АРХЕАЛО́ГІЯ ПО́МНІКАЎ АРХІТЭКТУ́РЫ,

галіна археалогіі, якая вызначае месцазнаходжанне рэшткаў загінулых або значна пераробленых помнікаў архітэктуры, вывучае іх, аднаўляе планы і, па магчымасці, рэканструюе фасады і асн. аб’ёмы помнікаў у цэлым.

Да 19 ст. манум. архітэктуру вывучалі гісторыкі архітэктуры і мастацтвазнаўцы, археал. даследаванні мелі дапаможны характар. У 1820—40-я г. ў Зах. Еўропе, у канцы 19 — пач. 20 ст. ў Расіі пачаліся навук. даследаванні арх. помнікаў. У 1930—40-я г. вылучылася ў асобную галіну археалогіі. У пасляваен. гады распрацавана методыка археал. вывучэння арх. аб’ектаў, праводзіцца сумеснае іх даследаванне аб’яднанымі экспедыцыямі археолагаў, архітэктараў-рэстаўратараў, гісторыкаў архітэктуры і мастацтвазнаўцаў.

На Беларусі першыя археал. даследаванні арх. помніка зроблены невяд. археолагам у 1790-я г. ў Полацку, у выніку якіх раскапаны падмуркі храматрыконха Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра 12 ст. У 1-й пал. 19 ст. праводзілася візуальнае мастацтвазнаўчае і гіст. архіўнае вывучэнне помнікаў архітэктуры. Рус. і польск. даследчыкі абследавалі шмат помнікаў, зрабілі іх пач. абмеры, вывучалі буд. матэрыялы і сістэмы муровак, сабралі вял. факталагічны матэрыял па гісторыі бел. архітэктуры і спрабавалі яго крытычна асэнсаваць. Часам даследаванні спалучаліся з рамонтна-рэстаўрацыйнымі работамі. Археалогія помнікаў архітэктуры актывізавалася ў канцы 1920—1-й пал. 1930-х г. (працы І.Хозерава, М.Шчакаціхіна). На высокім навук. узроўні праведзены раскопкі полацкіх арх. помнікаў 12 ст., што дазволіла вылучыць іх у самастойную Полацкую школу дойлідства. У пасляваенны перыяд раскопкі М.Вароніна, М.Каргера, П.Рапапорта, В.Булкіна далі магчымасць па-новаму ўбачыць і растлумачыць складаныя працэсы станаўлення і развіцця архітэктуры зах. зямель Стараж. Русі. З канца 1960-х г. пачаліся раскопкі помнікаў 13—18 ст., вынікі іх надрукаваны ў працах М.Ткачова і М.Малеўскай. У апошні час шырока вывучаецца культавая і грамадзянская архітэктура эпохі Адраджэння і барока (раскопкі І.Чарняўскага, З.Пазняка, А.Кушнярэвіча і інш.).

Літ.:

Михайловский Е.В. Реставрация памятников архитектуры. М., 1971;

Раппопорт П.А. О методике археологических раскопок памятников древнерусского зодчества // Краткие сообщения Ин-та археологии АН СССР. М., 1973. Вып. 135;

Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI—XVII вв.: Архит.-археол. Анализ. Мн., 1988.

А.А.Трусаў.

