ЛА-ПАС (La Paz),

горад у Балівіі, фактычная сталіца краіны. Знаходзіцца ў Цэнтр. Андах, на выш. каля 3700 м, у даліне р. Ла-Пас. Адм. ц. дэпартамента Ла-Пас. 1,25 млн. ж. з прыгарадамі (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, у т. л. Панамерыканская шаша. Міжнар. аэрапорт Эль-Альта. Гал. прамысл. (каля 75% усёй прадукцыі апрацоўчай прам-сці краіны), гандл.-фін., навук. і культ. цэнтр Балівіі. Прам-сць: тэкст., харч., гарбарна-абутковая, цэм., мэблевая, шкляная. Рамесніцкая вытв-сць вырабаў з керамікі, золата, серабра. 2 ун-ты. АН, Нац., археал. і інш. музеі. Астр. абсерваторыя.

Засн. ў 1548 ісп. канкістадорам Алонса Мендосай. Названы (La Paz — мір) з нагоды прымірэння варагуючых паміж сабою ісп. заваёўнікаў. У 1809 у горадзе адбылося антыісп. паўстанне. У 1825 вызвалены ад ісп. панавання войскамі ген. А.Х.Сукрэ. З 1898 фактычна сталіца Балівіі, месцазнаходжанне рэзідэнцыі прэзідэнта і парламента (афіц. сталіца — г. Сукрэ).

У старых кварталах з традыц. 2-павярховымі дамамі захавалася прамавугольная сетка вуліц. Сярод пабудоў у стылі барока: палацы 18 ст. — Дыес дэ Медына (1755, 3-павярховы з аркадамі і лесвіцамі ва ўнутр. дварах), Вільявердэ і інш., цэрквы — Санта-Дамінга (1726), Сан-Франсіска (каля 1743—84, 3-лопасцевы партал з багатай разьбой), Сан-Педра (1790, скляпенне нефа і купал з вапнава-пемзавай масы на трысняговым каркасе). У часткова рэканструяваным цэнтры — шматпавярховыя жалезабетонныя будынкі сярэдзіны 20 ст., на ўскраіне — індзейскія кварталы.

т. 9, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НТАСА ПАЎСТА́ННЕ,

узброеная барацьба старажытных прусаў у 1260—73 пад кіраўніцтвам князя племя натангаў Геркуса Мантаса супраць Тэўтонскага ордэна. Першае паўстанне 1243, нягледзячы на падтрымку яго Міндоўгам і войскамі ВКЛ, было безвыніковым. Штуршком для новага выступлення прусаў стала паражэнне ў 1260 крыжакоў у бітве каля воз. Дурбе (цяпер Латвія). 22.1.1261 войска Мантаса нанесла паражэнне крыжакам каля Пакарбена, аднак двухгадовая аблога замка Кёнігсберг (засн. у 1255) поспеху не мела. Апошняй буйной перамогай Мантаса была бітва пад Любавай (1263). Дапамога крыжакам з ням. зямель, гал. чынам з Брандэнбурга, змяніла суадносіны сіл. У 1273 войска Мантаса было разбіта, а ён сам узяты ў палон і павешаны. У 1275 узята апошняе ўмацаванне прусаў Каменівіке (у раёне сучаснага г. Чарняхоўск у Калінінградскай вобл. Расіі). Прусы масава сыходзілі ў Жамойць, Літву, слав. землі, у т. л. сяліліся каля Гродна, Слоніма (у 1283 ад’ехаў са сваімі воінамі апошні князь Скурда). Лаўрэнцьеўскі летапіс 1276 і інш. тагачасныя крыніцы адзначаюць мужнасць прусаў у дружынах князёў ВКЛ, у т. л. ў Гродне, Слоніме і інш. гарадах. М.п. і наступная барацьба прусаў адыгралі важную ролю ў супраціўленні крыжовым паходам супраць славян і балтаў у 12—15 ст.

