МАСТАЦТВАЗНА́ЎСТВА,

1) у шырокім сэнсе — комплекс грамадскіх навук, які вывучае мастацтва: яго асобныя віды, заканамернасці развіцця, сукупнасць пытанняў зместу і формы маст. твораў, маст. культуру грамадства ў цэлым. Уключае літаратуразнаўства, музыказнаўства, тэатразнаўства, кіназнаўства. Уяўляе сабой адзінства тэорыі, гісторыі мастацтва, мастацкай крытыкі. Тэорыя мастацтва вывучае метады творчага працэсу, прынцыпы кампазіцыйнай і маст. формы, адзінства вобразнага зместу і выяўл. сродкаў, заканамернасці эстэт. ўспрыняцця твораў мастацтва, сінтэз розных відаў мастацтва, узаемасувязі колеру, матэрыялу і інш. Гісторыя мастацтва даследуе агульныя заканамернасці развіцця сусв. мастацтва ад першабытнасці да сучаснасці, мастацтва асобных кантынентаў, рэгіёнаў, краін, творчасць розных суполак, аб’яднанняў, асобных майстроў у розныя эпохі і перыяды.

2) У вузкім сэнсе — навука пра пластычныя мастацтвы, архітэктуру, дызайн і тэхн. эстэтыку. Даследуе маст. творчасць, дае яе эстэт. ацэнку і навук. аналіз, спрыяе эстэт. выхаванню грамадства. У структуры М. вылучаюць раздзелы: іканаграфія, сацыялогія мастацтва, псіхалогія мастацтва, музеязнаўства, рэстаўрацыя і ахова помнікаў (гл. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны) і інш. Звязана з філасофіяй, археалогіяй, нумізматыкай, геральдыкай і інш. навукамі.

Элементы М. вядомы са старажытнасці і разглядаліся ў кантэксце філасофій, л-ры, багаслоўя, гіст. хронік, практычных кіраўніцтваў па рамёствах. Першыя вядомыя вучэнні пра мастацтва распрацоўваліся ў Стараж. Грэцыі Арыстоцелем і Платонам. Пытанні стылістыкі, іканаграфіі, тэхнікі закраналі ў сваіх трактатах скульпт. Паліклет, жывапісцы Еўфранор, Апелес, Памфіл, эвалюцыю грэч. жывапісу — першыя гісторыкі мастацтва Дурыс і Ксенакрат. Апісанні маст. твораў рабілі падарожнікі Палемон і Паўсаній. Больш цэласны і універсальны характар мелі маст. трактаты Стараж. Рыма. Эстэт. зварот да грэч. мастацтва сцвярджалі Цыцэрон і Квінтыліян, прынцыпы ўзаемасувязі арх. формы і буд. канструкцыі — Вітрувій, помнікі мастацтва апісваў Пліній Старэйшы. Здабыткі архітэктуры і мастацтва Усходу змяшчаюць трактаты стараж. і сярэдневяковай Індыі («Чытралакшана», «Шылпашастра», «Манасара», 1—12 ст.), Кітая (Се Хэ, Ван Вэй, Го Сі, 5—11 ст.), Японіі (Нісікава Сукэнобу, Сіба Какана, Кацусіка Хакусай, 18—19 ст.) і інш., краін ісламу (Султан Алі Мешхедзі, Дуст Мухамад, Казі-Ахмед, Садыгі-бек Афшар, 16 — пач. 17 ст.) і інш. У раннім хрысц. мастацтве эстэтыку «хараства свету і майстэрства творцы» распрацоўваў тэолаг Аўгусцін (4—5 ст.).

Пытанні эстэтыкі візант. рэліг. мастацтва закраналі багасловы Іаан Дамаскін і Феодар Студыт (8—9 ст.), якія сцвярджалі яго вял. ролю як матэрыяльнага пасрэдніка да першавобраза — Божага свету. У 12 ст. трактат пра выяўл. і дэкар. мастацтва напісаў Тэафіл (Германія). У 13 ст. ў Францыі цэласную сістэму хрысц. мастацтва стварыў Фама Аквінскі, суадносіны прапорцый у гатычным мастацтве распрацаваў Вілар дэ Анекур. Важным этапам у станаўленні М. стала эпоха Адраджэння. Гуманіст. ідэалы ант. традыцыі ў мастацтве, прызнанне ў асобе мастака творцы сцвярджаў італьянец Ч.​Чэніні («Трактат пра жывапіс», 14 ст.). У 15 ст. акцэнт на навук. прынцып спасціжэння свету і чалавека закладзены ў працах італьянцаў Л.​Гіберці («Каментарыі»), Л.​Б.​Альберціні (работы пра жывапіс, архітэктуру і скульптуру), Франчэска ды Джорджа (пра арх. прапорцыі), А.​Філарэтэ («Трактат пра архітэктуру») і інш. У 16 ст. мастацтвазнаўчыя ідэі ў Італіі выказвалі Леанарда да Вінчы (сумяшчаў тэарэтычныя, ідэйна-вобразныя і метадычныя мэты мастацтва), П.​Арэціна (адзін з першых крытыкаў венецыянскага жывапісу), Дж.​Віньёла, Д.​Барбара, С.​Сермо, А.​Паладыо (распрацоўваў у архітэктуры рэнесансавую ордэрную сістэму на аснове ант.), у Германіі — А.​Дзюрэр («Чатыры кнігі пра прапорцыі чалавека», 1528, і інш.), у Нідэрландах — К. ван Мандэр (біяграфіі нідэрл. жывапісцаў). Вял. ўклад у развіццё М. зрабіў італьянец Дж.​Вазары («Жыццеапісанні найбольш вядомых жывапісцаў, скульптараў і дойлідаў», 1550). У 17 ст. пашырылася колькасць трактатаў, аглядаў і апісанняў, прысвечаных мастакам і творам мастацтва розных часоў. У Італіі Дж.​П.​Белоры распрацаваў тэарэт. прынцыпы класіцызму («Жыццеапісанні сучасных жывапісцаў, скульптараў, архітэктараў», 1672). Першы слоўнік тэрмінаў выяўл. мастацтва склаў Ф.​Бальдынучы (Італія). Жывапіс класіцызму даследаваў А.​Феліб’ен, архітэктуру — Ф.​Бландэль (абодва Францыя). Ант. мастацтва даследаваў англічанін Ф.​Юніус («Пра жывапіс старажытных». 1637), раннехрысціянскае — італьянец А.​Бозіо («Падземны Рым», 1634), праблемы каларыту — француз Р. дэ Піль («Да дыскусіі пра каларыт», 1673; «Асновы курса жывапісу», 1708), італьянец М.​Баскіні («Скарбы венецыянскага жывапісу», 1684) і інш. У 18 ст. М. склалася як самаст. навука ў работах І.​Вінкельмана (Германія), які паказаў развіццё ант. мастацтва як адзіны працэс змены маст. стыляў, звязаны з эвалюцыяй грамадства і дзяржавы («Гісторыя старажытнага мастацтва», 1763), англічан У.​Чэмберса (даследаваў англ. готыку), У.​Хогарта («Аналіз хараства», 1754), французаў Ф.​Феліб’ена, К.​Ф.​Кейлюса («Зборы егіпецкіх, этрускіх, грэчаскіх і рымскіх старажытнасцей», т. 1—7, 1767), італьянцаў Л.​Ланцы (апісанні жыцця і творчасці італьян. жывапісцаў з часоў антычнасці), Ф.​Міліцыа («Запіскі пра антычных і новых дойлідаў», 1781; «Слоўнік мастацтва», 1787) і інш. У перыяд Асветніцтва ў работах Д.​Дзідро зарадзілася прафес. маст. крытыка («Салоны», 1759—81, энцыклапедычныя артыкулы і інш.). Ням. філосаф Г.​Лесінг увёў тэрмін «выяўленчыя мастацтвы» і прааналізаваў іх спецыфіку. У 19 ст. на развіццё М. ўплывалі эстэт. канцэпцыі ням. філосафаў І.​Канта, Ф.​Шэлінга, А. і Ф. Шлегеляў, Г.​Гегеля і інш. Пераадольваліся канцэпцыі класічных маст. норм, распрацаваных Г.​Меерам (Германія) і А.​К.​Катрмерам дэ Кенсі (Францыя). Новы погляд на свабоду творчасці і індывідуалізму ўнеслі рамантыкі Дж.​Констэбл (Англія), Э.​Дэлакруа, Ш.​Бадлер (Францыя) і інш. У Германіі першыя спробы стварэння ўсеагульнай гісторыі мастацтва зрабілі Ф.​Куглер, К.​Шназе, А.​Шпрынгер. У Францыі развівалася крытыка дэмакр. кірунку, што выступала ў абарону рэалізму (Т.​Тарэ і інш.). Вял. ролю адыгралі эстэт. погляды англічаніна Дж.​Рэскіна, які імкнуўся адрадзіць гармонію з прыродай і маст. традыцыі сярэднявечча. У канцы 19 ст. ў еўрап. М. абвастрылася барацьба з кансерватыўнай тэндэнцыяй непрыняцця новых маст. кірункаў (імпрэсіянізм, сімвалізм, сезанізм і інш). У Расіі першыя трактаты пра архітэктуру (П.​Яропкін, І.​Корабаў, М.​Зямцоў) і выяўл. мастацтва (І.​Урванаў, П.​Чакалеўскі і інш.) з’явіліся ў 18 ст. У 19 ст. цікавасць да гісторыі нац. мастацтва выявілася ў творах І.​Акімава, П.​Свіньіна, І.​Снегірова, А.​Вастокава, А.​Пісарава. У 20 ст. стылістычны аналіз мастацтва зрабіў І.​Грабар, візант. мастацтва і хрысц. іканаграфію даследавалі Дз.​Айналаў, Н.​Кандакоў, усеагульную гісторыю мастацтва — А.​Бенуа, І.​Цвятаеў, Б.​Фармакоўскі. Важны ўклад у развіццё сав. М. зрабілі М.​Алпатаў, Н.​Гершэнзон-Чагадаева, Грабар, Ю.​Колпінскі, В.​Лазараў, Г.​Недашывін, В.​Палявой, Г.​Вагнер, Б.​Рыбакоў, Дз.​Сараб’янаў, А.​Фёдараў-Давыдаў, У.​Стасаў, У.​Фаворскі і інш. Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі Г.​Апалінэр, А.​Англіўель дэ Ла Бамель, Т.​Бюрале, Д.​Габары (Францыя), Ф.​Вікгоф і М.​Дворжак (Аўстрыя), А. і Л. Вентуры, А.​Баларын. Л.​Белозі (Італія), Я.​Беластоцкі (Польшча), Я.​Гамолка (Чэхія), Э.​Панофскі (ЗША), Э.​Боўнес (Вялікабрытанія) і інш. Сярод тэарэтыкаў сучаснага мастацтва — К.​Малевіч (Расія), У.​Страмінскі (Беларусь—Польшча), П.​Мондрыян (Нідэрланды), Ле Карбюзье (Францыя) і інш. Сучаснае М. ахоплівае шырокае кола праблем мастацтва ўсіх эпох і краін, мае развітую метадалогію, апіраецца на філас.-эстэт. думку, грамадскія і дакладныя навукі. Сярод кірункаў — іканалогія (Э.​Папофскі), даследаванне структуры помнікаў (П.​Франкастэль), псіхалогія творчасці (Э.​Гомбрых), псіхааналіз (Э.​Крыс).

На Беларусі першыя звесткі і выказванні пра мастацтва трапляюцца ў «Словах» Кірылы Тураўскага (11 ст.), прадмовах і пасляслоўях Ф.​Скарыны да ўласных выданняў (16 ст.), некат. прамовах-пропаведзях і трактатах Сімяона Полацкага (17 ст.). Вывучэннем бел. мастацтва ў 19 ст. займаліся пераважна прафес. мастакі, якія напісалі шэраг прац мастацтвазнаўчага характару: К.​Ельскі (трактат «Аб сувязі архітэктуры, скульптуры і жывапісу», 1822), А.​Шэмеш («Успаміны пра Дамеля», 1845), В.​Смакоўскі («Валенты Ваньковіч», 1845), А.​Ромер (вывучаў бел. нар. дэкар.-прыкладное мастацтва, падрыхтаваў навук. публікацыю пра слуцкія паясы), а таксама У.​Сыракомля (апісаў маст. творы, якія знаходзіліся ў 19 ст. ў храмах Мінска) і інш. Матэрыялы пра бел. мастацтва змяшчаў час. «Атэнэум», што выдаваўся ў Вільні. У 1920-я г. ў перыяд. друку з’яўляліся даследаванні пра гравюры ў выданнях Скарыны і В.​Вашчанкі, выдадзены «Нарысы па гісторыі беларускага мастацтва» М.​Шчакаціхіна, перакладзены працы ням. мастацтвазнаўца А.​Іпеля, прысвечаныя самабытнасці бел. мастацтва. Манаграфіі пра набіванку (крашаніну) выдалі А.​Шлюбскі і І.​Фурман, пра гравюры С.​Юдовіна — Фурман, пра мастакоў Віцебска — І.​Гаўрыс. Вял. ролю ў развіцці бел. М. адыграў Інстытут беларускай культуры і дзейнасць аднаго з яго заснавальнікаў — Шчакаціхіна. Матэрыялы па праблемах мастацтва змяшчалі час. «Искусство», «Полымя», «Маладняк», «Трыбуна мастацтва», у 1930-я г.газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Чырвоная Беларусь», «Мастацтва і рэвалюцыя». У Зах. Беларусі тэарэт. працы па эстэт. задачах мастацтва пісаў Ф.​Рушчыц, па тэорыі фотамастацтва — Я.​Булгак. У «Нарысах па гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі» (1940) зроблена спроба вызначыць асн. этапы развіцця бел. выяўл. мастацтва і даць характарыстыку творчасці вядучых мастакоў. З канца 1940-х г. вывучэнне бел. мастацтва вядзецца планамерна і мэтанакіравана. Важнае значэнне ў развіцці бел. М. мела стварэнне Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Беларускай акадэміі мастацтваў і інш. Вял. ўклад у развіццё бел. М. зрабілі А.​Аладава, М.​Арлова, А.​Воінаў, Н.​Высоцкая, В.​Гаўрылаў, П.​Герасімовіч, Л.​Дробаў, І.​Елатомцава, В.​Жук, Ю.​Карачун, М.​Кацар, А.​Лявонава, А.​Лакотка, П.​Масленікаў, М.​Нікалаеў, М.​Раманюк, Я.​Сахута, А.​Сурскі, У.​Чантурыя, В.​Церашчатава, Т.​Чарняўская, Р.​Шаура, В.​Шматаў, Ю.​Якімовіч, М.​Яніцкая і інш. Праблемы розных відаў мастацтва даследавалі і даследуюць А.​Атраховіч, М.​Баразна, В.​Буйвал, Л.​Вакар, П.​Васілеўскі, Э.​Вецер, Т.​Габрусь, Т.​Гаранская, В.​Гаршкавоз, М.​Гугнін, В.​Каваленка, П.​Карнач, Б.​Крэпак, А.​Кулагін, В.​Лабачэўская, Б.​Лазука, Л.​Лапцэвіч, Л.​Налівайка, Э.​Петэрсон, І.​Паньшына, А.​Пікулік, У.​Пракапцоў, Э.​Пугачова, У.​Рынкевіч, Г.​Сакалоў-Кубай, Л.​Салавей, А.​Сяліцкі, В.​Трыгубовіч, Н.​Трыфанава, Л.​Фінкельштэйн, М.​Цыбульскі, М.​Шамшур, А.​Ярашэвіч і інш. Артыкулы па гісторыі і тэорыі мастацтва, нарысы пра творчасць мастакоў, агляды выставак друкуюцца ў час. «Мастацтва», «Беларусь», «Маладосць», «Нёман», альманаху «Запіскі Беларускай акадэміі мастацтваў» (з 1998), газ. «Культура», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» і інш.

Літ.:

Базен Ж. История истории искусства: От Вазари до наших дней: Пер. с фр. М., 1995;

Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Прабл. адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 10, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,

вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.​Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.

У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.​П.​Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.​М.​Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс. чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс. чал.) наказнога гетмана І.​Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.​Радзівілам (да 20 тыс. чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.​Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.​Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.​К.​Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.

У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.​Ф.​Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.​І.​Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал. рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.​Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.

Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц. правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.

У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.​Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.​Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.​Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.​А.​Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.​Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.​Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.​Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.

3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.​Сапегі (6 тыс. чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.​Чарнецкага (4 тыс. чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.​Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.​Далгарукава (да 30 тыс. чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.​Залатарэнкам (25 тыс. чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.​Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс. чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.​Жаромскага (12 тыс. чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн. чал. да 1,4 млн. чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;

Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;

Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;

Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.

А.​П.​Грыцкевіч

Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

БССР, Беларусь, саюзная дзяржава ў складзе СССР. Існавала з 1.1.1919 да вер. 1991, у складзе СССР афіцыйна са снеж. 1922. Тэр. 207,6 тыс. км², нас. 10 254 тыс. чал. (на 1.1.1990). Сталіца — г. Мінск. Паводле рашэння VI Паўн.-Зах. абл. канферэнцыі РКП(б) [30—31.12.1918, Смаленск; гл. Першы з’езд КП(б)Б] БССР абвяшчалася ў межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губ., бел. паветаў Віленскай і Ковенскай губ., зах. паветаў Смаленскай губ. Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2.1.1919 абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. 8.1.1919 Часовы рабоча-сял. сав. ўрад Беларусі і Цэнтр. Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў (2—3.2.1919, Мінск) адобрыў утварэнне БССР, зацвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВК БССР), прыняў пастанову аб аб’яднанні Беларусі і Літвы (гл. Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). У складаных умовах грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 урад БССР праводзіў работу па ўмацаванні сав. улады, мабілізацыі сіл на барацьбу з яе праціўнікамі і іншаземнымі захопнікамі, ажыццяўленні першых сацыяліст. пераўтварэнняў. БССР у гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім эканам. і ваенна-паліт. становішчы, большая частка яе тэрыторыі была акупіравана ням., потым польск. інтэрвентамі. Летам 1920 на вызваленай Чырв. Арміяй тэр. Беларусі адноўлена сав. ўлада. 31.7.1920 на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, сав. і прафс. арг-цый Мінска і Мінскай губ. прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сав. Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (гл. Другое абвяшчэнне БССР). Захопленая польск. войскамі ў выніку савецка-польскай вайны 1920 зах. частка Беларусі паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 адышла да Польшчы (гл. Заходняя Беларусь). Тэр. ўзноўленай БССР складалася з 6 паветаў Мінскай губ. з нас. 1544 тыс. чал. Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919, дзе абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК БССР, выканаўчым органам — Савет Народных Камісараў БССР (СНК БССР). Пасля заканчэння вайны Беларусь перажывала глыбокі сац.-эканам. крызіс. Большая частка прадпрыемстваў была знішчана, астатнія з-за адсутнасці паліва і сыравіны працавалі з перабоямі. Былі разбураны сельская гаспадарка, транспарт. Усё гэта цяжка адбівалася на становішчы працоўных, выклікала іх незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму». Пераход да ажыццяўлення ў БССР новай эканамічнай палітыкі (нэпа) прынёс станоўчыя вынікі. Харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, дапускалася дзейнасць прыватнага капіталу, праводзілася рэарганізацыя сістэмы кіравання прам-сцю, вырашаліся пытанні аплаты працы, фін. палітыкі. Пераломным у развіцці прам-сці стаў 1923—24 гасп. год, калі пачалі хутка расці вытворчасць, колькасць адноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю прадпрыемстваў. У 1924—28 аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 2,3 раза. Адначасова павялічылася колькасць прыватных прадпрыемстваў. Расла зарплата рабочых і служачых. У сельскай гаспадарцы праводзілася работа па землеўпарадкаванні, развіцці хутарызацыі, арэнды, кааператыўнага руху і інш. Каля ⅓ беднякоў і батракоў, якія атрымалі зямлю, сталі сераднякамі. На пач. кастр. 1925 у БССР было 1084 кааператыўныя т-вы (аб’ядноўвалі 161 тыс. членаў). Важнае значэнне для ўмацавання эканам. патэнцыялу рэспублікі мела вяртанне ёй са складу РСФСР у 1924 і 1926 этнаграфічна роднасных усх. тэрыторый (гл. Узбуйненне БССР). Рабіліся захады па ажыўленні Саветаў, умацаванні іх сувязяў з масамі працоўных, павелічэнні колькасці членаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1920-я г. праводзілася палітыка беларусізацыі грамадска-паліт. і культ. жыцця рэспублікі. Значныя поспехі былі дасягнуты на ніве нац.-культ. адраджэння. Ліквідоўвалася непісьменнасць, была праведзена рэформа школьнай сістэмы, большасць школ пераводзілася на бел. мову навучання, яны забяспечваліся неабходнымі кадрамі і падручнікамі. Развіваліся л-ра і мастацтва, навука. У 1920—22 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інстытут беларускай культуры (у 1928 пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі) і інш. У ходзе сацыяліст. індустрыялізацыі (курс на яе абвешчаны ў СССР у снеж. 1925) на Беларусі за гады даваен. пяцігодак увайшло ў строй больш за 1 тыс. прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. каля 400 буйных. У 1940 прадукцыя прам-сці ўсіх абласцей БССР перавысіла ўзровень 1913 у 23 разы. Паводле перапісу 1939, удзельная вага рабочага класа ў складзе насельніцтва рэспублікі дасягнула 21,9%, інтэлігенцыі — 14,5%. З восені 1929 гал. кірункам агр. палітыкі ў БССР стала масавая калектывізацыя. Выконваючы дырэктывы вышэйшага кіраўніцтва СССР, парт. і сав. органы БССР праводзілі сярод сялянства актыўную арганізац. і масава-паліт. работу, імкнуліся фарсіравана забяспечыць перабудову вёскі на сацыяліст. аснове. Да пач. Вял. Айч. вайны ва ўсх. абласцях БССР было абагулена 93,4% сял. гаспадарак і 96,2% пасяўных плошчаў. Аднак калектывізацыя праводзілася паспешліва, пры адсутнасці належных сац.-эканам. умоў, з шырокім выкарыстаннем прымусовых, адм.-камандных метадаў. Заможныя (кулацкія) і шмат серадняцкіх гаспадарак падпалі пад раскулачванне, іх маёмасць была канфіскавана. Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў (5—12.4.1927) прыняў новую Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. У 1930-я г. на сац.-паліт. і культ. развіццё Беларусі, як і ўсяго СССР, негатыўны ўплыў зрабілі культ асобы, бюракратызацыя дзярж. структур і адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, якія абмяжоўвалі творчую актыўнасць працоўных. Цяжкім злачынствам з’явіліся рэпрэсіі палітычныя, што дасягнулі свайго апагея ў 1937. Супрацоўнікамі НКУС рэспублікі быў сфабрыкаваны шэраг спраў т.зв. «контррэвалюцыйных шпіёнскіх арганізацый» (гл. «Аб’яднанае антысавецкае падполле», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі», «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі», «Саюз вызвалення Беларусі» і інш.). На надзвычайным Дванаццатым Усебеларускім з’ездзе Саветаў (20—23.11.1936 і 15—19.2.1937) прынята Канстытуцыя Беларускай ССР 1937, вышэйшым органам дзярж. улады вызначаны Вярх. Савет БССР (гл. ў арт. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь), у перыяд паміж сесіямі — Прэзідыум Вярх. Савета БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле рашэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (28—30.10.1939, Беласток) прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні сав. улады і ўз’яднанні Зах. Беларусі з БССР. 12.11.1939 сесія Вярх. Савета БССР прыняла закон аб Уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Гэтым была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, створаны ўмовы для кансалідацыі бел. нацыі. Насельніцтва БССР пасля ўз’яднання склала 11 млн. чал. На пач. Вялікай Айчыннай вайны (22.6.1941) часці Чырв. Арміі аказалі на тэр. Беларусі ўпартае супраціўленне гітлераўцам (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.). На франтах з ворагам змагаліся больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. На захопленай гітлераўцамі тэрыторыі ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму разгарнулася партыз. і падп. барацьба (гл. Партызанскі рух на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі, Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі). 374 тыс. патрыётаў змагаліся ў партыз. атрадах і брыгадах, больш за 70 тыс. — у глыбокім падполлі. У канцы 1943 нар. мсціўцы ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. рэспублікі (гл. Партызанская зона). Ваен. кіраўніцтва партыз. барацьбой ажыццяўлялі Цэнтр. і Бел. штабы партыз. руху (гл. адпаведныя арт.). У чэрв.ліп. 1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944 БССР была поўнасцю вызвалена ад ням.-фаш. захопнікаў. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі, былі спалены і зруйнаваны 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Рэспубліка страціла больш як палову нац. багацця. Паводле сав.-польск. дамоўленасці са складу БССР Польшчы перададзены ў вер. 1944 Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці. У 1945 БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН (гл. ў арт. Крымская канферэнцыя 1945, Сан-Францыская канферэнцыя 1945). У 1946 СНК БССР пераўтвораны ў Савет Міністраў (гл. ў арт. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь). Паводле Канстытуцыі БССР у 1955—56 былі зацверджаны дзярж. герб, гімн і сцяг рэспублікі. Дзякуючы самаадданай працы бел. народа, а таксама дапамозе інш. рэспублік СССР адраджалася разбураная вайной гаспадарка. Матэрыяльная база аднаўлялася праз цэнтралізаваныя пастаўкі, рээвакуацыю абсталявання бел. прадпрыемстваў з сав. тылу, шэфскую і інш. дапамогаў працоўных калектываў усёй краіны. У 1944—45 у БССР было накіравана 38,2 тыс. адзінак тэхнал. абсталявання, 420 трактароў, 4 тыс. т паліва, шмат сельгастэхнікі, буд. Матэрыялаў, тысячы кваліфікаваных спецыялістаў і інш. У кароткі тэрмін узведзены аўтамаб., трактарны, інструментальны з-ды ў Мінску і дывановы камбінат у Віцебску, адноўлены Гомсельмаш, станкабудаўнічыя з-ды ў Мінску, Гомелі, Віцебску, льнокамбінат у Оршы, БелДРЭС і інш. Валавая прадукцыя прам-сці ў 1950 перавысіла ўзровень 1940 на 15%. З сярэдзіны 1950-х г. асн. умовай далейшага развіцця бел. эканомікі з’яўлялася шматбаковае супрацоўніцтва БССР з інш. рэспублікамі краіны. З уводам у эксплуатацыю новых і рэканструкцыяй дзеючых прадпрыемстваў, укараненнем у вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі штогод нарошчваўся эканам. патэнцыял. У 1956—85 былі пабудаваны і ўвайшлі ў строй 511 буйных прадпрыемстваў, сфарміраваўся магутны прамысл. комплекс рэспублікі. Аб’ём прадукцыі ў 1985 у параўнанні з 1960 вырас амаль у 9 разоў і перавысіў даваен. ўзровень у 38 разоў. Хутка нарошчвалі вытворчасць машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, прадпрыемствы паліўна-энергетычнага комплексу. З будаўніцтвам Лукомскай, Бярозаўскай і Васілевіцкай ДРЭС, Мінскай і Наваполацкай ЦЭЦ сфарміравалася адзіная Бел. энергет. сістэма. У той жа час не надавалася належнага значэння праблемам экалогіі, захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Драматычныя для Беларусі вынікі Чарнобыльскай катастрофы 1986. У сельскай гаспадарцы першачарговай задачай было ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, павышэнне культуры земляробства. У 1960—85 колькасць трактароў у калгасах і саўгасах рэспублікі павялічылася амаль у 4 разы, збожжаўборачных камбайнаў — у 3,3 раза, грузавых аўтамабіляў — у 2,9 раза. Пастаўкі мінеральных угнаенняў сельскай гаспадарцы выраслі ў 7,7 раза. У 1986—90 сярэднегадавая ўраджайнасць збожжавых ва ўсіх катэгорыях гаспадарак дасягнула 25,2 ц з га супраць 7,1 ц у 2-й пал. 1950-х г. Вытворчасць мяса (у забойнай вазе) у 1990 склала 1181 тыс. т супраць 402 тыс. т у 1960 і 275 тыс. т у 1940, вытворчасць малака ў параўнанні з 1960 вырасла больш як у 2 разы. Разам з тым у развіцці аграпрамысл. комплексу мелася шмат нявырашаных задач, у многіх гаспадарках калгасна-саўгасная вытворчасць была стратная. Няпоўнай была аддача асушаных зямель (іх плошча складала 2,5 млн. га), жывёлагадоўля ў большасці гаспадарак развівалася экстэнсіўна. Не мела належнага ўзроўню развіццё перапрацоўчых галін, асабістых гаспадарак сельскіх жыхароў. Важным звяном нар.-гасп. комплексу БССР быў транспарт, грузаабарот якога ў 1960—90 павялічыўся ў цэлым больш як у 3 разы. Рост эканомікі забяспечыў паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Яго рэальныя даходы выраслі ў 1985 супраць 1970 у 1,7 раза. На пач. 1990/91 навуч. года ўсімі формамі навучання ў БССР было ахоплена 3671 тыс. чал. Працавала 5429 агульнаадук. школ, 147 сярэдніх спец. і 33 вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1946—90 ВНУ падрыхтавалі 2062 тыс. спецыялістаў. Значных поспехаў дасягнула навука. У 1987 у БССР існавала 167 навук. устаноў, працавалі 44,5 тыс. навук. супрацоўнікаў, у т. л. 1085 дактароў і 14,1 тыс. канд. навук, займаліся ў аспірантуры каля 3 тыс. чал. Шэраг навук. адкрыццяў вучоных БССР атрымалі сусв. прызнанне. Пашыралі і ўдасканальвалі работу культ.-асв. ўстановы. У 1960 у рэспубліцы было выдадзена 1,6 тыс. назваў кніг і брашур, у 1985 — больш за 3,4 тыс. Адмоўным у развіцці культуры і грамадскіх навук было зніжэнне ўвагі да выкарыстання бел. мовы, слаба аналізаваліся негатыўныя з’явы ў жыцці грамадства. Эканам. і культ. развіццё БССР стварала аснову для пашырэння замежных сувязяў. У канцы 1980-х г. прадукцыя рэспублікі пастаўлялася амаль у 100 краін, асартымент экспарту ўключаў больш за 1 тыс. найменняў. Канстытуцыя Беларускай ССР 1978 вызначыла паліт. сістэму сав. грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС, грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Кіраўнічай і накіравальнай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арганізацый абвяшчалася Кампартыя Сав. Саюза.

З сярэдзіны 1980-х г. у БССР, як і ва ўсёй краіне, пачаўся працэс радыкальных пераўтварэнняў усіх бакоў грамадскага жыцця. Ключавое значэнне набылі праблемы рэфармавання паліт. сістэмы, дэмакратызацыі грамадства, дзярж. будаўніцтва, пачала складвацца шматпартыйнасць. Адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (24—25.6.1989, Вільнюс), узніклі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (1991), Партыя народнай згоды (1992) і інш. Паводле закону Вярх. Савета БССР ад 26.1.1990 «Аб мовах у Беларускай ССР» былі зроблены захады на больш шырокае выкарыстанне бел. мовы, у т. л. ў школах, установах, сродках масавай інфармацыі. 4.3.1990 на пашыранай дэмакр. аснове прайшлі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў. 27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25.8.1991 — Закон аб наданні статуса канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі. Пасля падзей у Маскве 19—21.8.1991 Вярх. Савет БССР 25.8.1991 прыпыніў дзейнасць КПБКПСС на тэр. Беларусі. 19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета рэспублікі перайменавала БССР у Рэспубліку Беларусь. Гл. таксама Беларусь.

Літ.:

гл. пры арт. Беларусь.

І.​Я.​Марчанка.

Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Газета «Савецкая Беларусь» з тэкстам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР. 1920.
Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Камунары вёскі Камуна Любанскага раёна капаюць асушальны канал. 1928.
Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Першамайская дэманстрацыя ў Мінску. 1950-я гады.
Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Антыкамуністычная маніфестацыя і мітынг каля Дома ўрада. Мінск. 7.11.1990.

т. 2, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛА (Янка) (сапр. Луцэвіч Іван Дамінікавіч; 7.7.1882, фальварак Вязынка, Маладзечанскі р-н Мінскай вобл. — 28.6.1942),

бел. паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч; класік бел. л-ры; адзін з заснавальнікаў сучаснай бел. л-ры і бел. літ. мовы. Нар. паэт Беларусі (1925). Акад. АН Беларусі (1928) і АН Украіны (1929). З сям’і збяднелай шляхты, старэйшы продак якой па бацьку ўпамінаецца ў дакументах 17 ст.; маці — рубяжэвіцкая шляхцянка. Скончыў Бяларуцкае нар. вучылішча (1898), вучыўся на агульнаадук. курсах А.​С.​Чарняева ў Пецярбургу (1909—13), у нар. ун-це імя А.​Л.​Шаняўскага ў Маскве (1915). Пасля смерці бацькі (1902) працаваў на гаспадарцы, хатнім настаўнікам («дарэктарам»), пісарам у суд. следчага ў Радашковічах (1903), малодшым прыказчыкам у памешчыка на Сенненшчыне (1904), практыкантам і памочнікам вінакура на броварах у памешчыцкіх маёнтках (1905—08). У 1908—09 супрацоўнік газ. «Наша ніва» і адначасова бібліятэкар б-кі Б.​Л.​Даніловіча (Вільня). 3 кастр. 1913 зноў у Вільні, супрацоўнік «Беларускага выдавецкага таварыства», рэдактар «Нашай нівы» (1914—15). У студз. 1916 у Маскве ажаніўся з У.​Ф.​Станкевіч (гл. У.Ф.Луцэвіч), прызваны ў армію. Служыў у дарожна-буд. атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін у Мінску, Полацку, Смаленску. 3 ліп. 1918 агент Аддз. забеспячэння Зах. вобласці. 21.1.1919 пераехаў у Мінск. Шмат друкаваўся як паэт і публіцыст у прэсе 1919—21 (газ. «Звон», «Беларусь», «Вольны сцяг», «Рунь», «Савецкая Беларусь»). У студз.сак. 1920 цяжка хварэў. З 1921 актыўна ўдзельнічаў у літ.-грамадскім і культ.-маст. жыцці, у т. л. ў стварэнні БДУ, нац. тэатра, рэсп. выдавецтваў. 22.11.1930 спрабаваў скончыць самагубствам з-за праследаванняў рэпрэсіўнымі органамі, абвінавачання ў кіраўніцтве т. зв. нацдэмаўшчынай. У Вял. Айч. вайну жыў у Маскве, потым у пас. Пячышчы каля Казані. Трагічна загінуў у Маскве ў гасцініцы «Масква». У 1962 урна з прахам К. перавезена ў Мінск і пахавана на Вайсковых могілках.

Пісаць пачаў на польск. мове. Першы вядомы бел. верш «Мая доля» датуецца 1904. Першы бел. друкаваны верш «Мужык» (мінская газ. «Северо-Западный край», 15.5.1905). Першы зб. «Жалейка» (Пб., 1908). Творчасць К. — летапіс жыцця бел. народа, адбітак нац. характару, нац. светаразумення і паэт. светаўспрымання на пераломных гіст. рубяжах 1-й пал. 20 ст. Яна вызначаецца глыбокай народнасцю, маст. арыгінальнасцю, нац. адметнасцю. Нац.-патрыятычны, адраджэнскі пафас, свабодалюбівыя матывы, ідэі сац. і нац. разняволення, паказ нар. жыцця, гіст. мінулага Беларусі, філас. асэнсаванне жыцця і чалавека наогул, бел. мужыка, інтэлігента — выхадца з нар. нізоў, у прыватнасці, увасоблены ў яго творчасці ў непаўторныя жанрава-стылявыя формы, што сталі класічнымі асновамі бел. лірыкі, эпасу, драматургіі і публіцыстыкі.

К. — паэт-рамантык. Ён сцвердзіў рамант. тып нац. лірыкі, у якой драм. напружанне, інтэнсіўнасць перажыванняў выяўляюцца ў маштабных, раскавана-асацыятыўных вобразах. Непаўторнае хараство ім надае арганічнае зліццё лірызму і рамант. незвычайнасці светаўспрымання з традыцыямі фальклору — вобразамі, матывамі, паэтыкай бел. нар. песні, з міфалагічнымі ўяўленнямі, архетыпамі, каларытам бел легендаў, паданняў і казак. Ранняя лірыка К. эвалюцыяніравала ад тэм і матываў пераважна сялянскіх да паглыбленага выяўлення асобы паэта (зб-кі «Гусляр», 1910, «Шляхам жыцця», 1913). Адкрыццё вобраза бел. мужыка станавілася ў паэта адкрыццём беларусаў як народа. З працэсам пазнання бел. народа звязана ў К. цікавасць да духоўных першаасноў нар. жыцця — пошукаў свабоды, шчасця, справядлівасці, ідэалаў дабра і прыгажосці, што з асаблівай маст. сілай выявілася ў лірыцы 1910—13. Яе герой свабодалюбівы, самаахвярны і актыўны ў барацьбе за свае ідэалы. Аснова гіст. аптымізму паэта — вера ў творчыя сілы народа, любоў да Бацькаўшчыны. К. ўзвысіўся як выразнік нар.-дэмакр. ідэй, пясняр маладой Беларусі, як лідэр бел. адраджэння пач. 20 ст. Глыбокі патрыятызм паэта раскрыўся ў гімнавых вершах пра «сакаліную сям’ю» сыноў і дачок маладой Беларусі, у пейзажах роднай зямлі, творах на гіст. тэматыку («На дзяды», «На куццю»), у вершах грамадзянска-пафасных («Блізкім і далёкім», «Цару неба і зямлі», «Паязджане», «Свайму народу», «І прыйдзе»). Разам з тым К. аддаў пэўную даніну ідэям рэв. абнаўлення рэчаіснасці, звязваючы ідэалы нац. адраджэння з радыкальна-рэв. пераўтварэннямі. Лютаўская рэвалюцыя, кастр. падзеі 1917, грамадз. вайна нарадзілі матывы асуджэння дыктатуры, класавай нянавісці, антыгуманізму. Вострыя праблемы бел. рэчаіснасці ён адлюстраваў у публіцыстыцы 1919—20.

З 2-й пал. 1920-х г. К. трапіў пад рэзкую крытыку вульгарных сацыёлагаў, якія абвінавачвалі яго ў т.зв. нацдэмаўшчыне, ідэалізацыі мінулага. У гэты перыяд удачы ў асэнсаванні рэчаіснасці ў паэта рэдкія, паэтычная актыўнасць яго рэзка зменшылася і ажывілася толькі ў сярэдзіне 1930-х г. (ляўкоўскі цыкл і інш.). У цэлым яго паэтычны геній выразна праяўляўся ў біяграфічных і пейзажных («За ўсё», «Сонцу», «Сосны», «Шоў я пушчаю...»), а таксама некаторых дзіцячых вершах. Эпас К. эвалюцыяніраваў ад апавядальна-бытавога да ўзнёсла рамантычнага і лірызаванага, ад сюжэтнага да фрагментарна-лірычнага і рэпартажнага. У ранніх (1906—08) паэмах схільнасць да рамантычна яркіх, выключных герояў і сітуацый («Нікому», «Зімою», «За што?», «Адплата кахання»). Паэма-трагедыя «Адвечная песня» (1908, апубл. 1910) — апафеоз мужычай празе шчасця на зямлі. Класічнымі сталі яго фалькл.-рамантычныя паэмы «Курган» (1910, апубл. 1912), прасякнуты ідэяй неўміручасці нар. мастацтва, «Бандароўна» (1913) — эпічная песня аб героіцы нар. змагання супраць прыгнятальнікаў, «Яна і я» (1913, апубл. 1920) — творчае развіццё на нац. глебе гесіёдаўскага і гётаўскага эпасу, паэтызацыя ідэалізаванага ўяўлення селяніна-працаўніка пра шчаслівае жыццё, якое нараджае вольная праца, духоўная еднасць, каханне. Праблема ўзаемаадносін выключнай асобы і народа ставіцца ў паэме «Магіла льва» (1913, апубл. 1920). Драматызаванымі паэмамі К. аддаў даніну сімвалізму і неарамантызму. У «Адвечнай песні» ён стварыў сімвалічны вобраз мужыка, цураючыся індывідуалізацыі героя. Лёс яго раскрываў праз паэтызацыю жыццёвых абставін-праяў, манументалізуючы вобраз гал. героя, абсалютызуючы яго бязмерную прагу да лепшай долі, ягонае адмаўленне нядольнага зямнога лёсу. Паэма «Сон на кургане» (1910, апубл. 1912) таксама пра лёс бел. мужыка, але ўжо ў перыяд рэакцыі. Герой паэмы Сам — не персанаж-характар, а фантасмагарычны шукальнік выйсця з гаротнага стану. Умоўныя абставіны, што сняцца яму на кургане, чаргуюцца з рэальнымі сцэнамі на пажарышчы і ў карчме. Варожыя Саму сілы ўвасоблены ў вобразах відмаў і ў рэальных нячысціках. Сам — вобраз трагічны: гіне яго маці, а бацька аказваецца жандарам. Паэма была раскрыццём складаных жыццёвых лёсаў бел. нар. інтэлігенцыі. Паэма «Безназоўнае» (1924), якую крытыка падавала як услаўленне рэвалюцыі, фактычна была спробай выявіць ідэал нац. дзярж. будаўніцтва Беларусі. Паэма «Над ракою Арэсай» (1933), якую вульгарна-сацыялагічная крытыка захвальвала, — не з’яўляецца фактам эстэт. ўзбагачэння, але сведчыць пра адносіны паэта да тагачаснай рэчаіснасці. Паэма «Тарасова доля» (1939) — паэтызацыя жыццёвага лёсу Т.​Шаўчэнкі. К. паспяхова вырашаў задачу стварэння бел. нац. камедыі і драмы. У камедыі нораваў «Паўлінка» (1912, паст. і апубл. 1913) ён высмейвае дамастроеўскія асновы жыцця засцянковай шляхты. Блізкім да камедыі нораваў з’яўляецца і сцэнічны жарг «Прымакі» (1913, апубл. 1920). У драме «Раскіданае гняздо» (1913, паст. 1917, апубл. 1919) раскрыты цяжкі лёс бел. абеззямеленага сялянства парэформеннага саракагоддзя, пошукі ім шляхоў да лепшай будучыні. Трагікамедыя «Тутэйшыя» (1922, апубл. 1924, паст. 1926, 1990) — вяршыня сатыр. камедыяграфіі К. У ёй з незвычайным пафасам упершыню аглядаліся актуальна-паліт. праблемы ўзаемаадносін усх. і зах. суседзяў Беларусі ў іх дачыненнях да бел. адраджэння. Калі ў «Паўлінцы» і «Раскіданым гняздзе» ярка выявіліся ілюзіі і спадзяванні на рэвалюцыю, то ў «Тутэйшых» гэтыя надзеі развейваюцца, даецца горкая ява паслярэв. рэальнасці, высмейваецца вялікадзярж. шавінізм, варожы бел. адраджэнню. Публіцыстыка К. ўзнімала пытанні паляпшэння сац. становішча нар. мас Беларусі, спрыяла абуджэнню іх нац. самаўсведамлення; «Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры» (1910), «Адбудова Беларусі», «Беларускі сцяг уваскрос!», «Незалежнасць» (1919), «Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год», «Справа беларускага нацыянальнага гімна», «Прамова на 15-годдзі літаратурнай працы» (усе 1920). Пераклаў на бел. мову «Слова аб палку Ігаравым», польскія тэксты ў «Сялянцы» і «Залётах» В.​Дуніна-Марцінкевіча, лібрэта оперы «Галька» С.​Манюшкі, паэму «Медны коннік» А.​Пушкіна, паэмы і вершы Т.​Шаўчэнкі, А.​Міцкевіча, М.​Канапніцкай, М.​Някрасава, А.​Кальцова, П.​Панча і інш. Творчасць К. вывучае купалазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Яго п’есы ставіліся ў шматлікіх тэатрах. П’есы К. «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», паэма «Магіла льва» экранізаваны. Паводле яго твораў створаны оперы Р.​Пукста «Машэка», М.​Чуркіна «Раскіданае гняздо», опера-прытча У.​Мулявіна «Песня пра долю», балеты Я.​Глебава «Выбранніца», «Курган», муз. камедыя Ю.​Семянякі «Паўлінка», сімфоніі, вак.-сімфанічныя паэмы і інш. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя К., з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя К. (за творы паэзіі і драматургіі). Імем паэта, названы Ін-т л-ры Нац. АН Беларусі, Нац. акад. тэатр у Мінску, Гродзенскі ун-т, пасёлак у Глускім, вёска ў Пухавіцкім р-нах, бібліятэкі, школы, вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Купалы Янкі літаратурны музей у Мінску (з філіяламі), Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Помнікі К. пастаўлены ў Радашковічах, Мінску, Акопах, Вязынцы, Ляўках, Араў-парку ў Нью-Йорку. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд Я.​Купалы.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—6. Мн., 1925—32;

Зб. тв Т. 1—6. Мн., 1952—54;

Зб. тв. Т. 1—6. Мн., 1961—63;

Зб. тв. Т. 1—7. Мн., 1972—76;

Поўны зб. тв.: У 9 т. Т. 1—5. Мн.,1995—99;

Спадчына. Нью-Ёрк;

Мюнхен, 1955;

Публіцыстыка. Мн., 1972;

Жыве Беларусь! Мн., 1993.

Літ.:

Янка Купала ў літаратурнай крытыцы Мн., 1928;

Мазалькоў Я. Янка Купала. Мн., 1951;

Івашын В. Янка Купала: Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905—1907 гг. Мн., 1953;

Янка Купала ў беларускім мастацтве. Мн., 1958;

Ярош М. Драматургія Янкі Купалы. Мн., 1959;

Яго ж. Янка Купала і беларуская паэзія. Мн., 1971;

Яго ж. Пясняр роднай зямлі. Мн., 1982;

Яго ж. Янка Купала і Якуб Колас. Мн., 1988;

Любімы паэт беларускага народа. Мн., 1960;

Народны паэт Беларусі. Мн., 1962;

Бярозкін Р. Свет Купалы. Мн., 1965;

Макарэвіч А. Ад песень і думак народных. Мн., 1965;

Яго ж. Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы. Мн., 1969;

Шарахоўскі Я. Пясняр народных дум. Мн., 1970;

Яго ж. Пясняр народных дум: Нарыс жыцця і дзейнасці Я.​Купалы: Савецкі перыяд. Мн., 1976;

Гульман Р. Тэксталогія твораў Янкі Купалы. Мн., 1971;

Есакоў А. Янка Купала і беларускае мастацтва. Мн., 1972;

Яго ж. Янка Купала і беларускі тэатр. Мн., 1972;

Каханоўскі Г. На запаветнай зямлі. Мн., 1974;

Такі ён быў. Мн., 1975;

Гаробчанка Т. Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне. Мн., 1976;

Рагойша В. Напісана рукой Купалы. Мн., 1981;

Яго ж. Вяршыні. Мн., 1991;

Пуцявінамі Янкі Купалы. Мн., 1981;

Купалава і Коласава слова. Мн., 1981;

Песні беларускай валадар. Мн., 1981;

Лужанін М. Сустрэчы. Мн., 1982;

Успаміны пра Янку Купалу. Мн., 1982;

Навуменка І. Янка Купала. 2 выд. Мн., 1980;

Неўміручая спадчына. Мн., 1983;

Разам з народам. Мн., 1983;

Гапава В. Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы. Мн., 1983;

Палітыка Дз. Янка Купала — перакладчык. Мн., 1986;

Багдановіч І. Янка Купала і рамантызм. Мн., 1989;

«Па сонца, па долю». Брэст, 1992;

Няхай М. Сустрэчы з Прыдняпроўем: (Янка Купала і Якуб Колас на Магілёўшчыне). Мн., 1992;

Калеснік У. Тварэнне легенды. Мн., 1987;

Купалаўскія чытанні. Мн., 1991;

Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990;

Лойка А. Як агонь, як вада... // Лойка А. Выбр. тв. Мн., 1992. Т. 1;

Уладар народных дум і песень. Віцебск, 1992;

Янка Купала — дзецям. Мн., 1992;

Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі. Мн., 1993;

Васючэнка П. Драматургічная спадчына Янкі Купалы. Мн., 1994;

Гніламёдаў У. Янка Купала: Новы погляд. Мн., 1995;

Спадчына Янкі Купалы і яго музей у сучасным асэнсаванні. Мн., 1996;

Янка Купала і «Наша ніва». Мн., 1997;

Янка Купала — публіцыст. Мн., 1998;

Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998;

Янка Купала: Энцыкл. давед. Мн., 1986;

Слоўнік мовы Янкі Купалы: У 8 т. Т. 1—2. Мн., 1997—99;

Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве: Бібліягр. Мн., 1980;

Янка Купала: Да 100-годдзя з дня нараджэння;

Біябібліягр. паказ. Мн., 1984;

Кіпелі В. і З. Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе: Бібліягр. Нью-Ёрк, 1985;

Беларускія пісьменнікі. Т. 3. Мн., 1994.

А.​А.​Лойка, І.​У.​Саламевіч.

Янка Купала. Партрэт работы мастака І.​Ахрэмчыка. 1945.
Я.Купала сярод удзельнікаў пленума цэнтральнага бюро Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк». 1925.
Я.Купала са студэнтамі-беларусамі. Пецярбург. 1910.
Янка Купала і Якуб Колас гуляюць у шахматы. Карціна З.​Паўлоўскага. 1945.
Аўтограф верша Я.Купалы «Мужык».
Помнік Я Купалу ў Араў-парку (ЗША).

т. 9, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСАЗНА́ЎСТВА,

абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. і інш. навук пра Беларусь і бел. народ — яго сацыяльную і этнічную гісторыю, умовы бытавання, матэрыяльную і духоўную культуру, мову ў іх сучасным стане і гістарычным развіцці. Абазначаецца таксама тэрмінам беларусістыка, які выкарыстоўваецца і ў больш вузкім значэнні — дысцыпліны бел. філалогіі (мовазнаўства, літаратуразнаўства, фалькларыстыка) або наогул толькі тыя з іх, што звязаны з вывучэннем бел. мовы. Для абазначэння беларусазнаўства асабліва ў замежным асяроддзі выкарыстоўваюцца тэрміны беларусіка, альбарусіка (ад лац. alba белая + russicus рускі), беларосіка, альбаросікагрэч. коранем Rhōs Русь, рускі), беларутэніка, альбарутэніка (ад лац. ruthenicus рускі), рэдка — беларусаведа. Беларусазнаўства ўключае шэраг разгалінаваных навук: гісторыю, геаграфію, прыродазнаўства, эканоміку, этнаграфію, мастацтвазнаўства, кнігазнаўства Беларусі, бел. фалькларыстыку, літаратуразнаўства і мовазнаўства, гісторыю культуры, гісторыю рэлігіі і канфесій на бел. землях і інш. Навукоўцаў, што працуюць у галіне беларусазнаўства, называюць беларусазнаўцамі, беларусаведамі, беларусістамі.

Беларусазнаўства складвалася і развівалася па меры станаўлення асобных навук пра Беларусь і беларусаў, паглыблення дыферэнцыяцыі і адначасова — узаемадзеяння паміж гэтымі навукамі. На ранніх этапах развіцця цесна змыкалася з краязнаўствам. Узнікшы напачатку з памкнення пазнаёміць грамадскасць з малавядомым краем і яго насельнікамі, беларусазнаўства паступова выходзіла за межы чыста пазнавальных мэтаў і стала навукай нац. самапазнання і самавызначэння бел. народа, усведамлення ім уласнага гіст. шляху, неабходнасці захавання нац. формы быцця. У выніку ўсебаковага, комплекснага падыходу да вывучэння Беларусі акрэсліліся змест і задачы беларусазнаўства, яго культ.-пазнавальнае і грамадска-паліт. значэнне. На пач. 20 ст. з пашырэннем ідэй нац. незалежнасці былі зроблены спробы аформіць беларусазнаўства ў абагульнены міждысцыплінарны курс для азнаямлення шырокай грамадскасці з асн. беларусазнаўчай праблематыкай.

Цікавасць да Беларусі і яе народа пачала праяўляцца яшчэ ў старажытнасці. Так, ужо ў стараж.-рус. летапісах прыводзяцца звесткі пра рассяленне, звычаі, заняткі, грамадскі лад, культуру ўсх.-слав. плямёнаў на тэрыторыі, якую займае сучасная Беларусь. Багаты фактычны матэрыял пра сац.-эканам., культ., канфесіянальную і паліт. гісторыю Беларусі змяшчаюць пісьмовыя помнікі 13—18 ст. эпохі ВКЛ — летапісы і хронікі, мемуарная, юрыд., грамадска-філас. і інш. л-ра. У філалагічных дапаможніках 16—17 ст. — граматыках, слоўніках (гл. ў арт. Лексікаграфія), букварах — шырока адзначаліся з’явы бел. мовы. Аднак да 19 ст. гэты фактычны матэрыял падаваўся фрагментарна, без глыбокага навук. асэнсавання. На мяжы 18—19 ст. цікавасць да Беларусі стала прыкметна ўзрастаць. Гэта было звязана з агульным уздымам навукі ў Еўропе (у прыватнасці, славяназнаўства) і з гіст. зменамі ў Беларусі: у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай яна адышла да Расіі. З паліт. меркаванняў Расіі важна было даказаць свае правы на далучаныя землі як на спрадвечную ўласнасць, часова страчаную ў неспрыяльных гіст. абставінах. Самастойнасць бел. народа і яго мовы катэгарычна адмаўлялася афіц. коламі Расіі. У сваю чаргу, прадстаўнікі шавіністычна настроеных слаёў польск. грамадскасці трактавалі Беларусь як частку Польшчы, беларусаў і іх мову разглядалі ў межах «пальшчызны». Вывучэнне Беларусі, такім чынам, ад самага пачатку ішло ва ўмовах вострай ідэалагічнай і паліт. барацьбы розных сац. сіл, саслоўна-класавых і нац.-рэліг. супярэчнасцяў, што адмоўна адбілася на вырашэнні кардынальных праблем беларусазнаўства. Не спрыяла развіццю беларусазнаўства і адсутнасць на Беларусі навук. цэнтраў і арг-цый, якія б узначальвалі і каардынавалі даследаванні з пункту гледжання інтарэсаў бел. народа. Распрацоўка беларусазнаўства часткова ініцыіравалася і падтрымлівалася рознымі навук. і грамадскімі арг-цыямі па-за межамі Беларусі. Прыкметную ролю ў абуджэнні цікавасці да Беларусі адыграў Віленскі ун-т (1803—32), некаторыя яго выкладчыкі займаліся вывучэннем бел. гісторыі, этнаграфіі, помнікаў бел. пісьменства і заахвочвалі да гэтага студэнтаў, якія стварылі гурток бел. філалогіі. Навук. вывучэнне Беларусі распачалі даследчыкі М.​К.​Баброўскі, І.​М.​Даніловіч, З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, Я.​Чачот, Т. і Ю.​Нарбуты і інш. Значную падтрымку ў зборы, навук. апрацоўцы і выданні матэрыялаў пра Беларусь аказалі даследчыкам Расійская АН, ун-ты С.-Пецярбурга, Масквы, Кіева і інш. гарадоў Расіі, Паўн.-Зах. аддзел Рускага геагр. т-ва, Маскоўская і мясц. археаграфічныя камісіі і археал. т-вы, губернскія стат. к-ты і інш. ўстановы. Дзякуючы іх падтрымцы была выяўлена і выдадзена вял. колькасць бел. стараж. рукапісаў і друкаваных кніг: граматы, дагаворы, прывілеі, суд. пратаколы і інш. канцылярска-адм. дакументы, заканад. акты і кодэксы, у т. л. статуты, «судзебнікі» (у зб. «Беларускі архіў старажытных грамат», выдадзены І.​І.​Грыгаровічам у 1-й чвэрці 19 ст., «Руска-лівонскія акты», у шматтомных Актах Заходняй Расіі, Актах Паўднёвай і Заходняй Расіі, «Рускай гістарычнай бібліятэцы», Актах Віленскай камісіі і інш.); летапісы ВКЛ, гіст. запісы і хронікі мясц. і замежных аўтараў (ад «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх» 15 ст. да помнікаў пач. 18 ст.); арыгінальныя і перакладныя маст. і публіцыстычныя творы — вершы А.​Рымшы (16 ст.) і Сімяона Полацкага (17 ст.), «Прамова Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча» (17 ст.), аповесці пра Атылу, Трыстана, Баву (у спісах 16 ст.) і інш.; пераклады рэліг. л-ры (пачынаючы з 15 ст.); навук. творы і палеміка правасл. дзеячаў з католікамі і уніятамі (у якой закраналіся не толькі вузкадагматычныя тэмы, але і з’явы грамадска-паліт. жыцця), драм. творы 17—18 ст. (т.зв. інтэрмедыі, або інтэрлюдыі). Публікаваліся каштоўныя зборы этнагр. і фалькл. матэрыялаў, стат. звесткі па эканоміцы Беларусі і гэтак далей. Аднак у цэлым у вывучэнні Беларусі адсутнічалі мэтанакіраванасць і арганізаваны пачатак, амаль усё залежала ад асабістых інтарэсаў і схільнасцяў даследчыкаў. На пач. 19 ст. працы, што публікаваліся па бел. гісторыі, этнаграфіі, фальклоры і мове (пераважна ў рус. і польск. друку), не заўсёды вызначаліся дакладнасцю ў падачы фактычнага матэрыялу і навуковасцю яго вытлумачэння. Яны адлюстроўвалі адсутнасць у некаторых аўтараў дакладнага ўяўлення аб прадмеце даследавання і ўвогуле невысокі ўзровень тагачаснай навукі, якая звярталася да бел. матэрыялу спарадычна, выкарыстоўвала яго часцей як пабочны, дадатковы пры разглядзе агульных пытанняў паходжання славян, гісторыі культуры і мовы асобных слав. народаў (пераважна рускага).

