(24.1.1776, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 25.6.1822),
нямецкі пісьменнік, кампазітар, мастак. Вывучаў права ў Кёнігсбергскім ун-це. Арганізаваў філарманічнае т-ва, сімф. аркестр у Варшаве (1804—07). У 1807 — 13 дырыжор, кампазітар і дырэктар у т-рах Берліна, Бамберга, Лейпцыга і Дрэздэна. Аўтар адной з першых рамант. опер «Ундзіна» (1814), сімфоній, камерна-інстр. і хар. твораў. Першая навела «Рыцар Глюк» (1809). Творы 1809—14 аб’яднаны ў кн. «Фантазіі ў манеры Кало» (т. 1—4, 1814—15). У цэнтры творчасці Гофмана — тэмы мастака і мастацтва, музыкі і музыкантаў; асн. ідэя — невырашальнасць канфлікту паміж мастаком і грамадствам; скразныя вобразы — мастак і філістэр. У цыкле навел «Крэйслерыяна» (1814) і ў «Фрагментах біяграфіі Іаганеса Крэйсера», уведзеных у раман «Жыццёвыя погляды ката Мура», Гофман стварыў трагічны вобраз геніяльнага музыканта Крэйслера, самотнага, асуджанага на пакуты сярод людзей, далёкіх ад мастацтва. Светлай і радаснай фантастыцы казак «Шчаўкунок і Мышыны кароль», «Чужое дзіця», «Прынцэса Брамбіла» і інш. супрацьстаіць змрочны і злавесны каларыт у рамане «Эліксіры д’ябла» (1815—16) і «Начных апавяданнях» (т. 1—2, 1817). Ён папярэджваў аб небяспецы аўтаматызацыі грамадскай свядомасці (навела «Пясочны чалавек»), адчужанасці чалавека і вынікаў яго працы ў грамадстве, заснаваным на ўладзе золата. Казка «Малы Цахес, празваны Цыноберам» (1819) — вострая сатыра на феад.-бюргерскую рэчаіснасць Германіі пач. 19 ст. Сярод лепшых твораў Гофмана зб. навел «Серапіёнавы браты» (т. 1—4, 1819—21). Вяршыня творчасці — незавершаны раман «Жыццёвыя погляды ката Мура» (т. 1—2, 1820—22), пабудаваны на іранічнай паралелі паміж светам жывёл і светам людзей. Яго «Апошнія апавяданні» выдадзены ў 1825. Тэмы і вобразы твораў Гофмана знайшлі ўвасабленне ў творчасці Р.Шумана («Крэйслерыяна»), Р.Вагнера («Лятучы галандзец»), П.І.Чайкоўскага («Шчаўкунок»), А.Адана («Жызэль»), Л.Дэліба («Капелія»), П.Хіндэміта («Кардыльяк») і інш. Гофман — герой опер Ж.Афенбаха («Казкі Гофмана») і Г.Лачэці («Гофман»). Балет Чайкоўскага «Шчаўкунок» і опера Афенбаха «Казкі Гофмана» ўваходзяць у рэпертуар Нац.акад.т-ра оперы і балета Беларусі. На бел. мову асобныя творы Гофмана пераклаў В.Сёмуха. «Беларускі гафманізм» у творчай манеры Я.Баршчэўскага, аўтара «Шляхціца Завальні», трапна заўважыў Р.Падбярэскі (арт. «Беларусь і Ян Баршчэўскі», 1844).
Тв.:
Бел.пер. — Дон Жуан;
Рыцар Глюк: Успамін з 1809 г. // Крыніца. 1996. № 20 (4);
Рус.пер. — Жизнь и творчество;
Письма, высказывания, документы. М., 1987;
Собр. соч.: В 6 т.Т. 1—3. М., 1991—96.
Літ.:
Ботникова А.Б. Э.Т.А.Гофман и русская литература. Воронеж, 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫТРЫНІТА́РЫІ
(ад анты... + лац. trinitas тройца),
прыхільнікі хрысц. плыняў і абшчын, якія адмаўляюць догмат пра трыадзінства Бога (Тройцу). Рух і вучэнне антытрынітарыяў бяруць пачатак у 2—3 ст., калі ўсталёўваліся асн. догматы хрысціянства. Вучэнне асуджана Усяленскімі саборамі, але ў сярэднія вякі яго прытрымліваліся прыхільнікі наміналізму, асобныя ерэтычныя рухі. Нярэдка ідэі антытрынітарызму былі своеасаблівай праявай вальнадумства. У сваіх поглядах антытрынітарыі абапіраліся на вучэнне неаплатанізму, пантэізм, зыходзілі з таго, што першапачатковае хрысціянства не прадпісвала ніякіх догматаў. Веру ў Тройцу яны лічылі лагічным непаразуменнем, народжаным недасканаласцю схаластычнага мыслення. З адмаўленнем Тройцы антытрынітарыі спалучалі пераасэнсаванне боскай прыроды Хрыста, што падрывала хрысц. версію замагільнага жыцця. Многія антытрынітарыі лічылі смерць натуральным працэсам, Святы дух трактавалі не як самастойную субстанцыю, а як атрыбут Бога-айца. Яны патрабавалі ўзгаднення палажэнняў рэлігіі з розумам, адстойвалі права кожнага чалавека свабодна чытаць і інтэрпрэтаваць Біблію.
Распаўсюджанне ідэй антытрынітарызму на Беларусі ў 16 ст. звязана з рэфармацыйным рухам у Зах. Еўропе, прадстаўнікі якога (Г.Бляндрата, П.Альтыяці, В.Джэнтылі і інш.) наведвалі Беларусь. Умацаванню руху антытрынітарыяў на Беларусі садзейнічалі таксама творы ісп. мысліцеля М.Сервета «Сем кніг памылковых поглядаў на Тройцу», «Аднаўленне хрысціянства» і інш. На аснове рэліг. рацыяналізму антытрынітарыяў фарміравалася айч. атэістычная думка (К.Бекеш, С.Лован, Ф.Даманеўскі, Ян Ліцыній Намыслоўскі, К.Лышчынскі і інш.). У 16 ст. ў руху антытрынітарыяў на Беларусі ўтварыліся 2 кірункі: памяркоўны і радыкальны. Прадстаўнікі першага (С.Будны, В.Цяпінскі і інш.) для абгрунтавання сваіх поглядаў выкарыстоўвалі ант. спадчыну і абвяргалі апалагетыку схаластыкі, якая пры дапамозе сафістыкі імкнулася абараніць хрысц. догматы. Яны адзначалі непазбежнасць сац. расслаення грамадства, выступалі ў абарону дзярж. ладу, былі прыхільнікамі яго паступовага эвалюц. ўдасканалення. Ідэолагі радыкальнай плыні (Якуб з Калінаўкі, Пётр з Ганёндза, Павел з Візны, М.Чаховіц), якія адстойвалі інтарэсы і грамадскія ідэалы нар. масаў, імкнуліся не да часовых рэформаў, а да радыкальных сац.-паліт. пераўтварэнняў, выступалі супраць прыватнай уласнасці, саслоўных прывілеяў, сац. і маёмаснай няроўнасці, патрабавалі скасавання дзярж. ін-таў. Большасць з іх адмоўна ставілася да філас. і тэалагічнай спадчыны, прызнавала толькі аўтарытэт Свяшчэннага пісання і асабістай веры. Важную ролю ў рацыяналізацыі дактрыны антытрынітарыяў, ператварэнні яе з рэліг. у філас. адыграла распаўсюджанне на Беларусі сацыніянства. Антытрынітарыі зазналі ганенне каталіцкай царквы і артадаксальнага пратэстантызму. У 1647 друкарні і школы антытрынітарыяў зачынены, а ў 1658—60 іх паслядоўнікі выгнаны з Рэчы Паспалітай. Вучэнне антытрынітарыяў працягвае існаваць, яго прытрымліваюцца многія пратэстанцкія абшчыны.
Літ.:
Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1490;
Саверчанка І.В. Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар. Мн., 1993;
Szczucki L. Antytrynitaryzm w Europie wschodniej // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. 1979. Т. 24.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТО́ЦЕЛЬ
(Aristotelĕs; 384, грэчаская калонія Стагір, Фракія — кастрычнік 322 да нашай эры),
старажытнагрэчаскі філосаф і вучоны-энцыклапедыст. Вучань Платона. У 367—347 удзельнік Акадэміі платонаўскай. З 343 пры двары македонскага цара Філіпа, выхавальнік Аляксандра Македонскага. У 335 стварыў у Афінах філасофскую школу Лікей. У 323 быў абвінавачаны ў злачынстве супраць рэлігіі, пакінуў Афіны. У сваёй навуковай дзейнасці Арыстоцель ахапіў і сістэматызаваў практычна ўсе існуючыя ў антычнасці галіны ведаў. Галоўныя творы Арыстоцеля: «Катэгорыі», «Аналітыкі» 1-я і 2-я, «Метафізіка», «Фізіка», «Гісторыя жывёл», «Пра душу», «Нікамахава этыка», «Палітыка», «Рыторыка», «Паэтыка». У сваёй філасофіі крытыкаваў вучэнне Платона пра ідэі. У аснове быцця бачыў 4 пачаткі: форму, матэрыю, крыніцу руху і мэту. Паводле Арыстоцеля, форма як прынцып рэчы ператварае матэрыю як чыстую магчымасць рэчы ў рэальны, канкрэтны прадмет. Першарухавіком свету і вышэйшай мэтай яго развіцця лічыў Бога. Погляды Арыстоцеля мелі аб’ектыўна-ідэалістычны характар. Працэс пазнання разумеў як рух адчуванняў да універсалій, паколькі «ўсякія навуковыя веды ёсць веды пра агульнае». У касмалогіі стаяў на пазіцыях геацэнтрызму, прызнаваў мэтазгоднасць у жывой прыродзе, апісаў шматлікія віды жывёл. Як палітык быў выразнікам поліснай ідэалогіі: мэта дзяржавы — забеспячэнне шчаслівага жыцця грамадзян, выхаванне ў іх дабрачыннасці. «Добрымі» формамі ўлады лічыў арыстакратыю, манархію, «палітыю» (памяркоўная дэмакратыя), найгоршымі — тыранію, алігархію, ахлакратыю (панаванне натоўпу). У эстэтычных трактатах развіў тэорыю мастацтва, якая збліжаецца з рэалізмам. Вучэнне Арыстоцеля моцна паўплывала на пазнейшае развіццё філасофскай думкі.
Ідэі Арыстоцеля пачалі пранікаць на ўсходнеславянскія землі ў часы Кіеўскай Русі разам з элементамі грэка-візантыйскай і балгарскай пісьменнасці. У 14—15 стагоддзях на Беларусі распаўсюджваліся зборнікі, якія ўключалі ўрыўкі твораў Арыстоцеля. У эпоху Адраджэння ў беларускай грамадскай думцы рэзка ўзмацнілася цікавасць да яго твораў. Гэтаму садзейнічала навучанне беларускай моладзі ў еўрапейскіх універсітэтах (Кракава, Прагі, Падуі, Вітэнберга і інш.), дзе вучэнне Арыстоцеля складала аснову вышэйшай адукацыі. Ф.Скарына пісаў пра неабходнасць злучэння «Саламонавай і Арыстоцелевай мудрасці». Ва ўмовах рэфармацыйнага руху, пашырэння гуманістычнай ідэалогіі, узмацнення класавага і нацыянальнага проціборства прадстаўнікі прагрэсіўнай грамадскай думкі Беларусі асаблівае значэнне надавалі сацыяльна-палітычным і этычным дактрынам Арыстоцеля (С.Будны, Л.Зізаній, А.Волан і інш.). Элементы філасофіі Арыстоцеля ў гэты перыяд сталі вывучаць у пратэстанцкіх і праваслаўных брацкіх школах на Беларусі. У 1586 Ян Ліцыній Намыслоўскі выдаў «Дапаможнік для авалодання вучэннем Арыстоцеля». У 17—18 стагоддзях, у перыяд панавання ў навучальных установах Беларусі «другой схаластыкі», вучэнне Арыстоцеля тлумачылася ў духу рэлігійна-каталіцкай артадоксіі, але значна вырасла цікавасць да яго прыродазнаўчанавуковых канцэпцый; эклектыкі імкнуліся злучыць ідэі Арыстоцеля з новай навукай. У канцы 18 стагоддзя навуковая думка Беларусі канчаткова адышла ад схаластызаванага арыстоцелізму (А.Скарульскі, С.Шадурскі, Б.Дабшэвіч, К.Нарбут).
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—4. М., 1976—83;
Риторика. Кн. 1—3 // Античные риторики. М., 1978;
Поэтика // Аристотель и античная литература. М., 1978.
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики. Т. 4. Аристотель и поздняя классика. М., 1975;
Чанышев А.Н. Аристотель. 2 изд. М., 1987;
Бирало А.А. Философская и обшественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ
(Henri),
імя правіцеляў сярэдневяковай Германіі і «Свяшчэннай Рымскай імперыі».
Генрых І Птушкалоў (каля 875—2.7.936), герцаг Саксоніі (Генрых; з 912) і герм. кароль (у 919—936), заснавальнік Саксонскай дынастыі. Выбраны каралём пасля смерці Конрада I. Шляхам кампрамісаў ліквідаваў мяцяжы герцагаў Швабіі (919) і Баварыі (921). Стабілізаваў каралеўскую ўладу, пабудаваў мноства крэпасцей (бургаў), стварыў моцнае коннае войска. Далучыў Латарынгію (925), перамог венграў каля Рыядзе на р. Унструт (933), намагаўся абкласці данінай палабскіх славян, заснаваў марку (пагран. вобласць) у Шлезвігу (935). Яго пераемнікам стаў старэйшы сын (гл.Атон І).
Генрых II Святы (6.5.973, г. Бад-Абах, Германія — 13.7.1024), герцаг Баварыі (Генрых IV; з 995), герм. кароль (з 1002), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1014—24). З Саксонскай дынастыі. У 1007 заснаваў епіскапства Бамберг. Умацаваў панаванне імперыі ў Паўн. (1004) і Паўд. (1021/22) Італіі. Праз падтрымку царквы клапаціўся пра ўмацаванне сваёй улады. У 1146 кананізаваны царквой.
