ЛОСЬ (Ларыса Мікалаеўна) (н. 22.7.1928, в. Княжыцы Магілёўскага р-на),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1952). У 1954—68 мастак у газ. «Зорька», у 1965—77 — на Мінскай скургалантарэйнай фабрыцы. Працуе пераважна ў галіне маст. пляцення з саломкі. Рэстаўрыравала ўцалелыя шэдэўры бел. саломапляцення — царскія вароты 18—19 ст. у в. Раўбічы Мінскага р-на і Гродне, зрабіла копію царскіх варот 18 ст. ў в. Лемяшэвічы Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Сярод інш. работ: анімалістычныя фігуры (птушкі, коні), дэкар. пано «Сонейка», «Кветкі», «Пралескі», «Зоркі», «Павы», «Галубы», «Каляда», а таксама размаляваныя тканіны, батыкі, жывапісныя пейзажы.
французскі кароль [1830—48]. Прадстаўнік малодшай (Арлеанскай) галіны Бурбонаў, герцаг Арлеанскі з 1793. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 якабінец (з 1790), удзельнік вайны з антыфранц. кааліцыяй. У 1793 перайшоў на бок аўстрыйцаў, да 1814 у эміграцыі. У перыяд Рэстаўрацыі (1814—30) быў звязаны з ліберальнай апазіцыяй. У час Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 абвешчаны каралём арлеаністамі. Правіў у інтарэсах найбагацейшых вярхоў прадпрымальнікаў (пераважна банкіраў). Жорстка падаўляў нар. хваляванні, фактычна ліквідаваў дэмакр. свабоды, гарантаваныя «Хартыяй 1830» (сходаў, друку і інш.). У 1830—47 пры ім быў заваяваны Алжыр. Скінуты з прастола ў час Лютаўскай рэвалюцыі 1848, уцёк у Англію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ФА, луфа (Luffa),
род кветкавых раслін сям. гарбузовых. 5—8 відаў. Пашыраны ў тропіках. Культывуюць Л. цыліндрычную, або мачальны гарбуз (L. cylindrica), і Л. граністую, або вострарабрыстую (L. acutangula). Стараж. культура (з 6 ст. да н.э.) Афрыкі, Індыі і Кітая.
Аднагадовыя травы з лазячымі сцёбламі. Лісце пераважна 5—7-лопасцевае. Кветкі аднаполыя, аднадомныя, буйныя, жоўтыя ці белыя; тычынкавыя — у гронках, песцікавыя — адзіночныя. Плод падоўжана-цыліндрычны, даўж. 15—50 см (да 1 м), сухі, валакністы. Маладыя плады спажываюць у ежу, спелыя выкарыстоўваюць як мачалкі, для вырабу туфляў, капелюшоў, кошыкаў, ізаляцыйных матэрыялаў і інш. З насення атрымліваюць тэхн. алей. Харч., лек., тэхн. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РШЫНА,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 25 км на У ад г.п. Ушачы. Пл. 0,12 км², даўж. 580 м, найб.шыр. 270 м, найб.глыб. 21,7 м, даўж. берагавой лініі 1,6 кмПл. вадазбору 0,4 км². Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 15—17 м (на ПдУ да 5 м), сугліністыя і супясчаныя, пад лесам і хмызняком, на ПдУ разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, на ПдУ нізкія, забалочаныя. Дно да глыб. 3—3,5 м пясчанае, ніжэй ілістае. Празрыстасць 3,1 м. Эўтрофнае. Зарастае. Паласа прыбярэжнай расліннасці шыр. 10—15 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНЫ ВІНТ, прапелер,
лопасцевы рухач, які пры вярчэнні вінтавой паверхняй лопасцей стварае цягу за кошт адкідвання паветра назад. Выкарыстоўваюцца на лятальных апаратах (самалётах, верталётах, дырыжаблях), аэрасанях, глісерах, апаратах на паветр. падушцы і інш.
Бываюць 2-, 3- і 4-лопасцевыя; рэверсіўныя (могуць зменьваць цягу на процілеглую) і флюгерныя (з магчымасцю ўстаноўкі лопасцей па патоку пры адказе рухавіка для папярэджання самавярчэння і росту аэрадынамічнага супраціўлення). П.в. верталёта стварае пераважна падымальную сілу і наз. нясучым вінтом. Ідэю П.в. прапанаваў у 1475 Леанарда да Вінчы, віхравую тэорыю яго распрацаваў у 1912—18 М.Я.Жукоўскі. Іл.гл. таксама да арт.Біплан.