Літ.:

Восточная Пруссия: С древн. времен до конца второй мировой войны: Ист. очерк. Калининград, 1996;

Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 10, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАРЫ́НСКАЯ БІ́ТВА 1827,

баявыя дзеянні ў Наварынскай бухце (на ПдЗ ад п-ва Пелапанес, Грэцыя) паміж тур.егіп. флотам і аб’яднанымі эскадрамі Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі 20 кастр. ў час Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. Аб’яднаныя эскадры (злучыліся 11 кастр.) былі накіраваны ўрадамі сваіх краін для аказання націску (дэманстрацыяй ваен. караблёў) на Турцыю, якая адмовілася выканаць патрабаванні Лонданскай канвенцыі 1827. Камандуючыя эскадрамі брыт. віцэ-адм. Э.​Кодрынгтан, франц. контр-адм. А.Г. дэ Рыньі і рас. контр-адм. Л.​Гейдэн вырашылі ўвесці свае сілы ў Наварынскую бухту, дзе знаходзіўся тур.-егіп. флот (62 баявыя караблі, 6 брандэраў і да 126 дапаможных суднаў, каля 2,2 тыс. гармат) пад камандаваннем Ібрахіма-пашы. 20 кастр. саюзны флот (26 баявых караблёў, каля 1,3 тыс. гармат) пад агульным камандаваннем Кодрынгтана ўвайшоў у бухту. Пасля забойства туркамі 2 парламенцёраў і абстрэлу тур. берагавымі батарэямі (165 гармат) саюзных караблёў адбыўся 4-гадзінны бой, у ходзе якога тур.-егіп. флот быў амаль увесь знішчаны (загінула да 7 тыс. туркаў, саюзнікі страцілі каля 800 чал.). У бітве вызначыўся рас. флагманскі карабель «Азоў» (камандзір М.П.Лазараў), які знішчыў 5 суднаў праціўніка. Разгром тур. флоту садзейнічаў нац.-вызв. барацьбе грэкаў і перамозе Расіі ў рус.-тур. вайне 1828—29.

Літ.:

М.​П.​Лазарев: Док. Т. 1. М., 1952;

Русские и советские моряки на Средиземном море. М., 1976.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІНЕЗІ́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Займае астравы Ціхага ак. (акрамя Новай Зеландыі і а-воў Кермадэк). Уваходзіць у царства Палеагею. Паводле сістэмы раянавання рас. вучонага У.​Г.​Гептнера (1936) лічылася Палінезійскай зоагеагр. падвобласцю, што ўваходзіла ў Аўстрал. зоагеагр. вобласць з царства Натагею.

Багацце флоры астравоў П.б.в. знаходзіцца ў прамой залежнасці ад памераў вострава або архіпелага і разнастайнасці рэльефу. На астравах трапляюцца ўсе тыпы раслінных згуртаванняў, ад трапічных лясных да пустынных фітацэнозаў. Відавая разнастайнасць залежыць ад спосабаў пападання насення і дарослых раслін на акіянічныя астравы (з паветранымі і марскімі плынямі, з дапамогай птушак, жывёл і чалавека). Фауна ярка выяўленага астраўнога характару, мае мноства эндэмічных форм. З наземных млекакормячых трапляюцца некат. дробныя грызуны, завезеныя чалавекам, і рукакрылыя (даўгакрылы, крыланы, начніцы). Найб. багатая арнітафауна (каля 100 родаў): мноства галубоў, вадаплаўных (альбатросы, чайкі і інш.), веліканогія куры, зімародкі, зязюлі, кулікі, ластаўкі, медасосы, папугаі, совы і інш. (каля 35 эндэмічных груп). З паўзуноў характэрны геконы і сцынкі, каля берагоў — марскія змеі. Жабы трапляюцца на Гавайскіх, Фіджы а-вах і архіпелагу Бісмарка. З прэснаводных рыб пераважаюць прахадныя формы (напр., вугры). Беспазваночныя найб. багата прадстаўлены ў зах. ч. вобласці, сярод іх ад 30 да 80% эндэмікаў (жукі, матылі і інш.). Характэрны наземны рак — пальмавы злодзей.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Палінезійская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі флоры і фауны: 1 — аргіраксіфіум гавайскі; 2 — эрытрына; 3 — сцэвола такада; 4 — ігуана каналоф; 5 — серпадзюбка-акіялоа; 6 — канюк галапагоскі.