Генрых III (28.10.1017—5.10.1056), герцаг Баварыі (з 1027), герм. кароль (з 1028), герцаг Швабіі, Карынтыі і кароль Бургундыі (з 1038), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1046 — 56). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Конрада II. Самастойна правіў з 1039. У час паходу ў Італію (1046—47) скінуў рым. пап, якія сапернічалі паміж сабой; пазней неаднаразова прызначаў кандыдатаў на папскі прастол. Дамогся прызнання залежнасці ад імперыі Венгрыі і Багеміі (Чэхіі).
Генрых IV (11.11.1050, г. Гослар, Германія — 7.8.1106), кароль з 1056, імператар у 1084—1106 (каранаваны як імператар у Рыме антыпапам Кліментам III). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха III. Самастойна правіў з 1065. Задушыў Саксонскае паўстанне 1073—75. З 1076 на працягу больш як 20 гадоў вёў з рым. папамі (Грыгорыем VII і інш.) барацьбу за інвестытуру, адным з эпізодаў якой было т.зв. «хаджэнне ў Каносу».
Генрых V (11.8.1086 — 23.5.1125), кароль з 1106, імператар у 1111—25 (нашчадак прастола з 1098). Апошні з Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха IV. Пры жыцці бацькі зблізіўся з яго праціўнікамі — рымскім папам і часткай ням. курфюрстаў. Стаўшы правіцелем, аднавіў барацьбу з папствам за інвестытуру, якая завяршылася Вормскім канкардатам (1122).
Генрых VI (1165, г. Німвеген, цяпер г. Неймеген, Нідэрланды — 28.9.1197), германскі кароль (з 1190) і імператар (у 1191—97), кароль Сіцыліі (з 1194). З дынастыі Гогенштаўфенаў (гл.Штаўфены). Сын Фрыдрыха І Барбаросы. У 1186 ажаніўся са спадчынніцай сіцылійскага прастола Канстанцыяй. Падтрымаў франц. караля Філіпа II у яго барацьбе супраць англ. караля Рычарда І Львінае Сэрца (восенню 1192 паланіў Рычарда і пратрымаў яго ў палоне каля 2 гадоў). У 1194 захапіў Сіцылію. Апантаны ідэяй стварэння «сусв. манархіі» Гогенштаўфенаў, пачаў падрыхтоўку да вайны супраць Візантыі; у час прыгатаванняў і памёр.
Генрых VII (1274 ці 1275—24.8.1313), кароль з 1308, імператар у 1312—13 (каранаваны як імператар у Рыме). З дынастыі Люксембургаў. Сын Генрыха III Люксембургскага. Выбраны каралём большасцю курфюрстаў. У 1310 праз дынастычны шлюб дамогся перадачы чэш. прастола свайму сыну Іагану (Ян Люксембургскі). Пазней, намагаючыся зноў падпарадкаваць імперыі Італію, здзейсніў туды паход.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСІ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ,
нацыянальна-рэліг. барацьба чэш. народа за рэформу каталіцкай царквы, супраць ням. засілля і іншаземнай інтэрвенцыі ў 1-й пал. 15 ст. Прычынай Гусіцкіх войнаў стаў крызіс, які ахапіў каталіцкую царкву на мяжы 14—15 ст. і выклікаў падзенне яе аўтарытэту. Вышэйшае чэш. духавенства сканцэнтравала ў сваіх руках велізарныя багацці, жыло ў раскошы, чым выклікала да сябе нянавісць у народзе. З рэзкай крытыкай царквы і існуючых у ёй парадкаў выступіў мысліцель і прапаведнік ЯнГус, асуджэнне якога Канстанцкім царк. саборам і спаленне выклікалі абурэнне ва ўсёй Чэхіі і сталі штуршком да Гусіцкіх войнаў. 30.7.1419 пражскія гусіты (назва ўсіх прыхільнікаў ідэй Гуса) на чале з Я.Жэліўскім узнялі паўстанне і захапілі ўладу ў горадзе. Пасля смерці караля Вацлава IV (1419) паўстала ўся Чэхія, народ распраўляўся з патрыцыятам (у асноўным нямецкім) і каталіцкімі прэлатамі, граміў кляштары. Ужо ў першыя месяцы вайны адбылося размежаванне сярод гусітаў. Дробнае рыцарства і бюргерства ўтварылі памяркоўнае крыло гусітаў — чашнікі (чаша — сімвал царк. рэформы), якія задачы рэфармацыі каталіцкай царквы вызначылі ў Пражскіх артыкулах 1420. Гар. нізы і сялянства ўтварылі радыкальнае крыло, што атрымала назву табарыты (ад гары Табар). Табарыты патрабавалі рэфармацыі, заклікалі да ліквідацыі феад. парадкаў. Вясной 1420 пераемнік Вацлава IV Сігізмунд І арганізаваў супраць гусітаў крыжовы паход і ўзяў у аблогу Прагу. На дапамогу гораду прыйшлі гусіцкія атрады на чале з Я.Жыжкам і 14.7.1420 разграмілі крыжакоў на Віткавай гары. Земскі сейм (1421) пазбавіў Сігізмунда І чэш. прастола і стварыў часовы ўрад. Восенню 1421 Сігізмунд І арганізаваў 2-і крыжовы паход, захапіў Маравію і частку Усх. Чэхіі. У студз. 1422 крыжакі двойчы былі разбіты гусітамі каля Кутна-Гары і Нямецкі-Броду. У пошуках саюзнікаў супраць крыжакоў чашнікі прапанавалі чэш. карону вял.кн.ВКЛ Вітаўту. Замест сябе Вітаўт паслаў кн. Жыгімонта Карыбутавіча, які на чале 5-тысячнага бел.-літ. войска ў маі 1422 увайшоў у Прагу і быў каранаваны чэш. сеймам. Але з-за пазіцыі рымскага папы Вітаўт вымушаны быў адклікаць Жыгімонта Карыбутавіча. Пасля смерці Я.Жыжкі (1424) войска табарытаў узначаліў Пракоп Вялікі (Голы). На чале з ім табарыты і чашнікі 16.6.1426 каля Усці-над-Лабай разбілі войска папы і ням. курфюрстаў (3-і крыжовы паход). 4-ы крыжовы паход таксама скончыўся паражэннем крыжакоў пад Тахавам у жн. 1427. З гэтага моманту перавага гусітаў была неаспрэчнай. У 1427—33 гусіты здзейснілі паспяховыя паходы ў Аўстрыю, Баварыю, Маравію, Сілезію, Саксонію і інш. У 1431 папскі нунцый Дж.Чэзарыні арганізаваў 5-ы, самы буйны крыжовы паход; 14.8.1431 каля Домажліцы крыжакі панічна адступілі ў ням. землі. Супярэчнасці паміж чашнікамі і табарытамі ў 1434 выліліся ў ваен. супрацьстаянне. 30.5.1434 войска чашнікаў у бітве пад Ліпанамі разбіла табарытаў. 5.7.1436 у Іглаве чашнікі заключылі мір з Сігізмундам І і Базельскім саборам і падпісалі т.зв. кампактаты (пагадненні), у якіх са значнымі агаворкамі была легалізавана гусіцкая царква, праведзена секулярызацыя царк. маёмасці. У ходзе Гусіцкіх войнаў чэш. гарады пашырылі свае правы, б. каралеўскія гарады дамагліся поўнага самакіравання. Гусіцкія ідэі сталі правобразам еўрап.Рэфармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЛЕ, Іван Купала,
Ян, старажытнае язычніцкае земляробчае свята. Пад рознымі назвамі вядома ўсім індаеўрап. народам. Ва ўсх. славян згадваецца ў летапісах з 1175, у старабел. граматах з 13—14 ст. У старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найб. росквіту дасягалі жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Прадстаўнікі міфалагічнай школы лічылі К. святам у гонар язычніцкага бога (багіні) Купалы. Слова «купала», як i «К.», мае некалькі трактовак. Найб. пашыраная — ад стараж.-слав. «купець» (гарэць). Мае індаеўрап. корань kū̌p — са значэннем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лац. cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон. Мела карнавальна-экстатычны характар, блізкі да ант. вакхічных культаў. Аб гэтым сведчыць і такі абавязковы элемент К., як эротыка (супольнае купанне ў аголеным выглядзе, асаблівая сексуальная свабода ў купальскую ноч, пасля якой нараджаліся пазашлюбныя, т.зв. «святыя» дзеці, і інш.). Купальскія рытуалы суадносяцца з агнём (зямным і нябесным — сонцам, прадстаўленым у К. колам) і вадой, якія выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. У аснове міфа ляжыць матыў іх кровазмяшальнага шлюбу (увасабляецца ў двухколернай кветцы браткі), які тлумачыцца як узаемасувязь асн. процілегласцей — агню і вады. Пашыраныя матывы купальскіх змей, жывёл, скарбаў і інш. звязваюць цыкл купальскіх міфаў з асн. міфамі слав. міфалогіі. Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з К. дзень Іаана Хрысціцеля, свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Святкавалася ў ноч на 7 ліп. (24 чэрв.с. ст.). Характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і агр. варажбой. Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Частку іх пакідалі на лекі, на спажыванне ў ежу, некаторыя (ім надавалі ахоўнае значэнне) утыкалі ў сцены хаты і хлява, з інш. плялі вянкі для купальскага гуляння. Цэнтр. месца ў абрадах і гульнях К. займала купальскае вогнішча. Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца і надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць смерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся. У старажытнасці купальскі агонь распальвалі трэннем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасце прамасленае драўлянае кола (магчыма, сімвал сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежала вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе чучала Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай), рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш. Вельмі пашыранай на К. была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.). Купальскую ноч лічылі ноччу цудаў. Паводле нар. павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацвітае папараць-кветка і да т.п. Адначасова К. — час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Таму ў гэту ноч рабілі розныя засцярогі, прыбягалі да ахоўнай магіі (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хаты і хлява святаянскімі зёлкамі, у некат. мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэння і засцярогі праганялі статак). Традыцыя К. на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пач. 20 ст. У наш час існуе як традыц.нар. свята без абрадавай дзейнасці.
Літ.:
Петропавловский А.И. «Коляды» и «Купало» в Белоруссии // Этногр. обозрение. 1908. Кн. 76—77, № 1—2;
Иванов В.В., Топоров В.Н. Исследования в области славянских древностей. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГРЭ́КА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́,
каталіцкая царква ўсх. абраду на тэр. Беларусі. Усталявалася ў выніку заключэння Брэсцкай уніі 1596, па ўмовах якой правасл. царква (гл.Праваслаўе) прыняла дагматыку каталіцкага веравызнання (гл.Каталіцызм), захаваўшы ўсх. грэка-візант. рытуалы і традыц.правасл. абраднасць. Пры гэтым яна не ўвайшла ў склад польскай каталіцкай царквы, а стала часткай самаст. уніяцкай царквы (гл.Уніяцтва) Рэчы Паспалітай, падпарадкаванай непасрэдна папу рымскаму (гл. таксама Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). Пераход правасл. беларусаў ва уніяцкае веравызнанне адбываўся паступова, пераадольваючы на першым часе значнае непрыняцце і нават супраціўленне з боку часткі правасл. духавенства і яго прыхільнікаў, асабліва мяшчан. Але шырокая асветніцка-адукац. дзейнасць, увага да нац.-культ. традыцый, выкарыстанне ў рэліг. жыцці бел. мовы спрыялі павелічэнню ўплыву Беларускай грэка-каталіцкай царквы, і да канца 18 ст. яна ахоплівала больш за 80% насельніцтва Беларусі. Унутраную арг-цыю Беларускай грэка-каталіцкай царквы ў 17—18 ст. складалі Наваградска-Літоўская мітрапаліцкая, Полацкая, Пінска-Тураўская і Смаленская епархіі, частка Уладзімірска-Берасцейскай епархіі (Брэсцкае Палессе). Першая з іх ахоплівала Віленскае, Трокскае, Наваградскае, Мінскае і Кіеўскае ваяв. Кафедральнымі саборамі грэка-католікаў былі Барысаглебская царква ў Навагрудку, Успенская царква ў Вільні і Успенская царква ў Мінску. У пач. 18 ст. ў мітрапаліцкай епархіі было каля тысячы уніяцкіх цэркваў, якія знаходзіліся пад кіраўніцтвам мясц. дэканаў (благачынных). Полацкая уніяцкая епархія ўключала Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае, Курляндскае ваяв. і Лівонію. У Пінска-Тураўскую епархію ўваходзіў толькі Пінскі пав. Смаленская епархія (арганізавана ў 1625) уключала Смаленскае ваяв., Северскую і Чарнігаўскую землі (фактычна перастала існаваць у 1667 пасля далучэння Смаленска да Расіі). У пач. 17 ст. ў Віленскім Троіцкім манастыры быў арганізаваны уніяцкі манаскі ордэн базыльян (гл.Базыльяне), пачалося актыўнае фундаванне уніяцкіх цэркваў і кляштараў, пры многіх з іх ствараліся друкарні, школы, калегіі. Навучанне ў такіх школах і калегіях вялося на бел. мове, нават у самыя неспрыяльныя для яе часы. У друкарнях базыльян было надрукавана шмат катэхізісаў, малітоўнікаў, службоўнікаў, напісаных на бел. мове, а таксама павучанняў, казанняў, палемічных твораў і інш. л-ры на бел., польскай, лац. і царк.-слав. мовах. Перад 1-м падзелам Рэчы Паспалітай (1772) на Беларусі было каля 150 базыльянскіх кляштараў; пасля падзелу шматлікія кляштары і культ.-асв. цэнтры пры іх прыходзілі ў заняпад і ліквідаваліся. 22.4.1794 быў выдадзены ўказ Кацярыны II аб «искоренении Унии» на падставе таго, что бел. сяляне-уніяты і святары актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. У 1795 скасаваны ўсе уніяцкія епархіі, акрамя Полацкай. Пры Паўле І былі заснаваны 2 новыя епархіі — Брэсцкая і Луцкая (1798), але уніяцкая царква была пазбаўлена самастойнасці і падпарадкавана Рымска-каталіцкай калегіі ў Пецярбургу. У 1809 арганізавана Віленская епархія, а ў 1828 замест існаваўшых 4 епархій створаны Літоўская (цэнтр — Жыровічы) і Беларуская (цэнтр — Полацк). У склад Літоўскай епархіі ўвайшлі уніяты, якія жылі ў Гродзенскай і Віленскай губ., Беластоцкай вобл., у паўн. паветах Валынскай і ў Падольскай губ. У Беларускай епархіі былі уніяцкія цэрквы і уніяты, якія жылі ў Віцебскай і Магілёўскай губ., 8 паветах Мінскай і Валынскай губ., уніяты Кіеўскай губ. і 6 уніяцкіх цэркваў у Курляндыі. У 1832 указам імператара Мікалая І скасаваны ордэн базыльян, зачынены уніяцкія кляштарныя школы, забаронена друкаванне і распаўсюджванне уніяцкіх кніг. У канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. да правасл. царквы было далучана каля 2 млн. уніятаў. На Полацкім саборы 1839 была прынята пастанова аб скасаванні Брэсцкай уніі, ўз’яднанні з «Праваслаўна-Кафалічнай Усходняй царквой» і падпарадкаванні уніяцкай царквы «Свяцейшаму Кіруючаму Усерасійскаму Сіноду»; гэты акт быў зацверджаны правасл. Сінодам і імператарам. Была задушана спроба спыніць рэліг. ўціск і захаваць уніяцкую царкву ў час паўстання 1863—64 пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага.