Да сярэдзіны 19 ст. паступова назапасіўся вял. фактычны матэрыял, выпрацаваліся больш дасканалыя метады даследавання беларусазнаўства. З’явіліся буйныя беларусазнаўчыя працы: па сац. гісторыі і археалогіі — Я.П. і К.​П.​Тышкевічаў, А.​Кіркора, М.​Ф.​Уладзімірскага-Буданава, М.​К.​Любаўскага, Ф.​І.​Леантовіча, І.​І.​Лапо, У.​К.​Стукаліча, М.​В.​Доўнар-Запольскага, А.​С.​Грушэўскага і інш.; па гісторыі культуры і стараж. пісьменства — П.​У.​Уладзімірава, К.​В.​Харламповіча, І.​І.​Флёрава, І.​А.​Бадуэна дэ Куртэнэ і інш.; па этнаграфіі, фальклоры і мове — І.​І.​Насовіча, П.​А.​Бяссонава, П.​В.​Шэйна, Е.​Р.​Раманава, У.​М.​Дабравольскага, П.​П.​Чубінскага, М.​Я.​Нікіфароўскага, М.​Федароўскага, М.​А.​Янчука, А.​І.​Сабалеўскага, А.​А.​Патабні, І.​А.​Нядзёшава і інш. Большасць даследчыкаў і збіральнікаў этналінгвістычных матэрыялаў паходзілі з Беларусі, многія прытрымліваліся прагрэсіўных поглядаў, усведамлялі сваю сувязь з бел. народам і самаахвярна яму служылі. Але нават і ў тых выпадках, калі даследчыкі глядзелі на Беларусь як на этнічную і дзярж. правінцыю Расіі ці Польшчы, сваімі працамі яны так або інакш сцвярджалі самабытнасць беларусаў, абуджалі цікавасць грамадскасці да іх гіст. лёсу. У канцы 19 ст. сфарміраваўся комплекс асн. (традыцыйных) раздзелаў (навук) беларусазнаўства. Вынікі даследаванняў у галіне беларусазнаўства падвёў Я.​Ф.​Карскі ў 1-м томе манаграфіі «Беларусы» (Варшава, 1903), дзе акрэсліў у абагульненым выглядзе асн. праблематыку беларусазнаўства, паказаў супярэчлівасць поглядаў тагачаснай навукі на Беларусь і яе народ, вызначыў найменш распрацаваныя раздзелы беларусазнаўства і намеціў перспектывы далейшых даследаванняў. У канцы 19 ст. ўсё часцей сталі з’яўляцца працы, у якіх яскрава праявіўся падыход да беларусаў як да асобнай, самастойнай фармацыі ў сям’і слав. народаў. Аб самастойнасці бел. народа і яго мовы сцвярджалі некаторыя вучоныя і грамадскія дзеячы яшчэ ў 1-й пал. 19 ст. А.​Міцкевіч, Я.​Чачот, З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, М.​Вішнеўскі, А.​К.​Ельскі (у польск. друку), М.​І.​Надзеждзін, П.​М.​Шпілеўскі, М.​А.​Максімовіч (у расійскім). У польск. навуцы погляд на беларусаў як на асобны слав. народ пад канец 19 ст. стаў пануючы. У рус. навуцы яго рашуча падтрымліваў рус. гісторык і філолаг А.​А.​Шахматаў. Карскі таксама разглядаў беларусаў і бел. мову ў якасці самастойных, хоць з-за цэнзурных умоў быў вымушаны карыстацца тэрмінамі «бел. племя», «мова бел. племені» замест «бел. народ», «бел. мова». Прызнанне беларусаў самастойным народам шырылася разам з ростам іх нац. самасвядомасці, абуджэннем ідэй адраджэння нацыянальнага, што прагучалі ўжо ў публіцыстыцы К.​Каліноўскага, асабліва моцна — у творчасці Ф.​Багушэвіча і інш. бел. пісьменнікаў, у дзейнасці бел. народнікаў (гл. «Гоман»). На пач. 20 ст. з нарастаннем рэв. ўздыму па ўсёй Расіі ідэі сац. і нац. разняволення прыгнечаных народаў набылі асаблівую сілу, у т. л. на Беларусі. Адмена ў 1905 забароны бел. друку дала новы штуршок развіццю бел. друкаванага слова і распрацоўцы праблем беларусазнаўства. Кола даследчыкаў пашырылася дзякуючы прытоку нац. свядомых людзей, якія па-новаму сталі асвятляць кардынальныя праблемы гісторыі бел. народа, паходжання бел. мовы і г.д. Абмеркаванне гэтых пытанняў выйшла за межы акад. навукі, у яго ўключыліся прадстаўнікі розных грамадскіх арг-цый, паліт. партый, прэса (напр., газ. «Наша ніва» і інш.). У 1910 у Вільні была выдадзена першая навук. праца на бел. мове «Кароткая гісторыя Беларусі» В.​Ю.​Ластоўскага, у якой намеціўся рашучы паварот навукі ад традыц. поглядаў на гісторыю Беларусі як на частку гісторыі Расіі ці Польшчы. Рэв. падзеі 1917 паставілі пытанне аб укараненні здабыткаў беларусазнаўства непасрэдна ў асв. практыку. У 1918 у Маскве ў Беларускім народным універсітэце дасведчанымі беларусазнаўцамі У.​І.​Пічэтам, Дз.​М.​Анучыным, Янчуком, П.​А.​Растаргуевым, З.​Ф.​Жылуновічам (Ц.​Гартны) упершыню быў прачытаны сістэматызаваны курс лекцый па беларусазнаўстве (частка іх была выдадзена ў 1918—20 асобнай кнігай пад назвай «Курс беларусазнаўства»).

З абвяшчэннем БНР, а затым БССР беларусазнаўства стала дзярж. справай. Цэнтр беларусазнаўчых даследаванняў перамясціўся на Беларусь. Напачатку яны былі сканцэнтраваны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (засн. ў 1921) і Інстытуце беларускай культуры (засн. ў 1922), на базе якога ў 1929 створана Акадэмія навук Беларусі з разгалінаванай сістэмай беларусазнаўчых ін-таў. Было наладжана выданне спец. л-ры, перыяд. навук. выданняў («Запіскі аддзела гуманітарных навук Інстытута беларускай культуры», «Працы БДУ»), а таксама розных грамадска-паліт. і літ.-крытычных часопісаў. У 1920—21 беларусазнаўства як прадмет пачала вывучацца ў школах, гуртках і на курсах, у сувязі з чым вялася падрыхтоўка настаўнікаў і лектараў-беларусазнаўцаў (гл. ў арт. Вышэйшыя курсы беларусазнаўства). Асв. і навук. беларусазнаўства развівалася і ў Зах. Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Польшчы. Тут існавалі бел. школы, яны забяспечваліся адпаведнымі падручнікамі, на бел. мове друкаваліся грамадска-культ. і навук. часопісы, дзе публікаваліся даследаванні па беларусазнаўстве (гл. ў арт. Беларускае навуковае таварыства, Таварыства беларускай школы ў Вільні). Пасля 1-й сусв. вайны навук. асяродак беларусазнаўства (Навуковае таварыства імя Ф.​Скарыны) склаўся таксама ў Чэхіі, дзе ў Пражскім Карлавым ун-це праходзілі навучанне многія студэнты-беларусы, што апынуліся па-за межамі СССР. Былі створаны Бел. навук. т-ва ў Рызе, Бел. камітэт у Чыкага і інш. Развіццю беларусазнаўства спрыяў узяты ў краіне на пач. 1920-х г. курс на беларусізацыю. Аднак у канцы 1920—30-х г. рэпрэсіі ўлад супраць нац. кадраў, барацьба з т.зв. бурж. нацыяналізмам нанеслі вял. страты беларусазнаўству. За «адыход ад марксісцка-ленінскай метадалогіі», «праяўленне буржуазнага нацыяналізму» ў БССР панеслі значныя страты кадры беларусазнаўцаў, амаль поўнасцю спынілася сур’ёзная даследчыцкая праца ў галіне беларусазнаўства. Аднаўляцца яна пачала толькі пасля Вял. Айч. вайны, але так і засталася ў рэчышчы паліт. дактрыны КПСС.

За пасляваенныя гады на Беларусі аднавіліся кадры беларусазнаўцаў, павялічылася іх колькасць за мяжой, былі створаны новыя н.-д. і навуч. ўстановы, узніклі новыя навук. выд-вы і перыяд. выданні, навук. кірункі, адбылося далейшае разгалінаванне навук пра бел. народ, беларусазнаўчыя даследаванні набылі шырокі размах. Склалася эміграцыйнае беларусазнаўства (у ЗША, Канадзе, Англіі, ФРГ) як альтэрнатыўнае савецкаму беларусазнаўству. За мяжой пачала выдавацца беларусазнаўчая перыёдыка: «Запісы» Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, «The Journal of Byelorussian Studies» (гл. «Джорнал ов беларашн стадыз»), «Occasional Papers in Belarusian Studies» («Альманах беларускіх даследаванняў») у Лондане і інш., бел. матэрыялы друкуюць самыя розныя (перш за ўсё славістычныя) замежныя выданні «Slavia» («Славія», Прага), «Slavia Orientalis» («Усходняя Славія», Варшава), «Zeitschrift für Slawistik» («Славяназнаўчы часопіс», Берлін) і інш. Аднак ідэалаг. супрацьстаянне «савецкай» навукі «заходняй», «буржуазнай» не спрыяла развіццю беларусазнаўства ў краіне. Улады ўсімі метадамі імкнуліся ізаляваць «савецкае» беларусазнаўства ад «заходняга», не дапусціць пры вырашэнні яго кардынальных праблем ніякіх адхіленняў ад ідэалаг. догмаў КПСС. Тым не менш за пасляваенны час у краіне і за яе межамі было створана нямала прац, якія трывала замацаваліся ў залатым фондзе беларусазнаўства. З 2-й паловы 1980-х г. стварыліся ўмовы для ўсебаковага, аб’ектыўнага даследавання беларусазнаўчай праблематыкі. Сталі агульнадаступныя тыя працы па беларусазнаўстве, што былі забаронены сав. уладай, з’явілася магчымасць абмяркоўваць тэмы, якіх раней у краіне нельга было закранаць або якія вырашаліся адназначна, толькі з пазіцый марксізму-ленінізму і паліт. інтарэсаў улады. Узніклі новыя грамадска-паліт. і навук. перыядычныя выданні па розных галінах беларусазнаўства. Створаны новыя грамадска-культ. і н.-д. ўстановы і арг-цыі: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.​Скарыны з аддзелам беларусазнаўства; адкрыты беларусазнаўчыя кафедры, аддзяленні і ф-ты ў ВНУ, у якіх беларусазнаўства выкладаецца як абавязковы прадмет. У 1991 заснавана Міжнародная асацыяцыя беларусістаў (МАБ), якая аб’ядноўвае каля 600 навукоўцаў з розных краін свету, рэгулярна праводзіць навук. кангрэсы для абмеркавання праблем беларусазнаўства і вызначэння кірункаў яго развіцця.

Дасягненні беларусазнаўства ў розных яго галінах асвятляюцца ў адпаведных артыкулах «Беларускай савецкай энцыклапедыі» (т. 1—12, 1969—75), «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—2, 1993—94), энцыклапедычных даведніках «Янка Купала» (1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Беларуская мова» (1994) і інш.

Літ.:

Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 1—5. Мн., 1993—95.

Л.​М.​Шакун.

т. 2, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СЫ,

нацыя, асноўнае насельніцтва Беларусі. Складае 7904 тыс. чал. (перапіс 1989), 77,4% насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Значная частка беларусаў жыве па-за межамі Беларусі, у т. л. ў Расіі 1052 тыс. (1989), на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс. чал.; у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш., паводле розных ацэнак, жыве ад 300 тыс. да 2 млн. беларусаў (гл. Дыяспара беларуская). Гавораць на беларускай мове, якая адносіцца да слав. групы індаеўрап. моўнай сям’і. Разам з рускімі і ўкраінцамі належаць да ўсх. славян. Антрапалагічны тып — сярэднееўрап. варыянт еўразійскай (еўрапеоіднай) расы. Тэрыторыя іх кампактнага рассялення ў межах Беларусі займае 207,6 тыс. км² і ахоплівае басейны верхняга Дняпра, Сажа, Зах. Дзвіны, Нёмана, Прыпяці і часткова Зах. Буга.

Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ўжо ў 5—8 ст. тэр. Беларусі насялялі слав. плямёны, з якімі генетычна звязаны саюзаплемянныя і раннефеад. этнапалітычныя супольнасці 9—10 ст.крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне, драўляне і севяране. Працэс іх рассялення на Беларусі суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі з мясц. балцкімі плямёнамі (гл. Балты), якія ў асноўным былі асіміляваны, а часткова (у зах. абласцях) склалі змешаныя балта-слав. групы. У межах Кіеўскай Русі (канец 9 — пач. 11 ст.) пачалі складвацца феад. адносіны, узнікаць класы, гарады, фарміравацца стараж.руская народнасць, прынята хрысціянства. З 10 ст. землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, часткова Смаленскага, Чарнігаўскага княстваў; да 12 ст. з іх вылучыліся Пінскае, Мінскае, Друцкае, Заслаўскае, Навагрудскае і інш. княствы.

Фарміраванне і развіццё беларускай народнасці. У 13—14 ст. землі і княствы Беларусі ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Полацкая, Новагародская, Віцебская землі, а таксама Слуцкае, Кобрынскае, Мсціслаўскае і інш. княствы мелі ў ВКЛ пэўную сац.-эканам. і юрыдычна-прававую аўтаномію. У складзе адзінай дзяржавы спыніўся працэс іх феад. драблення, што садзейнічала стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сацыяльна-эканам., паліт., дэмаграфічныя і этнакультурныя фактары абумовілі пашырэнне этнасацыяльных сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі Беларусі і ўнутрыэтнічную кансалідацыю. На працягу 15—16 ст. у ВКЛ павялічылася колькасць гарадоў і мястэчак, узмацніліся гандл. сувязі паміж імі, вырасла доля гандл.-рамесніцкага насельніцтва, павысілася таварнасць і прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі, праведзены адм.-тэр. і аграрна-гасп. рэформы; кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж. юрыд. нормаў завяршылася складаннем Статутаў Вял. княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588. Пасля аб’яднання з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую ВКЛ захоўвала паліт. аўтаномію, свой урад, юрыд. правы, войска, фінансы і інш., што ў пэўнай меры стрымлівала польскі ўплыў на бел. і літ. народы. Аднак з таго часу ўзмацніліся працэсы паланізацыі і акаталічвання. Для бел. сялянства і гараджан асн. каштоўнасцю была этнагенетычная спадчына, якая аб’ядноўвала розныя тэрытарыяльныя групы беларусаў на аснове агульнасці іх гіст. лёсу, культуры, мовы, рэлігіі. Значную ролю адыгрывалі фактар кампактнага рассялення беларусаў і іх дэмаграфічнае становішча (бел. землі складалі большасць тэр. ВКЛ, а насельніцтва — асн. этнічны масіў). Беларусы складалі значную частку насельніцтва і ў гарадах этнічнай Літвы — Троках, Коўне, сталіцы ВКЛ Вільні. Дамінуючае дэмаграфічнае становішча беларусаў у межах ВКЛ і высокі ўзровень развіцця іх культуры вызначылі поліэтнічны характар пашырэння іх мовы. Старабел. мова («руськая») была афіцыйнай дзярж. мовай ВКЛ, сродкам зносін паміж усх.-слав. насельніцтвам і літоўцамі-аўкштайтамі, жмудзінамі, латгаламі і больш дробнымі этнічнымі групамі (татары, яўрэі, цыганы, караімы і інш).

У перыяд складвання бел. народнасці этнакансалідуючую функцыю адыгрываў і канфесіянальны фактар. Большасць усх.-слав. насельніцтва ВКЛ да 16 ст. вызнавала праваслаўе. Гэтага веравызнання трымалася таксама частка насельніцтва этнічнай Літвы і Жмудзі. Пасля дынастычнага саюзу ВКЛ і Польшчы (гл. Крэўская унія 1385) на землях Літвы і Беларусі пачало пашырацца каталіцтва, у 16 ст. ў сувязі з еўрап. рэфармацыйным рухам — пратэстантызм (лютэранства, кальвінізм і інш.), а пасля Брэсцкай уніі 1596 — уніяцтва. Праваслаўныя цэрквы Беларусі, Украіны і Літвы, пераведзеныя ва уніяцтва, трапілі пад духоўную ўладу рымскага пантыфікату і ўспрынялі асн. догматы каталіцызму. Наступ каталіцтва і уніяцтва выклікаў у большасці правасл. насельніцтва незадаволенасць і пратэст. Найб. глыбока паланізацыя пранікла ў самасвядомасць, матэрыяльную і духоўную культуру пануючых класаў Беларусі. У 17 ст. большая палова бел. шляхты спавядала каталіцкую ці уніяцкую веру, карысталася польскай мовай, прытрымлівалася агульнасаслоўных стэрэатыпаў ладу жыцця і паводзін (напр., панібрацтва). Усе этнастваральныя фактары, што садзейнічалі складванню бел. народнасці ў 14—16 ст., у цэлым мелі аб’яднальную тэндэнцыю. Жыхары абшчыны сваю супольнасць звычайна вызначалі агульным сельскім ці валасным этніконам, які паходзіў ад назвы сяла ці цэнтра воласці. У межах паветаў, княстваў, зямель, ваяводстваў насельніцтва аб’ядноўвалася вакол гарадоў і мястэчак у т.зв. зямляцтвы (напр., мазыране, палачане, мсціслаўцы, случане і інш.). Зямляцкія этнонімы былі ўстойлівыя і ў самой Беларусі, і за яе межамі. У 14—16 ст. значна пабольшала роля працэсаў этнагенетычнай кансалідацыі і агульнадзярж. інтэграцыі. Пра гэта сведчыць пашырэнне этнонімаў «русіны» і «літвіны». Руссю (рус. землямі) у той час называлі ўсх. і цэнтр. тэр. Беларусі. Кампактны арэал назвы «літвіны» бытаваў пераважна ў раёнах Вілейкі, Смаргоні, Ашмян, Крэва, Маладзечна, Ліды і інш. (т.зв. Павілейская Літва). Але ў 16—17 ст. «Літвой» і «літвінамі» называлі ўсё насельніцтва ВКЛ. Канкрэтна беларусаў называлі «літвіны рускага роду», «літвіны рускай веры», «літвіны-беларусцы», «літоўскія беларусы», што адлюстравана і ў гіст. дакументах (напр., бел. першадрукар і асветнік Ф.​Скарына называў сябе палачанінам, русінам і літвінам).

Розныя ўзроўні працэсаў этнічнага формаўтварэння, саслоўна-класавая і канфесіянальная дыферэнцыяцыя адбіліся на складванні бел. народнасці, на разнастайнасці формаў і элементаў яе культуры і побыту. Асаблівасцю гарадоў і мястэчак Беларусі быў іх хуткі рост. У канцы 16 ст. іх было больш за 300, а іх жыхары складалі каля 16—20% насельніцтва. Многія з іх мелі магдэбургскае права. Павялічвалася маёмаснае, прававое і саслоўнае размежаванне іх насельніцтва. Да асобных катэгорый належалі духавенства і арыстакратыя. Іншаэтнічнае насельніцтва часта не ўваходзіла ў катэгорыю мяшчан, а аб’ядноўвалася ў свае абшчыны з асобнымі правамі і прывілеямі.

Асн. масу насельніцтва Беларусі 14—16 ст. складалі сяляне. Яны падзяляліся на дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх. У выніку аграрнай рэформы — валочнай памеры, праведзенай у ВКЛ у 16 ст., саслоўна-сац. і гасп.-эканам. арганізацыя сялянства змянілася і стала складацца з трох асн. катэгорый: слугі, асадныя сяляне і цяглыя сяляне.

Асн. збожжавай культурай было жыта; сеялі таксама авёс, ячмень, проса, пшаніцу і інш. Былі пашыраны агародныя і садовыя культуры. З землеапрацоўчых прылад пераважала саха для парнай запрэжкі. Пры ляднай (падсечна-агнявой) сістэме апрацоўкі зямлі сяляне карысталіся матыкамі, баронамі, сукаваткамі, смыкамі. Збожжавыя культуры сеялі ўручную з сявенькі-лубянкі, жалі сярпом, малацілі цапамі, веялі зерне веялкай-шуфлікам, малолі на муку або абдзіралі на крупы. Павелічэнне плошчы ворных зямель суправаджалася ўзнікненнем новых пасяленняў. Іх памеры, характар узнікнення і інш. асаблівасці адлюстраваліся і ў назвах-вызначэннях. Побач з вядомымі са старажытнасці назвамі сяло, сяльцо, весь, вёска, пагост з 15 ст. пачалі сустракацца слабада. воля, вольта, засценак, селішча. Асн. тыпам планіроўкі новых пасяленняў быў вулічны, што адпавядаў дзярж. плану забудовы. Існавала таксама бессістэмная, або кучавая, забудова. Асноўным тыпам жылля была зрубная хата з двума памяшканнямі (хата + сенцы). Вядома і трохкамернае жыллё (святліца + сенцы + жылое або гасп. памяшканне). Дах накрывалі саломай, дранкай, гонтай. Печы рабілі з комінам або без яго (курная хата). Вокны былі невялікія, іх закрывалі засаўкай, бычыным пухіром, прамасленай паперай, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможнай шляхты былі значна большыя, шматкамерныя, часам двухпавярховыя.

Пэўныя асаблівасці мела архітэктура гарадоў і мястэчак, якія паступова набывалі урбанізаваны тып, набліжаны да зах.-еўрапейскіх традыцый горадабудаўніцтва. У іх павялічвалася колькасць мураваных пабудоў (найбольш у зах. абласцях). Мураванымі былі пераважна абарончыя (замкі, крэпасці) і культавыя (цэрквы, касцёлы), радзей жылыя, бытавыя і адм. пабудовы.

Да 16 ст. адносіцца з’яўленне пэўных відаў адзення, якія пазней ўвайшлі ў традыц. бел. нар. касцюм. Асновай жаночага і мужчынскага касцюма заставалася кашуля (сарочка). Мужчынскі гарнітур дапаўняўся паясным (штаны, споднікі), плечавым (кафтан) і верхнім (кажух, армяк, даламан) адзеннем. У жаночы гарнітур уваходзіла плечавое і паясное адзенне (андарак, панёва, фартух, летнік, спадніца), розныя галаўныя ўборы (хустка, рантух, плахта, каптур, чапец, магерка, капялюш), а таксама паясы, кашалькі, упрыгожанні. З даўніх часоў на Беларусі бытаваў скураны абутак. Для сял. асяроддзя характэрнымі былі і лапці, пашытыя са скуры або сплеценыя з лыка.

Аснову харч. рацыёну насельніцтва 14—16 ст. складалі прадукты земляробства, агародніцтва, жывёлагадоўлі. Дадатковымі крыніцамі былі паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва. З напіткаў спажывалі мёд, квас, піва і інш. (гл. таксама Беларускія народныя стравы).

Фальклор беларусаў перыяду фарміравання народнасці меў тыя самыя жанры і элементы, што і ў папярэднія стагоддзі: песні, магічныя заклінанні, звязаныя з язычніцкай абраднасцю, галашэнні, быліны, казкі, легенды, загадкі. Узнік і новы эпічны жанр — гіст. песні і паданні, гал. тэмай якіх была барацьба народа з іншаземнымі захопнікамі, а таксама з уласнымі прыгнятальнікамі. Шырока бытавалі лірычныя песні. Зліццём язычніцкіх і хрысц. элементаў характарызаваліся многія абрады і звычаі, звязаныя з каляндарна-аграрнымі святамі і сямейна-бытавой абраднасцю. Гл. таксама Народная паэтычная творчасць.

Традыцыі перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне ў рамках сям’і. Тагачасныя сем’і падзяляліся на малыя (шлюбная пара і іх дзеці) і вялікія (бацькоўскія і брацкія родзічы 2—3 пакаленняў, сваякі, якія мелі агульную маёмасць, вялі сумесную гаспадарку і лічыліся адным «дымам»). Распараджальнікам і галавой сям’і быў бацька, а ў выпадку яго смерці — маці (пры адсутнасці дарослага сына). Сямейна-бытавыя адносіны рэгламентаваліся звычаёвым правам і дзярж. сямейным правам.

Са стараж. часоў на Беларусі былі вядомы школы. Яны існавалі пераважна пры манастырах і цэрквах, з 16 ст. — пры брацтвах (гл. Брацкія школы). Пры ордэнах езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў існавалі калегіумы. Адукацыя гар. насельніцтва была звязана з агульнаеўрап. традыцыямі. Разам з тым духоўная культура і грамадская думка беларусаў у 14—16 ст. мелі свае асаблівасці. У той час узнікала бел.-літоўскае летапісанне (гл. «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца). Вяршыняй тагачаснай бел. культуры стала гуманістычная дзейнасць Ф.Скарыны, які ў перакладзе на старабел. мову выдаў Біблію (Прага, 1517—19). Яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі і інш. былі актыўнымі дзеячамі бел. Рэфармацыі. З жыццём і побытам беларусаў знаёміў еўрап. чытача адзін з выдатных паэтаў эпохі Адраджэння М.Гусоўскі. Вострыя праблемы грамадска-паліт. жыцця ўзнімалі М.Сматрыцкі, Л.Карповіч, С.Зізаній, Афанасій Брэсцкі і інш. З 16 ст. вядомы школьны тэатр, папулярнымі ў народзе былі лялечны тэатр батлейка, бел. харавыя песні-гімны — канты і псалмы. Склалася адметная беларуская іканапісная школа, дасягнулі росквіту драўляная скульптура і разьба па дрэве, беларуская рэзь стала шырока вядома за межамі Беларусі. Узнікла своеасаблівая архітэктура: Мірскі, Навагрудскі, Лідскі, Крэўскі замкі, Мураванкаўская і Сынковіцкая цэрквы-крэпасці і інш.

Асн. вынікам дзейнасці комплексу сац.-эканам., паліт., этнічных працэсаў 14—16 ст. на Беларусі стала складванне самаст. этнасацыяльнай супольнасці феад. тыпу — бел. народнасці і яе асн. этнічных прыкмет — мовы, культуры, самасвядомасці.

Цяжкім і складаным у гісторыі беларусаў быў перыяд 17—18 ст. Шматлікія войны з суседзямі і паміж магнатамі прывялі да сац.-эканам. крызісу Рэчы Паспалітай, які скончыўся яе падзеламі (1772, 1793 і 1795) паміж суседнімі дзяржавамі. Абвастрэнне нац.-класавых, рэлігійных і інш. супярэчнасцей выклікалі ўздым вызв. войнаў і антыфеад. паўстанняў. У выніку войнаў, голаду і эпідэмій рэзка зменшылася колькасць насельніцтва, што негатыўна паўплывала на развіццё бел. народнасці. Бел. шляхта на працягу 17—18 ст. ў асноўнай масе была паланізавана. Сялянства, частка гараджан, ніжэйшага і сярэдняга духавенства, дробнай і часткова сярэдняй шляхты актыўна супраціўлялася паланізацыі, што забяспечвала этнаэвалюцыйнае развіццё бел. народа. Дыферэнцыяцыя бел. культуры на культуру нар. мас і пануючых саслоўяў набывала ярка выражаную этнічную накіраванасць, калі менавіта народ захоўваў традыцыйнасць этнавызначальных прыкмет этнасу.

У 17—18 ст. на ПнУ і У Беларусі, сумежных тэр. Смаленшчыны і Пскоўшчыны стабілізавалася назва Белая Русь, вядомая з 14 ст., паступова ў шырокі ўжытак увайшлі паняцці «беларускі край», «беларускія гарады», «беларуская мова», «беларуская вера» (уніяцтва). Канфесіянальны склад заставаўся стракатым. Падтрымка каралеўскім дваром і магнатамі каталіцкай царквы садзейнічала пашырэнню на Беларусі розных каталіцкіх ордэнаў (дамініканцаў, езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў, кармелітаў і інш.), якія актыўна падтрымлівалі уніяцтва. Да канца 18 ст. католікі складалі каля 15%, уніяты 70%, праваслаўныя 6%, іудзеі 7%, пратэстанты і інш. 2% насельніцтва Беларусі. Палітыка акаталічвання і паланізацыі закранула і мову. У 1696 на канфедэрацыі Рэчы Паспалітай прынята рашэнне, паводле якога агульнадзярж. мовай абвяшчалася польская. Гэтыя і інш. неспрыяльныя сац.-паліт. фактары пагоршылі ўмовы развіцця духоўнай культуры бел. народа.

І.​У.​Чаквін.

Фарміраванне беларускай нацыі. Драматычныя падзеі апошняй трэці 18 ст. шмат у чым прадвызначылі далейшы лёс бел. этнасу. Устанаўленне паліт. улады рас. царызму садзейнічала захаванню і нават узмацненню феад. прыгону. Сельская гаспадарка Беларусі знаходзілася ў крызісным стане. За 1796—1858 насельніцтва Беларусі павялічылася на 27% і складала 3,3 млн. чал. Вял. страты панесла Беларусь у час Айчыннай вайны 1812. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя прыкметы нац. кансалідацыі. У Віленскім ун-це ў канцы 1810-х г. М.Баброўскі і І.Даніловіч паклалі пачатак збіранню і публікацыі помнікаў бел. пісьменства 16—17 ст., садзейнічалі абуджэнню цікавасці да гіст. мінулага сярод студэнтаў — сяброў таварыстваў філаматаў і філарэтаў.

Развіццё бел. этнасу ў пач. 19 ст. характарызавалася не толькі працэсам фарміравання нац. самасвядомасці, але і іншаэтнічным асіміляцыйным уздзеяннем. Пры патуранні царскай адміністрацыі паланізацыя і акаталічванне карэннага насельніцтва ў канцы 18 — пач. 19 ст. нават узмацніліся. Тэарэтычным абгрунтаваннем гэтай дзейнасці сталі працы польскіх даследчыкаў С.​Ліндэ, Л.​Галамбёўскага, А.​Дамбоўскага, А.​Нарушэвіча, якія разглядалі беларусаў як этнагр. групу польскага народа. Пасля задушэння паўстання 1830—31 у дзярж. і навуч. установах замест польскай мовы ўводзілася руская. Полацкі царкоўны сабор 1839 абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з пануючай праваслаўнай царквой. Гэта выклікала супраціўленне многіх вернікаў, асабліва на ПнЗ Беларусі. Пачалося афармленне тэорыі заходнерусізму, паводле якой беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем рус. народа. Этнагр. асаблівасці, якія адрознівалі беларусаў ад рускіх, тлумачыліся польскім уплывам і падлягалі знішчэнню для аднаўлення нібыта «спрадвечна рускага характару краю». Заходнерусізм стаў ідэалогіяй і формай самасвядомасці часткі праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і дваран.

У 1840—50-я г. сярод шырокага кола мясц. інтэлігенцыі павялічылася цікавасць да гіст. мінулага Беларусі, вывучэння фальклору і побыту карэннага насельніцтва. З польскамоўнага літ. руху вылучылася т.зв. беларуская школа, творчасць прадстаўнікоў якой была прысвечана Беларусі. Асобныя творы Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі былі напісаны на бел. мове, а ў Я.Дуніна-Марцінкевіча яна стала асноўнай. У 1840-я г. А.Абрамовіч зрабіў першыя спробы стварэння нац. музычных твораў. У 1852 пастаўлена першая бел. опера «Сялянка» («Ідылія», муз. С.​Манюшкі і К.​Кжыжаноўскага, лібрэта Дуніна-Марцінкевіча). Самасвядомасць і творчасць гэтага кола інтэлігенцыі не заўсёды мелі ясна акрэслены нац. змест, але аб’ектыўна яны стваралі аснову бел. нацыянальнай мастацкай культуры. У цэлым развіццё нац. кансалідацыі слаба закранула этнас. Літвінамі сябе па-ранейшаму называлі жыхары Гродзенскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, часткова Слуцкага пав. У Віленскай губ., Мінскім, Дзісенскім, Барысаўскім пав. літвінамі называлі толькі католікаў, а праваслаўных — беларусамі. Зах. Беларусь, як і раней, называлі Літвой, а этнічную Літву — Жмуддзю, Самагіціяй. Саманазва «беларусы» была найб. пашырана ў «гістарычнай Беларусі» — Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Смаленшчыне, але яна мела пераважна тапанімічны характар. Захоўваліся шматлікія этніконы тыпу віцебцы, магілёўцы, гомельцы, пінчукі, бужане. Большасць памешчыкаў, 92% якіх былі католікамі, лічылі сябе палякамі. Многія з іх захоўвалі элементы мясц. («літоўскага», ці «беларускага») патрыятызму, які ў пач. 1860-х г. набыў нацынальна-паліт. і асветніцкі характар. У 1862 мінскі маршалак А.​Аскерка выдаў у Варшаве бел. лемантар. Дробная шляхта сваю этнічную прыналежнасць звязвала з канфесіянальнай: католікі лічылі сябе палякамі, праваслаўныя — рускімі. Аналагічным чынам вызначалі сябе мяшчане. Этнічнае самавызначэнне інтэлігенцыі залежала гал. чынам ад яе паліт. арыентацыі, але большая частка аддавала перавагу польскай дэмакр. культуры. І толькі сярод нешматлікага кола дэмакр. інтэлігенцыі сфарміравалася ўяўленне пра тое, што беларусы валодаюць усімі ўмовамі для самастойнага развіцця і маюць на тое ўсе правы. Лідэрам гэтай групы стаў К.Каліноўскі. Яго публіцыстыка ў газ. «Мужыцкая праўда» сведчыла пра спеласць нац. руху. У час паўстання 1863—64 на Вілейшчыне па патрабаванні сялян былі адкрыты бел. школы. Паражэнне паўстання адмоўна адбілася на развіцці бел. этнасу. Лепшыя прадстаўнікі дэмакр. інтэлігенцыі загінулі, многія сасланы ў Сібір. Царская адміністрацыя ўстанавіла на Беларусі ваенна-паліцэйскі рэжым. Руская мова заняла пануючае становішча ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Было забаронена друкаваць бел. кнігі лацінкай.

Сялянская рэформа 1861 абумовіла пазітыўныя зрухі ў эканам. развіцці Беларусі. Вял. значэнне мела будаўніцтва густой сеткі чыгунак. Эканам. становішча сялян палепшылася. Вынікам гэтага стаў хуткі рост колькасці насельніцтва. За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў падвоілася. У 1897 на Беларусі жыло 6,5 млн. чал.

У 1868 у Пецярбургу ўзнікла асветніцкая арг-цыя «Крывіцкі вязок». Далейшае развіццё нац. руху было звязана з народніцкай ідэалогіяй. У канцы 1870-х — пач. 1880-х г. у Пецярбургу была створана група «Гоман» — першая паліт. самастойная арг-цыя бел. нац. інтэлігенцыі, якая выдавала час. «Гомон», інш. выданні. У 2-й пал. 1880-х г. у Мінску ўзнікла група ліберальнай інтэлігенцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, У.З.Завітневіч, А.І.Слупскі, Я.Лучына і інш.), якая імкнулася абудзіць нац. самасвядомасць легальнымі сродкамі. Для гэтага выкарыстоўвалася першая прыватная на Беларусі газ. «Минский листок», а таксама выдадзеныя ў 1889—93 календары. Яшчэ большы ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці зрабіла творчасць Ф.Багушэвіча. Яго прадмова да «Дудкі беларускай» з’явілася сапраўдным маніфестам нац. адраджэння (гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух).

Вял. значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў, этнографаў. Іх публікацыі пераканаўча сведчылі, што беларусы з’яўляюцца самастойным этнасам, а не «сапсаванымі» рускімі ці палякамі.

На працягу 2-й пал. 19 ст. ў этнічнай самасвядомасці беларусаў адбыліся істотныя змены. Паводле перапісу 1897, 74% насельніцтва Беларусі лічылі роднай мовай беларускую. Да беларусаў сябе адносілі каля 43% саслоўя дваран. Роднай мовай беларускую лічылі 40% чыноўнікаў, 10% юрыстаў, 20% урачоў, 29% паштова-тэлеграфных служачых, 60% настаўнікаў. Сярод сялянства назва «беларусы» выцесніла большасць лакальных этніконаў. Тэрмін Беларусь замацаваўся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Аднак саманазва «беларус» яшчэ не мела агульнаэтнічнага і нац. зместу. Таму поруч з ім ужываліся канфесіянізмы («рускія», і «палякі»), а жыхары паўн.-заходняй і цэнтр. часткі Беларусі нярэдка называлі сябе «тутэйшымі».

Нац. рух, які ўступіў у новы перыяд свайго развіцця, меў сацыяліст. характар. У 1903 створана Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Паскорыўся працэс фарміравання бел. прафесійнай мастацкай культуры. Узніклі бел. выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, «Наша ніва», «Наша хата» і «Палачанін» у Вільні і інш. З’явіліся перыяд. выданні: газеты «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Беларус», часопісы «Лучынка», «Саха», «Крапіва», альманах «Маладая Беларусь». Характэрнай рысай усёй бел. нацыянальнай культуры было абуджэнне агульнаэтнічнай самасвядомасці.

Вял. ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці як сістэмы навук. поглядаў зрабілі працы Я.​Ф.​Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22), артыкулы Доўнар-Запольскага, матэрыялы перапісу 1897, працы В.Ластоўскага, асабліва яго «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Вядучую ролю ў пашырэнні нац. самасвядомасці адыгрывала прэса, у першую чаргу газ. «Наша ніва», рэдакцыя якой стала арганізацыйным цэнтрам усяго нац. руху. Важнай формай папулярызацыі нац. культуры сталі бел. вечарынкі, што арганізоўваліся ў Вільні, Гродне, Полацку, Карэлічах, а таксама ў Пецярбургу, Варшаве, Тамбове і інш. Развіццю нац. культуры спрыяла кадыфікацыя бел. мовы. У 1908—10 былі спробы стварэння прыватных бел. школ.

Галоўным арэалам кансалідацыі бел. нацыі сталі цэнтр. і паўн.-зах. часткі Беларусі (Лідскі, Дзісенскі, Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Навагрудскі, Слуцкі і Мінскі пав). Менавіта сярэднебел. гаворкі, асабліва іх паўн.-зах. група, склалі дыялектную аснову бел. літаратурнай мовы. На пач. 20 ст. нац. самасвядомасць стала характэрнай рысай прадстаўнікоў практычна ўсіх класаў і сац. слаёў грамадства, што сведчыла пра завяршэнне фарміравання бел. нацыі як самаст. этнасацыяльнага арганізма.

П.​У.​Церашковіч.

Развіццё беларускай нацыі ў 20 ст. Першая сусв. вайна, Лютаўская і Кастр. рэв. 1917, грамадз. вайна, герм. і польск. акупацыі паставілі бел. народ на мяжу выжывання. У выніку страт на франтах і сярод мірнага насельніцтва ў часы ваен. дзеянняў і акупацый, эпідэмій, бежанства, эміграцыі з 7,5 млн. чал., што жылі на Беларусі ў 1914, на канец 1917 засталося 6,9 млн., а на пач. 1921 — 6,7 млн. чал. Радыкальныя змены ў паліт. сітуацыі пацягнулі за сабой трансфармацыю звыклых стэрэатыпаў, фарміраванне якасна новых уяўленняў аб сабе і суседзях. Важным крокам на шляху да бел. дзяржаўнасці было абвяшчэнне 25.3.1918 Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 1.1.1919 Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародаваў Маніфест аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Фактар дзяржаўнасці адыграў вял. этнафарміравальную ролю. У лют. 1919 БССР была аб’яднана з Літвой у Літоўска-Беларускую ССР. 31.7.1920 Беларусь зноў абвешчана незалежнай рэспублікай. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 зах. тэр. Беларусі з насельніцтвам больш за 4 млн. чал. засталася пад уладай Польшчы. Прымусовае адарванне Заходняй Беларусі стрымлівала этнічную кансалідацыю беларусаў. З пераходам да мірнага будаўніцтва, стварэннем СССР паступова вырашаліся нац. і культ. праблемы, пачалася беларусізацыя, якая прадугледжвала пашырэнне сферы ўжывання бел. мовы, вылучэнне на ключавыя пасады мясц. кадраў, развіццё нац. культуры.

Станаўленне новай школы ішло пераважна на роднай мове. На 15.12.1927 у БССР з 5510 школ 4573 былі беларускія. Працавалі таксама рус., яўр., укр., польск., лат., літ., ням. і інш. школы. Існавалі і школы змешанага тыпу: бел.-рус., бел.-польскія, бел.-яўр., рус.-яўр. і інш. Раўнапраўнымі дзярж. мовамі лічыліся бел., рус., польская і яўрэйская. Справаводства ў парт., дзярж., грамадскіх установах і арг-цыях пераводзілася на бел. мову. У станаўленні нац. адзінства пэўную ролю адыграла вышэйшая школа, у т. л. БДУ, Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, Віцебскі ветэрынарны ін-т і інш. У 1929 на аснове Інстытута беларускай культуры створана Акадэмія навук Беларусі. Працэсу кансалідацыі спрыяла развіццё прафесійных формаў культуры беларусаў. На рэв. хвалі з нар. глыбінь у л-ру прыйшлі маладыя пісьменнікі і паэты. Узніклі літ. аб’яднанні («Узвышша», «Полымя», «Маладняк»), якія адыгралі прыкметную ролю ва ўздыме нац. свядомасці. Стварэнне бел. прафесійных тэатраў (Першы БДТ у 1920, Другі БДТ у 1926) стала стымулам для развіцця бел. драматургіі. Бел. мастакі, апрача нац. выставак, дэманстравалі свае творы ў Маскве, Лейпцыгу, Лос-Анжэлесе. У бел. кіно вядучае месца адводзілася гіст.-рэв. фільмам. Развівалася прафесійная музыка, аснову якой складалі нар. мелодыі. Палітыка беларусізацыі дала магутны імпульс для росквіту нац. культуры, абудзіла духоўныя сілы народа. У працэсе культурнай рэвалюцыі назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі, выкліканыя ігнараваннем інтарэсаў пэўных грамадскіх плыняў. Істотныя страты беларусам прычынілі прымусовая калектывізацыя і звязаныя з ёй высылкі за межы Беларусі заможных сялян. Калектывізацыя пакінула глыбокі след у духоўным жыцці беларусаў: разбураліся многія нар. традыцыі, звычаі, абрады, якія складваліся стагоддзямі. Гіпертрафіраваных памераў дасягнула антырэліг. прапаганда: закрываліся і рабаваліся цэрквы, знішчаліся многія арх. і гіст. помнікі. З канца 1920-х г. пачалася кампанія па выкрыцці т.зв. нацыяналдэмакратызму. Да «нацдэмаў» найперш адносілі пісьменнікаў і паэтаў сял. паходжання. Ахвярамі беззаконня сталі таксама вядомыя вучоныя, дзеячы мастацтва, настаўнікі і інш. (гл. Рэпрэсіі палітычныя ў СССР).

І ўсё ж бел. л-ра і мастацтва набывалі жанравую разнастайнасць і займалі пачэснае месца ў агульнасаюзнай і еўрапейскай культуры. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена ўсеаг. абавязковае навучанне (пачатковае ў вёсцы, сямігадовае ў горадзе), у асноўным была ліквідавана непісьменнасць (паводле перапісу 1939 было 80,81% пісьменных). У 1938 працавала 7132 школы, у якіх вучылася больш за мільён дзяцей.

Складаным працэсам на Беларусі была індустрыялізацыя. У выніку хуткіх тэмпаў прамысл. развіцця БССР з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку. У працэсе тэхн. пераўзбраення нар. гаспадаркі мяняліся побыт і матэрыяльная культура беларусаў: традыц. касцюм паступова страчваў функцыі этнічнай прыкметы, традыц. прылады працы паступова выцясняліся машынамі. Замест шматлікіх вёсачак, засценкаў, хутароў узнікалі калгасныя пасёлкі, заснаваныя на нетрадыцыйных прынцыпах гасп. планавання. Пачалася планамерная забудова і рэканструкцыя гарадоў.

У Зах. Беларусі, якая да 1939 знаходзілася ў межах Польшчы, на нац. працэсы ўплывалі супярэчлівыя тэндэнцыі этнасац. развіцця. З аднаго боку, нарастала польска-каталіцкая каланізацыя «ўсходніх крэсаў», з другога — абуджэнне нац. самасвядомасці беларусаў. Запаволенае яе эканам. развіццё і слабая урбанізацыя былі адной з прычын кансервацыі традыц. культуры беларусаў. Важным паліт. актам, які станоўча паўплываў на развіццё бел. народа, было ўз’яднанне беларусаў у адзінай рэспубліцы (1939).

Працэсы ўнутранай кансалідацыі бел. этнасу перапыніла Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. За гады акупацыі гітлераўцы разбурылі і зруйнавалі на Беларусі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак, правялі больш за 140 карных аперацый, у час якіх спалілі 628 вёсак разам з жыхарамі. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Вайна выклікала вял. міграцыі насельніцтва: у першыя месяцы вайны з тэр. Беларусі эвакуіравана 1,5 млн. чал.; больш за мільён беларусаў змагаліся на франтах, больш за 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў вялі барацьбу на акупіраванай ворагам тэрыторыі (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну).

Пасля вайны ўнутрыэтнічная кансалідацыя бел. этнасу набірала сілу. У перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі адраджаліся традыц. промыслы і рамёствы. Да канца 1950-х г. з дапамогай усёй краіны Беларусь аднавіла свой эканам. патэнцыял. Аднак толькі праз 30 гадоў яна дасягнула даваен. колькасці насельніцтва.

З 1960-х г. з разгортваннем навукова-тэхн. прагрэсу, інтэнсіўным развіццём урбанізацыі і міграцыі, ростам адукацыйнага патэнцыялу насельніцтва адбываліся глыбокія структурныя зрухі ў эканам., паліт., сац. і духоўным абліччы беларусаў. Унутраная кансалідацыя этнасу спалучалася з нарастаннем інтэграцыйных працэсаў. Тэмпы эканам. развіцця Беларусі былі вышэйшыя за сярэднія паказчыкі ў СССР. Павялічылася ўраджайнасць с.-г. культур, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. Індустрыяльнае аблічча рэспублікі сталі вызначаць працаёмкія і навукаёмкія галіны прамысловасці. Хуткі рост прам-сці паўплываў на рост міграцыйных працэсаў і тэмпы урбанізацыі. У гарадах Беларусі жыве 68,6% яе насельніцтва (на 1.1.1995). Міграцыя з вёсак найб. актыўнай і адукаванай іх часткі, масавы прыток сельскіх жыхароў у гарады пэўным чынам паўплывалі на этнічныя працэсы, на аблічча гараджан (73% ад гараджан склалі беларусы). Вяскоўцы прыносілі ў гар. лад жыцця бел. традыцыйную культуру: песні, танцы, абрады, звычаі.

Пад уплывам навук.-тэхн. прагрэсу адбываюцца змены ў матэрыяльнай культуры народа. Бел. нар. адзенне знайшло сваё ўвасабленне ў сцэнічным і абрадавым касцюме. Традыцыі нар. творчасці выкарыстоўваюцца ў мадэліраванні сучаснага адзення. У асобных нас. пунктах захоўваюцца нар. промыслы і рамёствы.

Значныя змены адбываюцца ў жыллёвым буд-ве, ва ўпарадкаванні сельскіх і гар. паселішчаў. Сельскае жыллё развіваецца па 2 кірунках: удасканальванне традыц. тыпаў і забудова вёскі шматпавярховымі дамамі і катэджамі. Аднак пераважае традыц. жыллё: 73% жыллёвага фонду сельскіх нас. пунктаў прыпадае на індывід. хаты. Будуюцца ў вёсках цагляныя і шлакабетонныя дамы; на змену саламянаму даху прыйшлі чарапіца, гонта, бляха, шыфер.

Ідзе інтэнсіўная трансфармацыя інтэр’ера (вылучэнне пакояў, наяўнасць фабрычнай мэблі, хатняй бібліятэкі і інш.).

Пэўнай традыцыйнасцю вылучаецца нац. кухня беларусаў. Па-ранейшаму аддаецца перавага жытняму хлебу, штодзень на стале ў беларусаў бывае бульба ў розных варыянтах. Як і раней, пашыраны стравы з круп. Аднак і ў харчаванні адбыліся пэўныя змены: больш спажываецца мясных і малочных прадуктаў, яек, цукру; параўнальна менш хлеба і бульбы. Стравы, якія раней гатавалі на свята, сталі паўсядзённымі. У той жа час такія стравы, як дранікі, калдуны, бабка, мачанка, пераходзяць на святочны стол і служаць свайго роду этнічнай прыкметай бел. кулінарыі.

Пазітыўныя змены адбыліся і ў духоўнай культуры беларусаў. Ажыццяўляецца ўсеагульная сярэдняя адукацыя. За 1970—90 колькасць нац. інтэлігенцыі падвоілася. Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацый, што працуюць у нар. гаспадарцы, беларусы складаюць 61% (1974), колькасць студэнтаў беларусаў павялічылася да 70,7% (1989). Калі ў 1970 на 1 тыс. беларусаў, што працавалі ў нар. гаспадарцы, прыпадала 40 чал. з вышэйшай і 515 з сярэдняй адукацыяй, то ў 1989 — адпаведна 115 і 774 чал. Беларусы прадстаўлены ва ўсіх групах інтэлігенцыі. Сярод дактароў навук беларусаў 47%, сярод кандыдатаў — каля 50%. Адметнай рысай самасвядомасці беларусаў стала прафесійная культура (літаратура, мастацтва). Яна заняла моцныя пазіцыі ў перадачы этнічных ведаў.

Вялікае значэнне ва ўмацаванні агульнаэтнічнага адзінства набылі тэлебачанне, радыё, друк, якія знаёмяць з багатай спадчынай беларусаў, іх гісторыяй, культурай. У абрадавым жыцці беларусаў ідуць складаныя, супярэчлівыя працэсы. Абраднасць выцясняецца за межы сям’і. Паралельна з працэсам арганізаванага ўкаранення новай абраднасці ідзе актывізацыя абрадавай творчасці нар. мас. Ступень захаванасці нац. самабытнасці найб. высокая ў абрадах, звязаных з жыццём сям’і (радзіны, вяселле, пахаванне). У апошнія дзесяцігоддзі заўважаецца адраджэнне каляндарных свят (провады зімы, гуканне вясны, зажынкі, дажынкі, Купалле), а з 1990-х г. агульнанац. святамі сталі Каляды, Вялікдзень, Дзяды.

Неадназначныя працэсы ідуць і ў моўнай сферы беларусаў. Перапіс 1959 зафіксаваў павелічэнне колькасці беларусаў, якія лічаць бел. мову роднай. Аднак з 1970 працэнт такіх людзей памяншаўся. Мацнейшыя арыентацыі на бел. мову ў сельскай мясцовасці. Больш трывала яна ўтрымлівалася ў сферы чытання, менш — ва ўнутры- і міжнац. зносінах. Патэнцыяльнае валоданне роднай мовай у беларусаў больш высокае, чым яе фактычнае выкарыстанне. Ва ўмовах інтэнсіўнай адаптацыі беларусаў да індустрыяльна-урбанізаванага асяроддзя, інтэрнацыяналізацыі ладу жыцця змяніліся адносіны ў выкарыстанні бел. і рус. моў на карысць апошняй. У выніку нац. свядомасць часткі беларусаў стала абапірацца на мову не як на аб’ектыўную прыкмету, а як на этнічны сімвал. Матэрыялы спец. даследаванняў і перапісаў сведчаць, што нац. самасвядомасць беларусаў абапіраецца на 2 мовы: беларускую і рускую. Масавае двухмоўе стала ўстойлівай з’явай, што пацвердзіў рэферэндум 1995. Руская мова адносіцца да найбольш пашыраных у свеце моў, валодае высокім інфармацыйна-камунікатыўным патэнцыялам, з’яўляецца роднаснай беларускай мове, што і вызначае яе шырокае выкарыстанне беларусамі.

Інтэнсіфікацыя этнакультурных кантактаў, рост нац. змешаных сем’яў, інтэрнацыяналізацыя працоўных калектываў ідзе на фоне нац. цярпімасці і суправаджаецца пэўнай мадыфікацыяй этнасу. У выніку кансалідацыйных працэсаў устойліва замацаваўся ў якасці агульнаэтнічнай назвы этнонім «беларусы». У іншанац. асяроддзі беларусы выступаюць як адзіная нац. агульнасць.

У этнічнай гісторыі беларусаў 1970—80-я г. адзначаны развіццём эканомікі, культуры, своеасаблівай раўнавагай (балансам) інтарэсаў розных нац. і сац. сіл, умацаваннем нац. самасвядомасці. Аднак у канцы 1980 — пач. 1990-х г. заўважаюцца негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы, дэмаграфічным развіцці (павялічваецца смяротнасць, зніжаецца нараджальнасць), у культуры этнасу, экалогіі (найперш Чарнобыльская катастрофа 1986).

Канец 20 ст., як і яго пачатак, стаў пераломным у гісторыі беларусаў, калі на эвалюцыйны шлях развіцця вял. ўплыў аказвалі паліт. і сац. зрухі. 27.7.1990 сесія Вярх. Савета БССР прыняла Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі», якой 25.8.1991 нададзены статус канстытуцыйнага закону. Пасля распаду СССР глабальныя паліт. змены адбыліся і на Беларусі. На 1990-я г. прыпадаюць змены ў культурна-гіст. самасвядомасці беларусаў: умацоўваецца рэліг. самасвядомасць і прыналежнасць чалавека да пэўнага этнасу, а ўтварэнне менавіта сваёй бел. дзяржаўнасці спрыяе развіццю этнакансалідуючых тэндэнцый.

