СА́ЛА ледзяное,

скопішчы змёрзлых ледзяных іголак у выглядзе плям або тонкага слоя шаравата-свінцовага колеру на рэках і азёрах. Знешне нагадвае плямы тлушчу (адсюль назва). Узнікае перад ледаставам пры пераахалоджванні вады ніжэй за 0 °C. Гл. таксама Лядовы рэжым.

т. 14, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЛЬТА (ад італьян. salto скачок),

у акрабатыцы, гімнастыцы, фігурным катанні на лёдзе — поўны паварот у паветры цераз галаву (уперад ці назад) пры скачку. Напр., двайное С., трайное С. Асобна вылучаецца С.-мартале — смяротны скачок, які выкарыстоўваецца цыркавымі артыстамі-акрабатамі.

т. 14, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМААБСЛУГО́ЎВАННЕ,

форма продажу тавараў, пры якой пакупнік самастойна робіць іх агляд, адбор, дастаўку да разлікова-касавага вузла. Забяспечвае найлепшыя ўмовы для адбору і набыцця тавараў, павялічвае прапускную здольнасць магазінаў, дазваляе больш эфектыўна выкарыстоўваць гандл. абсталяванне, плошчы і г.д.

т. 14, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЕЎКІ́ДЫ,

царская дынастыя, якая кіравала ў 312—64 да н.э. ў адной з эліністычных дзяржаў у Зах. Азіі (гл. Элінізм і Селеўкідаў дзяржава). Заснавана Селеўкам I Нікатарам. Найб. магутнасці дасягнула пры Антыёху III Вялікім [223—187 да н.э.].

т. 14, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕМЯНЕ́ННЕ,

працэс, які забяспечвае ў жывёл сустрэчу палавых клетак — яец і сперматазоідаў; папярэднічае апладненню. Поспех асемянення забяспечваецца адначасовым выспяваннем гамет абодвух палоў. Вонкавае асемяненне ўласціва большасці жывёл, якія жывуць або размнажаюцца ў вадзе (кольчатыя чэрві, двухстворкавыя малюскі, ігласкурыя, кішачнаполасцевыя, бясчэрапныя, кругларотыя, большасць рыб, бясхвостыя земнаводныя). Унутранае асемяненне ўласціва некаторым водным і пераважнай большасці наземных жывёл (плоскія і круглыя чэрві, многія членістаногія і малюскі, большасць пазваночных — акулападобныя, хімеравыя і некаторыя касцістыя рыбы, вышэйшыя пазваночныя). Прамежкавы тып асемянення — вонкава-ўнутранае, пры якім самец выдаляе сперму (у выглядзе кропелек семявай вадкасці ці сперматафораў) у знешняе асяроддзе, на субстрат, пасля чаго яе захоплівае самка; характэрны для многіх ніжэйшых членістаногіх, што жывуць у вадзе, і хвастатых земнаводных. Штучнае асемяненне шырока выкарыстоўваюць пры развядзенні рыб і с.-г. жывёл.

т. 2, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАВАГА́ННІ (ад аўта... + ваганні),

незатухальныя ваганні ў нелінейнай вагальнай сістэме пры адсутнасці пераменнага вонкавага ўздзеяння. Форма і ўласцівасці аўтаваганняў вызначаюцца самой сістэмай і не залежаць ад пачатковых умоў (напр., пач. энергіі), што адрознівае іх ад вымушаных ваганняў.

Сістэма, дзе адбываюцца аўтаваганні, наз. аўтавагальнай (або аўтагенератарам) і ў найб. простых выпадках мае вагальную сістэму, крыніцу сілкавання і прыстасаванне, якое рэгулюе паступленне энергіі ад крыніцы сілкавання, напрыклад анкер у мех. гадзінніку. У аўтавагальных сістэмах з 1 ступенню свабоды магчымы толькі простыя перыядычныя аўтаваганні, у больш складаных — складаныя перыядычныя, выпадковыя, імавернасныя (стахастычныя). Пры малых стратах энергіі форма і перыяд аўтаваганняў блізкія да формы і перыяду свабодных ваганняў. Аўтаваганні пераўтвараюцца ў рэлаксацыйныя ваганні, калі за перыяд страчваецца ўся назапашаная энергія.