т. 1, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ,

узброеныя фарміраванні ў паветах Гродзенскай губ. ў ходзе паўстання 1863—64. Першым іх буйным выступленнем быў напад у ноч на 11.1.1863 паўстанцкіх атрадаў (усяго больш за 1000 чал.) пад агульным камандаваннем У.Ціхорскага (Замэчка) на гарнізон г. Сураж. Паўстанцы разграмілі ротны цэйхгаўз, папсавалі чыг. і тэлегр. сувязь. Да 20.1.1863 атрады Ціхорскага, Р.Рагінскага, С.Сангіна, Б.Рыльскага, В.Левандоўскага (усяго каля 5000 чал.) сканцэнтраваліся ў мяст. Сямяцічы Бельскага пав. (цяпер тэр. Польшчы), аднак 26 студз. былі выбіты адтуль. У крас. 1863 у Сакольскім пав. (цяпер Польшча) сфарміраваны атрад В.Урублеўскага, які аб’яднаўся з беластоцкім (узначальвалі афіцэры А.Баранцэвіч, Ю.Эйтмановіч і інш.), а таксама з атрадам з Бельскага пав. на чале з Э.Кярсноўскім. Адначасова ў Гродзенскім пав. створаны атрад А.Лянкевіча (Ляндара, 200 чал.), які пасля бою 22 крас. каля мяст. Азёры пайшоў у Ваўкавыскі пав., дзе злучыўся з мясц. атрадам Г.Стравінскага (Млотка). У ходзе бою 2—3 мая паблізу в.Міхалін Кобрынскага пав. пад націскам паўстанцаў (500—800 чал.) урадавыя войскі (2 роты салдат і каля 100 казакоў) адступілі. У Пружанскім пав. ў крас. быў сфарміраваны атрад Ф.Влодэка, у Слонімскім пав. дзейнічаў атрад Ф.Юндзіла (каля 250 чал.). У Кобрынскім пав. 25 крас. — 1 мая створаны атрад Р.Траўгута (Кракаўскага), да якога ў маі далучыўся брэсцкі атрад на чале з Я.Ваньковічам (Лялівам). У Брэсцкім пав. сфарміраваны атрад Стасюкевіча (каля 300 чал.). На тэр. Гродзенскай і Аўгустоўскай губ. дзейнічаў таксама атрад Тышкі (каля 100 чал.), у Гродзенскай пушчы з лют. 1863 — атрад Л.Нарбута (пасля яго гібелі атрад ўзначальваў К.Парадоўскі, у ім змагаліся М.Э.Андрыёлі і Ф.Багушэвіч). На тэр. губерні дзейнічалі і больш дробныя атрады. Самая вял. бітва адбылася ў маі 1863 каля в.Мілавіды (гл. Мілавідская бітва 1863). Асаблівасцю Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў было адносна шырокае прадстаўніцтва ў іх сялян. Атрады захоплівалі павятовыя канцылярыі, знішчалі дакументы, вярталі сялянам сабраныя падаткі, а казённыя грошы пад распіску бралі на патрэбы атрада. У канцы лета — пач. восені 1863 паводле рашэння Выканаўчага аддзела Літвы ўзбр. барацьба на тэр. Беларусі і Літвы, у т. л. ў Гродзенскай губ., спынена. Рэшткі Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў адышлі ў Падляшша, дзе пэўны час працягвалі барацьбу.

т. 5, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́СК,

араб. Дымашк, Дымішк, горад, сталіца Сірыі. Адм. ц. мухафазы Дамаск. Знаходзіцца ў даліне р. Барада, ва ўсх. перадгор’ях Антылівана. 1444 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Галоўны гандл.-прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч. (асабліва цукр., мукамольная, піваварная, тытунёвая, шакаладная, вытв-сць цукатаў), цэм., шкляная, тэкст., фармацэўтычная, радыёэлектронная, металічная. Рамесніцкая вытв-сць (залатыя, сярэбраныя, медныя, латунныя, скураныя, драўляныя вырабы, дываны, парчовыя тканіны). Цэнтр турызму. Ун-т. Дамаская і Арабская акадэміі. Музеі, тэатры.

Упершыню ўпамінаецца ў 16 ст. да н.э., калі знаходзіўся пад уладай егіп. фараонаў. З канца 11 да 732 да н.э. цэнтр Дамаскага царства, пазней у складзе Ахеменідаў дзяржавы. з 4 ст. н.э. пад уладай Візантыі. У 635 заваяваны арабамі. Росквіту дасягнуў, калі стаў сталіцай Амеядаў халіфата (661—750). З канца 11 ст. цэнтр супраціўлення крыжаносцам (у 1148 беспаспяховая аблога горада Конрадам III). У 13 — пач. 16 ст. цэнтр караваннага гандлю і рамесніцтва. У 1260 захоплены мамлюкамі, у 1401 — Цімурам, у 1516 —туркамі на чале з Селімам I. Фанатыкі-мусульмане ў 1840 выразалі яўр., у 1860 — хрысц. насельніцтва горада. Да канца 1-й сусв. вайны ў складзе Асманскай імперыі. У 1920—43 адм. ц. франц. падмандатнай тэрыторыі. З 1943 сталіца Сірыі.

