ГО́РКІ (Максім) (сапр.Пешкаў Аляксей Максімавіч; 28.3.1868, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 18.6.1936),
рускі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Ганаровы акадэмік АНБССР (1932). З 1878 працаваў служкай, грузчыкам, пекарам, дворнікам і інш. З 1884 жыў у Казані, удзельнічаў у нелегальных народніцкіх гуртках. У 1888—89 і 1891—92 вандраваў па Расіі. За ўдзел у арганізацыі падп. друкарні ў 1901 высланы з Ніжняга Ноўгарада. Удзельнічаў у Снежаньскім узбр. паўстанні 1905. У 1906 выехаў у Амерыку, потым — у Італію, жыў на в-ве Капры (1906—13). У 1913 вярнуўся ў Расію. Узначальваў выд-ва «Всемирная литература» (1918—24). У 1924—31 жыў у Сарэнта (Італія). З 1931 у СССР. Засн. шэраг часопісаў, кніжных серый, у т. л. «Жыццё выдатных людзей», «Бібліятэка паэта» і інш. Ініцыятар 1-га з’езда (1934) і 1-ы старшыня Саюза сав. пісьменнікаў. Зрабіў вял. ўплыў на фарміраванне ідэйна-эстэт. прынцыпаў сав. л-ры.
У друку ўпершыню выступіў з апавяданнем «Макар Чудра» (1892). У яго ранняй творчасці спалучаліся рамантызм і рэалізм. У алегарычных творах («Песня пра Сокала», 1895, «Песня пра буравесніка», 1901) адлюстраваліся погляды Горкага на рэвалюцыю. Шырокі рэзананс меў зб. «Нарысы і апавяданні» (т. 1—3, 1898—99). У рэаліст. творах (раманы «Фама Гардзееў», 1899; «Трое», 1900—01, і інш.) паказаў Расію напярэдадні 20 ст. У драме «Мяшчане» (паст. 1902), п’есах «На дне» (1902), «Дачнікі» (1904), «Дзеці сонца» (1905), «Варвары» і «Ворагі» (1906) адлюстраваў перадрэвалюцыйныя працэсы ў рас. грамадстве. У рамане «Маці» (1907) спачувальна паказаў нарастанне рэв. руху ў Расіі. Аповесці «Лета» і «Гарадок Акураў» (1909), «Жыццё Мацвея Кажамякіна» (1910—11) пра рус. сялянства і мяшчанства. Патрыятычнымі настроямі прасякнуты «Казкі пра Італію» (1911—13), цыкл апавяданняў «Па Русі» (1912—17). У публіцыстычнай кн. «Несвоечасовыя думкі» (асобнае выд. 1918) крытыкаваў узяты У.І.Леніным курс на рэвалюцыю, сцвярджаў пра яе дачаснасць і разбуральныя вынікі. Напісаў аўтабіягр. трылогію («Дзяцінства», 1913—14; «У людзях», 1916; «Мае універсітэты», 1923), раман «Справа Артамонавых» (1925), п’есы «Ягор Булычоў і іншыя» (паст. 1932), «Дасцігаеў і іншыя» (1933), «Васа Жалязнова» (1936, 1-я рэд. 1910), у якіх зноў звярнуўся да паказу жыцця Расіі да 1917. Аўтар літ. партрэтаў «Леў Талстой» (1919), «У.Г.Караленка» (1923), «Сяргей Ясенін» (1927) і інш. Апошні твор — няскончаны раман-эпапея «Жыццё Кліма Самгіна» (ч. 1—3, 1927—31, ч. 4, 1937) у надзвычай згушчанай, насычанай форме адлюстраваў падзеі перадрэвалюцыйных дзесяцігоддзяў.
Горкі першы з рус. пісьменнікаў звярнуў увагу на бел. л-ру, даў высокую ацэнку творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. Пераклаў на рус. мову верш Я.Купалы «А хто там ідзе», які назваў нацыянальным гімнам беларусаў. Цікавіўся бел. фальклорам. З 1896 у сваяцкіх адносінах з сям’ёй А.Я.Багдановіча. У 1929 у час вяртання на радзіму на ст. Негарэлае яго сустракалі Я.Купала, Ц.Гартны, А.Александровіч, у 1931 — К.Крапіва, П.Галавач і інш. На бел. мову творы Горкага перакладалі Т.Гардзялкоўская, К.Чорны, М.Гарэцкі, Э.Самуйлёнак, П.Глебка, К.Крапіва, М.Лынькоў, А.Куляшоў, Я.Брыль, Э.Агняцвет, З.Астапенка, С.Баранавых, В.Вітка, Ю.Гаўрук, А.Зарыцкі, М.Лобан, М.Машара, Я.Скрыган, Т.Хадкевіч, У.Хадыка, А.Якімовіч. П’есы Горкага неаднаразова ставіліся і на сцэнах бел. т-раў.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—25. М., 1968 — 76;
Архив А.М.Горького. Т. 1—14. М., 1939—76;
Бел.пер. — Зб. твораў. Т. 5—13, 16—20, 23—24. Мн., 1935—38 (т. 1—4, 14—15, 21—22 не выд.);
Архіп і Лявонка. Вільня, 1910;
Зброднік. Канавалаў, Чалкаш. Мн., 1930;
Справа Артамонавых. Мн., 1941;
Маці. Мн., 1941;
Дзяцінства. Мн., 1949;
У людзях. Мн., 1952;
Мае універсітэты. Мн., 1953;
Казкі. Мн., 1968.
Літ.:
Летопись жизни и творчества А.М.Горького. Вып. 1—4. М., 1958—60;
Десницкий М.В. А.М.Горький: Очерки жизни и творчества. М., 1959;
Михайловский Б., Тагер Е. Творчество М.Горького. 3 изд. М., 1969;
Богданович А. Страницы из жизни Максима Горького... Мн., 1965;
Ивашин В.В. М.Горький и белорусская литература начала XX в. Мн., 1956;
Ларчанка М. Славянская супольнасць. Мн., 1963;
Максім Горкі і Беларусь: Зб.арт. і ўспамінаў. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫР,
мужчынскі правасл. манастыр у в.Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Размешчаны на ўзвышаным беразе р. Шчара. Упершыню згадваецца ў 1587, засн. на месцы з’яўлення Жыровіцкага абраза Маці Божай (напачатку была пабудавана драўляная, потым мураваная царква). У 1609 манастыр стаў уніяцкім, з 1613 належаў ордэну базыльян і ў 17—19 ст.наз.Жыровіцкі манастыр базыльян. Першым грэка-каталіцкім ігуменам быў І.Кунцэвіч. У 1613—18 Д.Солтан, Я.Мялешка і Л.Сапега падарылі манастыру ворныя землі вакол Жыровіч. Тут адбываліся кангрэгацыі (з’езды) базыльян (1629, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694). Пры манастыры існавала школа для свецкіх асоб. Не пазней як з 1709 тут дзейнічалі ніжэйшыя і філас. школы, якія ператвораны Адукацыйнай камісіяй у 3-класнае вучылішча. У пач. 19 ст. манастыру належалі фальваркі Боцькаўшчына, Яцукі, частка в. Квасевічы і палавіна в. Ахонава (усяго 376 рэвізскіх душ), у Жыровічах — 19 валок 12 маргоў зямлі. У 1810—28 тут знаходзілася кафедра Брэсцкай уніяцкай епархіі, у 1828—39 — Літ. уніяцкай епархіі. У 1828 на базе пав. вучылішча створана Літ. духоўная семінарыя. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр зноў стаў праваслаўным. У 1842 амаль усе яго зямельныя ўладанні перададзены ў казну, манастыр залічаны да 2-га класа. Да 1845 тут знаходзілася кафедра Літ.правасл. епархіі і духоўная семінарыя. З сярэдзіны 19 ст. да 1915 дзейнічала Жыровіцкае духоўнае вучылішча. У манастыры былі вял.б-ка з рэдкімі рукапісамі (у т. л.Жыровіцкае евангелле) і архіў. З 1945 (з перапынкам у 1963—89) у манастыры дзейнічае Мінская духоўная семінарыя. У 1960—90 на тэр. манастыра часова жылі насельніцы закрытых жаночых манастыроў — Гродзенскага Раства Багародзіцы і Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага. Узначальвае манастыр намеснік у сане епіскапа. Сучасны арх. ансамбль склаўся ў 17—18 ст. На працягу 1629—1828 былі пабудаваны мураваныя Успенскі сабор, Крыжаўзвіжанская і Яўленская цэрквы, званіца, семінарыя (новы будынак узведзены ў 1956), жылы манастырскі корпус, гасп. пабудовы, пасаджаны пладовы сад, зроблена сажалка; комплекс часткова абнеслі мураванай сцяной з брамамі. Ансамбль нерэгулярнай планіроўкі, мае маляўнічую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны шматпланавы сілуэт. У яго архітэктуры спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму. Ядро кампазіцыі — Успенскі сабор, злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на Пн) і з жылым корпусам (на Пд), у 1-м паверсе якога зроблены праезд на тэр. манастыра. Будынак семінарыі фарміруе парадны двор перад апсідай сабора. Каля ўсх. крыла семінарыі вял. прамавугольны гасп. двор, абкружаны 1-павярховымі карпусамі. На ПдУ ад сабора Яўленская царква. Ва ўсх.ч. манастыра на самым высокім месцы Крыжаўзвіжанская царква — верт. дамінанта ансамбля. Успенскі сабор, пабудаваны ў 1629—80 як гал. храм манастыра, уяўляе сабой мураваную 3-нефавую крыжова-купальную базіліку (даўж. 55 м, выш. каля 40 м) з паўкруглай апсідай. Да яго прымыкаюць 3 цёплыя прыдзелы: Пакрова Прасвятой Маці Божай, Раства Іаана Хрысціцеля і св. цудатворца Мікалая. Першапачаткова сабор пабудаваны ў стылі барока з 2-вежавым гал. фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 храм набыў рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма светлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (4-калонны порцік з трохвугольным франтонам, фрыз з трыгліфамі). У яго інтэр’еры драўляны разны 3-ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта). Плошчу перад саборам фарміруе квадратная ў плане 2-ярусная званіца, звязаная з саборам адзінай падоўжнай планіровачнай воссю. Яе архітэктура заснавана на класічнай ордэрнай сістэме. Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1769 як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако, адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самаст. аб’ём. Яе гал. фасад адметны стройнасцю і лёгкасцю 3-яруснай кампазіцыі. 3-і ярус — 4-гранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная вежачка і над алтарнай часткай. Яўленская царква, пабудаваная ў 1796 у стылі барока ў цэнтры манастыра, — бязвежавы адназальны храм. Яе гал. 2-ярусны фасад выходзіць за межы асн. аб’ёму. Семінарыя, пабудаваная з паўн.-ўсх. боку сабора ў 17—18 ст. у стылі барока, — П-падобны трохпавярховы будынак з мансардавым дахам, вырашаны ў манум. формах, мае сім. планіровачнае і аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне. Жылы корпус, што прымыкае да сабора пры дапамозе надбрамнага пераходу, — выцягнуты 2-павярховы аб’ём галерэйнай планіроўкі. Гаспадарчы корпус — 1-павярховае П-падобнае ў плане збудаванне; з паўн.-зах. фасадам семінарыі ён утварае вял.гасп. двор. У спрошчаным арх.-дэкар. вырашэнні корпуса прасочваюцца матывы барока (фігурны тарцовы шчыт) і класіцызму (карнізныя сухарыкі, франтоны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАКАЛПАКСТА́Н, Рэспубліка Каракалпакстан,
у складзе Узбекістана. Пл. 164,9 тыс.км². Нас. 1428,9 тыс.чал. (1996), гарадскога 49%. Сярэдняя шчыльн. 8,7 чал. на 1 км². Найб. густа заселена даліна р. Амудар’я. Жывуць каракалпакі (32%), узбекі (33%), казахі (26%), рускія, туркмены, татары, карэйцы і інш. Сталіца — г.Нукус. Найб. гарады: Тахіяташ, Хаджэйлі, Муйнак, Кунград, Чымбай, Біруні і інш.