Уніяцкімі мітрапалітамі былі Міхаіл Рагоза (1595—99), Ігнацій Пацей (1599—1613), Іосіф Веніямін-Руцкі (1613—37), Рафаіл Корсак (1637—43), Антоній Сялява (1643—45), Гаўрыіл Календа (1656—74), Кіпрыян Жахоўскі (1674—93), Фларыян Грабніцкі (1746—62), Іраклій Лісоўскі (1804—09), Іасафат Булгак (1812—39) і інш.
Пасля 1921, калі Зах. Беларусь увайшла ў склад Польшчы, на яе тэрыторыі пачалося адраджэнне Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Было арганізавана 30 уніяцкіх прыходаў, актыўна дзейнічалі Друйскі і Альберцінскі кляштары. Пачаў выдавацца час. «Да злучэння». У 1923 у Ватыкане ўтворана спец. камісія па справах Уніі на тэр.ўсх. Польшчы. Але адм. пакаранні, рэпрэсіі, высяленні вернікаў-уніятаў спынілі працэс аднаўлення грэка-каталіцкай царквы. У 1946 у БССР уніяцтва было ліквідавана, захавалася толькі некалькі абшчын за мяжой.
У 1990 Беларуская грэка-каталіцкая царква адноўлена і атрымала афіц. прызнанне з боку папы рымскага Іаана Паўла II. У 1994 Ватыканам афіцыйна зацверджаны богаслужэбныя тэксты ў перакладзе на бел. мову, усе святары атрымалі афіц. намінацыі на свае парафіі. Дэканам грэка-каталіцкай царквы Беларусі прызначаны Ян Матусевіч. На Беларусі (на 1.1.1996) дзейнічала 11 грэка-каталіцкіх (уніяцкіх) абшчын. Выдаюцца час. «Унія», грэка-каталіцкія малітоўнікі і календары, інш. духоўна-рэліг.л-ра.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репринт. Мн., 1990);
Драгун Ю. Уніяцкая царква Беларусі і дзяржаўная палітыка // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994;
Киркор А.К. Исторические судьбы Белорусского Полесья // Живописная Россия: Литовское и Белорусское Полесье: Репринт. 2 изд. Мн., 1994;
Міхаліна. Жыцьцярыс сьвятое пакутніцы Уніі // Унія. 1990. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАЕ,
афіцыйная назва Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае [у бел. гістарыяграфіі Беларуска-Літоўская дзяржава (гаспадарства), у расійскай 19 — пач. 20 ст. Літоўска-Руская дзяржава, у літ. — Літоўска-Беларуская дзяржава], феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая займала тэр. Беларусі і Літвы (у 13—18 ст.), Жамойціі (з 1422), частку ўкр. зямель (Кіеўская, Чарнігаўская, Валынская землі ў 14 ст. — 1569), частку вялікарасійскіх зямель (у 14 — пач. 16 ст.). Ядром дзяржавы пры яе ўтварэнні былі бел. землі верхняга і сярэдняга Панямоння, т.зв. Чорная Русь, ці гістарычная Літва, і землі па верхнім цячэнні р. Віліі. Першая сталіца дзяржавы — г. Навагрудак (Новагародак). ВКЛ узнікла ва ўмовах няспыннай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця. Уключэнне бел. зямель у склад навастворанай у сярэдзіне 13 ст. дзяржавы мела добраахвотны характар, яно ажыццяўлялася праз пагадненні вял. князёў літ. з феадаламі бел., а потым і ўкр. зямель пры захаванні льгот, прывілеяў і пэўнага самакіравання.
Гістарычны нарыс да Люблінскай уніі 1569. Утварэнне ВКЛ з цэнтрам у Новагародку адносіцца да 1240-х г., калі тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У 1251 Міндоўг быў ахрышчаны паводле каталіцкага абраду, у 1253 ён каранаваны ў Новагародку каралеўскай каронай, прысланай ад імя папы Інакенція IV (Міндоўг — адзіны кароль ВКЛ). Пасля забойства Міндоўга ў выніку змовы ў 1263 велікакняжацкі пасад заняў Транята, але ён быў забіты слугамі Міндоўга. Вял. князем стаў сын Міндоўга Войшалк [1264—67], які значна пашырыў тэр. дзяржавы. Барацьбу за ўмацаванне ВКЛ вялі яго наступнікі Шварн [1267—70] і Трайдзень [1270—82]. Узмацненне велікакняжацкай улады адносіцца да перыяду панавання Віценя [каля 1295—1316], у час княжання якога да ВКЛ далучана Полацкае княства (1307). Значна пашырылася тэр.ВКЛ пры вял. князю Гедзіміне [1316—41], у склад дзяржавы ўвайшлі Віцебская, Берасцейская, Тураўская землі, Менскае (Мінскае) княства. У 1323 Гедзімін перанёс сталіцу ў Вільню. Яшчэ пры жыцці Гедзіміна ён перадаў сынам удзельныя княжанні. Яго малодшы сын Яўнут стаў вял. князем [1341—45], але ў выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута быў пазбаўлены трона. Вял. князем стаў Альгерд [1345—77]. У час яго панавання ў ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская, Падольская і Валынская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. Барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд праводзіў актыўную палітыку на Усходзе, намагаючыся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі былой Кіеўскай Русі. У 1368, 1370 і 1372 ён зрабіў тры паходы на Маскву, але захапіць яе не змог. За час княжання Альгерда тэр.ВКЛ павялічылася ўдвая. Пасля яго смерці вял. князем літоўскім стаў Ягайла Альгердавіч (1377—92). Барацьбу з Ягайлам пры дапамозе крыжакоў вёў князь Вітаўт Кейстутавіч. Урэшце паміж дваюраднымі братамі было заключана пагадненне, і Вітаўт атрымаў у княжанне Гародню (Гродна) і Бярэсце (Брэст), а потым і Трокі. З мэтай супрацьдзеяння крыжацкай агрэсіі і ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў Крэўскую унію 1385, паводле якой перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём. Ён абяцаў правесці хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт на чале групоўкі літоўскіх і бел. феадалаў. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем літ. [1392—1430], ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай. Умацаваўшы сваю ўладу, Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў (у Полацку, Віцебску, Кіеве і інш.). У войнах з Тэўтонскім ордэнам Вітаўт страціў б.ч. Жамойціі (1398). Пасля бітвы на Ворскле 1399, дзе войска ВКЛ было разгромлена ардынскім войскам, Вітаўт вымушаны быў заключыць Віленска-Радамскую унію 1401, паводле якой ВКЛ прызнавалася пажыццёвым уладаннем Вітаўта, а Ягайла захоўваў тытул вярхоўнага князя. У 1404 ВКЛ канчаткова падпарадкавала Смаленскае княства, потым Вярхоўскія княствы (бас. верхняй Акі). У час Грунвальдскай бітвы 1410 войска Тэўтонскага ордэна было разбіта саюзнымі войскамі, Жамойція пераходзіла ў пажыццёвае ўладанне Вітаўта (канчаткова далучана да ВКЛ у 1422).
Нямецкая агрэсія на У была спынена. Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз Польшчы і ВКЛ. У 1416 Вітаўт дамогся выбрання і зацвярджэння асобнага мітрапаліта правасл. царквы ў ВКЛ Грыгорыя Цамблака, падпарадкаванага канстанцінопальскаму патрыярху. Пасля смерці Вітаўта вял. князем быў выбраны малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты ў вер. 1432 з велікакняжацкага пасада і ўцёк у Полацк. Вял. князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40]. Пачалася феад.грамадз. вайна 1432—39. 15.10.1432 Жыгімонт аднавіў унію з Польшчай. Пасля выдання Жыгімонтам прывілея аб ураўнаванні асабістых і маёмасных правоў баяр-католікаў і праваслаўных (6.5.1434) Свідрыгайла страціў падтрымку большасці бел. феадалаў. 1.9.1435 у бітве пад Вількамірам войска Свідрыгайлы было разбіта. 20.3.1440 Жыгімонт у выніку змовы быў забіты і вял. князем выбраны малодшы брат польск. караля Уладзіслава III Казімір IV Ягелончык [1440—92]. У 1447 Казімір выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. Казімір выдаў судзебнік 1468, у якім былі змешчаны юрыд. нормы, пераважна крымінальнага права. Пасля смерці Казіміра вял. князем стаў яго сын Аляксандр [1492—1506]. У час яго панавання велікакняжацкая ўлада аслабела. Паны-рада (вышэйшы кіруючы орган) дамагліся выдання Аляксандравага прывілея 1492, паводле якога ўсе найважнейшыя дзярж. справы вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай. У гэты час адбылася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам, якое паступова пашырала сваю тэр. на захад. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары пачалі напады на Украіну і Беларусь, асабліва моцныя набегі былі ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506. Перамога войска ВКЛ у Аршанскай бітве 1514 у час вайны з Маскоўскай дзяржавай 1512—22 дазволіла стабілізаваць усх. граніцу. У час панавання вял. князя Жыгімонта І Старога [1506—48] прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529. Пры сыне Жыгімонта Старога вял. князю Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 утвораны паветы і павятовыя сеймікі, якія вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) на агульнадзярж. сейм, і павятовыя суды — гродскія, земскія і падкаморскія. У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай. У Лівонскую вайну 1558—83рас. цар Іван IV Грозны намагаўся захапіць Лівонію. У лютым 1563 яго войска захапіла Полацк. У Ульскай бітве 1564 і Аршанскай бітве 1564рас. войскі пацярпелі паражэнне. Далейшы ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы. На палявым сейме каля Віцебска 13.9.1562 шляхта прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую, больш цесную дзярж. унію з Польшчай. Супраць выступіла асн. частка магнатаў на чале з М.Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт.пазіцыі ў кіраванні дзяржавай і грамадскія прывілеі. Жыгімонт Аўгуст, які не меў нашчадкаў, намагаўся аб’яднаць абедзве дзяржавы і падтрымліваў унітарную ідэю. Ён абапіраўся на шляхту ВКЛ. Быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў грамадска-паліт. змены, што адбыліся ў ВКЛ у 1530—60-я г. 1.7.1569 асобна дэпутатамі польскага сейма і сейма ВКЛ пад прысягаю быў прыняты акт аб уніі (гл.Люблінская унія 1569), паводле якой абедзве дзяржавы на аснове роўнасці аб’ядноўваліся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Былыя прывілеі шляхты захоўваліся ў кожнай дзяржаве, абедзве краіны захоўвалі суверэнітэт, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, кіраванне, адм. і судовы апарат, свае законы і сваю мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча лацінскую, ВКЛ беларускую. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стварылася больш моцная дзяржава. Яна ўмацавала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, уплыў зах.-еўрап. культуры на бел. землі.
Пасля Люблінскай уніі (з 1569 да канца 18 ст.). Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста каралём стаў Генрык Валезы [1573—74], потым Стафан Баторый [1576—86]. Працягваючы Лівонскую вайну, ён у 1579 адваяваў Полацк і нанёс некалькі паражэнняў войскам цара. Вайна скончылася падпісаннем Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, паводле якога Расія адмовілася на карысць Рэчы Паспалітай ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала заваяваныя крэпасці на рас. тэрыторыі. Наступным польск. каралём і вял. князем літ. быў выбраны Жыгімонт III Ваза (1587—1632), які імкнуўся мець падтрымку бел.-літ. шляхты. Ён зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, які падкрэсліваў самастойнасць ВКЛ і забараняў польск. шляхце атрымліваць у ВКЛдзярж. землі і пасады. Была пацверджана самастойнасць дзярж. устаноў ВКЛ, адасобленасць фінансаў і заканадаўства. Жыгімонт падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але і далучыўся да пастаноў сеймаў 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Кароль захапіўся планам далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць з Расіяй саюз з каралевічам польскім у якасці цара. З гэтай мэтай былі падтрыманы Лжэдзмітрый І (гл.Ілжэдзмітрый І) і Лжэдзмітрый II (гл.Ілжэдзмітрый II), а потым пачата вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, якая скончылася падпісаннем Дэулінскага перамір’я 1618. Да ВКЛ адышла Смаленшчына. Пасля смерці Жыгімонта Вазы польск. каралём і вял. князем літ. выбраны яго сын Уладзіслаў IV [1632—48]. Выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Маскоўская армія была акружана войскам Рэчы Паспалітай на чале з каралём і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я аб пераходзе Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Адным з самых буйных антыфеад. казацка-сял. выступленняў было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы з Украіны, паўстанцы адышлі на бел. Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, пасля адышлі на Валынь. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян II Казімір [1648—68]. У 1648 на Украіне пачалася нац.-вызв. вайна, якую ўзначаліў Б.Хмяльніцкі. На Беларусі яна выклікала антыфеадальную вайну 1648—51. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У час кампаніі 1654 была занята рас. войскамі ўся паўн. і ўсх. Беларусь, у час кампаніі 1655 — астатняя частка Беларусі (акрамя Брэсцкага пав. і Навагрудскага ваяв.), Вільня, Коўна. У час ваен. дзеянняў былі разрабаваны і спалены многія гарады, мястэчкі і вёскі, шмат людзей загінула або трапіла ў палон, дзесяткі тысяч сялян і тысячы гараджан вывезены ў Расію. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкай і уніяцкай цэркваў. Гарады Беларусі атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. Сяляне, якіх раздавалі шляхце, абкладаліся дадатковымі павіннасцямі на карысць войска. У 1660 рас. войскі сталі цярпець паражэнні. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Дзісна, Себеж, Гомель і інш.) адбыліся паўстанні мяшчан супраць рас. гарнізонаў. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Расчараваны няўдачамі ў войнах і ва ўнутр. палітыцы, кароль Ян Казімір у 1668 адрокся ад трона. Новым каралём польск. і вял. князем ВКЛ быў выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сейма 1673, кожны трэці сейм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.