Рэгулярная планіроўка асобных кварталаў бярэ пачатак ад эліністычнага і рым. перыядаў. Сярод помнікаў рым. часу рэшткі абарончых сцен, акведук (функцыянуе), карынфская каланада ўвахода ў свяцілішча Юпітэра Дамаскага (1 ст. н.э., на месцы арамейскага храма Хадада, у візант. час перабудаваны ў царкву Іаана Хрысціцеля). Помнікі сярэдневяковай араб. архітэктуры: Амеядаў мячэць, марыстан Нур-ад-дзіна (1154, засн. як шпіталь і мед. школа), маўзалей Салах-ад-дзіна (12 ст., рэстаўрыраваны ў 19 ст.), медрэсэ ан-Нурыя (1172), Адылія (1171—1222, цяпер Араб. акадэмія) і Захірыя (1277, цяпер Нац. б-ка), мячэці асманскага часу Такія Сулейманія (1554, арх. Сінан), Дэрвішыя (1574), Сінан-пашы (1586—91), шматлікія караван-сараі (ханы) 15—18 ст., палац Азема (1749, цяпер Музей нар. мастацтва). Забудоўваецца па генпланах 1929 і 1967. Старадаўні цэнтр маст. рамёстваў. Стары Д. уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.

т. 6, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФТАЛЬМАЛО́ГІЯ

(ад грэч. ophthalmos вока + ...логія),

галіна медыцыны, якая вывучае анатомію і фізіялогію органа зроку, хваробы вачэй, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі.

Першыя звесткі пра хваробы вачэй ёсць у стараж.-егіп. пісьмовых помніках, у працах Гіпакрата, індыйскіх і кітайскіх медыкаў. Як самаст. навука афтальмалогія пачала фарміравацца ў 17 ст. з развіццём оптыкі. Яе развіццю спрыяла вынаходства ням. вучоным Г.Гельмгольцам вочнага люстэрка (афтальмаскопа, 1851). Да сярэдзіны 19 ст. належаць і даследаванні ў галіне фізіял. оптыкі, стварэнне вучэнняў пра рэфракцыю і акамадацыю вока. У Расіі першая кафедра вочных хвароб заснавана ў 1818, вочныя лячэбніцы ў Пецярбургу і Маскве — у 1824—26. Уклад у афтальмалогію зрабілі рас. вучоныя А.У.Іваноў, А.А.Крукаў, А.М.Маклакоў, Л.Г.Белярмінаў, М.І.Авербах, В.П.Адзінцоў, У.П.Філатаў (першы ў свеце распрацаваў хірург. метад перасадкі рагавіцы). У наш час у практыку ўвайшлі лазерная хірургія, вочныя аперацыі пад мікраскопам (укаранёны М.Л.Красновым, А.П.Несцеравым і інш., распрацоўваюцца ў Міжгаліновым навук.-тэхн. комплексе «Мікрахірургія вока» пад кіраўніцтвам С.М.Фёдарава). Сярод работ замежных афтальмолагаў найбольш вядомы працы па пытаннях патагенезу, клініцы і лячэнні глаўкомы (С.Дзьюк-Элдэр, Вялікабрытанія; Б.Бекер, ЗША; Р.Эцьен, Францыя), праблемах захворванняў сятчаткі вока (М.Газ, ЗША), выкарыстанні крыяхірургіі ў афтальмалогіі (Т.Крвавіч, Польшча).