Прырода. Характарызуецца раўнінным рэльефам з невял. ўзвышшамі. На ПдУ і У — узгорыстая пустыня Кызылкум, на З — плато Усцюрт выш. да 292 м, паміж імі — даліна і дэльта Амудар’і. На Пн К. Аральскае м., якое з канца 1980-х г. аб’яўлена зонай экалагічнага бедства. Карысныя выкапні: буд. матэрыялы (граніт, мармур, вапнякі, мергель), фасфарыты, руды каляровых металаў, кухонная і глаўберава солі, тальк, графіт, прыродны газ, нафта. Клімат рэзка кантынентальны. Уплыў Аральскага м. нязначны. Лета сухое, гарачае, зіма халодная, бясснежная. Сярэдняя т-растудз. ад -5 °C да -8 °C, ліп. 26—28 °C. Ападкаў каля 110 мм за год. Гал. рака Амудар’я з’яўляецца асн. крыніцай для арашэння, буйной трансп. артэрыяй; багатая рыбай. Арашальныя каналы Кегейлі, Куанышджарма, Кызкеткен і інш. Невял. азёры, балоты. Глебы ў даліне і дэльце Амудар’і шэразёмна-лугавыя, такыравыя засоленыя, на плато Усцюрт шэра-бурыя пустынныя, такыры, саланчакі, у пустыні Кызылкум пясчаныя шэразёмы або голыя пяскі. У даліне Амудар’і тугайная расліннасць і зараснікі трыснягу, на Усцюрце — чорны саксаул, у Кызылкумах — палын, асака, ксерафільныя злакі, саксаул і інш. Запаведнік Бадай-Тугай.
Гісторыя. Тэр. К. заселена з эпохі неаліту. Этнагенез каракалпакаў звязаны з плямёнамі, што насялялі дэльтавыя і стэпавыя вобласці Сырдар’і і Прыаралля. Як народнасць каракалпакі сфарміраваліся да 16 ст. У 17 — сярэдзіне 18 ст. займалі тэр. ў сярэднім і ніжнім цячэнні Сырдар’і. Вялі паўкачавы спосаб жыцця, займаліся жывёлагадоўляй, земляробствам і рыбалоўствам. Улада належала феад. -родавай знаці і мусульм. духавенству. Каракалпакі залежалі ад каз. ханаў. Пасля захопу іх тэрыторыі джунгарамі (1723) рассяліліся па Сярэдняй Азіі. Да 1811 Хівінскае ханства заваявала б. частку К., а яе насельніцтва перасяліла ў дэльту Амудар’і і абклала вял. падаткамі. Каракалпакі паўставалі супраць прыгнятальнікаў у 1827—28, 1855—56, 1858—59. Пасля паходу рас. войск на Хіву ў 1873 землі каракалпакаў на правым беразе Амудар’і далучаны да Рас. імперыі; створаны Амудар’інскі аддзел, які ў 1887 уключаны ў Сырдар’інскую вобл. Частка каракалпакаў, што жыла на левабярэжжы, пэўны час заставалася ў Хівінскім ханстве. Каракалпакі ўдзельнічалі ў рэв. выступленнях 1905—07 і Сярэднеазіяцкім паўстанні 1916. У снеж. 1917 устаноўлена сав. ўлада. З крас. 1918 К. у складзе Туркменскай АССР. Левабярэжная яе частка, якая заставалася ў Хівінскім ханстве, у крас. 1920 увайшла ў Харэзмскую нар.сав. рэспубліку. У ходзе нац.дзярж. размежавання каракалпакі аб’яднаны. У 1925 утворана Каракалпакская аўт. вобласць у складзе Каз. АССР, з 1930 — у РСФСР. У 1932 К. ператвораны ў Каракалпакскую АССР у складзе РСФСР, з 1936 — у складзе Узб. ССР. У снеж. 1990 Вярх. Савет рэспублікі прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце К. У ліст. 1991 уведзена пасада прэзідэнта, у студз. 1992 прынята назва Рэспубліка Каракалпакстан.
Гаспадарка. Прам-сць К. выкарыстоўвае пераважна мясц. сыравіну. Вядучая галіна — бавоўнаачышчальная (з-ды ў Хаджэйлі, Чымбаі, Турткуле, Кунградзе, Біруні, Мангіце). З ёй звязана алейная прам-сць, якая перапрацоўвае баваўнянае семя. Харч.прам-сць прадстаўлена мукамольнай, мясной, малочнай, пладова-кансервавай галінамі (прадпрыемствы ў Хаджэйлі, Нукусе, Чымбаі і інш.). Аснова электраэнергетыкі К. — Тахіяташская ДРЭС. Металаапр.прам-сць (судна-, матора- і аўтарамонтны з-ды) пашырана ў Хаджэйлі, Тахіяташы, Нукусе. З галін лёгкай прам-сці развіты баваўняная, шоўкаматальная, трыкат., швейная, дывановая. У Нукусе знаходзіцца адзіны ва Узбекістане юрта-лямцавы камбінат. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цагельныя, жалезабетонных канструкцый, домабуд., гранітна-мармуровы, мелавы з-ды). Нар. промыслы (разьба і размалёўка па ганчы, вытв-сць дываноў). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні бавоўны (асн. галіна раслінаводства), рысу, шаўкаводстве і жывёлагадоўлі. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 4,3 млн.га, з іх 90% пад пашай. Земляробства паліўное. Вырошчваюць рыс, пшаніцу, бульбу, агародніну, бахчавыя культуры, люцэрну. Збор (тыс.т, 1995): бавоўніку — 288,2, рысу — 126,6, пшаніцы — 30,2, бульбы — 4,8, агародніны — 66,5, бахчавых — 42. Пладаводства. Жывёлагадоўля пашавага кірунку. Гадуюць авечак (у асноўным каракульскіх), коз, буйн. раг. жывёлу, свіней, коней, птушак. Вытв-сць (1995): мяса — 42,6 тыс.т, малака — 157,8 тыс.т, яец — 7,7 млн.шт. Вярблюдагадоўля. Шаўкаводства. Зверагадоўля (андатры, норкі, пясцы, нутрыі, серабрыста-чорныя лісы). Чыгунка Чарджоу—Кунград—Макат злучае К. з чыг. сеткай Сярэдняй Азіі, Казахстана і Расіі. Развіты аўтатранспарт. Гал. аўтадарога Бухара—Муйнак. Суднаходства па Амудар’і. Газаправоды Бухара—Урал і Сярэдняя Азія—Цэнтр.
Т.Л.Казакова (прырода, гаспадарка).