Супраць караля выступілі Сапегі, якія мелі намер узначаліць самастойнае ВКЛ. Супраць іх у 1696 пачалася адкрытая барацьба бел. і літ. шляхты на чале з Р.Агінскім. Шляхце ВКЛ удалося правесці на канфедэрацыйным сейме 29.8.1696 канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты. Гэтай жа пастановай замест афіцыйнай бел. мовы ў дзярж. установах ВКЛ уводзілася польская мова. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст II Моцны [1697—1706, 1709—33], падтрыманы Расіяй і Аўстрыяй. У гэты час канфлікт паміж Сапегамі і б.ч. шляхты набыў характар грамадз. вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (каля Вільні) атрады шляхты разбілі войска Сапегаў. Аўгуст II уступіў у Паўночную вайну 1700—21 як саюзнік Пятра І і як курфюрст Саксоніі. Рэч Паспалітая спачатку ў вайне не ўдзельнічала. У пач. 1702 шведскія войскі прайшлі праз Гродна ў Польшчу, дзе ваен. дзеянні ішлі некалькі гадоў. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Шведскі кароль Карл XII арганізаваў у Польшчы канфедэрацыю, якая дэтранізавала Аўгуста II і выбрала каралём польск. і вял. князем літ.Станіслава Ляшчынскага [1704—09, 1733]. У 1706 Аўгуст II, пацярпеўшы паражэнне, заключыў Альтранштацкі дагавор, паводле якога адмовіўся ад кароны на карысць Ляшчынскага. Наступныя ваен. дзеянні адбываліся на тэр. Беларусі. У бітве пад Лясной 1708 армія Пятра І разграміла шведскі корпус А.Левенгаўпта. Пасля перамогі рас. войск пад Палтавай 8.7.1709 Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром І. Вайна прычыніла вял. страты Беларусі, колькасць насельніцтва зменшылася з 2,2 млн.чал. да 1,5 млн.чал. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў Расіі на частку магнатаў і шляхты ВКЛ узмацніўся. Пасля смерці Аўгуста II 12.9.1733 шляхта зноў выбрала каралём польск. і вял.кн.літ. Станіслава Ляшчынскага, але гэта не адпавядала інтарэсам Расіі. На тэр. Рэчы Паспалітай былі ўведзены рас. войскі, арганізаваны новыя выбары і 5.10.1733 новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст III [1733—63]. У час яго панавання адбылося далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове рас. імператрыцы Кацярыны II быў выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літ.Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформаў дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць Расіі і Прусіі. Пры падтрымцы рас. пасла кн. М.В.Рапніна ў 1767 былі створаны пратэстанцкая шляхецкая канфедэрацыя ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўная Слуцкая канфедэрацыя 1767, якія імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. На дапамогу канфедэратам Кацярына II накіравала 40-тысячную армію. Сейм 1768 ураўнаваў правы некаталіцкай шляхты з каталіцкай і пад націскам Кацярыны II замацаваў анархічны лад дзяржавы. Патрыятычна настроеная шляхта выступіла супраць чужаземнага ўмяшання ва ўнутр. справы дзяржавы і арганізавала Барскую канфедэрацыю. Пасля яе разгрому ў Пецярбургу быў падрыхтаваны першы падзел Рэчы Паспалітай 1772, паводле якога Расія, Прусія і Аўстрыя далучылі часткі тэр. Рэчы Паспалітай. Расіі адышлі тэрыторыі на Пн ад Зах. Дзвіны, на У ад Друці і Дняпра. У 1770—80-я г. ў Рэчы Паспалітай былі праведзены некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і развіццё прам-сці. Больш грунтоўныя рэформы праводзіў Чатырохгадовы сейм 1788—92. Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, незадаволеныя прагрэс. зменамі, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе. У Пецярбургу пад наглядам імператрыцы 27.4.1792 складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. Пасля пераходу граніцы ва ўкр.мяст. Таргавіца быў абвешчаны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з баямі занялі тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны, разам з прускімі войскамі акупіравалі Польшчу. Канстытуцыя 3 мая і рэформы Чатырохгадовага сейма былі адменены. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай 1793. Канвенцыя аб гэтым падпісана ў Пецярбургу паміж Расіяй і Прусіяй 23.1.1793. Расія ўзяла сабе цэнтр. частку Беларусі, а таксама Правабярэжную Украіну. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў падзел Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах рас. і прускай акупацыі было падрыхтавана нац.-вызв. паўстанне 1794 на чале з Т.Касцюшкам. Паўстанне было задушана рас. войскамі пад камандаваннем ген. А.В.Суворава. Рэч Паспалітая была поўнасцю акупіравана рас., прускімі, потым і аўстр. войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай 1795. Расія далучыла землі Зах. Беларусі, б.ч. Літвы і Курляндыю. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трона на карысць Кацярыны II. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.
Дзяржаўны і палітычны лад. ВКЛ была феад. манархіяй. У першыя стагоддзі свайго існавання гэта дзяржава з моцнай уладай вял. князя (гаспадара) у цэнтр. раёнах і аўтаномнымі княствамі і землямі са сваім паліт. жыццём, якія падпарадкоўваліся вял. князю. У канцы 14 ст. Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. княствы захоўваліся да 1520-х г. З канца 14 ст. збіраўся пастаянны кансультатыўны орган пры вял. князю — паны-рада (гл.Рада Вялікага княства Літоўскага). З 1492 рада мела заканадаўчыя і распарадчыя функцыі (асабліва ў час адсутнасці вял. князя ў дзяржаве). У 15 ст. сфарміраваўся сейм — прадстаўнічы орган шляхецкага саслоўя. У пач. 16 ст. ён набыў значэнне заканадаўчага і кантрольнага органа. На пасады цэнтр. кіравання назначэнне рабіў вял. князь. Найважнейшымі былі пасады маршалка земскага (потым — вялікага), канцлера, падскарбія, гетмана найвышэйшага (потым — вялікага) і інш. Асобнымі землямі кіравалі намеснікі, старосты, а з 15 ст. і ваяводы, якія мелі шырокія паўнамоцтвы. Акругамі кіравалі дзяржаўцы, а ніжэйшае звяно дзярж. кіравання да 16 ст. складалі прадстаўнікі мясц. насельніцтва — валасныя старцы, соцкія, дзесяцкія. У 1413 былі ўтвораны вял. па тэрыторыі Віленскае і Трокскае ваяв., куды ўваходзілі ўсх.-літ. землі і землі Зах. і Цэнтр. Беларусі. Ваяводы віленскі і трокскі і іх намеснікі — кашталяны — таксама належалі да найвышэйшых саноўнікаў дзяржавы. Паводле адм. рэформы ў 1565—66 у ВКЛ было ўтворана 13 ваяводстваў, якія падзяляліся на паветы. Павет стаў асн.адм.-тэр. адзінкай са сваім прадстаўнічым органам — шляхецкім сеймікам і павятовымі шляхецкімі судамі (гл.Земскі суд, Гродскі суд, Падкаморскі суд). У 1581 быў арганізаваны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, вышэйшы апеляцыйны суд. Члены судоў і дэпутаты Трыбунала выбіраліся шляхтай. Да 17—18 ст. у некаторых мясцовасцях захоўваўся нар. традыцыйны копны суд, які дзейнічаў пад кантролем дзярж. або панскай адміністрацыі. Прывілеем 1447 вял. князь Казімір Ягелончык перадаў права суда над насельніцтвам феадалам — панам і баярам, на чыёй зямлі жылі залежныя ад іх сяляне і гараджане. З 15 ст. мяшчане гарадоў, што атрымалі самакіраванне паводле магдэбургскага права, вызваляліся ад феад. павіннасцей, суда і ўлады ваявод і старостаў, мелі свае войтаўска-лаўніцкія суды. У 16 ст. былі распрацаваны сістэматызаваныя зборы законаў, выдадзеныя на бел. мове, — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Яны аб’ядноўвалі юрыд. нормы міжнар., дзярж., саслоўнага, маёмаснага, сямейнага і інш. права.
Рэлігійныя адносіны. Большасць насельніцтва ВКЛ у 13 ст. належала да правасл. царквы, літоўцы і жэмайты былі яшчэ язычнікамі. У 1387 Ягайла правёў хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду. Хрышчэнне жэмайтаў расцягнулася яшчэ на стагоддзе. Паступова каталіцкая царква пры дапамозе вял. князёў пашырала свае пазіцыі. З 1458 правасл. царква ў ВКЛ мела сваю самаст. мітраполію. У сярэдзіне 16 ст. на Беларусі вял. ўплыў мела Рэфармацыя ў яе розных плынях. 9.10.1596 абвешчана Брэсцкая унія, акт аб арганізацыйным аб’яднанні на тэр. Беларусі і Украіны правасл. царквы з каталіцкай. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва.
Сельская гаспадарка і становішча сялян. У 13—14 ст. вярхоўным уласнікам усёй зямлі ў ВКЛ лічыўся вял. князь. Прыватнаўласніцкія маёнткі падзяляліся на 2 групы: вотчыны, якія належалі спадчынна княжацкім і буйным феад. (панскім) сем’ям, і двары (маёнткі), якія раздаваліся баярам на ўмоўным праве, за службу (у асн. вайсковую). Пачынаючы з прывілея 1447, права спадчыннай уласнасці на зямлю было пашырана на ўсё саслоўе баяр (шляхты). Гэта права як манаполія саслоўя феадалаў было заканадаўча замацавана Статутамі ВКЛ. У 14—16 ст. сялянства юрыдычна падзялялася на групы: чэлядзь нявольная, людзі пахожыя, людзі непахожыя, сяляне-слугі. Вышэйшай групай сялян-слуг былі вайсковыя сяляне, што выходзілі ў паход разам з панам, — панцырныя, путныя і конныя баяры. Частка іх увайшла ў 15—16 ст. у ніжэйшую групу шляхецкага саслоўя або замацавалася ў нешматлікай групе вольных людзей — зямян, выбранцаў, баяр, якія былі васаламі вял. князя, магнатаў, буйной шляхты. У час вайны яны служылі ў войску, у мірны час плацілі грашовы чынш. Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 юрыдычна замацавалі прыгоннае права. Розныя групы сялян у 1-й пал. 17 ст. канчаткова ператварыліся ў асабіста залежных ад феадала людзей. У 14—15 ст.асн. павіннасцю быў натуральны аброк. З канца 15 ст. ў сувязі з павелічэннем попыту на с.-г. прадукцыю ў Зах. Еўропе феадалы ВКЛ пашыралі ворныя землі ў маёнтках, стваралі фальваркі, шырока ўводзілі паншчыну. З сярэдзіны 16 ст. ў велікакняжацкіх (дзяржаўных) маёнтках пачала актыўна праводзіцца зямельная рэформа (гл.Валочная памера, «Устава на валокі» 1557). У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. рэформа праведзена ва ўладаннях феадалаў Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі, да сярэдзіны 17 ст. — усх. і паўд. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем часткі вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў (1 валока — 21,36 га). Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Паводле павіннасцей сяляне падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглыя сяляне і асадныя сяляне. Сяляне з невял. ўчасткамі зямлі (агароднікі, халупнікі, каморнікі) да сярэдзіны 17 ст. зліліся з цяглымі сялянамі, надзелы якіх зменшыліся да паўвалочных. У час ваен. дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка ВКЛ была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17 — 1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асн. захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст. сялянская гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы. У 2-й пал. 18 ст. пачаўся перыяд разлажэння феадалізму і зараджэння капіталіст. адносін. Пашырыўся ўнутр. рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформы К.Тызенгаўза).
Культура і асвета. Бел. мова з часу ўтварэння ВКЛ была афіцыйнай дзяржаўнай і мовай міжэтнічных зносін. На ёй вялося справаводства і судаводства, выдаваліся велікакняжацкія прывілеі і дыпламат. дакументы, сеймавыя пастановы, статуты, пісаліся летапісы, хронікі, маст. і царк.-рэліг. творы. З 15 ст. на бел. мове ствараецца свецкая арыгінальная і перакладная літаратура. На бел. мове Ф.Скарына надрукаваў першыя ва ўсх. славян 22 кнігі Бібліі, заснаваў першую ў ВКЛ друкарню. На лацінскай мове ў 1523 выйшла паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра». Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармац. рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі С.Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, Л.Зізаній, браты Мамонічы, М.Сматрыцкі, браты Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. У Літве і Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773—75 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Паспяхова развівалася муз. мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі спектаклі тэатраў, балі, рэлігійныя службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўласніцкіх гарадах існавалі прыдворныя т-ры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя т-ры. Значнага развіцця ў 14—16 ст. дасягнула буд-ва абарончых збудаванняў (замкі ў Новагародку, Гродне, Крэве, Лідзе, Вільні, Нясвіжы, Міры, Троках) і цэркваў-крэпасцей (у Сынковічах, Супраслі, Мураванцы). Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ў 17—18 ст. ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве спачатку пераважаў іканапіс, з 16 ст. пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, урэцкае шкло і інш.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т.1. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч.1. Мн., 1994;
История Литовской ССР. (С древнейших времен до нашнх дней). Вильнюс, 1978;
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];
Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;
Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;
Пресняков А.Е. Лекции по русской истории. Т. 2, вып. 1. М., 1939;
Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;
Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Яго ж. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд.Мн., 1994;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;
Францыск Скарына і яго час: Энцыкл.давед.Мн., 1988;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;
Lowmiański H. Studia nad dziejami Wielikogo Ksiestwa Litewskiego. Poznań, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭСТ,
горад на ПдЗ Беларусі, цэнтр Брэсцкай вобл. і раёна. За 349 км ад Мінска. Вузел аўтадарог і чыгунак — напрамкі на Баранавічы, Лунінец, Ковель, Беласток, Варшаву. Канцавы порт на Дняпроўска-Бугскім канале. 249,3 тыс.ж. (1995).
