КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т ЖУРНАЛІ́СТЫКІімя С.М.Кірава (КІЖ). Існаваў у 1932—40 у Мінску як навуч. ўстанова для падрыхтоўкі кадраў для раённых, абл. і рэсп. газет. Засн. на базе газетнага аддз.Камуністычнага універсітэта Беларусі. У 1935 прысвоена імя Кірава. Прымаліся асобы, якія мелі стаж работы не меншы як 3 гады і 2 гады кіруючай парт. і грамадскай работы. Тэрмін навучання 3 гады. Пры КІЖы працавалі 1-гадовая вячэрняя школа журналістаў камсамольска-маладзёжных газет і сектар завочнага навучання. Рэарганізаваны ў Бел.ін-т журналістыкі (існаваў да 1941).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДУ́КТАР (позналац. conductor ад лац. conduco перавожу, збіраю) у тэхніцы, 1) прыстасаванне для накіроўвання металарэзнага інструменту і надання яму правільнай прасторавай арыентацыі адносна вырабу, што апрацоўваецца. Забяспечвае дакладнае ўзаемнае размяшчэнне, напр., групы апрацаваных адтулін без папярэдняй разметкі. Апрацоўка па К. дазваляе ажыццявіць узаемазамяняльнасць дэталей, вузлоў і агрэгатаў машыны.
2) Мантажнае прыстасаванне для часовага замацавання і выверкі зборных і зварных канструкцый, напр., секцый і блокаў корпуса судна, вагона.
3) Калона злучаных паміж сабой абсадных труб, якая надае зададзены напрамак буравой свідравіне. Акрамя таго, К. перакрывае верхнія няўстойлівыя пароды і ваданосныя гарызонты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫДА́Т (ад лац. candidatus літар. апрануты ў белае; у Стараж. Рыме спаборнік на атрыманне дзярж. пасады надзяваў белую тогу),
1) асоба, вылучаная для выбрання дэпутатам заканадаўчай установы, для замяшчэння якой-н. пасады ці прыёму ў якую-н. арг-цыю; малодшая вучоная ступень у дарэв. Расіі, якая прысвойвалася пасля заканчэння з адзнакай вышэйшай навуч. установы, напр. К. славеснасці.
2) К. навук у краінах СНД — першая вучоная ступень; асоба, якой прысуджана гэтая ступень. Прысуджаецца асобам з вышэйшай адукацыяй, што здалі кандыдацкі мінімум і абаранілі кандыдацкую дысертацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТАВАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць прылад для перадачы эл. энергіі ад цягавых падстанцый электравозам, трамваям, тралейбусам і інш. Перадача энергіі ажыццяўляецца праз слізгальны кантакт паміж кантактавым провадам (ці рэйкай) і токаздымнікам рухомага саставу.
Кантактавы провад размяшчаюць над рэйкамі (напр., трамвайнымі) або ўздоўж трасы бязрэйкавага транспарту (тралейбусаў), кантактавую рэйку — на ўзроўні хадавых частак. напр., метрапалітэна. Кантактавы провад прымацоўваюць да апор з дапамогай гнуткіх элементаў (тросаў ці дратоў), спец арматуры і ізалятараў. Для надзейнай работы К.с. дзеляць на секцыі. Пры рамонтных работах, якія патрабуюць зняцця напружання, адключаюць толькі адну секцыю без парушэння сілкавання астатніх участкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТЭ́ЙНЕР (англ. Container ад contain змяшчаць),
шматабаротная тара ў выглядзе стандартнай ёмістасці для перавозкі грузаў спец.кантэйнеравозамі, суднамі, аўтамабілямі, чыг. платформамі.