Да арт.Каракалпакстан. Адміністрацыйны будынак у г. Нукус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫБА́ЦІ (Kiribati),
дзяржава на астравах у зах.ч. Ціхага ак. У складзе К. а-вы Гілберта (пл. 264 км²), Лайн (Спарады Цэнтральныя Палінезійскія, пл. каля 400 км²), Фенікс (пл. 28 км²) і Банаба (Ошэн, пл. 5 км²). Падзяляецца на 6 акруг. Астравы, якія складаюць краіну, распасціраюцца з З на У на 5 тыс.км, з Пн на Пд на 1 тыс.км. Пл. 717 км². Нас. 80,9 тыс.чал. (1996). Сталіца — г.Баірыкі (Тарава) на в-ве Тарава ў групе а-воў Гілберта. Афіц. мова — англійская, насельніцтва размаўляе на тунгуруанскай (кірыбаці) мове. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 ліпеня).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Палата сходу (36 членаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць ураду.
Прырода. Амаль усе астравы — нізкія каралавыя атолы з кальцавым рыфам, пясчана-галечнымі дробнымі астраўкамі на ім і ўнутр. лагунай. Складзены пераважна з вапнякоў. Найб.выш. на в-ве Банаба — 81 м. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра ўвесь год каля 26—28 °C. Ападкаў ад 1000 мм (на паўд. астравах) да 3000 мм (на Пн), выпадаюць пераважна ў ліст.—красавіку. Бываюць засухі і разбуральныя ўраганы. Рэк і ручаёў няма. На больш засушлівых астравах растуць нізкарослыя хмызнякі, на Пн ёсць гаі шыракалістых дрэў. Каля берагоў некаторых атолаў развіта мангравая расліннасць. Жывёльны свет бедны. Ёсць яшчаркі, шмат марскіх птушак (фрэгаты, бакланы, крачкі, олушы і інш.). Лагуны і прыбярэжныя акіянскія воды багатыя рыбай, крабамі, малюскамі.
Насельніцтва. 96% складае мікранезійскі народ тунгару (кірыбаці). Ёсць невял. групы палінезійцаў і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (53%) і пратэстанты (41%). Сярэдняя шчыльн. 113 чал. на 1 км². Заселены толькі 13 астравоў з 33. Усе яны ў групе а-воў Гілберта. Каля 40% насельніцтва жыве на в-ве Тарава, дзе знаходзіцца сталіца краіны г. Баірыкі (больш за 25 тыс ж.; 1990). На а-вах Лайн і Фенікс насельніцтва часовае (рабочыя плантацый). Характэрна міграцыя мужчын на в-аў Науру, дзе яны працуюць на здабычы фасфарытаў.
Гісторыя. Астравы заселены продкамі сучасных мікранезійцаў у 2-м тыс. да н.э. Першым з еўрапейцаў тут пабываў у 1606 ісп. мараплавец П.Кірос. У 1788 астравы даследаваў англ. капітан Дж.Гілберт (ад яго імя назва гал. архіпелага). Сталыя пасяленні еўрапейцаў з 1837. З 1892 пратэктарат Вялікабрытаніі, у 1916—76 у складзе брыт. калоніі Астравы Гілберта і Эліс. У 2-ю сусв. вайну астравы акупіраваны Японіяй (1942—43). У 1976—79 брыт. калонія пад назвай Астравы Гілберта (з 1977 унутр. аўтаномія). 12.7.1979 К. абвешчана незалежнай дзяржавай. Першы прэзідэнт краіны з 1979 І.Табаі, з 1994 — Т.Ціта.
Гаспадарка. К. — слабаразвітая краіна. Валавы ўнутр. прадукт складае 63 млн.дол. (1995), каля 850 дол. на чалавека. Найб. развіты сельская гаспадарка і рыбалоўства. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 36 тыс.га. Палова гэтай плошчы занята какосавай пальмай. Найб. какосаў вырошчваюць на плантацыях, створаных замежнымі кампаніямі на а-вах Лайн і Фенікс. Вырошчваюць таксама хлебнае дрэва, панданус, тара, батат, бананы, агародніну. Свіна- і птушкагадоўля (другараднае значэнне). Рыбу (кефаль, вугор, тунец, макрэль і інш.) у марской эканам. зоне ловяць жыхары К. і за вызначаную плату рыбалавецкія судны Японіі. У 1995 улоў рыбы 24,7 тыс.т. Лоў крабаў, малюскаў, збор водарасцей. Прам-сць прадстаўлена малымі прадпрыемствамі па вытв-сці копры (каля 10—20 тыс.т штогод), какосавага алею, харч. прадуктаў, мэблі, сувеніраў (вееры, плеценыя кошыкі), перапрацоўцы рыбы. Ёсць некалькі дробных электрастанцый, якія выпрацоўваюць штогод 10—13 млн.кВт∙гадз электраэнергіі. На астравах штогод бывае каля 2 тыс. замежных турыстаў Транспарт пераважна марскі. Гал. порт Баірыкі. Ёсць 20 аэрадромаў і пасадачных пляцовак. Аэрапорт на в-ве Тарава прымае міжнар. рэйсы. Даўж. аўтадарог — 640 км. У краіне 2 тыс. аўтамашын і матацыклаў. У 1995 экспарт склаў 6,3 млн. долараў, імпарт — 38,6 млн. долараў. К. экспартуе ў асн. копру (50% экспарту), рыбу і морапрадукты (31%). У імпарце пераважаюць харч. і прамысл. тавары. Асн.гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, ЗША, Новая Зеландыя. Краіна атрымлівае дапамогу развітых дзяржаў і міжнар. арг-цый. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬВОЎ, Львів,
горад на Украіне, цэнтр Львоўскай вобл. 797 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (аўтобусы, с.-г. машыны, аўтапагрузчыкі, абсталяванне для канвеерных піній), станкаінструментальная (фрэзерныя станкі, алмазныя інструменты), радыёэлектронная і эл.-тэхн. (тэлевізары, кінескопы, радыёэлектронная мед. апаратура), прыладабудаванне, лёгкая, харчасмакавая, паліграф., нафтаперапр., хім., хіміка-фармацэўтычная, лакафарбавая; вытв-сцьмуз. інструментаў, мэблі, кардону, буд. матэрыялаў, у т. л. керамічны і шкляны з-ды. 10 ВНУ, у т. л.Львоўскі універсітэт, кансерваторыя. Зах.навук. цэнтр АН Украіны. 4 т-ры, у т. л. оперы і балета.
Паводле летапісу вядомы з 1256. Засн. галіцка-валынскім кн.Данілам Раманавічам, які назваў горад імем свайго сына Льва. З 1272 цэнтр княства. З 1349 у складзе Польшчы (у 1370—87 у Венгрыі). У 1356 атрымаў магдэбургскае права. Адм. цэнтр 3 веравызнанняў: рымска-каталіцкага (з 1412 біскупства), правасл. (з 1539 епіскапства, у 1700 ператворана ва уніяцкае) і армянскага. Важны цэнтр кнігадрукавання (у 1572 засн. руская І.Фёдаравым, у 2-й пал. 1580-х г. польская друкарні); у 1661 засн. акадэмія (гл.Львоўскі універсітэт). У 1704 Л. захоплены шведамі. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Аўстрыі (з 1867 — Аўстра-Венгрыі, афіц. назва Лемберг), буйнейшы цэнтр укр. культуры ў Галіцыі. У 1-ю сусв. вайну заняты (1914—15) рус. войскамі. У канцы 1918 цэнтр абвешчанай у Л. Зах.-Укр.Нар. Рэспублікі. З 1919 у складзе Польшчы, цэнтр ваяводства. 3 вер. 1939 у складзе Укр. ССР, цэнтр вобласці. Са снеж. 1939 пачалася першая хваля арыштаў і дэпартацыі жыхароў Л. (пераважна інтэлігенцыі) у глыб СССР. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі; вызвалены Чырв. Арміяй у ходзе Львоўска-Сандамірскай аперацыі 1944. У пасляваен. перыяд да пач. 1950-х г. Л. — цэнтр антысавецкай барацьбы і ўкр нац.-вызв. руху. Месцазнаходжанне адноўленых у 1991 рым.-каталіцкай і ўкр.-візант. арцыдыяцэзій. З Л. звязаны жыццё і дзейнасць прадстаўнікоў Беларусі Б.І.Дыбоўскага, Цёткі, І.І.Якубоўскага і інш.