Летапісная назва — Берестье, Бересть (бел. Берасце, Бярэсце), у канцы 17 — пач. 20 ст. Брэст-Літоўскі, Брэст-Літоўск, у 1921—29 Брэст-над-Бугам, з вер. 1939 Брэст. Археал. даследаваннямі ўстаноўлена, што горад узнік на тэр. племяннога аб’яднання дрыгавічоў. У выніку раскопак выяўлена Берасцейскае гарадзішча. Першае летапіснае ўпамінанне Брэста ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1019. Быў гандл. цэнтрам Стараж.рус. дзяржавы на мяжы з польскімі і літ. ўладаннямі. У 11—13 ст. належаў тураўскім, кіеўскім, літоўскім, уладзіміра-валынскім князям. З 1319 Брэстам валодаў вял.кн.ВКЛГедзімін. У 1349 Брэст захапіў польскі кароль Казімір III, у 1366 вернуты ВКЛ. У 1379 разрабаваны і спалены тэўтонскімі рыцарамі. У 1390 Брэст першы з бел. гарадоў атрымаў самакіраванне на аснове магдэбургскага права, якое пацвярджалася ў 1408, 1511, 1554, 1580, 1607, 1614, 1661. У час Вялікай вайны 1409—11 гараджане выставілі харугву, якая ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве 1410. З 1413 Брэст — цэнтр Берасцейскай эканоміі ў складзе Трокскага ваяв., прывілеем 1441 аднесены да гал. гарадоў ВКЛ. У 1500 разрабаваны войскамі крымскага хана Менглі-Гірэя. З 1520 цэнтр Брэсцкага павета Падляшскага ваяв. У 1553 брэсцкі староста М.Радзівіл Чорны заснаваў тут кальвінскі збор і першую на тэр сучаснай Беларусі друкарню (гл. ў арт.Брэсцкія друкарні), у якой выдадзена Брэсцкая біблія (1563). З 1566 Брэст — цэнтр Брэсцкага ваяводства. У горадзе адбываліся з’езды бел. і літ. шляхты. З 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. Тут абвешчана Брэсцкая унія 1596. Горад быў месцам збору ваен. канфедэрацый у 1605 і 1612, сейма Рэчы Паспалітай (1653). У час антыфеадальнай вайны 1648—51 у Брэсце ў 1648 і 1649 адбыліся паўстанні гараджан, задушаныя ўрадавымі войскамі. У 1657 горад спалены шведамі, у 1660 часова заняты рус. войскамі ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У Паўночную вайну 1700—21 яго займалі то рус., то шведскія войскі. У 1792 рэзідэнцыя Таргавіцкай канфедэрацыі. З 1795 у складзе Рас. імперыі. З 1796 павятовы цэнтр Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай губ. У час вайны 1812 акупіраваны франц. войскамі. У 1830—42 на тэр.стараж. часткі Брэста пабудавана Брэсцкая крэпасць. У 1842 засн.Брэсцкі кадэцкі корпус, у 1865—1915 дзейнічалі брэсцкія гімназіі. У 1860-я г. ў Брэсце 13 прамысл. прадпрыемстваў, у 1880-я г. чыгунка і шаша звязалі Брэст з Варшавай, Масквой, Кіевам, Гомелем. У 1987 — 46 568 ж. У 1903—15 існавала Брэсцкае таварыства ўрачоў. У 1-ю сусв. вайну горад 8.9.1915 акупіраваны герм. войскамі. 3.3.1918 тут падпісаны Брэсцкі мір 1918. У 1919—20 заняты польскім войскам, Чырв. Арміяй. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр Палескага ваяводства. 1.9.1939 фаш. Германія напала на Польшчу, 14 вер. захапіла Брэст (акрамя крэпасці). 17.9.1939 Чырв. Армія перайшла сав.-польскую граніцу і 22 вер. ўвайшла ў Брэст. З 1939 у складзе Беларусі, з 4.12.1939 цэнтр Брэсцкай вобласці. 68,8 тыс.ж. у 1940. У Вял. Айч. вайну з 22.6.1941 да 28.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941), якія загубілі тут больш за 40 тыс.чал., знішчылі ўсе прадпрыемствы і культ.-асв. ўстановы, 48,7% жылога фонду. Дзейнічала Брэсцкае патрыятычнае падполле і Брэсцкае маладзёжнае падполле. Вызвалены ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1959 — 73,6 тыс.ж., у 1980 — 185 тыс.ж.
У 1909 у Брэсце было 30 прамысл. прадпрыемстваў, з якіх найб. значныя тытунёвыя ф-кі, млын, гарэлачны завод. У перыяд знаходжання Брэста ў складзе Польшчы прам-сць не развівалася. Значныя страты гораду прычынены ў гады Вял. Айч. вайны. Актыўнае індустрыяльнае развіццё пачалося ў 1960—70.
Брэст — буйны прамысл. і культ.цэнтр. Дае каля уз валавой прадукцыі прам-сці вобласці. Развіты эл.-тэхн. і электронная (Брэсцкі электралямпавы завод, Брэсцкі электрамеханічны завод), металаапр. (Брэсцкі машынабудаўнічы завод, «Брэстгазаапарат», з-ды металавырабаў, Брэсцкі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, тэхнал. аснасткі), хім. (НВА«Брэстбытхім»), лёгкая («Дываны Брэста», Брэсцкі панчошны камбінат, Брэсцкая прамыслова-гандлёвая фірма «Элма», ф-кі швейная, абутковая, Брэсцкая фабрыка сувеніраў), харч. (мясакамбінат, малочны камбінат), буд. матэрыялаў (Брэсцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў) прам-сць.
У Брэсце (на 1.1.1996) 77 дашкольных дзіцячых устаноў (12 504 дзіцяці); 40 агульнаадук. школ усіх тыпаў (46 149 вучняў), у т. л. 1 пач., 1 базавая, 33 сярэднія (41 507 вучняў), 4 гімназіі (3022 вучні), 1 ліцэй (477 вучняў). У 9 прафес.-тэхн. вучылішчах 4409 навучэнцаў; 4 сярэднія спец.навуч. ўстановы (Брэсцкі політэхнічны тэхнікум, Брэсцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту, мед. вучылішча і Брэсцкі музычны каледж, 3065 навучэнцаў); 2 дзярж.ВНУ: Брэсцкі універсітэт і Брэсцкі політэхнічны інстытут, у якіх 8923 студэнты. У 1996 у Брэсце працавала 13 масавых бібліятэк (1145,5 тыс. тамоў) і 55 б-к пры навуч. установах. Самая вялікая — абл. універсальна-навук.б-ка (662 тыс. тамоў); 15 клубных устаноў; 17 кінаўстановак, 3 відэазалы. Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» з Брэсцкім крэпасці-героя музеем, Брэсцкі абласны краязнаўчы музей з філіялам археалагічны музей «Бярэсце».
Дзейнічаюць брэсцкія абл. арг-цыі: Саюза архітэктараў Беларусі (з 1963), сярод членаў якой засл. архітэктар Беларусі Р.А.Шылай; Саюза журналістаў Беларусі (з 1970); Саюза мастакоў Беларусі (з 1971), у якую ўваходзілі і ўваходзяць мастакі П.Данелія, М.Клімаў, Э.Куфко, І.Крупскі, В.Сабалеўскі, М.Чураба, В.Шыкін і інш. Дзейнасць Брэсцкага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1981) звязана з імёнамі І.Арабейкі, А.Каско, У.Калесніка, Н.Мацяш, М.Рудкоўскага і інш. З 1944 працуе Брэсцкае абл. радыё, з 1961 — абл. студыя тэлебачання. Выходзяць газеты «Заря» (абл., з 1939; з гэтага ж года пры газеце існуе абл.літ. аб’яднанне маладых пісьменнікаў «Заранка»), «Народная трыбуна» (абл., з 1990), «Заря над Бугом» (раённая, з 1954, да 1962 «Социалистический путь»), «Вечерний Брест» (з 1992), «Брестский курьер» (з 1990) і інш.
Гарадзішча стараж. Бярэсця размяшчалася на мысе, утвораным р.Зах. Буг і левым рукавом р. Мухавец. У 12 ст. тут пабудаваны драўляны замак (у 15 ст. пастаўлены мураваны), у 13 ст. — мураваная царква св. Пятра. У 1276—88 на дзядзінцы пабудавана вежа. Паводле інвентара 1566, Брэст складаўся з 3 асн. частак: замка (на востраве), «места» (асн.тэр. горада) і Замухавечча (мела 2 вуліцы, на якіх пабудаваны касцёл Дароты, Спаса-Праабражэнская царква, манастыры Сімяонаўскі і Нараджэння Багародзіцы з 2 цэрквамі). У 16—17 ст. існаваў кальвінскі збор. У 17—18 ст. пабудаваны Брэсцкі манетны двор (1659), кляштар аўгусцінцаў, бернардзінцаў, брыгітак, дамініканцаў, калегіум езуітаў (гл. адпаведныя арт.). У 2-й пал. 17—18 ст. Брэст перажываў эканам. заняпад, тэрытарыяльна амаль не развіваўся. У 19 ст. ў сувязі з буд-вам на тэр. горада крэпасці жылая забудова перамешчана за 2 км на У ад яе.
Рэгулярная планіровачная сетка вуліц утварала дробныя прамавугольныя або трапецападобныя кварталы. Цэнтр горада забудаваны мураванымі 1—3-павярховымі дамамі, якія ставіліся шчыльна адзін да аднаго, утвараючы суцэльны фронт вулічных фасадаў. Будаваліся і асабнякі. У 1846 на гар. плошчы пабудаваны гандл. рады, у 1856 — кафедральны Крыжаўзвіжанскі касцёл (разбураны ў Вял. Айч. вайну, у 1950—57 адноўлены і прыстасаваны пад абл. краязнаўчы музей), у 1865 — Брэсцкая Сімяонаўская царква, на пач. 20 ст. — Брэсцкай мужчынскай гімназіі будынак, Брэсцкая брацкая царква, Мікалаеўская царква і інш. У 1866 узведзены Брэсцкі чыгуначны вакзал. Пабудовам 1-й пал. 20 ст. ўласцівыя рысы стылю «мадэрн», неакласіцызму (Брэсцкага банка будынак), канструктывізму (будынак ваяводскага ўпраўлення).
У пасляваенны час забудова Брэста ажыццяўлялася ў адпаведнасці з генпланам 1951 (Белдзяржпраект, арх. А.Хегай, Л.Федчанка), які прадугледжваў захаванне рэгулярнай сістэмы планіроўкі. Горад развіваўся ва ўсх. (раёны Кіеўка і Усходні), паўн. (Адамкава—Рэчыца—Граеўка) і часткова паўд. напрамках. У 1970-я г. пабудаваны гандл. цэнтр (арх. С.Неўмывакін, (Г.Кісялёва, А.Фядорчанка), тэлецэнтр, кінатэатр «Беларусь» (арх. Р.Шылай), Палац культуры прафсаюзаў (арх. Г.Чысцякоў), гасцініцы «Інтурыст» (арх. Г.Бенядзіктаў) і «Беларусь» (арх. З.Леўчанка), створаны ансамблі жылых дамоў на бульвары Касманаўтаў і вул. Набярэжнай. У 1967 ва ўсх. частцы горада пачалося буд-ва буйнога прамысл. комплексу (арх. І.Боўт, Э.Бацян і інш.) і прылеглага да яго жылога раёна (арх. В.Анікін, А.Кудзенка, П.Лагуноўская). На тэр. крэпасці створаны мемар. комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. У 1980-я г. пабудаваны паўд.прамысл. вузел і новы паўд.-ўсх. раён горада (арх. І.Карват, М.Козік), Брэсцкі аэравакзал. У прасторавай кампазіцыі горада важнае значэнне мае водна-зялёны дыяметр, яго фарміраванне звязана з рэканструкцыяй Мухаўца як часткі Дняпроўска-Бугскага канала. Паводле праекта дэталёвай планіроўкі водна-зялёнага дыяметра 1980 (БелНДІПгорадабудаўніцтва; арх. І.Шпіт, Э.Басава) на тэр. больш за 1000 га прадугледжана стварэнне сістэмы паркаў, штучных вадаёмаў, каналаў. У Брэсце брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла сав. ваеннапалонных, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: кафедральны Крыжаўзвіжанскі касцёл (1856), Сімяонаўская (1862) і Брацкая (1906) цэрквы, чыг. вакзал (1886), будынкі пошты (19 ст.), мужчынскай гімназіі (1905), банка (1926), гар. асабнякі (1-я пал. 19 ст.), жылыя дамы (19 і пач. 20 ст.), бюст двойчы Героя Сав. Саюза лётчыка-касманаўта П.І.Клімука.
Звесткі пра тэатр. жыццё ў Брэсце вядомыя з 17 ст., калі пры езуіцкім калегіуме дзейнічаў школьны тэатр (да 1760). У 19 ст. ў горадзе гастралявалі муз.-драм. трупы К.Камінскага, Я.Хелмікоўскага, П.Ратаевіча і інш., антрэпрызы Т.Іконнікавай-Самаравай, П.Дзмітроўскага, П.Карніцава, М.Барысава, Северавай, С.Сямёнава-Самарскага, т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам А.Ахаліна, П.Блахіна, М.Петыпа, П.Мядзведзева і інш. У пач. 20 ст. і ў 1920—30-я г.тэатр. жыццё Брэста вызначалі аматарскія і гастрольныя тэатр. калектывы. У кастр. 1939 са спектаклем «Цудоўная дудка» В.Вольскага выступаў Т-р юнага гледача Беларусі. У 1940 адкрыўся Брэсцкі абласны рускі драматычны тэатр. У 1944 створаны Брэсцкі абл.драм.т-р імя Ленінскага камсамола Беларусі (гл.Брэсцкі тэатр драмы і музыкі), у 1968 — Брэсцкі абласны тэатр лялек. З 1946 дзейнічае Брэсцкі т-р Дома культуры чыгуначнікаў.
