МАХА́ВЕ (Mohave),

пустыня на ПдЗ ЗША, у паўд. частцы штата Каліфорнія; частка Вялікага Басейна. Пл. каля 30 тыс. км². Вастраверхія хрыбты (выш. да 3366 м) чаргуюцца з шырокімі і глыбокімі катлавінамі, запоўненымі пяском, у т. л. Даліна Смерці. Клімат рэзка кантынентальны, з гарачым летам. Ападкаў 45—150 мм за год, часам іх не бывае гадамі («полюс сухасці» Паўн. Амерыкі). Шэраг невял. салёных азёр. Зараснікі крэазотавых хмызнякоў, сукуленты (юкі, кактусы і інш.). У паўд. ч. запаведнік Джошуа-Тры (ахова пустыннай расліннасці і фауны).

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХАМЕ́Д РЭЗА́ ПЕХЛЕВІ́ (26.10.1919, Тэгеран — 27.7.1980),

шах Ірана [1941—79]. Стаў шахам пасля адрачэння ў вер. 1941 свайго бацькі Рэза-шаха Пехлеві. Выступіў супраць палітыкі прэм’ер-міністра М.Масадыка, быў вымушаны ў 1953 на кароткі час пакінуць Іран. Вярнуўся пасля ваен. перавароту 19.8.1953. У 1963 абвясціў шэраг рэформ (аграрную, адукацыйную і інш.), якія спрыялі хуткаму эканам. росту краіны ў 1960—70-я г. У 1975 увёў у Іране аднапарт. сістэму. Пад націскам Іранскай рэвалюцыі 1978—79 16.1.1979 пакінуў краіну. Пазбаўлены ўлады. Памёр у Егіпце.

т. 11, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РЫ ((Parry) Уільям Эдуард) (19.12.1790, г. Бат, Вялікабрытанія — 8.7.1855),

англійскі даследчык Арктыкі. У 1819—24 кіраваў 3 экспедыцыямі на 2 караблях, якія былі пасланы на пошукі Паўн.-Зах. праходу. У час экспедыцыі адкрыў і даследаваў шэраг а-воў (Сомерсет, Мелвіл, Банкс, Карнуоліс і інш.) і праліваў (Ланкастэр, Прынс-Рыджэнт, Бараў, Мелвіл, Уэлінгтан і інш.) Канадскага Арктычнага архіпелага. У 1827 спрабаваў дасягнуць Паўн. полюса (ад Шпіцбергена), дайшоў да 82°45′ паўн. ш. Яго імем названы архіпелаг арктычных астравоў, заліў, паўвостраў, 3 мысы.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РМАЗЕР ((Permoser) Бальтазар) (хрышчаны 13.8.1651, Траўнштайн, Германія — 20.2.1732),

аўстрыйскі скульптар. Вучыўся і працаваў у Зальцбургу і Вене, з 1675 у Італіі, з 1689 у Дрэздэне, у 1704—10 у Берліне. Выдатны майстар скульптуры барока. У манументальна-дэкар. работах (убранне палаца Цвінгер у Дрэздэне, 1711—18) дасягнуў арган. зліцця скульптуры і архітэктуры, вытанчанасці і лёгкасці форм. Выканаў шэраг станковых і алегарычных кампазіцый, напоўненых вострай экспрэсіяй, якая часам мяжуе з гратэскам (група «Апафеоз прынца Яўгена», 1718—21; бюст «Праклён», каля 1722—24).

т. 12, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́РГАН II (акадскае Шарукін),

цар Асірыі ў 722—705 да н.э. Прыйшоў да ўлады пасля звяржэння цара Салманасара V [727—722 да н.э.]. У сваёй палітыцы імкнуўся прымірыць інтарэсы жрэцтва і прывілеяваных гарадоў Асірыі і Вавілоніі з інтарэсамі ваен. партыі. Завяршыў заваяванне Ізраільскага царства (722) і Сірыі (717); у 714 перамог Русу I, цара Урарту, захапіў г. Мусасір з урарцкімі скарбамі, заваяваў шэраг абласцей ўсх. М. Азіі (імкнуўся не дапусціць саюзу Урарту з Фрыгіяй), а таксама Мідыі; у 710—709 авалодаў Вавілоніяй.