Гісторыя сведчыць, што беларусы на працягу свайго шматвяковага шляху стварылі і захавалі багатую, самабытную і унікальную культуру, якая ўвайшла ў сусветную цывілізацыю, паказалі мужнасць і гераізм, цярпенне і працавітасць, міласэрнасць і ўменне жыць у добрасуседстве. Гэта дае надзею на будучае, што і ў 3-м тысячагоддзі беларусы не страцяць свайго «твару», знойдуць сваё месца ў шматколернай сусветнай супольнасці народаў.

Літ.:

Гл. пры арт. Беларусь.

Г.​І.​Каспяровіч.

т. 3, с. 5

Да арт. Беларусы. Свінцовая пячатка Усевалада Яраславіча з Полацка. 11 ст.
Да арт. Беларусы. Карта Вялікага княства Літоўскага і Белай Русі Г.​Баплана. Каля 1654.
Да арт. Беларусы. Дзяўчынкі са Случчыны. Пач. 20 ст.
Да арт. Беларусы. Дзяўчына ў святочным уборы. Вёска Колкі Клецкага р-на Мінскай вобл.
Неглюбскія ручнікі. Вёска Неглюбка Веткаўскага раёна.
Хата ў вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыя сектара «Цэнтральная Беларусь».
Крыжы з аброчнымі тканінамі на могілках у Чарнобыльскай зоне.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ БЕЛАРУ́СІ (КПБ),

да 1952 Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б], палітычная арганізацыя, састаўная частка Камуністычнай партыі Савецкага Саюза (КПСС). Існавала ў 1918—91. Арганізацыйна аформілася на VI Паўн.-Зах. абл. канферэнцыі РКП(б) (30—31.12.1918, Смаленск). Пры яе стварэнні падкрэслівалася, што работу ўсіх парт. арг-цый узначальвае Цэнтр. бюро КП(б)Б (ЦБ), якое з’яўляецца «вярхоўным органам у рэспубліцы і верным вокам Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі ўсіх расійскіх савецкіх сацыялістычных рэспублік». Уся дзейнасць КП(б)Б рэгламентавалася праграмнымі і статутнымі палажэннямі РКП(б), указаннямі яе цэнтр. органаў і кіраўнікоў. Напачатку вядучую ролю ў цэнтр. органах КП(б)Б адыгрывалі кіраўнікі Паўн.-Зах. абл. к-та РКП(б). З 15 членаў ЦБ толькі З.Х.Жылуновіч і І.​В.​Лагун прадстаўлялі Беларускія секцыі РКП(б), старшынёй ЦБ КП(б)Б быў выбраны А.​Ф.​Мяснікоў. сакратаром В.Г.Кнорын. Цэнтр. друкаваным органам партыі стала газ. «Звязда». На VI Паўн.-Зах. абл. парт. канферэнцыі быў абвешчаны падрыхтаваны ў ЦК РКП(б) Маніфест аб стварэнні «самастойнай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» (гл. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, БССР). 1.1.1919 абвешчаны і Маніфест Часовага рабоча-сял. сав. ўрада Беларусі аб утварэнні самастойнай Сацыяліст. Сав. Рэспублікі Беларусі (ССРБ). У адм.-гасп. адносінах тэр. Беларусі падзялялася на 7 раёнаў і 53 падраёны (паветы). Стваралася адпаведная структура парт. органаў: райкомы (губпарткомы), падрайкомы, валасныя і сельскія ячэйкі. У студз. Часовы ўрад і ЦБ КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне, паводле якога ў складзе РСФСР засталіся Віцебская і Магілёўская губ. Спробы членаў ЦБ КП(б)Б апеляваць да ЦК РКП(б) і зварот да старшыні СНК У.І.Леніна аб захаванні Беларусі ў яе этнічных межах станоўчых вынікаў не далі. У гэты ж перыяд узнік і Камуністычны саюз моладзі Беларусі. Галоўнымі ў дзейнасці КП(б)Б былі пытанні дзярж. будаўніцтва, умацавання і абароны сав. улады. I Усебел. з’езд Саветаў (2—3.2.1919) прыняў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, абраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР. Па прапанове старшыні ВЦВК і сакратара ЦК РКП(б) Я.М.Свярдлова з’езд прыняў рашэнне пра аб’яднанне Літвы і Беларусі ў адзіную Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел). 4—6.3.1919 у Вільні адбыўся Аб’яднаўчы з’езд Кампартый Літвы і Беларусі, на якім старшынёй прэзідыума ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ] быў выбраны В.С.Міцкявічус-Капсукас, сакратаром — Кнорын. Сярод 15 членаў ЦК КП(б)ЛіБ не было ніводнага беларуса. Бел. камуністаў прадстаўлялі б. дзеячы Паўн.-Зах. абл. к-та РКП(б). Кіраўніцтва парт. арг-цыямі на Беларусі фактычна ажыццяўляў Мінскі губ. к-т КП(б)ЛіБ. Неаднаразова праводзіліся парт. мабілізацыі на франты грамадз. вайны, камуністы разам з прадстаўнікамі інш. партый удзельнічалі ў барацьбе супраць польскай акупацыі. У жн. 1920 у склад КП(б)ЛіБ увайшла Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА). Пасля вызвалення Беларусі ад польскіх акупантаў і абвяшчэння незалежнасці Літвы (май 1920) ЦК КП(б)ЛіБ 5.9.1920 прыняў пастанову пра стварэнне самаст. кампартый Беларусі і Літвы і асобных органаў іх кіраўніцтва. Пачалося аднаўленне структуры мясц. парт. органаў. III з’езд КП(б)Б (22—26.11.1920) адзначыў, што «КП(б)Б ёсць абласная арганізацыя РКП(б)... і ў агульным і цэлым падпарадкоўваецца дырэктывам ЦК РКП (бальшавікоў)». IV (25.2—2.3.1921), V (15—20.10.1921) і VI (15—19.3.1922) з’езды КП(б)Б асн. ўвагу звярталі на пытанні пераходу да сацыяліст. будаўніцтва, замену палітыкі «ваеннага камунізму» на новую эканамічную палітыку (нэп). Была падтрымана палітыка беларусізацыі, якая актыўна разгарнулася з 1924, значная ўвага аддавалася стварэнню сістэмы вышэйшай, сярэдняй спец. і агульнай адукацыі. У выніку чысткі ў партыі і абмену парт. дакументаў (15.8—20.10.1921) з КП(б)Б было выключана 1589 чал. (24,7%). У барацьбе супраць інш. паліт. партый (Бунд, эсэры і інш.) бальшавікі побач з ідэалаг. сродкамі выкарыстоўвалі дзярж. карны апарат Надзвычайнай камісіі (ЧК), потым Аб’яднанага дзярж. паліт. ўпраўлення (АДПУ). 16.9.1922 большасць членаў ЦБ КП(б)Б выказаліся за сталінскі праект «аўтанамізацыі» і ўключэнне ў склад БССР Віцебскай і Гомельскай губ. Пасля кастрычніцкага (1922) пленума ЦК РКП(б) кіраўніцтва КП(б)Б адобрыла план Леніна (у яго аснове ляжаў прынцып федэрацыі) па стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). VII з’езд КП(б)Б (20—26.3.1923) указаў на неабходнасць актыўнага ўдзелу бел. камуністаў у агульнасаюзным будаўніцтве, пашырэння тэр. Беларусі (гл. Узбуйненне БССР) і новага адм.-тэр. падзелу рэспублікі. У выніку аб’яўленага пасля смерці Леніна (21.1.1924) ленінскага прызыву ў КП(б)Б прынята 2007 чал., з іх больш за 98% рабочых. Пасля VIII з’езда КП(б)Б (12—14.5.1924) у сувязі з уключэннем у склад БССР тэр. Віцебскай і часткі Гомельскай губ. і зменамі ў адм.тэр. падзеле ў 1924 створана новая структура КП(б)Б: цэнтр. органы (ЦК, ЦКК, Рэвіз. камісія), 10 акруговых, 100 сельскіх і 9 гар. раённых к-таў партыі. Аператыўнае кіраўніцтва парт. і паліт. работай паміж з’ездамі КП(б)Б і пленумамі ЦК ажыццяўляла Бюро ЦК КП(б)Б. Парт. ячэйкі будаваліся паводле тэр.-вытв. прынцыпу. З’езды і пленумы 1920-х г. вял. ўвагу аддавалі пытанням эканам. і сац. развіцця, дзярж. і нац.-культ. будаўніцтва. З канца 1925 пасяджэнні і пратаколы ЦК і акр. к-таў КП(б)Б вяліся на бел. мове. У выніку самаліквідацыі Бунда (сак. 1921) і ліквідацыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) (чэрв. 1924) у Беларусі трывала ўсталявалася аднапарт. паліт. сістэма. Кампартыя кантралявала дзейнасць усіх грамадска-паліт. арг-цый, прафсаюзы, камсамол і інш. 2-я пал. 1920-х г. характарызавалася зменамі ў палітыцы Камуніст. партыі: імкненнем да супрацоўніцтва з капіталіст. краінамі (у прыватнасці з Германіяй), паступовым адыходам ад прынцыпаў нэпа, пераходам да індустрыялізацыі і кааперацыі. Пад лозунгамі барацьбы з т. зв. ворагамі народа адбывалася згортванне ўнутрыпарт. дэмакратыі. У выніку чысткі (23—29.4.1929) з КП(б)Б выключана 3717 чал. Пачаліся рэпрэсіі палітычныя супраць парт., дзярж. і сав. работнікаў, бел. інтэлігенцыі. У 1930-я г. члены партыі актыўна ўдзельнічалі ў гасп. і культ. будаўніцтве, умацаванні абароны. Самаадданай працай народа былі дасягнуты значныя поспехі ў эканам. і сац. развіцці рэспублікі. З аграрнай яна ператварылася ў аграрна-індустрыяльную, ліквідавана беспрацоўе, разгортвалася жыллёвае і сац.-быт. будаўніцтва, у 1935—36 адменена картачная сістэма. Значнымі былі дасягненні ў развіцці адукацыі, навукі, культуры. Аднак побач з поспехамі ў сацыяліст. будаўніцтве складвалася паліт. сістэма, у якой мелі месца грубыя парушэнні дэмакр. прынцыпаў развіцця савецкага грамадства, якія абвяшчаліся ў праграмных дакументах ВКП(б), Канстытуцыях СССР і БССР. У працэсе калектывізацыі былі ліквідаваны альтэрнатыўныя шляхі развіцця сельскай гаспадаркі, рэпрэсіраваны многія сяляне. Невыкананне планаў у прам-сці, сельскай гаспадарцы і інш. галінах нярэдка тлумачылася дзейнасцю «нацдэмаў», «контррэвалюцыянераў» і «ворагаў народа».

Традыцыйнымі заставаліся рашэнні з’ездаў і пленумаў ЦК КП(б)Б пра неабходнасць павышэння класавай пільнасці і барацьбы з бел. бурж. нацыяналізмам. У 1931 у КП(б)Б прынята 15 981 чл. і 8273 канд. у чл. (самы высокі гадавы паказчык за перыяд 1919—58). У 1934 уведзена новая структура парт. органаў. У апараце ЦК КП(б)Б ствараліся аддзелы па асн. кірунках работы, у гаркомах і райкомах уводзіліся пасады інструктараў. У 1936 упершыню з часу існавання К.П(б)Б 1-м сакратаром быў абраны беларус В.Ф.Шаранговіч. У 1930-я г. НКУС БССР сфабрыкаваў шэраг спраў аб існаванні ў Беларусі «антысавецкіх, дыверсійна-шкодніцкіх, шпіёнскіх, тэрарыстычных і паўстанцкіх арганізацый» (гл. «Аб’яднанае антысавецкае падполле»). У 1933—36 у сувязі з чысткай у партыі, праверкай і абменам парт. дакументаў з КП(б)Б выключана 8246 чал. (21% усяго складу). Прыём у партыю ў гэты перыяд не праводзіўся (адноўлены ў ліст. 1936). З 1938 у паліт., навук. жыцці, ідэалаг. і культ. рабоце асн. сталі пастулаты «Кароткага курса гісторыі ВКП(б)». Ствараўся культ асобы Сталіна і яго паплечнікаў. Пленумы і сходы парт. арг-цый склікаліся нерэгулярна, выбары парт. органаў замяняліся кааптацыяй. У ходзе чыстак і паліт. рэпрэсій колькасць чл. і канд. у чл. КП(б)Б скарацілася з 75 238 у 1932 да 31 526 у 1938. У чэрв. 1938 Выканком Камінтэрна па ініцыятыве ЦК ВКП(б) распусціў Камуніст. партыі Польшчы, Зах. Беларусі (КПЗБ) і Зах. Украіны (гл. адпаведныя арт.). У 1939 адбылося ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. У зах. абласцях пачалося стварэнне парт. органаў і арг-цый КП(б)Б. На 1.6.1941 у 5337 пярвічных парт. арг-цыях і групах налічвалася 50 754 чл. і 24 297 канд. у чл. КП(б)Б; працавалі 10 абл., 14 гар., 12 раённых у гарадах і 187 сельскіх раённых к-таў партыі. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны 1941—45 асн. дзейнасць парт. органаў была скіравана на барацьбу з фашызмам. З вер. 1941 да снеж. 1943 ЦК КП(б)Б прыняў рашэнні больш чым па 130 пытаннях падп. і партыз. руху. У вер. 1942 створаны Беларускі штаб партызанскага руху. На акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічалі 10 абл., 193 міжраённыя, гар. і раённыя падп. к-ты КП(б)Б, больш за 1200 парт. арг-цый у партыз. фарміраваннях, 184 тэрытарыяльныя парт. арг-цыі, якія аб’ядноўвалі больш за 35 тыс. камуністаў [гл. Гарадскія падпольныя камітэты КП(б)Б, Міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)Б, Раённыя падпольныя камітэты КП(б)Б, Партызанскі рух, Патрыятычнае падполле]. Гераічная і самаадданая барацьба камуністаў з ворагам значна ўмацавала аўтарытэт Кампартыі сярод насельніцтва. У 1944 пасля вызвалення Беларусі ў ёй працавалі 12 абкомаў, 14 гаркомаў, 181 райком партыі; у пярвічных арг-цыях было 30 тыс. камуністаў. Пытанні аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі, сац. сферы, навукі, адукацыі і культуры разглядаліся на XIX (15—18.2.1949) і XX (20—23.9.1952) з’ездах КП(б)Б. XIX з’езд ВКП(б) (5—14.10.1952) прыняў новы Статут партыі і назву КПСС. КП(б)Б стала называцца КПБ. 1950-я г. характарызаваліся стварэннем прынцыпова новых галін прам-сці: хімічнай, машына- і станкабудавання, металаапрацоўкі, вытв-сці трактароў, аўтамабіляў і інш. Аднаўлялася калгасна-саўгасная сістэма, але адсутнасць пашпартоў у сялян і сістэма прапіскі ў гарадах надзейна прымацоўвалі іх да калгасаў і саўгасаў. У сярэдзіне 1950-х г. пачалася рэабілітацыя ахвяр паліт. рэпрэсій. Важнае значэнне мела пастанова ЦК КПСС ад 30.6.1956 «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». Пленум ЦК КПБ (28.7.1956) 2-і раз з часу існавання КПБ выбраў 1-м сакратаром ЦК беларуса К.Л.Мазурава. Аддавалася ўвага развіццю бел. нац. школы, мовы, л-ры і культуры. Аднак арыентацыя кіруючых парт.-дзярж. органаў на двухмоўе вяла да ўзмацнення ўплыву рус. мовы, асабліва сярод гар. насельніцтва. У 1956—60 штогод у чл.

КПБ прымалася 9—15 тыс. чал., канд.

у чл. — 11—18 тыс. XXV з’езд КПБ (26—28.9.1961) адобрыў праекты 3-й Праграмы і Статута КПСС. У 1963 па ўказанні ЦК КПСС праведзена рэарганізацыя кіруючых органаў КПБ: створаны Прэзідыум ЦК, Бюро ЦК па кіраўніцтве прам-сцю і будаўніцтвам, Бюро ЦК па кіраўніцтве сельскай гаспадаркай і адзіны кантрольны орган — К-т парт.-дзярж. кантролю ЦК КПБ і СМ БССР. У выніку падзелу мясц. парт. органаў арганізаваны 12 абкомаў, 25 гаркомаў і гар. райкомаў, 23 к-ты па прамысл. зонах і 77 па вытв. калгасна-саўгасных упраўленнях. Аднак пасля змяшчэння з парт. і дзярж. пасад М.С.Хрушчова і абрання 1-м сакратаром ЦК КПСС Л.І.Брэжнева ў ліст. 1964 адноўлены тэр.-вытв. прынцып пабудовы парт. органаў. У 1964 у КПБ прынята 22 348 чл. і 23 730 канд. у чл. (самы высокі гадавы прыём за ўвесь час існавання). XXVI (3—5.3.1966), XXVII (22—24.2.1971), XXVIII (4—6.2.1976), XXIX (27—29.1.1981) і XXX (30—31.1.1986) з’езды КПБ праходзілі па звычайнай схеме: абмяркоўваліся асн. кірункі эканам. і сац. развіцця, адабраліся дырэктывы па 5-гадовых планах, адзначаліся поспехі ў развіцці прам-сці, сельскай гаспадаркі, сац. сферы, навукі і культуры. Значная ўвага аддавалася новым галінам індустрыі: хім. і нафтахімічнай, радыёэлектроніцы і інш. На кожным з’ездзе адзначаліся традыц. недахопы: маруднае ўкараненне дасягненняў навукі, тэхнікі, перадавых тэхналогій, нізкая прадукцыйнасць працы і якасць прадукцыі, нерацыянальнае выкарыстанне матэрыяльных і прыродных рэсурсаў і інш. У 1973—74 праведзены абмен парт. дакументаў, які разглядаўся як сродак умацавання парт. радоў і павышэння дзейнасці ўсіх парт. арг-цый. У 1961—66 канд. у чл. КПБ штогод прымалася ў сярэднім 21 тыс. чал. (прырост складаў 8,5%), у 1966—71—17 тыс. (4,1%), у 1971—76—16,6 тыс. (2,8%). З 1977 да 1990 прыём захоўваўся на ўзроўні амаль 21 тыс. чал. у год. Асн. ўвага скіроўвалася на рост КПБ за кошт рабочых, колькасць служачых абмяжоўвалася 27—28% ад усіх прымаемых. Паніжаўся працэнт калгаснікаў, якія жадалі ўступіць у партыю. У 1977 новая Канстытуцыя СССР (арт. 6) замацавала палажэнне аб кіруючай ролі КПСС у грамадстве, прадубліраванае ў Канстытуцыі Беларускай ССР 1978. З 1970-х г. усё больш выразна пачаў праяўляцца эканам. і паліт. крызіс сав. грамадства. Нежаданне парт. кіраўніцтва пачаць карэнную перабудову ў краіне, сказаць народу пра сапраўдныя прычыны крызісу курсу на пабудову камунізму сталі прычынай зніжэння аўтарытэту партыі. Асабліва яскрава гэта выявілася пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986. Хоць на Беларусі эканам. паказчыкі былі лепшыя, чым у інш. рэгіёнах СССР, мела месца паліт. стабільнасць, аднак змены адбываліся марудна, не закраналі асноў парт.-дзярж. адм. сістэмы. Паліт. гучанне набывалі пытанні нац. адраджэння, развіцця бел. мовы і культуры. Паводле пастановы Бюро ЦК КПБ ад 11.1.1988 створана Камісія Бюро ЦК па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, якія мелі месца ў перыяд 1930—40-х і пач. 1950-х г. 4.3.1990 пачаліся першыя за многія дзесяцігоддзі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў на альтэрнатыўнай аснове. Яны расцягнуліся да снеж. 1991 і праходзілі ў вострай паліт. барацьбе. Камуністы захавалі большасць у Вярх. Савеце Рэспублікі. Працягваўся рост парт. арг-цый. Да канца 1990 колькасць чл. і канд. у чл. КПБ дасягнула 697 608 чал. Але кіраўніцтва партыі пачало страчваць аўтарытэт. На XXXI з’ездзе КПБ (28.11—1.12.1990) упершыню вострая крытыка прагучала ў адрас ЦК КПСС і Ген. сакратара М.С.Гарбачова, узнята пытанне пра неабходнасць правядзення палітыкі, якая б адпавядала нац. інтарэсам. Аднак прычыны крызісу партыі глыбока не аналізаваліся. Упершыню выбары 1-га сакратара ЦК КПБ праведзены на альтэрнатыўнай аснове непасрэдна на з’ездзе. 27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 31.1.1991 набыў сілу Закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», што ўзмацніла працэс пераходу да шматпартыйнасці на Беларусі. 4-я сесія Вярх. Савета БССР (чэрв. 1990) прыняла рашэнне аб дэпартызацыі дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый. За 1990 з КПБ добраахвотна выйшлі 53 346 чал., у т. л. 31 168 рабочых, было выключана 22 218 чал., з іх 87,5% за парушэнне парт., дзярж. і працоўнай дысцыпліны. 25.8.1991 Вярх. Савет БССР прыняў пастанову «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПССКПБ на тэрыторыі Беларусі». Гэта азначала заканадаўчую забарону дзейнасці КПБ. 19.9.1991 БССР перайменавана ў Рэспубліку Беларусь. 10.12.1991 паводле пастановы Вярх. Савета «Аб уласнасці КПССКПБ» уласнасць Кампартыі перададзена дзяржаве. Пасля дэнансацыі дагавора 1922 аб утварэнні СССР (гл. Белавежскія пагадненні 1991) існаванне КПБ як неад’емнай часткі КПСС страціла сэнс. Пераемніцай КПБ абвясціла сябе Партыя камуністаў беларуская (ПКБ, зарэгістравана 26.5.1992). У лют. 1993 Вярх. Савет адмяніў сваю пастанову ад 25.8.1991. Да гэтага часу парт. структура распалася. XXXII з’езд КПБ (нечарговы, май 1993) і II з’езд ПКБ прынялі рашэнне аб аб’яднанні. Але стварыць адзіную Кампартыю не ўдалося. 2.11.1996 адбыўся XXXIII (I аднаўленчы) з’езд КПБ. Старшынёй Савета партыі абраны Я.Я.Сакалоў, 1-м сакратаром ЦК — В.​В.​Чыкін. У пач. 1998 партыя налічвала больш за 7 тыс. членаў (гл. таксама арт. пра кожны з’езд КПБ). Кіруючыя органы КПБ узначальвалі А.​Ф.​Мяснікоў (1917—19), В.​С.​Міцкявічус-Капсукас (1919—20), В.​Г.​Кнорын (1920—22, 1927—28), В.​А.​Багуцкі (1922—24), А.​М.​Асаткін-Уладзімірскі (1924), А.​І.​Крыніцкі (1924—27), Я.​Б.​Гамарнік (1928—29), К.​В.​Іей (1930—32), М.​Ф.​Гікала (1932—37), В.​Ф.​Шаранговіч (1937), А.​А.​Волкаў (1937—38), П.​К.​Панамарэнка (1938—47), М.​І.​Гусараў (1947—50), М.​С.​Патолічаў (1950—56), К.​Т.​Мазураў (1956—65), П.​М.​Машэраў (1965—80), Ц.​Я.​Кісялёў (1980—83), М.​М.​Слюнькоў (1983—87), Я.​Я.​Сакалоў (1987—90), А.​А.​Малафееў (1990—93), Сакалоў і В.​В.​Чыкін (з 2.11.1996).

Літ.:

КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1. Мн., 1934;

Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 1. 2 изд Мн., 1968;

Ч. 2. Мн., 1967;

Хроника важнейших событий истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2—3. Мн., 1970—80;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3—5. Мн., 1973—75;

Машеров П.М. Избранные речи и статьи. Мн., 1982;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1—6. Мн., 1983—87;

По воле народа: Из истории образования БССР и создания Коммунистіческой партии Белоруссии: Док. и материалы. Мн., 1988;

Коммунистическая партия Белоруссии в цифрах, 1918—1988. 2 изд. Мн., 1988;

Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. Мн., 1990;

Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918—1945. Ч. 1. Мн., 1990;

Страницы истории Компартии Белоруссии;

суждения, аргументы, факты. Мн., 1990;

Чарвякоў АР. ...Я ніколі не быў ворагам: Выбр. арт. і прамовы;

Успаміны сучаснікаў. Мн., 1992;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.

В.​Ф.​Кушнер.

Даты і месца з’ездаў, колькасць прадстаўленых на з’ездзе камуністаў, колькасны склад Кампартыі Беларусі
З’езд, месца правядзення Дата правядзення Прадстаўлена на з’ездзе Колькасны склад партыі на 1 студз. адпаведнага года
чл. партыі канд. у чл. партыі чл. партыі канд. у чл. партыі
1 2 3 4 5 6
I з’езд КП(б)Б, Смаленск 30—31.12.1918 17 771 не было на снеж. 1918
17 771 не было
II з’езд КП(б)Б, Вільня 4—6.3.1919 17 636 не было на сак. 1919
7652 не было
III з’езд КП(б)Б, Мінск 22—26.11.1920 1700 не ўлічана на ліст. 1920
1700 не ўлічана
IV з’езд КП(б)Б, Мінск 25.2—1.3.1921 3000 не ўлічана звесткі не выяўлены звесткі не выяўлены
V з’езд КП(б), Мінск 15—20.10.1921 3325 не ўлічана на вер. 1921
2889 1360
VI з’езд КП(б)Б, Мінск 15—19.3.1922 5150 4445 1439
VII з’езд КП(б)Б, Мінск 20—26.3.1923 3850 з камуністамі вайсковых часцей
2890 600
VIII з’езд КП(б)Б​1, Мінск 12—14.5.1924 10 438 (разам з камуністамі вайсковых часцей 13 975) 2946 1052
IX з’езд КП(б)Б, Мінск 8—12.12.1925 8912 6163 на 1.1.1926
9458 7265
X з’езд КП(б)Б, Мінск 3—10.1.1927 16 170 (разам з камуністамі вайсковых часцей 30 955) 9455 16 170 9455
XI з’езд КП(б)Б, Мінск 22—29.11.1927 23 735 (разам з камуністамі вайсковых часцей) 11 392 на 1.1.1928​2
19 333 10 137
XII з’езд КП(б)Б, Мінск 5—16.2.1929 29 330 (разам з камуністамі вайсковых часцей 41 207) 11 877 23 950 9431
XII з’езд КП(б)Б, Мінск 30.5—12.6.1930 27 692 (разам з камуністамі вайсковых часцей 46 806) 11 564 27 011 9297
XIV з’езд КП(б)Б, Мінск 23—29.1.1932 46 958 (разам з камуністамі вайсковых часцей) 28 280 37 944 21 231
XV з’езд КП(б)Б​3, Мінск 16—22.1.1934 26 861 (разам з камуністамі вайсковых часцей і чыг. транспарту 65 119) 11 048 26 861 11 048
XVI з’езд КП(б)Б, Мінск 10—19.6.1937 24 549 9029 (разам з камуністамі вайсковых часцей і чыг. транспарту 47 000) 24 735​4 9093
XVII з’езд КП(б)Б, Мінск 10—18.6.1938 22 784 8742 22 990 8613
XVIII з’езд КП(б)Б, Мінск 15—20.5.1940 36 388 23 465 33 869 24 084
XIX з’езд КП(б)Б, Мінск 15—18.2.1949 91 554 18 652 90 976 19 134
XX з’езд КП(б)Б, Мінск 20—23.9.1952 107 252 20 184 на 1.1.1953
108 017 19 199
XXI з’езд КПБ, Мінск 10—13.2.1954 119 865 10 161 118 895 10 690
XXII з’езд КПБ, Мінск 24—27.1.1956 132 414 12 655 132 414 12 655
XXIII з’езд КПБ, Мінск 14—15.1.1959 168 716 19 193 168 716 19 193
XXIV з’езд КПБ, Мінск 17—19.2.1960 183 855 19 592 183 855 19 592
XXV з’езд КПБ, Мінск 26—28.9.1961 214 399 25 954 на 1.1.1962
223 699 25 969
XXVI з’езд КПБ, Мінск 3—5.3.1966 320 622 22 421 320 622 22 421
XXVII з’езд КПБ, Мінск 22—24.2.1971 412 873 21 654 412 873 21 654
XXVIII з’езд КПБ, Мінск 4—6.2.1976 485 671 20 558 485 671 20 558
XXIX з’езд КПБ, Мінск 27—29.1.1981 572 313 22 998 572 313 22 998
XXX з’езд КПБ, Мінск 30—31.1.1986 645 754 22 226 645 754 22 226
XXXI з’езд КПБ, Мінск 28.11—1.12.1990 больш за 600 000 685 270 12 338
XXXII з’езд КПБ (аб’яднаўчы з ПКБ) 29—30.5.1993 дакладных звестак няма дакладных звестак няма
XXXIII з’езд КПБ (I аднаўленчы) 2.11.1996 1160 каля 7000

1 На 1.1.1924 у тэрытарыяльных арг-цыях КП(б)Б налічвалася 2946 чл. і 1052 канд. ў чл. партыі (усяго 3998 чал.). На момант VIII з’езда КП(б)Б налічвала 10 438 чл. і канд. у чл. партыі.
2 На 1.1.1928 у тэрытарыяльных арг-цыях КП(б)Б налічвалася 29 470 камуністаў.
3 Звесткі пра колькасць прадстаўленых на з’ездзе дадзены без уліку камуністаў парт. арг-цый чыгуначнага транспарту і вайсковых часцей. На 1.1.1934 на ўлік у парт. арг-цыі чыгуначнага транспарту было перададзена 4589 чл. і канд. у чл. партыі.
4 Без уліку камуністаў чыгуначнага транспарту. На 1.6.1936 там працавалі 3294 камуністы.

т. 7, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСК,

горад, цэнтр Віцебскай вобл. і Віцебскага р-на, на Зах. Дзвіне, у сутоках рэк Віцьба і Лучоса. За 300 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Маскву, С.-Пецярбург, Оршу, Полацк і аўтадарог. Порт на Зах. Дзвіне. Аэрапорт. 356,4 тыс. ж. (1996).

Гісторыя. Археал. даследаванні сведчаць, што першыя пасяленні чалавека на тэр. горада адносяцца да каменнага веку. Паводле падання, зафіксаванага ў Віцебскім летапісе 18 ст., Віцебск (летапісны Видбеск, Видебск, Витьбеск, Витепеск) заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай у 974. Назву атрымаў ад р. Віцьба. Займаў важнае месца на шляху «з варагаў у грэкі» У 1021 вял. кіеўскі кн. Яраслаў Мудры перадаў Віцебск полацкаму кн. Брачыславу Ізяславічу. Пасля смерці полацкага кн. Усяслава Брачыславіча (1101) — цэнтр удзельнага Віцебскага княства. З 1320 у складзе ВКЛ. Да 1351 у Віцебску закончана буд-ва мураваных Верхняга і Ніжняга замкаў (гл. Віцебскія замкі), княжацкага палаца. З 14 ст. Віцебск — цэнтр Віцебскага павета. У 15—16 ст. буйны гандлёвы і рамесны цэнтр. У 1441 названы ў ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Адным са сведчанняў яго гандл. сувязей з замежжам з’яўляецца Віцебскі скарб. З 1506 цэнтр Віцебскага ваяводства. У 1597 гораду дадзена магдэбургскае права, ён атрымаў уласны герб — у блакітным полі пагрудная мужчынская выява, пад якой чырвоны меч. Паводле магдэбургскага прывілея Віцебску дазвалялася мець сваю пячатку, ратушу (гл. Віцебская ратуша), гасціны двор. Органам гар. самакіравання стаў магістрат, што складаўся з радцаў і лаўнікаў на чале з войтам. У выніку ваен. падзей пач. 16—18 ст. горад неаднаразова быў разбураны і спалены. 12.11.1623 у Віцебску ўспыхнуў бунт супраць полацкага уніяцкага архіепіскапа І.​Кунцэвіча (гл. Віцебскае паўстанне 1623). Бунт быў задушаны каралеўскім войскам, а горад пазбаўлены магдэбургскага права (вернута ў 1654). У 17 ст. Віцебск — значны гандл. і рамесніцкі цэнтр (больш за 1 тыс. дамоў, дрэва- і металаапрацоўчая, гарбарная, ганчарная, васкабойная, мылаварная вытв-сці, апрацоўка футра, піва- і мёдаварэнне). У 2-й пал. 18 ст. стаў 2-м па велічыні горадам Беларусі (пасля Магілёва). З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1772—77 цэнтр Віцебскай правінцыі. Як павятовы горад уваходзіў у Пскоўскую, з 1776 у Полацкую губ., з 1796 цэнтр Беларускай, з 1802 — Віцебскай губерні. З 1777 пачало дзейнічаць першае прамысл. прадпрыемства — гарбарнае. У 1781 зацверджаны новы герб Віцебска з выявай «Пагоні». У 1785 у Віцебску 10,5 тыс. ж. У 1826 створана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, у 1834 — Віцебскае таварыства ўрачоў, з 1838 выдавалася газ. «Витебские губернские ведомости», у 1845 пачаў працаваць гар. тэатр. Паводле перапісу 1887 у Віцебску 65 871 ж., каля 2800 дамоў, 31 навуч. ўстанова, 3 друкарні, 2 бальніцы. Развіццё рэв. руху ў Віцебску звязана з дзейнасцю разначынцаў-народнікаў. У 1892 узнік марксісцкі гурток, у 1896—97 — рабочая арг-цыя, з 1897 — сац.-дэмакр. к-т Бунда, з 1903 — арг-цыя РСДРП. У рэвалюцыю 1905—07 адбыліся масавыя выступленні гараджан, існаваў Віцебскі кааліцыйны камітэт, які выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. У 1-ю сусв. вайну з восені Віцебск стаў прыфрантавым горадам, куды перамясціліся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, ваен. ўстановы, шпіталі; гарнізон горада ў 1916 налічваў 40 тыс. ваеннаслужачых. Лют. рэвалюцыя 1917 актывізавала паліт. жыццё. У Віцебску сфарміраваны мясц. органы Часовага ўрада, арганізаваны Віцебскі грамадскі к-т, 20.3(2.4). 1917 створаны Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Каля 20 розных партый і рухаў уключыліся ў барацьбу за ўладу і ўплыў на насельніцтва горада і губерні. 27.10(9.11).1917 Віцебскі ВРК узяў уладу ў горадзе ў свае рукі. З 2.2.1919 Віцебск у складзе РСФСР. 3.3.1924 вернуты БССР, стаў цэнтрам Віцебскага раёна і Віцебскай акругі. У 1933 — 125,3 тыс. ж. У 1930-я г. горад ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр рэспублікі. З 15.1.1938 цэнтр Віцебскай вобласці, з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання.

У 1940 — 180 тыс. ж. 11.7.1941 Віцебск акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Для абароны горада было сфарміравана Віцебскае народнае апалчэнне 1941. З першых дзён акупацыі ў горадзе дзейнічала Віцебскае патрыятычнае падполле. За час акупацыі гітлераўцы загубілі ў Віцебску і наваколлі 76 тыс. ваеннапалонных і каля 62 тыс. мірных грамадзян. 26.6.1944 горад вызвалены ў выніку Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. За пасляваен. гады нанава адбудаваны.

Гаспадарка. У 1825 у Віцебску было 10 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст. сац.-эканам. стан горада адметны развіццём капіталіст. адносін. У 1866 праз Віцебск пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыг. лініі звязалі горад з Пецярбургам, Масквой, Брэстам і Кіевам. У 1882 заснаваны Віцебскі чыгуналіцейна-машынабудаўнічы завод, у 1883 — Віцебская тытунёва-махорачная фабрыка, у 1889 — Віцебская папярова-кардонная фабрыка, у 1892 — Віцебская акулярная фабрыка, развіваліся шчацінная, шкляная, васкабойная, гарбарная, па вырабе карабельных канатаў і інш. галіны вытворчасці. У 1897 на 102 фабрычна-заводскіх прадпрыемствах было занята каля 1,5 тыс. рабочых, на 1795 саматужных прадпрыемствах — каля 5 тыс. рамеснікаў. Бельгійскае акц. т-ва пабудавала ў Віцебску ў 1897 электрастанцыю (гл. Віцебская электрастанцыя), у 1898 — трамвайную лінію (першую на Беларусі) з эл. цягай; у цэнтры горада — водаправод. Да буйных акц. прадпрыемстваў належалі Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна» і Віцебскі піваварны завод акц. т-ва «Левенбрэй». У 1913 Віцебск меў высокі ўзровень канцэнтрацыі прам-сці: дзейнічала 45 ф-к і з-даў; працавала каля 8 тыс. чал., з іх 40% у тэкстыльнай і каля 20% у металаапр. галінах. У 1920-я г. Віцебск ператварыўся ў буйны прамысл. цэнтр рэспублікі. У 1923 пачала працаваць абутковая ф-ка (гл. Віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік»). Да канца 1925 у Віцебску ўведзены ў дзеянне з-ды машынабудаўнічы «Чырвоны металіст», гарбарны і інш. У 1927 у горадзе працавала 36 прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці (7036 рабочых). У 1928—33 пабудаваны швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», фанерны з-д (гл. «Віцебскдрэў»), арцель «8 Сакавіка» (гл. Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава»), ф-кі панчошна-трыкатажная (гл. Віцебскае панчошна-трыкатажнае аб’яднанне «КІМ»), кардонная, шчацінна-шчотачны камбінат, элеватар, заводы маслабойны, цагельныя, кафляны, вапнавы. У 1933—37 рэканструяваны інсуючыя, створаны новыя прадпрыемствы. У 1938 у Віцебску дзейнічала 209 прадпрыемстваў (разам з арцелямі). Выпускалася 28% прамысл. прадукцыі, працавала 81 тыс. рабочых. У 1940 заснаваны Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна. Пасля вызвалення Віцебска ад ням.-фаш. захопнікаў першымі былі адноўлены станкабудаўнічыя з-ды; заснаваны Віцебскі завод заточных станкоў. У 1948—50 створаны мэблевая ф-ка (гл. «Віцебскмэбля»), дывановы камбінат (гл. «Віцебскія дываны»). З 1951 працуе з-д Металмаш (гл. Віцебскі прыладабудаўнічы завод), з 1955 — Віцебская шаўкаткацкая ф-ка (гл. Віцебскі камбінат шаўковых тканін), з-д зборнага жалезабетону, буйнапанэльнага домабудавання, з 1960 — Віцебскі завод трактарных запасных частак. Індустрыяльнае развіццё актывізавалася ў 1960—70-я г. Зараз Віцебск — буйны прамысл. і культ. цэнтр, дае каля ​1/3 валавой прадукцыі вобласці. Развіта машынабудаванне і металаапрацоўка (Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.​М.​Кірава, Віцебскі завод тэхналагічнага абсталявання «Эвістар», «Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Маналіт» і інш.), лёгкая (Віцебская прамыслова-гандлёвая фірма «Футра», Віцебскае тэкстыльнае вытворчае аб’яднанне, «Белвест» і інш.), харчовая (мясакамбінат, кандытарскі камбінат «Віцьба», з-ды алейнаэкстракцыйны, кансервавы, макаронная ф-ка, піваварны завод і інш.); дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў (з-ды буйнапанэльнага жалезабетону, дрэнажных труб, керамзітавага жвіру) прам-сць.

Асвета. У 10—11 ст. у Віцебску пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах ствараліся школы, у якіх па царк. кнігах вучылі дзяцей маёмных класаў. Паводле знойдзенай пры раскопках берасцяной граматы, у 13—14 ст. у школах Віцебска вучыліся дзеці купцоў і рамеснікаў. У 14—18 ст. пры праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах і манастырах існавалі школы, езуіцкі (гл. Віцебскі езуіцкі калегіум) і піярскі (1775) калегіумы, дзейнічалі правасл. брацтвы і базыльянскія школы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. рымска-каталіцкія ордэны адкрывалі жаночыя школы і пансіянаты. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ў Віцебску былі адкрыты рус. школы, вучылішчы, гімназіі. Першая рус. школа адкрыта ў канцы 1770-х г. (у 1784 у ёй навучалася 76 дзяцей). Першая мужчынская гімназія (гл. Віцебская мужчынская гімназія) адкрыта ў 1808, у 1834 — Віцебская настаўніцкая семінарыя, у 1870 — Віцебская Марыінская жаночая гімназія. Мед. работнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавала з 1872 Віцебская фельчарская школа. У 1906—13 існавала прыватная Віцебская фельчарска-акушэрская школа. У 1890 адкрыта духоўная семінарыя, а ў 1902 — епархіяльнае жаночае вучылішча. У 1891 у Віцебску 22 навуч. ўстановы, у якіх займалася каля 3500 навучэнцаў, у т. л. павятовыя вучылішчы: двухкласнае (145 навучэнцаў) і аднакласнае (148 навучэнцаў), прыходскае (60 навучэнцаў); 5 б-к, чытальня. У 1910 адкрыты першы на Беларусі настаўніцкі ін-т (гл. Віцебскі настаўніцкі інстытут), пераўтвораны ў 1918 у пед. ін-т, Віцебскае рэальнае вучылішча. У 1911 створана Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1920 засн. механіка-буд. тэхнікум, у 1921 — вышэйшы с.-г. тэхнікум (з 1924 ветэрынарны ін-т), маст. вучылішча. У 1940 у Віцебску 29 ясляў, 53 дзіцячыя сады, 43 агульнаадук. школы, 15 сярэдніх спец. навуч. устаноў, 4 ВНУ, 2 н.-д. ўстановы, 19 дамоў культуры і клубаў. У 1996/97 навуч. г. ў Віцебску 110 дашкольных устаноў, у т. л. дашкольная гімназія, 2 цэнтры развіцця дзіцяці, 7 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, бел. мова, эстэтыка і інш.) і 2 санаторнага тыпу, 4 кампенсуючыя дашкольныя ўстановы, дзіцячы дашкольны дом. Дзейнічаюць 44 агульнаадук. школы (48 317 вучняў, у т. л. 1 ліцэй, 2 гімназіі), школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху і школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіх. развіцця; 14 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 9 сярэдніх спец. навуч. устаноў, у т. л. Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум, Віцебскі політэхнічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны тэхнікум, Віцебскі філіял Вышэйшага каледжа сувязі. У Віцебску 4 дзярж. ВНУ: Віцебскі універсітэт, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Віцебскі медыцынскі інстытут, Віцебскі тэхналагічны універсітэт, а таксама Віцебскі філіял Міжнароднага недзяржаўнага інстытута працоўных і сацыяльных адносін.

Архітэктура. Старажытны цэнтр горада — гарадзішча (Замкавая гара) на левым беразе Віцьбы на высокім узгорку, вакол якога ў 9 — пач. 10 ст. ўзніклі 3 паселішчы. У 10—13 ст. Віцебск — умацаваны замак (дзядзінец), да якога далучаўся вакольны горад (пасад). Са збудаванняў таго часу вядома Віцебская Благавешчанская царква. У 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. сфарміраваліся Верхні (б. дзядзінец) і Ніжні (б. пасад), у 16 ст. — Узгорскі замкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой. Уяўленне пра планіроўку і забудову горада дае унікальны графічны дакумент — «Чарцёж» Віцебска 1664. Сярод будынкаў 17 ст. Віцебскі гасціны двор, Віцебская Святадухаўская царква, Віцебская Сімяонаўская царква, Віцебская Спаса-Праабражэнская царква, Віцебская Увядзенская царква, Віцебскі палац Агінскага і інш. У драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве сфарміравалася Віцебская школа дойлідства. Рэгулярныя планы забудовы Віцебска распрацоўваліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. Планіровачна горад падзяляўся на 3 часткі: Узгорскую (паміж Зах. Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (на правым беразе Зах. Дзвіны). Сфарміраваўся развіты грамадскі цэнтр горада, які складаўся з Саборнай і Рыначнай плошчаў. У ансамбль Саборнай пл. ўваходзілі касцёл і калегіум езуітаў, Віцебскага акруговага суда будынак. Рыначную пл. фарміравалі ратуша, Васкрасенская царква, касцёл і Віцебскі кляштар бернардзінцаў. На высокім беразе Зах. Дзвіны пабудаваны Віцебскі палац губернатара, у розных частках горада — Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян, Віцебскі Варварынскі касцёл, Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра, Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку, Мікалаеўская, Казанская цэрквы. Сярод грамадскіх будынкаў канца 19 — пач. 20 ст. вылучаліся: мужчынская гімназія, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, Віцебскага духоўнага вучылішча будынак. З пач. 1930-х г. вялося комплекснае буд-ва — ствараліся жылыя пасёлкі каля буйных прамысл. прадпрыемстваў, на гал. магістралях горада будаваліся 4-павярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу, Віцебскі жылы дом спецыялістаў, Віцебскі дом-камуна, Віцебскі клуб металістаў. У першыя пасляваен. дзесяцігоддзі праводзілася рэканструкцыя гар. цэнтра, пабудаваны чыг. вакзал, гасцініца «Дзвіна» (арх. В.​Ладыгіна, Я.​Заслаўскі), будынак Бел. драм. т-ра імя Я.​Коласа (арх. А.​Максімаў, Т.​Рыскіна) і інш. У 1970—90-я г. развіццё горада ажыццяўляецца па генпланах 1975 і 1982. Завершаны ансамбль Перамогі плошчы, аформлена пл. Тысячагоддзя Віцебска (б. Тэатральная). Сярод грамадскіх будынкаў: новыя карпусы мед. (арх. В.​Данілаў), пед. (арх. У.​Зубкоў, З.​Конаш), вет. (арх. А.​Грачышнікаў) ін-таў, 12-павярховая гасцініца «Віцебск» (арх. Данілаў, З.​Даўгяла), Палац культуры прафсаюзаў (арх. В.​Кірылаў, А.​Бельскі), кінатэатр «Брыганціна» і летні амфітэатр (арх. В.​Бабашкін) і інш. У цэнтр. частцы горада захавалася гіст. планіроўка 16—17 ст., мураваная забудова і асобныя помнікі гісторыі і архітэктуры 18 — пач. 20 ст. У Віцебску дзейнічае абл. арг-цыя Бел. саюза архітэктараў (з 1974). Помнікі героям Айч. вайны 1812, П.​М.​Машэраву, В.​З.​Харужай. Брацкія магілы і вайск. могілкі сав. воінаў. Батанічны сад.

Мастацкае жыццё Віцебска канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася актыўнасцю. У крас. 1871 тут працавала маст.-археал. выстаўка, дзе экспанаваліся жывапісныя і графічныя творы, фотаздымкі бел. гарадоў, этнагр. прадметы, археал. знаходкі з прыватных збораў. У 1893 адкрыты Віцебскі царкоўнаархеал. музей. У 1898 пачала працаваць Віцебская школа-майстэрня Ю.​Пэна. З Віцебшчынай звязана творчасць мастакоў Н.Орды, І.Трутнева, Дз.Струкава, К.Стаброўскага, І.Аскназія, М.Дабужынскага, Я.Мініна і інш., якія зрабілі шматлікія замалёўкі помнікаў стараж. архітэктуры, пейзажаў Віцебска і краю. У 1892—98 у маёнтку Здраўнева пад Віцебскам жыў і працаваў І.​Я.​Рэпін. У 1919—23 працавала створаная па ініцыятыве М.Шагала нар. маст. школа «новага рэвалюцыйнага ўзору», у якой выкладалі Дабужынскі, Пэн, К.Малевіч, Р.Фальк, А.Бразер, С.Юдовін і інш. У 1919—21 пры школе існаваў музей сучаснага мастацтва, створаны па ініцыятыве Шагала. Фонд складаўся з 120 твораў авангардысцкага характару. У 1925 частка работ перададзена ў Віцебскі абл. краязнаўчы музей. У хуткім часе школа ператварылася ў вышэйшыя маст.-практычныя майстэрні, пазней — у маст. практычны ін-т (існаваў да 1922). У 1919 адбываліся выстаўкі твораў мастакоў-авангардыстаў, дзе акрамя работ віцебскіх жывапісцаў і графікаў экспанаваліся карціны з музеяў Масквы і Петраграда. У 1920—23 дзейнічала арг-цыя «Сцвярджальнікі новага мастацтва», якая мела на мэце замяніць выяўл. мастацтва абстрактнымі формамі вытв.-маст. канструявання. У 1920 выйшлі кнігі Малевіча «Бог не скінуты», «Мастацтва, царква, фабрыка», «Супрэматызм» (у апошняй аўтар выклаў тэорыю новага авангардысцкага кірунку). Выдаваліся часопісы «Искусство» (1921—22) і «Журнал ВИТРОСТА» (Віцебскага аддзялення РОСТА, 1921), плакаты Віцебскія «Окна РОСТА» (1919—22) і інш. На іх старонках публікаваліся матэрыялы пра маст. жыццё горада. У 1923 адкрылася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, пры якім у 1927 створана аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі (кіраўнік П.Гаўрыленка). Аб’яднанне ў 1928—30 наладжвала ў горадзе маст. выстаўкі. У 1920-я г. пачало дзейнічаць Віцебскае акр. т-ва краязнаўства (кіраўнік М.​Каспяровіч), куды ўваходзілі А.Шлюбскі, І.Фурман, З.​Гарбавец, І.​Гаўрыс, Мінін, М.Эндэ. Члены маст. секцыі т-ва пры маст. вучылішчы збіралі ўзоры нар. мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і г.д. Т-вам выдадзены брашуры «Крашаніна» (1925) і «Віцебск у гравюрах С.​Юдовіна» (1926) Фурмана, «Беларуская архітэктура» Каспяровіча (1925). Артыкулы Каспяровіча, М.Шчакаціхіна, Гаўрыса, Мініна, Я.​Васілевіча па праблемах мастацтва змяшчаліся ў зборніку «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28). У цэлым 1920-я г. вызначаліся вострай барацьбой паміж прыхільнікамі авангардызму і рэаліст. мастацтва. 12.7.1939 у Віцебску адкрыта маст. галерэя Пэна (экспанавалася каля 100 яго работ). Усяго ў фондах галерэі было каля 800 твораў (асн. частка перададзена ў Нац. маст. музей Беларусі, асобныя творы — у Віцебскі абл. краязнаўчы музей). У 1941 адбыліся 1-я выстаўка выяўл. мастацтва Віцебска і перасоўная выстаўка графікі. Другая абл. выстаўка твораў мастакоў Віцебска і вобласці наладжана ў 1949. Пасля стварэння ў 1952 Віцебскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі маст. жыццё горада актывізавалася. Выстаўкі мастакоў адбыліся ў 1953, 1955, 1957; з 1960 штогод наладжваюцца справаздачныя абл. выстаўкі, а таксама маладзёжныя, групавыя, тэматычныя, персанальныя і інш. У 1970—80-я г. адбыліся тэматычныя маст. выстаўкі: прысвечаныя 1000-годдзю Віцебска, 35-годдзю Перамогі ў Вял. Айч. вайне, 800-годдзю стварэння «Слова пра паход Ігаравы», «Зямля і людзі», «Подзвігу народа жыць у вяках», «У краі блакітных азёр», «Пейзаж нашай Радзімы», «Маладосць Віцебшчыны», «Мастак і экалогія», акварэлі; персанальныя Ф.​Гумена, Я.​Красоўская, І.​Сталярова, У.​Вітко, В.​Лук’янава, М.​Міхайлава, А.​Ільінова, В.​Ральцэвіча, Л.​Анцімонава, В.​Някрасава, В.​Ціханенкі, П.​Явіча, А.​Салаўёва, А.​Скавародка, А.​Толкача, А.​Кузьмічова. Творы мастакоў Віцебска экспанаваліся ў Маскве, Мінску, Пскове, Каўнасе, Ленінградзе, Смаленску, Зялёнай Гуры, у Віцебску — мастакоў з Мінска, Латвіі, Зялёнай Гуры, Франкфурта-на-Одэры, «Сучаснае мастацтва Ноўгарада» і інш.

Сярод экспазіцый 1990-х г. выстаўкі, прысвечаныя 75-годдзю Віцебскай маст. школы, «Пленэр-90», групы УБІКУС, «Віцебскі габелен», «Віцебская акварэль: гісторыя і сучаснасць», творы польскіх графікаў, «Барока на Беларусі», «І.​Рэпін. Малюнкі», твораў М.​Шагала, фінскага мастака А.Ахола-Вало, «Лепшы твор года», серыя выставак «Інфармэйшэн», «Новыя імёны»; групавыя і персанальныя выстаўкі Г.​Шутава, Толкача, А.​Мемуса, А.​Каржанеўскага, У.​Кухарава, А.​Кавалёва, Гумена, У.​Вольнава, Т.​Беразоўскай, А.​Някрасава, А.​Кастагрыза, А.​Ізаіткі, І.​Сталярова, У.​Напрэенкі, М.​Дудзіна, М.​Ляўковіча, Л.​Мядзведскага, А.​Карпана, А.​Слепава, І.​Шкуратава, В.​Ляховіч, А.​Ільінова, М.​Драненкі і інш. Выстаўкі віцебскіх майстроў выяўл. мастацтва адбыліся ў Маскве, Пецярбургу, Мінску, Гданьску, Жэневе, Брэмене, Нінбургу, Варшаве, Шчэціне, Катавіцах, Берліне, Таронта, Іерусаліме, і адпаведныя выстаўкі гэтых гарадоў у Віцебску. Праведзены 1-ы міжнар. пленэр памяці М.​Шагала (1994), 1-ы і 2-і міжнар. пленэры «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» (1994, 1996). Перыядычна адбываюцца выстаўкі твораў самадзейных мастакоў і майстроў нар. мастацтва. Створаны незалежныя творчыя аб’яднанні «Квадрат» (1987), «УБІКУС» (1992), «Віцебская акварэль» (1995). Дзейнічаюць маст. музей, Артцэнтр імя М.​Шагала, прыватная галерэя А.​Пушкіна.

Літаратурнае жыццё. З Віцебскам звязана дзейнасць многіх бел., рус. і польскіх дзеячаў культуры і мастацтва. У паэзіі Сімяона Полацкага з Віцебскам асацыіруецца паняцце радзімы. У 17 ст. віцебскі ваявода Я.​Храпавіцкі склаў «Дыярыуш», «дыялогам» з якога пачаў сваю дзейнасць віцебскі школьны тэатр. У 1768 С.Аверка склаў Віцебскі летапіс, дзе шмат арыгінальных звестак па гісторыі горада. У Віцебску нарадзіліся бел. і польск. паэты Ф.Д.Князьнін, А.Рыпінскі, рус. гісторык і філолаг-славіст А.​Л.​Пагодзін, вучыўся паэт-рамантык Т.​Лада-Заблоцкі, творчасць якога прасякнута любоўю да Беларусі (паэма «Ваколіцы Віцебска» і інш.), жыў А.Дэльвіг. Віцэ-губернатарам Віцебска ў 1853—54 быў рус. пісьменнік І.​Лажэчнікаў. У сярэдзіне 19 ст. літаратары Віцебска групаваліся вакол «наддзвінскага дудара» А.Вярыгі-Дарэўскага. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску і на Віцебшчыне жылі і працавалі бел. этнографы і фалькларысты Е.Раманаў, М.Нікіфароўскі, В.Астаповіч, краязнаўцы А.Сапуноў, У.​Стукаліч, пісьменнік А.​Пшчолка. У літ. жыцці Віцебска ўдзельнічалі рус. пісьменнікі. У горадзе бывалі Г.Дзяржавін (1799, 1800), які ў сваіх «Запісках» (1859) адзначаў нац. самабытнасць бел. народа, А.Пушкін (1820, 1824), М.​Гогаль (1828), Т.Шаўчэнка (1843, 1847), І.Бунін (1889), збіраў матэрыялы для нарысаў Г.Успенскі (1890).

У 1924—28 у Віцебску дзейнічала акруговае аддзяленне літ. аб’яднання «Маладняк». Частымі гасцямі Віцебска былі Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, іх п’есы ставіліся на сцэне Віцебскага т-ра. У 1958 выйшаў літ.-маст. Альманах «Дзвіна». Дзейнічаюць абласныя аддзяленні Бел. саюза журналістаў (з 1970), Саюза бел. пісьменнікаў (з 1980). Пры Віцебскім пед. ін-це (з 1993 ун-т) створаны літ. музей; экспануюцца рукапісы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі пісьменнікаў-землякоў. У горадзе жывуць і працуюць пісьменнікі В.Беляжэнка, П.Ламан, У.Папковіч, А.Салтук, Д.Сімановіч.

