АРТЫКУЛЯ́ЦЫЯ

(ад лад. articulo расчляняю),

1) у мовазнаўстве — работа органаў мовы (губ, языка, мяккага паднябення, галасавых звязак), з дапамогай якіх утвараюцца гукі мовы. Сукупнасць артыкуляцыі складае артыкуляцыйную базу мовы. Правільнае (без акцэнту) вымаўленне слоў чужой мовы патрабуе засваення яе артыкуляцыйнай базы. Паводле ступені выразнасці маўлення ацэньваюць якасць вымаўлення асобных людзей (пры адборы дыктараў, чытальнікаў, акцёраў і інш.) і каналаў сувязі.

У бел. артыкуляцыйнай базе пераважаюць артыкуляцыі з высокім становішчам языка, апусканнем да ніжніх зубоў кончыка языка пры вымаўленні мяккіх зычных «дз’», «ц’» (дзеканне-цеканне), а таксама «з’», «с’», «н’», «л’», ад чаго яны робяцца мякчэйшыя за, напр., адпаведныя рус. гукі. Спецыфічна бел. асаблівасці: губна-губная артыкуляцыя пры вымаўленні «в» пасля галосных і перад «у», «о»; працяжнае вымаўленне «г»; наяўнасць значнай колькасці змычна-шчыліннай артыкуляцыі («дж», «дз», «ч», «ц», «ц’», «дз’»). Артыкуляцыя суседніх гукаў накладваюцца і прыстасоўваюцца адна да адной (акамадацыя).

2) У музыцы — спосаб выканання паслядоўнасці гукаў голасам або на муз. інструменце. Вызначаецца злітнасцю або расчлянёнасцю. Асн. віды артыкуляцыі — легата і стаката. Іх разнавіднасці адрозніваюцца ступенню выразнасці і характарам выканання. Існуюць блізкія паміж сабою партамента і глісанда (лёгкае слізганне ад аднаго гуку да другога) і інш. Тэхнічна артыкуляцыя звязана з рознымі прыёмамі руху рукі, націску пальцаў, вядзення смычка або плектра, у спевах — са спосабам карыстання галасавым апаратам.

А.І.Падлужны (мовазнаўства).

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫЛЕ́РЫЯ

(франц. artillerie),

1) род войскаў, прызначаны для абслугоўвання і баявога выкарыстання артыл. ўзбраення. Ва ўсіх арміях свету выконвае баявыя задачы ў інтарэсах інш. родаў войскаў.

У сучасных сухапутных войсках падзяляецца на артылерыю вайсковую (палявую) — армейскую, карпусную, палкавую і да т.п. і рэзерву Гал. камандавання, на наземную (бывае пушачная, гаўбічная, рэактыўная, процітанкавая, горная і мінамёты) і зенітную. Залежна ад спосабу арганізацыі ўзаемадзеяння з інш. родамі войскаў адрозніваюць артылерыю прыдадзеную (на час выканання баявой задачы перадаецца ў распараджэнне камандзіра злучэння, часці) і артылерыю падтрымкі (застаецца ў падначаленні ст. артыл. камандзіра, але выконвае агнявыя задачы, пастаўленыя агульнавайск. камандзірам). Артылерыя ў ВПСавіяц. пушкі на самалётах і верталётах. У ВМФ падзяляецца на карабельную (у т. л. зенітную) і берагавую.

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь артылерыя складаецца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў уласнаствольных артыл. сістэм, процітанкавых кіроўных ракет, а таксама падраздзяленняў артыл. разведкі і спец. падраздзяленняў, што ўваходзяць у склад артыл. злучэнняў і часцей. Артыл. злучэнні і часці, што не належаць да вайсковай артылерыі, з’яўляюцца рэзервам Гал. камандавання і прызначаны для ўзмацнення дзеянняў агульнавайск. падраздзяленняў, а таксама для стварэння артыл. рэзерваў.