На Беларусі даследаванні па афтальмалогіі пачаліся з 2-й пал. 19 ст. Сучасны этап развіцця афтальмалогіі звязаны з працамі Т.В.Бірыч і яе вучняў: Т.А.Бірыч, Г.Р.Васільева, Д.В.Кантар і інш. (распрацоўкі ў галіне крыяхірургіі вочных захворванняў, глаўкомы, апёкаў вачэй і інш.). Н.-д. работа вядзецца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Бел. НДІ экспертызы працы інвалідаў, на кафедрах вочных хвароб мед. ін-таў. Распрацоўваюцца пытанні лячэння і прафілактыкі траўмаў органа зроку, дыягностыкі і лячэння вочных хвароб (М.С.Завадская, М.М.Залатарова, А.У.Васілевіч, І.І.Катлярова, К.І.Клюцавая, І.В.Морхат, У.Т.Парамей, К.І.Чвялёва, Л.К.Яхніцкая). Асн. сучасныя кірункі даследаванняў: распрацоўка і ўкараненне мікрахірург. тэхнікі лячэння хвароб і траўмаў органа зроку, лазерная хірургія, дыягностыка і лячэнне вірусных захворванняў вачэй, пытанні прафілактыкі і лячэння блізарукасці, уздзеяння малых дозаў радыяцыі на орган зроку.

Літ.:

Бирич Т.В. Применение низких температур в офтальмологии. Мн., 1984;

Золотарева М.М. Избранные разделы клинической офтальмологии. Мн., 1973;

Клюцевая Е.И. Хирургическое лечение прогрессирующей близорукости. Мн., 1984.

Л.К.Яхніцкая.

т. 2, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́Д,

горад, сталіца Ірака. Адм. ц. мухафазы Багдад. Размешчаны на берагах р. Тыгр. 3,9 млн. ж. (1990). Трансп. вузел на перакрыжаванні шляхоў, якія звязваюць краіны Міжземнамор’я, Сярэдняга Усходу і Паўд. Азіі. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Багдад — эканам. і культ. цэнтр краіны. У горадзе каля чвэрці прамысл. прадпрыемстваў краіны: тэкст., гарбарныя, швейныя, цэм., хім., харчовыя, электратэхн. і фармацэўтычныя; у прыгарадзе — буйны нафтаперапр. з-д. Саматужная вытв-сць абутку, ювелірных вырабаў, харч. прадуктаў. 3 ун-ты. Акадэмія навук, Акадэмія прыгожых мастацтваў. Музеі: Іракскі; сучаснага мастацтва; этнаграфічны.

Засн. ў 762 халіфам Мансурам пад назвай Мадзінат ас-Салам (горад міру) і стаў сталіцай Абасідаў халіфата. У 9 ст. значны цэнтр араб. культуры, рамяства і транзітнага гандлю. У 10 ст. паступова страціў паліт. значэнне, але доўгі час заставаўся навук. цэнтрам; на пач. 13 ст. ў Багдадзе было больш за 30 бібліятэк. З 945 пад уладай Буідаў дзяржавы, з 1055 — Сельджукскай дзяржавы, у 1258 заваяваны манголамі, якія разбурылі і разрабавалі горад. У канцы 14 — пач. 15 ст. двойчы ўзяты Цімурам і разбураны. У 16—17 ст. Багдадам валодалі туркі, персы, зноў туркі. У 1638—1917 у складзе Асманскай імперыі. У 1917 заняты англ. войскамі, з 1920 адм. ц. брытанскай падмандатнай тэрыторыі. З 1921 сталіца Ірака.

Зберагліся помнікі архітэктуры: т.зв. палац Абасідаў (канец 12 — пач. 13 ст., рэстаўраваны ў 20 ст., з 1923 музей), маўзалей Зубайды (13 ст.), ансамбль медрэсэ Мустансірыя (1227—33, перабудаваны ў 1823, рэстаўраваны ў 20 ст.), мінарэт Сук аль-Газаль (1279), караван-сарай хан Марджан (1358—59, з 1937 Музей араб. старажытнасцяў), брама Баб аль-Вастані (1221, цяпер Музей зброі), маўзалей Мусы аль-Кадзіма (т.зв. «Залатая мячэць», 1515). Сучасны Багдад рэканструяваны. Гал. магістраль — вул. ар-Рашыд з сучаснымі будынкамі банкаў, магазінаў, атэляў; цэнтр. плошча — ат-Тахрыр з манументам «Рэвалюцыя 14 ліпеня» (1962). На праспекце Саадун — помнік Невядомаму салдату (1959), на Пд — Універсітэцкі гарадок, на зах. беразе Тыгра — парламент, палац ар-Рыхаб, будынкі ўрадавых устаноў, аэрапорт.