А.​П.​Вайтовіч.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Коўне

(сучасны г. Каўнас),

грамадская арганізацыя ў Літве. Існавала з лют. 1932 да 1935 (?). Асн. мэта дзейнасці — пашырэнне бел. асветы і культуры на роднай мове. У 1933 налічвала больш за 1000 чал. У прэзідыум т-ва ўваходзілі М.​Матач, К.​Плескачэўская, С.​Якавюк і інш. Мела Алаіцкае, Бразельскае, Вількамірскае, Гялвойскае, Мярэцкае аддзяленні; прадстаўніцтвы ў Троках і Зарасаі; жаночы аддзел у Коўне. Пры т-ве працавалі перасоўны Бел. нар. ун-т, Бел. нар. тэатр (у Коўне, з 1932), хары ў Коўне і пры Бразельскім аддзяленні, з 1933 — дзіцячы сад, бібліятэка-чытальня. Уваходзіла ў ініцыятыўны камітэт Міжнар. асацыяцыі бел. арг-цый (г. Коўна), супрацоўнічала з аб’яднаннем студэнтаў-беларусаў Літоўскага ун-та.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНАРДЗІ́НЦЫ,

1) другая назва цыстэрыянцаў, якая замацавалася за імі з 12 ст. пасля рэарганізацыі ордэна Бернарам Клервоскім (1090—1153, кананізаваны ў 1174).

2) Манахі-францысканцы, якія строга прытрымліваліся першапачатковага статута гэтага жабрацкага ордэна і ў 1473 аселі ў Польшчы пры саборы св. Бернарда ў Кракаве (названы ў гонар францысканскага рэфарматара Бернарда Сіенскага, 1380—1444). На Беларусі вялі місіянерскую і пастырскую дзейнасць сярод правасл. насельніцтва. Іх кляштары (мужчынскія і жаночыя) існавалі ў Брэсце, Будславе, Беразіне, Віцебску, Гродне, Друі, Заслаўі, Мінску, Магілёве, Нясвіжы, Оршы, Полацку, Слоніме і інш. Пры іх былі школы (у Будславе і музычная), б-кі, часам аптэкі. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ўплыў бернардзінцаў паступова змяншаўся. У 1860-я г. амаль усе іх кляштары забаронены і спынілі сваю дзейнасць.

т. 3, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГЛАМЕРА́ЦЫЯ,

1 у металургіі, тэрмахімічны працэс спякання дробназярністых ці пылападобных матэрыялаў руднай шыхты ў вял. кавалкі (агламераты). Уключае падрыхтоўку шыхты, спяканне яе, апрацоўку гарачага пеку, ахаладжэнне да 100 °C і сартаванне. Шыхта складаецца з дробнай сырой руды і яе канцэнтрату, паліва (дробны кокс ці антрацыт), флюсу (здробненая вапна і вапняк). Агламерацыя адбываецца пры прадзіманні паветра цераз слой шыхты на каласніковых рашотках агламерацыйнай машыны і згаранні паліва (1500 °C); у выпадку сульфідных рудаў — пры акісленні (працякае з выдзяленнем цеплаты). Агламерат выкарыстоўваецца ў чорнай металургіі, у каляровай — для вытв-сці алюмінію, нікелю і свінцу.

2) У мікрабіялогіі, утварэнне мікраарганізмамі намнажэнняў у вадкасцях або тканках у выніку змены фіз. і хім. уласцівасцяў мікробных клетак (пад уздзеяннем імунных целаў і інш.).

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА,

тэмпература, якая адлічваецца ад абсалютнага нуля. У тэрмадынаміцы вызначана ў вобласці дадатных т-р, дзе працягваецца на +∞. Вымяраецца ў кельвінах. Асн. рэперны пункт шкалы абсалютная тэмпература — т-ра трайнога пункта вады. Параметр стану сістэмы многіх часціц, якая знаходзіцца ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі (пры гэтым абсалютная тэмпература ўсіх яе макраскапічных падсістэм аднолькавая). Пры звычайных умовах у стане раўнавагі часціцы размеркаваны па энергіях так, што на высокіх узроўнях знаходзіцца менш часціц, чым на нізкіх (гл. Больцмана размеркаванне). Абсалютная тэмпература +∞ адпавядае раўнамернае размеркаванне часціц па ўсіх узроўнях энергіі, адмоўнай — т.зв. інверсная заселенасць узроўняў энергіі (на высокіх узроўнях больш часціц, чым на нізкіх). Таму лічаць, што з пунктам +∞ супадае пункт -∞, вышэй за якім знаходзіцца вобласць адмоўных т-р.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)