З Брэстам звязаны пачатак нотадрукавання на Беларусі, у 1558 тут надрукаваны канцыянал «Песні хвал боскіх» (друкар Ян Зарэмба). У школе, адкрытай у 1591 пры правасл. брацтве, выкладалася музыка, практыкаваліся харавыя спевы па 5-лінейнай нотнай сістэме. У спектаклях школьнага т-ра пры езуіцкім калегіуме (17—18 ст.) выкарыстоўвалася інстр. і вак. музыка. У 19 ст. дзейнічалі прыватныя навуч. ўстановы (пансіён Т.Шастакоўскай, 1858) і муз.т-вы (муз.-драм.т-ва аматараў, 1885, муз.-драм. гурток, 1891) з муз. класамі, дзе вучні атрымлівалі навыкі ігры на розных муз. інструментах і муз.-тэарэт. веды. З 1924 тут існавала муз.т-ва (старшыня Каліноўскі), пры навуч. установах — аматарскія калектывы (хор гандл. вучылішча на чале з К.Ціолекам, мандалінавы аркестр чыг. тэхнікума на чале з М.Дземчанкам). У 1930-я г. сіламі мясц. аматараў і ўдзельнікаў царк. хору пад кіраўніцтвам адваката Панцылевіча паст. оперы «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага і «Галька» С.Манюшкі. З 1935 працавала прыватная муз. школа Малечака, з 1938 — дзярж.муз. школа імя К.Шыманоўскага (дырэктар кларнетыст і дырыжор С.Часноўскі). У 1939 арганізаваны муз. вучылішча і школа; пры вучылішчы дзейнічалі хор, духавы, сімф. і нар. аркестры. У наш час (1996) муз. жыццё канцэнтруецца вакол створанай у 1986 Брэсцкай абласной філармоніі, муз. каледжа (да 1993 муз. вучылішча). Існуюць 2 муз. школы. У Брэсце развіта маст. самадзейнасць; больш за 35 муз. і харэагр. калектываў маюць званні народных і ўзорных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАДЖЭ́ННЕ, Рэнесанс,
эпоха станаўлення ў Еўропе духоўнай культуры Новага часу (14—1-я пал. 17 ст.). Абумовіла прагрэс. змены ў эканам. і сац.-паліт. жыцці еўрап. краін: развіццё гарадоў, зараджэнне элементаў бурж. адносін і таварна-грашовай гаспадаркі, фарміраванне нац. дзяржаў і абсалютных манархій, актывізацыю антыфеад. рухаў і рэліг. барацьбы, секулярызацыю духоўнага жыцця грамадства. У паняцце «Адраджэнне» ўключаюць таксама грамадска-культ. рух у еўрапейскіх, у т. л. славянскіх, народаў, знітаваных агульным духоўна-культ. уздымам, вызв. барацьбой, абуджэннем нац. свядомасці і станаўленнем дзяржаўнасці (каралінгскае Адраджэнне, балгарскае Адраджэнне і інш.). М.Багдановіч, аўтар паняцця «беларускае Адраджэнне», уключаў у гэты працэс і нац.-культ. развіццё бел. народа ў 16 — пач. 20 ст. (гл.Адраджэнне нацыянальнае). Характэрная асаблівасць Адраджэння — зварот да культуры антычнасці як зыходнага пункта для фарміравання новай, пераважна свецкай, еўрап. культуры, апорай якой станавіліся гарады, двары і маёнткі феадалаў, багатых мяшчан, а выразнікамі — прадстаўнікі новай інтэлігенцыі, перадавыя грамадскія і паліт. дзеячы і інш. У іх асяроддзі фарміраваўся рэнесансава-гуманіст. светапогляд, аснову якога складалі тры вядучыя прынцыпы: вучэнне пра абсалютную свабоду (неабмежаваныя магчымасці чалавека ў яго адносінах да свету, самога сябе, пазнання і творчасці); уяўленне пра самакаштоўнасць чалавечага жыцця, або рэнесансавы антрапацэнтрызм; натуралізм як пераважны спосаб інтэрпрэтацыі прыродна-сац. рэчаіснасці і чалавека. У культуры і светапоглядзе рэнесансавых гуманістаў побач з раннебурж., саслоўна-класавымі сцвярджаліся вечныя, агульначалавечыя каштоўнасці; свецкія элементы цесна перапляталіся з рэліг., хрысціянскія — з язычніцкімі, натуралістычныя і навук. — з містычнымі і астралагічнымі, ідэі «агульнага дабра» — з гранічным індывідуалізмам і амаралізмам; вучэнне пра высокую годнасць чалавека. — з усведамленнем яго бяссілля ў існуючых грамадскіх умовах. Эпоха Адраджэння адметная вял.геагр. адкрыццямі, буйнымі дасягненнямі ў развіцці тэхнікі, навукі і мастацтва, узнікненнем кнігадрукавання.
У розных краінах Адраджэнне не супадала храналагічна і тыпалагічна. У адрозненне ад класічнага італьян. Адраджэння, рэнесансавую культуру ў некаторых краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы (Германія, Скандынаўскія краіны, Англія і г.д.) называюць Паўночным Адраджэннем, асаблівасці якога: кампраміс з сярэдневяковымі традыцыямі, сувязь з рэліг. і нац.-культ. рухамі, Рэфармацыяй і інш. Да такога тыпу належыць і ўсходнееўрап. Адраджэнне (Беларусь, Украіна, Літва), дзе інтэнсіўна развіваліся нац. самасвядомасць, навука і культура, значных поспехаў дасягнулі л-ра і мастацтва.
Навука і тэхніка. Адной з адметных рысаў эпохі Адраджэння было ўзнікненне навук. прыродазнаўства. Гэтаму спрыялі практычныя патрэбы грамадства (гандаль, мараплаванне, буд-ва, ваен. справа), а таксама ўзнікненне новага, антыдагматычнага светапогляду.
Найб. значныя адкрыцці ў астраноміі, геаграфіі, тэхніцы, Вялікія геаграфічныя адкрыцці (Х.Калумба, Васка да Гамы і інш.) пацвердзілі шарападобнасць Зямлі і стымулявалі станаўленне геалогіі, батанікі, заалогіі і этнаграфіі. Адкрыццё М.Капернікам геліяцэнтрычнай сістэмы свету дало новы імпульс развіццю дакладнага прыродазнаўства, што прывяло да стварэння ў канцы 17 ст. механікі І.Ньютана. Італьян. вучоны А.Везалій працай «Пра будову чалавечага цела» (1543) заклаў асновы анатоміі. Ісп. вучоны М.Сервет блізка падышоў да адкрыцця кругавароту крыві ў арганізме. Хім. даследаванні ўласцівасцяў розных мінералаў (Ф.Парацэльс і інш.) далі пачатак навук. фармакалогіі, садзейнічалі ўзнікненню клінічнай медыцыны і новых метадаў лячэння хваробаў. У выніку адкрыццяў у матэматыцы, механіцы і астраноміі знойдзены спосабы рашэння агульных ураўненняў 3-й і 4-й ступеняў (італьян. матэматыкі Дж.Кардана, Н.Тарталья, Л.Ферары), распрацавана сучасная літарная сімволіка (франц. матэматык Ф.Віет), уведзены дзесятковыя дробы і адкрыты закон раўнавагі сіл на нахільнай плоскасці (галандскі вучоны С.Стэвін). Эксперыментальна вывучаліся законы падзення целаў (Г.Галілей), руху планет (І.Кеплер), стваралася тэорыя простых механізмаў. Леанарда да Вінчы сканструяваў ткацкі станок, прадзільную і землечарпальную машыны, прапанаваў праекты лятальнага апарата, парашута і вял. гідратэхн. збудаванняў. Дасягненні матэматыкі і механікі спрыялі развіццю буд. справы, архітэктуры і караблебудавання. Вырабляліся машыны і механізмы для падымання грузаў і інш. работ, гідраўлічныя рухавікі, такарныя станкі, агнястрэльная зброя, удасканальваліся працэсы выплаўкі металаў і шліфавання шкла. Вынаходства падзорнай трубы і мікраскопа ўзбагаціла эксперым. метады даследаванняў. Усё гэта спрыяла аб’ектыўнаму пазнанню рэчаіснасці, развіццю філас. думкі, пашырэнню асветы і адукацыі.
Філасофія Адраджэння процістаяла схаластыцы, хоць і не парывала з сярэдневяковай традыцыяй. Вылучаліся яе этыка-гуманіст., неаплатанічная і натурфілас. лініі. Першая (Калуна Салютацы, Леанарда Бруні, Ларэнца Вала, Піка дэла Мірандала, Эразм Ратэрдамскі, Ф.Скарына, М.Мантэнь) вылучалася цікавасцю да чалавека, яго прызначэння, унутр. свету, магчымасцяў і свабоды, выкарыстаннем сац.-этычных ідэй памяркоўнага стаіцызму (у духу «грамадзянскага гуманізму») і эпікурэізму (у духу раннебурж. індывідуалізму). Для прадстаўнікоў Паўночнага Адраджэння характэрна спроба гуманіст. перапрацоўкі хрысц. этыкі (Эразм Ратэрдамскі, Скарына і інш.). Неаплатанічная лінія Адраджэння (М.Кузанскі, Марсіліо Фічына) знітавана з пастаноўкай радыкальных анталагічных праблем, стварэннем пантэістычнай карціны свету, распрацоўкай дыялектычных ідэй. Прадстаўнікі натурфілас. лініі (Ф.Парацэльс, Дж.Кардана, Б.Тэлезіо, А.Доні, Ф.Патрыцы, Дж.Бруна, Т.Кампанела) разглядалі свет і чалавека, зыходзячы пераважна з «уласных пачаткаў», абапіраючыся на вопыт, навук. дасягненні, гіст. практыку і нар. мудрасць. Найб. значны вынік філасофіі Адраджэння — натураліст. пантэізм (Бруна), і яго аналаг — містычны пантэізм (Т.Мюнцэр, Я.Бёме). У эпоху Адраджэння ўзнікла і новае прыродазнаўства (Леанарда да Вінчы, М.Капернік). Геліяцэнтрычнае вучэнне абумовіла радыкальны перагляд філас. уяўленняў пра сусвет. На яго падставе Бруна распрацаваў касмалагічнае вучэнне пра бясконцасць Сусвету. У той жа час рабілася намаганне аднавіць аўтэнтычнае вучэнне Арыстоцеля, скажонае схаластыкай і натуралістычнай інтэрпрэтацыяй арыстоцелізму (П.Пампанацы). Узнікла сац. утопія (Т.Мор, Кампанела, развівалася новая паліт. думка (Н.Макіявелі, Ж.Бадэн, А.Маджэўскі, А.Волан), у якой гісторыя трактавалася як вынік мэтанакіраванай дзейнасці людзей, дзярж. палітыка аддзялялася ад рэлігіі і маралі (Макіявелі) або шчыльна звязвалася з імі (Ж.Кальвін, Волан). Сац.-паліт. філасофія Адраджэння зыходзіла з перакананняў неабходнасці ўдасканальваць існуючае грамадства, дзяржаву, царкву, норавы. Рэнесансавыя ідэі адлюстраваліся ў рэфармац. вучэннях, у якіх сцвярджалася суверэннасць індывід.рэліг.-маральнай свядомасці чалавека (М.Лютэр, Скарына).
На Беларусі ў 15 — 1-й пал. 17 ст. ўжо існавалі пэўныя перадумовы для развіцця культуры Адраджэння: эканам. і сац.-паліт. ўзмацненне гарадоў, актывізацыя прагрэс. рэфармісцкага руху (агр., адм., суд., ваен. рэформы 1550—80-х г.), у выніку якіх адбывалася паліт. цэнтралізацыя і дзярж.-прававая стабілізацыя бел.-літоўскага грамадства. Сведчаннем Адраджэння на Беларусі было фарміраванне бел. народнасці і рост яе самасвядомасці, пашырэнне міжнар.культ. сувязяў, гуманіст. і рэфармацыйны рух. Секулярызацыя духоўнага жыцця тут выявілася ў развіцці адукацыі, кнігадрукавання, прытоку разнастайнай кніжнай прадукцыі з-за мяжы і камплектаванні айч. бібліятэк, мецэнацтва і ўзнікнення гуманіст. цэнтраў пры дварах буйных феадалаў (Слуцкіх, Радзівілаў, Хадкевічаў, Кішкаў, Глябовічаў і інш.), захапленні ант. культурай, станаўленні бел. л-ры і літ. мовы, развіцці гістарыяграфіі, філас. і грамадска-паліт. думкі, прававой тэорыі і практыкі, выяўл. мастацтва, архітэктуры, музыкі. На Беларусі Адраджэнне адбывалася ў спецыфічных умовах узаемадзеяння ўсх. і зах.рэліг.-царк. і духоўна-культ. тэндэнцый, станаўлення бел. культуры ў складзе поліэтн. і рознарэліг. дзярж. ўтварэння (ВКЛ, Рэчы Паспалітай), незавершанасці працэсаў нац. і дзярж. дыферэнцыяцыі бел., укр. і літ. народаў. Характэрнымі рысамі айч. Адраджэння была наяўнасць у ВКЛ адноснай рэліг. талерантнасці, узаемадзеянне і ўзаемапранікненне бел., укр., літ., польскай і рус. культур, развіццё і функцыянаванне рэнесансавай культуры ва ўмовах каталіцкай экспансіі і Контррэфармацыі. Рэнесансавы гуманізм тут часцей выяўляўся як «хрысціянскі гуманізм»: захоўваліся асн. прынцыпы хрысціянства і рэвізаваліся некаторыя яго традыцыйна-сярэдневяковыя ўяўленні і паняцці: фарміраваўся бел. менталітэт — спецыфічны спосаб светаўспрымання і светаадчування, які вызначаў нац. характар і своеасаблівасць духоўнай культуры Беларусі; развівалася айч.філас. і грамадска-паліт. думка, л-ра, архітэктура, выяўл. мастацтва, музыка, тэатр.