т. 12, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНА́МСКІ КАНА́Л (ісп. Canal de Panama, англ. Panama Canal),

штучны водны шлях міжнар. значэння на тэр. Панамы ў Цэнтр. Амерыцы, праз Панамскі перашыек у самай вузкай яго частцы. Злучае Атлантычны і Ціхі акіяны. Даўж. 81,6 км, у т. л. 65,2 км па сушы і 16,4 км па дне бухты Лімон Карыбскага м. і Панамскага зал., шыр. 150—305 м, глыб. па фарватэры 12,8—25,9 м; 12 шлюзаў. Штогадовы аб’ём перавозак каля 154 млн. т, доля транзіту больш за 80%. Штогод праз П.к. праходзяць больш за 14 тыс. грузавых суднаў. Каля Атлантычнага ўвахода ў П.к. порты Крыстобаль і Калон, каля ціхаакіянскага — Бальбоа і Панама.

Ідэя будаўніцтва П.к. існавала і абмяркоўвалася з пач. 16 ст. У 1879 рэалізацыю гэтага праекта пачала Францыя, якая выкарыстала супярэчнасці паміж ЗША і Вялікабрытаніяй і ўзяла канцэсію на буд-ва канала ва ўрада Калумбіі. Крах франц. акц. кампаніі (1888, гл. «Панама») і націск з боку амер. і брыт. ўрадаў прымусілі Францыю ў 1902 прадаць свае правы ЗША. У 1903, пры падтрымцы ЗША, Панама аддзялілася ад Калумбіі, і далейшыя пытанні, звязаныя з буд-вам і функцыянаваннем канала, рэгуляваліся Амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновае карыстанне Панамскага канала зону, права будаваць і эксплуатаваць канал. Першае судна прайшло праз П.к. 15.8.1914, афіцыйна канал адкрыты 12.6.1920. Паводле амер.-панамскіх дагавораў 1977 П.к. з 1.1.2000 перайшоў пад кантроль Панамы.

т. 12, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ КАРАЛІ́НА (North Carolina),

штат на У ЗША. Пл. 136,5 тыс. км². Нас. 7546,5 тыс. чал. (1998). Адм. ц.г. Ролі. Вял. гарады і асн. прамысл. цэнтры: Шарлат, Грынсбара, Уінстан-Сейлем, Дарэм. Усх. ч. штата на Прыатлантычнай нізіне, на З — горы Апалачы выш. да 2037 м (г. Мітчэл) і плато Підмант. Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэдняя т-ра студз. каля 4 °C, ліп. каля 25 °C. Ападкаў 1000—1300 мм за год. Гал. рэкі Роанак і Кейп-Фір, парожыстыя ў вярхоўях, суднаходныя ў нізоўях. У Апалачах захаваліся шыракалістыя лясы (пад лесам 7,8 млн. га). Найб. развіта тэкст. прам-сць (1-е месца ў ЗША па вытв-сці баваўняных тканін). Развіты таксама тытунёвая, дрэваапр. (асабліва мэблевая), маш.-буд. (прамысл. машыны і трансп. сродкі, электрычнае і электроннае абсталяванне), харч., швейная прам-сць. Выплаўка алюмінію, вытв-сць хім. валокнаў. Здабыча фасфарытаў, буд. матэрыялаў. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Гал. культура — тытунь (каля 300—400 тыс. т штогод, 1-е месца ў краіне). Вырошчваюць таксама арахіс, кукурузу, рыс, бавоўну, сою, пшаніцу, батат, гародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. У жывёлагадоўлі пераважае развядзенне свіней і птушкагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1999): буйн. раг. жывёлы — 980, свіней — 9500, авечак — 14,5; курэй — 17,2 млн., бройлераў — 665 млн. Марское рыбалоўства. Турызм у 1996 прынёс даход 10,2 млрд. дол. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі, авіяцыйны. Гал. порт Уілмінгтан.

І.​Я.​Афнагель.

