вёска ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Смердзь, на аўтадарозе Лунінец—Мікашэвічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на У ад г. Лунінец, 265 км ад Брэста, 2 км ад чыг. ст. Лахва. 1620 ж., 724 двары (199 8).
У 16 ст. ў Навагрудскім пав.ВКЛ. Належала вял. князям, потым Кішкам, Радзівілам, Вітгенштэйнам. З 17 ст. мястэчка, непадалёку існаваў сядзібны комплекс. У пач. 18 ст. ў Л. пабудаваны палац, у 1746 — мураваны Троіцкі касцёл (не збярогся). З 1793 у Рас. імперыі. У пач. 19 ст. працавалі ф-кі па вырабе плеценай мэблі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Мазырскага пав. Мінскай губ., 892 ж., 112 двароў, школа, 2 царквы, капліца, 2 сінагогі, 2 крамы. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Лунінецкага р-на. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі 437 ж., спалілі 168 двароў. Вясной 1942 фашысты стварылі ў Л. гета, куды было сагнана больш за 2500 яўрэяў з Л., навакольных мястэчак і вёсак. 3.9.1942 у час знішчэння гета адбылося паўстанне, у выніку якога каля 600 чал. выратавалася. У 1972—2374 ж., 675 двароў.
Нафтабаза, рыбгас. Дзіцячы санаторый. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Прачысценская царква (1880-я г.). За 2 км на Пд ад вёскі селішча жал. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКАЯ ГАЗЕ́ТА»,
грамадска-паліт. газета ліберальна-кадэцкага інфарм.-асв. кірунку. Выдавалася з 25.8.1912 да 29.11.1918 у Мінску на рус. мове штодзённа. Да № 1091 (1915) наз. «Минская газета-копейка». Арыентавалася на яўр. грамадскасць рас. культуры. У праграмным арт. «Нашы задачы» вызначыла свой кірунак абстрактна, у сэнсе безумоўнай падтрымкі прагрэсу і крытыкі ўсяго, што вядзе да вяртання ў мінулае. Асвятляла рэгіянальныя, сац.-эканам. праблемы, дзейнасць мясц. самакіравання, Дзярж. думы, мела аддзел гар. хронікі, перадрукоўвала матэрыялы сталічных газет. Знаёміла чытачоў з жыццём і творчасцю рус. і яўр. пісьменнікаў (Л.Андрэеў, В.Верасаеў, А.Купрын, Шолам-Алейхем), друкавала крытычныя разборы прачытаных у Мінску лекцый, змяшчала нарысы пра творчасць Л.Талстога, М.Някрасава і інш., агляды мінскіх маст. выставак, твораў Л.Альпяровіча, Я.Кругера, Ф.Рушчыца, нататкі пра тэатр. і муз. падзеі ў горадзе. Выступала задэмакр. самавызначэнне народаў, аднак дапускала асіміляцыю на глебе агульначалавечай культуры. Падтрымлівала выступленні сацыял-дэмакратаў супраць падрыхтоўкі да вайны, у 1917—18 — Часовы ўрад, кааліцыю бурж. партый з сацыялістамі, агітавала за скліканне ўсерас. Устаноўчага сходу і за перадачу яму заканадаўчай улады. Надрукавала ў перакладзе на рус. мову апавяданне Я.Коласа «Дудар» (пад назваю «Гусляр. Казка Якава Колас», 5.8.1913). Публікавала інфармацыю пра бел.нац. рух. Выпускала літ. дадатак — час. «Минский огонек» (1912), «Вечерние известия Минской газеты-копейки» (1914—15), «Вечерние известия Минской газеты» (1915—17).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ ПА́РТЫЯ (НСП; Niezależna Partia Chłopska, NPCh),