У развіцці айч. грамадскай думкі эпохі Адраджэння вылучаюць 3 перыяды: 1-ы (пач. 16 ст. — 1550-я г.; ад Скарыны да Рэфармацыі) звязаны з пранікненнем у грамадскую свядомасць ідэі аднаўлення; 2-і (сярэдзіна — канец 16 ст.) — з сінтэзам рэфармацыйна-гуманіст. тэорыі і сац.-дзярж. практыкі; 3-і (канец 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.) — з рацыяналізацыяй рэнесансава-гуманіст. думкі і выхадам яе на агульнаеўрап. арэну (сацыніянства), акумуляцый рэнесансавых ідэй дзеячамі грамадска-рэліг. барацьбы, якая разгарнулася пасля Брэсцкай уніі 1596, культурай айч. барока. У галіне анталогіі, гнасеалогіі і метадалогіі ідэі Адраджэння выяўляліся пераважна ў рэліг.-тэалагічнай форме (рацыяналізм С.Буднага і інш.). Існаваў і ўласна філас. спосаб фармулёўкі асн. уяўленняў (С.Лован, К.Лышчынскі), у якіх аналізаваліся пытанні сутнасці Бога, натуры Хрыста, паходжання свету (Брэсцкая біблія, «Хроніка» М.Стрыйкоўскага), разуменне цудаў, несмяротнасці душы, замагільнага жыцця, суадносін ідэальнага і матэрыяльнага, пазнання, веры і розуму, багаслоўя і філасофіі і інш. Вучэнне айч. мысліцеляў пра мараль было заснавана на прызнанні натуральнай прыроды чалавека, перакананні ў магчымасці яе ўдасканалення праз індывід. намаганні. Гуманізаваліся і набліжаліся да рэальнага жыцця ідэі хрысц. этыкі, адраджаліся філас.-этычныя вучэнні стоікаў, Цыцэрона, эпікурэйцаў, па-новаму інтэрпрэтавалася платонаўскае і арыстоцелеўскае вучэнне пра мараль. У рамках праблемы чалавека, яго адносін да Бога, навакольнага асяроддзя, грамадства ўзнімаліся пытанні шчасця, сэнсу жыцця, агульнага і індывід. дабра, свабоды выбару, адказнасці, маральнага і інтэлектуальнага ўдасканалення, грамадз. абавязку і інш. (Скарына, М.Гусоўскі, М.Літвін, С.Кашуцкі, Волан, Якуб з Калінаўкі, М.Чаховіц, Сімяон Полацкі). Асн. праблема сац.-паліт. і прававой думкі айч. Адраджэння — удасканаленне грамадства і дзяржавы (Скарына, С.Будны, А.Валовіч, Л.Сапега, Волан). Геніяльным прадбачаннем Гусоўскага сталі ідэі экалагічнага выхавання чалавека. У працэсе станаўлення нац. самасвядомасці на 1-м этапе (16 ст.) пераважалі этнакульт. кампанент і секулярызаваная канцэпцыя нац. каштоўнасцяў (Скарына, С.Будны, В.Цяпінскі); на 2-м этапе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.) нац. свядомасць выяўлялася пераважна ў працэсе рэліг.-канфесіянальнага самавызначэння (С.Зізаній, М.Сматрыцкі, І.Пацей і інш.). Праблемы нац.-культ. суверынітэту бел. народа вырашаліся ў барацьбе за сцвярджэнне ў грамадстве і дзяржаве прынцыпу талерантнасці, верацярпімасці (С.Будны, Сапега, Сматрыцкі).
Літаратура. У адрозненне ад саслоўнай л-ры сярэднявечча, якая стваралася на мясц. дыялектах або на латыні, у эпоху Адраджэння ўзніклі першыя нацыянальныя (паводле мовы і значэння) літаратуры.
Росквіт італьян. л-ры ў 14—16 ст. (лірыка Ф.Петраркі, навелы Дж.Бакачыо, этычныя і паліт. трактаты палемістаў ад Петраркі да Н.Макіявелі, паэмы Л.Арыёста і Т.Таса) вылучылі італьян. культуру як трэцюю (побач з дзвюма антычнымі) класічную для інш. краін. У Германіі і Нідэрландах л-ра Адраджэння развівалася паралельна з Рэфармацыяй і знайшла ўвасабленне ў публіцыстыцы і антыклерыкальнай сатыры («Карабель дурняў» С.Бранта, «Пахвала дурасці» Эразма Ратэрдамскага, «Пісьмы цёмных людзей» У. фон Гутэна). Рэнесансавая л-ра Францыі акрамя антычнай і італьян. культуры абапіралася і на нар. «гальскую» традыцыю вальнадумства (лірыка Ф.Віёна, К.Маро); яе вяршыня — раман Ф.Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль», лірыка П.Рансара. Помнікам позняга Адраджэння (перыяду рэліг. войнаў 2-й пал. 16 ст.) сталі «Вопыты» М.Мантэня. Са слав. л-р Адраджэнне найб. яскрава праявілася ў паўд.-славянскай (т.зв. далмацінска-дуброўнідкае Адраджэнне) і ў польскай. У Дуброўніку і інш. вольных гарадах з канца 15 ст. развівалася далмацінская л-ра, блізкая да суседняй італьянскай. У Польшчы Адраджэнне звязана пераважна з узвышэннем шляхты ў 16 ст. і з Рэфармацыяй (абаронца шляхецкай дэмакратыі М.Рэй — аўтар першых твораў на польск. мове). У Англіі росквіт гуманіст. л-ры канца 16 ст. звязаны з творчасцю Ф.Сідні, Э.Спенсера, Дж.Лілі. Сусв. славу англ. Адраджэнню прынёс тэатр канца 16 — пач. 17 ст. Цікавасць да «тытанічнай» асобы, паэтызацыя нац. мінулага, народнасць ідэй, вольная форма драмы характэрныя драматургіі У.Шэкспіра. Фінальнай з’явай ісп. і ўсяго еўрап. Адраджэння стала творчасць М.Сервантэса, асабліва яго раман пра Дон Кіхота, заснаваны на трагікамічным канфлікце паміж гераічнай асобай і варожай яму сістэмай грамадскага жыцця.
Характэрная рыса літ. працэсу Беларусі эпохі Адраджэння — узаемадзеянне ўсх., візантыйска-праваслаўных і зах., лаціна-каталіцкіх традыцый, сярэдневяковых і рэнесансавых тэндэнцый. Побач з царк.-рэліг.л-рай у 15—16 ст. Усё больш выкарыстоўвалася жывая нар. мова, якая падрывала манаполію царк.-слав. мовы. З’явіліся бел. пераклады свецкіх твораў замежнай л-ры («Жыціе Аляксея, чалавека Божага», «Аповесць пра трох каралёў»), кніг Бібліі. Вял. ролю ў станаўленні нац. л-ры Беларусі адыграла свецкае дзелавое пісьменства на старабел. мове (матэрыялы велікакняжацкай і інш. канцылярый, дзярж. прывілеі, граматы, Статуты ВКЛ і інш.), новыя бел. летапісы («Беларуска-літоўскі летапіс 1446», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца» і інш.), якія адначасова былі і гіст. аповесцямі. Высокімі літ.-маст. якасцямі вызначаліся «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага, Баркулабаўскі летапіс. Здабыткам бел. л-ры эпохі Адраджэння стала творчая спадчына паэтаў-лаціністаў пач. 16 ст. М.Гусоўскага («Песня пра зубра») і Я.Вісліцкага («Пруская вайна»). Важным этапам у развіцці айч. л-ры эпохі Адраджэння была дзейнасць Ф.Скарыны, заснавальніка ўсходнеслав. кнігадрукавання. Яго прадмовы і пасляслоўі да біблейскіх кніг — высокамаст. і арыгінальныя творы бел. л-ры пач. 16 ст. Яны сведчаць пра талент Скарыны як пісьменніка, паэта, гімнографа, рытара, мастака. На працягу 15 — пач. 17 ст. ў ВКЛ утварыўся шэраг культ.-асв. цэнтраў з буйнымі сховішчамі рукапісных і друкаваных кніг, скрыпторыямі, друкарнямі, школамі (Заблудаў, Брэст, Нясвіж, Заслаўе, Лоск, Вільня, Полацк, Слуцк, Любча і інш.), дзе працавалі кнігавыдаўцы, перакладчыкі, паэты, публіцысты. Тут выдаваліся тэалагічныя і літургічныя творы розных канфесій, гіст., філас., паліт. трактаты, творы ант. пісьменнікаў, падручнікі па граматыцы, рыторыцы, паэтыцы. Рэфармацыйна-гуманіст. рух, рэліг.-грамадская барацьба 16 — 1-й пал. 17 ст. спрыялі дзейнасці многіх таленавітых літаратараў, якія пісалі на бел., польск., лац. мовах (С.Будны, В.Цяпінскі, С.Кашуцкі, А.Волан, Л.Сапега, С. і Л.Зізаніі, І.Пацей, Л.Карповіч, М.Сматрыцкі, Я.Пашкевіч, І.Руцкі, Афанасій Філіповіч, Б.Будны, А.Рымша, Я.Радван, С.Грахоўскі, Я.Казаковіч, Л.Мамоніч, Г.Пельгжымоўскі, Ф.Іяўлевіч, Я.Пратасевіч, М.Сарбеўскі, Сімяон Полацкі і інш.). Росквіту дасягнула публіцыстыка — палемічная л-ра розных жанраў: ліст (пасланне), адказ (водпаведзь), слова (казанне), лямант (плач), прадмова. У паэзіі дамінаваў жанр эпіграмы, якой надавалася актуальнае маральнае і грамадскае гучанне, а таксама вершаваныя звароты да чытача, эпітафіі і інш. З’явіліся вершаваныя паэмы Рымшы «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла», Пельгрымоўскага «Пасольства да вялікага князя маскоўскага», Іяўлевіча «Лабірынт, або Заблытаная дарога», парадыйна-сатыр. творы, напісаныя сакавітай нар. мовай («Прамова Мялешкі»). Цікавасць да прыватнага жыцця чалавека абумовіла развіццё мемуарнай л-ры (Ф.Еўлашоўскі, Ф.Кміта-Чарнабыльскі, А.Каменскі-Длужык, Я.Цадроўскі і інш.). Разам са школьным тэатрам узнікла драма (Сімяон Полацкі). Зараджалася тэорыя вершаскладання (Л.Зізаній, Сматрыцкі). Помнікамі айч. прозы сталі трактаты па паэтыцы, рыторыцы, тэорыі л-ры выкладчыкаў бел. калегіумаў, віленскай акадэміі («Пра дасканалую паэзію» Сарбеўскага, «Практычнае красамоўства» С.Лаўксміна і інш.).
Выяўленчае мастацтва і архітэктура. Народжанае адмаўленнем сярэдневяковай умоўнасці і сімволікі, мастацтва Адраджэння несла ідэі гуманізму, узвышала чалавека-мысліцеля. У цэнтры яго — гарманічна развіты чалавек.
У перыяд ранняга Адраджэння (15 ст.) мастацтва Італіі развівалася ў рамках Фларэнційскай, Умбрыйскай, Падуанскай і Венецыянскай школ жывапісу. Мастакі гэтых школ у сваёй творчасці спалучалі ідэі ант. гуманізму і рэалізму, заснаваныя на вывучэнні натуры, уяўленні пра фіз. хараство і духоўную веліч чалавека. Яны ўзбагацілі мастацтва дакладным веданнем будовы чалавечага цела, перадачай перспектывы, ракурсаў, святлаценяў і г.д. Гэта найб. яскрава выявілася ў разнастайнай па характары творчасці жывапісцаў Мазачыо, Д.Гірландайо, А.Мантэнья, П’ера дэла Франчэска, С.Батычэлі, Анджэліка, П.Перуджына, сем’яў Беліні, Ліпі, скульптараў Л.Гіберці, Данатэла, Якопа дэла Кверча, Лука дэла Робія, А.Верок’ё. Апрача станковага жывапісу шырока развівалася мастацтва фрэскі. Рэалізм высокага Адраджэння (канец 15 — 1-я чвэрць 16 ст.) дасягнуў класічнай яснасці, манументальнасці вобразаў і абагульнення (Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Мікеланджэла, А.Карэджа, Тыцыян, Джарджоне, П.Веранезе, Я.Тынтарэта, Джуліо Рамана і інш.). У перыяд феад. рэакцыі і Контррэфармацыі (з пач. 16 ст.) у Італіі ўзнікла мастацтва маньерызму, якое вызначалася суб’ектывізмам, манернасцю, вытанчанасцю формы (Я.Панторма, А.Бранзіна, Ф.Парміджаніна, Б.Чэліні). У дэкар. мастацтве створаны ўзоры тканін, эмаляў, шкла, маёлікі, вырабаў з металу, кашт. камянёў і інш. З 15 ст. развіваецца мастацтва залочанай разьбы, «чартазіянская мазаіка». На новай аснове фарміравалася і архітэктура. Распрацоўваліся і ажыццяўляліся прынцыпы рэгулярнай забудовы гарадоў, у якіх акрамя культавых збудаванняў ствараліся характэрныя для італьян. Адраджэння манум. палацца, вілы, шпіталі, фантаны і інш.Ант. ордэрная сістэма ўзбагаціла тэктоніку будынкаў, унесла ў дойлідства лагічную суразмернасць і гарманічную яснасць (Ф.Брунелескі, Л.Б.Альберці і інш.). На пач. 16 ст. ў Рыме пачаў складвацца агульна-італьян.арх. стыль (Д.Брамантэ, Дж. да Віньёла, Дж.Вазары). У Венецыі працавалі арх. М.Санмікелі, Я.Сансавіна, А.Паладыо. У Нідэрландах мастацтва Адраджэння супала з росквітам позняй готыкі, узнікла грамадз. архітэктура.З сярэдзіны 16 ст. тут фарміраваўся арх. стыль, які арыентаваўся на ант. і італьян. дойлідства эпохі Адраджэння. У жывапісе развіваецца пераважна партрэт і пейзаж, асаблівая ўвага звяртаецца на перадачу навакольнага асяроддзя (Рагір ван дэр Вейдэн, Хуга ван дэр Гус, Г.Мемлінг, Лука Лейдэнскі, Х.Босх, К.Масейс). Ян ван Эйк залажыў асновы, на якіх пасля развівалася нідэрл. мастацтва. У Германіі мастацтва Адраджэння высокага росквіту дасягнула ў канцы 15 — пач. 16 ст., асабліва ў жывапісе і гравюры (А.Дзюрэр, А.Альтдорфер, Г.Гольбейн Малодшы і інш.). У франц. мастацтве Адраджэння адметна творчасць мастакоў Ж.Фуке, Клуэ, скульптараў Ж.Гужона, Ж.Пілона; для архітэктуры каралеўскіх і дваранскіх замкаў характэрны вытанчаны стыль (замак Шамбор). Своеасаблівыя рысы набыло мастацтва Іспаніі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Венгрыі.