т. 12, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РАЦ (Piper),

род кветкавых раслін сям. перцавых. Каля 700 (паводле інш. звестак каля 2000) відаў. Пашыраны ў тропіках абодвух паўшар’яў, пераважна ў Амерыцы і мусонных абласцях Усх. Азіі. У культуры 9 відаў. Найб. значэнне мае П. чорны (P. nigrum) — лазячая расліна, расце ў Індыі. Яго няспелыя высушаныя плады — прыправа (чорны перац). Лісце П. бетэль (P. betle) выкарыстоўваюць для жавання. Некат. інш. віды П. ўжываюць як лекі, араматычныя прыправы, гатуюць рытуальныя (наркатычныя) напоі.

П. струкавы, або агароднінны, ці капсікум (Capsicum), — род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 20 (паводле інш. звестак каля 50) відаў. Пашыраны ў Цэнтр., Паўд. Амерыцы і на а-вах Галапагас. Плады П. агародніннага, ці папрыкі (C. annuum), выкарыстоўвалі ў Амерыцы аптэкі; у Еўропу іх прывёз Х.​Калумб; у Расіі з 19 ст. Культывуюць у краінах з трапічным, субтрапічным і ўмераным кліматам (у т. л. на Беларусі).

Шматгадовыя (у культуры — аднагадовыя) травы, кусты і паўкусты. П. агароднінны — аднагаловая самаапыляльная расліна. Лісце авальнае, ланцэтнае. Кветкі белыя, зеленаватыя. Плод — канічная несапраўдная ягада ад жоўтага да цёмна-чырв. колеру. Мае вітамін C і алкалоід капсаіцын (выкарыстоўваецца ў медыцыне), які абумоўлівае горкі смак некат. разнавіднасцей. 15 разнавіднасцей П. агародніннага падзяляюць на салодкія і вострыя (горкія). Найб. вядомыя сарты салодкага П.: Новачаркаскі 35, Ратонда, розныя варыянты сорту Балгарскі, горкага — Украінскі горкі, Астраханскі 147. Культывуюць таксама найб. востры П. каенскі (C. sinense). Харч., лек., тэхн. расліны.

Перац: 1 — чорны, 2 — струкавы.

т. 12, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ВЕ́РХНІ ЗА́МАК.

На правым беразе р. Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Палата. Умацаваны цэнтр Полацка 11—17 ст. Займаў узвышша пл. 9,44 га. Быў абкружаны валам з У, па краі пляцоўкі стаялі драўляныя сцены — гародні з вежамі. Схілы пляцоўкі неаднаразова ўмацоўваліся — «тамаваліся» (паводле археал. звестак, упершыню каля 1363). Паводле «Полацкай рэвізіі 1552 г.», на замку было 9 вежаў, у сярэдзіне 17 ст. — 10. Першае паселішча на тэр. замка ўзнікла ў канцы 9 — пач. 10 ст. У сярэдзіне 11 ст. з мыса на левым беразе Палаты сюды перанесены ўмацаваны дзядзінец горада, пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. У 12 ст. каля Сафійскага сабора збудаваны храм Архангела Міхаіла, у паўн. частцы замка — княжацкія палаты. Замак як адм. цэнтр горада існаваў да 17 ст. У сувязі з развіццём ваен. справы ён страціў фартыфікацыйныя, а потым і паліт. функцыі. Археал. даследаванні П.В.з. праводзілі А.​М.​Ляўданскі (1928), М.​К.​Каргер (1957), А.​Ф.​Мітрафанаў (1959—60), В.​Р.​Тарасенка (1961—62), Г.​В.​Штыхаў (1967, 1980), В.​А.​Булкін (1975—79), С.​В.​Тарасаў (1989). Даследавана каля 2 тыс. м² плошчы.

Літ.:

Штыхов Г.В. Древний Полоцк IX—XIII вв. Мн., 1975;

Тарасаў С.В. Полацк IX—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. Мн., 1998.

С.​В.​Тарасаў.

Да арт. Полацкі Верхні замак. Полацкія замкі. Фрагмент малюнка С.​Пахалавіцкага «Аблога Полацка 29.8.1579».