рэвалюцыйна-дэмакратычная сялянская партыя ў Польшчы ў 1924—27. Дзейнічала легальна. Склалася ў ліст. 1924 у выніку расколу партыі «Вызваленне», левае крыло якой на чале з дэпутатамі сейма С.Ваявудскім, А.Фідаркевічам, С.Баліным, Ф.Галавачом і інш. ўтварыла НСП. ЦК партыі ўзначальваў Фідаркевіч. Выступала за надзяленне сялян зямлёй без выкупу шляхам канфіскацыі яе ў памешчыкаў, нацыяналізацыю памешчыцкіх лясоў і водных багаццяў, бясплатнае навучанне дзяцей на роднай мове, паліт. свабоды, права на самавызначэнне нац. меншасцей і інш. У знешняй палітыцы выступала за добрасуседскія адносіны, у т. л. з СССР. Мэтай паліт. барацьбы лічыла стварэнне рабоча-сял. ўрада. 3 сак. 1925 арг-цыі НСП пачалі ўзнікаць у шэрагу паветаў Зах. Беларусі, а таксама — гурткі ў вёсцы. Праводзіла паліт. кампаніі разам з КПЗБ і БСРГ. Выдавала газеты «Walka wsi» («Барацьба вёскі»), «Walka ludu» («Барацьба народу»), «Walka pracy» («Барацьба працы»), «Niezależny chłop» («Незалежны селянін»), «Lemiesz» («Лямеш»), «Zagon» («Загон»), якія былі папулярнымі ў Зах. Беларусі. У 1925 НСП налічвала каля 1 тыс. членаў, у 1927 — больш за 20 тыс. У польскім сейме мела сваю фракцыю (7 чал.), якая супрацоўнічала з фракцыямі КПЗБ і БСРГ. У чэрв. 1925 гэтыя 3 фракцыі прапанавалі сейму праект зямельнай рэформы (не быў прыняты). Распушчана польскім урадам у сак. 1927. Дзеячы НСП ў 1928 стварылі Арганізацыю сялянскай лявіцы «Самапомач».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМЕТАЛІ́ЧНЫЯ РУ́ДЫ,
свінцова-цынкавыя руды, комплексныя руды, кампаненты якіх — свінец (Pb) і цынк (Zn), спадарожныя — медзь, золата, серабро, кадмій, радзей вісмут, волава, індый і галій. У некат. П.р. прамысл. каштоўнасць маюць барыт, флюарыт і сера. Гал. рудныя мінералы П.р. — галеніт, сфалерыт, таксама прысутнічаюць пірыт, халькапірыт, радзей арсенапірыт, касітэрыт і бляклыя руды. Колькасць асн. кампанентаў у прамысл. радовішчах П.р. змяняецца ад некалькіх працэнтаў да 10% і больш. Колькасныя суадносіны свінцу і цынку ў рудах радовішчаў розных тыпаў вагаюцца ў шырокіх межах, да ўтварэння ўласна цынкавых, радзей свінцовых руд. Звычайная колькасць свінцу ў рудах 1—2%, цынку — 2—4%. Паводле сумарнай колькасці свінцу і цынку П.р. падзяляюцца на багатыя (больш за 7%), радавыя (4—7%) і бедныя (2—4%). Радовішчы П.р. падзяляюцца на дробныя (з запасамі менш за 0,5 млн.т сумы металаў), сярэднія (0,5—2 млн.т), буйныя (2—10 млн.т) і унікальныя (больш за 10 млн.т). Першасныя П.р. фарміраваліся ў розныя геал. эпохі (ад дакембрыю да кайназою) шляхам крышталізацыі з гідратэрмальных раствораў. Паводле ўмоў утварэння падзяляюцца на экзагенна-эндагенныя (часцей пластавыя, сярод асадкава-вулканагенных і тэрыгенна-флішоідных адкладаў) і эндагенныя (жылы, украпанікі ў карбанатных пародах). Другасныя (акісленыя) П.р. ўтвараюцца у выніку выветрывання паверхневых ч. рудных цел (да глыб. 100—200 м). Найб. радовішчы ў Канадзе (Пайн-Пойнт), ЗША, Аўстраліі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛЯ́РСТВА,
галіна сельскай гаспадаркі па развядзенні пчол меданосных з мэтай атрымання мёду, пчалінага воску, пропалісу, пчалінага яду, матачнага малачка, пяргі, таксама для апылення с.-г. культур.