У 1797—1917 працавала Віцебская губернская друкарня, якая надрукавала больш за 250 назваў кніг і больш за 400 друкаваных выданняў, у т. л. «Памятную кніжку Віцебскай губерні» (з 1860), «Агляд Віцебскай губерні» (з 1885) і інш. У 1883—88 А.​Сапуновым апублікаваны зб. дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст. «Віцебская даўніна». Грамадска-палітычны перыяд. друк канца 19 — пач. 20 ст. прадстаўлялі газ. «Витебский листок» (1898—99) і «Витебская жизнь» (1906). Правасл. царква выдавала «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1916). Афіц. органам Віцебскага губ. праўлення былі «Витебские губернские ведомости» (1838—1918), якія складаліся з афіц. і неафіц. аддзелаў. Неафіц. аддзел меў значэнне самаст. выдання і з 1901 выдаваўся асобна (у 1906—07 замест яго выходзіла прыватная газета «Витебский голос», у 1912—17 — газ. «Витебский вестник»). У 1916—17 выдаваўся штотыднёвы грамадска-паліт. і літ. час. ліберальнага кірунку «Витебский край», у 1916—19 прыватная газ. «Витебский листок». Кніжныя выданні гэтага перыяду — у асн. адбіткі з «Витебских губернских ведомостей». У 1917 выходзіла газ. «Известия военно-революционного комитета города Витебска», якая ў далейшым шмат разоў мяняла назву (у 1924—29 называлася «Заря Запада», у 1929—38 — «Віцебскі пралетарый»), з крас. 1937 «Віцебскі рабочы» (цяпер абл., незалежная). У грамадз. вайну ў Віцебску створана новая газ. «Голос бедняка» (1918). У 1919—1920-я г. выдаваліся час. «Коммунистический труд» [1919—23, выд. губкома РКП(б) і губпрафсаюза], «Голос труда» (1920—21, прафсаюзны), «Віцебская сялянская газета» (1924—27). У гады Вял. Айч. вайны на акупіраванай тэрыторыі з 1942 і ў прыфрантавой паласе распаўсюджвалася газ. «Віцебскі рабочы».

Выходзяць газеты: «Народнае слова» (абл., з 1990), «Жыццё Прыдзвіння» (раённая, з 1938, да 1991 «Ленінская праўда»), «Витебский курьер М>» (гар., з 1990), «Віцьбічы» (гар., з 1991), «Выбар» (гар., з 1991) і інш. Віцебскае абл. радыё працуе з 1927, абл. студыя тэлебачання з 1960.

Тэатральнае жыццё. У сярэднявеччы на Каляды ў Віцебску наладжваліся тэатралізаваныя гульні-паказы. З канца 17 ст. і да 1870-х г. адбываліся нар. лялечныя паказы жлоба, паказы нар. драмы «Цар Максімілян»; дзейнічаў Віцебскі школьны тэатр. У 1805, 1806 горад наведвалі польск. трупы М.​Кажынскага, паміж 1808 і 1812 — А.​Руткоўскага. У 1840-я г. ў Віцебску існаваў хатні т-р ген.-губернатара А.​М.​Галіцына, у якім выступаў і балетны ансамбль пад кіраўніцтвам М.​Піёна. 23.12.1845 тут адкрыўся гар. т-р. У ім працавалі Віцебскі балет Піёна, драм. трупа Я.​Чаховіча (1847—49); гастраліравалі рус., укр., польск. трупы, акцёры М.​Іваноў-Казельскі, У.​Давыдаў, М.​Дальскі, К.​Гарын, В.​Далматаў, П.​Арленеў і інш. У 1850—60-я г. наладжваліся аматарскія спектаклі і канцэрты. У 1900-я г. дзейнічалі мясц. трупы пад кіраўніцтвам П.​Папова-Волхаўскага, Е.​Кавалеўскага, К.​Вітарскага, А.​Вяхірава. Іх рэпертуар быў вельмі разнастайны: побач з т.зв. касавымі спектаклямі, развесяляльнымі п’есамі, вадэвілямі, камедыямі, меладрамамі ставіліся і класічныя творы. Прыкметную ролю ў культ. жыцці Віцебска адыгрывалі аматары: з пач. 1900-х г. арганізоўваліся беларускія вечарынкі, у 1906—14 існаваў Віцебскі музычна-драматычны гурток. З пач. 1920-х г. сталі пашыранымі агітац. віды мастацтва: для рабочых і чырвонаармейцаў наладжваліся канцэрты-мітынгі, ствараліся тэатр. гурткі, працавалі Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Віцебскі губернскі паказальны тэатр, агітацыйна-маст. калектыў «Сіняй блузы», Піянерскі т-р, на базе якога створаны т-р рабочай моладзі (1931—34). З ліст. 1926 у Віцебску дзейнічае прафес. драм. т-р, які і цяпер з’яўляецца цэнтрам тэатр. жыцця горада (гл. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Працуе Беларускі тэатр «Лялька», дзейнічаюць шматлікія самадзейныя калектывы, прыязджаюць з гастролямі т-ры Беларусі і б. рэспублік СССР. Віцебск — месца правядзення тэатр. фестываляў: Першага бел. тэатр. (1986), Тэатр. марафона (1993), прысвечанага дню т-ра, і інш.

Музычнае жыццё Віцебска да пач. 19 ст. развівалася пераважна ў формах хатняга музіцыравання, канцэртаў мясц. аматараў і гастралёраў. У 1-й пал. 19 ст. яно канцэнтравалася вакол навуч. устаноў, пераважна жаночых пансіёнаў, дзе выхаванкі навучаліся ігры на фп. і спевам, выступалі з канцэртамі. У 1845—47 працаваў Віцебскі балет Піёна. З канца 19 ст. пры т-ры дзейнічаў прафес. сімф. аркестр. Пры муз. т-рах існавалі класы спеваў, ігры на фп. і скрыпцы; выкладалася тэорыя музыкі. Віцебскі музычна-драматычны гурток і Т-ва прыгожых мастацтваў (пач. 20 ст.) штотыднёва наладжвалі канцэрты аматараў і прафесіяналаў. У 1915 у Віцебску арганізавана аддзяленне Рус. муз. т-ва і муз. класы пры ім. У горадзе гастралявалі Л.​Аўэр, І.​Гофман, С.​Кусявіцкі, С.​Рахманінаў і Т.​Туа, Р.​Піньё, П.​Сарасатэ, Л.​Собінаў, Я.​Хейфец. У 1919 праведзены 1-ы з’езд настаўнікаў спеваў і муз. дзеячаў Віцебскай губ. Асяродкам развіцця муз. культуры стаў сімф. аркестр (120 музыкантаў; дырыжор Б.​Сухадрэў). У 1918 адкрылася нар. кансерваторыя, яе і сімф. аркестр узначаліў дырыжор М.Малько. Працаваў хор нар. кансерваторыі на чале з М.Анцавым. У 1922 кансерваторыя рэарганізавана ў муз. тэхнікум (з 1935 муз. вучылішча). Сіламі яго навучэнцаў у 1920-я г. пастаўлены оперы «Фауст» Ш.​Гуно і «Русалка» А.​Даргамыжскага. У наш час муз. цэнтр Віцебска — Віцебская абласная філармонія і муз. вучылішча. Працуюць 5 муз. школ, школа і вучылішча мастацтваў, абл. аддзяленне Бел. саюза муз. дзеячаў, шматлікія самадз. муз. і харэаграфічныя калектывы (каля 30 маюць званне народных і ўзорных). Праводзяцца шматлікія фестывалі і конкурсы, у т. л. міжнар. фестывалі «Славянскі кірмаш», імя І.​І.​Салярцінскага, сучаснай харэаграфіі, бальных і спарт. танцаў «Веснавыя россыпы», «Парад надзей», «Віцебская сняжынка», конкурсы гітарнай музыкі «Віцебскі лістапад», «Менестрэль» і інш.

Літ.:

Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980;

Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст. Мн., 1990.

М.​І.​Ліс (асвета), Т.​І.​Чарняўская (архітэктура), Дз.​У.​Стэльмах (тэатр. жыццё), В.​П.​Пракапцова (муз. жыццё), Л.​Дз.​Налівайка, М.​Л.​Цыбульскі (маст. жыццё).

Герб Віцебска 1597.
Да арт. Віцебск. «Чарцёж» Віцебска 1664.
Да арт. Віцебск. Від на горад. З акварэлі Ю.​Пешкі. 1-я пал. 19 ст.
Віцебск. Від з Успенскай гары. 1894.
Да арт. Віцебск. Гасцініца «Віцебск».
Від на Віцебск з боку Заходняй Дзвіны.
Да арт. Віцебск. Кіраўскі мост цераз Заходнюю Дзвіну.

т. 4, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЫРГЫЗСТА́Н, Кыргызская Рэспубліка (Кыргыз Рэспублікасынын),

дзяржава на ПнУ Сярэдняй Азіі. Мяжуе на Пн з Казахстанам, на З з Узбекістанам, на Пд з Таджыкістанам, на ПдУ і У з Кітаем. Падзяляецца на 6 абласцей. Пл. 198,5 тыс. км². Нас. 4,6 млн. чал. (1997). Сталіца — г. Бішкек. Дзярж. мова — кіргізская, мова міжнац. зносін — руская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 жніўня).

Дзяржаўны лад. К. — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1993, мадыфікаваная ў 1994. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — аднапалатны парламент, 105 дэпутатаў якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прэм’ер-міністра якога назначае прэзідэнт. Судовую сістэму краіны ўзначальвае Вярх. суд. Ніжэйшыя суд. звёны — абл. і раённыя суды. Суддзі выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў.

Прырода. К. — адна з высакагорных краін свету. Размешчана ў межах Паміра-Алая на ПдЗ і Цянь-Шаня на ПнУ. Характарызуецца вышынямі больш за 500 м, каля 72 яе плошчы ляжыць на выш. ад 1000 да 3000 м, 73 — ад 3000 да 4000 м. Хрыбты распасціраюцца ад горнага вузла з пікамі Перамогі (найвыш. пункт краіны, 7439 м) і Хан-Тэнгры (6995 м) трыма буйнымі дугамі. Паўн. дугу складаюць хрыбты Кюнгёй-Ала-Тоо, Кіргізскі, Таласкі Алатау, Чаткальскі; сярэднюю — хрыбты Тэрскей-Ала-Тоо, Молда-Тоо, Суусамыр-Тоо, якія на З прылягаюць да Ферганскага хр.; паўд. — хрыбты Ат-Башы, Какшаал-Тоо. На ПдЗ — хрыбты Алайскі, Туркестанскі, Заалайскі. Горныя хрыбты чаргуюцца з далінамі і катлавінамі, найб. з іх Чуйская, Ісык-Кульская, Талаская, Нарынская, Алайская, частка Ферганскай. Тэр. К. характарызуецца высокай сейсмічнасцю. Карысныя выкапні: ртуць (Хайдарканскае, Чаўвайскае радовішчы), сурма (Кадамджайскае, Тэрэк-Сайскае), свінцова-цынкавыя і жал. руды, нефелінавыя сіяніты, малібдэн, вальфрам, кобальт, волава, мыш’як, золата, медзь. Ёсць радовішчы каменнага і бурага вугалю, нафты і газу, солі, серы, барытаў. Вял. запасы буд. матэрыялаў (гліны, вапнякі, мармур, граніт). Каштоўныя і вырабныя камяні. Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ў Ферганскай даліне (Джалал-Абад) -1,5 °C, у паўн. далінах -5,3 °C, у высакагорных далінах -17,5 °C, ліп. адпаведна 25,7 °C, 22,9 °C, 9,2 °C. Ападкаў за год 100—200 мм на ўнутр. схілах гор, 400—500 мм у ніжніх зонах зах. і паўн. схілаў, 800—1000 мм на сярэдніх вышынях. На выш. больш за 5000 м клімат арктычны, летнія т-ры ніжэй 0 °C. Снегавая лінія на выш. 3500—4600 м. Пашыраны ледавікі, найб. з іх Паўд. Іныльчэк (даўж. 59,5 км), Паўн. Іныльчэк (38,2 км), Каінды (29 км). Агульная пл. зледзянення 6578 км². Гал. рэкі: Нарын, Чу, Талас, Кызыл-Суу, Сары-Джаз, Чаткал, іх жыўленне пераважна ледавіковае і снегавое. Каля 3 тыс. азёр; буйныя — Ісык-Куль (салёнае), Сонг-Кёль (прэснае), Чатыр-Кёль (саленаватае). Глебы пераважна горныя, у перадгор’ях да выш. 1200 м шэразёмы, у міжгорных упадзінах і на горных схілах да выш. 3000 м светла- і цёмна-каштанавыя, вышэй — горналугавыя; у Ісык-Кульскай катлавіне горныя чарназёмы, высока ў гарах высакагорна-пустынныя глебы. У перадгор’ях палыновыя, злакавыя і палынова-злакавыя стэпы, вышэй у гарах разнатраўна-злакавыя лугі. Вышэй зоны лугоў пачынаецца зона лясоў з грэцкага арэху, клёну, елкі, піхты, потым — высакагорныя лугі. У далінах і катлавінах Унутр. Цянь-Шаня камяністыя пустыні, сухія стэпы і паўпустыні. Жывёльны свет багаты і разнастайны: каля 80 відаў млекакормячых, 336 відаў птушак, каля 35 відаў паўзуноў і земнаводных, больш за 30 відаў рыб. Запаведнікі: Ісык-Кульскі, Сары-Чэлекскі, Беш-Аральскі, Сонг-Кёльскі, Нарынскі. Нац. парк Ала-Арча.

Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кіргізы (60,8%). Жывуць рускія (15,3%), узбекі (14,3%), украінцы (1,5%), немцы, татары, казахі, карэйцы, уйгуры, таджыкі, дунгане і інш. Пануючая рэлігія — іслам суніцкага толку, ёсць хрысціяне (праваслаўныя). Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены даліны і міжгорныя катлавіны. У гарадах жыве 34% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1996): Бішкек — 595,3, Ош — 239, Джалал-Абад — 80, Такмак — 72, Балыкчы — 65, Кара-Балта — 55. У эканоміцы краіны занята (1996) 1650 тыс. чал., у т. л. ў сельскай і лясной гаспадарцы 49%, у прам-сці і буд-ве 16%.

Гісторыя. Людзі на тэр. К. пасяліліся больш за 300 тыс. гадоў назад. У далінах рэк Он-Арча (Цэнтр. Цянь-Шань) і Хаджа-Бакіргансай (бас. р. Сырдар’я) знойдзены прылады працы эпохі ніжняга палеаліту, у далінах рэк Ісфара, Капчыгай і Ахна — сярэдняга палеаліту (мусцьерская культура). У Чуйскай даліне, на берагах воз. Ісык-Куль і ў Цэнтр. Цянь-Шані выяўлены рэшткі неалітычных стаянак, з іх найб. вядомая пячора Ак-Чункур у даліне р. Сары-Джаз. Акрамя прылад працы і гліняных пасудзін тут захаваліся наскальныя выявы людзей і жывёл (3—4-е тыс. да н.э.). Да 5—3-га тыс. да н.э. адносіцца ўзнікненне жывёлагадоўлі і земляробства. У канцы 3 — пач. 2-га тыс. да н.э. тут пашырыліся медныя, потым бронзавыя прылады працы. У сярэдзіне 2 — пач. 1-га тыс. на Пд К. жылі земляробчыя (чусцкая культура), а на Пн пастухоўска-земляробчыя (адронаўская культура) плямёны. З пашырэннем жал. прылад працы (6—7 ст. да н.э.) склаліся 2 формы гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля і земляробства. Паўн. раёны К. ўваходзілі ў саюзы качавых плямён: сакскі (7—3 ст. да н.э.) і усуньскі (2 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.), паўднёвыя — у дзяржаву Паркан (2—1 ст. да н.э.) і Кушанскую дзяржаву (1—4 ст. н.э.). У 6—7 ст. тэр. К. ўваходзіла у склад Зах-Цюркскага каганата (гл. Цюркскі каганат), сталіца якога (г. Суяб) знаходзілася ў Чуйскай даліне. У пач. 8 ст. тут усталявалася ўлада плямён цюргешаў. У сярэдзіне 8 ст. з зах. Алтая на Цянь-Шань перасяліліся карлукі, якія стварылі Карлукскі каганат. Яго насельніцтва трымалася шаманізму, зараастрызму і хрысціянства, з 8 ст. пачалося пашырэнне ісламу. З сярэдзіны 10 да сярэдзіны 12 ст. К. з’яўляўся асн. удзелам Караханідаў дзяржавы. Толькі ў Чуйскай даліне было больш за 10 гарадоў — цэнтраў рамяства і гандлю, значнага развіцця дасягнула архітэктура (маўзалей ва Узгене, мінарэт Буран і інш.). У сярэдзіне 12 ст. большая частка К. заваявана кіданямі. У пач. 13 ст. сюды ўварваліся манголы, большая частка тэр. К. ўвайшла ў Джагатайскі (Чагатайскі) улус. У выніку манг. нашэсця былі зруйнаваны і разбураны гарады, спустошаны земляробчыя аазісы. Пануючай галіной гаспадаркі стала экстэнсіўная качавая і паўкачавая жывёлагадоўля. У 13—15 ст. з вярхоўяў р. Об на тэр. К. перасяліліся кімакска-кірг. плямёны, што сталі ядром аб’яднання разнастайных цюркскіх этнасаў у адзіную кірг. народнасць. Да канца 15 ст. склалася самаст. кірг. ханства. У 16—17 ст. яно вяло барацьбу за незалежнасць з Айрацкім ханствам, у канцы 17 ст. было ім заваявана. Пасля разгрому Айрацкага ханства маньчжурамі ў 1758—59 К. увайшоў у склад Цынскай імперыі, але яе ўлада была намінальнай. У 1830—40-я г. К. заваяваны Какандскім ханствам. Какандцы пабудавалі шэраг крэпасцей, на месцы іх выраслі гарады Пішпек (Бішкек), Такмак і інш. Грамадска-эканам. лад кіргізаў меў патрыярхальна-феад. характар, плямёнамі кіравала феад. знаць — манапы і баі. У 1860-я г. паўночны, а пасля ліквідацыі ў 1876 Какандскага ханства і паўд. К. увайшоў у склад Расійскай імперыі. У 1867—1917 у Туркестанскім ген.-губернатарстве, тэр. К. была падзелена паміж Сямірэчанскай, Сырдар’інскай, Ферганскай і Самаркандскай абласцямі. Спрыяльныя кліматычныя ўмовы прыцягвалі сюды і рус. сялян-перасяленцаў, колькасць якіх асабліва павялічылася ў час Сталыпінскай аграрнай рэформы. У выніку ў К. склаўся значны асяродак рускамоўнага насельніцтва. Пад яго ўплывам пачаўся пераход кіргізаў да аселасці. З’явіліся першыя прамысл. прадпрыемствы, у т. л. па здабычы вугалю ў Кызыл-Кіі і Сулюкце, нафты ў Майлі-Саі. Летам 1916 большая частка тэр. К. была ахоплена Сярэднеазіяцкім паўстаннем 1916.

Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ў Расіі ў К. створаны Саветы рабочых і сял. дэпутатаў, узніклі першыя нац. аб’яднанні. 1.1.1918 сав. ўлада ўсталявана ў Пішпеку, а ў маі—чэрв. 1918 — на ўсёй тэр. К. З крас. 1918 К. у складзе Туркестанскай аўт. сав. сацыяліст. рэспублікі. У 1921 праведзена зямельна-водная рэформа на Пн, а ў 1927 і на Пд К. 2.10.1920 адбылася Джэтысайская мусульм. парт. канферэнцыя, з якой пачаўся ўдзел кірг. насельніцтва ў сацыяліст. будаўніцтве. 14.10.1924 створана Кара-Кірг. (з 25.5.1925 Кірг.) аўт. вобласць, якая 1.2.1926 ператворана ў Кірг. аўт. сав. сацыяліст. рэспубліку. 5.12.1936 абвешчана Кірг. Сав. Сацыяліст. Рэспубліка (КССР), 23.3.1937 прынята канстытуцыя К., а 23.4.1937 створана камуніст. партыя (бальшавікоў) К., пазней — Камуніст. партыя К. (КПК). У час існавання КССР (1936—91) адбыўся пераход кіргізаў да аселасці, была ліквідавана непісьменнасць, сфарміравана нац. інтэлігенцыя. У пач. перабудовы 1-м сакратаром ЦК КПК выбраны А.​Масаліеў (у крас.снеж. 1990 Старшыня Вярх. Савета КССР) і прыняты закон аб дзярж. статусе кірг. мовы. Да 1990 узніклі апазіц. арг-цыі, найбуйнейшая з іх «Ашар». Яе дзеянні ў Ошскай вобл. прывялі да міжнац. сутыкненняў з узбекамі, у выніку якіх загінулі сотні людзей. Было ўведзена надзвычайнае становішча (скасавана ў вер. 1995). У 1990 Вярх. Савет выбраў першым прэзідэнтам А.Акаева. У снеж. 1990 КССР перайменавана ў Рэспубліку К. (з 1993 Кыргызская Рэспубліка). У жн. 1991 забаронена КПК (адноўлена ў сярэдзіне 1992). 31.8.1991 абвешчана незалежнасць К., 12.10.1991 на першых усенар. выбарах прэзідэнтам выбраны Акаеў (перавыбраны ў 1995). 13.12.1991 К. далучыўся да СНД. 5.5.1993 прынята канстытуцыя, якой К. абвешчаны парламенцкай рэспублікай. Паводле вынікаў рэферэндуму (кастр. 1994) створаны двухпалатны парламент (Жагорку кенеш), выбары ў які адбыліся ў лют. 1995. На рэферэндуме ў лют. 1996 большасць насельніцтва выказалася за пашырэнне паўнамоцтваў прэзідэнта, наданне рус. мове роўнага статуса з кірг., што зменшыла міграцыю рускамоўнага насельніцтва з К. (са 100 тыс. у 1994 да 20 тыс. у 1996). У сак. 1996 сумесна з Беларуссю, Расіяй і Казахстанам К. заключыў дагавор аб мытным саюзе. К. — член ААН (з 1992), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя», Сусв. гандл. арг-цыі (з 1998). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 21.1.1993.

Палітычныя партыі і рухі. Грамадз. рух «Адзілет», Агр. партыя К., Партыя нац. адраджэння «Асаба», Сац.-паліт. рух «Ашар», Партыя «Ата-Мекен», Дэмакр. партыя К., Кірг. камуніст. партыя, Аб’яднаная партыя К., Сацыял-дэмакр. партыя К. і інш.

Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 склаў 5,4 млрд. дол. ЗША (1140 дол. на душу насельніцтва). На долю дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый прыпадала 24%, на долю прыватнага сектара — 72% занятых. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны, яе доля ў ВУП складае 43%. С.-г. ўгоддзі займаюць 6,8 млн. га, у т. л. ворныя землі 1,3 млн. га, сенажаці і пашы 5,5 млн. га. Пл. арашальных угоддзяў 1 млн. га. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля, якая дае 65% таварнай с.-г. прадукцыі. Вылучаецца танкарунная авечкагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): авечак і коз — 3716, буйн. раг. жывёлы — 848, коней — 314, свіней — 88, птушкі — 2122. Вытв-сць мяса (у забойнай вазе) 180,2 тыс. т, малака 882 тыс. т, яец 159,3 млн. штук. Настрыг воўны 12,2 тыс. т. Развіта шаўкаводства (на Пд), пчалярства, рыбалоўства (на воз. Ісык-Куль). Земляробства пераважна ў далінах. Пасяўная пл. (тыс. га, 1996) 1193,6, у т. л. пад збожжавымі культурамі 616,2, тэхн. — 126, кармавымі — 363,9, бульбай і агароднінна-бахчавымі — 87,5. Збор (тыс. т) пшаніцы —964. ячменю — 166, кукурузы — 182, рысу — 9, цукр. буракоў — 189,8, бавоўны — 73,1, тытуню — 17,9, бульбы — 662,4 агародніны і бахчавых — 368,5. Сеюць эфіраалейныя культуры, лек. мак. Садоўніцтва, вінаградарства і субтрапічнае пладаводства (персікі, гранаты, хурма). Насенняводства (цукр. буракі, люцэрна). На долю прамысловасці прыпадае каля 13% ВУП. Вядучая галіна — машынабудаванне (27% прамысл. прадукцыі). Вытв-сць с.-г. машын, металарэзных станкоў, электрарухавікоў, фіз. прылад, ЭВМ (Бішкек), электралямпаў (Майлуу-Суу), аўтаагрэгатаў (Джалал-Абад), электратэхнікі (Каракол), помпаў (Ош). Суднабудаванне і суднарамонт у г. Балыкчы. Здабыча і абагачэнне ртутных, сурмяных і свінцова-цынкавых руд, вытв-сць сурмы (Карамджай) і ртуці (Хайдаркан). Паліўнаэнергет. комплекс уключае здабычу каменнага і бурага вугалю (Кызыл-Кія, Таш-Кумыр, Сулюкта, Кок-Янгак), нафты і прыроднага газу (Майлуу-Суу). У 1996 здабыта 432 тыс. т вугалю, 84 тыс. т нафты, 25,6 млн. м³ прыроднага газу. Нафтаперапрацоўчы з-д у г. Джалал-Абад. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ГЭС (Курпсайская, Тактагульская, Учкурганская, Таш-Кумырская) і буйных ЦЭС (Бішкек, Ош). У 1996 выпрацавана 13,7 млрд. кВт гадз электраэнергіі. З галін лёгкай прам-сці вылучаецца першасная апрацоўка бавоўны і воўны (Ош, Такмак, Джалал-Абад, Кара-Суу). Развіты баваўняная, шаўковая (Ош), камвольна-суконная (Бішкек), гарбарна-абугковая (Бішкек, Ош, Каракол, Джалал-Абад), валюшна лямцавая (Такмак), трыкат. і швейная прам-сць. Вытв-сць дываноў (Кара-Балта, Узген). З галін харч. прам-сці развіты мяса-малочная (Бішкек, Ош, Балыкчы), цукр. (6 з-даў у Чуйскай даліне), кансервавая, алейнаэкстракцыйная, тытунёвая, кандытарская. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, шкло, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, вырабы з мармуру і граніту). Хім. і хіміка-фармацэўтычная прам-сць у Бішкеку. Дрэваапр. прам-сць, у т. л. мэблевая, у гарадах Бішкек, Ош, Джалал-Абад. Нар. маст. промыслы (Ош). Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 19,3 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 17,3 тыс. км. Гал. аўтадарогі: Бішкек—Нарын—Кёк-Айгыр, Бішкек—Алматы, Бішкек—Ош, кальцавая дарога вакол воз. Ісык-Куль. Даўж. чыгункі 371 км. Суднаходства па воз. Ісык-Куль. 2 аэрапорты. Праз тэр. К. праходзіць газаправод Бухара—Ташкент—Бішкек—Алматы, дзейнічае газаправод Майлуу-Суу—Джалал-Абад—Ош. Ісык-Кульская курортная зона (Чалпон-Ата, Джэргалан, Ак-Суу, Джэты-Агуз, Тамга), курорты Джалал-Абад, Ісык-Ата, Кызыл-Булак. Экспарт (580 млн. дол. ЗША, 1996) канцэнтратаў каляровых металаў, ртуці, сурмы, прадукцыі сельскай гаспадаркі, машынабудавання і лёгкай прам-сці. Імпарт (680 млн. дол. ЗША, 1996) машын і абсталявання, харч. прадуктаў. На краіны СНД прыпадае каля 60% гандл. сувязей. Асн. гандл. партнёры: Расія, Узбекістан, Казахстан, Кітай, ЗША, Афганістан. Знешнегандлёвы абарот К. з Рэспублікай Беларусь у 1997 склаў 17,5 млн. дол. ЗША. Грашовая адзінка — сом.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл, унутр. войск і нац. гвардыі. Агульная колькасць (1996) каля 14 тыс. чал. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне — па прызыве. У рэгулярных узбр. сілах 1 дывізія, 9 тыс. чал. асабовага складу. Ва ўнутр. войсках 3,5 тыс. чал. У нац. гвардыі 1 тыс. чал. На ўзбраенні розная баявая тэхніка і стралк. зброя.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,3, жанчын 68,9 года. Смяротнасць — 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 95 чал., урачамі — 1 на 319 чал. Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 1,7%. Дзіцячая смяротнасць — 77 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Друк, радыё, тэлебачанне. Перыядычныя выданні К. выходзяць на кірг., рус., дунганскай і англ. мовах. У 1990-я г. выдаецца каля 140 газет і часопісаў, з іх каля 80 на кірг. мове. Найб. тыраж і папулярнасць маюць: штодзённыя грамадска-паліт. газеты «Эркін Тоо» («Вольныя горы», з 1924), «Асаба» («Сцяг»), «Кыргыз Туусу» («Сцяг Кіргізіі», з 1924), літ.-маст. газ. «Кыргыз маданіяты» («Кіргізская культура»), на кірг. і рус. мовах — «Республика», на рус. мове — «Слово Кыргызстана», «Вечерний Бишкек», «Утро Бишкека», грамадска-паліт. незалежная — «Дело — номер», на англ. мове — «The Chronicle of Kyrgyzstan» («Хроніка Кыргызстана») і інш. Працуе Кіргізскае тэлегр. агенцтва (Кыргызкабар, з 1936). Радыёвяшчанне з 1931 (2 праграмы, на кірг., рус., ням., дунганскай мовах). Рэтрансліруюцца таксама перадачы з Масквы, Алматы, Ташкента. Тэлебачанне з 1956 (на кірг. і рус. мовах).

Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школу, прафес.-тэхн., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Агульнаадук. школа ўключае асн. (1—9 кл.) і сярэднюю (10—11 кл.) школы. Прафес.-тэхн. адукацыю даюць прафес. вучылішчы, сярэднюю спецыяльную — тэхнікумы. У сістэме вышэйшай адукацыі тэрмін навучання 4—6 гадоў (1996). Пасля 4 гадоў навучання выпускнікі атрымліваюць дыплом бакалаўра без права паступлення ў аспірантуру, пасля 5 гадоў навучання — дыплом з правам паступлення, пасля 6 — дыплом магістра. Буйнейшыя ВНУ: Кыргызскі дзярж. нац. ун-т (з 1951, больш за 13 тыс. студэнтаў) і Кыргызскі тэхн. ун-т (каля 14 тыс. студэнтаў) у Бішкеку. Вядучы навук. цэнтр, які ажыццяўляе і каардынуе асн. аб’ём навук. даследаванняў — Нац. АН Кыргызскай Рэспублікі (з 1954). Н.-д. работу вядуць таксама ВНУ і галіновыя н.-д. ўстановы. У Бішкеку буйнейшая Нац. б-ка Кыргызскай Рэспублікі, Дзярж. гіст. музей і Нац. музей выяўл. мастацтваў імя Г.​Айтыева.

Літаратура К. ўзнікла на аснове традыцый вуснай нар. творчасці. Жанры кірг. фальклору разнастайныя: пастухоўскія, працоўныя, абрадавыя, лірычныя песні, галашэнні-кашокі, казкі, сказы, легенды, паданні і інш. Найб. значны фальклорны твор — гераічны эпас «Манас». Вядомы таксама і т.зв. малыя эпасы. Папулярызацыі фальклору садзейнічалі акыны Тактагул Сатылганаў, Тагалок Малдо, казачнік-манасчы С.​Каралаеў. Запісы фалькл. твораў упершыню зрабіў у 1856 каз. вучоны Ч.Валіханаў. Пісьмовая л-ра К. зарадзілася ў 1920-я г. (паэт А.Такамбаеў, празаік К.Баялінаў). Найб. плённа ў гады станаўлення нац. л-ры развівалася паэзія (Такамбаеў, К.​Малікаў, Т.Сыдыкбекаў, Дж.​Баканбаеў, Дж.​Турусбекаў, М.​Элебаеў і інш.). У 1930—40-я г. ўзніклі літ. жанры: паэма (Малікаў, У.​Абдукаімаў), драма (Турусбекаў, К.​Джантошаў, Баканбаеў), раман (Джантошаў, Сыдыкбекаў) і інш. Паэзія вызначалася навізной вобразаў, грамадз. пафасам, публіцыстычнасцю, проза — маштабнасцю, пераканаўчасцю характараў. Патрыятычным гучаннем прасякнута паэзія Вял. Айч. вайны (Элебаеў, Т.Уметаліеў, Такамбаеў). Вядучае месца ў л-ры К. займае проза: раманы «Кен-Су» (кн. 1—2, 1937—38), «Тэмір» (1939—40), «Людзі нашых дзён» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), трылогія «Жанчыны» (кн. 1—2, 1962—66) Сыдыкбекава, «Каныбек» (кн. 1—3, 1939—48), «Чабан нябесных гор» (1963) Джантошава, «Шлях да шчасця» (кн. 1—2, 1957—62), «Голас нашчадкаў» (1969), «Стальное пяро» (1981) Ш.​Бейшэналіева, «Майдан» (ч. 1—2, 1961—66) Абдукаімава і інш. У пасляваен. час развіваецца проза т.зв. малых жанраў, якой уласцівы вастрыня маральна-псіхал. калізій, сучасная інтэрпрэтацыя фалькл. матываў: аповесці Ч.Айтматава, творчасць якога паўплывала на развіццё кірг. прозы ў цэлым, апавяданні (Абдукаімаў, Т.​Абдумамунаў, М.​Байджыеў), нарысы (Абдумамунаў). Надзённасцю тэматыкі і праблематыкі, складанасцю канфліктаў вылучаецца драматургія (п’есы Малікава, Байджыева, Абдумамунава і інш.). Сучасная л-ра К. тэматычна і жанрава разнастайная, адметная ўвядзеннем новых форм і вобразаў, прадстаўлена пісьменнікамі розных пакаленняў (М.​Абылкасымава, Айтматаў, Байджыеў, Бейшэналіеў, М.​Джангазіеў, С.​Джусуеў, С.​Эраліеў і інш). У 1934 засн. Саюз пісьменнікаў К.

Творы бел. пісьменнікаў на кірг. мове з’явіліся ў 1950-я г. Асобнымі выданнямі выйшлі «Вершы» Я.​Купалы (1954, 2-е выд. 1982), «Апавяданні» З.​Бядулі (1958), аповесць «Міколка-паравоз» М.​Лынькова (1960), зб. вершаў і паэм «А дні ідуць» П.​Броўкі (1966). Актывізацыя дзейнасці бел. перакладчыкаў прыпадае на 1970—80-я г. Творы Айтматава, Б.​Абакірава, Джусуева, Н.​Джундубаевай, А.​Кыдырава, Уметаліева, Такамбаева і інш. перакладалі Р.​Барадулін, В.​Вольскі, В.​Іпатава, С. Законнікаў, С.​Міхальчук, М.​Стральцоў, У.​Шахавец, Я.​Янішчыц і інш. Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці і раман «Буранны паўстанак: I вякуе дзень даўжэй за век» Айтматава (1987), «Кіргізскія народныя казкі» (1988).

Архітэктура. Найб. раннія ўмацаваныя паселішчы з глінабітнымі і сырцовымі пабудовамі выяўлены на Пд К. (Шурабашат, 4—1 ст. да н.э.). У 5—10 ст. будавалі крэпасці, замкі феадалаў, гарады (Ош, Узген), гарадзішчы (Ак-Бешым, Бурана, Баласагун) з цытадэллю і гар. ядром — шахрыстанам і ўмацаваным прыгарадам рамеснікаў — рабадам. На Цянь-Шані захаваліся рэшткі гарадоў-ставак цюркскіх ханаў (гарадзішчы Кашой-Курган, Шырдакбек), якія былі абнесены пахсавымі сценамі (выш. да 12 м) з вежамі, а таксама руіны ўмацаванага караван-сарая Чалдывар на р. Манакельды з т.зв. гафрыраванымі сценамі. У 10—12 ст. (дзяржава Караханідаў) узводзілі манум. культавыя пабудовы — мячэці, мінарэты, маўзалеі (цэнтрычны маўзалей Шах-Фазіль у Ошскай вобл., 11—2-я пал. 12 ст.; група з 3 маўзалеяў ва Узгене, 11—12 ст.). На гарадзішчы Бурана захаваўся мінарэт — «вежа Бурана» (пач. 11 ст.; выш. 21,5 м). У выніку манг.-тат. заваявання (1-я чвэрць 13 ст.) гарады заняпалі. Насельніцтва стала качавым, асн. тыпам іх жылля была разборная круглая юрта, накрытая лямцам. З манум. будынкаў узводзілі пераважна маўзалеі (партальна-купальны маўзалей Манаса, 1334) і караван-сараі (Таш-Рабат на р. Каракаюм, 1-я пал. 15 ст.). З сярэдзіны 19 ст. развіваюцца гарады Бішкек, Каракол (Пржавальск), Такмак і інш. з прамавугольнай планіроўкай, дробнымі кварталамі, забудаванымі 1-павярховымі глінабітнымі або сырцовымі дамамі. Пабудовы 1920—30-х г. у духу канструктывізму, з рысамі класіцызму (будынак мед. ін-та ў Бішкеку). У арх. дэкоры выкарыстоўваецца нац. арнамент (Летні т-р у Бішкеку, 1940, арх. Г.​А.​Градаў). У пабудовах 2-й пал. 20 ст. выкарыстоўваюцца зборны жалезабетон і шкло (будынкі АН у Бішкеку, 1960-я г., арх. Ю.​Бялінскі, А.​Бачароў). Вядзецца курортнае буд-ва на воз. Ісык-Куль. У 1960—80-я г. створаны новыя генпланы гарадоў. Архітэктура адметная выразнасцю сучасных форм і канструкцый: Кырг. т-р оперы і балета (1955, арх. А.​Лабурэнка, з удзелам П.​П.​Іванова), будынкі музея выяўл. мастацтва (1974, арх. Ш.​Джэкшанбаеў), цырка (1976, арх. Л.​Сегал). У Бішкеку пастаўлены помнік Тактагулу Сатылганаву (1974). У 1941 засн. Саюз архітэктараў К.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. К. захаваліся наскальныя размалёўкі, ляпная кераміка з геам. ўзорамі эпох неаліту і бронзы. Да 4—1 ст. да н.э. адносяцца ўпрыгожанні з золата і бронзы, размаляваная кераміка, літыя з бронзы фігуркі жывёл, посуд. Да манг.-тат. нашэсця паралельна развівалася мастацтва аселага (кераміка з ляпным ці ўціснутым геам. узорам, гліняныя і тэракотавыя стылізаваныя фігуркі людзей і жывёл, асуарыі — урны для захавання касцей, фрагменты жывапісу, скульптуры) і качавога (накладкі на конскую збрую з металу, спражкі, падвескі-медальёны з арнаментам, выявамі жывёл) насельніцтва. У будыйскіх храмах 5—10 ст. статуі багоў аздаблялі барэльефамі і размалёўкамі (гарадзішча Ак-Бешым у Чуйскай даліне). Мячэці, маўзалеі 10—12 ст. дэкарыраваны ўзорыстай муроўкай з цэглы, разьбой па ганчы і тэракоце (геам. і расл. ўзоры, надпісы). У дэкар.-прыкладным мастацтве пераважала ткацтва дываноў (лямцавыя дываны «шырдакі» з мазаічнымі, аплікацыйнымі ўваленымі ўзорамі; ворсавыя дываны; падвесныя паліцы для юртаў). Вышыўкай аздаблялі насценныя пано з аксаміту ці сукна (туш-«кійізы»), сумкі для посуду, адзенне, плялі ўзорыстыя цыноўкі з травы чый. З серабра рабілі ювелірныя ўпрыгожанні, якія аздаблялі гравіраваным узорам, насечкамі, чарненнем і інш. Для нар. мастацтва характэрны кантрастнасць колеру (найб. пашыранае спалучэнне чырвонага з сінім), ураўнаважанасць кампазіцыі, рытмічнасць. Ва ўзорах пераважалі круглаватыя формы і матыў «барановы рог». У 20 ст. зараджаюцца жывапіс, графіка, скульптура. У станаўленні прафес. выяўл. мастацтва значная роля належыць С.Чуйкову, а таксама жывапісцам В.​Абразцову, Г.​Айтыеву, С.​Акылбекаву, І.​Гальчанку, А.​Ігнацьеву, скульпт. В.​Мануілавай, графікам Л.​Ільіной, А.​Міхалёву, А.​Згібневу. У Вял. Айч. вайну створаны работы ў гонар герояў вайны (помнік І.​Панфілаву ў Бішкеку, 1942, скульпт. А. і В.​Мануілавы). З 1950-х г. развіваюцца партрэт (Айтыеў, А.​Усубаліеў), пейзаж, павялічылася цікавасць да тэматычнай карціны (Л.​Дэймант). Сярод мастакоў 1950—60-х г. жывапісцы Усубаліеў, Дж.​Кажахметаў, К.​Керымбекаў, Дж.​Джумабаеў, А.​Асмонаў, графік М.​Амаркулаў. Развіваюцца скульптура (Т.​Садыкаў, А.​Мухутдзінаў, манум.-дэкар. мастацтва (рэльефы на мемар. музеі М.​В.​Фрунзе ў Бішкеку, 1967, мастакі А.​Варонін, А.​Каменскі, С.​Бакашоў). Сярод тэатр. мастакоў А.​Арэф’еў, А.​Малдахматаў і інш. У 1970—80-я г. створаны работы высокага грамадз. гучання (ансамбль «Манас» у Бішкеку, 1981, скульпт. Садыкаў, арх. А.​Пячонкін). Багатыя традыцыі нар. мастацтва працягваюцца ў дыванаткацтве, вышыўцы, вырабах са скуры, у тэкст. і керамічнай вытв-сці. Развіваецца прафес. дэкар.-прыкладное мастацтва (Дж.​Уметаў). Мастацтва 1980—90-х г. адметнае пашырэннем тэматычнага кругагляду, імкненнем абнавіць маст.-пластычныя вырашэнні, пошукамі новых сродкаў выразнасці (М.​Акынбекаў, Бакашоў, М.​Бекджанаў, Т.​Касымаў). У 1958 створаны Саюз мастакоў К.

Музыка К. імправізацыйная, у ёй важная роля належыць варыянтна-варыяцыйным прынцыпам развіцця. Фарміравалася ў рэчышчах нар. і нар.-прафес. вусных традыцый. Ладавая аснова — дыятанічныя шасці-, сямі- і больш ступенныя гукарады; характэрна ладавая пераменнасць. Традыц. нар. песні (абрадавыя, працоўныя, лірычныя, дзявочыя, жаночыя, дзіцячыя і інш.) аднагалосыя; інстр. музыка 2- і 3-галосая, асн. жанр — кю (вял. п’еса праграмнага зместу). Сярод нар. муз. інструментаў: камуз (шчыпковы), кыяк (смычковы), чоар (духавы), доал (ударны). Сярод пар. музыкантаў (акынаў, манасчы, ырчы, куудулаў, камузчы, кыякчы, чоарчу, сурнайчы) Тактагул Сатылганаў, Калык Акіеў, Алымкул Усенбаеў, Сагымбай Аразбакаў, Саякбай Каралаеў, Атай Агамбаеў, Муса Баетаў, Куйручук, Ш.​Цермечыкаў, Ніязалы, Жалбун, Мураталы Курэнкееў і інш. У 1920—30-я г. створаны драм. п’есы, насычаныя нар. песнямі, муз. драмы. Першыя кірг. оперы — «Месяцавая прыгажуня» У.Уласава, А.Малдыбаева і У.​Ферэ (1939) і «Тактагул» А.​Вепрыка (1940), балеты — «Анар» (1940), «Арэлі» Уласава і Ферэ, «Чалпон» М.​Раўхвергера (абодва 1944). Пазней створаны балет-араторыя «Мацярынскае поле» К.Малдабасанава (паст. 1975), дзіцячыя балеты, муз. камедыі, творы сімф. і кантатна-аратарыяльнага жанраў і інш. У стварэнні нац. опернага і балетнага рэпертуару ўдзельнічалі Уласаў, Ферэ, Малдыбаеў, Раўхвергер, М.​Абдраеў, Малдабасанаў, Г.​Окунеў, М.Ракаў, С.​Раўзаў, у галінах сімф. і кантатна-аратарыяльнай музыкі працавалі Абдраеў, А.​Аманбаеў, Н.​Даўлесаў, А.​Джаныбекаў, Ч.​Джумаканаў, Ж.​Малдыбаева, С.​Медзетаў, А.​Мурзабаеў, А.​Тулееў, Т.​Эрматаў і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Даўлесаў, А.​Джумахматаў, Малдабасанаў; спевакі С.​Кіізбаева, Малдыбаеў, Б.Мінжылкіеў, Х.​Мухтараў, А.​Мырзабаеў, К.Сартбаева, Т.Сейталіеў, балетмайстар М.​Холфін; артысты балета Б.Бейшэналіева, К.​Мадземілава, У.​Сарбагішаў, А.Такамбаева, Р.​Чакоева. У К. працуюць: Кырг. т-р оперы і балета (з 1942, Бішкек), муз.-драм. т-р (з 1946, Нарын), філармонія (з 1936), дзіцячая філармонія (з 1986), сімф. аркестр Кырг. радыё і тэлебачання (з 1970), аркестр нар. інструментаў (з 1936), Дзярж. ансамбль танца К., Кырг. ін-т мастацтваў, муз. вучылішчы (Бішкек, Ош), больш за 130 муз. школ. У 1939 створаны Саюз кампазітараў К.

Тэатр. Тэатр. элементы былі ў абрадах і нар. гульнях, спаборніцтвах акынаў (айтыш), выступленнях казачнікаў, манасчы, куудулаў (нар. комікаў). Першыя тэатр. паказы на кірг. мове адбыліся ў пач. 20 ст. У 1926 у Бішкеку арганізавана тэатр. студыя, у 1930 ператвораная ў прафес. драм. т-р (з 1936 муз.-драм., з 1942 т-р оперы і балета). Драм. спектаклі на кірг. мове ставіў Т-р юнага гледача (1936—41). У 1941 адкрыты Кырг. драм. т-р. Ставяцца п’есы нац. драматургаў: Т.​Абдумамунава, Б.​Амураліева, М.​Байджыева, Ш.​Бейшэналіева, Б.​Джакіева, К.​Джантошава, А.​Кутубаева, К.​Малікава, А.​Такамбаева, Р.​Шукурбекава, рус. і замежная класіка; асобнае месца ў рэпертуары займаюць інсцэніроўкі твораў Ч.Айтматава. Працуюць т-ры: Кырг. драматычны, лялек (з 1938), рус. драмы (з 1935; усе ў Бішкеку), т-ры драм. ў Ошы, муз.-драм. ў Нарыне і інш. Сярод артыстаў: Д.​Куюкава, Б.​Кыдыкеева, М.​Рыскулаў, А.​Баталіеў, С.​Джаманаў, А.​Джанкарозава, Н.​Кітаеў, А.​Кабегенаў, С.​Кумушаліева, А.​Кутубаева, Л.​Маідава, Р.​Мумінава, Т.​Хасанава і інш. У кірг. т-рах ставіліся п’есы А.​Макаёнка, А.​Маўзона і інш. бел. драматургаў.

Кіно. У 1942 у Бішкеку на базе карэспандэнцкага пункта кінахронікі (з 1939) створана студыя кінахронікі (з 1956 кінастудыя дакумент. і маст. фільмаў, з 1961 «Кіргізфільм»). У 1947 зняты першы дакумент. фільм «Савецкая Кіргізія» (рэж. М.​Слуцкі). У галіне дакумент. кіно працавалі рэж. Ш.​Апылаў, А.​Відугірыс («Замкі на пяску», 1967, гал. прыз міжнар. кінафестывалю ў Кракаве), Ю.​Герштэйн, Б.​Абдылдаеў, Б.​Шамшыеў («Манасчы», 1956, гал. прыз міжнар. кінафестывалю ў Оберхаўзене) і інш. Першы маст. фільм — «Салтанат» (1955, рэж. В.​Пронін, з кінастудыяй «Масфільм»). Першы самаст. маст. фільм — «Мая памылка» паводле А.​Такамбаева (1958, рэж. І.​Кобызеў). У 1960—70-я г. ствараліся фільмы паводле твораў пісьменнікаў: «Стрэл на перавале Караш» (паводле аповесці М.​Аўэзава «Стрэл на перавале»; 1970, рэж. Шамшыеў), «Пакланіся агню» (паводле Н.​Байтэмірава; 1972), «Люты» (паводле аповесці М.​Аўэзава «Шэры люты»; 1974, рэж. абодвух Т.​Акееў) і інш. Шмат фільмаў пастаўлена паводле твораў Айтматава: «Першы настаўнік» (1965, рэж. А.​Міхалкоў-Канчалоўскі), «Мацярынскае поле» (1968, рэж. Г.​Базараў), «Джаміля» (1969, рэж. І.​Паплаўская), «Белы параход» (1976, рэж. Шамшыеў; Дзярж. прэмія СССР 1977), «Улан» (1977, рэж. Акееў) і інш. У 1980-я г. створаны фільмы «Залатая восень» (1980), «Нашчадак Белага Барса» (1985; рэж. абодвух Акееў), «Воўчая яма» (1984), «Снайперы» (1985; рэж. абодвух Шамшыеў) і інш. З 1977 ствараюцца анімацыйныя фільмы (рэж. С.​Ішэнаў, В.​Бялоў і інш.). У развіццё кінамастацтва К. вял. ўклад зрабілі: рэж. М.​Убукееў, Л.​Турусбекава, Ш.​Апылаў, К.​Акматаліеў; сцэнарысты К.​Амуркулаў, Б.​Джакіеў, Э.​Барбіеў, М.​Байджыеў; аператары М.​Мусаеў, К.​Абдыкулаў, С.​Давыдаў; мастакі Дж.​Джумабаеў, Б.​Джумаліеў; акцёры Б.​Кадыкеева, М.​Раскулаў, Д.​Куюкава, Т.​Турсунбаева, Ч.​Думанаеў. У 1962 створаны Саюз кінематаграфістаў К.

Літ.:

Петров К.И.К истории движения киргизов на Тянь-Шань и их взаимоотношений с ойратами в XIII—XV вв. Фрунзе, 1961;

Я г о ж. Очерки феодальных отношений у киргизов в XV—XVIII вв. Фрунзе, 1961;

Джамгерчинов Б.Д. Очерки политической истории Киргизии XIX в. Фрунзе, 1966;

Плоских В.М. Киргизы и Кокандское ханство. Фрунзе, 1977;

История Киргизской ССР с древнейших времен до наших дней: В 5 т. Т. 1—4. Фрунзе, 1984—90;

Озмитель Е. Наследие классики и киргизская литература. Фрунэе, 1980;

История киргизской советской литературы. М., 1970;

Нусов В.Е. Архитектура Киргизии с древнейших времен до наших дней. Фрунзе, 1971;

Горячева В.Д. Средневековые городские центры и архитектурные ансамбли Киргизии (Бурана, Узген, Сафид-Булан). Фрунзе, 1983;

Уметаллиева Д.Т. Изобразительное искусство Киргизии. Фрунзе, 1978;

История киргизского искусства. Фрунзе, 1971;

Дюшалиев К. Киргизская народная песня. М., 1982;

Кино Киргизии. М., 1981;

Артюхов О.Б. Кинематографисты Советской Киргизии: Справ. Фрунзе, 1981.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), А.​Дз.​Шапашнікава (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Г.​В.​Ратнікаў (кіно).

Герб і сцяг Кыргызстана.
Да арт. Кыргызстан. Чумышскі гідравузел.
Да арт. Кыргызстан. На горнай пашы.
Да арт. Кыргызстан. На схілах Цянь-Шаня.
Да арт. Кыргызстан. Горная рэчка.
Да арт. Кыргызстан. Мінарэт «вежа Бурана» на гарадзішчы Бурана. Пач. 11 ст.
Да арт. Кыргызстан. Маўзалей Шах-Фазіль у Ошскай вобл. Канец 11—2-я пал. 12 ст.
Да арт. Кыргызстан. Помнік Тактагулу Сатылганаву ў Бішкеку. 1974.
Да арт. Кыргызстан. М.Акынбекаў. Мае мамы. 1970.
Да арт. Кыргызстан. С.Чуйкоў. Дачка чабана. 1956.
Да арт. Кыргызстан. Жаночы халат. 2-я пал. 19 — пач. 20 ст.
Да арт. Кыргызстан. Вясельны жаночы касцюм. 1970-я г.
Да арт. Кыргызстан. Скульптурна-архітэктурны ансамбль «Манас» у Бішкеку. 1981.
Да арт. Кыргызстан. Л.Ільіна. Мацярынскае поле. 1971.
Да арт. Кыргызстан. Т.Касымаў. Дыван «Паляўнічы». 1975. Лямец, звальванне.

т. 9, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́Я, Расійская Федэрацыя,

дзяржава ва Усх. Еўропе і Паўн. Азіі. На ПнЗ мяжуе з Нарвегіяй і Фінляндыяй, на З з Эстоніяй, Латвіяй, Літвой, Польшчай, Беларуссю, на ПдЗ з Украінай, на Пд з Грузіяй, Азербайджанам, Казахстанам, на ПдУ з Кітаем, Манголіяй і КНДР. На Пн абмываецца водамі Паўн. Ледавітага ак. (Баранцава, Белае, Карскае, Лапцевых, Усх.-Сібірскае і Чукоцкае моры), на У — Ціхага ак. (Берынгава, Ахоцкае і Японскае моры), на З і ПдЗ — Атлантычнага ак. (Балтыйскае, Чорнае і Азоўскае моры). Працягласць сухапутных граніц 20,3 тыс. км, марскіх — каля 38 тыс. км. Пл. 17 075,4 тыс. км² (найбуйнейшая краіна свету). Нас. 145 561 тыс. чал. (2000; 6-е месца ў свеце). Дзярж. мова — руская. Сталіца — г. Масква. Падзяляецца на 89 суб’ектаў федэрацыі, у т. л. 21 рэспубліку, 10 аўт. акруг, 1 аўт. вобласць, 6 краёў, 49 абласцей, гарады федэральнага значэння Масква і С.-Пецярбург (гл. табл., а таксама асобны арт. пра кожны суб’ект). Усе 89 суб’ектаў згрупаваны ў 7 федэральных акруг (Далёкаўсходнюю, Паўднёвую, Прыволжскую, Паўн.-Заходнюю, Сібірскую, Уральскую, Цэнтральную). Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 чэрв.). На тэр. Р. 11 гадзінных паясоў.