т. 12, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМАКРЫ́ЛЫЯ, прастакрылыя (Orthoptera, або Saltatoria),

атрад насякомых. Вядомы з верхняга карбону (каля 270 млн. г. назад). 2 падатр.: даўгавусыя (Ensifera, або Dolichocera) з падсям. конікавых, цвыркуновых, цвыркунападобных, эдысхідавых і караткавусыя (Caelifera, або Brachycera) з падсям. саранчовых, бестымпанальных, пухірчатых, трыперставых, тэтрыгідавых. Каля 20 тыс. відаў. Пашыраны амаль усюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць у траве, на кустах і дрэвах, некат. ў глебе і на яе паверхні. На Беларусі каля 70 відаў з надсям. конікавых, саранчовых, тэтрыгідавых і цвыркуновых. Некат. П. — шкоднікі с.-г. культур.

Даўж. ад некалькіх міліметраў да 10 см. Цела прадаўгаватае, сціснутае з бакоў, зеленаватае, жаўтаватае, шараватае. Ротавыя органы грызучыя. Заднія ногі скакальныя. Пярэднія крылы скурыстыя, заднія перапончатыя, у шэрагу відаў кароткія або рэдукаваныя. Брушка 10-членікавае з нячленістымі прыдаткамі — цэркамі, у самак з яйцакладам. У некат. відаў ёсць органы слыху і гукавы апарат. Большасць расліннаедныя, ёсць драпежнікі і ўсёедныя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Для П. характэрна фазавая зменлівасць — полімарфізм. 1 пакаленне за год.

Літ.:

Шаров А.Г. Филогения ортоптероидных насекомых. М., 1968;

Станек В.Я. Иллюстрированная энциклопедия насекомых: Пер. с чеш. Прага, 1977;

Подгорная Л.И. Прямокрылые насекомые семейства Tetrigidae (Orthoptera) фауны СССР. Л.,1983.

Т.​П.​Смірнова.

Прамакрылыя: 1 — кабылка траскучая (а — самец, б — самка); 2 — акрыда; 3 — цвыркун палявы; 4 — кабылка стракатая; 5 — кабылка бяскрылая; 6 — трыперст; 7 — цвыркун дамавы.