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЭ́ГА КА́РПІО (Vega Carpio) Лопэ Фелікс дэ [вядомы як Лопэ дэ Вэга

(Lope de Vega); 25.11.1562, Мадрыд — 27.8.1635], іспанскі драматург, паэт, празаік, буйнейшы прадстаўнік ісп. Адраджэння. У 1614 прыняў сан свяшчэнніка. Аўтар каля 2 тыс. п’ес (вядомыя 500),

раманаў «Аркадыя» (1598), «Вандроўнік у сваёй айчыне» (1604), «Даратэя» (1632), больш як 20 паэм, навел, містэрый, трактатаў. Стварыў нац. драму, заснаваную на нар. традыцыях. Народны т-р Вэга Карпіо аб’яднаў ідэалы гуманізму і нар. культуру, адлюстраваў жыццё ўсіх слаёў ісп. грамадства — ад сялян да арыстакратаў. У трактаце «Новае майстэрства пісаць камедыі ў наш час» (1609) сфармуляваў асн. прынцыпы сваёй драматургіі. Дынамічнае развіццё сюжэта (3 акты замест 5), дасціпны дыялог, афарыстычная жывая размоўная мова, яркія вобразы, спалучэнне камічнага і трагічнага ў яго п’есах разумна ўраўнаважваюць густы гледачоў і памкненні аўтара. Найб. значныя драмы на гіст. тэмы: «Фуэнтэ Авехуна» («Авечая крыніца», 1619) пра барацьбу сялян за сваю чалавечую годнасць і грамадз. правы ў перыяд Рэканкісты, «Вялікі герцаг Маскоўскі» (1617), «Зорка Севільі» і «Кроў невінаватых» (абедзве 1623). У шматлікіх камедыях («Настаўнік танцаў», 1593; «Сабака на сене», 1618; «Дзяўчына са збаном», выд. 1646, і інш.) дасягнуты майстэрскі кампраміс паміж рэнесансавай канцэпцыяй героя і саслоўна-іерархічнай ідэалогіяй грамадства. На бел. мову яго камедыі «Раба свайго каханага» і «Дурнічка» пераклалі А.Вярцінскі і П.Макаль (1981). П’есы Вэга Карпіо трывала ўвайшлі ў рэпертуар бел. т-раў: «Дурная для іншых, разумная для сябе» (БДТ-1, 1940), «Сабака на сене» (Рускі драм. т-р, 1940; БДТ-1, 1943), «Дзяўчына са збаном» (т-р імя Я.Коласа, 1950), «Настаўнік танцаў» (тамсама, 1952), «Дурнічка» (тамсама і Рускі драм. т-р, 1968), «Раба свайго каханага» (т-р імя Я.Коласа, 1974), «Валенсіянскія вар’яты» (т-р імя Я.Купалы, 1983).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—6. М., 1962—65.

Літ.:

Плавскин З. Лопе де Вега, 1562—1635. Л.; М., 1960;

Лопе де Вега: Библиогр. рус. переводови критич. лит. на рус. яз. 1735—1961. М., 1962.

Н.М.Саркісава.

т. 4, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛЮ́ГІН Анатоль Сцяпанавіч

(27.12.1923, в. Машканы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.10.1994),

бел. паэт, кінадраматург, перакладчык.