Дзяржаўны лад. Р. — дэмакр. федэратыўная прававая дзяржава з рэсп. формай праўлення. Дзейнічае Канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад. Старшыню ўрада назначае прэзідэнт са згоды Дзярж. думы. Прадстаўнічы і заканад. орган — двухпалатны Федэральны Сход (Савет Федэрацыі і Дзярж. дума). У Савет Федэрацыі ўваходзяць па 2 прадстаўнікі ад кожнага суб’екта федэрацыі: па аднаму ад прадстаўнічага і выканаўчага органаў дзярж. улады. Дзярж. дума складаецца з 450 дэпутатаў, палавіна якіх выбіраецца па аднамандатных акругах, другая палавіна — па парт. спісах на аснове прапарцыянальнай сістэмы прадстаўніцтва. Рэспублікі, якія ўваходзяць у склад Рас. Федэрацыі, маюць уласныя канстытуцыі і органы заканад. і выканаўчай улады.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. На З Усх.-Еўрапейская раўніна, у межах якой чаргуюцца невысокія (да 250—500 м) узвышшы (Валдайскае, Сярэднярускае, Прыволжскае, Ціманскі краж) і нізіны (Окска-Данская, Прыкаспійская, ч. якой на 28 м ніжэй узр. м.). На Пн і ПнЗ раўніны знаходзяцца горы Хібіны і ўзвышшы Карэліі, на Пд Каўказскія горы (найвышэйшы пункт Р. г. Эльбрус, 5642 м), на У Уральскія горы (выш. да 1895 м, г. Нарадная). На У ад Урала Зах.-Сібірская раўніна. Паміж рэкамі Енісей і Лена — Сярэднесібірскае пласкагор’е (выш. 500—700 м), якое на Пн акаймоўвае плато Путарана (выш. да 1701 м). На п-ве Таймыр горы Быранга і Паўн.-Сібірская нізіна. На Пд і У ад Сярэднесібірскага пласкагор’я пераважаюць горныя вобласці паўд. і паўн.-ўсх. Сібіры і Д. Усходу: Алтай (выш. да 4506 м, г. Бялуха), Кузнецкі Алатау, Зах. і Усх. Саян, хрыбты Перадбайкалля і Забайкалля, горы Тывы, хрыбты Станавы, Верхаянскі, Чэрскага, Бурэінскі і Джугджур, Каракскае нагор’е, горы Сіхатэ-Алінь, Камчаткі (выш. да 4750 м, вулкан Ключаўская Сопка). Большую ч. Р. займаюць Усх.-Еўрап. і Сібірская платформы, Зах.-Сібірская пліта. У іх будове вылучаюць ніжнюю ч., прадстаўленую ў асн. крышт. і метамарфічнымі дакембрыйскімі пародамі, і верхнюю, складзеную з палеазойскіх і мезазойскіх асадкавых парод. У межах Балтыйскага і Алданскага шчытоў і Анабарскага падняцця пароды дакембрыю выходзяць на паверхню. Шырока распаўсюджаны горныя складкавыя сістэмы — каледонскай (Саяны, Кузнецкі Алатау, горы Тывы), герцынскай (Урал, Алтай), кімерыйскай (Сіхатэ-Алінь, горы ПнУ Сібіры), альпійскай (Каўказ, горы Камчаткі, Сахаліна, ПнУ Сібіры) складкавасцей. Значная ч. тэр. Р. сейсмічная. Землетрасенні сілай да 8 балаў бываюць на Камчатцы, Сахаліне, Курыльскіх а-вах, у Перадбайкаллі і Забайкаллі, на Пд Алтая, у перадгор’ях Каўказа. На Камчатцы актыўная вулканічная дзейнасць. Р. поўнасцю забяспечана амаль усімі відамі мінер. сыравіны. На яе тэр. сканцэнтравана больш за палавіну сусв. запасаў вугалю і торфу, ​1/3 нафты і прыроднага газу, ​2/5 жал. руд і калійных солей, ​1/4 фасфарытаў і апатытаў. 90% паліўна-энергет. рэсурсаў Р. знаходзяцца ў яе паўн. і ўсх. частках. ​2/3 запасаў нафты і газу прыпадае на Заходне-Сібірскую нафтагазаносную правінцыю. Радовішчы нафты і газу ёсць таксама ў Паволжы, на Урале (Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн), Паўн. Каўказе, Сахаліне. Асн. запасы каменнага вугалю ў Кузнецкім вугальным басейне, усх. ч. Данецкага вугальнага басейна, Пячорскім вугальным басейне, Ленскім вугальным басейне, Тунгускім вугальным басейне і інш Буры вугаль у Падмаскоўным вугальным басейне, Канска-Ачынскім вугальным басейне, Алданскім. Кізелаўскім і інш. басейнах. Каля 75% запасаў торфу прыпадае на Зах. Сібір і Урал. Запасы гаручых сланцаў у Паўн.-Зах. раёне і Паволжы. Агульныя балансавыя запасы жал. руды 65 млрд. т, у т. л. больш за 30 млрд. т — багатыя руды, якія маюць у сабе да 50% і больш жалеза. Асн. запасы прымеркаваны да Курскай магнітнай анамаліі. Жал. руды залягаюць таксама на Кольскім п-ве, Урале, у Карэліі, Горнай Шорыі, ніжнім цячэнні Ангары, Забайкаллі, на Д. Усходзе і інш. Р. багатая запасамі руд каляровых металаў. Руды, як правіла, комплексныя, маюць у сабе золата, серабро, цынк. кобальт і інш. элементы. Медныя руды — на Урале, у Чыцінскай вобл. і Краснаярскім краі, свінцова-цынкавыя — у Кузбасе, Забайкаллі, на Д. Усходзе. Для вытв-сці алюмінію ёсць буйныя паклады баксітаў на Урале, у Ленінградскай і Архангельскай абласцях, нефелінаў — у Кемераўскай вобл. і Краснаярскім краі. Асн. запасы золата — у Саха (Якуція), Магаданскай вобл., на Д. Усходзе, Урале, Алтаі і Іркуцкай вобл. Ёсць вял. паклады апатытаў (Хібіны), фасфарытаў (Кіраўская вобл.), каменнай солі (Усх. Сібір, Арэнбургская вобл., азёры Эльтон і Баскунчак), слюды [Іркуцкая вобл., Карэлія, Саха (Якуція)], азбесту (Урал), алмазаў Саха (Якуція), Урал], разнастайная сыравіна для вытв-сці буд. матэрыялаў і інш. Р. размешчана ў арктычным, субарктычным, умераным і субтрапічным паясах. У арктычным поясе, які ахоплівае большую ч. астравоў Паўн. Ледавітага ак., пануе халоднае арктычнае паветра. Т-ра ліп. каля 0 °C (пры адмоўнай сярэднегадавой т-ры). Субарктычны пояс распасціраецца да Паўн. палярнага круга ў еўрап. частцы і да 60° паўн. ш. ў азіяцкай частцы краіны. Сярэднія т-ры ліп. ад 5 да 12 °C, ападкаў 200—400 мм за год. Большая ч. Р. размешчана ва ўмераным поясе, дзе клімат зменьваецца ад умерана кантынентальнага на З да рэзка кантынентальнага на У, на Пд Д. Усходу — умераны мусонны. Сярэднія т-ры студз. ад 0 °C у Перадкаўказзі да -50 °C на У Сібіры, дзе ў раёне Верхаянска—Аймякона зафіксавана самая нізкая т-ра ў Еўразіі -72,2 °C. Т-ра ліп. ад 12 °C на Пн зоны да 25 °C на Пд і ў перадгор’ях Каўказа. Ападкаў выпадае ад 600—650 мм за год на З да 400—450 мм на У. Мінім. колькасць ападкаў прыпадае на паўпустынныя раёны Прыкаспійскай нізіны (каля 170 мм), макс. — на горныя раёны Каўказа (да 3200 мм) і Пд Д. Усходу (да 2000 мм). Суровы клімат і маласнежныя зімы — прычына фарміравання ў раёнах Сібіры і Д. Усходу вечнай мерзлаты. Невял. паласа на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа (ад Туапсэ да Адлера) мае субтрапічны клімат. На тэр. Р. густая рачная сетка — каля 120 тыс. рэк з даўж. больш за 10 км і агульнай працягласцю 2,3 млн. км. Большасць рэк належаць да бас. Паўн. Ледавітага ак — Паўн. Дзвіна, Пячора, Об з Іртышом, Енісей, Хатанга, Алянёк, Лена, Індыгірка, Калыма і інш. (пл. вадазбору 12,8 млн. км², 75% тэр. Р.); да бас. Ціхага ак. — Амур, Анадыр, Пенжына і інш.; Атлантычнага ак. — Нява, Дон, Кубань; да бяссцёкавага Каспійскага м. — Волга, Урал, Церак. Жыўленне рэк пераважна снегавое і дажджавое. Ледастаў ад 1—2 месяцаў на Пд да 8 месяцаў у Сібіры. Рэкі багатыя гідраэнергіяй (гідраэнергет. патэнцыял 340 млн. кВт), выкарыстоўваюцца для суднаходства і арашэння. Азёр каля 2 млн., пераважна на ПнЗ Усх.-Еўрапейскай раўніны і ў Зах. Сібіры. Найб. азёры: Каспійскае, Байкал (самае глыбокае на Зямлі — 1640 м), Ладажскае, Анежскае, Таймыр, Ханка і інш. Буйныя вадасховішчы: Куйбышаўскае, Брацкае, Рыбінскае, Валгаградскае, Цымлянскае, Зейскае, Краснаярскае, Усць-Ілімскае і інш. Глебы і расліннасць на раўнінах падпарадкаваны шыротнай занальнасці, у гарах — вышыннай пояснасці. У зоне арктычных пустынь (астравы Паўн. Ледавітага ак. і паўн. ч. ўзбярэжжа Таймыра) прымітыўныя арктычныя глебы заняты перарывістым покрывам з лішайнікаў і імхоў. У зоне тундры з глеевымі глебамі акрамя імхоў і лішайнікаў трапляюцца нізкарослыя хмызнячкі (карлікавая бяроза, вярба). Для лесатундравай зоны характэрна чаргаванне мохавых, лішайнікавых і хмызнячковых тундраў з рэдкалессем з бярозы, елкі, а ў Сібіры — лістоўніцы. Тут пераважаюць тундравыя глеевыя, слабападзолістыя глебы. Каля 65% тэр. Р. прыпадае на лясную зону, якая падзяляецца на падзоны цемнахвойнай тайгі на З і лістоўнічнай на У на падзолістых глебах, мяшаных хвойна-шыракалістых лясоў на дзярнова-падзолістых глебах у сярэдняй паласе Усх.-Еўрап. раўніны і на Пд Д. Усходу і далей на Пд шыракалістых лясоў. На Пд Д. Усходу мяшаныя лясы ўключаюць элементы маньчжурскай флоры (ільм, амурскі аксаміт, карэйскі кедр, ліяны і інш.). Агульныя запасы драўніны Р. 80,7 млрд. м³ — палавіна запасаў драўніны на Зямлі. На Пд лясная зона пераходзіць у лесастэпавую і стэпавую зоны з шэрымі ляснымі і чарназёмнымі глебамі, з разнатраўна-злакавай і злакавай расліннасцю, у лесастэпе з астраўкамі дуброў у еўрап. ч. і бярозава-асінавых колкаў на Пд Зах. Сібіры. На ПдУ Усх.-Еўрап. раўніны — паўпустынная зона з разрэджаным расл. покрывам з палыну, салянак, стэпавых злакаў на светла-каштанавых і бурых глебах. У горных абласцях вышынная пояснасць розных тыпаў, якая найб. выразная ў гарах Каўказа і Алтая. Жывёльны свет вельмі разнастайны. На палярных астравах і ў морах Паўн. Ледавітага ак. жывуць белы мядзведзь, цюлень, морж, з птушак — чысцікі, люрыкі, гагі і інш. У тундры водзяцца пясец, паўн. алень, лемінг, палярная сава, белая курапатка і інш. Для лясной зоны характэрны лось, буры мядзведзь, рысь, расамаха, вавёрка, бурундук, лісіца; у лясах Сібіры — собаль, марал, кабарга; на Д. Усходзе — усурыйскія тыгр і мядзведзь, янотападобны сабака; на астравах Ціхага ак. — лежбішчы марскіх коцікаў; з птушак — цецярук, глушэц, рабчык, крыжадзюб, сініца і інш. У лесастэпавай і стэпавай зонах пераважаюць грызуны — суслікі, тушканчыкі, хамякі, суркі, з птушак — драфа, арол, стрэпет і інш. Моры, што акружаюць Р., багатыя рыбай (траска, селядзец, камбала, палтус, скумбрыя, асятровыя, ласасёвыя і інш.). У Р. ахоўваемыя тэр. займаюць каля 2,5% плошчы. У краіне 99 запаведнікаў агульнай пл. 35,8 млн. га. Найб. вядомыя: Алтайскі, Астраханскі запаведнік, Баргузінскі запаведнік, Варонежскі запаведнік, Каўказскі запаведнік, Прыокска-тэрасны запаведнік, Пячора-Ілыцкі запаведнік і інш. Створаны 34 нац. паркі агульнай пл. 6,6 млн. га (1999).

Насельніцтва. Р. — шматнацыянальная краіна, дзе пражывае больш за 100 нацыянальнасцей і народнасцей, у т. л. рускія складаюць 83%, татары — 3,8, украінцы — 2,4, чувашы — 1,2, башкіры — 0,9, беларусы — 0,7, мардва — 0,6, немцы — 0,5, удмурты — 0,5, армяне — 0,5, аварцы — 0,4, марыйцы — 0,4% і інш. (паводле мікраперапісу і бягучага ўліку насельніцтва, 1999). Асн. нац. меншасці ўтвараюць рэспублікі, аўт. акругі і аўт. вобласць. Рэлігія большасці насельніцтва — праваслаўнае хрысціянства. Ёсць прадстаўнікі ісламу, будызму, каталіцызму, іудаізму і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 8,5 чал. на 1 км², найб. ў Падмаскоўі (да 300 чал. на 1 км²), найменшая — у паўн. і паўн.-ўсх. раёнах Сібіры (0,1 чал. на 1 км²). Больш за 75 усяго насельніцтва пражывае ў еўрап. ч. (укл. Урал). Для Р. характэрна зніжэнне колькасці насельніцтва. Натуральны прырост адзначаецца толькі ў рэспубліках Паўн. Каўказа і некат. раёнах Паволжа, Сальда міграцыі дадатнае, у 1999 у Р. прыбыло 367 тыс. чал., выбыла 215 тыс. чал. Гар. насельніцтва 73%. У Р. 1092 гарады і 1875 пасёлкаў гар тыпу (2000). Найб. гарады (тыс. ж., 2000): Масква —8537, С.-Пецярбург — 4694, Новасібірск — 1399, Ніжні Ноўгарад — 1357, Екацярынбург — 1266, Самара — 1156, Омск — 1149, Казань — 1100 і інш. Эканамічна актыўнае насельніцтва ў 1999 складала 69,7 млн. чал., занятае — 60,6 млн. чал. У прам-сці занята 22% насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы — 13,8, у буд-ве — 7,7, на транспарце — 6,3, у сувязі — 1,3, гандлі і грамадскім харчаванні — 14,9%.

Гісторыя. Першабытны чалавек пранік на еўрап. тэр. Р. з Закаўказзя ў раннім палеаліце; у сярэднім палеаліце (100—35 тыс. г. назад) паселішчы неандэртальцаў пашыраліся да нізоўяў Дона і Сярэдняга Паволжа. У познім палеаліце (35—10 тыс. г. назад), калі пачаў раставаць ледавік і ўсталёўваўся блізкі да сучаснага клімат, на тэр. Р. сталі пашырацца паселішчы людзей сучаснага тыпу (краманьёнцы). Удасканальвалася тэхніка вырабу каменных і касцяных прылад, пачалі фарміравацца мастацтва і рэлігія. Вынайдзеныя ў мезаліце (12—10—7—5 тыс. г. да н.э.) лук і стрэлы дазволілі людзям весці індывід. паляванне і ствараць запасы харчавання. У неаліце (7—6—2 тыс. да н.э.) пачаўся пераход да вытв. гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўлі. Адбываўся працэс аб’яднання родаў у плямёны, з 3-га тыс. да н.э. пачалося фарміраванне плем. саюзаў. Вынікам пашырэння ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. апрацоўкі жалеза (акрамя паўн. і паўн.-ўсх. раёнаў) стала рэзкае павышэнне прадукцыйнасці працы, узнікненне прыватнай уласнасці, паскарэнне распаду першабытнаабшчыннага ладу. Першыя дзярж. ўтварэнні на тэр. Р. ўзніклі ў 6—5 ст. да н.э. ў Паўн. Прычарнамор’і (грэч. калоніі Фанагорыя, Германаса на Таманскім п-ве, Баспорская дзяржава). Разлажэнне родаплем. ладу суправаджалася складваннем этн. супольнасцей, з якіх утварыліся некаторыя народнасці сучаснай Р. З 3—6 ст. н.э. пачалося рассяленне славян па Усх.-Еўрап. раўніне. Гэты працэс працягваўся і ў наступныя стагоддзі. Славяне паступова занялі пануючае становішча сярод мясц. этнасаў (балтаў, фіна-угорскіх, цюркскіх і інш.), некат. з іх цалкам асіміляваны. У 8—9 ст. на тэр. бас. рэк Дняпро, Зах. Дзвіна, Сож, Дзясна, каля вытокаў Волгі і на воз. Ільмень жыло да 15 усх.-слав. плем. саюзаў (у кожным да 10—12 плямён). Славяне спалучалі розныя віды гасп. дзейнасці пры дамінуючай ролі земляробства. У 9—10 ст упершыню ўпамінаюцца ў летапісах усх.-слав. гарады Кіеў, Ноўгарад, Полацк, Ладага, Растоў, Смаленск і інш. Усх. славяне былі язычнікамі, пакланяліся божаствам, што ўвасаблялі сілы прыроды. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», у 862 наўгародскія славене і крывічы пры ўдзеле варагаў стварылі вакол Ноўгарада буйны цэнтр стараж.-слав. дзяржаўнасці. У 882—885 наўгародскі кн. Алег падпарадкаваў сабе ўсх.-слав. плем. саюзы палян (цэнтр у Кіеве), драўлян, севяран, полацкіх крывічоў, да 907 — вяцічаў, дулебаў, ціверцаў. У выніку ўтварылася буйная раннефеад. манархічная дзяржава на чале з велікакняжацкай дынастыяй Рурыкавічаў і з цэнтрам у Кіеве — Кіеўская Русь (гл. таксама Русь). У 988 пры вял. кн. Уладзіміру Святаславічу [980—1015] афіц. рэлігіяй стала хрысціянства ўсх. абраду, пачалося выкараненне язычніцтва. Асаблівасць феадалізму на. Русі — адсутнасць класічнай формы васальна-сеньярыяльных адносін. У ролі гал. землеўладальніка выступала дзяржава. Кіеўская Русь была нетрывалым ваен.-паліт. аб’яднаннем. Пад уплывам моцных цэнтрабежных тэндэнцый у сярэдзіне 11 ст. пачаўся яе распад на асобныя княствы і землі, які канчаткова адбыўся пасля смерці вял. кн. Мсціслава Уладзіміравіча [1125—32]. Настаў перыяд т.зв. феад. раздробленасці (пач. 12 — пач. 16 ст.), калі цэнтр гаспадарчага, паліт. і культ. жыцця перамясціўся ў вотчыны. З княстваў і зямель, што ўтварыліся на месцы Кіеўскай дзяржавы, на тэр. Р. знаходзіліся Уладзіміра-Суздальскае княства, Разанскае княства, Смаленскае княства (акрамя зах. ч.), б.ч. Чарнігаўскага княства (без Чарнігава), Наўгародская феадальная рэспубліка, Пскоўская феадальная рэспубліка, асобныя часткі інш. княстваў і зямель. Працэс драбнення княстваў працягваўся і ў 13—14 ст. Буйныя княствы (наз. «вялікімі») падзяляліся на ўдзельныя, залежнасць якіх ад вял. князя рабілася ўсё больш намінальнай. Некат. ўдзельныя княствы (Маскоўскае, Цвярское) з цягам часу сталі «вялікімі». Паліт. раздробленасць Русі спрыяла эканам. і культ. развіццю асобных зямель, але аслабіла яе абараназдольнасць. Паміж княствамі і землямі вяліся амаль няспынныя войны. У выніку мангола-тат. нашэсця 1237—40 (гл. Мангольскія заваяванні) о.ч. Русі трапіла пад уладу Залатой Арды (гл. Мангола-татарская няволя на Русі), што надоўга затрымала яе эканам., сац., культ. і паліт. развіццё. Неабходнасць выплаты Ардзе вял. даніны (гл. Ясак) абумовіла ўзмацненне ролі княжацкай улады. Перамогі наўгародцаў на чале з кн. Аляксандрам Неўскім над шведамі ў Неўскай бітве 1240 і над ням. крыжакамі ў Лядовым пабоішчы 1242 надоўга спынілі іх агрэсію на У і захавалі за Руссю выхад да Балт. мора. У 14 ст. акрэсліліся тэндэнцыі да пераадолення раздробленасці і паліт. аб’яднання ўсх. славян. На ПнУ Р. гэты працэс узначаліла Маскоўскае вялікае княства, на ЗВял. княства Літоўскае (ВКЛ), якое часам называлі «другой Руссю». У 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. пры вял. кн. літ. Альгердзе і Вітаўце мірным і ваен. шляхамі да ВКЛ далучаны Смаленшчына, Браншчына, Севершчына, Курска-Белгародскі рэгіён, вярхоўі рэк Ака, Зах. Дзвіна, Волга, якія раней належалі Вял. княству Уладзімірскаму. За Уладзімірскі велікакняжацкі прастол вялі ўпартую барацьбу з цвярскімі і ніжагародска-суздальскімі князямі маскоўскія вял. князі, якія дамагаліся «вяртання» б. уладзімірскіх зямель, што адышлі да ВКЛ. Да канца 15 ст. асн. задачамі маскоўскіх князёў былі: дасягненне паліт. гегемоніі ў Паўн.-Усх. Русі і вызваленне ад мангола-тат. няволі (пачатак пакладзены разгромам вял. кн. Дзмітрыем Іванавічам Данскім правіцеля Залатой Арды Мамая ў Кулікоўскай бітве 1380). Гэтыя задачы ў значным аб’ёме выкананы пры вял. кн. Іване III [1462—1505], які далучыў да маскоўскіх уладанняў Наўгародскую зямлю (1478) і Цвярское княства (1485), канчаткова скінуў мангола-тат. няволю ў выніку «стаяння на Угры» 1480. Аб’яднанне Паўн.-Усх. Русі вакол Масквы завяршыў вял. кн. Васіль III [1505—33], які далучыў да Маскоўскай дзяржавы Пскоўскую зямлю (1510) і Разанскае княства (1521). Пасля падзення Візантыйскай імперыі была сфармулявана тэорыя «Масква — трэці Рым», якая сцвярджала значэнне Масквы як сусв. паліт. і царк. цэнтра. Першым агульнарас. зводам законаў стаў Судзебнік 1497. На базе Маскоўскага вял. княства ў канцы 15 — пач. 16 ст. ўтварылася Руская цэнтралізаваная дзяржава. У адрозненне ад Зах. Еўропы дзярж. цэнтралізацыя тут базіравалася не на развіцці капіталіст. адносін, а на ўмацаванні феадалізму, у прыватнасці, інстытута прыгоннага права, якое афіцыйна аформлена Саборным улажэннем 1649. Імкненне маскоўскіх вял. князёў «вярнуць» б. ўладзімірскія і кіеўскія «вотчыны» вылілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. ў шматлікія войны Маскоўскай дзяржавы (з канца 15 ст. наз. таксама Расія) з ВКЛ — 1492—94, 1500—03, 1507—08, 1512—22, 1534—37 (пра кожную гл. асобны арт). У выніку да Маскоўскай дзяржавы адышлі Смаленшчына, Севершчына, Чарнігаўшчына, вярхоўі Акі і Волгі. У час праўлення Івана IV [1533—84], які ў 1547 прыняў царскі тытул, пачалося стварэнне структур цэнтралізаванай дзяржавы: адменена «кармленне», стваралася сістэма прыказаў, праведзены губная рэформа і земская рэформа Івана IV, пачалі збірацца земскія саборы, прыняты Судзебнік 1550, ліквідаваны амаль усе ўдзельныя княствы. Сац. апорай самадзярж. ўлады станавілася дваранства Дваранскае апалчэнне і стральцы складалі аснову ўзбр. сіл адзінай дзяржавы. Апрычніна (1565—72) і інш. надзвычайныя захады Івана IV, накіраваныя на ўмацаванне яго самаўладдзя, былі спробай фарсіраванай цэнтралізацыі дзяржавы, суправаджаліся масавымі рэпрэсіямі, у т. л. пакараннямі смерцю, зямельнымі канфіскацыямі. Пры Іване IV тэр. Р. значна пашырылася: заваяваны і далучаны Казанскае (1552) і Астраханскае (1556) ханствы, пачалося далучэнне Сібіры. Аднак войскі Крымскага ханства працягвалі спусташэнне паўд. зямель; няўдалай была Лівонская вайна 1558—83, што разам з апрычнінай падарвала эканоміку краіны. Гал. падзеяй царавання Фёдара Іванавіча [1584—98] было заснаванне Маскоўскага патрыярхату правасл. царквы (1589); у Швецыі адваявана частка прыбалт зямель (1595). Са смерцю Фёдара Іванавіча (1598) дынастыя Рурыкавічаў спынілася. Пачалася шматгадовая «Смута», у час якой Р. апынулася на мяжы нац. катастрофы. Цяжкую сітуацыю грамадз. вайны (гл. Балотнікава паўстанне 1606—07) узмацніла ваен. інтэрвенцыя Рэчы Паспалітай (гл. Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18) і Швецыі. Рас. прастол займалі выбарныя цары — Барыс Гадуноў [1598—1605], Васіль Іванавіч Шуйскі [1606—10), сын Гадунова Фёдар Барысавіч [крас.-чэрв. 1605], самазванец Ілжэдзмітрый I [1605—06], а з 1610 (намінальна) сын караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта 111 Уладзіслаў (гл. Уладзіслаў IV). Значная ч. краіны, у т. л. Масква, была акупіравана інтэрвентамі. Патрыят. ўздым насельніцтва (гл. Першае апалчэнне 1611, Народнае апалчэнне 1612) дазволіў аднавіць адзінства і суверэнітэт дзяржавы, хоць былі страчаны значныя тэрыторыі: да Швецыі адышлі землі на балт. узбярэжжы, да Рэчы Паспалітай (Дэулінскае перамір’е 1618) — Смаленская, Чарнігаўская, Ноўгарад-Северская землі. Дынастычны крызіс быў пераадолены выбраннем Земскім саборам 1613 на рас. прастол Міхаіла Фёдаравіча [1613—45] — прадстаўніка новай дынастыі Раманавых. У наступныя дзесяцігоддзі царскі абсалютызм узмацняўся. З сярэдзіны 17 ст. амаль не склікаліся земскія саборы, згортвалася дзейнасць Баярскай думы. Адмена месніцтва ў 1682 аслабіла пазіцыі вышэйшай арыстакратыі на карысць дваранства. У супрацьстаянні з патрыярхам Ніканам цар Аляксей Міхайлавіч [1645—76] зацвердзіў перавагу свецкай улады над царкоўнай. Сац. канфлікты 17 ст. выліліся ў шматлікія нар. «бунты», сярод якіх найб. вядомыя маскоўскія «саляны» (1648) і «медны» (1662), сялянская вайна 1670—71 пад кіраўніцтвам С.Ц.Разіна, Паступова адраджалася эканоміка, складваўся адзіны ўсерас. рынак. З 1630-х г. знешняя палітыка Р. набыла наступальны, імперскі характар: пастаўлена задача далучэння да Р. ўсіх усх.-слав. («рускіх») зямель і заваяванне выхаду да мораў. Гал. вынікам вайны з Рэччу Паспалітай 1632—34 была адмова караля Уладзіслава IV ад правоў на рас. прастол. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. вярнула сабе Смаленшчыну, Чарнігаўшчыну, Севершчыну, далучыла Левабярэжную Украіну і Кіеў. Войны са Швецыяй (1656—58) за выхад да Балт. мора і з Турцыяй (1676—81) былі малапаспяховымі, як і паходы на Крым 1687 і 1689. У 17 — пач 18 ст. да Р. далучаны Усх. Сібір і многія раёны Д. Усходу. Пётр I [1682—1725, з 1721 імператар] пачаў сістэмную мадэрнізацыю Р. на аснове вопыту зах. краін. Яго рэформы, нягледзячы на вял. выдаткі, спрыялі інтэнсіўнаму эканам. і культ. развіццю краіны. Створаны вышэйшы дзярж. орган Сенат (1711), калегіі (1718—21, замянілі прыказы), краіна падзелена на губерні і правінцыі; створаны рэгулярная армія і ваен. флот; табель аб рангах (1722) рэгуляваў сістэму грамадз. і ваен. службы. У выніку скасавання патрыяршаства створаны Сінод (1721). У 1721 Р. абвешчана імперыяй. Сталіца ў 1712 перанесена ў г. Санкт-Пецярбург (засн. ў 1703). Вызначальная роля дзяржавы ў рас. эканоміцы выяўлялася ў буд-ве казённых мануфактур і строгай рэгламентацыі эканам. дзейнасці. Шырокае выкарыстанне ў прам-сці паднявольнай працы (злачынцы, прыпісныя сяляне, пасэсійныя сяляне) прадвызначыла ў далейшым эканам. адставанне Р. Дваранства кансалідавалася як клас уласнікаў зямлі і сялян (указ 1714 зліў памесці з вотчынамі), але было прымушана да абавязковай службы. Пётр I імкнуўся еўрапеізаваць культуру і быт. Асн. вынік яго знешняй палітыкі — далучэнне да Р. балт. ўзбярэжжа ад Выбарга да Рыгі ў выніку Паўночнай вайны 1700—21. Агульны вынік войнаў з Турцыяй 1686—1700 і 1710—13 быў няўдалым: паражэнне ў Пруцкім паходзе 1711 прымусіла Пятра I вярнуць туркам г. Азоў. Цяжар праводзімых рэформ выклікалі нар. хваляванні, у т. л. Астраханскае паўстанне 1705—06, Булавінскае паўстанне 1707—09 У пераваротаў дварцовых эпоху (1725—62), якая настала пасля смерці Пятра I, дваранства ўмацавала сваё пануючае становішча. У 1725—27 прастол займала ўдава Пятра І Кацярына I, пры якой фактычна правіў кн. А.Д.Меншыкаў У час царавання Пятра II [ 1727—30] старая маскоўская знаць паспрабавала скасаваць рэформы Пятра 1, але яны ўжо сталі неабарачальныя. Драпежніцкім праўленнем прыбалт. немцаў і іншаземцаў характарызаваўся рэжым Э.​І.​Бірона, фаварыта імператрыцы Ганны Іванаўны [1730—40] (гл. Бірокаўшчына). Дачка Пятра I Лізавета Пятроўна [1741—62] адрадзіла нац.-дзярж. курс бацькі. Кароткае цараванне Пятра III у 1762 адзначана выданнем Маніфеста аб вольнасці дваранства 1762, які вызваліў дваран ад абавязковай ваен. (у мірны час) і грамадз. службы. Праўленне Кацярыны II [1762—96] — перыяд адноснай паліт. стабілізацыі. Рэарганізаваны Сенат (1762), секулярызаваны ўладанні манастыроў (1763—64), скасавана гетманства на Украіне (1764), рэфармаваны губерні (1775). Даравальная грамата дваранству (1785) замацавала за ім шырокае кола прывілеяў. Важнае значэнне набыло фарміраванне дзярж. ідэалаг. дактрыны асветнага абсалютызму, зараджэнне вальнадумства (А.М.Радзішчаў, М.І.Навікоў). Рост сац. напружанасці ў сувязі з узмацненнем прыгонніцтва выліўся ў сялянскую вайну 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова Р. ўдзельнічала ў Сямігадовай вайне 1756—63, у выніку рус.-тур. войнаў 1768—74 і 1787—91 замацавалася на Чорным м., далучыла Паўн. Прычарнамор’е і Крым. Падзелы Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795), праведзеныя з удзелам Р., прывялі да ўваходжання ў яе склад Правабярэжнай Украіны, бел., літ., зах. ч. лат. зямель. Канчаткова тэр. Рас. імперыі сфарміравалася ў 19 ст.: у яе склад увайшлі Фінляндыя, б.ч. Польшчы, Каўказ, Казахстан, Сярэдняя Азія, але ў 1867 прададзены ЗША рас. ўладанні ў Паўн. Амерыцы. У часы царавання Аляксандра І [1801—25) уведзены мін-вы (1802—11), створаны Дзяржаўны савет (1810), Сенат стаў вышэйшай адм.-суд. установай, зроблены частковыя захады па вырашэнні сял. пытання (указ 1803 аб вольных хлебаробах, скасаванне прыгоннага права ў 1816—19 у Эстляндыі, Ліфляндыі і Курляндыі). Да пач. 1820-х г. ліберальны курс урада Аляксандра I змяніўся антыліберальным рэжымам аракчэеўшчыны. У пач. 19 ст. вырасла грамадская актыўнасць. Дваранскія рэвалюцыянеры — дзекабрысты — імкнуліся мадэрнізаваць Р на ўзор зах.-еўрап. дэмакратый. Спробы дзекабрыстаў у канцы 1825 — пач. 1826 узняць паўстанні ў Пецярбургу і на Украіне скончыліся іх поўным разгромам. Цараванне Мікалая І [1825—55], — «апагей самадзяржаўя». Асн. намаганні ўлад былі накіраваны на кансервацыю існуючага рэжыму, назіраўся працэс бюракратызацыі і цэнтралізацыі дзярж. апарата Паліт. вышук ажыццяўляла «Трэцяе аддзяленне» імператарскай канцылярыі (1826—80). Праследаваліся дэмакр. аб’яднанні, рухі, выданні Падаўлена паўстанне 1830—31 на польскіх, бел., укр. і літ. землях, абмежавана (1832) аўтаномія Каралеўства Польскага. Станоўчыя вынікі эпохі — пачатак выдання «Поўнага збору законаў Расійскай імперыі» (1830), рэформа дзяржаўных сялян 1837-41. У цэнтры грамадскай думкі 1830—50-х г. была вострая палеміка пра далейшыя шляхі развіцця краіны паміж прыхільнікамі формулы «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць», заходнікамі, славянафіламі і рэв. дэмакратамі (А.І.Герцэн) Міжнар. аўтарытэт Р. ўзрос пасля яе перамогі ў вайне 1812 і замежных паходаў рускай арміі 1813—14, якія адыгралі вял. ролю ў крушэнні імперыі Напалеона І і вызваленні народаў Еўропы ад франц. панавання Аляксандр I у 1815 ініцыіраваў стварэнне Свяшчэннага саюза Аўстрыі, Прусіі і Р. для барацьбы з рэв рухам. З 1820-х г. асаблівае месца ў знешняй палітыцы Р займала «ўсходняе пытанне» Каб умацаваць свае паз шыі на Чорным м., Балканскім п-ве і Б. Усходзе, яна правяла паспяховыя войны з Турцыяй (1828—29) і Персіяй (1826—28), Каўказскую вайну 1817—64. Але ў Крымскай вайне 1853—56 супраць кааліцыі еўрап. дзяржаў і Турцыі яна пацярпела паражэнне, што выявіла неабходнасць рэфармавання яе адсталай прыгонніцкай сістэмы У часы царавання Аляксандра II [1855—81) праведзены бурж. рэформы: Сялянская рэформа 1861 (адмена прыгоннага права), судовая 1864, гарадская 1870—75, ваен. 1862—74 (гл. адпаведныя арт.) і інш Краіна стала на шлях ператварэння феад. манархіі ў буржуазную Імператар Аляксандр III (1881—94) праводзіў палітыку зацвярджэння «непахіснасці самадзяржаўя», ажыццявіў шэраг «контррэформ». Тым не менш да канца 19 — пач. 20 ст. захоўваліся створаныя рэформамі спрыяльныя ўмовы для развіцця эканомікі. У пач. царавання Мікалая II [1894—1917], у многім, дзякуючы дзейнасці С.Ю.Вітэ (вінная манаполія 1894, грашовая рэформа 1897, дзярж. падтрымка цяжкай прам-сці і чыг. буд-ва), Р па шэрагу паказчыкаў эканам. развіцця наблізілася да вядучых індустр. дзяржаў свету. У парэформенны перыяд актывізавалася грамадскае жыццё краіны, хоць пераважная большасць насельніцтва прытрымлівалася кансерватыўных традыцый. Пашыралася кола прыхільнікаў ліберальных ідэй (земскі рух), на аснове рэв.-дэмакр. ідэалогіі Герцэна і М.Г.Чарнышэўскага сфарміравалася народніцтва. Прадстаўнікі яго найб. радыкальнай арг-цыі «Народная воля» ў сак. 1881 забілі імператара Аляксандра II у 1880—90-х г. пашыраўся рабочы рух. Пранікненне ў Р. ідэалогіі марксізму прывяло да заснавання ў 1898 у Мінску Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП), якая ў 1903 раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў Паслядоўнікі народніцтва ў 1901—02 аб’ядналіся ў партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Гал. дасягненнем рас. знешняй палітыкі 2-й пал. 19 ст была ліквідацыя наступстваў паражэння ў Крымскай вайне на Лонданскай канферэнцыі 1871 і ў выніку перамогі ў рус тур. вайне 1877—78. Ва ўмовах абвастрэння міжнар. абставін на рубяжы 19—20 ст. Р. з Вялікабрытаніяй і Францыяй стварылі у 1907 антыгерм. ваен.-паліт. блок Антанта. Сусв. эканам. крызіс пач. 20 ст. (спад вытв-сці, беспрацоўе, нізкія заробкі), нявырашанасць зямельнага пытання, паражэнне ў руска-японскай вайне 1904—05 сталі прычынамі рэвалюцыі 1905—07 у Расіі, у час якой царызм быў вымушаны даць насельніцтву пэўныя грамадз. і паліт. правы і свабоды (гл. Маніфест 17 кастрычніка 1905). Узніклі паліт. партыі акцябрыстаў, кадэтаў (гл. Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя) і інш., легалізаваліся прафсаюзы. Хоць рэвалюцыя была задушана царызмам, стварэнне выбарнага заканад. органа Дзяржаўнай думы (1906), нават з абмежаванымі правамі, азначала змену паліт. ладу Рас. імперыі. Ажывіўся і нац.-вызв. рух на ўскраінах. П.А.Сталыпін (старшыня Савета Міністраў у 1906—11) зрабіў спробу ліквідаваць архаічныя і неадпаведныя ўмовам капіталіст. развіцця абшчынныя формы землекарыстання (гл. Сталыпінская аграрная рэформа).

У выніку бурнага росту прамысл. і с.-г. вытв-сці ў 1912—14 Р выйшла на самыя высокія ў яе гісторыі сац.-эканам. паказчыкі. У сувязі з гэтым асабліва востра адчуваўся цяжар першай сусветнай вайны 1914—18, у якой Р. пасля першых перамог пачала цярпець паражэнні (у 1915 герм. і аўстра-венг. войскі акупіравалі Каралеўства Польскае, Літву, Зах. Беларусь, зах. Латвію, ч. Правабярэжнай Украіны). У 1915—16 узнікла апазіцыя самадзяржаўю ў Дзярж. думе і Дзярж. савеце (гл. Прагрэсіўны блок), нарастала незадаволенасць у народзе Чарговы агульнарас. крызіс канца 1916 — пач. 1917 (харч. цяжкасці ў Петраградзе, кампраметацыя царскай сям’і Р.Я.Распуціным, «міністэрская чахарда» і інш.) выліўся ў Лютаўскую рэвалюцыю 1917, у выніку якой у Р ліквідавана манархія. 2(15) 3.1917 Мікалай II адрокся ад прастола. У той жа дзень Часовы камітэт Дзяржаўнай думы сфарміраваў Часовы ўрад (да склікання Устаноўчага сходу) з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў Паколькі Часовы ўрад не мог дзейнічаць без падтрымкі Саветаў, узнікла двоеўладдзе. У краіне дзейнічалі больш за 50 паліт. партый, праходзіла вострая паліт. барацьба, адбыліся красавіцкі, чэрвеньскі і ліпеньскі паліт. крызісы. Пасля красавіцкага крызісу 1917 у склад Часовага ўрада ўвайшлі лідэры меншавікоў і эсэраў, у выніку ліпеньскага крызісу 1917 паўната ўлады перайшла да Часовага ўрада (з ліп. 1917 старшыня А.Ф.Керанскі), скончылася двоеўладдзе. У жн. (вер.) задушаны Карнілава мяцеж 1917. 1(14) 9.1917 Р. абвешчана рэспублікай. Няздольнасць Часовага ўрада стабілізаваць. сітуацыю ў краіне і неадкладна вырашыць набалелыя пытанні (спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, барацьба з ваен. разрухай і інш.) выклікала масавую незадаволенасць. На гэтай хвалі значную папулярнасць набылі бальшавікі. Яны (разам з левымі эсэрамі) заваявалі большасць у Саветах, у выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 улада перайшла да бальшавікоў. Другі Усерасійскі з’езд Саветаў [7—9.11(25—27.10).1917] абвясціў пераход усёй улады ў краіне да Саветаў, утварыў ВЦВК і часовы ўрад — Савет народных камісараў (СНК) на чале з лідэрам бальшавікоў У.І.Леніным, прыняў дэкрэты аб міры (прапанова ўсім урадам пачаць перагаворы аб спыненні 1-й сусв. вайны) і зямлі (скасаванне прыватнай уласнасці на зямлю і памешчыцкага землеўладання). Прынцыпы новай нац. палітыкі (роўнасць, суверэнітэт і самавызначэнне народаў Р) былі сфармуляваны ў зацверджанай СНК 2(15)11.1917 Дэкларацыі правоў народаў Расіі. Устаноўчы сход, дзе пераважалі меншавікі і эсэры, 5(18).1.1918 адмовіўся санкцыяніраваць устанаўленне ўлады Саветаў і быў распушчаны бальшавікамі. III Усерас. з’езд Саветаў (10—18(23—31).1.1918] аб’яднаў Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў з Саветамі сял. дэпутатаў, выключыў слова «часовы» з назвы сав. ўрада, абвясціў Р Рас. Сацыяліст. Федэратыўнай Сав. Рэспублікай (РСФСР), прыняў Дэкларацыю правоў працоўнага і эксплуатуемага народа. Пасля працяглых спрэчак у бальшавіцкім кіраўніцтве, за час якіх герм і аўстра-венг. войскі ў парушэнне перамір’я акупіравалі Латвію, Эстонію, большую ч. тэр. Беларусі і Украіны, падпісаны Брэсцкі мір 1918 (3.3.1918) на вельмі цяжкіх для Р. ўмовах (ануляваны 13.11.1918 у сувязі з рэвалюцыяй у Германіі). Вясной 1918 пачаўся працэс афармлення нац. дзяржаўнасці народаў РСФСР 10.7.1918 V Усерас. з’езд Саветаў прыняў 1-ю сав. канстытуцыю. Летам 1918 як вынік нязгоды ч. рас. грамадства з Кастр. рэвалюцыяй, Брэсцкім мірам і сац.-эканам. курсам бальшавікоў (нацыяналізацыя зямлі, прам-сці, буйных нерухомасцей і інш.) разгарнулася грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22, якая ў асн. завяршылася ў 1920 перамогай бальшавікоў. Вайна суправаджалася тэрорам з абодвух бакоў супраць паліт. і класавых праціўнікаў. Комплекс надзвычайных захадаў сав. ўрада па мабілізацыі ўсіх сіл на вядзенне вайны (паскораная нацыяналізацыя, канфіскацыя лішкаў харчавання ў сялян шляхам харчразвёрсткі і інш.) атрымаў назву «ваеннага камунізму». Незадаволенасць гэтай палітыкай выклікала шматлікія хваляванні, сярод якіх найб. небяспечнымі для бальшавікоў былі Кранштацкае паўстанне 1921, Антонава паўстанне 1921 (на Тамбоўшчыне), Заходнесібірскае паўстанне 1921 Вынікі 1-й сусв., грамадз. войнаў і інтэрвенцыі былі для Р. спусташальнымі. У 1920 прамысл. вытв-сць складала ​1/7 ад узроўню 1913, с.-г. вытв-сць — 62%. У баях грамадз вайны і інтэрвенцыі, ад тэрору, голаду і хвароб загінулі 8 млн. чал., 2 млн. чал. эмігрыравалі 3 пач. 1920-х г. партыя бальшавікоў (з 1925 ВКП(б), з 1952 КПСС) была адзінай паліт. арг-цыяй, якая кіравала краінай да 1991. Аднаўленне нар. гаспадаркі ажыццяўлялася на базе новай эканамічнай палітыкі, якая азначала адыход ад «ваен. камунізму» 1 частковае вяртанне да рыначных метадаў гаспадарання. Імкненне бальшавікоў (перш за ўсё рас.) захаваць фактычнае паліт. і эканам адзінства тэр б. Рас. імперыі прывяло да аб’яднання (30.12.1922) юрыдычна незалежных сав. рэспублік (РСФСР, Украіна, БССР і Закаўказская Федэрацыя) у новую дзяржаву — Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР), з існаваннем якога (1922—91) непарыўна звязаны наступны перыяд рас. гісторыі.

У 1920—30-я г. тэр. РСФСР значна зменшылася ў выніку вылучэння ў самаст саюзныя рэспублікі Туркменіі, Узбекістана (1924), Таджыкістана (1929), Кіргізіі, Казахстана (1936) і Карэла-Фінскай Рэспублікі (1940, у 1956 вернута ў склад Р.) Калектывізацыя і індустрыялізацыя ў РСФСР праходзілі вельмі супярэчліва, аднак у выніку іх была створана новая машынна-тэхн. база краіны, якая істотна змяніла сац. структуру насельніцтва. Да пач. 1940-х г. агульны аб’ём прамысл. вытв-сці на тэр. РСФСР у 8,7 разу перасягнуў адпаведны паказчык 1913. У адрозненне ад інш. саюзных рэспублік, РСФСР не мела асобнай рэсп. камуніст. партыі, асобнай АН і інш. Унутры РСФСР шмат этнасаў атрымалі свае нац.-дзярж. або нац-адм. ўтварэнні ў выглядзе аўт. рэспублік, абласцей і нац. акруг (з 1977 аўт. акругі). Трагічнымі для лёсу народаў Р. былі рэпрэсіі палітычныя.

Народы Расіі зрабілі вял. ўклад у перамогу СССР у Вялікай Айчыннай вайне 1941—45. На яе тэр. выпускалася 80% усёй індустр. прадукцыі, адбыліся вырашальныя бітвы — Маскоўская (1941—42), Сталінградская (1942—43) і Курская (1943). 2 373 068 воінаў з Р. ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Матэрыяльныя страты РСФСР ад акупацыі ням.-фаш. захопнікамі шэрагу яе абласцей склалі ў тагачасных цэнах 249 млрд. руб. з 679 млрд. па ўсім СССР. У час вайны да РСФСР далучана (1944) тэр Тувінскай Нар. Рэспублікі (з 1961 АССР). Пасля перамогі ў вайне ў склад РСФСР уключаны: на Пн вобласць Пячэнга, на Д. Усходзе Паўд. Сахалін і Курыльскія а-вы, на Зг. Кёнігсберг (пераназваны ў Калінінград) з прылеглай ч. б. Усх. Прусіі (цяпер Калінінградская вобл.). Пасляваен. аднаўленне гаспадаркі ў асн. завершана да 1950. У 1954 у гонар 300-годдзя ўз’яднання Украіны з Р. са складу РСФСР у склад Украіны перададзена Крымская вобл. У пасляваен. перыяд РСФСР заставалася найб. эканамічна магутнай рэспублікай СССР. У пач. 1980-х г. яна вырабляла 62% электраэнергіі, 100% збожжаўборачных камбайнаў, здабывала 91% нафты. Вялікія дасягненні зроблены ў развіцці навукі, атамнай энергетыкі, у асваенні космасу (першым касманаўтам свету стаў Ю.А.Гагарын). У перыяд перабудовыкрас. 1985) у СССР пачалі складвацца новыя цэнтры рэальнай улады ў выглядзе рэсп. з’ездаў нар. дэпутатаў і Вярх. Саветаў, выбраных на дэмакр. умовах. 1-ы з’езд нар. дэпутатаў РСФСР (май—чэрв. 1990) выбраў старшынёй Вярх. Савета Б.М.Ельцына і абвясціў 12.6.1990 дзярж. суверэнітэт Р. Рас. кіраўніцтва падтрымлівала сепаратызм асобных саюзных рэспублік, каб выкарыстаць яго ў барацьбе з саюзным цэнтрам. Пачалася паскораная дэзінтэграцыя СССР. На агульнасаюзным рэферэндуме 17.3.1991 расіяне выказаліся за захаванне СССР як адзінай дзяржавы і за ўвядзенне пасады прэзідэнта РСФСР, 12.6.1991 прэзідэнтам выбраны Ельцын. Ельцын і Вярх. Савет Р. ўзначалілі барацьбу супраць Дзярж. к-та па надзвычайным становішчы (19—21.8.1991), які імкнуўся сарваць падпісанне новага саюзнага дагавора і захаваць старыя парадкі. Пасля яго ліквідацыі ўказам ад 6.11.1991 Ельцын распусціў КПСС. 8.12.1991 лідэры Р., Украіны і Беларусі ў выніку Белавежскіх пагадненняў 1991 заявілі аб дэнансацыі Саюзнага дагавора 1922 і спыненні існавання СССР, замест якога стварылася Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД). 10—12.12.1991 Пагадненне пра ўтварэнне СНД ратыфікавана Вярх. Саветамі Беларусі, Р. і Украіны. Са студз. 1992 у Р. пачалася радыкальная рыначная рэформа эканомікі. Урад вызваліў цэны на большасць тавараў ад дзярж. кантролю, з восені 1992 пачаў прыватызацыю дзярж. маёмасці. Распад СССР стварыў пагрозу распаду Р. Аўт. рэспублікі і аўт. вобласці (акрамя Яўрэйскай) адмовіліся ад аўт. статуса і абвясцілі сябе суверэннымі суб’ектамі федэрацыі. У сак. 1992 паміж федэральным цэнтрам і суб’ектамі падпісаны Федэратыўны-дагавор, які згладзіў вастрыню гэтага пытання, але не зняў яго цалкам. Асобныя Рэспублікі спрабавалі ўзяць курс на паступовы выхад з Р. (Татарстан, Башкортастан, Якуція), а кіраўніцтва Чэчэнскай Рэспублікі парвала ўсе сувязі з федэральным цэнтрам. 11.12.1994 федэральныя войскі ўвайшлі ў Чэчню з мэтай узяць яе пад кантроль, што паклала пачатак узбр. канфлікту, які дагэтуль не затушаны. У час абмеркавання новай Канстытуцыі абвастрыліся супярэчнасці паміж заканад. і выканаўчай уладай. 21.9.1993 прэзідэнт Ельцын выдаў указ аб роспуску З’езда нар. дэпутатаў і Вярх. Савета, правядзенні 12.12.1993 рэферэндуму па новай Канстытуцыі. Вярх. Савет абвясціў гэты ўказ неканстытуцыйным, а прэзідэнта пазбаўленым пасады. Аднак Ельцына падтрымалі ўзбр. сілы, сілавыя структуры і асн. сродкі масавай інфармацыі. Дзеянні абаронцаў Вярх. Савета, блакіраваных ў сваім будынку, 3—4 кастр. набылі характар узбр. выступлення, якое было ліквідавана з дапамогай ваен. сілы. У кастр. 1993 указамі прэзідэнта ліквідавана сістэма Саветаў. 12.12.1993 на рэферэндуме прынята новая Канстытуцыя Р., якая ўсю рэальную ўладу аддавала прэзідэнту; праведзены выбары ў 5-ю Дзярж. думу. На чарговых выбарах у Дзярж. думу ў снеж. 1999 большасць месцаў заваявалі паліт. сілы правай і цэнтрысцкай арыентацыі («Адзінства», «Саюз правых сіл», «Айчына — уся Расія» і інш.), самай вял. фракцыяй засталася фракцыя Камуніст. партыі Рас. Федэрацыі (КПРФ, засн. ў 1992 як правапераемніца КПСС). 31.12.1999 добраахвотна пайшоў у адстаўку прэзідэнт Ельцын. 26.3.2000 прэзідэнтам Р. выбраны У.У.Пуцін, які заявіў пра намер працягваць рыначныя рэформы, умацоўваць федэрацыю і ажыццяўляць незалежную знешнюю палітыку ў інтарэсах народаў Р. Р. — член ААН (з 1991) і, як правапераемніца СССР, пастаянны чл. Савета Бяспекі ААН; уваходзіць у многія інш. міжнар. арг-цыі, у т. л. ў Савет Еўропы (з 1997), а таксама ў СНД. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 25.6.1992. У 1995 заключаны рас.-бел. дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве і Мытны саюз, да якога ў 1996 далучыліся Казахстан і Кыргызстан, у 1999 — Таджыкістан. Р. і Беларусь падпісалі Дагавор аб супольніцтве Беларусі і Расіі 1996 і Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі 1997. 8.12.1999 Р. заключыла з Беларуссю дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Р. і Беларусі.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Сістэма паліт. партый у Р. з канца 1980-х г. знаходзіцца ў стадыі фарміравання. Адзінай масавай партыяй з’яўляецца КПРФ. Большым уплывам, чым партыі, у 1990-я г. карысталіся грамадска-паліт. рухі і аб’яднанні, некат. з якіх зараз знаходзяцца на стадыі пераўтварэння ў паліт. партыі. Акрамя КПРФ, найб. значныя паліт. арг-цыі: «Саюз правых сіл», Ліберальна-дэмакр. партыя, Агр. партыя, Сял. партыя, Партыя эканам. свабоды, Рас. аб’яднаная прамысл. партыя, партыя «Адзінства», аб’яднанні «Яблык», «Айчына — уся Расія», Народна-патрыят. саюз і інш. Найбуйнейшыя прафс. аб’яднанні: Федэрацыя незалежных прафсаюзаў Р., Усеагульная канфедэрацыя працы.