Найб. раннія помнікі архітэктуры: руіны Высокага замка (канец 13 — пач. 14 ст.), фрагменты Мікалаеўскай царквы (канец 13 ст., перабудаваны), Пятніцкая царква (канец 14 ст., перабудавана). У аснове сярэдневяковага плана Л. — прамавугольная сетка вуліц з квадратнай у плане пл. Рынак (14—19 ст.) у цэнтры Вакол плошчы гатычныя кафедральны сабор (1360—1493; арх. П.Штэхер, М.Гром, А.Рабіш; рэстаўрыраваны ў 18 і 19 ст.; скульпт. дэкор і размалёўкі — рэнесанс і барока, надмагіллі і разныя алтары 16—17 ст.) з рэнесансавымі капліцамі Боймаў (1609—17) і Кампіянаў (1609—29, арх. П.Рымлянін), Арм. сабор (першапачатковае ядро 1363—70, майстар Дорк ці Дорынг, у духу арм. архітэктуры 12—13 ст.; перабудоўваўся ў 16—19 ст.; фрагменты фрэсак канца 15 — пач. 16 ст., надмагільныя пліты з рэльефамі 14—18 ст.); рэнесансавыя комплекс збудаванняў Львоўскага брацтва — Успенская царква (1591—1631, арх. Рымлянін, В.Капінас, А.Прыхільны, абразы 17—18 ст., іканастас канца 18 ст.), званіца (т.зв. вежа Карнякта; 1572—78, арх. П.Барбон), капліца Трох свяціцеляў (1578—91). Комплекс жылых будынкаў на пл. Рынак: дом Карнякта (1580, арх. Барбон), «Чорная камяніца» (1592). У стылях барока пабудаваны касцёлы бернардзінцаў (1600—30, арх. Рымлянін, Прыхільны) і дамініканцаў (1749—64, арх. М.Урбанік, інж. Я. дэ Віт), каралеўскі арсенал (1630-я г., арх. П.Градзіцкі), сабор св. Юра (1744—70, арх. Б.Мерэцін, С.К.Фесінгер, разны дэкор 1768—70, скульпт. Пінзель); класіцызму — ратуша на пл. Рынак (1827—35, перабудавана), будынак драм.т-ра імя М.Занькавецкай (1836—42, арх. Л.Піхаль, І.Зальцман). З 2-й пал. 19 ст. Л. забудоўваўся ў духу эклектыкі: будынкі політэхн. ін-та (1872—77, арх. Ю.А.Захарэвіч, пано ў інтэр’еры — група жывапісцаў пад кіраўніцтвам Я.Матэйкі), акад.т-ра оперы і балета імя І.Франко (1897—1900 арх. З.Гаргалеўскі, скульпт. А.Л.Попель, П.Вайтовіч; «венскае барока»). З 2-й пал. 20 ст. вядзецца вял. жыллёвае буд-ва, узводзяцца грамадскія будынкі, музеі. У Л. помнікі А.Міцкевічу (1905, скульпт. Попель, М.І.Парашчук), І.Франко (1964, скульпт. В.Н.Барысенка і інш., арх. А.М.Шуляр), Я.Галану (1972, скульпт. А.П.Пылеў, арх. В.І.Блюсюк). Стараж. могілкі. у т. л. Лычакоўскія (з 1787). 12 музеяў, у т. л. этнаграфіі і маст. промыслаў, укр. мастацтва, нар. архітэктуры і побыту, карцінная галерэя, літ.-мемарыяльны І.Франко.
Літ.:
Островский Г. Львов. 3 изд. Л., 1982;
Деркач И.С. Львов: Пер. с укр. [Львов], 1969.
Р.Ч.Лянькевіч (гісторыя).
Плошча А.Міцкевіча ў Львове.Сабор святога Юра ў Львове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКС ((Marx) Карл) (5.5.1818, г. Трыр, Германія — 14.3.1883),
мысліцель, грамадскі дзеяч, рэвалюцыянер, заснавальнік марксізму. Д-р філасофіі (1841). Вучыўся на юрыд. ф-це ун-таў Бона і Берліна (1835—41). Яго філас. погляды фарміраваліся пад уплывам младагегельянцаў. З 1842 супрацоўнік, гал. рэдактар газ. «Rheinische Zeitung» («Рэйнская газета») у Кёльне. У 1843 пераехаў у Парыж (высланы), у 1845 — у Брусель. У 1846 М. і Ф.Энгельс стварылі Брусельскі камуніст. карэспандэнцкі к-т, наладзілі сувязь з Саюзам справядлівых у Лондане, які ў чэрв. 1847 рэарганізавалі ў Саюз камуністаў. Лозунг Саюза справядлівых «Усе людзі браты» замянілі «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!». У 1848 М. высланы з Бельгіі, пераехаў у Парыж, дзе выбраны старшынёй ЦК Саюза камуністаў, потым — у Кёльн, дзе засн. «Neue Rheinische Zeitung» («Новая Рэйнская газета», чэрв. 1848 — май 1849) і стаў яе гал. рэдактарам. У 1849 М. высланы з Прусіі, паехаў у Парыж, але высланы і адтуль; пасяліўся ў Лондане, дзе і жыў да канца жыцця.
Пераход М. да матэрыялізму і сацыялізму адбыўся ў сярэдзіне 1840-х г. і адлюстраваны ў яго ранніх творах (асабліва «Да крытыкі гегелеўскай філасофіі права. Уводзіны», 1844). У першай сумеснай працы М. і Энгельса «Святая сям’я» (1845) абгрунтаваны погляд на гіст. ролю пралетарыяту ў грамадскім жыцці. распрацаваны асн. палажэнні тэорыі і практыкі рэв. барацьбы. У іх працы «Нямецкая ідэалогія» (1846) распрацавана канцэпцыя матэрыяліст. разумення гісторыі, абгрунтавана ідэя змены грамадска-эканам. фармацый і замены капіталізму сацыяліст. ладам. У працах «Класавая барацьба ў Францыі з 1848 па 1850 г.» (1850) і «Васемнаццатага брумера Луі Банапарта» (1852) М. развіў тэорыю класавай барацьбы, выказаў думку пра неабходнасць саюза з сялянствам пры заваяванні пралетарыятам паліт. улады. М. — заснавальнік Інтэрнацыянала 1-га і кіраўнік яго Ген. савета. Парыжскую камуну 1871 ён разглядаў як першую спробу стварэння дыктатуры пралетарыяту. У працы «Да крытыкі палітычнай эканоміі» (1859) і ў гал. сваёй працы «Капітал» (т. 1, 1867; т. 2 і 3 падрыхтаваў да друку і выдаў Энгельс у 1885 і 1894) М. сфармуляваў асн. палажэнні гіст. матэрыялізму, дыялектыкі ўзаемаадносін базісу і надбудовы ў развіцці грамадства, закон прыбавачнай вартасці і інш. заканамернасці, якія на яго думку, вядуць да змены адной сац.-эканам. фармацыі другой і ў канчатковым выніку — да ўсталявання камуніст. грамадства. У працы «Крытыка Гоцкай праграмы» (1875, апубл. 1891) ён сфармуляваў палажэнне аб пераходным перыядзе і 2 фазах такога грамадства (сацыяліст. і камуністычнай). М. падтрымліваў цесныя сувязі з многімі рус. рэвалюцыянерамі. У яго працах ёсць звесткі пра Беларусь. Творы М. пачалі распаўсюджвацца на Беларусі ў 1870-я г. (Мінск, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў, Барысаў і інш.). Першая кніга М. і Энгельса ў перакладзе на бел. мову — «Маніфест Камуністычнай партыі» («Камуністычны маніфест»), выдадзена ў 1924.
Філас. светаўспрыманне М. і яго вучэнне значна паўплывалі на развіццё сац. думкі 19 ст., сталі тэарэт. і арганізац. асновай сацыяліст. рэвалюцый 20 ст. ў розных краінах свету, у т. л.Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, ажыццёўленай у Расіі бальшавікамі на чале з У.І.Леніным. Разам з тым М. абсалютызаваў ролю класавай барацьбы, адмаўляў магчымасць прагрэс. эвалюцыі бурж. грамадства, рамантызаваў гіст. ролю пралетарыяту, сцвярджаў неабходнасць ліквідацыі прыватнай уласнасці на асн. сродкі вытв-сці. Шэраг ідэй М. ў дастасаванні да новых гіст. умоў знайшлі адлюстраванне ў стварэнні СССР, а пасля 2-й сусв. вайны — сацыяліст. дзяржаў ва Усх. Еўропе, Азіі і на Кубе. Паміж прыхільнікамі і праціўнікамі М. ўвесь час вядзецца барацьба, асабліва па пытаннях разумення грамадска-паліт. жыцця, ажыццяўлення сац.-эканам. і дэмакр. пераўтварэнняў у грамадстве (гл.Марксізм, Марксізм-ленінізм).
Тв.:
Бел.пер. — Маркс К., Энгельс Ф. Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1951—52;
Рус.пер. — Маркс К., Энгельс Ф. Соч.Т. 1—50. 2 изд. М., 1954—81.