Пад уплывам рэнесансавай культуры Зах. Еўропы ў выяўл. мастацтве Беларусі 16 — сярэдзіны 17 ст. склаліся асяродкі гуманіст. культуры (двары Жыгімонта Аўгуста ў Вільні, Радзівілаў у Нясвіжы, Алелькавічаў у Слуцку), развіваліся новыя віды і жанры мастацтва. У жывапісе пашыраўся партрэт, у якім праявілася рэнесансавае разуменне асобы чалавека. На аснове сінтэзу зах.-еўрап. формаў і візант.маст. спадчыны ўзнік нац. варыянт параднага партрэта (партрэт Міхаіла Барысавіча). Пэўны час ён існаваў побач з рэпрэзентатыўным (партрэт Ю.Радзівіла) і надзеленым рысамі псіхалагізму паўфігурным (партрэт К.Слуцкай-Радзівіл). Складваўся жанравы і батальны жывапіс (А.Вейдэ). Рэлігійнае мастацтва развівалася ў некалькіх кірунках. Алтарная карціна вызначалася пластычнасцю формаў, яркасцю палітры, элементамі лінейнай перспектывы, атрыбутамі гіст. моды («Пакланенне вешчуноў», пасля 1514). У іканапісе з яго поствізантыйскай традыцыяй з’явілася наватарская плынь: у сюжэтную канву ўводзіліся быт. і этнагр. дэталі, арх. краявіды («Тройца» з Дастоева, «Нараджэнне Марыі» з Маларыцкага р-на), узбагачаўся эмац. каларыт, арнаментыка фонаў («Параскева Пятніца», Слуцкі р-н; «Лука і Сымон», Лунінецкі р-н). Высокага ўзроўню дасягнула паліхромная драўляная скульптура і разьба алтароў (Іакім і Ганна, Жабінкаўскі р-н; Праабражэнскі касцёл у в. Новая Мыш, Баранавіцкі р-н). Пашыралася партрэтная пластыка надмагілляў (А.Гаштольда ў Вільні, М.К.Радзівіла ў Нясвіжы). Складалася медальерная школа (Я.Энгельгарт і інш.). Дасягнуў росквіту дрэварыт, з канца 16 ст. — медзярыт. Дасканаласцю выканання вылучаліся тытульныя лісты, застаўкі, ініцыялы, канцоўкі і ілюстрацыі ў выданнях Ф.Скарыны (Біблія, 1517—19), у Брэсцкай бібліі (1563), Статуце ВКЛ 1588. Узніклі графічныя партрэты (Скарыны, Жыгімонта III, М.Р.Радзівіла, В.Цяпінскага), геральдычныя кампазіцыі. Т.Макоўскі і інш. выконвалі арх. пейзажы, карты, ілюстрацыі да навук. трактатаў. З 16 — 1-й пал. 17 ст. дайшлі творы жывапісу, у якіх адлюстраваны тыповыя рысы еўрап. Адраджэння, асабліва ў пашыраным на бел. землях парадным (сармацкім) партрэце (Грызельда Сапега, Юрыя Радзівіла, Софіі Алелькаўны Радзівіл і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве стылістыка Адраджэння выявілася ў арнаментацыі абкладаў абразоў (Будслаўская шата), царк. начыння і параднай зброі эмалямі, кашт. камянямі, літымі і чаканенымі накладкамі. З’явілася кафля з сюжэтнымі, гербавымі і партрэтнымі выявамі (Лагойск, Заслаўе), з каляровым глазураваным пакрыццём. З заснаваннем мануфактур (15 ст.) пашыраўся асартымент вырабаў са шкла. У бел. мастацтве 1-й пал. 17 ст. формы Адраджэння працягвалі суіснаваць з рысамі маньерызму, але ўсё больш саступалі месца стылістыцы барока.
У архітэктуры і горадабудаўніцтве Беларусі з эпохай Адраджэння звязаны спробы комплекснай рэканструкцыі гарадоў на аснове рэгулярнага плана, які формамі набліжаўся да прамавугольніка, авала, паўавала (Нясвіж, Быхаў, Слуцк). Цэнтрам яго кампазіцыі звычайна была плошча з ратушай і храмамі. Будаваліся таксама палацы, шпіталі, дамы цэхавых брацтваў і інш. Напачатку рысы рэнесансу спалучаліся з элементамі готыкі, але гатычныя формы збудаванняў пач. 17 ст. набывалі пластычны дэкор (Мірскі замак, Сынковіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўская царква-крэпасць). Свецкая і культавая архітэктура паступова траціла суровыя абарончыя рысы: палацы афармляліся аркаднымі галерэямі (палац у Рагачове), з’явіліся храмы на ўзор ратонды з купалам (Смаргонскі кальвінскі збор), вежы некаторых храмаў аздабляліся дэкар. элементамі (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). Інтэр’ер узбагачаўся разнымі алтарамі, скляпенні — ляпнымі нервюрамі, якія ўтваралі дэкар. ўзор (Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл, Вішнеўскі касцёл Марыі).
Тэатр. У еўрап.т-ры 2-й пал. 15—16 ст. адбываўся паступовы пераход ад аматарскіх тэатр. формаў, звязаных з патрэбамі каталіцкай царквы, да прафес.т-ра, які існаваў як самастойная эстэт. і эканам. сістэма і абапіраўся на здабыткі ант.тэатр. мастацтва і тэорыю драмы.
Першыя спробы аднаўлення тэатра на ант. ўзор (напачатку стараж.-рымскі) зрабілі італьян. гуманісты. З канца 15 ст. ў Рыме, Ферары, Фларэнцыі на лац., потым і на італьян. мове ставілі творы П.Тэрэнцыя, Ц.М.Плаўта, Л.А.Сенекі; на пач. 16 ст. — творы нац. драматургіі («Куфэрак» Л.Арыёста, «Каляндра» Б.Давіцы, «Мандрагора» Н.Макіявелі), якія былі першай формай арыгінальнага рэнесансавага т-ра — італьян. вучонай камедыяй. Потым у рэпертуары з’явіліся трагедыя і пастараль. Пры дварах арыстакратаў, дзе звычайна адбываліся тэатр. паказы, пачыналі ўзводзіць і першыя тэатр. будынкі, арыентаваныя на рэстаўрацыю рымскай традыцыі. Пад уплывам рэнесансавага жывапісу развіваліся перспектыўныя дэкарацыі. З канца 16 ст. фарміруецца прынцыпова новы тып сцэны — сцэна-скрыня, які развіўся ў тэатры барока. Ант. мастацтва паўплывала на традыцыйныя нар.тэатр. формы многіх краін Еўропы, найперш на т-р Італіі, дзе створана камедыя дэль артэ, якая, не маючы сваёй сталай драматургіі, абапіралася на стараж.-рымскія традыцыі імправізацыйнага т-ра масак. У Англіі і Іспаніі ўздым познарэнесансавага еўрап.т-ра звязаны з драматургіяй У.Шэкспіра, М.Сервантэса, Лопэ дэ Вэгі. Працэс стварэння нац.т-ра ў Францыі і на ням. землях ішоў запаволена. У эпоху Адраджэння (да пач. 17 ст.) склаліся асн. прынцыпы драматургіі, арганізацыі тэатр. прасторы, акцёрскага майстэрства, функцыянавання тэатр. труп, якія надоўга вызначылі еўрап.тэатр. традыцыі і ў многім захаваліся да сучаснасці.
На Беларусі першыя еўрап.тэатр. формы (літургічная драма, школьны тэатр) з’явіліся ў 16 ст. праз дзейнасць каталіцкай царквы. Пазней, у эпоху барока, яны разам з прыдворным т-рам сталі важнымі кампанентамі бел.тэатр. культуры.
Музыка. У 14 — 1-й пал. 17 ст. ў муз. мастацтве адбыліся істотныя змены.
З’явілася нотадрукаванне, павялічылася роля свецкіх жанраў (шансон, мадрыгал, мадрыгальная камедыя, у канцы 16 ст. — опера, балет), пашырылася аматарскае музіцыраванне, самастойнай стала інстр. музыка (харальныя апрацоўкі, рычэркары, канцоны, прэлюдыі, такаты, фантазіі); адрадзілася цікавасць да танц. мастацтва. У традыцыйных царк. жанрах месе і матэце побач з грыгарыянскімі сталі выкарыстоўваць свецкія мелодыі. З пашырэннем храматызму, фарміраваннем мажору і мінору, гарманічнай функцыянальнасці, устанаўленнем новай трохгучнай канцэпцыі вертыкалі зазнала істотныя змены тэхніка кампазіцыі. На аснове агульнастыліст. заканамернасцяў адбывалася актыўнае фарміраванне нац. школ — нідэрландскай (Г.Дзюфаі, І.Окегем, Я.Обрэхт, Жаскен Дэпрэ), італьян. (Палестрына, К.Джэзуальда ды Веноза, Л.Марэнцыо), франц. (К.Жанекен), ням. (Г.Фінк, Б.Рэзінарыус), англ. (Дж.Данстэйбл, У.Бёрд), ісп. (К. дэ Маралес, Т.Л. дэ Вікторыя), чэш. (Я.Т.Турноўскі, К.Гарант), польск. (Вацлаў з Шамотул, М.Гамулка). Тэорыю музыкі развівалі ў Італіі І.Тынкторыс, у Швейцарыі Гларэан, у Іспаніі Ф.Салінас і інш.
На Беларусі асн. асяродкамі муз. Адраджэння з’яўляліся брацкія школы, каталіцкія калегіумы, дзе была добра пастаўлена муз. адукацыя, практыкаваліся шматгалосыя харавыя спевы па 5-лінейнай нотнай сістэме. Асн. узорам новага нотнага запісу стаў псалтыр Яна Гуса, які засведчыў з’яўленне нотадрукавання. Пратэстанцкія канцыяналы, выдадзеныя ў Брэсце (зб. «Песні хвал боскіх», 1558), Нясвіжы і Любчы, побач з духоўнымі творамі змяшчалі свецкія песні. Сярод муз. дзеячаў Адраджэння на Беларусі — Вацлаў з Шамотул, Ц.Базылік, В.Бакфарк. У гэты час зарадзілася самабытная культура бел.канта, што стала значнай з’явай у прафес. свецкім і царк. мастацтве.
Літ.:
Культура эпохи Возрождения и Реформация. Л., 1981;
Лосев А.Ф. Эстетика Возрождения. М., 1978;
Баткин Л.М. Итальянские гуманисты: Стиль жизни и стиль мышления. М., 1978;
Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в.: Проблемы взаимоотношений Польши, России, Украины, Белоруссии и Литвы в эпоху Возрождения. М., 1976;
Горфункель А.Х. Философия эпохи Возрождения. М., 1980;
Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;
Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половины XVII в. Мн., 1984;
Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;
Голенищев-Кутузов И.Н. Итальянское Возрождение и славянские литературы XV—XVI веков. М., 1963;
Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.Мн., 1992;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979;
Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;
Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мн., 1975;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII ст.Мн., 1984;
Шрамкова Г. Искусство Возрождения: Италия, Нидерланды, Германия, Франция: [Альбом]. М., 1977;
Бенеш О. Искусство Северного Возрождения: Пер. с англ. М., 1973;
Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Мн., 1928;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1987;
Чантурыя В.А. История архитектуры Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977;
Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белорусии XI—XVII вв. Мн., 1988;
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978;
Бернсон Б. Живописцы итальянского Возрождения: Пер. с англ. М., 1965;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. М., 1975;
Евдокимова Ю.К., Симакова Н.А. Музыка эпохи Возрождения. М., 1982.
С.А.Падокшын (агульная частка, філасофія, літаратура), А.Ю.Хадыка (выяўл. мастацтва і арх.), В.М.Арэшка (тэатр).
Да арт. Адраджэнне. С.Батычэлі. Вясна. Каля 1477-78.Да арт. Адраджэнне. Мікеланджэла. П’ета. 1498-1500.Да арт. Адраджэнне. Леанарда да Вінчы . Мадонна ў скалах. Каля 1497—1511.Да арт. Адраджэнне. Рафаэль. Мадонна з шчыглянём. 1507.Да арт. Адраджэнне. Джарджоне. Навальніца. 1506—07.Да арт. Адраджэнне. П.Перуджына. Мадонна з дзіцем і святымі. 1496.Да арт. Адраджэнне. Замак Шамбор у Францыі. Арх. Ж. і Д.Сурдо, П.Нево і інш. 1519—40.Да арт. Адраджэнне. Сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. Купал арх. Ф.Брунелескі. 1420—36.Да арт. Адраджэнне. Палац Дукале ва Урбіна (Італія). Унутраны двор. Каля 1470—1653.Да арт. Адраджэнне. Г.Гольбейн Малодшы. Партрэт Ш.Марэта. 1536.Да арт. Адраджэнне. А.Дзюрэр. Чатыры коннікі. «Апакаліпсіс». Гравюра на дрэве. 1498.Да арт. Адраджэнне. Апостал. Дрэва. Канец 16 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт. Адраджэнне. Фрагмент арната з Пінска. Канец 15—16 ст.Да арт. Адраджэнне. Партрэт Грызельды Сапега. Невядомы мастак. 1630-я г. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт. Адраджэнне. Партрэт Юрыя Радзівіла. Мастак невядомы. 1590-я г. Нацыянальны мастацкі музей.Да арт. Адраджэнне. Тройца. Гравюра Ф.Скарыны з кнігі «Быццё». 1519.Да арт. Адраджэнне. Тэатральны паказ на плошчы ў Лувене (Бельгія). З гравюры 1594.Да арт. Адраджэнне. Кальвінскі збор у г. Смаргонь Гродзенскай вобласці. 16 ст. (злева); Спаса-Праабражэнская царква ў г. Заслаўе. 2-я пал. 16 ст.Да арт. Адраджэнне. Пацір. Канец 15 — пач. 16 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі (злева); заслаўская кафля. Сярэдзіна 16 ст.Да арт. Адраджэнне. Майсей перад народам. Гравюра Ф.Скарыны з тытульнага ліста кнігі «Другі закон». 1519.