Гаспадарка. Р. — індустрыяльна-агр. краіна. Сучасны этап яе эканам. і сац. развіцця звязаны з карэннымі зменамі, якія выкліканы пераходам да рыначных адносін. Адаптацыя Р. да рыначнай эканомікі праходзіць дастаткова цяжка. У 1992—98 назіраўся спад вытв-сці, што было звязана з парушэннем гасп. сувязей, незабяспечанасцю матэрыяльнымі рэсурсамі, фін. цяжкасцямі, зносам асн. фондаў. З 1999 пачаўся рост вытв-сці. У выніку рыначных рэформ эканоміка стала шматукладнай. Доля акц. прадпрыемстваў пераважае над дзярж. (па колькасці, выпуску прадукцыі, колькасці занятых). Аб’ём валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у 1999 склаў 593,4 млрд. долараў (14-е месца ў свеце), каля 4,2 тыс. дол. на душу насельніцтва. Недзярж. сектар дае каля 70%. Прамысловасць — важная састаўная ч. гасп. комплексу Р., на яе долю прыпадае 26,8% ВУП. У 1999 у Р. мелася каля 160 тыс. прамысл. прадпрыемстваў. Зах. раёнам краіны (укл. Урал) належыць 72% кошту прамысл. вытв-сці, усх. (Сібір і Д. Усход) — 28%. Адной з гал. галін прам-сці з’яўляецца паліўна-энергет. комплекс (32,5% паводле кошту прадукцыі, 1998). Гандаль энерганосьбітамі — адзін з гал. профіляў спецыялізацыі Р. ў міжнар. падзеле працы. Здабыча нафты разам з газавым кандэнсатам у 1999 склала 305 млн. т (3-е месца ў свеце). Нафту здабываюць пераважна ў Зах. Сібіры (каля 70%), Паволжы, на Урале. Нафтаперапрацоўчыя з-ды размешчаны і ў раёнах здабычы нафты (Самара, Сызрань, Уфа, Саратаў, Табольск), і ў месцах спажывання нафтапрадуктаў (Масква, Ніжні Ноўгарад, Яраслаўль, Хабараўск, Камсамольск-на-Амуры і інш.). У нафтавай прам-сці дзейнічае шэраг нафтавых кампаній, найб. з іх: «Лукойл» (53 млн. т, 18% агульнай здабычы Р., 1999), «Сургутнафтагаз» (37 млн. т, 12%), «ЮКОС» (34 млн. т, 11%), «Татнафта» (24 млн. т, 9%), «Сіданко» (20 млн. т, 7%) і інш. Здабыча прыроднага газу ў 1999 склала 591 млрд. м³ (1-е месца ў свеце). 90% прыроднага газу здабываюць у Зах. Сібіры. Найб. карпарацыя краіны — Рас. акц. т-ва «Газпрам». У Р. здабываюць 249 млн. т (5-е месца ў свеце, 1999) каменнага і бурага вугалю, пераважна ў Кузнецкім (27%), Канска-Ачынскім (15%), Пячорскім, Іркуцкім, Данецкім басейнах. Здабыча торфу ў Цэнтр., Волга-Вяцкім і Уральскім р-нах, сланцаў — у Ленінградскай вобл. Вытв-сць электраэнергіі 848 млрд. кВтгадз (4-е месца ў свеце, 1999). Пераважае цеплавая электраэнергетыка (69,6% агульнай магутнасці і 68% вытв-сці электраэнергіі), на долю гідраэнергетыкі прыпадае адпаведна 20,5% і 19%, атамнай энергетыкі — 9,9% і 13%. Гал. ЦЭС (млн. кВт): Рафцінская (3,8), Кастрамская (3,6), Канакоўская (3,6), Сургуцкая (3,1), Троіцкая (2,4); ГЭС: Саяна-Шушанская (6,4) і Краснаярская (6) на р. Енісей, Брацкая (4,5) і Усць-Ілімская (4,3) на р. Ангара, Волжская (2,5, г. Валгаград), Волжская (2,3, г. Самара); АЭС: Ленінградская (4), Курская (4), Балакоўская (3), Смаленская (3), Калінінская (2), Новаваронежская (1,8), Кольская (1,7). Вытв-сць, размеркаванне і экспарт. электраэнергіі ажыццяўляе Рас. акц. т-ва «Адзіная электраэнергет. сістэма Расіі». Чорная металургія (7,7%) поўнасцю забяспечана жал. рудой і коксам, марганец і хром завозяць з Украіны і Казахстана. Асаблівасць галіны — высокая канцэнтрацыя вытв-сці. У Р. сфарміраваліся 3 металургічныя базы: Уральская (46% вытв-сці металу), дзе працуюць буйныя металургічныя камбінаты поўнага цыкла ў Магнітагорску, Ніжнім Тагіле, Наватроіцку, Чэлябінску і пераробныя ў Іжэўску, Златаусце, Сярове і інш.; Цэнтральная з камбінатамі поўнага цыкла ў Ліпецку, Старым Асколе і пераробнымі з-дамі ў Маскве, Электрасталі, Арле і інш.; Сібірская з камбінатамі поўнага цыкла ў Новакузнецку і пераробнымі ў Новасібірску, Краснаярску, Пятроўск-Забайкальску і інш. Буйны камбінат поўнага цыкла ў Чарапаўцы, пераробныя з-ды ў Валгаградзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Колпіне і інш. Вытв-сць (млн. т, 1999) чыгуну 40,1 (4-е месца ў свеце), сталі 51,5 (5-е месца), пракату 40,9 (6-е месца). Каляровая металургія (7,6%) працуе пераважна на ўласнай сыравіне, у ёй выплаўляецца больш за 70 відаў разнастайных металаў. Вытв-сць медзі сканцэнтравана ў асн. на Урале (Краснаўральск, Кіраўград, Раўда, Карабаш, Меднагорск), з-ды па рафінаванні медзі ў Маскве, С.-Пецярбургу, Кальчугіне. Свінец і цынк выплаўляюць у Чэлябінску, Уладзікаўказе, Бялове, Дальнягорску; нікель — у Нарыльску, Орску, Уфалеі, Манчагорску. Алюмініевая прам-сць прымеркавана да буйных ГЭС, якія вырабляюць танную электраэнергію, — у Краснаярску, Брацку, Саянску, Валгаградзе, Кандалакшы, Волхаве і інш. Здабыча алавянага канцэнтрату ў паўн.-усх. раёнах Сібіры, выплаўка волава ў Новасібірску і Падольску. На Долю Р. прыпадае каля 10% сусв. экспарту каляровых металаў. Машынабудаванне (18%) вызначаецца шматгаліновым характарам (цяжкае, агульнае, сярэдняе, вытв-сць прылад, станкоў і інш.) і паўсюдным пашырэннем па тэр. краіны. Сярод галін машынабудавання вылучаецца вытв-сць абсталявання для металургіі (Орск, Екацярынбург, Краснаярск, Іркуцк, Сызрань), горна-шахтавага (Кемерава, Краснаярск, Чарамхова, Капейск), для нафтавай і газавай прам-сці (Валгаград, Самара, Цюмень, Екацярынбург і інш.), энергет. (С.-Пецярбург, Новасібірск, Екацярынбург, Валгадонск, Барнаул і інш.), кавальска-прэсавага і цяжкіх станкоў (Колпіна, Іванава, Варонеж, Ульянаўск і інш.), ваеннай тэхнікі і боепрыпасаў (Масква, С.-Пецярбург, Екацярынбург, Тула, Іжэўск, Ніжні Ноўгарад і інш.). Вытв-сць лакаматываў у Мураме, Каломне, Бранску, Людзінаве; электравозаў у Новачаркаску, грузавых вагонаў у Ніжнім Тагіле, Абакане, Цверы, Алтайску, Калінінградзе; пасаж. вагонаў у С.-Пецярбургу, Цверы; вагонаў для метрапалітэна ў С.-Пецярбургу і Мыцішчах. Буйныя цэнтры марскога суднабудавання — С.-Пецярбург, Выбарг, Калінінград, Архангельск, Уладзівасток, Севераморск; рачнога — Ніжні Ноўгарад, Валгаград, Цюмень, Краснаярск і інш.; вытв-сці самалётаў — Смаленск, Варонеж, Саратаў, Іркуцк, Камсамольск-на-Амуры; верталётаў — Казань, Растоўна-Доне. Вытв-сць грузавых аўтамабіляў (175 тыс. шт., 1999) у Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Набярэжных Чаўнах, Міясе; легкавых (954 тыс. шт.) у Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Ульянаўску, Іжэўску, Елабузе, Серпухаве; аўтобусаў (50 тыс. шт.) у Лікіно-Дулёве, Паўлаве, збожжаўборачных камбайнаў (2 тыс. шт.) у Растове-на-Доне, Таганрогу, Краснаярску; ільноўборачных у Бежацку; бульбаўборачных у Туле, Разані; сіласаўборачных у Люберцах; трактароў (15,4 тыс. шт., 1999) у Валгаградзе, Чэлябінску, Уладзіміры, Чэбаксарах, С.-Пецярбургу і інш. Выпуск металарэзных станкоў (7,7 тыс. шт.) у Маскве, Іванаве, Саратаве, Самары, Екацярынбургу, С.-Пецярбургу і інш. Вытв-сць радыёпрыёмнікаў (332 тыс. шт.) і тэлевізараў (281 тыс. шт.), халадзільнікаў і маразільнікаў (1173 тыс. шт.), электрапыласосаў (745 тыс. шт.), пральных машын (999 тыс. шт.). Электронная прам-сць у Маскве, Арле, Самары, Пензе і інш. Хім. прам-сць (7,3%) поўнасцю забяспечана мясц. сыравінай і вызначаецца шырокім асартыментам прадукцыі. Развіта прам-сць мінер. угнаенняў (11,5 млн. т у пераліку на 100%-нае ўтрыманне дзейных рэчываў; 5-е месца ў свеце, 1999), хім. валокнаў (136 тыс. т), сінт. смол і пластмас (2,2 млн. т), шын (28 млн. шт.), сернай к-ты (7,1 млн. т), кальцыніраванай (1,9 млн. т) і каўстычнай (1 млн. т) соды. Вытв-сць угнаенняў: азотных у Новамаскоўску, Ніжнім Тагіле, Кемераве, Вял. Ноўгарадзе, Тальяці, Нявіннамыску і інш.; калійных у Беразніках, Салікамску; фосфарных у Васкрасенску, Бранску, Пермі, Краснаўральску і інш.; хім. валокнаў у Энгельсе, Балакове, Цверы, Кліне, Серпухаве, Разані і інш.; пластмас у Ніжнім Тагіле, Цюмені, Уфе, Казані, Мыцішчах; соды ў Беразніках, Салікамску, Стэрлітамаку, Каменск-Уральску і інш. Лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць (3,9%) мае трывалую сыравінную базу. Вытв-сць дзелавой драўніны (69,8 млн. м³, 4-е месца ў свеце), піламатэрыялаў (19,1 млн. м³, 6-е месца), паперы (3 млн. т), кардону (1,6 млн. т), фанеры (1,3 млн. м³) у Паўн.-Заходнім (Котлас, Сыктыўкар, Кондапага, Себеж), Уральскім (Краснакамск, Салікамск, Перм), Волга-Вяцкім (Балахна, Праўдзінск) і Зах.-Сібірскім раёнах. Развіта вытв-сць мэблі, драўнянавалакністых і драўнянастружкавых пліт. Вял. значэнне мае прам-сць буд. матэрыялаў, доля якой у структуры прам-сці, разам са шкляной, складае 4,2%. Ва ўсіх эканам. раёнах пашырана вытв-сць цэменту (28,5 млн. т), зборных жалезабетонных канструкцый і дэталей (14,2 млрд. м³), буд. цэглы (10,5 млрд. шт., 2-е месца ў свеце). З цэнтраў шкляной прам-сці вылучаецца г. Гусь-Хрустальны (каля 50% вытв-сці шкла Р.). Эканам. крызіс, які ахапіў усе галіны прам-сці, у найб. ступені адбіўся на лёгкай прам-сці, асабліва на тэкст. галіне, якая страціла сыравінную базу ў Сярэдняй Азіі. Вытв-сць тканін усіх відаў у 1999 склала 1657 млн. м² (5-е месца ў свеце па вытв-сці баваўняных і 14-е месца па вытв-сці шарсцяных тканін), абутку — 29,9 млн. пар, шкарпэтачных вырабаў — 251 млн. пар, трыкат. вырабаў — 79,2 мн. шт. Асн. раёнам вытв-сці тканін з’яўляецца Цэнтральны (70%) — Іванава, Масква, Уладзімір, Яраслаўль, Кінешма, Нара-Фамінск. У харч. прам-сці (13,7%) вядучыя галіны — малочная, мясная, цукровая, алейная, рыбная і рыбакансервавая, мукамольная, масларобная, спіртавая, піваварная і інш. Вытв-сць малака 5,5 млн. т, цукру 6,8 млн. т (2-е месца ў свеце), алею 845 тыс. т (1999). Мясная прам-сць развіта ў Цэнтр. і Паўн.-Каўказскім р-нах, цукр. і алейная ў Цэнтр.-Чарназёмным, Паўн.-Каўказскім і Паволжскім р-нах, рыбная і рыбакансервавая ў гарадах Мурманск, Архангельск, Калінінград, Астрахань, Уладзівасток і інш.

На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 5,5% ВУП. У структуры валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі доля раслінаводства складае 51,8%, жывёлагадоўлі — 48,2% (1999). Вядучая роля ў вытв-сці збожжа, цукр. буракоў, сланечніку (адпаведна 92%, 93,8%, 86,1%) належыць с.-г. прадпрыемствам; бульбы, агародніны, мяса і малака (адпаведна 93%, 79,1%, 61,3%, 50,9%) фермерскім і асабістым гаспадаркам насельніцтва. Узровень развіцця сельскай гаспадаркі Р. не забяспечвае патрэбы насельніцтва ў асн. прадуктах харчавання. Р. імпартуе мяса і малочныя прадукты пераважна з краін Зах. Еўропы. Агульная пл. с.-г. угоддзяў 222 млн. га, у т. л. 132 млн. га займаюць ворныя землі, 90 млн. га сенажаці і паша. Вял. масівы меліяраваных зямель. Пл. пасяўных зямель у 1999 склала 88,3 млн. га, у т. л. пад збожжавымі культурамі 52,7%, тэхн. 8,5%, кармавымі 34%, бульбай і агароднінай 4,8%. Аснова сельскай гаспадаркі Р. — вытв-сць збожжа, гал. культура — пшаніца (​1/3 пл.). Яе вырошчваюць у Цэнтр.-Чарназёмным, Паўн.-Каўказскім, Паволжскім, Зах.-Сібірскім р-нах, жыта, ячмень, авёс, грэчку сеюць у лясной зоне, кукурузу, проса — у лесастэпавай і стэпавай, рыс — на Д. Усходзе і Паўн. Каўказе (нізоўі рэк Кубань і Церак), сою — на Д. Усходзе. Гал. тэхн. культуры — цукр. буракі, сланечнік — вырошчваюць пераважна ў Цэнтр.-Чарназёмным р-не, на Паўн.-Каўказе, у Паволжы, лён-даўгунец — у Цэнтр. і Паўн.-Заходнім р-нах, бульбу і агародніну — амаль усюды. Пладова-ягадныя і вінаградныя насаджэнні пераважна на Паўн. Каўказе. Збор (млн. т, 1999) збожжа 54,7 (ураджайнасць 11,7 ц/га), цукр. буракоў 15,2 (169 ц/га), сланечніку 4,1 (7,4 ц/га), лёну-даўгунцу 23,7 (2,3 ц/га), бульбы 31,3 (96 ц/га), агародніны 12,3 (142 ц/га). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку Пагалоўе (млн. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлы 27,5, у т. л. кароў 12,9, свіней 18,3, авечак і коз 14, птушак 350. Вял. пагалоўе буйн. раг. жывёлы ў Паволжы, Цэнтр. р-не, Зах. Сібіры, свіней у Цэнтр.-Чарназёмным р-не, Паволжы, на Паўн. Каўказе, авечак і коз у Паволжы, на Паўн. Каўказе, Усх. Сібіры. Аленегадоўля ў зоне тундры і лесатундры, пчалярства ў Татарстане, Башкортастане, на Алтаі, Д. Усходзе. Зверагадоўля і паляванне. Рыбалоўства ў навакольных морах, унутр. вадаёмах, сажалках. Улоў рыбы ў 2000 склаў 4,7 млн. т. Здабываюць таксама крэветак, крабаў, малюскаў, водарасці. Па эканам. і прыродных асаблівасцях у Р. вылучаецца 10 эканам. раёнаў: Паўн.-Заходні, Цэнтр., Волга-Вяцкі, Цэнтр.-Чарназёмны, Паволжскі, Паўн.-Каўказскі, Уральскі, Зах.-Сібірскі, Усх.-Сібірскі, Далёкаўсходні.

Транспарт. У Р. развіты ўсе віды транспарту. Доля яго ў ВУП складае 6,6% (1999). Асн. віды транспарту — чыгуначны, марскі, рачны, паветраны, трубаправодны — утвараюць адзіную трансп. сістэму, дзе кожны від мае сваю рацыянальную сферу выкарыстання. У грузаабароце краіны доля чыг. транспарту 36,3%, марскога 3,6%, рачнога 1,9%, аўтамаб. 0,7%, трубаправоднага 57,5%. У пасажыраабароце вядучае месца належыць аўтамаб. (36,5%), чыг. (30%) і паветранаму (і 1,3%) транспарту. Даўж. чыгунак 86,2 тыс. км (3-е месца ў свеце, пасля ЗША і Канады), у т. л. каля 30% электрыфікавана. Асн. чыг. магістралі маюць шыротны напрамак і лініі, што злучаюць Маскву з рэгіёнамі Расіі. Гал. пасажырапатокі на чыг. лініях паміж Масквой і С.-Пецярбургам, Масквой і курортнымі гарадамі Каўказа. Марскому транспарту належыць асн. роля ў знешніх эканам. сувязях. У Р. 695 суднаў, агульны танаж іх 3,9 млн. рэгістравых т (1999). 90% знешняга грузаабароту прыпадае на Балт. і Азова-Чарнаморскі марскія басейны. Гал. парты С.-Пецярбург, Выбарг, Калінінград, Новарасійск, Уладзівасток, Находка, Туапсэ і інш. Агульная даўж. рачных суднаходных шляхоў 89,1 тыс. км. Усе буйныя рэкі еўрап. ч. пры дапамозе каналаў утвараюць адзіную глыбакаводную сістэму. На долю р. Волга і яе прытокаў прыпадае больш за 60% грузаабароту рачнога транспарту. Вял. значэнне мае рачны транспарт для абслугоўвання паўн. раёнаў Сібіры. Даўж. аўтадарог 573,5 тыс. км, у т. л. 517,4 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Аўтамагістралі веерам разыходзяцца ад Масквы да буйных гарадоў і партоў. Паветраны транспарт выкарыстоўваецца пераважна для перавозкі пасажыраў, хуткапсавальных грузаў і для дастаўкі грузаў у аддаленыя раёны Поўначы. У Р. 845 аэрапортаў, з іх 66 федэральнага і 45 міжнар. значэння. Гал. аэрапорты ў Маскве, С.-Пецярбургу, Новасібірску, Екацярынбургу, Адлеры, Мінеральных Водах, Краснаярску, Растове-на-Доне. У Р. створана адзіная сетка нафта- і газаправодаў, якая злучае асн. раёны здабычы нафты і прыроднага газу з прамысл. цэнтрамі Р. і краінамі Зах. Еўропы. Даўж. трубаправодаў 213,8 тыс. км, у 1999 перамешчана 802 млн. т грузаў. Агульны аб’ём знешняга гандлю Р. ў 1999 склаў 123,6 млрд. дол., у т. л. экспарт 75,4 млрд. дол., імпарт 48,2 млрд. долараў. Сярод экспартуемых тавараў пераважаюць нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, электраэнергія, чорныя і каляровыя металы, кашт. камяні, машыны і абсталяванне, узбраенне, хім. прадукцыя і інш. Сярод імпартуемых пераважаюць машыны і абсталяванне, харч. тавары і с.-г. прадукцыя, хім. прадукцыя, чорныя і каляровыя металы, кашт. камяні і вырабы з іх. Гал. гандл. партнёры: Германія (8,3% экспарту і 12,7% імпарту), Беларусь (6,4 і 10,4), Украіна (7,7 і 7,4), ЗША (7,4 і 9,5), Італія (4,5 і 4,2), Вялікабрытанія (4,1 і 2,8) і інш. Аб’ём знешняга гандлю Р. з Беларуссю ў 1999 склаў 7 млрд. дол., у т. л. экспарт 3,8 млрд. дол., імпарт 3,2 млрд. долараў. Р. экспартуе ў Беларусь нафту, прыродны газ, каменны вугаль, электраэнергію, цэлюлозу, паперу і кардон, чорныя металы, легкавыя і грузавыя аўтамабілі, станкі і інш.: імпартуе грузавыя аўтамабілі, трактары, тэлевізары, халадзільнікі і маразільнікі, радыёпрыёмнікі, пракат, тавары нар. спажывання і інш. Важнымі формамі эканам. супрацоўніцтва Р. з інш. краінамі з’яўляюцца сумесныя прадпрыемствы (больш за 25 тыс., 1999) і свабодныя эканам. зоны, якія створаны ў С.-Пецярбургу, Выбаргу, на Сахаліне, у Кузбасе, Калінінградскай вобл. і інш. У Р. дзейнічае каля 8 тыс. турыстычных фірм, 15,8 млн. турыстаў наведалі краіну ў 1998, прыбытак ад турызму склаў 7,1 млрд. долараў. Грашовая адзінка — рубель.

Узброеныя сілы. Падзяляюцца на віды: сухап. войскі, ВПС і ППА, ВМФ, а таксама роды войск, якія не ўваходзяць у віды ўзбр. сіл: ракетныя войскі стратэг. прызначэння, касмічныя войскі; у ваен.-адм. адносінах — на 6 ваен. акруг: Ленінградская (С.-Пецярбург), Маскоўская (Масква), Паўн.-Каўказская (Растоў-на-Доне), Прыволжска-Уральская (Екацярынбург), Сібірская (Чыта), Далёкаўсходняя (Хабараўск). Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 1 млн. 265 тыс. чал. (2001). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Кіраванне ўзбр. сіламі ажыццяўляюць міністр абароны цераз мін-ва абароны і Ген. штаб. Камплектаванне на аснове прызыву на ваен. службу — па экстэрытарыяльным прынцыпе, а таксама па кантракце. Тэрмін абавязковай службы 2 гады, для некат. катэгорый — 1 год. У сухап. войсках каля 370 тыс. чал., каля 7 тыс. танкаў, 7,2 тыс. баявых машын пяхоты, каля 2,5 тыс. бронетранспарцёраў, больш за 7 тыс. артыл. сістэм калібру 100 мм і больш (артыл. гарматы, мінамёты, рэактыўныя сістэмы залпавага агню), зенітныя ракетныя комплексы, армейская авіяцыя (каля 1 тыс. верталётаў розных класаў). У ВПС і ППА 161,3 тыс. чал., 5,5 тыс. самалётаў, у т. л. 3,6 тыс. баявых, зенітныя ракетныя комплексы С-300 і інш. У ВМФ 135,2 тыс. чал, 168 баявых надводных караблёў, 62 баявыя падводныя лодкі, 300 самалётаў, каля 43 верталётаў, а таксама танкі, баявыя машыны пяхоты, бронетранспарцёры і артылерыя. У паветр.-дэсантных войсках 30,3 тыс. чал., 1100 баявых машын пяхоты, больш за 500 бронетранспарцёраў, больш за 300 артыл. сістэм калібру 100 мм і больш, 23 верталёты. Кантынгенты войск Р. знаходзяцца і па-за яе межамі: на тэр. Закаўказзя, Украіны, Таджыкістана, Прыднястроўскага рэгіёна Рэспублікі Малдова, а таксама Югаславіі і інш. Ваен. дактрына Р. мае абарончы характар, але прадугледжвае выкарыстанне ядз. зброі ў адказ на ядз. нападзенне ці прымяненне інш. відаў зброі масавага знішчэння, буйнамаштабную агрэсію з выкарыстаннем звычайных узбраенняў. Паводле Дагавора аб калектыўнай бяспецы (1992) і інш. Р. праводзіць сумесную з Рэспублікай Беларусь абарончую палітыку.

Ахова здароўя. Існуе адзіная федэратыўная сістэма аховы здароўя. З агульных расходаў насельніцтва на мед. дапамогу 45% аплачваецца з бюджэту, 15% — за кошт абавязковага мед. страхавання (дзейнічае 90 тэр. фондаў), 7% — за кошт добраахвотнага мед. страхавання і платных паслуг; 33% складае аплата пацыентамі прыватных мед. паслуг. Асн. ўвага аддаецца развіццю першаснай медыка-сан. дапамогі на базе муніцыпальнай сістэмы аховы здароўя, ін-ту ўрачоў агульнай (сямейнай) практыкі, рэалізацыі мер па зніжэнні захворванняў на сацыяльна-значныя хваробы і інш.; спецыялізаванай службай распрацоўваюцца мерапрыемствы па рэабілітацыі дзяцей і інвалідаў. Першасную мед. дапамогу аказваюць 6250 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 1708 паліклінік, у т. л. 591 дзіцячая; дзейнічаюць 54 гаспадарча-разліковыя паліклінікі, 48 кансультацыйна-дыягнастычных цэнтраў, 3135 станцый хуткай мед. дапамогі, 9264 фельчарскіх пунктаў, 942 стаматалагічныя паліклінікі (1999). Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59 жанчын 71,8 года. Вял. праблема — высокі ўзровень смяротнасці працаздольнага насельніцтва. Смяротнасць у 2000 склала 13,8 на 1 тыс. чал. (у 1970-я — 8,7). Натуральны прырост адмоўны: -0,478%. У 1970-я нараджальнасць на 1 тыс. чал. склала 15,1 чал., у 2000—9 чал. Высокая ўдз. в. дзяцей у насельніцтва рэгіёнаў з традыц. пашыранай мнагадзетнасцю (Дагестан, Інгушэція, Калмыкія, Саха, Алтай). За апошнія 10 гадоў агульная колькасць бальнічных устаноў скарацілася на 14,5%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 85 чал., урачамі — 1 на 215 чал. Дзіцячая смяротнасць у 2000—16,5 на 1 тыс. народжаных. У адпаведнасці з Канцэпцыяй (1997) прадугледжваюцца распрацоўка і рэалізацыя мер па зніжэнні захворванняў насельніцтва, гарантаваная мед. дапамога і інш.

Асвета і навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Р. арганізавана як непарыўная паслядоўнасць узроўняў, або ступеняў, адукацыі. Яна ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, прафесійныя, сярэднія прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Дашкольная адукацыя неабавязковая, ахоплівае дзяцей 3—6(7)-гадовага ўзросту. Агульная сярэдняя ўключае базавую сярэднюю школу, якая дае пач. і базавую сярэднюю адукацыю, і поўную сярэднюю школу, якая дае пач., базавую і закончаную сярэднюю адукацыю. Пач. адукацыя (1-я ступень агульнай сярэдняй адукацыі) — 3—4 гады навучання. Большасць дзяцей паступае ў пач. школу з 7-гадовага ўзросту (каля 20% — з 6 гадоў, калі яны вучацца па 11-гадовай праграме сярэдняй школы). Базавая сярэдняя адукацыя (ніжэйшая сярэдняя; асн. школа) — абавязковая, тэрмін навучання 5 гадоў пасля пач. школы. Поўная сярэдняя — 2-гадовы курс пасля базавай адукацыі. Вышэйшую ступень сярэдняй адукацыі даюць гімназіі. Больш за 20 млн. школьнікаў Р. атрымліваюць адукацыю на рус. мове. Для больш чым 1,1 млн. вучняў выкладанне вядзецца на іх роднай мове. Пач. прафес. адукацыю можна набыць у школах прафес. адукацыі, у т. л. ліцэях на базе асн. школы без атрымання сярэдняй адукацыі (тэрмін навучання 1—2 гады), на базе асн. школы з атрыманнем сярэдняй адукацыі (3—4 гады навучання) і на базе сярэдняй школы (1—2 гады навучання). Сярэдняя прафес. адукацыя забяспечваецца праз сетку тэхн. прафесійных і сярэдніх спец. навуч. устаноў тэхн., гуманітарнага, мед., мастацкага і інш. профіляў (тэхнікумы, каледжы і інш. прафес. школы). Навучэнцы з базавай адукацыяй у сярэдніх прафес. установах адначасова атрымліваюць спец. і агульнаадук. падрыхтоўку. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, акадэміі, ін-ты. Акрамя дзярж. устаноў адкрываюцца і недзярж. (прыватныя, сацыяльныя, рэліг. канфесій). Вышэйшая адукацыя мае 3 узроўні: 1-ы — няпоўная вышэйшая прафес. адукацыя (2-гадовы курс навучання, пасля якога можна атрымаць дыплом аб няпоўнай вышэйшай адукацыі або прадоўжыць вучобу); 2-і ўзровень — вышэйшая прафес. адукацыя (4-гадовы курс навучання дае ступень бакалаўра або сертыфікат «спецыяліста»); 3-і — вышэйшы ўзровень прафес. падрыхтоўкі (6 гадоў навучання — ступень магістра, пасля 5 — спецыяліст шырокага профілю). У 1996/97 навуч. г. ў Р. 68,6 тыс. дашкольных устаноў (5,6 млн. дзяцей); больш за 70,2 тыс. дзярж. агульнаадук. школ (больш за 21 млн. вучняў), больш за 500 недзярж.; сярод дзённых школ пач. — 17,1 тыс., асн. — 13,7 тыс., поўных сярэдніх — 35,6 тыс. З агульнай колькасці вучняў у поўных сярэдніх школах вучылася больш за 19 млн.; адкрыты гімназіі (больш за 900, у іх 730 тыс. навучэнцаў), ліцэі (больш за 560 з 390 тыс. навучэнцаў). У сістэме прафес. адукацыі больш за 4,2 тыс. пач. і больш за 2,6 тыс. сярэдніх навуч. устаноў (у іх 3,7 млн. навучэнцаў). У больш як 560 дзярж. ВНУ, у т. л. 75 ун-таў (разам з прафіляванымі), больш за 2,6 млн. студэнтаў, у 200 недзярж. — 25 тыс. студэнтаў. Найбуйнейшыя ВНУ: Маскоўскі універсітэт, Маскоўская дзяржаўная кансерваторыя, Маскоўская дзяржаўная акадэмія харэаграфіі, Расійская акадэмія тэатральнага мастацтва — усе ў Маскве; Растоўскі дзяржаўны універсітэт, Санкт-Пецярбургскі універсітэт, Санкт-Пецярбургская кансерваторыя, Санкт-Пецярбургскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры, тэхн., шляхоў зносін (з 1809), аграрны, Горны, электратэхн., эканомікі і фінансаў, архітэктурна-буд., тэхнал., марскі, Рас. пед. ун-т і інш. ун-ты ў С.-Пецярбургу; Казанскі (з 1804), Томскі (з 1888), Саратаўскі (з 1904), Пермскі (з 1916), Іркуцкі (з 1918), Уральскі (з 1920; у Екацярынбургу), Новасібірскі (з 1959) ун-ты. У Маскве: Рас. ун-т дружбы народаў, ун-т міжнар. адносін, тэхн. ун-т імя Баўмана; радыётэхнікі, электронікі і аўтаматыкі, авіяцыйны, энергетычны, аўтадарожны, інжынерна-фізічны, электронікі і матэматыкі і інш. — ін-ты са статусам тэхн. ун-та; тэхн. ун-т грамадзянскай авіяцыі, Рас. хіміка-тэхнал. ун-т, ін-т сталі і сплаваў (тэхнал. ун-т), тэхнал. ун-т «СТАНКІН», буд., пед., лінгвістычны, Горны, Рас. мед. ун-т, нафты і газу і інш. ун-ты; ін-ты: мед. стаматалагічны, эканоміка-фін., літ. імя М.​Горкага і інш.; акадэміі: Маскоўская духоўная (г. Сергіеў Пасад), Санкт-Пецярбургская духоўная, тэатр. мастацтва, лесатэхн. і інш. ў С.-Пецярбургу, Рас. музыкі, Рас. мед., с.-г. імя Ціміразева, Рас. эканам., Рас. фіз. культуры, тонкай хім. тэхналогіі, вет. медыцыны і біятэхналогіі, фінансава-юрыд., лёгкай прам-сці, прыборабудавання і інфарматыкі (усе ў Маскве) і інш. Найбуйнейшыя б-кі: Расійская дзяржаўная бібліятэка ў Маскве, Расійская нацыянальная бібліятэка, Расійскай Акадэміі навук бібліятэка ў С.-Пецярбургу; Усерас. замежнай л-ры, Маскоўскага ун-та, гіст., Рас. дзіцячая, Рас. па мастацтве, навукова-тэхн., навукова-мед., грамадска-паліт., с.-г., Рас. для сляпых, Рас. юнацкая (усе ў Маскве) і інш. Найбуйнейшыя музеі: музейнае аб’яднанне «Траццякоўская галерэя», Музей выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна, музеі Маскоўскага Крамля (у т. л. Аружэйная палата), Музей Усходу, Гістарычны музей, Музей народнага мастацтва, Політэхнічны, Дарвінаўскі, Палеанталагічны, сучаснай гісторыі Расіі, Музей архітэктуры імя А.​Шчусева і інш. ў Маскве; Эрмітаж, Рускі музей, Расійскі этнаграфічны музей, Аляксандра-Неўская лаўра, комплекс Петрапаўлаўскай крэпасці, н.-д. музей Рас. акадэміі мастацтваў (С.-Пецярбургскага ін-та жывапісу, скульптуры і архітэктуры), ваенна-марскі і інш. ў С.-Пецярбургу; палацы-музеі 18—19 ст. з паркавымі ансамблямі Гатчына, Паўлаўск, Петрадварэц, у г. Пушкін і інш. прыгарадах С.-Пецярбурга; гіст.-архітэктурны музей-запаведнік Каломенскае, музеі-сядзібы Астанкіна, Кускова ў Маскве, Абрамцава (каля г. Сергіеў Пасад), Л.​М.​Талстога ў Яснай Паляне (Тульская вобл.); музей-запаведнік А.​С.​Пушкіна (Пушкінскія Горы, Пскоўская вобл), нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі на в-ве Кіжы; музейнае аб’яднанне «Мастацкая культура» рускай Поўначы (г. Архангельск); гіст.-архітэктурныя і мастацкія, выяўл. мастацтваў, драўлянага дойлідства, музеі-запаведнікі і інш. «Залатога кальца Расіі» ў гарадах Сергіеў Пасад, Пераслаўль-Залескі, Растоў, Яраслаўль, Кастрама, Суздаль, Уладзімір; музей зброі ў г. Тула і інш. Навук. даследаванні праводзяцца ў Рас. АН (з 1724) і яе аддзяленнях: Далёкаўсходнім з навук. цэнтрамі (Прыморскі, Амурскі, Камчацкі, Сахалінскі, Паўночна-Усходні, Хабараўскі); Сібірскім з навук. цэнтрамі (Новасібірскі, Бурацкі, Іркуцкі, Кемераўскі, Краснаярскі, Омскі, Томскі, Цюменскі, Якуцкі); Уральскім з навук. цэнтрамі (Пермскі, Комі, Удмурцкі, Чэлябінскі), а таксама ў інш. навук. цэнтрах Рас. АН, у т. л. С.-Пецярбургскім, Дагестанскім, Кабардзіна-Балкарскім, Казанскім, Карэльскім, Кольскім, Самарскім, Саратаўскім, Уфімскім і інш. Навук. даследаванні праводзяць ун-ты, Рас. акадэмія с.-г. навук, Рас. акадэмія адукацыі, Рас. акадэмія мед. навук, Рас. навук. цэнтр «Курчатаўскі ін-т» і інш. Рас. вучоныя эфектыўна выкарыстоўваюць навук.-тэхн. патэнцыял, створаны за гады сав. улады ў СССР. Сусв. ўзроўню дасягнулі іх даследаванні ў галіне прыродазнаўчых (матэматыка, фізіка, у т. л. ядзерная, хімія, геалогія і акіяналогія, біялогія, медыцына), тэхнічных (авіяцыя, ракетабудаванне і касманаўтыка, электратэхніка і электроніка, кібернетыка і выліч. тэхніка), грамадскіх (гісторыя, археалогія, педагогіка, мастацтва- і літаратуразнаўства) і інш. навук. Асн. з гэтых напрамкаў працягваюць паспяхова развівацца. За адкрыцці ў галіне квантавай фізікі паўправаднікоў рас. вучонаму бел. паходжання Ж.​Алфёраву ў 2000 прысуджана Нобелеўская прэмія.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 2000 у Р. каля 10 тыс. перыяд. выданняў, у т. л. каля 5 тыс. газет. Буйнейшыя агульнарас. газеты: «Российская газета» (з 1990), «Комсомольская правда», «Труд», «Известия», «Красная звезда» (з 1924), «Независимая газета» (з 1990), «Российские вести» (з 1992), «Правда», «Общая газета» (з 1991), «Сегодня» (з 1993), «Рабочая трибуна» (з 1990), «Коммерсант-daily» (з 1992), «Советский спорт» (з 1924), «Советская Россия» (з 1956); штотыднёвікі — «Аргументы и факты», «Московские новости» (з 1930 для замежных чытачоў, з 1980 на рус. мове), «Литературная газета», «Литературная Россия» (з 1958, да 1963 «Литература и жизнь»), «Экономика и жизнь» (з 1918, назва мянялася, сучасная з 1990), «Культура» (з 1929, да 1991 «Советская культура»). Выдаюцца таксама газеты рэсп., краявыя, абл. і інш. на рус. і нац. мовах. Інфарм. агенцтвы: ІТАР—ТАСС, Расійскае інфармацыйнае агенцтва «Навіны», Інтэрфакс, Пастфактум (з 1989).

Радыёвяшчанне з 1919 (рэгулярнае з 1924). Дзейнасць радыё каардынуе Рас. дзярж. радыёвяшчальная карпарацыя (створана ў 1995 на базе Рас. дзярж. тэлерадыёкампаніі «Астанкіна», з 1991), у складзе якой федэральныя станцыі «Радыё Расіі», «Маяк», «Радыё-1», «Юнацтва», «Арфей», «Голас Расіі» (вядзе перадачы на рус. і 32 замежных мовах на ўсе рэгіёны свету), «Славянка», рэгіянальныя кампаніі «Масква» і «Масковія» (для Маскоўскай вобл.). Працуе Агульнарас. дзярж. радыёвяшчальная кампанія «Маяк» (створана ў 1997 на базе станцый «Маяк» і «Юнацтва—Маладзёжны канал»). Дзейнічаюць камерцыйныя і прыватныя («Еўропа плюс», «Рускае радыё», Радыё Расіі «Настальжы», «Рэха Масквы», «Наша радыё» і інш), грамадскія («Радыё АРТ», «Радыё РОКС», «Аўтарадыё») і інш. станцыі.

Тэлебачанне з 1932 (рэгулярнае з 1939, каляровае з 1967). Найбуйнейшыя тэлекампаніі Р. — Адкрытае акц. т-ва «Грамадскае расійскае тэлебачанне» (ААТ «ГРТ», з 1994), Усерас. дзярж. тэлевізійная і радыёвяшчальная кампанія (РТР, з 1990), Агульнарас. дзярж. тэлевізійны канал «Культура» (з 1997), Незалежная тэлевізійная кампанія (НТВ, з 1993), Маскоўская незалежная вяшчальная карпарацыя «ТВ-6. Масква» (з 1993), тэлевізійная кампанія «ТВ-Цэнтр» (з 1997). Працуюць 90 рэгіянальных, больш за 600 камерцыйных і прыватных кампаній і мясцовыя (муніцыпальныя) у гарадах і раённых цэнтрах. Дзейнічаюць 75 тэлецэнтраў, развіваюцца кабельнае вяшчанне, тэлерадыёвяшчанне ў камп’ютэрнай сетцы Інтэрнет, тэлевізійныя сеткі, якія спалучаюць спадарожнікавае тэлебачанне і розныя інш. формы, зарыентаваныя пераважна на краіны далёкага замежжа («РТР-тэлесетка», «НТВ плюс», «Сусветнае рускае ТВ»). У 1995 створана Нац. асацыяцыя тэлевяшчальнікаў.

Літаратура. Рус. л-ра — адна з найважнейшых галін духоўнай культуры рус. народа. Глебай для яе развіцця паслужыў фальклор, які бытаваў у розных жанравых формах (казкі, быліны, гераічныя песні, абрадавая паэзія), жывіў пісьмовую л-ру ідэямі, вобразамі і прыёмамі маст. творчасці. Пад яго ўздзеяннем складваліся найважнейшыя асаблівасці рус. л-ры, што ў далейшым сталі яе традыцыямі, — сувязь з жыццём, уменне ацэньваць падзеі з пункту гледжання народа, гарманічнае адзінства зместу і формы. Рус. л-ра спрыяла станаўленню і развіццю інш. нац. л-р, у т. л. суседніх — бел. і ўкр., адначасова ўзбагачаючыся і за іх кошт.

Вытокі рус. л-ры, як і бел., і ўкр., у л-ры Кіеўскай Русі — агульнай спадчыне ўсх.-слав. народаў. Помнікі л-ры 11—12 ст. неслі на сабе адбітак царкоўнасці, кніжнасці, былі вытрыманыя ў традыцыях хрысціянскай культуры (Астрамірава евангелле), але часам выходзілі за межы рэлігійнасці і адлюстроўвалі грамадскія інтарэсы (Павучанне Уладзіміра Манамаха, «Аповесць мінулых часоў», «словы» Кірылы Тураўскага, «Слова пра закон і дар божы» Іларыёна). У гэтых і інш. творах, асабліва ў «Слове аб палку Ігаравым», выдатным помніку ўсх.-слав. л-ры, і сёння гучаць усхваляваныя галасы людзей, занепакоеных лёсам роднага краю, змагароў за захаванне высокіх маральных законаў грамадскага жыцця, лепшых традыцый чалавечых паводзін і духоўных каштоўнасцей. Л-ра 13—14 ст. натхнялася ідэямі патрыятызму («Жыціе Аляксандра Неўскага», «Задоншчына» і інш.). Гэтыя творы пакінулі прыкметны след у літ. працэсе, паўплывалі на далейшы лёс л-ры. У перыяд утварэння рус. народнасці, складвання і ўмацавання Рус. дзяржавы (14—16 ст.) развіваліся жанры легендарна-гіст. аповесці, дасягнула росквіту рус. летапісанне. Пачалося кнігадрукаванне. Першая дакладна датаваная рус. друкаваная кніга «Апостал» надрукавана ў 1564 у Маскве І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам. Вядомыя жанры (хаджэнні, словы, падарожжы, летапісы, прытчы) папоўніліся творамі грамадз. характару: «Дамастрой», «Ступенная кніга». З’явілася свецкая публіцыстыка (М.​Грэк, І.Перасветаў). У 17 ст. пашырыліся сатыр. і бытавая аповесць («Пра Шамякаў суд»), паэзія і драматургія, узнік жанр аўтабіяграфіі («Жыціе пратапопа Авакума»). У гэты час л-ра імкнулася перагледзець ранейшыя пастулаты, актыўна засвойвала традыцыі фальклору, выкарыстоўвала магчымасці перакладу на рус. мову твораў зах.-еўрап. л-р. Уклад у станаўленне рус. л-ры гэтага перыяду зрабілі пісьменнікі — выхадцы з Беларусі (Сімяон Полацкі) Паглыбіліся сувязі л-ры з рэчаіснасцю, з бытавой сферай жыцця чалавека, сюжэты некат. твораў наблізіліся да рэальнасці; на жывую размоўную стыхію пачала арыентавацца мова. Л-ра 18 ст. развівалася пад уплывам канонаў класіцызму, іх паступовага пераадолення, з’яўлення высокапатрыят. прафес. пісьменніцкай дзейнасці. Рус. л-ра адчула на сабе ўплыў замежнага мастацтва, далучылася да выяўленых у ім новых тэндэнцый. Пашыралася яе тэматыка, з’явіліся новыя жанры (ода, балада, трагедыя, сатыра), мастацтва слова ўсё больш індывідуалізавалася, узніклі розныя літ. кірункі і школы. У 1730—70-я г. дасягнуў росквіту класіцызм (В.Традзьякоўскі, М.Ламаносаў, А.Сумарокаў). Ён спрыяў развіццю патрыят. тэматыкі, выхаванню грамадз. сумлення, ухваленню подзвігаў у імя Радзімы. Пісьменнікі спрабавалі тыпізаваць пэўныя з’явы, выкрывалі адмоўнае ў жыцці. Дысцыплінаваўся працэс творчасці, культывавалася ўзбагачэнне нац. л-ры здабыткамі інш. л-р, найперш антычнай як узору сапраўднага мастацтва. У 1780-я г. выявіўся крызіс класіцызму («мяшанне» стыляў і жанраў у паэзіі Г.Дзяржавіна, пераадоленне статычнасці вобразаў, тэм, канфліктаў у камедыях Дз.Фанвізіна, публіцыстыцы М.Навікова, сатыр. творах і артыкулах І.Крылова). Дзяржавін стаў выразнікам суб’ектыўнага пачатку ў новай рус. паэзіі, надаў ёй яскравы нац. характар. Камедыяй «Недаростак» Фанвізін даў плённы кірунак далейшаму літ. працэсу, даказаў, што ўсё звязанае з жыццём чалавека можа быць крыніцай прыгожага, пашырыў магчымасці сатыры. Паступова нараджаўся рус. сентыменталізм («Бедная Ліза» М.Карамзіна, жанры падарожжа, элегіі і інш.). «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава — яркі ўзор патрыят., антыпрыгоннага твора, сведчанне пераадолення тэматычнай і жанравай «вузкасці» новага літ. кірунку. У 19 ст. рус. л-ра пераадольвала абстрактнасць і кананічнасць, высокую пафаснасць класіцызму, ідэйна-вобразную «камернасць» сентыменталізму і лёгкай паэзіі, павучальнасць Асветніцтва. Яна развівалася ў рэчышчы сінтэзу «высокасці» і «бунтоўнасці» рамантызму (В.Жукоўскі, К.Бацюшкаў, Я.Баратынскі, А.Адоеўскі і У.Адоеўскі, ранні А.Пушкін, М.Лермантаў) і праўдападобнасці і гіст. канкрэтнасці рэалізму. Рус. рамантызм даў сапраўдныя ўрокі грамадзянскасці і вальналюбства, суб’ектывізаваў і індывідуалізаваў мастацтва слова, паглыбіў яго спавядальны, маналагічны характар. Ён адкрыў новага героя — змагара за свабоду, вызваліў л-ру ад класіцысцкай нарматыўнасці. Пісьменнікі-рамантыкі ўважліва ставіліся да выкарыстання фальклору, да стварэння ў л-ры нац. каларыту, аднаўлення гераічных старонак нар. гісторыі. У іх творах выразна акрэслівалася асоба мастака як творчай індывідуальнасці, самаахвярнага змагара за ідэалы свабоды і братэрства.

Творчасць Крылова і А.Грыбаедава спрыяла развіццю выпрацаваных раней рэаліст. тэндэнцый, складванню іх у сістэму ідэйна-эстэт. асваення рэчаіснасці, якая і прадвызначыла рэалізм як маст. кірунак. Байкі Крылова — узор беражлівых адносін да нар. поглядаў, маралі, этыкі. У іх — непаўторнасць характару народа, яго мудрасць і годнасць. Камедыя Грыбаедава «Гора ад розуму» — адзін з самых надзённых і вольналюбівых твораў драматургіі 19 ст. Пачынальнік новай рус. л-ры Пушкін упершыню паставіў многія вядучыя праблемы рус. л-ры: народ як гіст. сіла і маральны крытэрый («Барыс Гадуноў»); асоба ў яе ўзаемаадносінах з асяроддзем і абставінамі («Яўген Анегін», «Медны коннік»), лёс «маленькага чалавека» (цыкл «Аповесці Белкіна»); улада грошай над чалавечымі душамі («Пікавая дама») і інш. Лермантаў сінтэзаваў прынцыпы рамант. і рэаліст. мастацтва ў паэмах «Мцыры» і «Дэман», стварыў першы ў рус. л-ры псіхал. раман «Герой нашага часу». М.​Гогаль замацаваў традыцыі рэаліст. метаду, яго новай мадыфікацыі — крытычнага рэалізму, стаў прадвеснікам мадэрнісцкіх пошукаў у слоўнай творчасці. Крытык В.Бялінскі падтрымаў і тэарэтычна абгрунтаваў наяўнасць у тагачасным мастацтве рэв.-грамадзянскага і маральна-пошукавага кірункаў. Першы кірунак быў прадстаўлены рэв. дэмакратамі М.Чарнышэўскім (раман «Што рабіць?»), М.Дабралюбавым (крытыка), творамі М.Някрасава (грамадз. лірыка, паэмы «Чыгунка», «Каму на Русі жыць добра»), М.Салтыкова-Шчадрына (нарысы, казкі, раманы «Гісторыя аднаго горада», «Паны Галаўлёвы»), часткова У.Гаршына, М.Ляскова, Дз.Маміна-Сібірака, М.Памялоўскага, Ф.Рашэтнікава, В.Сляпцова, а ў канцы 19 ст. — пралетарскімі пісьменнікамі, у першую чаргу М.Горкім. Другі кірунак прадстаўлялі сваімі раманамі І.Ганчароў, І.Тургенеў, Ф.Дастаеўскі, Л.Талстой, апавяданнямі і п’есамі А.Чэхаў, п’есамі А.Астроўскі. Тургенеў, Ганчароў, Дастаеўскі змагаліся супраць зла, сцвярджалі ідэі дабра і справядлівасці, даследавалі складаны духоўны свет чалавека. Дзякуючы ім на перадавыя пазіцыі ў літ. працэсе выйшаў раман, неад’емнай рысай мастацтва стаў глыбокі псіхалагізм. Рэв. ідэям Талстой проціпаставіў ідэю маральнага ўдасканалення чалавека і чалавецтва ў цэлым, устаноўку на пошук гармоніі нерэв. шляхам (раманы «Вайна і мір», «Ганна Карэніна», «Уваскрэсенне», аповесць «Хаджы-Мурат» і інш.). Блізкім да яго быў шлях у л-ры Чэхава, які маральнае зло ставіў вышэй за сацыяльнае і выводзіў адно з аднаго. У п’есах Астроўскага выкрывалася змрочнае царства цемры. Ф.Цютчаў замацаваў і развіў традыцыі філас. лірыкі Яскравую старонку рус. л-ры склала творчасць А.Фета, Г.Успенскага, У.Караленкі, І.Аксакава, С.Аксакава, К.​Лявонцьева. У канцы 19 ст. ў л-ру прыйшлі «малодшыя рэалісты» І.Бунін, А.Купрын, В.Верасаеў, Л.Андрэеў, І.Шмялёў, Б.Зайцаў і інш.; пісьменнікі сацыяліст. арыентацыі М.​Горкі, А.Серафімовіч, пралетарскія паэты, а таксама дэкадэнты (раннія сімвалісты). У 1910-я г. пачалася творчасць «неарэалістаў» А.М.Талстога, М.Прышвіна, К.Транёва, В.Шышкова, «новасялянскіх» паэтаў М.Клюева, С.Ясеніна і інш. На аснове рэаліст. традыцыі развівалася сатыра (А.Аверчанка, Н.Тэфі, С.Чорны). Зарадзіўся футурызм. Рэакцыяй на пазітывізм і эмпірызм стаў сімвалізм, які грунтаваўся на метафіз., інтуітыўным спасціжэнні тайнаў светабудовы праз суб’ектыўнае ўспрыманне творцы. Старэйшыя сімвалісты (Дз.Меражкоўскі, З.Гіпіус, В.Брусаў, К.Бальмонт, У.Салаўёў) спадзяваліся на рэліг. ператварэнне свету, «младасімвалісты» (А.Блок, А.Белы, В.Іванаў і інш.) — на яго эстэт. пераўтварэнне па законах прыгажосці На змену сімвалізму прыйшоў акмеізм (М.Гумілёў, Г.Ахматава, В.Мандэльштам, С.Гарадзецкі), які вярнуў паэзію ад абагульненай сімволікі да прадметна-канкрэтнай вобразнасці. Сімвалізм і акмеізм узбагацілі л-ру эстэт. адкрыццямі, паэт. культурай, засвоенай спадчынай айч. і сусв. л-ры. Футурызм вылучаўся агрэсіўна-прагматычным характарам, гуманіст. пафасам і антыбурж. скіраванасцю, разрывам з класічнай традыцыяй, «разбурэннем эстэтыкі», але футурысты (асабліва В.Хлебнікаў і У.Маякоўскі) адкрылі нявыкарыстаныя рэсурсы паэт. мовы, рэфармавалі вершаваную сістэму. Для л-ры да 1917 характэрны барацьба і ўзаемадзеянне рэаліст. і нерэаліст. тэндэнцый, узнікненне прамежкавых маст. з’яў: сінтэз рэалізму і рамантызму ў ранніх творах М.​Горкага, рэалізму і экспрэсіянізму ў творчасці Андрэева, рэалізму і імпрэсіянізму ў ранніх Буніна і Зайцава, неакласічныя тэндэнцыі ў творчасці М.Валошына, У.Хадасевіча. Гэта сведчанне разнастайнасці і унікальнасці рус. л-ры таго перыяду.

Пасля 1917 у Расіі пачаўся працэс фарміравання новай л-ры. У перыяд грамадз. вайны л-ра выконвала пераважна агітацыйна-прапагандысцкую функцыю, але яе змест не абмяжоўваўся рэв. тэматыкай. Рэвалюцыя і грамадз. вайна паказваліся ў гіпербалічных, алегарычных, сімвалічных вобразах («Дванаццаць» Блока, рэв. паэмы Ясеніна, «150 000 000» і «Містэрыя-буф» Маякоўскага), у масавых тэатр. «дзействах», у абстрактных вобразах паэзіі Пралеткульта. У 1-й пал. 1920-х г. рус. л-ра развівалася ва ўмовах адноснай свабоды творчасці, суіснавання літ. груп («Серапіёнавы браты», «ЛЕФ», «Перавал», Расійская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў, канструктывісты), розных кірункаў (рэалізм, рамантызм, сімвалізм), эксперыментавання ў галіне мовы. Неадназначна вырашаліся асн. праблемы часу: рэвалюцыя і гуманізм, стыхійнасць і свядомасць, герой і народ, асоба і грамадства. Грамадз. вайна паказвалася з класавых пазіцый («Жалезны паток» Серафімовіча, «Разгром» А.Фадзеева, «Чапаеў» Дз.Фурманава, «Данскія апавяданні» М.Шолахава) і з пазіцый надкласавых, агульначалавечых («Белая гвардыя» М.Булгакава, «Лебядзіны стан» М.Цвятаевай, вершы пра грамадз. вайну Валошына). З творчымі пошукамі звязаны тэмы рэвалюцыі і інтэлігенцыі («Гарады і гады» К.Федзіна, «Зайздрасць» Ю.Алешы, «Вар’яцкі карабель» В.Форш, «Севастопаль» А.Малышкіна і інш.), рэвалюцыі ў вёсцы (Л.Лявонаў, У.Іванаў, А.Нявераў, Л.Сейфуліна і інш.). У гады нэпа ў вострай палеміцы вырашаліся праблемы маралі, кахання, сям’і. У пэўных межах дапускалася сатыра на бюракратызм і мяшчанства (Булгакаў, М.Зошчанка, Ільф і Пятроў, Маякоўскі). Але з сярэдзіны 1920-х г. узмацніўся класавы падыход да рэчаіснасці, сцвярджалася перамога рэв. абавязку над пачуццём («Любоў Яравая» Транёва, «Сорак першы» Б.Лаўранёва). Гіст. мінулае ацэньвалася з пункту гледжання класавай барацьбы, гіст. проза 1920-х г. грунтавалася на антыцарскай канцэпцыі («Апрануты каменем» Форш, «Кюхля» Ю.​Тынянава, «Разін Сцяпан» А.Чапыгіна). Раманам «Цэмент» Ф.Гладкова пачалася распрацоўка наватарскай тэмы працы. Дасягненне прозы 1920-х г. — зараджэнне жанру рамана-эпапеі («Жыццё Кліма Самгіна» М.​Горкага, 2 кнігі трылогіі «Блуканне па пакутах» А.​М.​Талстога, 2 кнігі «Ціхага Дона» Шолахава). Рамантычна-абагульнены стыль прозы першых паслярэв. гадоў змяніўся рэаліст. паказам характараў і падзей. Адкрыццём у паэзіі з’явіліся наватарскія лірыка і «лірычны эпас» Маякоўскага. Значны ўклад у паэзію Ясеніна, М.Асеева, Э.Багрыцкага, М.Забалоцкага, У.Лугаўскога; Б.Пастарнака, І.Сяльвінскага, М.Ціханава і інш. Ранняя сав. драматургія, пераадолеўшы абстрактнасць і побытавасць, раскрывала гіст. падзеі праз лёс асобы і ўзаемадзеянне характараў («Браняпоезд 14—69» У.​Іванава, «Разлом» Лаўранёва і інш.). 1930-я г. — перыяд складанага і супярэчлівага развіцця рус. л-ры. Негатыўны ўплыў зрабіў нарматыўны метад сацыялістычнага рэалізму. Аднак насуперак яго канонам былі створаны значныя творы, лепшыя з якіх адлюстравалі самаадданую працу, масавы энтузіязм народа, раскрылі філас., маральную і эстэт. значнасць працы («Соць» Лявонава, «Людзі з глухамані» А.​Малышкіна, апавяданні А.Платонава, «Узнятая цаліна» Шолахава, творы пра гармонію чалавека з прыродай Прышвіна, К.Паустоўскага) і інш. У л-ры сцвердзілася канцэпцыя гераічнай асобы, якая фактычна ігнаравала яе самакаштоўнасць. Небяспеку стандартызацыі чалавека ў таталітарнай дзяржаве прадказваў Я.Замяцін у антыутопіі «Мы». Супраць міфа пра сацыяліст. рай, супраць пабудовы сацыялізму любой цаной скіраваны антыутопіі «Катлаван», «Чавянгур», «Ювенільнае мора» Платонава. На агульным фоне шматлікіх твораў пра грамадз. вайну, пра правадыроў і герояў асабліва вылучыўся «Ціхі Дон», у якім Шолахаў паказаў, што жыццё больш універсальнае і багатае, чым ідэі класавай барацьбы, што вольналюбівы чалавек здольны супраціўляцца гвалту над сабой. А.​М.​Талстой у эпапеі «Блуканне па пакутах» пайшоў на кампраміс з уладай і сфальсіфікаваў некат. моманты грамадз. вайны; у рамане «Пётр Першы» ён пераадолеў антыцарскую канцэпцыю, паказаў і адмоўны, і прагрэсіўны бакі рас. дзяржаўнасці. Шырокім ахопам падзей вылучаліся рэв.-гіст. і ваен.-гіст. раманы «Угрум-рака» Шышкова, «Емяльян Пугачоў» і «Цусіма» А.Новікава-Прыбоя, «Гарачая пара ў Севастопалі» С.Сяргеева-Цэнскага. У паэзіі ўзмацніліся рысы эпічнасці (паэмы А.Твардоўскага, П.Васільева, Л.Мартынава). У драматургіі распрацоўвалася героіка-рэв. тэматыка («Першая Конная» і «Аптымістычная трагедыя У.Вішнеўскага, «Чалавек з ружжом» і «Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна), псіхал. драма («Таня» А.Арбузава, «Машачка» А.Афінагенава). Развівалася дзіцячая л-ра (К.Чукоўскі, С.Маршак, А.Гайдар і інш.). Л-ра канца 1930-х г. усё глыбей напаўнялася антываен. і антыфаш. пафасам (творы Афінагенава, Ціханава, І.Эрэнбурга). Яна паказвала трыумф, але прыхоўвала трагедыю часу — масавыя рэпрэсіі. У гэтыя гады цяжка складваўся лёс многіх таленавітых пісьменнікаў.