Літ.:
Ленін У.І. Гістарычны лёс вучэння Карла Маркса // Тв. Т. 18. (Полн. собр. соч. Т. 23);
Карл Маркс: Биогр. 3 изд. М., 1989;
Меринг Ф. Карл Маркс: История его жизни: Пер. с нем. 2 изд. М., 1990;
Фридрих Энгельс о Карле Марксе: [Сб.]. М., 1990;
Максимова Л.П., Меднова Е.С. Их стихией была борьба: Очерки о жизни и деятельности К.Маркса и Ф.Энгельса. Мн., 1991;
Лобок АМ. Подсознательный Маркс, или Евангелие, которое не состоялось: Книга-гипотеза. Екатеринбург, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1941—42,
адна з вырашальных вайск. аперацый у Вял.Айч. вайну. Складалася з 2 перыядаў: наступленне ням.-фаш. войск на Маскву і абарончыя баі Чырв. Арміі (30.9—4.12.1941), контрнаступленні (5.12.1941—20.4.1942) сав. войск і іх дзеянні па разгроме герм. групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.-фельдмаршалы ф. фон Бок, з 19 снеж. Г. фон Клюге). З сав. боку ўдзельнічалі войскі франтоў: Зах. (каманд.ген.-палк. І.С.Конеў, з 10 кастр.ген. арміі Г.К.Жукаў), Рэзервовага (Маршал Сав. Саюза С.М.Будзённы), Бранскага (ген.-палк. А.А.Яроменка, з кастр.ген.-м. Г.Ф.Захараў, з 18 снеж.ген.-палк. Я.Ц.Чаравічэнка), Калінінскага (ген.-палк. І.С.Конеў) правага крыла Паўд.-Зах. (Маршал Сав. Саюза С.К.Цімашэнка, са снеж.ген.-лейт. Ф.Я.Кастэнка) і Паўн.-Зах. (ген.-лейт. П.А.Курачкін). Восенню 1941 для наступлення на Маскву (аперацыя «Тайфун») герм. камандаванне сканцэнтравала 77 дыв., у т. л. 14 танк. і 8 матарызаваных; ням. сілы па колькасці войск, тэхнікі і ўзбраення мелі значную перавагу над абаронцамі Масквы. 30 вер.ням. войскі атакавалі левае крыло Бранскага, 2 кастр. — Рэзервовага і Зах. франтоў, прарвалі абарону сав. войск на шэрагу ўчасткаў, захапілі гарады Калінін, Малаяраславец, Мажайск, Валакаламск. Паводле рашэння Дзярж.к-та абароны гал. мяжой супраціўлення вызначана Мажайская лінія, куды выстаўляліся рэзервы Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання (ВГК) і злучэнні, перакінутыя з іншых франтоў. Другая лінія абароны праходзіла непасрэдна на подступах да Масквы. Горад разам з войскамі абаранялі нар. апалчэнцы (16 дывізій). У Маскве і прылеглых да яе раёнах быў уведзены стан аблогі. Для лепшага кіравання войскамі ВГК 10 кастр. аб’яднала войскі Зах. і Рэзервовага франтоў у Зах. фронт, а з войск правага крыла Зах. фронту 17 кастр. сфарміравала Калінінскі, 10 ліст. — Бранскі франты. Гераічнымі намаганнямі (гл.Панфілаўцы) Чырв. Армія пры падтрымцы апалчэнцаў і баявых дружын прыпыніла наступленне ням. войск. У ходзе 2-й фазы наступлення з 15—16 ліст. група армій «Цэнтр» цаной вял. страт пацясніла сав. абарону на некат. участках і наблізілася да Масквы на адлегласць 25—30 км. Рубеж абароны прайшоў на Пд ад Волжскага вадасховішча, Дзмітрава, Яхрамы, Краснай Паляны, на У ад Істры, на З ад Кубінкі і Нара-Фамінска, на З ад Серпухава, на У ад Алексіна і Тулы. 27 і 29 ліст.сав. войскі нанеслі моцныя контрудары па паўн. і паўд. групоўках праціўніка. 1 снеж.герм. войскі ў апошні раз намагаліся прарвацца да Масквы. 5—6 снеж.сав. войскі, якія не мелі колькаснай перавагі ў сілах і сродках, перайшлі ў контрнаступленне. Да пач.студз. 1942 войскі Калінінскага, Зах., правага крыла Паўд.-Зах. і Бранскага франтоў разграмілі ўдарныя групоўкі праціўніка і адкінулі іх ад Масквы на 100—250 км, вызвалілі больш за 11 тыс.нас. пунктаў. 7—10.1.1942 контрнаступленне пад Масквой перарасло ў агульнае наступленне сав. войск на асн.стратэг. напрамках, у ходзе якога ням.-фаш. войскі адкінуты на 150—400 км, вызвалены Маскоўская і Тульская вобл., многія раёны Калінінскай, Смаленскай, Разанскай і Арлоўскай абласцей. У М.б. сярод злучэнняў і часцей вызначыліся воіны 2-гагв.кав. корпуса пад камандаваннем ген.-м. Л.М.Даватара, 1-й гв. Маскоўскай мотастралк. дывізіі пад камандаваннем ген.-м. А.І.Лізюкова, 8-й гв. стралковай дывізіі пад камандаваннем І.В.Панфілава, а таксама воіны-беларусы С.П.Алейнікаў, І.П.Камера, І.І.Казлоўскі, Г.А.Палаўчэня, П.Ф.Сычэнка, А.Дз.Церашкоў і інш. У час абароны Масквы Чырв. Арміі дапамагалі партызаны і падпольшчыкі, у т. л. Беларусі. Толькі падпольшчыкі Оршы за 3 месяцы ўчынілі 98 крушэнняў на чыгунцы, вывелі са строю 200 паравозаў. У М.б. праціўнік страціў больш за 0,5 млн.чал., 1,3 тыс. танкаў, 2,5 тыс. гармат і інш. тэхнікі. У бітве ўпершыню з пачатку Вял.Айч. вайны сав. войскі дасягнулі буйной перамогі над вермахтам. Герм. армія панесла першае адчувальнае паражэнне, што стала пачаткам павароту ў 2-й сусв. вайне, былі канчаткова пахаваны яе спадзяванні на «маланкавую вайну» (бліцкрыг). Перамога Чырв. Арміі садзейнічала ўзмацненню руху Супраціўлення на акупіраваных тэрыторыях і паскарэнню стварэння антыгітлераўскай кааліцыі. Каля 40 сав. часцей і злучэнняў атрымалі найменні гвардзейскіх, 110 воінаў — званне Героя Сав. Саюза, 36 тыс. узнагароджаны ордэнамі і медалямі. У 1944 устаноўлены медаль «За абарону Масквы» (ім узнагароджаны больш за 1 млн.чал.). 8.5.1965 Маскве прысвоена званне «Горад-герой».
Літ.:
Муриев Д.З. Провал операции «Тайфун». 2 изд. М., 1972;
Федоров А.Г. Летчики на защите Москвы. М., 1979;
Битва под Москвой: [Воен.-ист. очерк]. М., 1989;
Самсонов А.М. Москва, 1941 г.: от трагедии поражений к Великой победе. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ КАМУ́НА 1871,
орган улады ў Парыжы ў час нар. рэвалюцыі 18.3—28.5.1871, а таксама пашыраная ў гіст. л-ры назва гэтай рэвалюцыі. Паражэнне Францыі ў франка-прускай вайне 1870—71, абвастрэнне бедстваў і нястачы рабочых і дробнай буржуазіі, выкліканае цяжкімі ваен. абставінамі, няздольнасць «урада нац. абароны», які прыйшоў да ўлады пасля вераснёўскай рэвалюцыі 1870, і наступнага (з лют. 1871) урада А.Цьера палепшыць становішча, стварылі ў Парыжы і інш. гарадах Францыі ў пач. вясны 1871 перадрэв. сітуацыю. У лют.-сак. члены 215 рабочых і дробнабурж. батальёнаў Нац. гвардыі (нар. апалчэння) Парыжа стварылі масавую паліт. арг-цыю — Рэсп. федэрацыю Нац. гвардыі. 18.3.1871 пры спробе ўрада Цьера раззброіць Нац. гвардыю ў Парыжы пачалося паўстанне, у выніку якога ўлада ў горадзе перайшла да ЦК федэрацыі Нац. гвардыі, а ўрад Цьера ўцёк у Версаль, дзе пачаў збіраць сілы для барацьбы з рэвалюцыяй. ЦК федэрацыі Нац. гвардыі правёў выбары ў П.к., якая была ўрачыста абвешчана 28 сакавіка. Пасля дадатковых выбараў 16 крас. агульная колькасць дэпутатаў П.к. склала 81 чал. (33 рабочыя, 11 служачых, 3 прадпрымальнікі, 2 афіцэры, 32 інтэлігенты). З іх 60 належалі да розных не аформленых паліт. груповак: 26 прытрымліваліся ідэй Л.А.Бланкі, 23 — пруданізму, 2 — марксізму, 9 неаякабінцаў падзялялі ідэалы свабоды, роўнасці, братэрства. Сярод дэпутатаў было 30 чл.Інтэрнацыянала 1-га і некалькі масонаў (гл.Масонства). У дэпутатаў П.к. не было адзінства поглядаў па пытаннях улады, кіравання, узбр. сіл, развіцця эканомікі і культуры. Бясконцая палеміка паміж двума асн. блокамі — «большасцю» (бланкісты і неаякабінцы) і «меншасцю» (пруданісты) — аслабляла Камуну. П.к., якая спалучала функцыі заканад. і выканаўчай улады, складалася з 10 камісій: выканаўчай; ваен.; грамадскай бяспекі; юстыцыі; харчавання; фінансаў; працы, прам-сці і абмену; грамадскіх службаў; асветы; знешніх зносін. Эканам. і сац. палітыка Камуны аб’ектыўна ўлічвала, хоць і ў рознай ступені, інтарэсы ўсіх пластоў гар. насельніцтва. Дэкрэтам ад 29 сак. яна замяніла армію і паліцыю Нац. гвардыяй, 1 крас. ўстанавіла максімальны памер акладу служачых, іншымі актамі ўвяла суд прысяжных і выбарнасць суддзяў, вызваліла кватэранаймальнікаў ад аплаты за перыяд з кастр. 1870 да чэрв. 1871, забараніла штрафы і адвольныя вылікі на прадпрыемствах і ва ўстановах, павялічыла ў 2—4 разы аклады настаўнікаў, павысіла жалаванне радавым служачым, загадала ламбардам бязвыплатна вярнуць уладальнікам закладзеную маёмасць коштам да 20 франкаў, адтэрмінавала на 3 гады аплату даўгоў па вэксалях; пакінутыя ўладальнікамі прадпрыемствы перадаваліся ў кіраванне рабочым каап. асацыяцыям. Дэклараванае ёю аддзяленне царквы ад дзяржавы забяспечвала свабоду сумлення, вызваляла дзяржаву ад утрымання царквы, рыхтавала секулярызацыю царк. маёмасці. П.к. дзейнічала ва ўмовах блакады. Ням.акупац. войскі кантралявалі ўсх. і паўн.-ўсх. подступы да Парыжа, астатнія подступы занялі войскі Цьера, т.зв. «версальцы», колькасць якіх дасягала 130 тыс.чал. На баку Камуны змагаліся 40—50 тыс.нац. гвардзейцаў. Ваен. дзеянні пачаліся 2 крас. нападам версальцаў. 3—4 крас.Нац. гвардыя зрабіла няўдалыя вылазкі ў бок Версаля. Потым яна вяла абарончыя баі і да 20 мая на гал. напрамку ваен. дзеянняў адступіла за крапасны вал Парыжа.