На тэр. Беларусі дзікае П. (паляванне за мёдам і воскам з дуплаў дрэў) вядома задоўга да нашай эры. У 1 ст.н.э. ўзнікла бортніцтва (гадаванне пчаліных сем’яў у штучных дуплах — борцях), пашырылася ў 10—17 ст., а ў 18 ст. змянілася калодным П. (развядзенне пчол у неразборных перасоўных калодах і дуплянках). З 1814 развіваецца рамачнае П., у 1846 у Мінскай губ. было 117 тыс. вулляў (больш як адзін на кожнае падвор’е).
На Беларусі П. мае апыляльна-мядовы кірунак. Разводзяць пераважна карпацкую пароду пчол. У 1999 гадавалася каля 450 тыс.пчаліных сем’яў (90% у пчаляроў-аматараў). Вытв-сць мёду — 7 тыс.тза год. Дзейнічаюць Баранавіцкі, Брэсцкі, Гродзенскі пчолагадавальнікі. Найб. пчолапрадпрыемствы — Мастоўскае і Шчучынскае (Гродзенская вобл.).
П. развіта на ўсіх кантынентах свету, асабліва ў Еўропе, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. У 1999 у сусв. П. зарэгістравана каля 50 млн. пчаліных сем’яў, вытв-сць мёду каля 900 тыс.тза год. Найб. буйныя вытворцы і экспарцёры прадуктаў П. — Кітай (6 млн. пчоласем’яў; да 150 тыс.т мёду штогод), ЗША (4 млн. пчоласем’яў; да 90 тыс.т мёду), Расія (каля 3,5 млн. пчоласем’яў; 50 тыс.т мёду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУ́СКІЯ СЕЗО́НЫ» (Saisons Russes) за мяжой, гастрольныя выступленні рус. оперы і балета ў 1908—29, арганізаваныя С.П.Дзягілевым. Праходзілі ў Парыжы (1908—14), Лондане (1912—14), ЗША (1916—17). Іх пачатак паклалі 1-я выстаўка рус. жывапісу і «Гістарычныя рускія канцэрты» (1906—07, Парыж). Ініцыятары стварэння «Р.с.» — мастакі і музыканты аб’яднання «Свет мастацтва». Трупа для «Р.с.» фарміравалася з артыстаў Марыінскага і маскоўскага Вял. т-раў, Опернага т-ра Зіміна. Пачаліся з оперы «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага з Ф.Шаляпіным у гал. ролі. Сярод інш. пастановак: «Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава, «Хаваншчына» Мусаргскага ў рэд. Рымскага-Корсакава, «Князь Ігар» А.Барадзіна, опера-балет «Салавей» І.Стравінскага, балеты «Павільён Арміды» М.Чарапніна, «Клеапатра» («Егіпецкія ночы»; на музыку А.Арэнскага, С.Танеева, Рымскага-Корсакава, М.Глінкі, А.Глазунова, Мусаргскага, Чарапніна), «Палавецкія танцы» з оперы Барадзіна «Князь Ігар». У 1911—13 на базе «Р.с.» узнікла пастаянная трупа «Рускі балет Дзягілева». За час існавання «Р.с.» пастаўлена больш за 60 балетаў і 10 опер. «Р.с.» замацавалі рус. мастацтва як вядучае ў агульнаеўрап. муз. працэсе канца 19—1-й чвэрці 20 ст.