Вызначальная рыса рус. л-ры часоў Вял. Айч. вайны — аптымізм, вера ў перамогу над ворагам, гуманізм. Масаваму гераізму народа, подзвігам воінаў і партызан прысвечаны публіцыст. артыкулы і нарысы А.​М.​Талстога, Шолахава, Лявонава, Эрэнбурга, Фадзеева, К.Сіманава і інш., аповесці «Няскораныя» Б.​Гарбатава, «Дні і ночы» Сіманава, «Валакаламская шаша» А.Бека, раман «Маладая гвардыя» Фадзеева, паэмы «Пулкаўскі мерыдыян» В.Інбер, «Сын» П.Антакольскага, «Зоя» М.Алігер, вершы Дз.Беднага, В.Лебедзева-Кумача, М.Ісакоўскага, С.Шчыпачова, А.Суркова, Сяльвінскага і інш. Л-ра ваен. гадоў прадаўжала гераічныя традыцыі рус. класічнай л-ры і фальклору («Рускі характар» А.​М.​Талстога, «Навука нянавісці», «Яны змагаліся за Радзіму» Шолахава). Вышэйшым увасабленнем самасвядомасці народа з’явіліся паэма-эпапея «Васіль Цёркін» Твардоўскага. Традыцыям рус. воінскай славы прысвечаны «Порт-Артур» А.​Сцяпанава, часткі «Брусілаўскі прарыў» і «Пушкі выстаўляюць» эпапеі «Ператварэнне Расіі» Сяргеева-Цэнскага.

Л-ра пасляваен. 10-годдзя прадаўжала маст. асэнсаванне подзвігу народа ў Вял. Айч. вайну: «Аповесць пра сапраўднага чалавека» Б.​Палявога, «Зорка» Э.​Казакевіча, «У акопах Сталінграда» В.​Някрасава, «Бура» Эрэнбурга, паэзія К.​Ваншэнкіна, Ю.​Друнінай, М.​Луконіна, С.​Нараўчатава, Р.​Пажаняна, М.​Старшынава і інш. Аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, працоўныя будні горада і вёскі паказаны ў раманах «Далёка ад Масквы» В.​Ажаева, «Кружыліха» В.​Пановай, «Вадзіцелі» А.​Рыбакова, «Вышыня» Я.​Вараб’ёва, «Журбіны» У.​Кочатава, «Жніво» Г.​Нікалаевай і інш., у нарысах «Раённыя будні» В.​Авечкіна. Дасягненнем пасляваен. прозы стаў раман Лявонава «Рускі лес», які адыграў вял. ролю ў выхаванні патрыятызму, разумных адносін да прыроды. Найб. актуальныя тэмы тагачаснай паэзіі — пераход ад вайны да мірнай працы («Дом ля дарогі» Твардоўскага, «Рабочы дзень» Луконіна), барацьба за мір (цыклы вершаў Сіманава, Ціханава, Суркова і інш.). На развіццё л-ры, асабліва драматургіі, тады адмоўна паўплывалі тэорыі станоўчага героя і бесканфліктнасці.

Літ. жыццё актывізавалася на мяжы 1950—60-х г. на хвалі дэмакр. ўздыму пасля развянчання культу асобы Сталіна. Актам маральнага прасвятлення грамадства стала публікацыя аповесці «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» А.​Салжаніцына. Апавяданне Салжаніцына «Матронін двор» паклала пачатак т.зв. вясковай прозе (Ф.​Абрамаў, В.​Бялоў, Б.​Мажаеў, В.​Распуцін) з яе суровай праўдай пра жыццё вёскі і становішча сялянства. Раманы «Рускі лес» Лявонава, «Асударава дарога» Прышвіна, «Майстар і Маргарыта» Булгакава садзейнічалі развіццю філас. рамана. У раманах «Цар-рыба» В.​Астаф’ева, «Камісія» С.​Залыгіна, аповесцях У.​Цендракова і інш. ставіліся пытанні ўзаемаадносін чалавека з прыродай і людзьмі, праблемы творчасці. Змяніўся характар прозы пра Вял. Айч. вайну. Пачынаючы з «Жывых і мёртвых» Сіманава, вайна стала паказвацца ў яе гераічнай і трагічнай цэльнасці, на ўзроўні філас. абагульненняў і маральнага падыходу, паглыбленага псіхалагізму. Пашырыўся лірычны кірунак (В.​Бергольц, Паустоўскі, У.​Салаухін, С.​Круцілін, Ю.​Казакоў). Настрой «шасцідзесятнікаў» энергічна выявіла маладая паэзія (Б.​Акуджава, А.​Вазнясенскі, У.​Высоцкі, Я.​Еўтушэнка, Р.​Раждзественскі). Творчым развіццём фалькл. тэм і вобразаў, песеннасцю пазначана паэзія У.​Сакалова, А.​Дзяменцьева, М.​Дарызо, Л.​Ашаніна, С.​Вікулава, М.​Трапкіна і інш. Філас.; лірыку ўзбагацілі Антакольскі, Асееў, Твардоўскі, Мартынаў, Маршак, Я.​Вінакураў, М.​Святлоў, А.​Таркоўскі, Д.​Самойлаў і інш. Спалучэнне глыбока асабістага з роздумам пра Радзіму і час характэрна для паэзіі С.​Арлова, А.​Жыгуліна, А.​Межырава, Нараўчатава, Салаухіна, Б.​Слуцкага, Я.​Смелякова, В.​Тушновай, В.​Фёдарава, А.​Яшына і інш. Імкненне асэнсаваць супярэчнасці стагоддзя і пошукі новай гармоніі ўласцівы паэзіі Л.​Васільевай, Ю.​Кузняцова, М.​Рубцова, А.Чухонцава і інш. У 1960—70-я г. дасягнула апагея ваен. проза, пашырыла сферу паказу і дамаглася жанрава-стылявой разнастайнасці («Гарачы снег» і «Бераг», Ю.​Бондарава, аповесці і апавяданні Р.​Бакланава, Б.​Васільева, В.Кандрацьева і інш.). «Гарадская проза» (Р.​Кірэеў, У.​Маканін, Ю.​Трыфанаў і інш.) выявіла сімптом бездухоўнасці, мяшчанскай псіхалогіі ў жыцці інтэлігенцыі. Гэта была рэакцыя на грамадскі застой, які пачаўся з 2-й пал. 1960-х г. Л-ра дыягнаставала сац. хваробы грамадства («Сумны дэтэктыў» Астаф’ева, «Пажар» Распуціна). Пашырылі межы і навукова-сац. фантастыка (К.​Булычоў, А. і Б. Стругацкія, І.​Яфрэмаў і інш.), прыгодніцкая і дэтэктыўная л-ра (А. і Г. Вайнеры, Ю.​Сямёнаў і інш.). Дзіцячая л-ра прадстаўлена прозай В.​Драгунскага, А.​Ліханава, С.​Міхалкова, В.​Мядзведзева, М.​Носава, Рыбакова, паэзіяй С.​Баруздзіна, В.​Берастава, Б.​Захадэра, Міхалкова, І.​Такмаковай, Э.​Успенскага і інш. Сфарміраваліся л-ра трэцяй хвалі пісьменніцкай эміграцыі (В.​Аксёнаў, Г.​Уладзімаў, С.​Даўлатаў, У.​Максімаў і інш.), авангардызм (І.​Жданаў, Дз.​Прыгаў, Л.​Рубінштэйн і інш.) і постмадэрнізм.

Асабліва дынамічны і драм. перыяд развіцця рус. л-ры з канца 1980-х г. выкліканы зменамі паліт. і эканам. ладу ў Расіі. Вызваленне ад цэнзуры, легалізацыя забароненай і эмігранцкай л-ры надалі л-ры шырокае дыханне. Пасля публікацыі «Архіпелага ГУЛАГа» Салжаніцына актывізавалася «лагерная тэма» (В.​Шаламаў, Рыбакоў, Ю.​Дамброўскі). У канцы 1980-х г. упершыню апублікаваны «Рэквіем» Ахматавай, «Па праву памяці» Твардоўскага, «Доктар Жывага» Пастарнака, «Жыццё і лёс» В.​Гросмана, «Факультэт непатрэбных рэчаў» Дамброўскага, антыутопіі Платонава, сатыр. аповесці Булгакава. Даступнымі сталі творы да таго часу невядомых ці забытых пісьменнікаў (М.​Алданаў, Валошын, Гумілёў, Г.​Іванаў, У.​Набокаў, В.​Розанаў, А.​Рэмізаў, Хадасевіч і інш.). Вярнуліся з эміграцыі І.​Адоеўцава, У.​Вайновіч, А.​Зіноўеў, Салжаніцын і інш. Крытыка пераглядала традыц. тэмы сав. л-ры, найперш тэму калектывізацыі. Радыкальная пераацэнка творчасці М.​Горкага, Маякоўскага, А.​М.​Талстога, Шолахава паступова змянілася аб’ектыўным падыходам. Побач з шырока разгалінаванай маст. сістэмай рэалізму сфарміравалася маст. сістэма постмадэрнізму з яго варыянтамі («мета-метафарызм», канцэптуалізм, сац-арт і інш.). Жывы струмень постмадэрнізму ўзбагаціў л-ру таленавітымі творамі («Школа для дурняў» С.​Сакалова, «Масква—Петушкі» Венядзікта Ерафеева, «Амон Ра», «Жыццё насякомых» В.​Пялевіна), але і дыскрэдытаваў чалавека, проціпаставіў розуму культ цела, фізіялогію, паталогію (Віктар Ерафееў, Ю.​Мамлееў, У.​Сарокін).

Проза канца 20 — пач. 21 ст. выяўляе сац. супярэчнасці, адкрывае новыя псіхал. тыпы (нуварыш, аўтсайдэр, бомж), герояў «безгеройнага» часу, засяроджваецца гал. чынам на цяжкім лёсе «маленькага» і «сярэдняга» чалавека, паступова пераадольвае ранейшую бязвыхаднасць, песімізм, бытапісанне і падыходзіць да задачы «аднаўлення» чалавека. У асобных выпадках проза ўздымаецца да «вечных тэм» быцця, грунтуецца на дыхатаміі Дабра і Зла, Хрыста і Антыхрыста (раман Лявонава «Піраміда», апубл. ў 1994, які паставіў пытанне пра чалавечую цывілізацыю, што апынулася на ракавой мяжы самазнішчэння). Значны ўклад у сучасную прозу А.​Бітава, В.​Ганічава, М.​Кураева, Ю.​Палякова, Л.​Петрушэўскай, А.​Праханава, Т.​Талстой, В.​Токаравай і інш. Развіваецца гіст. проза (Дз.​Балашоў, Л.​Барадзін, А.​Сегень, Ю.​Фёдараў і інш.). Драматургія спрабуе асэнсаваць канфлікты часу перабудовы (У.​Аро, А.​Галін, А.​Казанцаў, М.​Каляда, М.​Арбатава, В.​Рысееў і інш.). У сучаснай паэзіі працуюць Б.​Ахмадуліна, Ваншэнкін, Р.​Казакова, Кузняцоў, П.​Кошаль, С.​Куняеў, В.​Ліпневіч, І.​Ляпін, Ю.​Морыц, В.​Сарокін, У.​Фірсаў, І.​Шклярэўскі і інш.

Руска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі маюць даўнія традыцыі. Бел. і рус. стараж. л-ры развіваліся ў межах адных і тых жа літ. жанраў, на агульнай жыццёвай аснове. Значную ролю ў станаўленні л-р абодвух народаў у стараж. часы адыгралі агульныя літ. помнікі: «Слова аб палку Ігаравым», «словы» Кірылы Тураўскага, рэгіянальныя летапісы, перакладная л-ра. Вял. значэнне для ўмацавання сувязей мела дзейнасць заснавальніка ўсх.-слав. і бел. кнігадрукавання Ф.​Скарыны. Традыцыі «Слова аб палку Ігаравым» адчувальныя ў помніку стараж. бел. л-ры — паэме Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Агульная для бел. і рус. л-р 2-й пал. 17—18 ст. была творчасць Сімяона Полацкага і Андрэя (Яна) Белабоцкага. Фанвізін у лістах з дарогі ў Парыж апісаў гарады Мінск, Оршу, Стоўбцы, Мір, Слонім і інш. Яму належала в. Лісна (Верхнядзвінскі р-н), дзе ён працаваў над апошняй сваёй камедыяй «Выбар гувернёра». На Беларусі пасля яе далучэння да Расіі (канец 18 ст.) распаўсюджваліся творы рус. пісьменнікаў. Літ. сувязі паміж народамі-суседзямі ніколі не перапыняліся, асабліва ўмацаваліся яны ў 19 ст., калі Вільня і Пецярбург сталі асяродкамі шматнац. культуры і л-ры. У гэты час многія рус. і бел. маст. творы з’явіліся на агульнай аснове («Энеіда навыварат» В.​Равінскага і падобны рускамоўны твор М.​Осіпава). Паэма «Тарас на Парнасе» арыентуе чытача на ўспрыманне і высокую ацэнку творчасці класікаў рус. л-ры Пушкіна, Лермантава, Жукоўскага, Гогаля. Асветніцкія, гуманістычныя ідэалы польскамоўнай л-ры Беларусі (А.​Міцкевіч, У.​Сыракомля, Я.​Чачот і інш.) жывіліся творчасцю рус. класікі. З жыццём беларусаў былі знаёмыя Дзяржавін, Вяземскі, Рылееў, А.​Бястужаў-Марлінскі, Глінка. Бел. зямля — радзіма Дастаеўскага і Ф.​Булгарына. Першыя выступленні ў друку Грыбаедава звязаны са службай у Кобрыне і Брэсце, дзе ён знаёміўся з побытам і вуснай нар. творчасцю беларусаў, назіраў за будучымі прататыпамі сваіх твораў. Жыццём бел. народа цікавіліся Пушкін (сюжэт і лёс гал. героя рамана «Дуброўскі» ўзяты з бел. жыцця), Лермантаў (паводле бел. гісторыі напісаны паэмы «Ліцвінка» і «Баярын Орша»), Рылееў (дума «Рагнеда»), Гогаль. Някрасаў адзін з першых у рус. паэзіі стварыў вобраз беларуса (паэма «Чыгунка»). З глыбокай павагай пісаў пра беларусаў Дабралюбаў. У арт. «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» ён выкрываў выдумкі пра «забітасць» і адсталасць бел. сялянства. На рус. мову перакладалі бел. фальклорныя творы А.​Майкаў, М.​Гербель. Ляскоў падарожнічаў з В.​Каратынскім па Беларусі, на бел. матэрыяле напісаў антынігілістычныя раманы «Няма куды» (пра паўстанцаў 1863—64) і «На нажах». На бел. матэрыяле створаны і некат. творы Рашэтнікава, І.​Лажэчнікава, К.​Масальскага, У.​Крастоўскага. Ад падарожных нататкаў, успамінаў, артыкулаў, паліт. трактатаў, вершаў і гісторыка-этнагр. нарысаў л-ра пераходзіла да стварэння абагульненага вобраза бел. народа, да маст. ўвасаблення яго духоўнага свету. Традыцыі рус. рэалістычнай вольналюбівай л-ры шанавалі і выкарыстоўвалі Ф.​Багушэвіч, А.​Гурыновіч, Я.​Лучына і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. вывучэнне бел. краю на навук. аснове вялі М.​Без-Карніловіч, П.​Шпілеўскі, І.​Насовіч, Е.​Раманаў, Я.​Карскі, П.​Шэйн, М.​Нікіфароўскі, якія знаёмілі рас. чытача з маст. л-рай, звычаямі, фальклорам беларусаў. На працы Без-Карніловіча і Шпілеўскага адгукнуўся ў друку Чарнышэўскі. Для прапаганды бел. л-ры ў рас. друку шмат зрабіў А.​Пагодзін, у полі зроку якога апынулася творчасць Багушэвіча, Я.​Лучыны, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча. У Пецярбургу Я.​Купала пад уплывам сімвалістаў напісаў драму «Раскіданае гняздо», пазней — паэмы «На Куццю», «Адвечная песня» (уплыў Андрэева). Свой зб. «Шляхам жыцця» ён падпісаў Брусаву і Бальмонту. У многіх творах Цёткі паказана жыццё пецярбургскіх студэнтаў і рабочых. У Пецярбургу была створана выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца», дзе выдадзены першыя кнігі Я.​Купалы («Жалейка») і Я.​Коласа («Песні-жальбы»), у 1912—14 дзейнічаў Беларускі навукова-літаратурны гурток. Важнае значэнне мелі прызнанне і высокая ацэнка творчасці Я.​Купалы і Я.​Коласа М.​Горкім, які адзначыў прастату, народнасць, меладычнасць іх твораў, пераклаў на рус. мову верш Я.​Купалы «А хто там ідзе?», прыраўняўшы яго да гімна беларусаў. Я.​Купала, Цётка, Ц.​Гартны прызнавалі ўплыў на сваю творчасць Пушкіна, Лермантава, Някрасава, Гогаля, Л.​Талстога. Багдановіч частку твораў напісаў на рус. мове, пераклаў на яе зб. вершаў «Вянок», апублікаваў артыкулы на рус. мове пра творчасць Ламаносава, Баратынскага, С.​Дрожжына і інш. рус. пісьменнікаў. Творчасцю бел. паэтаў цікавіўся Брусаў. Ён стаў адным з першых перакладчыкаў вершаў Я.​Купалы на рус. мову. Творы Я.​Купалы ў дакастр. час. перакладаў і А.​Карынфскі. Служба на тэр. Беларусі ў гады 1-й сусв. вайны адбілася на творчасці Блока. У канцы 19 ст. зроблены першыя пераклады на бел. мову асобных твораў рус. паэзіі (вершы Пушкіна, Някрасава, А.​К.​Талстога, байкі Крылова ў перакладах Гурыновіча, Багушэвіча, А.​Абуховіча; апавяданне «Сігнал...» У.​Гаршына). У 1903 М.​Косіч выдала ў Чарнігаве зборнік вольных наследаванняў «Пералажэнне некаторых баек Крылова на беларускую мову». Бел. тэматыкай цікавіўся Бунін. Газ. «Наша ніва» друкавала ў перакладзе на бел. мову творы Л.​Талстога, Тургенева, Чэхава, М.​Горкага, Караленкі, Брусава, урыўкі з артыкулаў Бялінскага, адзначала юбілеі Л.​Талстога, Гогаля і інш. Артыкулы пра творчасць рус. пісьменнікаў, іх творы змяшчалі газеты, што выходзілі на Беларусі («Северо-Западный край», «Голос провинции», «Минский курьер» і інш.).

Пасля 1917 літ. сувязі паміж Беларуссю і Расіяй паглыбіліся. Больш частымі сталі творчыя кантакты (прыезды на Беларусь Маякоўскага, Пастарнака, Сіманава і інш. пісьменнікаў). Плённымі формамі сувязей сталі ўзаемныя пераклады твораў, святкаванні юбілеяў, з’езды пісьменнікаў, дэкады л-ры і мастацтва і інш. Я.​Купала зрабіў пераклады на бел. мову «Слова аб палку Ігаравым» — празаічны (1919) і вершаваны (1921). Бел. газеты і часопісы («Звязда», «Беларуская вёска», «Маладняк», «Полымя» і інш.) друкавалі творы Маякоўскага, Дз.​Беднага, «камсамольскіх паэтаў» А.​Жарава, А.​Безыменскага, Святлова. У 1920—30-я г. творы рус. пісьменнікаў перакладалі З.​Астапенка («Маці» М.​Горкага), П.​Броўка («Уладзімір Ільіч Ленін» Маякоўскага), М.​Гарэцкі (апавяданні М.​Горкага, «Разгром» Фадзеева), М.​Грамыка (творы Л.​Талстога), І.​Дварчанін і А.​Дудар («Дванаццаць» Блока), М.​Зарэцкі («Цэмент» Гладкова), Я.​Колас («Палтава» Пушкіна), К.​Крапіва (творы Фанвізіна, Крылова, Пушкіна, Гогаля, Астроўскага, Маякоўскага), Я.​Купала («Медны коннік» Пушкіна), А.​Куляшоў («Цыганы» Пушкіна), Р.​Лынькоў і В.​Вітка («Добра!» Маякоўскага), М.​Багун, С.​Баранавых, Р.​Бахта, М.​Клімковіч, Я.​Скрыган, Ю.​Таўбін, К.​Чорны, А.​Якімовіч і інш. Засваенне традыцый рус. класікі стала важным фактарам развіцця бел. л-ры. Пушкін паўплываў на станаўленне бел. паэзіі (Я.​Купала, Я.​Колас, Багдановіч), рус. класічны раман садзейнічаў нараджэнню гэтага жанру ў бел. л-ры (Ц.​Гартны, К.​Чорны, П.​Галавач і інш.). Філас. пошукі К.​Чорнага абумовілі яго цікавасць да творчасці Дастаеўскага, М.​Горкага. Горкаўскія традыцыі шмат у чым паўплывалі на творчасць М.​Чарота, Ц.​Гартнага, Зарэцкага. Моцнае ўздзеянне на паэзію М.​Чарота, Броўкі, Куляшова зрабіў Маякоўскі; творчасць яго і Дз.​Беднага садзейнічала развіццю бел. сатыры. Уплыў Ясеніна адчуваецца ў паэзіі П.​Труса, Я.​Пушчы і інш. маладнякоўцаў. Плённай традыцыяй рус. л-ры стала імкненне знаёміць сваіх чытачоў са здабыткамі бел. л-ры. У 1919 у Маскве выйшла кніга Я.​Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (складальнік і рэдактар І.​Белавусаў). У 1920—30-я г. на рус. мове выдадзены творы Я.​Коласа «У палескай глушы», М.​Чарота «Апавяданні», Ц.​Гартнага «Трэскі на хвалях» і «Аповесці і апавяданні», Галавача «Праз гады», А.​Александровіча «Шчаслівая дарога»; «Анталогія беларускай літаратуры» і зб. «Паэзія Савецкай Беларусі». У 1931 М.​Горкі рэкамендаваў выдаць у серыі «Бібліятэка паэта» творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Коласа, Багдановіча. Серафімовіч у прывітанні 1-му з’езду БелАПП прадказаў росквіт бел. л-ры, раіў перакладаць яе на інш. мовы. Умацаванню рус.-бел. сувязей садзейнічалі 1-ы Усесаюзны з’езд сав. пісьменнікаў (1934), усенар. святкаванне юбілею Пушкіна (1937), 750-годдзя «Слова аб палку Ігаравым» (1938). У 1936 у Мінску адбыўся 3-і пленум праўлення Саюза сав. пісьменнікаў СССР, прысвечаны бел. і башкірскай л-рам, у перакладзе на бел. мову выйшла «Анталогія рускай савецкай паэзіі». Наладжваліся творчыя кантакты бел. пісьменнікаў з пісьменнікамі Масквы, Смаленска і інш. гарадоў. Вял. Айч. вайна вызначыла агульнасць тэм, ідэй, вобразаў у творах рус. і бел. пісьменнікаў. На рус. мове выдадзены кніга Я.​Купалы «Народ-мсцівец», зб-кі твораў бел. пісьменнікаў «За Савецкую Беларусь» і «Беларусь змагаецца», кнігі вершаў Я.​Коласа, Броўкі, П.​Панчанкі, паэма Куляшова «Сцяг брыгады», зб-кі «Апавяданні» і «Васількі» М.​Лынькова.

У пасляваенны час узаемадзеянне рус. і бел. л-р узмацняецца, пашыраюцца кантакты паміж пісьменнікамі і перакладчыцкая дзейнасць. На рус. мове выдаюцца найб. значныя творы бел. празаікаў, паэтаў, драматургаў (зб. «Паэты Беларусі», 1947; «Анталогія беларускай паэзіі», 1952; зб. «Беларускія апавяданні», 1955, і інш.). Адначасова на бел. мове выдадзены зб-кі «Паэты Ленінграда» (1948), «Рускія асілкі. Быліны» (1950), «Апавяданні ленінградскіх пісьменнікаў» (1951), анталогія «Руская савецкая паэзія» (1953) і інш. Актывізавалася вывучэнне ўзаемадзеяння рус. і бел. л-р (кн. М.​Клімковіча «Аб жыватворчым уплыве рускай літаратуры на беларускую літаратуру», 1955; В.​Івашына «М.​Горкі і беларуская літаратура пачатку XX ст.», 1956). Шмат увагі бел. л-ры аддаваў Фадзееў. У 1943 ён пісаў пра «Выбраныя творы» Я.​Купалы, што «даўно не чытаў больш чыстай кнігі»; у 1950-я г ў лістах да І.​Мележа, П.​Пестрака, М.​Паслядовіча, А.​Вольскага выказваў свае думкі і заўвагі пра раманы «Мінскі напрамак», «Сустрэнемся на барыкадах», «Святло над Ліпскам» і п’есу «Несцерка». Вял. роля ў папулярызацыі бел. л-ры належыць Твардоўскаму. Ён прысвяціў Беларусі вершы «Запрашэнне гасцей», «Мінская шаша», «Зяць і цешча» і інш., нарысы «У Віцебску», «Першы дзень у Мінску», «Сэрца народа», «Пра ластаўку», «Паездка ў Гродна», «Лявоніха», «Слаўны дзед», перакладаў на рус. мову бел. нар. песні, творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Куляшова, М.​Засіма, М.​Сурначова і інш. На бел. мову яго творы перакладалі Броўка, А.​Бялевіч, М.​Калачынскі, К.​Крапіва, Куляшоў, Р.​Няхай, А.​Русак, М.​Танк і інш. Твардоўскі прызнаваў уплыў на яго творчасць Я.​Купалы, сведчыў, што паэма Куляшова «Сцяг брыгады» паўплывала на яго паэму «Дом ля дарогі». Творчасці Куляшова ён прысвяціў арт. «Паэма «Сцяг брыгады» і «Сталасць таленту». Памяці Твардоўскага прысвечана паэма «Варшаўскі шлях» Куляшова. Побач з перакладчыцкай дзейнасцю інтэнсіўна развіваліся інш. формы літ. узаемасувязей, рэгулярна праводзіліся дэкады, тыдні, дні л-ры і мастацтва. У 1965 пачаў дзейнічаць Савет па бел. л-ры пры Саюзе пісьменнікаў СССР, які каардынаваў работу па літ. узаемасувязях. У перакладзе на рус. мову выдадзены зборы тв. Я.​Купалы (т. 1—3, 1982), Я.​Коласа (т. 1—4, 1951—52; т. 1—4, 1982—83), Броўкі (т. 1—4, 1981—82), В.​Быкава (т. 1—4, 1985—86) і інш. Творы рус. пісьменнікаў выдаваліся на Беларусі і ў арыгінале. Над перакладамі твораў бел. л-ры актыўна працавалі і працуюць рус. паэты Ісакоўскі, Пракоф’еў, М.​Рыленкаў, С.​Гарадзецкі, М.​Галодны, Дз.​Кавалёў, М.​Камісарава, К.​Шавялёва, І.​Шклярэўскі, перакладчыкі — А.​Астроўскі, М.​Гарбачоў, П.​Кабзарэўскі, Я.​Мазалькоў, Я.​Хелемскі, В.​Шчадрына і інш. Сведчанне сталасці бел. перакладчыцкай школы — зварот да тонкай лірыка-псіхал. прозы Паустоўскага, Казакова, метафарычнай паэзіі Ясеніна.

Многія рус. пісьменнікі звярталіся і звяртаюцца да бел. тэматыкі. Пра жыццё бел. народа, яго ўдзел у Вял. Айч. вайне, працоўныя будні пісалі Л.​Абухава (аповесці «Глыбінь-Гарадок» і «Віцьбічы»), В.​Кажэўнікаў (нарыс «Па дарогах Беларусі»), І.​Шток (п’еса «Гастэла»), Л.​Ракоўскі (аповесць «Канстанцін Заслонаў»), Б.​Касцюкоўскі (аповесць «Нітка Арыядны»), Вараб’ёў (раман «Зямля, да запатрабавання») і інш. Ваен. дарогі і памяць пра вайну навек зраднілі з бел. зямлёю Сіманава. Ён не раз прыязджаў на Беларусь, прысвяціў ёй многія старонкі свайго дзённіка «Розныя дні вайны» і раман «Апошняе лета», пераклаў на рус. мову паэму Таўлая «Таварыш». Бел. матэрыял выкарыстаны ў раманах «Касцёр» К.​Федзіна, «Вёрсты любві» А.​Ананьева, «Момант ісціны» У.​Багамолава, «Вайна» Стаднюка. Шырокі водгук у рус. л-ры атрымала гераічная абарона Брэсцкай крэпасці («Крэпасць над Бугам», «Брэсцкая крэпасць» і «Героі Брэсцкай крэпасці» С.​Смірнова, «Бессмяротны гарнізон» Сіманава, «Дзяўчына з Брэста» Ю.​Якаўлева, «Пеця Клыпа» М.​Лісянскага, «У спісах не значыўся» Васільева, зб-кі вершаў «Рэха ў граніце» і «Табе, Беларусь»). Беларусі прысвечаны вершы Дз.​Беднага, Вазнясенскага, Ю.​Воранава, Гарадзецкага, Я.​Далматоўскага, Ісакоўскага, Камісаравай, Кошаля, Куняева, Ляпіна, Пракоф’ева, Смелякова, Шавялёвай, паэма В.​Саянава «Белавежская аповесць» і інш. Вобраз Расіі паўстае ў вершах Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Вялюгіна, Я.​Каршукова, Куляшова, Е.​Лось, Панчанкі, Г.​Пашкова, А.​Пысіна, Ю.​Свіркі, У.​Скарынкіна, Э.​Скобелева, Б.​Спрынчана, В.​Спрынчана, М.​Танка, Я.​Янішчыц і інш.

У 1999 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» выйшла кніга «Роднасць: Анталогія братэрства», у якой змешчаны вершы, літ., публіцыст. эсэ бел. паэтаў пра Р., рус. паэтаў — пра Беларусь. На Беларусі жылі і працавалі рускамоўныя пісьменнікі Ю.​Багушэвіч, М.​Гарулёў, М.​Герасімаў, М.​Кругавых, У.​Машкоў, І.​Мяла, Г.​Папоў, П.​Харкоў, К.​Цітоў, І.​Шапавалаў, М.​Аляксееў, працуюць А.​Дракахруст, А.​Скарынкін, Скобелеў, Б.​Спрынчан, В.​Спрынчан, М.​Чаргінец, Э.​Ялугін, С.​Яўсеева і інш.

Шматгранныя сувязі рус. і бел. л-р удасканальваюцца, набываюць новыя формы, напр., творчае супрацоўніцтва пісьменнікаў («Блакадная кніга» Адамовіча і Граніна, ч. 1—2, 1977—81), літ.-знаўчыя даследаванні. У вывучэнне бел. л-ры зрабілі ўклад рус. даследчыкі Мазалькоў («Янка Купала», 1949, 5-е выд. 1961; «Якуб Колас», 1960; «Зямля, якая спявае», 1965), А.​Аўчарэнка («Сучасны беларускі раман», 1971, 2-е выд. 1978), І.​Вішнеўская («Камедыя на арбіце», 1979), Л.​Лазараў («Васіль Быкаў», 1979), І.​Дзядкоў («Васіль Быкаў», 1980). У сучасным літ.-знаўстве літ. ўзаемасувязі — прадмет і сродак вывучэння заканамернасцей літ. працэсу. Кожная праблема вывучаецца з улікам узаемасувязі і ўзаемадзеяння братніх л-р, найб. дэталёва даследуюцца традыцыі і наватарства, творчая індывідуальнасць пісьменнікаў, тыпалагічная агульнасць і адрозненні. Вывучэнню рус.-бел. сувязей прысвечаны працы Н.​Перкіна «У сям’і братніх літаратур» (1967), М.​Ларчанкі «Яднанне братніх літаратур» (1974), Р.​Бярозкіна «Звенні», А.​Ленсу «Дакастрычніцкая творчасць Я.​Купалы ў святле літаратурных сувязей і традыцый» (абедзве 1976), В.​Гапавай «Беларуска-рускае паэтычнае ўзаемадзеянне» (1979). Глыбока вывучаюцца традыцыі Л.​Талстога і Дастаеўскага ў бел. прозе (Адамовіч «Кузьма Чорны: Урокі творчасці», 1977; «Леў Талстой і беларуская літаратура: (Вайна і чалавек)», 1978), выявілася цікавасць даследчыкаў да шолахаўскай традыцыі ў творчасці Мележа і інш. празаікаў, да традыцыі Фадзеева, у творчасці якога спалучаліся трагедыйнасць і рамант. пафас. Рус. л-ру даследавалі і даследуюць бел. літ.-знаўцы А.​Жакаў, В.​Івашын, Л.​Кароткая, Ф.​Куляшоў, А.​Лемешаў, Г.​Няфагіна, І.​Скарапанава, А.​Станюта, С.​Чубакоў, А.​Шалемава і інш. Вывучэнне традыцый памагае глыбей зразумець наватарства і нац. спецыфіку бел. л-ры. Засвоіўшы вопыт. рус. л-ры, бел. л-ра ў сваю чаргу ўзбагаціла яе самабытнай паэзіяй, арганічна звязанай з фальклорам, наватарскімі адкрыццямі ў ваен. прозе (шырокі паказ партыз. вайны, захаванне памяці пра нар. вайну — «Я з вогненнай вёскі...» Адамовіча, Брыля, У.​Калесніка, 1975; аповесці Быкава і інш.). Да 200-годдзя з дня нараджэння Пушкіна выдадзены кнігі «Аляксандр Пушкін і Якуб Колас» М.​Тычыны, «А.​С.​Пушкін і Беларусь = А.​С.​Пушкин и Беларусь» (абедзве 1999) і інш. Выдатным дасягненнем бел. літ.-знаўцаў пад эгідай Ін-та л-ры імя Я.​Купалы з’яўляецца даследаванне «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (т. 1—4, 1993—95).

Архітэктура. З эпохі палеаліту даследчыкамі выяўлены паселішчы з прымітыўнымі жытламі зямляначнага ці паўзямляначнага тыпу. У неаліце пашырыліся наземныя пабудовы, паселішчы на палях. У эпоху энеаліту і бронз. веку рабілі пабудовы з бярвення. У 8—7 ст. да н.э. пашырыўся тып паселішча, абкружанага валам і частаколам. З 10 ст. ў рамках мастацтва Кіеўскай Русі развіваліся мясц. арх. школы (гл. Наўгародская школа дойлідства, Пскоўская школа дойлідства, Уладзіміра-Суздальская школа дойлідства). Перапыненае мангола-татарскім нашэсцем развіццё стараж.-рус. архітэктуры з канца 13 ст. аднавілася як працэс фарміравання ўласна рус. маст. культуры. Асаблівага росквіту дасягнула наўгародская школа, у пабудовах якой быў выпрацаваны новы тып храма з 3-лопасцевым або шчыпцовым завяршэннем. Будаваліся велічныя манастырскія ансамблі: Аляксандра-Неўская лаўра, Андронікаў манастыр, Валаамскі манастыр, Данскі манастыр, Кірыла-Белазерскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Новаіерусалімскі манастыр, Ноўгарад-Северскі Спаса-Праабражэнскі манастыр, Пскова-Пячорскі манастыр, Салавецкі манастыр, Ферапонтаў манастыр і інш. Вызначальная роля ў развіцці архітэктуры з 14 ст. належыць Маскве, якая сінтэзавала дасягненні мясц. школ (гл. Маскоўская школа дойлідства). У канцы 14 — пач. 15 ст. склаўся маскоўскі тып храма з павышанымі падпружнымі аркамі і ярусамі какошнікаў (Успенскі сабор «на Гарадку» ў г. Звянігарад). Да пач. 16 ст. склаўся велічны ансамбль Крамля Маскоўскага, у 16—17 ст.Пскоўскага крамля, Растоўскага крамля, пабудаваны крамлі ў Волагдзе, Зарайску, Каломне, Ніжнім Ноўгарадзе, Серпухаве, Смаленску, Туле і інш. У 16 ст. ў маскоўскім дойлідстве ўзнік своеасаблівы тып каменнага храма — вежа, крытая шатром (царква Ушэсця ў Каломенскім, Васіля Блажэннага храм у Маскве), будаваліся 4-стоўпныя мураваныя храмы з 5 купаламі (сабор Новадзявочага манастыра ў Маскве). Дамінавала драўлянае дойлідства: у свецкай архітэктуры найб. пашырыўся тып ізбы-зруба пад двухсхільным дахам, у культавай — кубічнага храма, унутр. прастора якога члянілася на паралельныя нефы слупамі, што падтрымлівалі скляпенні і 1—5 купалаў. У мураванай царк. архітэктуры пераважалі невял. цагляныя ці каменныя храмы без слупоў, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі.

З 17 ст. склаўся тып палаца-харомаў, які складаўся са зрубаў-церамоў, аб’яднаных пераходамі (царскі палац у Каломенскім, 1667—81). Зменшылася адрозненне паміж культавым і свецкім дойлідствам: унутр. прастора вырашалася як вял. светлая зала, узмацнілася роля лесвіц і аздобленых шатрамі ганкаў. У 2-й пал. 17 ст. архітэктура цэркваў набывала ўсё больш маляўнічы, «узорысты» характар (рэльефная муроўка, кафляныя ўстаўкі і інш.), асабліва ў пабудовах нарышкінскага барока. Узнік новы ярусны тып храма (царква Пакрова ў Філях пад Масквой, 1693—94, і інш.). Новыя гарады і крэпасці будаваліся на Пд і ў Сібіры. Высокім маст. узроўнем вызначаліся пабудовы ў Архангельску (Гасціны двор), Калузе (дом Корабавых), Пераслаўлі-Залескім, Пскове (палаты Паганкіных і дом Лапіна), Яраслаўлі (царква Іаана Прадцечы ў Талчкове) і інш. У 17—18 ст. вельмі цікавае своеасаблівае драўлянае дойлідства (арх. ансамбль на в-ве Кіжы, цэрквы ў Кондапазе). Пераўтварэнні Пятра I прывялі да карэнных змен у архітэктуры: з’явілася рэгулярная планіроўка ў духу еўрап. горадабудаўніцтва, выкарыстоўвалася ордэрная сістэма і інш. Пачалося буд-ва Пецярбурга, для чаго былі запрошаны еўрап. архітэктары Ж.​Б.​Леблон, Д.​Трэзіні, А.​Шлютэр і інш. У 1-й пал. 18 ст. дамінавала барока, на 2-ю пал. 18—1-ю чвэрць 19 ст. прыпадае станаўленне і росквіт рус. класіцызму і ампіру. Выдатныя ансамблі стварылі В.​Бавэ, В.​Бажэнаў, М.​Бенуа, А.​Вараніхін, Д.​Жылярдзі, А.​Захараў, Ч.​Камерон, М.​Казакоў, А.​Какорынаў, Дж.​Кварэнгі, І.​Корабаў, М.​Львоў, В.​Растрэлі, К.​Росі, І.​Староў, В.​Стасаў, Дз.​Ухтамскі, С.​Чавакінскі і інш. (гл. таксама Адміралцейства, Зімні палац, Ісакіеўскі сабор, Казанскі сабор, Летні сад, Петрадварэц, Петрапаўлаўская крэпасць, Смольны). У буйных загарадных сядзібах ясная і строгая класіцыстычная архітэктура палацаў спалучалася з характэрнымі для таго часу рэгулярнымі і пейзажнымі паркамі (гл. Абрамцава, Астанкіна, Кускова). У архітэктуры 2-й пал. 19 ст. пераважалі эклектыка і стылізацыя. У канцы 19 — пач. 20 ст. узніклі новыя горадабудаўнічыя ідэі: пасёлкі тыпу горада-сада (арх. У.​Сямёнаў), праекты новых раёнаў (І.​Фамін) і частковай рэканструкцыі (Л.​Бенуа) Пецярбурга. Пэўныя змены ў аблічча гарадоў унеслі мадэрн (Ф.​Лідваль, Ф.​Шэхтэль) і кірункі, якія выкарыстоўвалі традыцыі стараж.-рус. дойлідства (У.​Пакроўскі, А.​Шчусеў ў класіцызму (Фамін), рэнесансу (І.​Жалтоўскі). У 1920-я г. ствараліся новыя тыпы жылых і грамадскіх пабудоў — дамы-камуны, рабочыя клубы і інш. Пашырыліся плыні, якія распрацоўвалі функцыянальна-канструктыўныя ідэі, пабудовы вызначаліся геаметрычнасцю і строгасцю аб’ёмаў, рацыянальнасцю планіровачных і канструктыўных вырашэнняў. Узніклі новыя прамысл. цэнтры — Магнітагорск, Новакузнецк і інш. Архітэктура 2-й пал. 1930-х г. вызначалася паваротам да манументалізаваных вобразаў, засн. на класічнай традыцыі. Вяліся рэканструкцыя гарадоў, комплексная забудова жылых раёнаў, пачаў будавацца маскоўскі метрапалітэн. Аднак нятворчае стаўленне да спадчыны часта прыводзіла да эклектызму і халоднай параднасці. Сярод вядучых архітэктараў Р.​Бархін, А., В. і Л. Весніны, А.​Гегела, У.​Гельфрэйх, М.​Гінзбург, І. і П. Голасавы, Б.​Іафан, І.​Леанідаў, К.​Мельнікаў, І.​Нікалаеў, Л.​Руднеў, У.​Шчуко і інш. У канцы 1940-х — 1950-я г. значнымі сталі аднаўленне і рэканструкцыя гарадоў (К.​Алабян, Г.​Арлоў, М.​Баранаў, Бархін, Г.​Гольц, В.​Каменскі, А.​Навумаў, В.​Сімбірцаў і інш.), стварэнне вышынных будынкаў у Маскве (Гельфрэйх, М.​Мінкус, А.​Мндаянц, М.​Пасохін), адмаўленне ад пераймання гіст. стыляў, пашырэнне індустр. канструкцый, перанос гал. акцэнту на жыллёвае буд-ва. Асаблівая ўвага звярталася на ўзаемасувязі прамысл. і жылых раёнаў, развіццё трансп. артэрый і комплексаў абслугоўвання; у буд-ве асобных будынкаў — на выкарыстанне функцыянальна апраўданых форм, адпаведных спецыфіцы матэрыялаў, актыўнае ўвядзенне ў фарміраванне арх. аблічча твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва. У 1960—80-я г. тыпалогія буйнапанэльнага домабудаўніцтва набыла большую разнастайнасць, змешаная забудова раёнаў будынкамі розных паверхаў дазволіла пераадолець аднастайнасць масавай жылой архітэктуры і ўзмацніць выразнасць арх. комплексаў, у т. л. і грамадскіх (напр., Астанкінская тэлевізійная вежа ў Маскве). Сярод вядучых архітэктараў Л.​Баталаў, Я.​Белапольскі, С.​Галаджава, С.​Еўдакімаў, А.​Жук, Б.​Злобін, С.​Ісмаілаў, Ю.​Лапаткін, І.​Пакроўскі, А.​Палянскі, Б.​Рубаненка, Р.​Семярджыеў, С.​Спяранскі, Я.​Стома, Б.​Тхор, М.​Улас, Ю.​Шавярдзяеў і інш. У 1990-я г. ўзрасла эстэт. выразнасць забудовы, лаканічнасць і яснасць форм, пашырылася буд-ва жылых дамоў палепшанай планіроўкі, дзярж., грамадскіх, прыватных банкаўскіх, офісных і інш. будынкаў у рэчышчы сучасных кірункаў зах. архітэктуры, культавых пабудоў у традыц. канфесіянальных формах. У 1983 створаны Саюз архітэктараў Р.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Р. выяўлены помнікі культуры палеаліту (размалёўкі Капавай пячоры на Урале, каменныя і касцяныя статуэткі з Касцёнак у Варонежскай вобл. і Мальты каля Іркуцка і інш.) і неаліту (наскальныя выявы ў Карэліі і Сібіры, арнаментаваная кераміка, разьбянае драўлянае начынне і інш.). З энеаліту і бронз. веку вядомы манум. каменная скульптура, арнаментаваныя вырабы з бронзы (зброя, статуэткі і інш.). У 8—7 ст. да н.э. быў пашыраны звярыны стыль. З 9—10 ст. развівалася культура ўсходнеслав. плямён у межах культуры Кіеўскай Русі. Уласна рус. мастацтва пачало складвацца з канца 13 ст. Развіваўся жывапіс, пачалі складвацца маст. школы: Наўгародская школа жывапісу, Пскоўская школа жывапісу, Уладзіміра-Суздальская школа жывапісу. У 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. высокім маст. узроўнем вызначаліся творы Феафана Грэка, Данііла Чорнага, А.​Рублёва, у канцы 15 — пач. 16 ст.Дыянісія, скульптуры В.​Ярмоліна. З 2-й пал. 15 ст. цэнтрам рус. маст. культуры стала Масква, у якой для аздаблення храмаў і палацаў былі сканцэнтраваны буйныя творчыя сілы, у т. л. з Беларусі (старцы Арсеній і Іпаліт, К.​Міхайлаў, С.​Палубес і інш.; гл. таксама Беларуская рэзь). У 16 ст. гарманічная стройнасць і святочная ўрачыстасць жывапісу змянілася імкненнем да алегарычнасці і павучальнасці, рабіліся спробы звязаць іканапіс з рэальнай гісторыяй (абраз «Царква ваяўнічая», напісаны ў гонар узяцця Казані). Пачала развівацца гравюра (дрэварыты да кн. «Апостал», 1564). На мяжы 16—17 ст. склалася Строганаўская школа жывапісу з яе вытанчана-мініяцюрным пісьмом. У іканапісе 17 ст. павялічылася цікавасць да больш рэаліст. перадачы прасторы, аб’ёму і святлаценю (С.​Ушакоў). Манум. жывапісу ўласцівы апавядальнасць сюжэтаў і яркая дэкаратыўнасць (размалёўкі храмаў Кастрамы, Масквы, Яраслаўля і інш.). Пачало складвацца свецкае мастацтва, узнік партрэтны жанр — парсуна Інтэнсіўна развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва: ювелірная справа, разьба па дрэве і камені, кераміка, вышыўка, маст. апрацоўка металу. У 18 ст. пачало дамінаваць свецкае мастацтва: развіваўся партрэтны жанр у жывапісе (А.​Антропаў, І.​Аргуноў, У.​Баравікоўскі, І.​Вішнякоў, Л.​Каравак, Дз.​Лявіцкі, А.​Мацвееў, І.​Нікіцін, Ф.​Рокатаў) і скульптуры (Б.​К.​Растрэлі, Ф.​Шубін) узніклі гіст. (А.​Дасенка, Р.​Угрумаў), быт. (І.​Фірсаў, М.​Шыбанаў, І.​Ермянёў) і пейзажны (Ф.​Аляксееў, С.​Шчадрын) жанры. Пашыраліся відавая і батальная гравюра, дэкар. размалёўка. 2-я пал. 18—1-я чвэрць 19 ст. — перыяд станаўлення рус. класіцызму, прынцыпы якога вызначала Пецярбургская акадэмія мастацтваў. Грамадз. пафас класіцызму найб. ярка выявіўся ў станковай (М.​Казлоўскі, І.​Пракоф’еў), мемарыяльнай (Ф.​Гардзееў, І.​Мартас), манум.-дэкар. (В.​Дэмут-Маліноўскі, С.​Піменаў, Э.​Фальканэ, Ф.​Шчадрын) скульптуры.

У 1-й пал. 19 ст. побач з класіцыстычным жывапісам (А.​А.​Іванаў, А.​І.​Іванаў, В.​Шабуеў) узнікла мастацтва, прасякнутае павевамі рамантызму (партрэты К.​Брулова, А.​Кіпрэнскага, В.​Трапініна, жывапіс і графіка А.​Арлоўскага, пейзажы М.​Вараб’ёва, М.​Лебедзева, Шчадрына, пазней — І.​Айвазоўскага). Увагай да нар. жыцця адзначаны творы А.​Венецыянава і яго школы. У жывапісе П.​Фядотава, графіцы А.​Агіна і Я.​Бярнардскага зараджалася мастацтва крытычнага рэалізму, якое ў 1860-я г. развілося ў жывапісе жанрыстаў І.​Пранішнікава, В.​Пярова і інш., а пазней у творчасці перасоўнікаў. Іх лепшыя дасягненні — партрэты І.​Крамскога, жанравыя творы А.​Карзухіна, У.​Макоўскага, Р.​Мясаедава, К.​Савіцкага, М.​Ярашэнкі, карціны В.​Васняцова, М.​Ге, М.​Неўрава, В.​Паленава, В.​Пукірава, І.​Рэпіна, В.​Сурыкава, В.​Якобі — адметныя асаблівай сілай маст. абагульнення, глыбокім дэмакратызмам. З дзейнасцю перасоўнікаў звязаны і новы этап у развіцці рус. пейзажа (Ф.​Васільеў, М.​Клот, А.​Куінджы, І.​Левітан, А.​Саўрасаў, І.​Шышкін). У батальным жанры блізкі да перасоўнікаў В.​Верашчагін. У скульптуры 2-й пал. 19 ст. развіваліся малыя формы, склаўся тып станковай скульптуры, прызначанай для музея ці выстаўкі (М.​Антакольскі). На манум. пластыку паўплывала станковая скульптура (А.​Апякушын). У дэкар.-прыкладным мастацтве ў 18—19 ст. пачаўся выраб рус. фарфору, новы ўздым адбыўся ў маст. шкле. На аснове стараж.-рус. традыцый развівалася нар. мастацтва (гл. Багародская разьба, Валагодскія карункі, Гжэльская кераміка, Дымкаўская цацка, Жостаўская размалёўка, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Таржоцкае залатое шыццё, Хахламская размалёўка). На мяжы 19—20 ст. традыцыі перасоўнікаў прадаўжалі жывапісцы А.​Архіпаў, С.​Іванаў, М.​Касаткін, С.​Каровін, П.​Малявін, М.​Несцераў, А.​Рабушкін, у пач. 20 ст. паявіўся стыль мадэрн, у жывапісе да яго блізкія вытанчана-паэт. палотны В.​Барысава-Мусатава, В.​Сярова, М.​Урубеля, а таксама творчасць групы «Свет мастацтва» (Л.​Бакст, А.​Бенуа, М.​Дабужынскі, Б.​Кустодзіеў, Я.​Лансерэ, З.​Серабракова, К.​Сомаў), адзначаныя рысамі стылізацыі і рэтраспектыўнасці. Рысы імпрэсіянізму выявіліся ў творчасці жывапісцаў І.​Грабара, К.​Каровіна, скульпт. П.​Трубяцкога, рамантычна-сімвалічны кірунак — жывапісцаў К.​Багаеўскага, А.​Рылова, М.​Рэрыха. Уплывам сімвалізму вызначаны творы мастакоў аб’яднання «Блакітная ружа» (П.​Кузняцоў, М.​Сар’ян і інш.) і К.​Пятрова-Водкіна. Развівалася творчасць майстроў, што зазналі ўплыў кубізму (мастакі аб’яднання «Бубновы валет»: П.​Канчалоўскі, А.​Лянтулаў, І.​Машкоў), стваральнікаў лучызму (Н.​Ганчарова, М.​Ларыёнаў), прадстаўнікоў абстракцыянізму (В.​Кандзінскі, К.​Малевіч). Росквіту дасягнулі тэатр.-дэкар. мастацтва (Бакст, А.​Галавін, К.​Каровін) і кніжная графіка (Бенуа, І.​Білібін). Паспяхова развівалася і скульптура (М.​Андрэеў, Г.​Галубкіна, А.​Мацвееў, С.​Канёнкаў). Пасля 1917 асаблівае значэнне набылі плакат і карыкатура (В.​Дэні, Дз.​Маор, У.​Маякоўскі, М.​Чарамных).

Выяўл. мастацтва 1920-х г. развівалася ў вострай барацьбе розных творчых груповак; у маст. жыцці аформіліся прынцыпы сацыялістычнага рэалізму як вызначальнага метаду сав. мастацтва. Гісторыка-рэв. і быт. тэматыку распрацоўвалі чл. Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыйнай Расіі (І.​Бродскі, М.​Грэкаў і інш.), новыя індустр. рытмы спрабавалі адлюстраваць у мастацтве майстры «Т-ва мастакоў-станкавістаў» (А.​Дайнека, Ю.​Піменаў і інш.). Развіваўся партрэт (С.​Малюцін, у скульптуры — Андрэеў, Галубкіна, С.​Лебедзева), пейзаж (В.​Бакшэеў, Грабар, М.​Крымаў, А.​Купрын, Рылоў, К.​Юон і інш.), нацюрморт (Канчалоўскі, Машкоў і інш.). У графіцы плённа працавалі Г.​Астравумава-Лебедзева, У.​Канашэвіч, А.​Краўчанка, М.​Купрыянаў, І.​Нівінскі, І.​Паўлаў, У.Фаворскі, у манум. і станковай скульптуры — М.​Манізер, В.​Мухіна, С.​Мяркураў, М.​Тырса, І.​Шадр, Л.​Шэрвуд і інш. Шэраг мастакоў, імкнучыся да арганізацыі новых форм побыту, перайшлі да маст. канструявання (Л.​Лісіцкі, Л.​Папова, А.​Родчанка, У.​Татлін). У жывапісе вылучаліся гісторыка-рэв. і жанравыя палотны Бродскага, С.​Герасімава, Дайнекі, Б.​Іагансона, К.​Істоміна, А.​Маравава, Пятрова-Водкіна, А.​Самахвалава, У.​Сярова, Д.​Штэрэнберга, Дз.​Шмарынава; партрэты А.​Герасімава і М.​Несцерава; пейзажы Грабара, Г.​Ніскага; нацюрморты А.​Асмёркіна, Канчалоўскага, Лянтулава, Машкова і інш., у графіцы — ілюстрацыі Я.​Кібрыка, Я.​Чарушына; карыкатуры Кукрыніксаў, Б.​Яфімава. У тэатр.-дэкарацыйным мастацтве традыц. формы (Галавін, В.​Сімаў) спалучаліся з тэндэнцыямі канструктывізму (Н.​Альтман, У. і Г.​Стэнбергі). Да лепшых узораў рас. мастацтва перыяду Вял. Айч. вайны належаць творы жывапісцаў і графікаў М.​Авілава, А.​Вярэйскага, Г.​Вярэйскага, П.​Корына, А.​Пахомава, А.​Пластава, М.​Рамадзіна, Л.​Сайферціса, І.​Сярэбранага, скульптараў К.​Белашовай, Я.​Вучэціча; асаблівае значэнне набылі плакат і карыкатура (А.​Какарэкін, В.​Карэцкі, Кукрыніксы).