1 мая выканаўчая камісія Камуны заменена Камітэтам грамадскага выратавання. Нац. гвардыя была падзелена на 2 арміі пад камандаваннем генералаў Я.Дамброўскага і В.Урублеўскага. Але гэтых захадаў і гераізму камунараў было недастаткова, каб супрацьстаяць арміі Цьера. 21 мая версальцы ўварваліся ў Парыж і пасля тыдня ўпартых барыкадных баёў 28 мая захапілі горад, а 29 мая — апошні апорны пункт камунараў форт Венсен. Задушэнне П.к. суправаджалася крывавым тэрорам: салдаты Цьера забілі ў Парыжы 30 тыс.чал. У выніку суд. працэсаў над камунарамі, што працягваліся са жн. 1871 да 1877, каля 40 тыс.чал. сасланы на катаргу ці кінуты ў турмы. К.Маркс, Ф.Энгельс і У.І.Ленін вызначалі П.к. як дыктатуру пралетарыяту, хоць фактычна яна была ўладай усяго насельніцтва Парыжа, у т. л. пралетарыяту, які ўпершыню быў дапушчаны да кіравання. Да ўлады была дапушчана і буржуазія, але найб. багатая яе частка не прыняла Камуну. Народапраўства ў выглядзе Камуны не прыняла франц. правінцыя, асабліва буйныя землеўласнікі і сяляне. Гар. камуны, абвешчаныя ў Ліёне, Марселі, Сент-Эцьене, Тулузе, Нарбоне, Бардо, Крэзо, былі задушаны на працягу 22—26 сакавіка. Гал. прычынамі паражэння П.к. былі яе ізаляванасць, адсутнасць апоры ўнутры і па-за межамі краіны, а таксама прысутнасць ням.акупац. войск.
Літ.:
История Парижской коммуны 1871 г.М., 1971;
Парижская коммуна 1871 г.: Время, события, люди. 2 изд. М., 1981.
Р.А.Чыкалаў.
Да арт.Парыжская камуна 1871. Абвяшчэнне Парыжскай камуны 28.3.1871. Мастак Э.Ламі.Да арт.Парыжская камуна 1871. Пасяджэнне Парыжскай камуны ў ратушы. Мастак Дэруа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУГ,
прылада для асноўнай апрацоўкі глебы — ворыва. Бываюць: агульнага прызначэння — для ўзворвання глебы на глыб. 20—35 см з абаротам пласта (адвальныя П.) і без абароту (безадвальныя); спецыяльныя — для спец. апрацоўкі глебы ці звычайнай у асаблівых умовах (плантажныя, балотныя, балотна-хмызняковыя, ярусныя, садовыя, вінаградныя, лясныя, П. для пескавання тарфянікаў і інш.).
Паводле віду цягі П. падзяляюцца на трактарныя (навясныя, паўнавясныя, прычапныя), канатныя (выкарыстоўваюцца ў цяпліцах, на горных схілах) і конныя; паводле тыпу рабочых органаў — на лямешныя (з суцэльнаадвальнымі, пласціністымі і выразнымі карпусамі) і дыскавыя. Асн. вузлы найб. пашыраных лямешных трактарных П. — рабочыя органы (карпусы, перадплужнікі, глебапаглыбляльнікі, дыскавыя і тронкавыя нажы), механізмы рэгулявання глыбіні ўзворвання, навясное, аўтасчэпнае або прычэпнае прыстасаванні. Карпусы маюць рабочую паверхню культурнага, паўвінтавога ці вінтавога тыпу; складаюцца з лемяша, адвала, палявой дошкі, стойкі. Перад кожным корпусам ставіцца перадплужнік, перад заднім — дыскавы нож. Перадплужнік зразае верхні слой глебавага пласта і скідвае яго на дно баразны; нож падразае бок пласта перад корпусам; глебапаглыбляльнік разрыхляе падворыўны слой (ніжэй лемяша) без вынасу яго на паверхню; лямеш падразае глебавы пласт, а адвал крышыць яго і пераварочвае ў суседнюю баразну; дыскавы нож каля задняга корпуса адразае пласт, пакідаючы неабрушаную сценку і чыстую баразну. Для апрацоўкі глебы на глыб. да 18 см выкарыстоўваюць П.-лушчыльнікі (гл.Лушчыльнік), на глыб. 40—80 см (плантаж глебы пад садовыя і лясныя насаджэнні, вінаграднікі) — плантажныя (звычайна аднакорпусныя). Для звальна-развальнага ворыва выкарыстоўваюць П. з праваабарачальнымі карпусамі, для гладкага ворыва (без грабянёў і барознаў) — абаротныя (маюць права- і леваабарачальныя карпусы на агульнай раме), клавішныя (абсталяваны секцыямі права- і леваабарачальных карпусоў, якія працуюць папераменна) і чаўночныя (секцыі права- і леваабарачальных карпусоў навешваюцца спераду і ззаду трактара; агрэгат працуе ўпоперак схілу чаўночным спосабам, секцыі ўключаюцца папераменна). Лямешныя П. агульнага прызначэння выпускаюцца з 1—9 карпусамі для агрэгатавання з колавымі і гусенічнымі трактарамі. Ярусныя П. маюць 3 ці 4 секцыі карпусоў у верхнім і ніжнім ярусе (або ў 3 ярусах); прызначаны для паслойнага ворыва глебы на глыб. да 45 см з перамяшчэннем глебавых слаёў (для карэннага паляпшэння падзолістых і саланцовых глеб; гл.Глебапаглыбленне). Дыскавыя П. замест карпусоў з лемяшамі маюць пастаўленыя пад вуглом сферычныя дыскі, выкарыстоўваюцца пераважна для першаснай апрацоўкі глебы з драўніннымі рэшткамі, пераўвільготненых цяжкіх камяністых глеб (гл.Дыскаванне). Для паляпшэння якасці апрацоўкі глебы выпускаюцца П. з ротарнымі адваламі (добра пераварочваюць і рыхляць пласт на павышаных скарасцях) і ратацыйныя.
П. — найб.стараж. глебаапрацоўчая прылада, вядома з 2-гатыс. да н.э. (Вавілонія, Стараж. Егіпет і інш.). Вырабляўся з дрэва, меў дышаль для запрагання жывёл. Рабочы орган — лямеш, замацоўваўся нахілена (саха) ці гарызантальна (уласна П). У 1-м тыс. да н.э. з’явіліся П. з жалезным лемяшом; у Стараж. Рыме вынайдзены перадок на колах, які дазваляў рэгуляваць глыбіню ворыва; выкарыстаны нож, размешчаны перад лемяшом для разразання глебы, і дошкі-адвалы. З 17 ст. пачалося развіццё сучаснага тыпу П. Першыя метал. конныя П. з’явіліся ў канцы 18 ст. Заводская вытв-сць у Расіі пачалася ў 1802, П. з мех. цягай — пасля 1917, серыйных трактарных у СССР — у 1925 (у Адэсе).
На тэр. Беларусі для ворыва з часоў жал. веку выкарыстоўвалася драўлянае рала (з 8—9 ст. мела метал. наральнікі), з 10—11 ст. драўляная саха з метал. сашнікамі, з канца 19 ст. — метал. П. Сучасныя 2- і 3-карпусныя трактарныя, а таксама конныя П. выпускае з-д «Лідсельмаш».
В.М.Кандрацьеў.
Плугі — тыпы карпусоў; а — скарасны (1 — лямеш, 2 — адвал); б — паўвінтавы (1 — пятка, 2 — палявая дошка, 3 — пяро); в — безадвальны (1 — палявая дошка, 2 — пашыральнік); г — выразны (1—2 — ніжні і верхні лемяшы); д — ратацыйны (1 — ратацыйны рыхліцель, 2 — корпус, 3 — пад’ёмныя лапаткі); е — культурны (1 — глебапаглыбляльнік, 2 — стойка).Плугі: а — конны 19 ст. (1 — рэгулятар глыбіні ворыва, 2 — нож, 3 — лямеш, 4 — адвал); б — трактарны прычапны (1 — вінтавы механізм палявога кола, 2 — перадплужнік, 3 — корпус); в — навясны (1 — аўтасчэпка, 2 — перадплужнік, 3 — корпус); г — дыскавы (1 — чысцік, 2 — дыск, 3 — перадплужнік); д — навясны абаротны (1, 2 — права- і леваабарачальныя карпусы, 3 — леваабарачальны перадплужнік, 4 — навеска); е — трох’ярусны (1—3 — задні, сярэдні і пярэдні карпусы, 4 — чаранковы нож); ж — лясны завода «Лідсельмаш» (1 — корпус, 2 — шчокі для падвескі, 3 — дыск); з — для пескавання тарфянікаў канструкцыі БелНДІМіЛ (1 — перадплужнік, 2 — корпус).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБО́ДЖА, Каралеўства Камбоджа (Preahreacheanachakr Kampuchea),
дзяржава ў Азіі на п-ве Індакітай. Мяжуе на З і ПнЗ з Тайландам, на Пн з Лаосам, на У з В’етнамам; паўд.-зах. яе берагі абмываюцца водамі Сіямскага заліва. Пл. 181 тыс.км². Нас. 11163,9 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Пнампень. Падзяляецца на 18 правінцый (кхэтаў) і 3 гарады цэнтр. падпарадкавання. Дзярж. мова — кхмерская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (9 ліст.).