Паветраны вінт (прапелер) са зменным нахілам лопасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́ДЗІН (Павел Паўлавіч) (28.2.1916, в. Дамашняя Лыскаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 13.2.1983),
бел. мастак. Скончыў Горкаўскае маст. вучылішча (1940). Працаваў пераважна ў станковым жывапісе ў рэаліст. манеры, а таксама ў графіцы і плакаце. Аўтар карцін «А.П.Чэхаў на Сахаліне» (1950), «Южна-Сахалінск» (1952), «Зімовы пейзаж», «Вадавоз» (абедзве 1953), «Перадсвяточны вечар», «Вяртанне да мірнай працы» (абедзве 1960), «Выратаванне сцяга» (1961), «Зжатае поле», «Мінск увечары» (абедзве 1962), «Хлеб-соль» (1972), партрэта П.І.Клімука (1978), трыпціха «Брэсцкая крэпасць» (1966—71), графічнай серыі «Брэсцкая крэпасць» (1966—71), плаката «Слава героям космасу!» (1970).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́НІЧЫ (Porzana),
балотныя курачкі, вадзяныя курачкі, род птушак сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. 18 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жывуць на балотах, вільготных лугах. Актыўныя ўначы. На Беларусі 2 віды: П. звычайны (P. porzana) і П. малы (P. parva), нар. назва малая вадзяная курачка, занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 28 см, маса да 130 г. Апярэнне чорнае, шараватае, бураватае з стракацінкамі.
Крылы кароткія. Ногі і пальцы доўгія. Добра бегаюць і плаваюць. Часта і гучна свішчуць, нібы пастух, што паганяе статак (адсюль назва). Корм пераважна жывёльны. Гняздуюцца на зямлі. Нясуць да 18 яец. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРУ́ЗАЧНА-РАЗГРУ́ЗАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны цыклічнага або неперарыўнага дзеяння, прызначаныя для выканання аперацый на пагрузачна-разгрузачных, перагрузачных, складскіх, укладачных работах з насыпнымі, кавалкавымі і штучнымі грузамі. Бываюць стацыянарныя, перасоўныя, самаходныя, на колавым і гусенічным хаду. Падзяляюцца на 2 асн. групы: пагрузчыкі (у т. л.аўтапагрузчыкі) і разгрузчыкі (пераважна для сыпкіх матэрыялаў).
Для пагрузкі і разгрузкі сыпкіх і дробнакавалкавых матэрыялаў выкарыстоўваюць універсальныя адна- і многакаўшовыя пагрузчыкі, разгрузачна-штабелявальныя машыны; для разгрузкі пылаватых матэрыялаў (цэмент, мука) — пнеўмаразгрузчыкі, сыпкіх і дробнакавалкавых матэрыялаў з чыг. рухомага саставу — скрабалкавыя і элеватарныя разгрузчыкі, цэменту з крытых вагонаў — вакуумныя разгрузчыкі. Як П.-р.м. выкарыстоўваюцца канвееры, скрэперы, экскаватары, розных тыпаў краны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКО́РМКА ЖЫВЁЛ,
паляпшэнне кармавой базы ў месцах пражывання дзікіх жывёл і птушак у неспрыяльныя перыяды. Праводзіцца пераважна ў заказніках і запаведніках і інш. Садзейнічае зберажэнню і павелічэнню колькасці каштоўных паляўнічых і ахоўных жывёл, паляпшае магчымасці ўзнаўлення іх папуляцый. Адрозніваюць комплексную (у кармах ёсць усе пажыўныя кампаненты) і спецыфічную (кампенсуе нястачу ў прыродных кармах асобных рэчываў). Характар і памеры П.ж. залежаць ад відавога складу і колькасці жывёл, ураджаю і даступнасці прыродных кармоў. Для жывёл выкарыстоўваюць сена, зерне, караняплоды, камбікармы, для птушак — адходы зерня. На Беларусі падкормліваюць аленяў, казуль, дзікоў, зайцоў, лісоў, шэрых курапатак, сініц і інш.
Да арт.Падкормка жывёл. Тыпы падкормачных столікаў для птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДУ́СТЫ (Chondrostoma),
род рыб сям. карпавых атр. карпападобных. 18(10) відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы (акрамя Англіі і Скандынавіі) і Пярэдняй Азіі. Трымаюцца чародамі ў мясцінах з хуткай плынню, пясчаным ці камяністым дном. На Беларусі тыповая форма П. звычайны (Ch. nasus, нар. назвы: свінка, свінюк, сіг, сіга, цырта, чарнакол) у рэках бас. Буга і Нёмана. У бас. Дняпра трапляецца яго форма П. дняпроўскі (Ch.n.nasus natio borysthenicum).
Даўж. да 50 см, маса да 2,5 кг. Рот ніжні ў выглядзе папярочнай шчыліны. Ніжняя губа завострана, з рогападобным чэхлікам. Корміцца водарасцямі (пераважна абрастаючымі), лічынкамі насякомых, ракападобнымі. Аб’ект промыслу.