ТАНАТАЦЭНО́З (ад грэч. thanatos смерць + ...цэноз),

комплекс мёртвых жывёл, раслін або рэшткаў, што жылі на канкрэтным месцы ці прынесеныя вадой, ветрам з інш. месцаў. Узнікненню іх садзейнічала агульная прычына, напр., стыхійнае бедства (паводкі, лясныя пажары, смерчы і інш.). Ужываюць як сінонім некрацэнозу. З’яўляецца асновай утварэння рэшткаў раслін, жывёл на пачатку стадыі пахавання (тафацэнозу). Можа разбурацца і знікаць пад уплывам гіпергенезу. Вывучае Т. палеанталогія.

т. 15, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТОРФАЛЯЧЭ́ННЕ,

ужыванне торфу на лек. мэты; від гразелячэння. Як лек. сродак торф выкарыстоўваюць з 1-й пал. 19 ст. Лек. торфы складаюцца са згнілых расл. і жывёльных рэшткаў, валодаюць процімікробным, антыакісляльным, процізапаленчым, раназагойвальным і інш. дзеяннямі. Праводзіцца ў гразелячэбніцах. Выкарыстоўваецца пры захворваннях і выніках траўмаў апорна-рухальнага апарату, нерв. сістэмы, хваробах скуры, палавых органаў, дыхальнай сістэмы і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУБЯРО́ЗА (Polianthes tuberosa),

кветкавая расліна сям. амарылісавых. Радзіма — Цэнтр. Амерыка. Культывуецца з 16 ст. як эфіраалейная і дэкар. расліна пераважна ў Міжземнамор’і, Паўд.-Усх. Азіі.

Шматгадовая травяністая цыбульная расліна. Кветаноснае сцябло выш. да 120 см. Прыкаранёвае падоўжанае лісце ў разетцы, сцябловае ўкарочанае, вузкалінейнае. Кветкі пахучыя, белыя, дыяметрам 5—8 см, у рыхлым коласападобным суквецці. Эфірны алей кветак выкарыстоўваюць у парфумерыі.

т. 16, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭНЗАРЭЗІ́СТАР (ад лац. tensus напружаны, нацягнуты + рэзістар),

рэзістар, які мяняе сваё эл. супраціўленне пры дэфармацыі расцяжэння ці сціскання (гл. Тэнзарэзістыўны эфект). Адрозніваюць Т. металічныя (вырабляюць з дроту ці фольгі ў выглядзе рашотак) і паўправадніковыя (у выглядзе пласцін ці эпітаксіяльных плёнак). Выкарыстоўваецца як адчувальны элемент у тэнзадатчыках, а таксама ў пераўтваральніках ціску ці мех. напружання ў эл. сігнал., напр., у мікрафонах і гуказдымальніках.

т. 16, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАГАЦЫТО́З (ад грэч. phagos пажыральнік + kytos клетка),

актыўнае захопліванне і паглынанне мікраскапічных іншародных жывых аб’ектаў (бактэрыі, фрагменты клетак) і цвёрдых часцінак аднаклетачнымі арганізмамі ці некат. клеткамі шматклетачных жывёл (фагацытамі). Адкрыты І.І.Мечнікавым у 1882. Складаецца з паслядоўных стадый: збліжэнне аб’екта Ф. і фагацыта, размяшчэнне аб’екта на паверхні фагацытуючай клеткі (атракцыя), паглынанне, ператраўліванне. Адыгрывае важную ролю пры запаленні, гаенні ран, як фактар неспецыфічнага імунітэту.

т. 16, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРМАЛІ́Н, фармол,

водны раствор (звычайна 37—40%-ны) фармальдэгіду, які мае таксама 6—15% метанолу (інгібітар полімерызацыі); зручная форма захоўвання і транспарціроўкі фармальдэгіду. Бясколерная вадкасць з характэрным рэзкім пахам, шчыльн. 1110,9—1076,4 кг/м³ (18 °C). Пры захоўванні мутнее з-за выпадзення белага асадку парафармальдэгіду. Выкарыстоўваюць як дэзінфіцыруючы і дэзадарыруючы сродак, для захоўвання анатамічных прэпаратаў і бальзаміравання, пры дубленні скур.

т. 16, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕНАНТРЭ́Н,

кандэнсаваны (трыцыклічны) араматычны вуглевадарод, C14H10.

Бясколерныя крышталі, tпл 101 °C. Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў этаноле, дыэтылавым эфіры, бензоле (растворы флуарэсцыруюць блакітным колерам). Хім. ўласцівасцямі падобны да нафталіну. У прыродзе пашыраны вытворныя Ф. (напр., алкалоіды групы марфіну, некат. тэрпены). Звычайна вылучаюць з антрацэнавай фракцыі каменнавугальнай смалы. Выкарыстоўваюць як стабілізатар выбуховых рэчываў, кампанент дымавых саставаў і некат. фарбавальнікаў. ГДК 0,8 мг/м³.

т. 16, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́БЕК (Fibek) Франц (н. 1960, Вена),

першы аўстрыйскі касманаўт. Скончыў Вышэйшы тэхн. ун-т (1985). З 1989 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 2—10.10.1991 здзейсніў (як касманаўт-даследчык) палёт у складзе экіпажаў касм. карабля (КК) «Саюз ТМ-13» і арбітальнай станцыі «Мір» (пасадка на КК «Саюз ТМ-12») па праграме «Аўстрамір». У космасе правёў 7,9 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 16, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОНД ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ,

сукупнасць прыродных рэсурсаў, умоў і найб. важных кампанентаў прыроднага асяроддзя, якія выкарыстоўваюцца ці могуць быць выкарыстаны для задавальнення патрэб чалавецтва. Вызначаецца як прыроднае багацце і гал. аб’ект прыродакарыстання, падлягае рацыянальнай эксплуатацыі, спалучанай з дзейнасцю па захаванні і паляпшэнні якасці прыроднага асяроддзя. Асн. састаўныя часткі Ф.п.р.: водны фонд, зямельны фонд, лясны фонд, тарфяны фонд і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 16, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАРЭЗІ́СТАР (ад фота... + рэзістар),

паўправадніковы рэзістар, эл. супраціўленне якога мяняецца ў залежнасці ад яго асветленасці. Дзеянне заснавана на ўнутр. фотаэфекце ў паўправадніках. Характарызуецца высокай адчувальнасцю, стабільнасцю фотаэл. характарыстык у часе, малой інерцыйнасцю, прастатой будовы, здольнасцю працаваць у шырокім дыяпазоне мех. і кліматычных уздзеянняў. Выкарыстоўваецца як дэтэктар выпрамянення ў сістэмах аўтам. рэгулявання і сачэння, устройствах для ўзнаўлення гуку, фотатэлеграфіі і інш.

т. 16, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)