Літ.:
Левая Т.Н. Русская музыка начала XX в. в художественном контексте эпохи. М., 1991;
Рахманова М. Сергей Дягилев и «экспансия» русского искусства // Русская музыка и XX в.: Рус.муз. искусство в истории худож. культуры XX в. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІНКАЎ Барыс Віктаравіч (7.19.1879, г. Харкаў, Украіна —7.5.1925),
расійскі паліт. дзеяч, літаратар. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (выключаны за ўдзел у студэнцкіх выступленнях). З 1898 у с.-д. групе «Рабочы сцяг». У 1901 сасланы ў Волагду, адкуль уцёк за мяжу. У 1903 уступіў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), нам. кіраўніка іх баявой арганізацыі. Удзельнічаў у забойствах міністра ўнутр. спраў В.К.Плеве (1904) і вял. князя Сяргея Аляксандравіча (1905). У 1906 арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання, але ўцёк за мяжу. Пад псеўданімам В.Ропшын выпусціў аповесць «Конь бледны» (1909) і раман «Тое, чаго не было» (1914), у якіх узняў маральна-этычныя праблемы, звязаныя з тэрорам. З крас. 1917 у Расіі, камісар Часовага ўрада. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 удзельнічаў у падрыхтоўцы контррэв. змоў. Разам з С.Н.Булак-Балаховічам у пач. 1920-х г. арганізаваў рэйды ваен. атрадаў у Сав. Беларусь з тэр. Польшчы. Свае ўражанні пра Беларусь адлюстраваў у аповесці «Конь вараны» (1923). У жн. 1924 нелегальна перабраўся ў СССР. Арыштаваны ў Мінску. Прыгавораны да пакарання смерцю, замененага 10 гадамі турэмнага зняволення. У пісьмах з турмы заклікаў сваіх паплечнікаў адмовіцца ад барацьбы супраць сав. улады. Паводле афіц. версіі, скончыў самагубствам.
Тв.:
Воспоминания террориста;
Конь бледный;
Конь вороной. М., 1990.
Літ.:
История терроризма в России в документах, биографиях, исследованиях. 2 изд. Ростов н/Д, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІКІ, даўганосікі (Curculionidae),
сямейства падатр. разнаедных жукоў. 2 аддзелы: даўгахобатныя (Phanerognatha; найб. старажытныя паявіліся ў раннім мезазоі), караткахобатныя (Adelognatha; узніклі ў сярэдзіне мезазою). Да 45 тыс. відаў. Трапляюцца на раслінах, у гнілой драўніне, каля вады. На Беларусі 395 відаў, пераважаюць даўгахобатныя; найб. распаўсюджаны: бураковы даўганосік, свірнавы даўганосік, канюшынавы семяед (Apion apricans), скрытнахобатнік каранёвы капусны (Ceutorrhynchus pleurostigma), С. клубеньчыкавы (Sitona), а таксама кветаеды — яблыневы (Anthonomus pomorum), малінавы (A. rubi); у лясах С. вял. хваёвы (Hylobius abietis), смалёўка хваёвая (Pissodes pini), пладажыл арэхавы (Curculio nucum).
Даўж. ад некалькіх да 60 мм (у тропіках). Цела — ад шара- да палачкападобнай формы, укрытае валаскамі або лусачкамі, якія ўтвараюць стракаты малюнак. Галава выцягнута ў галаватрубку, на канцы якой грызучыя ротавыя органы. У даўгахобатных С. галаватрубка даўжэйшая за галаву, іншы раз за ўсё цела, тонкая, часта патончаная на канцы. У караткахобатных С. галаватрубка не даўжэйшая заасн.ч. галавы, амаль заўсёды простая, не патончаная на канцы. Крылы ў большасці добра развітыя, многія караткахобатныя С. іх не маюць. Лічынкі бязногія, белыя, укрытыя рэдкімі валасамі, з жоўта-карычневай галавой і грызучымі сківіцамі. Жукі і іх лічынкі кормяцца травяністымі і дрэвава-кустовымі раслінамі. Шкоднікі многіх культур, расл. прадуктаў і тэхн. драўніны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СУ́ВЯЗЬ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ І НЕПАДЗЕ́ЛЬНАСЦІ БЕЛАРУ́СІ»,