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРДЗІ́НЫ,

рыбы сям. селядцовых. 2 роды, у кожным па 1 відзе (з падвідамі): С. еўрапейская (Sardina pilchardus) і С. ціхаакіянская (Sardinops sagax, яе падвід — С. далёкаўсходняя, або івасі). Пашыраны ва ўмерана цёплых і субтрапічных водах абодвух паўшар’яў, акрамя ўсх. узбярэжжаў Паўн. і Паўд. Амерыкі.

Цела прадаўгаватае, сціснутае з бакоў; даўж. да 35 см (звычайна 15—20). Уздоўж спіны па баках шэраг цёмных плям, каля хваставога плаўніка — пара падоўжаных лускавінак («крыльцы»), на шчэлепнай накрыўцы — радыяльныя раўчукі. Планктафагі. Аб’ект промыслу.

Сардзіна еўрапейская.

т. 14, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́РДРУПА АСТРАВЫ́ (Sverdrup lslands),

група астравоў на Пн Канадскага Арктычнага архіпелага, у групе а-воў Каралевы Елізаветы. Найб. а-вы: Аксель-Хейберг (пл. 40,7 тыс. км²), Элеф-Рынгнес (10,8 тыс. км²), Амунд-Рынгнес (6,1 тыс. км²). Агульная пл. каля 75 тыс. км². В-аў Аксель-Хейберг гарысты (выш. да 2140 м), укрыты ледавікамі; астатнія — раўнінныя або ўзгорыстыя. На в-ве Элеф-Рынгнес — метэастанцыя Ісаксен, аэрапорт. Названы ў гонар нарв. палярнага даследчыка О.​Свердрупа, які адкрыў шэраг астравоў у 1898—1902.

т. 14, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКА́ДА (франц. arcade),

шэраг аднолькавых па велічыні і абрысах арак, якія апіраюцца на слупы або калоны і ствараюць разам з імі рытмічны паслядоўны рад. Бываюць канструкцыйныя (успрымаюць нагрузку верхніх частак будынкаў) і дэкар. (стаяць асобна або ўтвараюць «сляпыя» аркады). Аркады з’явіліся ў архітэктуры Стараж. Рыма. На Беларусі пашырыліся з 16 ст. ў архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму ў адкрытых галерэях гандл. радоў (у Пінску, Нясвіжы), палацаў (у г.п. Ружаны Пружанскага р-на), гасп. будынкаў (лямус брыгіцкага кляштара ў Гродне), а таксама як дэкар. элемент — аркатура.

Аркада Ружанскага палаца.

т. 1, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКО́НА (Arkona),

рэлігійны цэнтр балтыйскіх славян 10—12 ст. на паўн. мысе в-ва Руген (слав. Руяна) у паўд. частцы Балтыйскага м. (Германія). З З была ўмацавана валам вышынёй 10—13 м. Арконай кіраваў вярх. жрэц бога Святавіта. У 1169 дацкі кароль Вальдэмар I разбурыў аркону і вывез яе скарбы ў Данію. Раскопкамі ўскрыты рэшткі квадратнага ў плане храма (20 × 20 м), апісанага сярэдневяковым дацкім аўтарам Саксонам Граматыкам, плошча сходаў, шэраг жытлаў уздоўж вала. Унутры храма выяўлены фундаменты 4 драўляных слупоў свяцілішча і каменны падмурак драўлянай статуі чатырохгадовага бога.

т. 1, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРСЕ́НЬЕЎ (Уладзімір Клаўдзіевіч) (10.9.1872, С.-Пецярбург — 4.9.1930),

пісьменнік, даследчык Д. Усходу, этнограф. У 1902—03 і 1906—12 як афіцэр-тапограф ажыццявіў шэраг экспедыцый па Пд Прымор’я і Сіхатэ-Аліні. Падарожнічаў па Камчатцы (1913), правабярэжжы Амура (1926), па маршруце Сав. Гавань — Хабараўск (1927). Працаваў у ВНУ Д. Усходу. Апісаў прыроду і побыт жыхароў даследаваных ім мясцін.

Тв.:

Бел. пер. — У нетрах Усурыйскага краю. Мн., 1929;

Дэрсу Узала. Мн., 1935;

Па Усурыйскаму краю: (Падарожжа ў горную вобласць Сіхатэ-Алінь у 1902—1906 гг.). Мн., 1952.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)