т. 12, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1700—21,

вайна кааліцыі еўрап. дзяржаў у складзе Расіі, Даніі, Саксоніі (т.зв. «Паўночны саюз») з удзелам Рэчы Паспалітай (з 1704), Прусіі і курфюрства Гановер (з 1715) супраць Швецыі за панаванне на Балт. м. На працягу 17 ст. Швецыя фактычна ўстанавіла свой кантроль над Балт. рэгіёнам і землямі, што прылягалі да Фінскага заліва (Інгрыя і ч. Карэліі). У выніку войнаў з Рэччу Паспалітай (гл. Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Паўночная вайна 1655—60), Расіяй, Даніяй і германскімі краінамі яна авалодала Эстляндыяй, Ліфляндыяй (гл. Лівонія) і значнымі тэрыторыямі ў Паўн. Германіі (Брэмен, Вердэн, Памеранія, в-аў Руген). У 1699 рас. цар Пётр I заключыў саюз з Даніяй і курфюрстам Саксоніі Аўгустам II (з 1697 адначасова кароль польскі і вял. князь літоўскі) супраць Швецыі. У лют. 1700 саксонскія войскі ўвайшлі ў Ліфляндыю і аблажылі Рыгу. У сак. 1700 дацкія войскі ўведзены ў герцагства Гольштэйн (саюзнік Швецыі). У чэрв. 1700 шведскі кароль Карл XII (гл. ў арт. Карл, імя каралёў Швецыі) высадзіў дэсант каля Капенгагена і прымусіў Данію 18.8.1700 заключыць мір. 30.8.1700 Расія абвясціла вайну Швецыі. Рас. войскі (каля 35 тыс. чал.) пачалі аблогу Нарвы, але ў бітве 30.11.1700 пацярпелі паражэнне. Тады Карл XII выступіў супраць Аўгуста II і 20.7.1701 разбіў яго войскі каля Рыгі. У пач. 1702 шведы ўварваліся на тэр. Рэчы Паспалітай, у крас. занялі Вільню і Гродна, у маі — Варшаву. Спробы Аўгуста II спыніць прасоўванне шведаў у глыб Рэчы Паспалітай скончыліся паражэннем яго войск у бітвах каля Клішава (1702) і Пултуска (1703). Пётр I, скарыстаўшы перадышку, выкліканую знаходжаннем асн. сіл Карла XII у Рэчы Паспалітай, рэарганізаваў армію, і ў 1701—04 яго войскі атрымалі некалькі перамог над шведамі ў Прыбалтыцы і выйшлі да Балт. м. з мэтай замацавацца на яго ўзбярэжжы. З пачаткам вайны ў ВКЛ абвастрылася барацьба паміж групоўкай Сапегаў, якія хацелі стварыць незалежную ад Польшчы дзяржаву, і большасцю бел.-літ. шляхты, што групавалася вакол Р.​А.​Агінскага і Вішнявецкіх. У маі 1704 прыхільнікі Аўгуста II аб’ядналіся ў Сандамірскую канфедэрацыю, якая пад Нарвай заключыла саюз з Расіяй і абвясціла вайну Швецыі. У адказ Варшаўская канфедэрацыя (ліп. 1704), арганізаваная Карлам XII, выбрала каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У выніку на тэр. Беларусі ўвайшлі саюзныя Аўгусту II рас. войскі і з восені 1704 пачалі канцэнтравацца каля Полацка. У ліп. 1705 яны рушылі на Вільню (частка войск пад камандаваннем Б.​П.​Шарамецева накіравана ў Курляндыю). У вер. 1705 гал. рас. сілы (каля 35 тыс. чал.) занялі Гродна, дзе да іх далучылася некалькі палкоў саксонскай конніцы. Аб’яднаную групоўку ўзначаліў Аўгуст II. У студз. 1706 Карл XII пераправіўся цераз Нёман і блакіраваў гарнізон у Гродне, конніца А.Д.Меншыкава паспела адысці да Мінска. Аўгуст II накіраваўся ў Саксонію за дапамогай, але ў лют. 1706 у бітве пры Фраўштаце асн. сілы саксонскай арміі былі разбіты. Рас. войскам удалося выйсці з Гродна і праз Брэст і Ковель дайсці да Кіева. У лют.—маі 1706 шведы, ідучы праз Беларусь, спалілі Карэлічы, Мір, разрабавалі Навагрудак, Слонім, Клецк, Слуцк, Пінск, Кобрын, пасля аблог занялі Ляхавічы і Нясвіж (гл. Нясвіжа абарона 1706). Каля Клецка 30.4.1706 шведскія войскі разбілі 5-тысячны рас. атрад С.​П.