Засл. дз. культ. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1948). Удзельнік Вял. Айч. вайны, быў паранены. Працаваў у прэсе, у 1946—84 у час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Першы зб. вершаў «Салют у Мінску» (1947). Лірыка Вялюгіна — дасягненне бел. паэзіі. Яго творчасці ўласцівы яркая метафарычнасць, асацыятыўная вобразнасць, філігранная апрацоўка слова. У паэзіі Вялюгіна шчырае апяванне роднай зямлі, пранікнёная споведзь паэта-франтавіка, які прайшоў суровыя выпрабаванні ваен. ліхалецця, разнастайныя грамадз. і інтымныя пачуцці сучасніка (зб. «Негарэльская арка», 1949, «На зоры займае», 1958; «Насцеж», 1960; «Песня зялёнага дуба», 1989; «З белага камення — сіняе пламенне», 1993), патрыятычныя матывы («Прызнанне ў любові»), пантэістычнае стаўленне да прыроды («Спелы бор»). У жанры паэмы распрацоўваў гісторыка-рэв. тэму («Бацька Дняпро», 1955, «Вецер з Волгі», 1963, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964). Аўтар паэт. зб-каў для дзяцей «Галубы» (1949), «Тры гудкі» (1951), «Рыбы нашых рэк» (1952), «Дзіцячы сад» (1954), «Вада і вуда» (1967), сцэнарыяў маст. («Рэха ў пушчы», 1977; «Глядзіце на траву», 1983), дакументальных («Генерал Пушча», Дзярж. прэмія Беларусі 1968; «Арліная крыніца», «Балада пра маці», «Дзядзька Якуб», «Янка Купала», «Я — крэпасць, вяду бой», «Віцебскія ўзоры» і інш.) фільмаў. На бел. мову пераклаў паэмы М.Лермантава «Каўказскі нявольнік» і «Баярын Орша» (1950), «Паэму братэрства» Э.Межэлайціса (1958, з М.Калачынскім), паэмы М.Нагнібеды «Званы Хатыні» (1973) і «Матулям з Расонаў» (1981), кнігі для дзяцей П.Варанько і Дз.Білавуса, паасобныя вершы У.Маякоўскага, Л.Украінкі, М.Рыльскага, А.Малышкі, А.Міцкевіча, Ю.Тувіма і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1984;

Адрас любві. Мн., 1964;

Вершы і балады. Мн., 1969;

Заклён на скрутны вір. Мн., 1995.

Літ.:

Бярозкін Р. У свет, адкрыты насцеж... // Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;

Арочка М. У спелым леце... // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;

Майсейчык А. Аб жанравых асаблівасцях паэм А.Вялюгіна // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;

Барадулін Р. Партрэт у верасе пчаліным // Маладосць. 1983. № 12;

Зуёнак В. Гэта ўзважана сэрцам // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983.

М.У.Скобла.

т. 4, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВА́І

(Hawaii),

штат ЗША у групе Ціхаакіянскіх штатаў. Займае групу вулканічных астравоў у цэнтр. ч. Ціхага ак. Пл. 16,7 тыс. км², нас. 1172 тыс. чал. (1993). Сярэдняя шчыльн. нас. 70,2 чал. на 1 км². Б. ч. яго пражывае на в-ве Ааху (пл. 1574 км²), дзе знаходзіцца адм. ц., буйнейшы горад і порт Ганалулу (371,3 тыс. ж., з прыгарадамі каля 900 тыс. ж., 1992). 61,8% насельніцтва складаюць выхадцы з Азіі і астравоў Ціхага ак., у т. л. японцы, філіпінцы, кітайцы, карэйцы. Карэнных жыхароў (гавайцы разам з метысамі) каля 100 тыс. чал. Амерыканцы і еўрапейцы складаюць 33,4% насельніцтва. (Аб прыродзе гл. ў арт. Гавайскія астравы). Гаваі — важны трансп. вузел паўн. ч. Ціхага ак. Праз Ганалулу праходзяць марскія і авіяц. шляхі, якія злучаюць ЗША і Канаду з Усх. Азіяй, Аўстраліяй і Новай Зеландыяй. Здабыўная прам-сць (распрацоўка цэментнай сыравіны і буд. каменю). Гал. віды прадукцыі апрацоўчай прам-сці: цукар, садавіна-агароднінныя вырабы, нафтапрадукты, вырабы лёгкай і паліграф. прам-сці, папера, цэмент. Аснова сельскай гаспадаркі — плантацыі ананасаў (гал. вытворца ў свеце), цукр. трыснягу, арэхаў (міндаль), садавіны, агародніны, кавы і кветак. Рыбалоўства і аквакультура. Мясная і малочная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, птушка). Развіты аўтамаб. і марскі транспарт. Цэнтр турызму і адпачынку. Кліматычныя курорты. Абарончыя ваен. збудаванні ў Пёрл-Харбары. Гавайскі вулканічны нацыянальны парк.

