаменты, араганіт, цэмент, соль, ром і лікёр, агародніна, лангусты, драўніна. 80% імпарту — сырая нафта, 20% — харч. і прамысл. тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША (90% экспарту і 10% імпарту), краіны ЕС, Нігерыя, Саудаўская Аравія, Канада, Нарвегія. Грашовая адзінка — багамскі долар.