2) Від зброі або сукупнасць прадметаў артыл. ўзбраення, уключаючы сродкі наземнай і паветр. разведкі, сувязі, назірання, кіравання агнём, цягі, транспарту і інш. 3) Навука, якая вывучае асновы будовы матэрыяльнай часткі агнястрэльнай зброі, яе ўласцівасці і спосабы выкарыстання ў баі. Асн. раздзелы: унутраная і знешняя балістыка, асновы будовы матэрыяльнай часткі боепрыпасаў, выбуховыя сродкі і порахі, тэхналогія артыл. вытв-сці, тактыка, тэорыя стральбы, гісторыя артылерыі.

Самы ранні этап развіцця артылерыі — сценабітная і кідальная зброя краін Стараж. Усходу (Егіпет, Індыя, Кітай і інш.), Грэцыі і Рыму. З вынаходствам пораху ўзнікла агнястрэльная зброя: у Кітаі ў 11 ст., у Еўропе першыя ўзоры яе з’явіліся ў Італіі, Францыі. Германіі, Англіі, на Беларусі — у 14 ст. Войскі ВКЛ упершыню сутыкнуліся з новай зброяй у 1341, калі ў час аблогі крыжацкага замка Баербург «вогненнай стралой» быў забіты вял. князь Гедзімін. У 1382 войскі ВКЛ ужо мелі ўласныя бамбарды, пры дапамозе якіх штурмавалі ордэнскі замак Георгенбург. Першыя гарматы рабілі з дрэва (Кітай, Галандыя), потым з жалеза ў выглядзе каванай метал. трубы, якая мацавалася да масіўнай драўлянай калодкі. Ядры напачатку былі драўляныя і каменныя, пазней алавяныя і бронзавыя. У 14 ст. з’явіліся гарматы з бронзы (на Беларусі іх выраблялі майстэрні ў Полацку, Віцебску, Навагрудку і інш.). У 1384 кідальныя балісты, зробленыя на Беларусі, выкарыстоўваліся супраць войскаў Лівонскага ордэна. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — майстэрня па вытв-сці куль і ядраў Бараньская кульня. У 16—17 ст. гарматы ставілі на колы, у іх з’явіўся перадок з зараднай скрыняй. Ядры былі жалезныя, чыгунныя і нават шкляныя. Напачатку артылерыю на Беларусі абслугоўвалі наёмныя пушкары з Германіі, Чэхіі, Галандыі (у іх вучыліся бел. майстры), з сярэдзіны 16 ст. абыходзіліся без іх. Вядомы імёны майстроў Сцяпана і Пятра з Нясвіжа (канец 16 — пач. 17 ст.), К.Ганусава з Быхава (2-я пал. 16 ст.) і інш. У 1-й пал. 17 ст. выпушчаны падручнікі па артыл. справе на лац. і польскай мовах: італьянца Андрэя дэль’-Аква, іспанца Дыега Уфана, ураджэнца Беларусі К.Семяновіча. У 18 ст. артыл. гарматы выраблялі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі выраб гармат спынены, эпізадычна для асобных магнатаў рабіліся невял. гарматы-салютоўкі. З сярэдзіны 19 ст. ў большасці краін пачаўся пераход да наразной артылерыі. У пач. 20 ст. артылерысты ўпершыню вялі стральбу з закрытых агнявых пазіцый, быў створаны і выкарыстаны мінамёт (1904—05). У перыяд 1-й сусв. вайны з’явілася артылерыя суправаджэння, зенітная, процітанкавая, былі ўдасканалены мінамёты. 2-я сусв. вайна выклікала ўсебаковае развіццё зенітнай, процітанкавай, рэактыўнай і самаходнай артылерыі, выкарыстоўвалася артылерыя вялікай і асаблівай магутнасці. Узніклі новыя формы баявых дзеянняў артылерыі, павялічылася яе шчыльнасць на ўчастках прарыву (да 200—300 гармат на 1 км фронту). Вопыт баявога выкарыстання артылерыі даў багаты матэрыял для развіцця артыл. навукі. Удасканаленне артылерыі працягваецца.