Пачалі засяляцца, верагодна, з 5 ст., найб. інтэнсіўна ў 13—14 ст. палінезійцамі, якія прыбывалі з Таіці. Паміж 1527 і 1555 астравы адкрылі іспанцы, у 1778 да іх даплыў англічанін Дж.Кук і назваў Сандвічавымі а-вамі. У гэты час тут існавала некалькі дзярж. утварэнняў пад кіраўніцтвам мясц. уладароў, якія вялі барацьбу паміж сабой. Каля 1800 кароль Каменамена І аб’яднаў іх у адзінае каралеўства. У 1820 амер. місіянеры пачалі хрысціянізацыю мясц. насельніцтва, прыстасавалі да мясц. мовы лац. алфавіт, заснавалі школы, стварылі падручнікі, пераклалі на гавайскую мову Біблію. У 1839 Гаваі атрымалі канстытуцыю. У 1894 абвешчана Гавайская рэспубліка. У 1898 Гаваі анексіравалі ЗША, у 1900 надалі ім статус «тэрыторыі». У 1959 абвешчаны 50-м штатам ЗША.

М.С.Вайтовіч, Н.К.Мазоўка (гісторыя).

т. 4, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЛЬКАВІЧЫ

(Алелькі, Слуцкія),

княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ, адна з галін Гедзімінавічаў. Яго прадстаўнікі ў 15—16 ст. адыгрывалі значную ролю ў грамадскім і дзярж.-паліт. жыцці Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы. Найб. вядомыя Алелькавічы:

Аляксандр (Алелька, ? — 1454), заснавальнік роду, сын кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча. Князь капыльскі, слуцкі з 1394, кіеўскі з 1441. Вёў войны супраць татараў. Як военачальнік і дыпламат карыстаўся вял. аўтарытэтам у бел., літ. і ўкр. знаці, пасля смерці Вітаўта яго кандыдатура была вылучана на велікакняжацкі пасад. Удзельнічаў у міжусобнай барацьбе паміж прэтэндэнтамі на велікакняжацкі пасад Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам (напачатку падтрымліваў першага, потым другога). Жыгімонт Кейстутавіч, атрымаўшы перамогу, адабраў у Аляксандра Слуцкае княства, а яго самога зняволіў у астрог. Вял. кн. Казімір IV у 1441 вярнуў яму Слуцк і даў Кіеўскае княства. Сямён (1420—3.12.1470), старэйшы сын Аляксандра, князь кіеўскі. Прэтэндаваў на велікакняжацкі пасад у 1454 і 1456, шукаў падтрымкі ў Маскве. Яго ўдава Марыя Гаштольд атрымала ад вял. кн. Пінскае княства ўзамен за Кіеўскае. Міхал (каля 1425—30.8.1481), малодшы сын Аляксандра, князь слуцкі і капыльскі. У 1470—71 намеснік вял. кн. ВКЛ у Вял. Ноўгарадзе. З мэтай скінуць Ягелонаў і стаць вял. кн. ВКЛ стварыў групоўку магнацкіх родаў. Пры няўдачы намерваўся аддзяліць ад ВКЛ усх. землі Беларусі і Украіны і перайсці з імі пад апеку вял. князя маскоўскага. За арганізацыю змовы супраць вял. кн. Казіміра IV пакараны смерцю. Васіль (каля 1425—4.6.1495), сын Сямёна, князь пінскі. Сямён (каля 1460—14.11.1505), сын Міхала, князь слуцкі. У 1502 і 1503 разбіў татараў у бітвах на р. Уза і Прыпяць. Юрый (1492—17.4.1542), сын Сямёна, князь слуцкі. Удзельнік абароны Слуцка ў час Глінскіх мяцяжу 1508, бітвы з татарамі ў 1511, Аршанскай бітвы 1514. Юрый (каля 1531—9.11.1578), сын Юрыя, князь слуцкі. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Юрый (17.8.1559 — 6.5.1586), сын Юрыя Юр’евіча, князь слуцкі, адзін з апошніх Алелькавічаў па мужчынскай лініі. Яго дачка Соф’я ў 1600 выйшла замуж за Я.Радзівіла. Пасля яе смерці (1612) Слуцкае і Капыльскае княствы перайшлі да Радзівілаў.