Дзяржаўны лад. К. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы прадстаўнічы орган — Нац. сход (120 членаў, выбіраюцца на 5 гадоў). Вышэйшы орган выканаўчай улады — Каралеўскі ўрад.
Прырода. Большую ч. краіны займае Камбаджыйская раўніна, размешчаная ў ніжнім цячэнні р. Меконг. На З — горы Кравань выш. да 1813 м (г. Араль), на Пн — паўд. адгор’і куэставага ўступа Дангрэк, на У — зах. адгор’і Чыангшон. Карысныя выкапні: жал. і марганцавыя руды, фасфарыты, каменны вугаль, баксіты, алавяныя, свінцова-цынкавыя і вальфрамавыя руды, золата. Буд. матэрыялы: вапняк, пясчанік. базальт, гліна, жвір, мармур, граніт. Запасы каштоўных камянёў (сапфір, рубін, цыркон). Клімат субэкватарыяльны, з сухім сезонам у снеж.—красавіку. Т-ра паветра ўвесь год 25—30 °C. Ападкаў на раўніне 700—1500 мм, у гарах да 2000 мм за год. Рачная сетка густая. Гал. рака — Меконг. Для рэк характэрны ваганні ўзроўню вады (12—15 м у гарах, 7—9 м на раўніне). Глебы чырвоныя і алювіяльныя. Лясы і рэдкалессі займаюць 76% тэр. краіны. На У — лістападныя трапічныя, у гарах — вечназялёныя лясы, шмат каштоўных парод дрэў (сал, цік, лакавае, камфорнае). Пашыраны саванны. На водмелях — мангравыя лясы. Жывёльны свет багаты і разнастайны. У лясах — тыгры, пантэры, чорныя мядзведзі. Шмат птушак. Буйное мелкаводнае воз. Танлесап багатас рыбай. Нац. парк Ангкор, некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Каля 90% насельніцтва — кхмеры, жывуць в’етнамцы (5%), кітайцы (1%), цямы (чамы), таі і інш. Большасць вернікаў — будысты (95%). За час праўлення рэжыму Пол Пота (1975—78) загінула і прапала без вестак каля 3 млн. чалавек; знішчана каля 90% мусульман, усе хрысціяне, большасць прадстаўнікоў нац. меншасцей. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 61,7 чал. на 1 км²Найб.шчыльн. у даліне р. Меконг, на ўзбярэжжы воз. Танлесап і Сіямскага заліва. Гар. насельніцтва 21%. Найб. гарады (тыс.чал.): Пнампень — 920 (1994), Кампонгсаам — 75 (1990).
Гісторыя. Продкі кхмераў (сучасных жыхароў К.) жылі на тэр. краіны з часоў неаліту (5-е тыс. да н.э.). У 1—2 ст.н.э. ў дэльце р. Меконг узнікла дзяржава Фунань. У сярэдзіне 5 ст.засн. дзяржава Чэнла (напачатку васальная Фунані, пазней незалежная). У сярэдзіне 6 ст. правіцелі Чэнлы, выкарыстаўшы дынастычныя спрэчкі ў Фунані, падпарадкавалі ўсю тэр. сучаснай К. У канцы 7 ст. Чэнла распалася на 2 дзяржавы — Чэнлу Зямлі і Чэнлу Вады. У 9 ст. пры ангкорскай дынастыі (заснавальнік Джаяварман II) на землях Фунані і Чэнлы пачала фарміравацца аб’яднаная дзяржава кхмераў Камбуджадэша. На 9—12 ст. прыпадае перыяд паліт. ўздыму і росквіту культуры, пераважна архітэктуры (гл.Ангкор).Пры Джаявармане VII (каля 1181 — каля 1219] Камбуджадэша дасягнула магутнасці і ўключала акрамя К. тэр. сучасных Бірмы, Лаоса, Тайланда, В’етнама і Малайзіі. Сталіцай імперыі быў Ангкор, пануючай рэлігіяй — індуізм. У канцы 13 ст. Камбуджадэша распалася, адначасова тут пашырыўся будызм. Пасля захопу Ангкора тайцамі (1432) сталіца К. перанесена ў Пнампень. У 15 ст. краіна трапіла ў залежнасць ад Сіяма (сучасны Тайланд) і В’етнама. У 16 ст. ў К. прыбылі першыя еўрапейцы. У 1863 кароль Нарадом I прызнаў пратэктарат Францыі, у 1884 К. стала франц. калоніяй (з 1887 у складзе Індакітая Французскага), што ў канцы 19 — пач. 20 ст. выклікала шэраг нац.-вызв. паўстанняў. У 2-ю сусв. вайну К. з 1941 акупіравана войскамі Японіі (да 1945) і Тайланда (да 1946). Пасля вайны нац.-вызв. барацьбу супраць французаў узначалілі рух Свабодныя кхмеры і камуніст. партыя.
У 1949 Францыя прызнала незалежнасць К. ў рамках Франц. Саюза, а ў 1953 дала ёй поўны дзярж. суверэнітэт і вывела свае войскі. Незалежнасць К. пацверджана Жэнеўскімі нарадамі 1954—59. У 1966 кароль К. ( з 1941) Нарадом Сіянук адрокся ад прастола на карысць свайго бацькі Нарадома Сурамарыта і стварыў паліт. арг-цыю Нар.-сацыяліст. супольнасць (Сангкум), якая перамагла на парламенцкіх выбарах 11.9.1955. Урад Сіянука ўзяў курс на пабудову «каралеўскага сацыялізму» (аднапарт. сістэма, планаванне ў эканоміцы, каапераванне ў сельскай гаспадарцы). У 1957 прыняты закон, які замацаваў за К. статус нейтральнай дзяржавы. У 1960 пасля смерці бацькі Сіянук абвешчаны кіраўніком дзяржавы. У час в’етн. вайны 1964—73 тэр. К. выкарыстоўвалася для стварэння баз В’етконга, што стала прычынай інспіраванага ў 1970 ЗША дзярж. перавароту ген. Лон Нола і ўводу ў К. амер. і паўд.-в’етн. войск. Была абвешчана Кхмерская рэспубліка. Сіянук эмігрыраваў у Кітай, дзе заснаваў Нац. адзіны фронт К. (НАФК), у склад якога ўвайшла і мааісцкая фракцыя камуніст. партыі «чырвоныя кхмеры»). НАФК вёў барацьбу супраць урадавых, амер. і паўд.-в’етн. войск, у 1975 яго атрады занялі Пнампень. Улада перайшла да «чырв. кхмераў», іх лідэр Пол Пот стаў прэм’ер-міністрам; у 1976 Сіянук прымушаны да адстаўкі. Паводле канстытуцыі 1976 К. стала наз.Дэмакр. рэспублікай Кампучыя. У выніку праўлення «чырв. кхмераў», якія шляхам тэрору ўстанавілі рэжым генацыду, за няпоўныя 4 гады загінула да 3 млн. камбаджыйцаў. У снеж. 1978 праціўнікі Пол Пота стварылі Аб’яднаны фронт нац. выратавання Кампучыі, падтрыманы В’етнамам. В’етн. войскі ў студз. 1979 занялі Пнампень. Была абвешчана Нар. рэспубліка Кампучыя. У 1982 Сіянук узначаліў кааліцыйны ўрад у эміграцыі з удзелам груповак (у т. л. «чырв. кхмераў»), якія змагаліся з прав’етн. рэжымам у К. Паводле рашэння Парыжскай міжнар. канферэнцыі 1989 у вер. 1989 В’етнам пачаў вывад сваіх войск з К. У кастр. 1991 на Парыжскай канферэнцыі прынята рашэнне аб стварэнні Найвышэйшага нац. савета на чале з Сіянукам і правядзенні парламенцкіх выбараў пад кантролем Часовай адміністрацыі ААН. На выбарах у маі 1993 перамаглі прыхільнікі Сіянука. У вер. 1993 Канстытуцыйная асамблея абвясціла К. спадчыннай манархіяй, каралём стаў Сіянук. Быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з 2 прэм’ерамі — сынам Сіянука Нарадомам Ранарытам і Хун Сенам. «Чырв. кхмеры», якія байкатавалі выбары, распачалі ўзбр. барацьбу супраць новага ўрада. У ліп. 1997 Хун Сен абвінаваціў Ранарыта ў змове з «чырв. кхмерамі» і накіраваў супраць яго верныя яму войскі; прыхільнікі Ранарыта разбіты, сам ён пакінуў краіну. Прэм’ер-міністрам прызначаны Унг Хуот. К. — чл.ААН (з 1955), АСЕАН (з 1997). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1995.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дзейнічаюць Адзіны нац. фронт за суверэнную, незалежную, нейтральную, мірную К., Нар. партыя К., Будыйская ліберальна-дэмакр. партыя, Нац. ліберальны рух К., Федэрацыя прафсаюзаў.