​Няплюева. Летам 1706 Карл XII нанёс удар па Саксоніі і прымусіў Аўгуста II у вер. 1706 заключыць Альтранштацкі мір. Аўгуст II адмовіўся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. У 1707 рас. войскі зноў сканцэнтраваліся на Беларусі, у крас. пасля аблогі занялі Быхаў (гл. Быхава абарона 1707). У пач. 1708 Карл XII заняў Гродна і рушыў на Ліду, Смаргонь. Гал. сілы рас. арміі (каля 57 тыс. чал.) пад камандаваннем Шарамецева адышлі да Чашнікаў і Бешанковіч. З сак. да пачатку чэрв. 1708 шведская армія стаяла ў раёне Радашковіч, 25 чэрв. пераправілася цераз Бярэзіну. Каля мяст. Галоўчын (на Магілёўшчыне) 14.7.1708 адбылася бітва, у якой рас. армія пацярпела паражэнне і адышла за Дняпро. Шведы занялі Магілёў, а праз месяц рушылі далей на У. Аднак у бітвах каля вёсак Добрае 10.9.1708 і Раеўка 20.9.1708 на Мсціслаўшчыне авангард Карла XII панёс значныя страты; узніклі цяжкасці з забеспячэннем арміі харчам і фуражом. Таму Карл XII вырашыў скарыстаць дапамогу, якую яму абяцаў укр. гетман І.Мазепа, і ў сярэдзіне вер. 1708 павярнуў на Украіну. На злучэнне з гал. сіламі Карла XII з Рыгі выйшаў 16-тысячны корпус А.​Левенгаўпта. 9.10.1708 каля в. Лясная (на Магілёўшчыне) Левенгаўпт быў разбіты рас. войскамі, страціў абоз і прывёў да Карла XII толькі каля 7 тыс. чал. У канцы кастр. 1708 Мазепа з 2-тысячным атрадам перайшоў на бок шведаў, але Меншыкаву ўдалося захапіць запасы зброі, боепрыпасаў і харчу ў г. Батурын, якія гетман падрыхтаваў для саюзніка. 8 ліп. ў Палтаўскай бітве 1709 шведская армія была разгромлена (Карл XII і Мазепа ўцяклі ў Турцыю). Гэта перамога стала пераломнай у П.в. Быў адноўлены саюз Расіі з Даніяй і Саксоніяй. Станіслаў Ляшчынскі з’ехаў у Памеранію; у Варшаву вярнуўся Аўгуст II. Ваенныя дзеянні былі перанесены ў Прыбалтыку і Паўн. Германію. У 1710 рас. войскі занялі Ліфляндыю і Эстляндыю, авалодалі Рыгай, Пернавам (Пярну) і Рэвелем. Рас. флот атрымаў свабодны выхад з Фінскага заліва ў Балт. м. Дацка-саксонскія войскі ўвайшлі ў Памеранію і пачалі аблогу Штральзунда. Па прычыне шматлікіх супярэчнасцей з Расіяй, асабліва па пытанні кантролю над Ліфляндыяй, Рэч Паспалітая выйшла з вайны. У канцы 1710 Карлу XII удалося ўцягнуць у вайну з Расіяй Турцыю (гл. Пруцкі паход 1711). Руска-турэцкая вайна 1710—13 часова прыпыніла актыўныя дзеянні супраць Швецыі. У 1713 рас. войскі занялі Фінляндыю, разам з саюзнікамі авалодалі амаль усёй Памераніяй. У выніку перамогі над шведскім флотам каля мыса Гангут (1714) рас. флот пачаў кантраляваць Балт. м. У 1715 у вайну супраць Швецыі ўступілі Прусія і Гановер. У маі 1718 Швецыя пачала перагаворы аб міры з Расіяй (т.зв. Аландскі кангрэс), якія працягваліся да гібелі Карла XII у ліст. 1718. Яго сястра Ульрыка Элеанора, заняўшы трон, пад уплывам Англіі спыніла перагаворы і аднавіла ваен. дзеянні з Расіяй. У той жа час Швецыя заключыла мір з Гановерам (1719), Прусіяй і Даніяй (1720), прызнаўшы іх правы на частку сваіх уладанняў у Паўн. Германіі. У выніку пагаднення з Саксоніяй Швецыя ў 1719 адмовілася ад падтрымкі Станіслава Ляшчынскага і прызнала Аўгуста II каралём польскім і вял. князем літоўскім. У 1719—20 рас. дэсанты тройчы высаджваліся ў Швецыі, спусташалі прыбярэжныя гарады і вёскі, падыходзілі да Стакгольма; 7.8.1720 у Грэнгамскай бітве разбіты шведскі флот. 10.9.1721 падпісаны Ніштацкі мірны дагавор 1721, пазней адпаведныя дагаворы Швецыя падпісала з Саксоніяй (1729) і Рэччу Паспалітай (1733). У выніку П.в. Швецыя страціла статус вял. дзяржавы, аднак і для інш. краін Еўропы, асабліва для ВКЛ, наступствы вайны былі трагічныя: насельніцтва Беларусі скарацілася з 2,2 млн. да 1,5 млн. чал. (загінуў кожны трэці яе жыхар); найбольш пацярпелі Мсціслаўскае, Віцебскае і Полацкае ваяв.

Літ.:

Тарле Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию. М., 1958;

Шутой В.Е. Северная война (1700—1721 гг.). М., 1970;

Корх А.С. Петр I: Северная война 1700—1721: [Альбом]. [М.], 1990.

У.​І.​Пашкевіч.

Да арт. Паўночная вайна 1700—21. Баталія паблізу мыса Гангут. Гравюра А.​Зубава. 1715.
Да арт. Паўночная вайна 1700—21. Бітва пры Лясной 28 верасня 1708. Гравюра Лармесена з арыгінала П.-Д.​Мартэна Малодшага. 1-я чвэрць 18 ст.

т. 12, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)