Грузы пры кантэйнерных перавозках не выгружаюць з К. аж да прыбыцця на склад атрымальніка, самі ж К. прыстасаваны для механізаванай пагрузкі і выгрузкі, перагрузкі з аднаго віду транспарту на другі. К. бываюць універсальныя, спец. і спецыялізаваныя; закрытыя і адкрытыя суцэльныя, рашоткавыя, разборныя і складаныя. Разлічаны на перавозку ад 3 да 30 т грузаў. Выкарыстанне К. паскарае пагрузачна-разгрузачныя аперацыі і абарот трансп. сродкаў, паляпшае захаванасць грузаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПРЫ́ЧЫО (італьян. capriccio літар. капрыз),
капрыс, інструментальная п’еса свабоднай будовы ў віртуозным стылі. Сярод гіст. разнавіднасцей К. — п’еса імітацыйнага складу, блізкая да рычэркара ці фантазіі; праграмная жанравая сцэнка; характарная рамант. мініяцюра дляфп. або аркестравы твор з ярка выяўленай нац. афарбоўкай, падобны да рапсодыі. Узоры К. створаны І.С.Бахам, Н.Паганіні, П.Чайкоўскім, М.Рымскім-Корсакавым. У бел. музыцы К. прадстаўлены ў творчасці А.Багатырова, Р.Бутвілоўскага, Г.Вагнера, Г.Гарэлавай, А.Мдывані, С.Картэса («Капрычас» дляфп. з арк. паводле графічнай серыі Ф.Гоі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РЛІКАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія маюць ненармальна малыя памеры параўнальна з характэрнымі для пэўнага віду. Карлікавасць выклікаецца рознымі прычынамі: неспрыяльнымі глебава-кліматычнымі фактарамі (тундра, высакагор’е), недастатковым жыўленнем, недахопам вільгаці, прышчэпліваннем пладовых дрэў на нізкарослыя прышчэпы, вырошчваннем сеянцаў у кошыках з ушчыльненай глебай. У флоры Беларусі ёсць віды, якім у прыродных умовах уласцівы невял. (у параўнанні з роднаснымі відамі) памеры (бяроза карлікавая, брызгліна карлікавая і інш.). Вырошчваюць К.р. (хвоі, клёны, елкі і інш.) як дэкар., для бардзюраў, альпінарыяў, выкарыстоўваюць у пладаводстве. Культура К.р. пашырана ў Японіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВЕ́ТНІК,
участак з пасадкамі кветкава-дэкаратыўных раслін, прызначаны для ўпрыгожвання садоў, паркаў, двароў, сядзіб і інш. У залежнасці ад формы, памераў і складу раслін вылучаюць: бардзюры, клумбы, міксбордэры, партэры, рабаткі, жывыя агароджы; элементам К. можа быць газон, які з’яўляецца фонам для кветкавых раслін; К. ландшафтнага (вольнага) стылю — альпінарый. К. спалучаюць з малымі арх. формамі (фантанамі, альтанкамі, дэкар. машчэннем і інш.) або ствараюць з раслін аднаго ці некалькіх відаў (сартоў). Расліны падбіраюць з улікам гарманічнага спалучэння афарбоўкі і памераў кветак і лісця, тэрмінаў і працягласці цвіцення, кліматычных, ландшафтных і інш. умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕРУ́ХІІ (грэч. klēruchiai ад klēros зямельны надзел + echō валодаю),
ваенна-земляробчыя пасяленні ў Стараж. Грэцыі. Засноўваліся буйнымі полісамі на тэр. падначаленых ці саюзных дзяржаў дляваен.-паліт. кантролю над імі, а таксама для надзялення зямлёй (за абавязак несці ваен. службу) беззямельных грамадзян. Найб. колькасць К. стваралася афінянамі, асабліва ў час існавання Дэласкага саюза (каля 478—404 да н.э.), іх жыхары заставаліся афінскімі грамадзянамі. К. выклікалі незадавальненне саюзнікаў і да часу стварэння Другога Афінскага марскога саюза (378/77 да н.э.) афіняне былі вымушаны ад іх адмовіцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАН (галанд. kraan),
1) запорны клапан, у рухомай дэталі якога ёсць адтуліна для прапускання патоку вадкасці або газу. Бываюць прахадныя (з прамалінейным рухам патоку), вуглавыя (з адхіленнем патоку на 90°) і троххадовыя (з адвольным злучэннем трох трубаправодаў). К. наз. таксама трубаправодны вентыль.
2) Прыстасаванне, з дапамогай якога кіруюць пнеўматычнымі тармазамі поезда. Устанаўліваецца ў кабіне машыніста (у вагонах ёсць стоп-К.).
3) Агульная назва машын для падымання і пераносу грузаў на адлегласць вылету стралы або кансолі (гл.Пад’ёмны кран).