Літ.:

Передельский Г.Е., Токмаков А.И., Хорошилов Г.Т. Артиллерия в бою и операции. М., 1980;

Отечественная артиллерия, 600 лет. М., 1986;

Nowak T. Polska technika wojenna XVI — XVIII w. Warszawa, 1970.

М.Р.Плахотны, В.А.Юшкевіч.

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫМО́ВІЧ Надзея Еўдакімаўна

(н. 18.2.1946, в. Аўгустова Беластоцкага ваяв., Польшча),

бел. паэтэса. Скончыла Варшаўскі ун-т (1982). З 1970 друкуецца ў беластоцкай газ. «Ніва». Першы зб. вершаў «У сне, у болю слова» (Беласток, 1979) выйшаў у пер. на польскую мову. У паэзіі пераважаюць інтымная лірыка, грамадска-патрыят. матывы, праблемы адаптацыі селяніна ў горадзе. Ёй характэрна ўскладненасць формы, метафарычнасць (зб. «Роздумы», Беласток, 1981; «Сезон у белых пейзажах», Беласток, 1990; «З неспакойных дарог», Мн., 1993; «Дзверы», Беласток, 1994, з А.Разанавым).

Літ.:

Надзея Артымовіч // Крыніца. 1994. № 12.

І.У.Саламевіч.

т. 1, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫ́Т

(ад грэч. orthos прамы, правільны),

аланіт, рэдказямельны мінерал класа сілікатаў, аналаг эпідоту, Ce2Fe2AlO(OH)[SiO4] [Si2O7]. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, таблітчастыя, агрэгаты зярністыя. Колер чорны, буры. Бляск смалісты. Цв. 5—6,5. Шчыльн. 3,3—4,2 г/см³. Радыеактыўны. У прыродзе трапляецца рэдка. Акцэсорны мінерал гранітаў, гнейсаў, гранітных пегматытаў. Часта метаміктны. На Беларусі як акцэсорны мінерал выяўлены ў пародах крышт. фундамента. Сыравіна для атрымання рэдказямельных элементаў (цэзію, ітрыю і інш.). Выкарыстоўваецца для вызначэння абсалютнага ўзросту парод свінцовым метадам.

т. 1, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫШО́К

(Cynara),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 12 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і і на Канарскіх а-вах. У культуры 2 блізкія віды — артышок кардон, або іспанскі (С. cardunculus), і сапраўдны, або калючы (С. scolymus). Як харч., кармавыя і дэкар. расліны вырошчваюць у Паўд. Еўропе, на Пд Расіі, на Украіне. На Беларусі артышок сапраўдны ёсць у калекцыі Цэнтр. бат. сада АН. Размнажаюць насеннем і атожылкамі. У сярэдняй паласе вырошчваюць як аднагадовую культуру расадным метадам.

Шматгадовыя травяністыя расліны. Сцябло галінастае, прамое, выш. 0,5—1 м. Лісце буйное, лопасцевае або перыстарассечанае. Трубчастыя фіялетавыя, сінія або белыя кветкі сабраны ў буйны кошык дыям. да 10 см. Сакавітыя нераскрытыя кошыкі з мясістым кветаложам (маюць да 3% бялку, 7—15% вугляводаў, 3—11 мг% вітаміну С, 0,4 мг% караціну, вітаміны B1 і B2, правітамін артышок, цукар, інулін), ачышчаныя чаранкі, галоўныя жылкі лісця і карані спажываюць вараныя і кансерваваныя (далікатэсная страва). У насенні каля 30% тлушчу, прыдатнае на корм птушкам. Стымулявальны і дыўрэтычны лек. сродак; ужываюць пры дыябеце, атэрасклерозе, хваробах печані; плады — проціяддзе опіуму.

т. 1, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭ́ГА СААВЕ́ДРА (Ortega Saavedra) Даніэль

(н. 11.11.1945, г. Ла-Лібертад, Нікарагуа),

дзяржаўны, палітычны і ваенны дзеяч Нікарагуа. Прэзідэнт Рэспублікі Нікарагуа ў 1985—90. З 1962 удзельнік барацьбы супраць дыктатуры Самосы, з 1965 чл. Нац. Кіраўніцтва Сандзінісцкага фронту нац. вызвалення (СФНВ), у 1966—67 камандуючы Цэнтр. фронтам партыз. атрадаў. У 1975—79 адзін з кіраўнікоў узбр. сіл СФНВ. У 1981—85 каардынатар Кіруючага савета ўрада Нац. адраджэння.