Гаспадарка. К. — аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 7 млрд.дол. ЗША, на душу насельніцтва — 660 дол. ЗША. У сельскай гаспадарцы запята 69% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і сферы паслуг — 31%. Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП (%) — 47, прам-сці — 15, сферы паслуг — 35. Апрацоўваецца 2,9 млн.га зямлі (каля 50% пад рысам), каля 0,6 млн.га пад пашай. Пераважае дробнае землеўладанне і пач. формы кааперавання. Пасевы рысу (збор 3390 тыс.т, 1996), кукурузы (60 тыс.т), маніёку, ямсу, батату, соевых бабоў. Вырошчваюць какосавую і цукр. пальмы, цукр. трыснёг, бавоўнік, джут, кунжут, рамі, капок, сезам, арахіс, тытунь. Вял. значэнне маюць плантацыі гевеі. Вытв-сць натуральнага каўчуку каля 30 тыс.т за год. Развіта пладаводства (бананы, апельсіны, мандарыны, ананасы, манга), агародніцтва (баклажаны, гарбузы, перац, капуста і інш.). Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 2,8 (пераважна буйвалы), свіней — 2. Птушкагадоўля (куры, качкі, гусі). У харч. балансе краіны рыба займае другое месца пасля рысу. Улоў рыбы ў 1994—103 тыс.т. Штогод нарыхтоўваюць больш за 100 тыс.м³ каштоўнай драўніны (сандал, цік, палісандр, чорнае дрэва і інш.). У лесе збіраюць кардамон, гутаперчу, сыры лак. Прам-сць развіта слаба і спецыялізуецца пераважна на перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Асн. галіны — харч. (рысаачышчальная, мукамольная, цукр., рыбаперапрацоўчая), лёгкая (баваўняная, джутавая, гарбарная), дрэваапр., папяровая, каўчукавая. Гал. цэнтры — Пнампень, Батамбанг, Кампонгсаам, Кампонгцям, Кампот. Ёсць металаапр., аўта- і трактаразборачны, суднарамонтны з-ды ў Пнампені і Кампонгсааме. На імпартнай сыравіне працуе нафтаперапр.з-д у Кампонгсааме. Вытв-сць фасфатных угнаенняў у Батамбанзе, буд. матэрыялаў (цэментны з-д) у Кампоце. Пашыраны невял. прадпрыемствы па вырабе цэглы, мыла, цыгарэт. Вытв-сць электраэнергіі 190 млн.кВтгадз (1995), пераважна на ЦЭС. Невял. здабыча жал. (запасы 6,5 млн.т) і марганцавых (запасы каля 120 тыс.т) руд, фасфарытаў, руд каляровых металаў, каштоўных камянёў, буд. матэрыялаў (запасы мармуру каля 65 тыс.т). Даўж. чыгункі 649 км, аўтадарог 14,8 тыс.км. Аўтапарк 37 тыс. машын, у т. л. 11 тыс. грузавых (1995). Вял. значэнне ў грузаабароце маюць унутр. водныя шляхі, асабліва па р. Меконг. Гал. рачны порт — Пнампень, марскі — Кампонгсаам. Міжнар. аэрапорт у Пнампені. Экспарт (630,5 млн.дол. ЗША, 1994): каўчук, драўніна, рыс, рыба, фрукты, вострыя прыправы). Імпарт (240 млн.дол. ЗША, 1994): нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, буд. матэрыялы, харч. прадукты). Асн.гандл. партнёры: Сінгапур, Тайланд, В’етнам, Малайзія, Японія, Кітай. Грашовая адзінка — рыель.
Літаратура. Развіваецца на кхмерскай мове. Першыя вядомыя пісьмовыя помнікі — надпісы на камянях 7 ст. на санскрыце (у паэт. формах) і стараж.кхмерскай мове. Росквіт кхмерскай культуры, якая развівалася пад уплывам брахманізму і будызму махаяны, адносіцца да ангкорскага перыяду (9 — сярэдзіна 15 ст.); у гэты час у л-ры выкарыстоўвалася таксама мова палі. Да 15 ст. адносяць паэму «Тум і Тэаў» (зап. ў 19 ст.) пра трагічны лёс двух закаханых. У пасляангкорскі перыяд (сярэдзіна 15 — сярэдзіна 19 ст.) вылучаецца лірычная творчасць караля Сампхія (17 ст.) і яго творы ў жанры цьбапаў (законаў). Асобнае месца займае эпас «Рэамкер», сюжэт яго заснаваны на адной з версій «Рамаяны». Вельмі пашырана была будыйская л-ра (зб. «Панясаджатака»), У перыяд франц. каланіяльнага панавання (сярэдзіна 19 ст. — 1953) л-ра К. прадстаўлена пераважна паэзіяй, а таксама раманамі, сюжэты якіх запазычаны з будыйскіх зборнікаў (джатак). Сучасная проза пачала фарміравацца ў 1930-я г. (Ньёк Тхаем, Рым Кін, Ну Хач і інш.). Распрацоўваліся тэмы «маленькага чалавека», бяспраўя жанчыны, барацьбы з феад. перажыткамі. Адчуваецца некат. ўплыў франц. рамантызму. Пасля атрымання незалежнасці (1953) пачалі выдавацца часопісы, развіваліся публіцыстыка, літ.-знаўства. Прыкметнай з’явай стала творчасць празаіка Кіма Саета. На развіццё нац. культуры, у т. л. л-ры, адмоўна адбіліся падзеі ў краіне 2-й пал. 1970-х г. З 1980-х г.л-ра К. набыла магчымасць далейшага развіцця.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Фарміраваліся пад уплывам інд. мастацтва. Найб.стараж. помнікі — арнаментаваная кераміка неаліту, бронз. вырабы сярэдзіны 1-гатыс. да н.э. У 6—7 ст. будаваліся свяцілішчы (прасаты) — прамавугольныя ў плане цагляныя вежы, падзеленыя пілястрамі і завершаныя пірамідай з несапраўдных паверхаў (Ангкор-Барэй і Самбор-Прэй-Кук); іх сцены аздаблялі разьбой па стуку, несапраўднымі парталамі. Індуісцкія і будыйскія статуі 2-й пал. 6 ст. вылучаліся абагульненай мадэліроўкай, умоўнай перадачай празрыстага адзення, падпарадкаванасцю архітэктуры. У сярэдзіне 6 ст. пачаў фарміравацца ўласна кхмерскі стыль. У 7—8 ст. з аслабленнем уплываў Індыі скульптура стала больш самабытнай (скульптура Харыхары з храма Прасат-Андэт, 8 ст.). Манум. цэласнасць аб’ёмаў спалучалася з мяккай лепкай аголенага цела і строгасцю фігуры. У 9—13 ст. статуі страцілі арх. залежнасць, набылі строгую франтальнасць, часам статычнасць, маналітную веліч і абагульненасць аб’ёмаў, што спалучалася з графічнай стылізацыяй дэталей. У 9 ст. склаўся тып арх. ансамбля з прасаты і дапаможных будынкаў з агароджай і павільёнамі-брамамі «гапура», пазней з галерэямі і каналамі (Баконг у Ролуасе). У 10 ст. будавалі з латэрыту і пясчаніку, пашырыўся разны дэкор, у пышны раслінны арнамент упляталіся выявы божастваў, нябесных паннаў, жывёл і пачвар (барэльефы ў храме Тула Баці). У 9—13 ст. склаўся гіганцкі комплекс Ангкор. З 14 ст. мураванае дойлідства заняпала, стараж. гаралы пакінуты. Будавалі драўляныя палацы і будыйскія храмы (каралеўскі палац і «Сярэбраная пагада» ў Пнампені; храм у г. Удонг) з галерэямі, аздобленыя разьбой, лепкай, размалёўкай золатам па лаку. Узводзілі каменныя звонападобныя ступы. Каменную скульптуру замяніла драўляная, рэльефы — размалёўка на тэмы будыйскіх паданняў. З 2-й пал. 19 ст. гарады забудоўвалі ў стылі франц. эклектыкі. У жывапісе канца 19 — пач. 20 ст.дэкар. стылізацыя спалучалася з рэаліст. выразнасцю твараў (Окна Тэп Німіт Тлак). З 1950-х г. пачалося планамернае горадабудаўніцтва ў традыцыях мясц. архітэктуры (арх. Ванмаліван) і сучасным стылі Масавая забудова — каркасныя дамы на палях. Развіваліся жывапіс і графіка (Нгок Дзім, Сам Юн). Традыц.нар. рамёствы — ручное шаўкаткацтва, батык, разьба па дрэве і слановай косці, гравіроўка па метале, размалёўка керамікі, вышыўка, выразанне са скуры (ажурныя пано, фігуры тэатра ценяў). У перыяд ваен. дзеянняў 1970—75 і праўлення «чырв. кхмераў» (1975—78) большасць кхмерскіх помнікаў мастацтва знішчана.
Літ.:
Миго А. Кхмсры: История Камбоджи с древнейших времен: Пер. с фр.М., 1973;
История Кампучии: Краткий очерк. М., 1981;
Бектимирова Н.Н., Дементьев Ю.П., Кобелев Е.В. Новейшая история Кампучии. М., 1989;
Бектимирова Н.Н. Кризис и падение монархического режима в Кампучии (1953—1970). М., 1987;
Мосяков Д.В. Кампучия: Особенности рев. процесса и полпотовский «эксперимент». М, 1986;
Яго ж. Камбоджа: внутреннее развитие, 1979—1989. М., 1991.
І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Камбоджы.Да арт.Камбоджа. Вёска кхмераў.Да арт.Камбоджа. Верхняя частка вежы храма Баён у Ангкор-Тхоме. 12—13 ст.Да арт.Камбоджа. Барэльеф у храме Тула Баці.Да арт.Камбоджа. Храм у г. Удонг.Да арг.Камбоджа. Вышэйшы тэхналагічны інстытут у г. Пнампень.