арганізацыя, якая існавала ў 1917—18 у Вільні. У яе ўваходзілі В.Ластоўскі, князь В.Святаполк-Мірскі, барон К.Шафнагель і інш. З 2.6.1917 да 22.4.1918 выдала 4 лістоўкі з выкладам сваіх поглядаў (іх аўтарам лічыцца Ластоўскі). Адмаўляла ідэю Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага, паводле якой на бел. і літ. землях, акупіраваных Германіяй, прапаноўвалася стварыць бел.-літ. дзяржаву; выступала за злучэнне падзеленай фронтам Беларусі ў «адзін суцэльны і незалежны арганізм». Прапаноўвала ўстанавіць у незалежнай дзяржаве рэсп. лад, правесці беларусізацыю школ, рэліг. і дзярж. устаноў з забеспячэннем правоў нац. меншасцей. Выступала за тое, каб прадстаўнікі бел. народа «з абедзвюх старон фронту» былі дапушчаны на мірную канферэнцыю і каб яна прызнала незалежнасць Беларусі; выказвала надзею, што польскае грамадства не будзе чыніць перашкоды ў культ. і нац. будаўніцтве. Прызнаючы права літ. народа на незалежнасць, арг-цыя выступала супраць анексіянісцкіх памкненняў дзеячаў Літвы. Лічыла, што паліт. раўнавага ў Еўропе цесна звязана з вырашэннем укр. пытання, вітала Укр. раду і жадала, каб Украіна была прызнана незалежнай дзяржавай. Адначасова выказвалася за федэратыўныя сувязі з суседнімі народамі, вылучала ідэю «Беларуска-Украінскай федэратыўнай дзяржавы». Палажэнні праграмы, распрацаванай «С.н. і н.Б», прыняты Беларускім народным камітэтам (БНК), канферэнцыяй БНК, Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групай і Віленскім к-там Беларускай сацыялістычнай грамады (вер. 1917), а таксама Беларускай канферэнцыяй 1918 у Вільні. Палажэнні гэтай праграмы спрабаваў ажыццявіць урад Беларускай Народнай Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТРЫБУ́НА МАСТА́ЦТВА»,
бел. тэатральна-маст. ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў лют.—чэрв. 1925 у Мінску Цэнтр. праўленнем саюза работнікаў мастацтва Беларусі (з № 8 разам з Белдзяржкіно). Матэрыялы друкаваліся на бел. і рус. мовах. У праграму выдання ўваходзіла грамадскае абмеркаванне праблем маст. творчасці, пошуку жывой сувязі мастацтва і літ.-маст. крытыкі з нар. масамі, распрацоўка эстэт. прынцыпаў бел. мастацтва, выяўленне ў ім нац. стылю, развіццё маст. самадзейнасці. Рэдакцыя давала магчымасць выказаць свае погляды прадстаўнікам розных кірункаў у мастацтве з умовай, каб пытанні маст. творчасці разглядаліся «ў сувязі з агульнымі задачамі рабочага класа». У рэцэнзіях, аналітычна-праблемных і дыскусійных артыкулах часопіс змагаўся за высокі ідэйна-маст. ўзровень творчасці тэатр. і муз. калектываў, кінематографа, дзеячаў выяўл. і прыкладнога мастацтва. Выступаў за ўсебаковае развіццё бел. культуры. Імкнуўся пераадолець правінцыялізм у поглядах на бел. мастацтва толькі як на этнаграфічнае, засн. на стылізацыі фалькл. тэм, вобразаў і матываў. Аўтары асобных артыкулаў прапаноўвалі авангардысцкую і пралеткультаўскую праграму сацыяліст. мастацтва. Часопіс знаёміў з бел. л-рай, адзначыў юбілеі А.Гурло, Е.Міровіча, змяшчаў партрэты пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва. Друкаваў рэпертуар тэатраў і кіно Мінска і Віцебска. Інфармаваў пра асн.маст. падзеі ў рэспубліках і за мяжой. У часопісе супрацоўнічалі Я.Барычэўскі, С.Вальфсон, Ю.Дрэйзін, Я.Дыла, З.Жылуновіч, М.Каспяровіч, Міровіч, М.Шчакаціхін і інш. Выйшла 14 нумароў.