т. 1, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН

(ад Artesium — лац. назвы франц. правінцыі Артуа),

басейн напорных падземных водаў (гл. Артэзіянскія воды), прымеркаваны да адмоўных геал. структур. Адрозніваюць платформавыя артэзіянскія басейны (у сінеклізах, мульдах і інш.) і міжгорныя артэзіянскія басейны (у міжгорных прагінах). Утвараюцца пластавымі водамі платформавага чахла і трэшчынава-жыльнымі водамі крышт. фундамента. У артэзіянскім басейне вылучаюць вобласці жыўлення, напору і разгрузкі падземных водаў. Пл. ад дзесяткаў да мільёнаў квадратных кіламетраў. Самыя вял. артэзіянскія басейны: Заходне-Сібірскі, Маскоўскі (зах. ч. на тэр. Беларусі), Прыбалтыйскі, В. Аўстралійскі, Парыжскі і інш.

т. 1, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭЗІЯ́НСКІ КАЛО́ДЗЕЖ,

калодзеж або свідравіна, з якіх атрымліваюць артэзіянскія воды. Артэзіянскі калодзеж звычайна замацоўваюць трубамі, выкарыстоўваюць помпы, у зоне ваданоснага пласта абсталёўваюць фільтрамі. Многія нас. пункты Беларусі бяруць ваду з артэзіянскага калодзежа. Водазабеспячэнне Мінска часткова грунтуецца на сістэмах артэзіянскіх свідравін глыб. у некалькі дзесяткаў метраў, часам больш за 100 м (дэбіт 50—100 м³/гадз).

т. 1, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭЗІЯ́НСКІЯ ВО́ДЫ,

напорныя пластавыя падземныя воды, якія залягаюць паміж водатрывалымі слаямі. Прымеркаваны да адмоўных геаструктур — сінкліналяў, мульдаў, прагінаў, упадзін. Напор узнікае пры гідраўлічнай ізаляванасці ваданосных гарызонтаў ад перавышэння вобласці жыўлення над вобласцю разгрузкі. Пры залішнім гідрастатычным ціску выліваюцца на паверхню зямлі або фантануюць пры ўскрыцці. Ва ўмовах актыўнага водаабмену артэзіянскія воды прэсныя, застойных — салёныя ці расолы (гл. Мінеральныя воды). Артэзіянскія воды звычайна звязаны з артэзіянскімі басейнамі. На Беларусі ўскрыты амаль на ўсёй тэр. на глыб. ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў, належаць да Аршанскага гідрагеалагічнага басейна, Брэсцкага гідрагеалагічнага басейна, Прыпяцкага гідрагеалагічнага басейна і Беларускага гідрагеалагічнага масіву. Артэзіянскія воды з’яўляюцца асн. крыніцай пітнога водазабеспячэння.

А.В.Кудзельскі.

т. 1, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭ́ЛІЙ (Ortelius, Oertel) Абрахам (4.4.1527, Антверпен — 28.6.1598), фламандскі картограф і выдавец, адзін з заснавальнікаў картаграфічнай навукі. Каля 1547 заснаваў уласную фірму. Выдаў зб. «Агляд шара зямнога» («Theatrum orbis terrarum». Антверпен, 1570), які фактычна стаў першым геагр. атласам, змяшчаў 53 карты асобных краін з дэталёвымі апісаннямі (у т. л. бел. зямель), бібліягр. даведкі на 87 картографаў. «Агляд...» неаднаразова дапаўняўся і перавыдаваўся ў 17 — пач. 18 ст. У 1592 адкрыў у сваім антверпенскім доме музей, да канца жыцця займаўся гісторыка-геагр. даследаваннямі.

Л.Р.Казлоў.

т. 1, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)