П.Р.Казлоўскі.

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБРЫКА́НА-ПАНА́МСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1903, 1936, 1955, 1977 аб канале.

Дагавор Хея — Бюно-Варыльі 1903 (падпісаны 18 ліст. ў Вашынгтоне) гарантаваў незалежнасць Панамскай Рэспублікі (абвешчана 3.11.1903), а Панама здавала ў арэнду ЗША «на неабмежаваны час» частку сваёй тэр. шырынёй 16,1 км для будаўніцтва і эксплуатацыі міжакіянскага канала і саступала ім усе суверэнныя правы над зонай Панамскага канала. ЗША атрымала таксама права манапольна эксплуатаваць усе шляхі зносін праз тэр. Панамы паміж Ціхім ак. і Карыбскім м., выкарыстоўваць свае ваен. і паліцэйскія сілы для падтрымання парадку і абароны канала. За гэта ЗША павінны былі выплаціць Панаме 10 млн. дол. адначасова і выплачваць па 250 тыс. дол. штогод праз 9 гадоў пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі.

Дагавор 1936 (падпісаны 2 сак. ў Вашынгтоне) адмяняў артыкулы дагавора 1903 пра гарантыі ЗША падтрымліваць незалежнасць Панамы і парадак у яе гарадах Панама і Калон. ЗША адмовіліся (фармальна) ад права карыстацца тэр. за межамі канала. Штогадовыя выплаты Панаме павялічваліся да 430 тыс. дол.

Дагавор Рэмона—Эйзенхаўэра 1955 (падпісаны 25 студз. разам з «Мемарандумам аб узгодненых рашэннях», які рэгуляваў заробак мясц. служачых кампаніі Панамскага канала), адмяняў манапольнае права ЗША будаваць чыгункі і шашэйныя дарогі на Панамскім перашыйку, ураўнаваў у зарплаце панамцаў з амерыканцамі, павялічваў штогадовыя выплаты да 1930 тыс. дол. Панаме вярталася частка зямлі, раней набытая ў яе кампаніяй канала.

Дагавор аб Панамскім канале і Дагавор аб пастаянным нейтралітэце і функцыянаванні Панамскага канала 1977 (падпісаны 7 вер. ў Вашынгтоне прэзідэнтам ЗША Дж.Картэрам і кіраўніком урада Панамы А.Тарыхасам) прадугледжвалі канчатковую перадачу канала пад кантроль Панамы 1.1.2000, ліквідацыю зоны канала і вывад амер. войскаў з размешчаных у ёй ваен. базаў, павелічэнне штогадовых выплат да 10 млн. дол. і інш. Панама абвяшчае канал пастаянна нейтральным і разам з ЗША адказвае за «захаванне рэжыму нейтралітэту». Ваен. і дапаможныя судны абедзвюх дзяржаў маюць права на «хуткі транзіт праз канал». Абодва дагаворы ўхвалены на плебісцыце ў Панаме, які адбыўся 23.10.1977. З 1982 Панама пачала ажыццяўляць цывільнае кіраванне і паліцэйскую ўладу ў зоне канала.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)