Дасягненне выяўл. мастацтва пасляваен. перыяду — жанравыя і гіст. палотны А.​Бубнава, А.​Лакціёнава, Ю.​Няпрынцава, Пластава, Р.​Шагаля і інш., партрэты (у жывапісе Корына, у скульптуры — Канёнкава), пейзажы Герасімава, манум. пластыка М.​Анікушына, Вучэціча, Л.​Кербеля, А.​Кібальнікава, М.​Томскага, У.​Цыгаля, графіка Вярэйскіх, А.​Ганчарова, Б.​Прарокава. Разам з творамі, якія апявалі подзвіг народа ў Вял. Айч. вайне, пашыралася тэматыка працы і мірнага жыцця.

Разнастайнасцю творчых пошукаў вызначаецца мастацтва 2-й пал. 1950—60-х г., для якога характэрны пластычна абагульненыя эмацыянальна насычаныя вобразы: у станковым жывапісе — М.​Андронаў, П.​Асоўскі, А.​Грыцай, Дз.​Жылінскі, Г.​Коржаў, А.​Мыльнікаў, Ніскі, Ф.​Рашэтнікаў, А. і П.​Смоліны, А. і С.​Ткачовы, Ю.​Тулін, у скульптуры — Ю.​Аляксандраў, А.​Комаў, А.​Полагава, у графіцы — І.​Галіцын, Г.​Захараў і інш. У асобную плынь у жывапісе вылучыўся т.зв. суровы стыль (В.​Папкоў і інш.), кніжная ілюстрацыя развівала пераважна традыцыі 1930-х г. (А.​Вярэйскі, Ганчароў, Герасімаў, Кукрыніксы, Фаворскі і інш). Побач з афіц. мастацтвам развівалася неафіцыйнае (андэграўнд), у якім найб. вылучалася творчасць маст. груп «Ліянозаўская» (М.​Вячтомаў, Л.​Крапіўніцкі, Я.​Крапіўніцкі, Л.​Масцяркова, О.​Рабін і інш.), «Срэценскі бульвар» (А.​Брусілоўскі, І.​Кабакоў, Э.​Неізвесны, Ю.​Собалеў і інш.), мастакоў А.​Зверава, Э.​Булатава, У.​Галіцкага, У.​Грыгаровіча. Я.​Есауленкі, В.​Сідура, І.​Чуйкова, У.​Якаўлева і інш. Творчасць мастакоў 1970—90-х г. вызначаецца паглыблена-прадметнай трактоўкай з’яў, вастрынёй успрыняцця асаблівасцей прыроднага і прадметнага асяроддзя, імкненнем да метафарычнасці і эмац. стрыманасці, стварэння значнага, канкрэтна-індывідуальнага вобраза: у жывапісе — І.​Арлоў, І.​Глазуноў, Б.​Дамашнікаў, М.​Малюцін, Мыльнікаў, Т.​Назарэнка, А.​Нікіч, А.​Шылаў; у скульптуры — Ю.​Аляксандраў, Л.​Галаўніцкі, В.​Клыкаў, А.​Комаў, Л.​Крамнёва, Л.​Ланкінен, Неізвесны, Б.​Плёнкін, Полагава, А.​Рукавішнікаў, С.​Санакоеў, Ю.​Чарноў, М.​Шамякін; у графіцы — І.​Абросаў, Ю.​Васняцоў, Галіцын, Захараў; у манум. жывапісе — Андронаў, А.​Васняцоў, Ю.​Каралёў, Б.​Тальберг; у манум. скульптуры — А.​Анікушын, Ю.​Арэхаў, П.​Бандарэнка, А.​Кібальнікаў, А.​Лягін, С.​Малькоў, А.​Файдыш, Цыгаль, З.​Цэрэтэлі; у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве — А.​Васільеў, Б.​Волкаў і інш. У 1960 створаны Саюз мастакоў Р.

Музыка. Вытокі рус. муз. культуры ў рытуальна-абрадавай культуры ўсх.-слав. фальклору (працоўныя, каляндарна- і сямейна-абрадавыя, працяжныя, пахавальныя песні). Устойлівасць абрадавых муз. традыцый абумоўлена гіст. ўмовамі; для стылістыкі характэрны паўторнасць і варыянтнасць вузкааб’ёмных формул-папевак. У Стараж. Русі існавалі мужчынскія і жаночыя плачы-галашэнні, гераічны песенны эпас, быліны (старыны). З часам развіўся самабытны стыль лірычнай песні з уласцівай ёй меладычнай шырынёй, падгалосачнай поліфаніяй, вольным вар’іраваннем напеву. Муз. своеасаблівасцю вызначалася творчасць скамарохаў. Сярод рус. нар. інструментаў: струнныя — балалайка, гуслі, домра, ліра, гудок; духавыя — дуда, дудка, кугіклы (жалейка), рог, труба, ражкі, сапель; язычковыя — варган, гармонік і інш. У княжацкім побыце выкарыстоўвалася мастацтва іншаземных «іграцоў» на арфе, лютні, флейце. Афіц. святы і паходы суправаджаліся ратнай музыкай (трубы, бубны). Пачаткам прафес. мастацтва з канца 10 ст. стала музыка хрысц. культу. Яе муз. аснова — песнапенні і літургічныя кампазіцыі Візантыі, якія з 11—12 ст. ператварыліся ў самабытную культуру правасл. малітоўнага спеву. Аднагалосыя напевы запісвалі з дапамогай арыгінальнай неўменнай натацыі (крукі, ці знамёны, адсюль знаменны спеў). Культавая правасл. музыка ўключала стыхіры, ірмасы, трапары, кандакі (адрозніваліся значнай распеўнасцю), каноны, псалмы. З сярэдзіны 16 ст. знаменны спеў дасягае найвыш. росквіту, яго сістэматызацыя замацавана ў «Азбуцы» А.​Мезянца. З сярэдзіны 17 ст. ва ўлонні царквы пачало развівацца шматгалоссе, арыентаванае на еўрап. акордава-гарманічны склад. Тэарэт. асновы партэсных спеваў абгрунтаваў М.​Дылецкі ў трактаце «Граматыка мусікійская» (1675). Асн. жанр — партэсны канцэрт (майстры маскоўскай школы духоўнага канцэрта 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. Н.​Бавыкін, С.​Бяляеў, І.​Ігнацьеў, М.​Калашнікаў, П.​Нарыцын, С.​Пекаліцкі, І.​Пратапопаў, В.​Цітоў і інш.). Шырокае распаўсюджанне атрымалі быт. шматгалосыя канты і псальмы на рэліг., пазней на лірычныя, патрыят. тэксты (сярод аўтараў тэкстаў Сімяон Полацкі, Дз.​Растоўскі,

В.​Традзьякоўскі). Рэформы Пятра I спрыялі паяўленню ў Расіі італьян., франц., ням. опер, таксама гастрольных оперных труп. У 2-й пал. 18 ст. ствараліся публічныя т-ры, з’явіліся рус. оперныя спевакі (Л.​Белаградская, Л.​Сандунова, П.​Жамчугова), развівалася канцэртнае мастацтва (І.​Хандошкін, В.​Трутоўскі). Узрасла цікавасць да фальклору. Пачалося фарміраванне рус. кампазітарскай школы, з’явіліся першыя рус. оперы (М.​Сакалоўскі, В.​Пашкевіч, Е.​Фамін); найвыш. росквіту дасягнуў рус. духоўны канцэрт (Дз.​Бартнянскі, М.​Беразоўскі). Пад уздзеяннем сентыментальнай паэзіі, салонных танцаў і лірычнага канта ўзнік рус. раманс («расійская песня»; Ф.​Дубянскі, В.Казлоўскі, Р.​Цяплоў). Росквіт рус. класічнай музыкі пачаўся з 19 ст. Новага маст. ўзроўню дасягнуў раманс: на глебе апасродкаванага ўплыву цыганскай культуры ўзнік жанр «жорсткага раманса», выкананне якога вызначаецца большай экспрэсіўнасцю. З’явіліся новыя жанры: сімфонія, уверцюра, канцэрт, саната. На глебе быт. гар. песеннасці праявіліся рысы рамантызму ў творчасці А.​Аляб’ева, А.​Варламава, А.​Вярстоўскага, А.​Гурылёва. Заснавальнік рус. муз. класікі М.​Глінка, абапіраючыся на нац. муз. традыцыі, увасобіў у оперных творах героіка-патрыят. тэму, вобразы айч. міфалогіі; высокім еўрап. узроўнем вызначаюцца яго сімф. творы. На рэаліст., сац. і лірыка-псіхал. вобразнасці грунтавалася творчасць А.​Даргамыжскага, што набліжала яго да натуральнай школы ў л-ры і жывапісе. Вывучэнню і папулярызацыі нац. мастацтва спрыяла муз.-крытычная дзейнасць У.​Адоеўскага, Г.​Лароша, У.​Стасава, А.​Сярова і інш. Вял. ролю адыграла адкрыццё А. і М.​Рубінштэйнамі кансерваторый у Пецярбургу (1861) і Маскве (1866), што стала пачаткам падрыхтоўкі музыкантаў-прафесіяналаў. Муз.-асв. работу ў Пецярбургу вяла Бясплатная муз. школа (1862), якую ўзначальвалі М.​Балакіраў і Г.​Ламакін. У пач. 1860-х г. вакол Балакірава згуртавалася садружнасць кампазітараў «Магутная кучка», якая адлюстравала абнаўляльныя маст. тэндэнцыі часу. Рус. оперы 2-й пал. 19 ст. ўласцівы глыбокі псіхалагізм, рэалізм і ахоп тэм з нац. гісторыі, эпасу, нар. побыту, жыццёвая і псіхал. змястоўнасць, наватарства форм: нар. драмы М.​Мусаргскага: оперы-казкі, быліны, паданні М.​Рымскага-Корсакава і А.​Барадзіна, лірыка-псіхал. драмы П.​Чайкоўскага. Сімфонія была прадстаўлена эпічнай (Барадзін) і драм. (Чайкоўскі) лініямі; шырокае развіццё набыла праграмная музыка. Чайкоўскі рэфармаваў балет шляхам яго сімфанізацыі. Своеасаблівая галіна быт. культуры 2-й пал. 19 ст.эстр. раманс і выканальніцтва (Н.​Вяльцава, А.​Давыдаў, В.​Паніна, Н.​Плявіцкая).

На мяжы 19—20 ст. класічныя муз. традыцыі развівалі А.​Арэнскі, А.​Глазуноў, В.​Каліннікаў, А.​Лядаў, С.​Ляпуноў, С.​Танееў і інш. Значнай з’явай сталі новыя кірункі харавой музыкі рус. царквы. Літургічная музыка набыла канцэртныя рысы (харавыя творы А.​Архангельскага, А.​Грачанінава, М.​Іпалітава-Іванава, Каліннікава, А.​Кастальскага, А.​Нікольскага, С.​Рахманінава, У.​Рэбікава, М.​Чарапніна, А. і П.​Часнаковых). Неарамант. рысамі вылучалася творчасць М.​Метнера, наватарствам стылю — музыка А.​Скрабіна. Новыя шляхі інтэрпрэтацыі фальклору і муз.-тэатр. жанраў адкрыў І.​Стравінскі. Сярод прадстаўнікоў выканальніцкай культуры 19 — пач. 20 ст. спевакі А.​Няжданава, В. і Г.​Пятровы, Л.​Собінаў, Ф.​Стравінскі, Ф.​Шаляпін, піяністы Рахманінаў, А.​Рубінштэйн, М.​Рубінштэйн, В.​Сафонаў, Скрабін, Метнер, скрыпачы і віяланчэлісты школ Л.​Аўэра і К.​Давыдава. Рус. мастацтва прапагандаваў за мяжой С.​Дзягілеў. У 1-й трэці 20 ст. праявіліся рысы маст. авангардызму (творы І.​Вышняградскага, А.​Лур’е, М.​Рослаўца, М.​Мацюшына, Н.​Обухава). Уклад у развіццё рус. муз. школы ў 20 ст. зрабілі Дз.​Кабалеўскі, М.​Мяскоўскі, С.​Пракоф’еў, Рахманінаў, І.​Стравінскі, Г.​Свірыдаў, Ю.​Шапорын, Дз.​Шастаковіч, якія абнавілі ўсе важнейшыя муз. жанры. Даніну рэв. настроям эпохі ў харавых творах аддалі А.​Аляксандраў, В.​Белы, Дз.​Васільеў-Буглай, А.​Давідзенка. Тыповай з’явай рус. сав. мастацтва стала папулярная масавая песня (М.​Блантэр, І.​Дунаеўскі, У.​Захараў, Б.​Макравусаў, А.​Новікаў, Дз.​Пакрас, А.​Пахмутава, В.​Салаўёў-Сядой, Д.​Тухманаў) і песенная па стылі опера на рэв.-дэмакр. тэматыку (І.​Дзяржынскі, Ц.​Хрэннікаў). У 2-й пал. 20 ст. жанры оперы і балета развівалі А.​Пятроў, С.​Сланімскі, Б.​Цішчанка, Р.​Шчадрын. Значныя дасягненні сімфаністаў М.​Вайнберга, Г.​Галыніна, М.​Пяйко, А.​Салманава, Г.​Уствольскай, Б.​Чайкоўскага. Самабытныя рысы рус. лірыкі і эпасу ўвасоблены ў кантатах, араторыях, харах, рамансах К.​Волкава, В.​Гаўрыліна, Пятрова, Салманава, Свірыдава, Шчадрына. Эксперыментальныя памкненні поставангарду апошняй трэці 20 ст. спрыялі зліццю фундаментальных якасцей рус. школы і новых сродкаў выразнасці, якія праявіліся ў творчасці С.​Губайдулінай, Э.​Дзянісава, А.​Шнітке. Значнае дасягненне рус. культуры 1980—90-х г. — актыўнае развіццё традыцый духоўнай музыкі новага кірунку пач. 20 ст. ў рэчышчы шматвяковых пеўчых архетыпаў і літургічных жанраў кампазітарамі розных пакаленняў і стыляў. У хар., тэатр., інстр. творах Э.​Арцем’ева, Ю.​Буцко, Губайдулінай, Дзянісава, М.​Карэтнікава, Свірыдава, М.​Сідзельнікава і інш. стараж. напевы выкарыстоўваюцца ў розных жанрах, узаемадзейнічаюць з традыцыямі оперы, сімфоніі, кантаты, араторыі. Сярод таленавітых выканаўцаў 20 ст.: піяністы Л.​Аборын, У.​Ашкеназі, Дз.​Башкіраў, А.​Гальдэнвейзер, Э.​Гілельс, У.​Горавіц, М.​Грынберг, Я.​Зак, К.​Ігумнаў, Г.​Нейгаўз, Л.​Нікалаеў, С.​Рыхтэр, У.​Сафраніцкі, П.​Серабракоў, Я.​Фліер, М.​Юдзіна; скрыпачы Л.​Аўэр, Л.​Коган, Д.​Ойстрах, М.​Палякін, В.​Траццякоў, Я.​Цымбаліст; віяланчэлісты А.​Брандукоў, А.​Вержбіловіч, Р.​Гарбузава, Н.​Гутман, С.​Казалупаў, С.​Кнушавіцкі, Г.​Пяцігорскі, М.​Растраповіч, Д.​Шафран; спевакі А.​Абразцова, Н.​Абухава, І.​Архіпава, В.​Барсава, Г.​Вішнеўская, К.​Дзяржынская, І.​Казлоўскі, С.​Лемешаў, Я.​Несцярэнка, А.​Няжданава, Р. і А.​Піраговы, І.​Пятроў, М.​Рэйзен, Л.​Собінаў, Б.​Штокалаў, І.​Яршоў; дырыжоры М.​Галаванаў, А.​Гаўк, В.​Гергіеў, У.​Дранішнікаў, І.​Кандрашын, С.​Кусявіцкі, М.​Малько, А.​Мелік-Пашаеў, Я.​Мравінскі, А.​Пазоўскі, Г.​Раждзественскі, С.​Самасуд, Я.​Святланаў, У.​Співакоў, В.​Сук, Ю.​Фаер, Ю.​Цемірканаў; харавыя дырыжоры Аляксандраў, М.​Данілін, М.​Клімаў, А.​Свешнікаў, У.​Чарнушэнка, А.​Юрлоў. Прадстаўнікі шматлікіх кірункаў эстр. трактоўкі быт. раманса і песні: А.​Вярцінскі, В.​Козін, Л.​Русланава, К.​Шульжэнка, І.​Юр’ева і інш. Найб. вядомыя рас. муз. т-ры: у Маскве — Вялікі тэатр Расіі, Маскоўскі акадэмічны музычны тэатр імя К.​С.​Станіслаўскага і У.​І.​Неміровіча-Данчанкі, Маскоўскі акадэмічны дзіцячы музычны тэатр, Маскоўскі музычны камерны тэатр, у С.-Пецярбургу — Марыінскі тэатр оперы і балета, Малы т-р імя Мусаргскага, а таксама т-ры ў Новасібірску, Екацярынбургу, Пермі, Ніжнім Ноўгарадзе. Сярод найб. вядомых выканальніцкіх калектываў — Дзяржаўны сімфанічны аркестр Расіі, Дзяржаўны акадэмічны вялікі сімфанічны аркестр імя П.​І.​Чайкоўскага, Дзярж. акад. сімф. аркестр С.-Пецярбургскай філармоніі, Сімф. аркестр Маскоўскай філармоніі, С.-Пецярбургская акад. капэла імя Глінкі, Рэсп. рус. харавая капэла імя Юрлова, Ансамбль песні і танца Расійскай арміі імя Аляксандрава, Рускі народны хор імя Пятніцкага, Дзяржаўны акадэмічны рускі хор, Дзярж. рус. нар. аркестр імя Андрэева, Дзярж. рус. нар. аркестр імя Осіпава.

На 2001 у Р.: 10 кансерваторый, Рас. і Кемераўская акадэміі музыкі, муз.-пед. ін-ты, шэраг ін-таў культуры з муз. аддзяленнямі, шырокая сетка муз. вучылішчаў, ліцэяў і інш. Праводзяцца муз. конкурсы, найбуйнейшы — Міжнар конкурс музыкантаў-выканаўцаў імя Чайкоўскага. У 1960 створаны Саюз кампазітараў Р.

Тэатр. Узнікненне элементаў рус. тэатр. мастацтва звязана з працоўнай дзейнасцю, нар. культавымі абрадавымі дзеяннямі і святочнымі гульнямі. Першыя прафес. носьбіты рус. тэатр. культуры — скамарохі. Мелі пашырэнне лялечныя прадстаўленні. У 16 ст. ўзнік рус. царк. т-р, але вял. развіцця не атрымаў. У 1672—76 пры двары цара Аляксея Міхайлавіча створаны першы прыдворны т-р, у рэпертуары якога былі п’есы на біблейскія і міфалагічныя тэмы. Па ўказанні Пятра I у Маскве ў 1702—06 працаваў першы дзярж. т-р пад кіраўніцтвам І.​Х.​Кунста, для якога на Краснай плошчы быў пабудаваны «Камедыйны хорам» на некалькі соцень гледачоў. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. набыў папулярнасць школьны тэатр. аматарскія трупы якога ствараліся ў буйных свецкіх навуч. установах (Славяна-грэка-лацінская акадэмія, Хірургічная школа ў Маскве, Дваранскі кадэцкі корпус у С.-Пецярбургу). Стварэнне і развіццё рус. школьнага т-ра цесна звязана з імем Сімяона Полацкага. Набыла папулярнасць і такая форма нар. т-ра, як вусная нар. драма («Цар Максімілян», «Лодка»). У 1-й пал. 18 ст. развіваецца аматарскі т-р «ахвочых камедыянтаў». Найб. вядомай у сярэдзіне 18 ст. стала яраслаўская трупа пад кіраўніцтвам Ф.​Волкава, якая ў 1752 была запрошана ў С.-Пецярбург. У 1730—40 пры двары гастраліравалі замежныя трупы (італьян., ням. т-р К.​Нейбер, франц. драм. т-р). У 1756 паводле загаду імператрыцы Лізаветы засн. «Рускі для прадстаўлення трагедый і камедый тэатр». Яго аснову склалі выпускнікі Дваранскага кадэцкага корпуса з ліку яраслаўскай аматарскай трупы Волкава (І.​Дзмітрэўскі, Я.​Шумскі і інш.), першым дырэктарам прызначаны А.​Сумарокаў. Для развіцця рус. сцэны апошняй чвэрці 18 ст. вял. значэнне мела творчасць драматургаў-паслядоўнікаў Сумарокава — Ф.​Казельскага, Я.​Княжніна, В.​Майкава, А.​Ржэўскага, М.​Хераскава, а таксама сатырычныя камедыі Дз.​Фанвізіна і В.​Капніста. У 1757 пры Маскоўскім ун-це засн. Універсітэцкі т-р, у 1780 на яго базе — Пятроўскі т-р. У 1770—80-я г. ўзніклі т-ры ў Калузе, Пензе, Тамбове, Туле і інш. губернскіх гарадах. З 1779 у Пецярбургу ў т-ры на Царыцыным лузе пачала выступаць рус. трупа антрэпрэнёра К.​Кніпера. У канцы 18 — пач. 19 ст. сталі пашырацца прыватныя прыгонныя тэатры, якія заклалі асновы рус. правінцыяльнай сцэны. Высокім майстэрствам вызначалася творчасць прыгонных акцёраў П.​Жамчуговай, Т.​Шлыкавай-Гранатавай і інш. У 1-й чвэрці 19 ст. вял. поспехам карысталіся трагедыі У.​Озерава, камедыі М.​Загоскіна, І.​Крылова, П.​Плавільшчыкава, А.​Шахаўскога, пачалі перакладацца і ставіцца п’есы У.​Шэкспіра, Ф.​Шылера. Ігра трагедыйных акцёраў пач. 19 ст. А.​Якаўлева, К.​Сямёнавай узрушала гледачоў высокай культурай выканання. У 1826—82 Дырэкцыя імператарскіх т-раў (існавала з 1766) увяла дзярж. манаполію на т-ры. Ставіліся перакладныя вадэвілі і меладрамы, п’есы П.​Абадоўскага, Н.​Кукальніка і інш.

У 1824 у Маскве засн. Малы тэатр. У 1832 у Пецярбургу ўзведзены будынак Александрынскага тэатра. За новы рэпертуар рус. т-ра актыўна выступалі В.​Бялінскі і М.​Гогаль, якія сцвярджалі неабходнасць адлюстравання ў т-ры праўды жыцця, звароту да важнейшых тагачасных праблем. Лепшыя творы рус. драматургіі з цяжкасцямі траплялі на сцэну, часта са значнымі цэнзурнымі праўкамі і скажэннямі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, 1831; «Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна, 1866). Доўгі час пад забаронай былі рамант. драмы В.​Гюго, шэраг п’ес Шэкспіра, Шылера. Вял. грамадскай і тэатр. падзеяй стала пастаноўка ў 1836 «Рэвізора» Гогаля. Станаўленне 2 асн. кірункаў рус. т-ра — рамантызму і рэалізму — звязана з дзейнасцю акцёраў Малога т-ра П.​Мачалава і М.​Шчэпкіна. Творчы метад Шчэпкіна стаў вызначальным для развіцця рус. акцёрскага мастацтва, ён развіты і паглыблены акцёрам Александрынскага т-ра А.​Мартынавым і інш. Класіцыстычны кірунак у рус. т-ры 1-й пал. 19 ст. несла ў сабе прасякнутая манументальнай параднасцю творчасць В.​Каратыгіна. Сярод лепшых акцёраў 1-й пал. 19 ст. В.​Асенкава, М.​Дзюр, В.​Жывакіні, Якаўлеў і інш. Вял. ўплыў на т-р зрабілі вызв. рух 1850-х г., бурны эканам. рост краіны, філас.-публіцыст. думка. Узрасла цікавасць да рус. драматургіі, якая адлюстроўвала тагачасную рэчаіснасць. Меладрама і вадэвіль саступілі месца драме і камедыі. Новы этап развіцця рус. т-ра звязаны з творчасцю А.​Астроўскага, п’есы якога найлепш увасабляліся на сцэне Малога т-ра. На аснове пастановак яго п’ес вырасла плеяда акцёраў (С. і П. Васільевы, Л.​Нікуліна-Касіцкая, П., М. і В.​Садоўскія), фарміравалася школа сцэн. майстэрства. Сярод вядучых акцёраў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. К.​Варламаў, У.​Давыдаў, М.​Савіна, І.​Самарын, Р.​Фядотава, С.​Шумскі, А.​Южын, М.​Ярмолава. Пашыралася дзейнасць правінцыяльных т-раў, у якіх выступалі акцёры В.​Андрэеў-Бурлак, М.​Іваноў-Казельскі, М.​Лісараў, М.​Рыбакоў, П.​Стрэпетава і інш. З 1882 пачынаюць актыўна стварацца прыватныя т-ры, у т. л. Маскоўскі тэатр Корша. Прагрэсіўнасцю вызначалася дзейнасць акцёра і рэжысёра Малога т-ра А.​Ленскага, які імкнуўся да абнаўлення тэатр. мастацтва, выхавання акцёраў высокай культуры. У 1898 К.​Станіслаўскі і У.​Неміровіч-Данчанка стварылі Маскоўскі Мастацкі тэатр (МХТ), творчасць якога фарміравалася пераважна на драматургіі А.​Чэхава і М.​Горкага. Стваральнікі МХТ ажыццявілі эстэт. рэформу рэпертуару, рэжысуры і акцёрскага мастацтва (гл. Станіслаўскага сістэма). Грамадскую значнасць меў створаны ў 1904 В.​Камісаржэўскай Драм. т-р у Пецярбургу, на сцэне якога ставіліся п’есы М.​Горкага і драматургаў, што групаваліся вакол выд-ва «Веды» (С.​Найдзёнаў, Л.​Андрэеў і інш.). У 1910-я г. ў рус. тэатр. мастацтве развіваліся разнастайныя плыні і кірункі: рэжысёрскае мастацтва У.​Меерхольда звязана з паэтыкай сімвалізму, А.​Таірава — з мадэрнісцкімі тэндэнцыямі і інш. Узнік шэраг эксперыментальных тэатр. студый: Ф.​Камісаржэўскага (1910), 1-я студыя МХТ (1912), Я.​Вахтангава (1913) у Маскве, Меерхольда ў Петраградзе (1914) і інш. У 1917 паводле дэкрэта Саўнаркома т-ры перададзены Нар. камісарыяту асветы, у 1919 нацыяналізаваны. У першыя паслярэв. гады класічны рэпертуар часта трактаваўся ў плане «сугучнасці рэвалюцыі», у драматургіі пераважалі паліт., прасякнутыя духам рэв. рамантыкі п’есы («Містэрыя-буф» У.​Маякоўскага і інш.). Пашырыліся агітац. т-ры, своеасаблівай разнавіднасцю якіх былі масавыя прадстаўленні на вуліцах і плошчах. Створаны новыя т-ры: 3-я студыя МХТ (1921, цяпер Тэатр імя Я.​Вахтангава), т-р РСФСР 1-ы (1920, у 1923—28 Маскоўскі тэатр імя У.​Меерхольда), Т-р Рэвалюцыі (1922, цяпер Маскоўскі тэатр імя У.​Маякоўскага), Т-р імя МГСПС (1923, цяпер Тэатр імя Массавета) у Маскве, Вялікі драм. т-р (1919, пазней імя М.​Горкага, цяпер імя Г.​Таўстаногава) у Петраградзе, т-р «Чырвоны факел» у Адэсе (1920, з 1932 у Новасібірску) і інш. У 1918—20 створаны першыя т-ры для дзяцей, у 2-й пал. 1920-х г.тэатры рабочай моладзі (ТРАМ), у 1930-я г.калгасна-саўгасныя тэатры. Асн. кірункам развіцця рус. тэатр. мастацтва ў 1930—80-я г. стаў метад сацыялістычнага рэалізму. У 1920—40-я г. ставіліся п’есы тагачаснай тэматыкі паводле твораў А.​Афінагенава, У Біль-Белацаркоўскага, У.​Вішнеўскага, В.​Катаева, Маякоўскага, М.​Пагодзіна, Л.​Сейфулінай, К.​Транёва і інш. Сярод рэжысёраў М.​Акімаў, М.​Ахлопкаў, Вахтангаў, А.​Дзікі, Ю.​Завадскі, Н.​Літоўцава, Я.​Любімаў-Ланской, Меерхольд, А.​Папоў, І.​Платон, М.​Пятроў, Л.​Празароўскі, Р.​Сіманаў, І.​Судакоў, Таіраў і інш.; акцёры — Дз.М Арлоў, А.​Астужаў, М.​Бабанава, Б.​Бабачкін, А.​Ф.​Барысаў, С.​Бірман, І.​Бярсенеў, С.​Гіяцынтава, Ю.​Глізер, А.​Гогалева, А.​Грыбаў, Б.​Дабранраваў, М.​Жараў, І.​Ільінскі, К.​Карчагіна-Александроўская, В.​Качалаў, М.​Клімаў, В.​Кніпер-Чэхава, А.​Коанен, А.​Ктораў, Л.​Леанідаў, Б.​Ліванаў, М.​Мардвінаў, С.​Марцінсон, В.​Марэцкая, В.​Масаліцінава, І.​Масквін, В.​Мічурына-Самойлава, В.​Мяркур’еў, В.​Пашэнная, Р.​Плят, В.​Лыжова, І.​Пяўцоў, Ф.​Ранеўская, В.​Рыжова, М.​Сіманаў, А.​Сцяпанава, А.​Тарасава, М.​Тарханаў, Е.​Турчанінава, М.​Хмялёў, М.​Цароў, М.​Чаркасаў, М.​Штраўх, Б.​Шчукін, Ю.​Юр’еў, А.​Яблачкіна, К.​Яланская, М.​Яншын і інш. У 1941—45 дзейнасць т-раў была скіравана на духоўную мабілізацыю народа супраць фаш. агрэсіі, у рэпертуарах пераважалі героіка-патрыятычныя пастаноўкі паводле твораў А.​Карнейчука, Л.​Лявонава, К.​Сіманава і інш. З 2-й пал. 1940-х г. ставіліся пераважна спектаклі, прысвечаныя падзеям Вял. Айч. вайны (паводле твораў Б.​Лаўранёва, А.​Фадзеева і інш.), п’есы тагачаснай тэматыкі, сусв. класіка. 1950-я г. адзначаны «другім нараджэннем» пастановак Маякоўскага. У 2-й пал. 20 ст. вял. ўклад у развіццё рус. тэатр. мастацтва зрабілі рэжысёры А.Васільеў, Г.​Волчак, А.​Ганчароў, К.​Гінкас, М.​Захараў, Л.​Додзін, Ю.​Любімаў, Б.​Львоў-Анохін, В.​Плучак, Б.​Равенскіх, Г.​Таўстаногаў, В.​Фокін, А.​Эфрас, А.​Яфрэмаў, і інш.; акцёры Ю.​Барысава, А.​І.​Барысаў, А.​Басілашвілі, У.​Высоцкі, М.​Губенка, Н.​Гундарава, Т.​Дароніна, А.​Джыгарханян, А.​Дзямідава, Я.​Еўсцігнееў, А.​Калягін, Я.​Капелян, М.​Карачанцаў, К.​Лаўроў, Я.​Лебедзеў, Я.​Лявонаў, А.​Меньшыкаў, А.​Міронаў, А.​Мягкоў, М.​Няёлава, А.​Папанаў, К.​Райкін, Ю. і В.​Саломіны, І.​Смактуноўскі, А.​Табакоў, М.​Церахава, І.​Чурыкава, М.​Улынаў, А.​Фрэйндліх, С.​Юрскі, Ю.​Якаўлеў, А.​Янкоўскі і інш. У 1990-я г. творчае аблічча рус. т-ра вызначала дзейнасць рэжысёраў і акцёраў Маскоўскага Мастацкага акадэмічнага тэатра, Маскоўскага тэатра «Ленком», Маскоўскага тэатра на Таганцы, Маскоўскага тэатра Сатыры, Маскоўскага тэатра «Сучаснік», Маскоўскага тэатра «Школа сучаснай п’есы», Маскоўскага тэатра «Сатырыкон», Санкт-Пецярбургскага Вялікага драматычнага тэатра імя Таўстаногава, т-раў Казані, Самары, Новасібірска, Ніжняга Ноўгарада, Саратава, Яраслаўля і інш. Пастаноўкам 1990-х г. уласцівы спалучэнне пераемнасці творчых традыцый і пошукаў сучаснага стылю выканання, канцэптуальны падыход, эксперыменты ў галіне формы і зместу драматургічнага матэрыялу, метафарычнасць, глыбокая распрацоўка псіхал. малюнка роляў. Тэатр. кадры рыхтуюць Расійская акадэмія тэатральнага мастацтва, Санкт-Пецярбургская акадэмія тэатр. мастацтва, Школа-студыя імя Неміровіча-Данчанкі (пры Маскоўскім маст. акад. т-ры), Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (пры Малым т-ры), Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (пры Т-ры імя Вахтангава).

У т-рах Расіі пастаўлены п’есы бел. драматургаў В.​Вольскага, А.​Дударава, Я.​Коласа, К.​Крапівы, А.​Кудраўцава, Дз.​Курдзіна, А.​Кучара, А.​Макаёнка, А.​Маўзона, А.​Петрашкевіча, А.​Паповай, І.​Шамякіна і інш.

Кіно. Першыя дакумент. кіназдымкі зроблены ў 1896 В.​Сашыным-Фёдаравым і А.​Фядзецкім. З 1907 прыдворныя кінааператары К. фон Ган і А.​Ягельскі здымалі «царскую хроніку». У 1906 з’явіліся рус. кінафірмы: А.​Ханжонкава, І.​Ярмольева ў Маскве, у 1907 — кінаатэлье А.​Дранкова ў Пецярбургу. Відавыя, асветніцкія фільмы, свецкую хроніку, быт. сцэны, юбілеі і інш. здымалі Дранкоў («Дзень 80-годдзя графа Л.​М.​Талстога», 1908), М.​Казлоўскі, П.​Кабцоў, Дз.​Сахненка. Першы рас. маст. фільм-кіналубок — «Панізовая вольніца» («Сценька Разін і княжна», 1909, рэж. Б.​Рамашкоў). Першы паўнаметражны маст. фільм, які спалучаў ігравыя і дакумент. сцэны, — «Абарона Севастопаля» (1911, рэж. В.​Ганчароў і Ханжонкаў). У 1910-я г. з’явіліся стацыянарныя кінатэатры. У тэхніцы аб’ёмнай мультыплікацыі ствараў фільмы У.Старэвіч («Вясёлыя сцэнкі з жыцця насякомых», «Помста кінематаграфічнага аператара», абодва 1912).

Экранізаваліся творы рус. і сусв. л-ры, тэатр. пастаноўкі. Вытанчанасцю пластыкі, жывапіснасцю вызначаліся фільмы «Злачынная жорсткасць» (1914), «Песня пераможнага кахання» (1915), «Ямшчык, не гані коней» (1916) Я.​Баўэра, «Партрэт Дарыяна Грэя» (1915, паводле О.​Уайльда) У.​Меерхольда, «Мікалай Стаўрогін» (1915, паводле рамана Ф.​Дастаеўскага «Д’яблы»), «Пікавая дама» (1916, паводле А.​Пушкіна), «Айцец Сергій» (1918, паводле Л.​Талстога) Я.​Пратазанава, «Паненка і хуліган» (1918) Я.​Славінскага, «Палікушка» (1919) А.​Саніна. Сярод лепшых акцёраў Н.​Лісенка, І.​Мазжухін, У.​Максімаў, В.​Палонскі, І.​Перэстыяні, В.​Праабражэнская, В.​Халодная і інш. У 1919 кінематограф перададзены пад кіраўніцтва Наркамасветы РСФСР, створана Дзяржкінашкола (з 1922 назва мянялася, з 1992 Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі) на чале з рэж. У.​Гардзіным. Пастаўленыя перад кінематографам задачы агітац. і ідэалаг. ўздзеяння прывялі да ўзнікнення масавай прадукцыі — т.зв. фільмаў-плакатаў і агітпрапфільмаў, у т. л. ігравы фільм «Серп і молат» (1921, рэж. Гардзін). Склалася плеяда рэжысёраў-наватараў, якія ў розных жанрах развівалі выразныя магчымасці кінамовы. С.​Эйзенштэйн ствараў буйныя эпічныя творы з манум. героямі-тыпажамі, дынамічнымі масавымі сцэнамі («Стачка», «Браняносец «Пацёмкін», абодва 1925; «Кастрычнік», 1927); Л.​Куляшоў эксперыментаваў у галіне выяўл. сродкаў кінамовы і мантажу («Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў», 1924; «Паводле закону», 1926); Дз.​Вертаў ствараў новыя мантажныя канструкцыі, апрабоўваў магчымасці змены рытмаў, ракурсаў, спалучаў знятыя ў розныя часы кінакадры для стварэння экспрэсіўнага відовішча («Кіна-Праўда», 1922—25; «Кіна-Вока», 1925; «Кроч, Савет!», «Шостая частка свету», абодва 1926; «Адзінаццаты», 1928); У.​Пудоўкін раскрываў гіст. тэматыку праз драм. і псіхал. апавяданне («Маці», 1926; «Канец Санкт-Пецярбурга», 1927; «Нашчадак Чынгісхана», 1928). Творчае пераасэнсаванне дакумент. архіўнай кінахронікі і наданне ёй новай ідэалагічнай трактоўкі выявіла рэж. Э Шуб у гісторыка-дакумент. мантажных фільмах «Падзенне дынастыі Раманавых» (1927), «Расія Мікалая II і Леў Талстой» (1928). Традыцыі цырка, мюзік-хола, бурлеска развівалі кінематаграфісты ленінградскага аб’яднання «Фабрыка эксцэнтрычнага акцёра» Р.​Козінцаў і Л.​Траўберг: «Прыгоды Акцябрыны» (1924), «Мішкі супраць Юдзеніча» (1925), «Чортава кола» (1926), «С.В.Д.» (1927), «Новы Вавілон» (1929).

У жанры сатыр. камедыі працаваў Я.​Пратазанаў («Закройшчык з Таржка», 1925; «Працэс аб трох мільёнах», 1926; «Свята святога Іоргена», 1930), псіхал. драмы з маральна-этычнай праблематыкай здымалі А.​Роам («Трэцяя Мяшчанская», 1927) і Ф.​Эрмлер («Кацька—Папяровы Ранет», 1926; «Парыжскі шавец», 1928; «Абломак імперыі», 1929). У лірычных камедыях Б.​Барнета «Дзяўчына з каробкай» (1927), «Дом на Трубнай» (1928) і А.​Папова «Два сябры, мадэль і сяброўка» (1928) адчуваліся інтанацыі радасці простых адносін, шчасця ўзаемнага кахання. У 1928 з’явіўся маніфест Эйзенштэйна, Пудоўкіна і Р.​Аляксандрава «Будучыня гукавой фільмы. Заяўка», у якім падкрэслівалася значэнне гукава-зрокавага кантрапункта (асінхроннага спалучэння гуку і экраннага відовішча) як асн. выразніка аўтарскай ідэі ў фільме. У 1931 зняты першы гукавы фільм «Пуцёўка ў жыццё» (рэж. М.​Эк). У 1930-я г. кінематограф развіваўся пад уздзеяннем эстэт. (з’яўленне гукавога кіно і адпаведнае абнаўленне кінамовы) і ідэалагічнага фактараў (пашырэнне штампаў у гіст.-рэв. фільмах, з’яўленне вобразаў т.зв. «ворагаў народа», фармалізацыя сюжэтных пабудоў). Гал. акцэнт пераносіўся рэжысуры на акцёрскае майстэрства. Зоркамі экрана сталі акцёры П.​Алейнікаў, Б.​Андрэеў, Л.​Арлова, Б.​Бабачкін, У.​Гардзін, Э.​Гарын, М.​Жараў, В.Жызнева, І.​Ільінскі, М.​Кручкоў, М.​Ладыніна, Макарава, В.​Марэцкая, Ф.​Ранеўская, Л.​Цалікоўская, М.​Чаркасаў, Б.​Чыркоў і інш. Здымаліся героіка-патрыятычныя. фільмы («Чапаеў», 1934, рэж. Г. і С. Васільевы; «Сямёра смелых», 1936, рэж. С.​Герасімаў) і лірычныя муз. камедыі, якія ідэалізавалі сав. лад. жыцця («Вясёлыя хлопцы», 1934, «Цырк», 1936, «Волга-Волга», 1938, усе рэж. Аляксандраў; «Багатая нявеста», 1938, «Трактарысты», 1939, «Свінарка і пастух», 1941, усе рэж. І.​Пыр’еў), фільмы для дзяцей («Дзеці капітана Гранта», 1936, паводле Ж.​Верна, рэж. У.​Вайншток; «Бялее ветразь адзінокі», 1937, паводле В.​Катаева, рэж. У.​Лягошын; «Па шчупаковаму загаду», 1938, рэж. А.​Роу), мультфільмы (І.​Іваноў-Вано, А.​Птушко). Пагроза вайны выклікала з’яўленне гіст.-манум. фільмаў, якія ўзнаўлялі гераічнае мінулае рус. народа: «Пётр I» (1937—39, рэж. У.​Пятроў), «Аляксандр Неўскі» (1938, рэж. Эйзенштэйн), «Мінін і Пажарскі» (1939), «Сувораў» (1941, рэж. Пудоўкін).

У 1940-я г. дамінавала тэма Вял. Айч. вайны, гераізм і патрыятызм сав. народа, чалавек у экстрэмальных умовах паміж жыццём і смерцю: «Сакратар райкома» (1942), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944, абодва рэж. Пыр’еў), «Машачка» (1942, рэж. Ю.​Райзман), «Яна абараняе Радзіму» (1943, рэж. Эрмлер), «Нашэсце» (1945, рэж. Роам), «Маладая гвардыя» (1948, рэж. Герасімаў). Здымалася ваен. кінахроніка. З канца 1940-х г. фільмы ваен. тэматыкі набылі рысы манументальнасці і «прыгладжанасці» рэальнай жорсткасці вайны: «Сталінградская бітва» (1949, рэж. Пятроў), «Падзенне Берліна» (1950, рэж. М.​Чыяўрэлі) і інш. У той жа час забаронена 2-я серыя фільма Эйзенштэйна «Іван Грозны» (1948), у якой рабілася спроба крытыкі ўлады, заснаванай на насіллі і рэпрэсіях. Новы этап у рас. кіно пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г., калі павысілася ўвага да жыцця, надзей і здзяйсненняў пакалення, што перамагло ў вайне і прагнула шчасця ў мірным жыцці: «Вялікая сям’я» (1954, рэж. Х.​Хейфіц), «Ляцяць жураўлі» (1957, рэж. М.​Калатозаў), «Вышыня» (1957, рэж. А.​Зархі), «Дом, у якім я жыву» (1957, рэж. Я.​Сегель і Л.​Куліджанаў), «Балада пра салдата» (рэж. Р.​Чухрай), «Лёс чалавека» (паводле М.​Шолахава, рэж. С.​Бандарчук, абодва 1959), «Калі дрэвы былі вялікімі» (1962, рэж. Куліджанаў), «Мне 20 год» (1965, рэж. М.​Хуцыеў), «Каля возера» (1970), «Любіць чалавека» (1973), «Дочкі-маці» (1975, усе рэж. Герасімаў), «Беларускі вакзал» (1971, рэж. А.​Смірноў), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975, рэж. Бандарчук), «Падранкі» (1977, рэж. М.​Губенка) і інш. Вайна як трагедыя чалавека, як маральная перасцярога наступным пакаленням асэнсавана ў фільмах «Узыходжанне» (1977, рэж. Л.​Шапіцька) паводле аповесці В.​Быкава «Сотнікаў», «Ідзі і глядзі» (1986, рэж. Э.​Клімаў, сумесна з кінастудыяй «Беларусьфільм») паводле «Хатынскай аповесці» А.​Адамовіча, у дакумент.-маст. эпапеі «Звычайны фашызм» (1966, рэж. М.​Ром). Экранізаваліся літ. творы рус. і сусв. класікі: «Ідыёт» (1958), «Браты Карамазавы» (1969, абодва рэж. Пыр’еў), «Злачынства і пакаранне» (1970, рэж. Куліджанаў) паводле Дастаеўскага, «Дама з сабачкам» (1960, рэж. Хейфіц), «Дзядзька Ваня» (1971, рэж. А.​Міхалкоў-Канчалоўскі), «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна» (1977, рэж. М.​Міхалкоў) паводле Чэхава, «Вайна і мір» (1966—67, рэж.

Бандарчук), «Ганна Карэніна» (1968, рэж. Зархі) паводле Л.​Талстога, «Дваранскае гняздо» (1969, рэж. Міхалкоў-Канчалоўскі) паводле І.​Тургенева, «Ціхі Дон» (1957—58, рэж. Герасімаў) паводле Шолахава, «Бег» (1971, рэж. А.​Алаў і У.​Навумаў) паводле А.​Булгакава, «Некалькі дзён з жыцця І.​І.​Абломава» (1980, рэж. Міхалкоў) паводле рамана І.​Ганчарова «Абломаў», «Дон Кіхот» (1957) паводле М.​Сервантэса, «Гамлет» (1964), «Кароль Лір» (1971, усе рэж. Козінцаў) паводле У.​Шэкспіра і інш. Рас. песенную інтанацыю, мелодыку пакутлівай і ўзвышанай душы простага чалавека ў пошуках праўды і справядлівасці, панараму рус. нар. характараў выявіў В.​Шукшын у фільмах «Жыве такі хлопец» (1964), «Ваш сын і брат» (1966), «Дзіўныя людзі» (1970), «Печкі-лавачкі» (1972), «Каліна чырвоная» (1974). Вобразы незвычайных па волі і вытрымцы герояў ва ўмовах экстрэмальных сітуацый стварыў Г.​Панфілаў («У агні броду няма», 1968; «Пачатак», 1970; «Васа» паводле п’есы М.​Горкага «Васа Жалязнова», 1983). Атмасферу гіст. эпохі, у якой дзейнічаюць псіхалагічна неадназначныя героі стварылі А.​Герман у фільмах «Праверка на дарогах» (1970), «Дваццаць дзён без вайны» (1977), «Мой сябра Іван Лапшын» (1984). Паглыблена псіхал. стыль К.​Муратавай выявіўся ў фільмах «Кароткія сустрэчы» (1968) і «Доўгія провады» (1972). С.​Салаўёў распрацоўваў паэтыку «маладзёжнага фільма» з новай кінамовай — калажам, асацыятыўнымі кінацытатамі з класікі: «Сто дзён пасля дзяцінства» (1976), «Мелодыі белай ночы» (1977), «Выратавальнік» (1980), «Наследніца па прамой» (1982), «Чужая Белая і Рабы», «Аса» (абодва 1986), «Чорная ружа — эмблема смутку, чырвоная ружа — эмблема кахання» (1989). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца фільмы А.​Таркоўскага, насычаныя вобразамі рус. і сусв. мастацтва, асацыяцыямі з біблейскімі і міфалагічнымі архетыпамі, героямі літ. класікі: «Іванава дзяцінства» (1962), «Андрэй Рублёў» (1971), «Салярыс» (1972, паводле С.​Лема), «Люстэрка» (1975), «Сталкер» (1980), «Настальгія» (1983), «Ахвярапрынашэнне» (1986). В.​Абдрашытаў стварыў жанр сучаснай кінааповесці, у якой спалучаны рэаліст. сюжэт з архетыпічным падтэкстам: «Паляванне на лісаў» (1980), «Спыніўся цягнік» (1982), «Парад планет» (1984), «Плюмбум, або Небяспечная гульня» (1986), «Слуга» (1989). Адметныя фільмы У.​Матыля «Белае сонца пустыні» (1970), У.​Мяньшова «Масква слязам не верыць» (1980), Р.​Балаяна «Палёты ў сне і наяве» (1983), П.​Тадароўскага «Любімая жанчына механіка Гаўрылава» (1982), «Ваенна-палявы раман» (1984), К.​Шахназарава «Мы з джаза» (1983), «Зімовы вечар у Гаграх» (1985), «Кур’ер» (1987) і інш.

У жанры кінакамедыі плённа працавалі Л.​Гайдай, Г.​Данелія, Матыль, Э.​Разанаў. Сярод акцёраў Ю.​Багатыроў, А.​Барысаў, А.​Басілашвілі, А.​Баталаў, М.​Булгакава, Р.​Быкаў, Г.​Віцын, Н.​Вярцінская, П.​Глебаў, М.​Глуэскі, М.​Грыцэнкл, Н.​Гундарава, Л.​Гурчанка, Т.​Дароніна, У.​Дваржэцкі, А.​Джыгарханян, Л.​Дураў, Я.​Еўсцігнееў, Г.​Жжонаў, У.​Заманскі, П.​Кадачнікаў, А.​Калягін, З.​Кірыенка, Л.​Кураўлёў, К.​Лаўроў, К.​Лучко, С.​Любшын, Я.​Лявонаў, Я.​Маргуноў, Н.​Мардзюкова, Я.​Мацвееў, А.​Меньшыкаў, А.​Міронаў, В.​Мяркур’еў, Ю.​Нікулін, А.​Папанаў, І.​Пераверзеў, Р.​Плят, Г.​Польскіх, А.​Пятрэнка, М.​Рыбнікаў, І.​Савіна, А.​Саланіцын, В. і Ю.​Саломіны, Я.​Самойлаў, У.​Санаеў, І.​Смактуноўскі, Т.​Сёміна, А.​Табакоў, М.​Ульянаў, Я.​Урбанскі, Л.​Федасеева-Шукшына, Л.​Філатаў, А.​Фрэйндліх, М.​Церахава, В.​Ціханаў, Л.​Чурсіна, І.​Чурыкава, С.​Шакураў, А.​Янкоўскі, М.​Яроменка-малодшы, А.​Яфрэмаў і інш. Вял. ўклад у развіццё рас. кіно зрабілі мультыплікатары Р.​Качанаў, В.​Кацёначкін, В.​Курчэўскі, Ю.​Нарштэйн, А.​Пятроў, М.​Серабракоў, Ф.​Хітрук, А.​Хржаноўскі, кінааператары М.​Ашуркоў, Б.​Волчак, А.​Галаўня, А.​Забалоцкі, Л.​Касматаў, П.​Лебешаў, А.​Лявіцкі, У.​Манахаў, А.​Масквін, Г.​Рэрберг; С.​Урусеўскі, Э.​Цісэ, В.​Юсаў; кінадраматургі Я.​Габрыловіч, Н.​Зархі, А.​Каплер, Ю.​Клепікаў, А.​Міндадзе, В.​Мярэжка, Г.​Шпалікаў, В.​Чарных, В.​Яжоў; мастакі М.​Багданаў, М.​Гаўхман-Свердлаў, Л.​Кусакова, Г.​Мяснікоў, М.​Серабракоў, У.​Ягораў, Я.​Яней; кампазітары Э.​Арцем’еў, М.​Багаслоўскі, Г.​Гладкоў, Б.​Грабеншчыкоў, С.​Губайдуліна, У.​Дашкевіч, І.​Дунаеўскі, М.​Дунаеўскі, Дз.​Кабалеўскі, С.​Пракоф’еў, А.​Пятроў, А.​Рыбнікаў, М.​Тарывердыеў, А.​Хачатуран, Ц.​Хрэннікаў, Дз.​Шастаковіч, І.​Шварц, А.​Шнітке, А.​Эшпай і інш. У 1990-я г. адбылося скарачэнне кінавытворчасці і пракату рас. фільмаў, здымаліся тэле- і відэафільмы. У кінавытворчасці пераважала стратэгія эканам. выжывання, пашырыўся выпуск фільмаў для масавай аўдыторыі: баевікі, трылеры, забаўляльныя камедыі, тэлесерыялы на ўзор «мыльных опер» і інш. З мэтай адраджэння рас. кіно прыняты «Закон аб дзярж. падтрымцы кінематографа Расіі» (1996), указы прэзідэнта Расіі «Аб акцыяніраванні кінастудый» і «Аб акцыяніраванні кінапракату» (абодва 2001).

Сярод адметных фільмаў 1990-х г.: «Урга», «Стомленыя сонцам», «Сібірскі цырульнік» Міхалкова, «Малох», «Цялец» А.​Сакурава, «Сады Скарпіёна», «Цёмная ноч» А.​Кавалава, «Раманавы — венцаносная сям’я» Панфілава, «Паненка-сялянка» А.​Сахарава, «Каўказскі палоннік» С.​Бадрова, «Час танцора» Абдрашытава, «Анкор, яшчэ анкор» Тадароўскага, «Дзённік яго жонкі» А.​Учыцеля. Вядучыя кінастудыі: «Ленфільм» (з 1917, сучасная назва з 1934) у Пецярбургу, «Масфільм», Цэнтр. студыя дзіцячых і юнацкіх фільмаў імя М.​Горкага (абедзве з 1924), Цэнтр. студыя дакумент. фільмаў (з 1927), «Цэнтранавукфільм» (з 1933), «Саюзмультфільм» (з 1936) у Маскве, Свярдлоўская кінастудыя (з 1943) у Екацярынбургу і інш. Кадры кінематаграфістаў рыхтуюць Усерас. дзярж. ін-т кінематаграфіі, Вышэйшыя курсы рэжысёраў і сцэнарыстаў (з 1964). Навук. дзейнасць па праблемах кінематографа вядуць НДІ кінамастацтва, Ін-т мастацтвазнаўства, Эйзенштэйнаўскі цэнтр даследавання кінакультуры (на базе кінамузея), Усерас. дзярж. ін-т кінематаграфіі, Дзяржфільмфонд Рас. Федэрацыі, Ін-т гісторыі мастацтваў у С.-Пецярбургу і інш. Праводзяцца Маскоўскі міжнар. кінафестываль, Міжнар. кінафорум. слав. і правасл. народаў «Залаты віцязь», фестываль архіўнага кіно «Белыя слупы», кінафестываль «Ніка» ў Маскве, Міжнар. кінафестываль рас. (з 2001 — еўрап.) кіно «Кінатаўр» у Сочы, Рас. адкрыты кінафестываль краін СНД і Балтыі «Кінашок», кінафестываль дакумент. і кароткаметражных фільмаў у С.-Пецярбургу і інш. У 1991 створаны Саюз кінематаграфістаў Р.

Беларусы ў Расіі. Перасяленні з бел. зямель на Пн і ПнУ Русі прасочваюцца з сярэдніх вякоў. Ранняй міграцыі спрыялі дынастычныя шлюбы, у т. л. сына Юрыя Далгарукага Усевалада з дачкой віцебскага кн. Усяслава ў 1176, князя Аляксандра Неўскага з дачкой полацкага кн. Брачыслава ў 1238. У Неўскай бітве 1240 вызначыўся Якаў Палачанін. Жыхары бел. зямель ВКЛ перасяляліся ў рус. гарады і княствы па паліт., эканам., рэліг. і інш. прычынах. Найчасцей сюды выязджалі пакрыўджаныя ці незадаволеныя палітыкай вял. князёў ВКЛ прадстаўнікі пануючага саслоўя (часам са сваімі войскамі і сялянамі), а таксама тыя, хто пацярпеў паражэнне ў дынастычнай барацьбе за ўладу. У 1265 у Пскоў уцёк удзельнік змовы супраць Міндоўга кн. Даўмонт. Князь Нарымонт у 1333 атрымаў «у кармленне» гарады Ладагу, Арэшак, Карэлу. Князі-браты Андрэй Альгердавіч і Дзмітрый Альгердавіч удзельнічалі ў Кулікоўскай бітве 1380. Пад кіраўніцтвам мсціслаўскага кн. Сямёна Лугвена (у 1389—1407 намеснік у Ноўгарадзе) у 1392 разбіты швед. войскі на Няве. У Маскоўскае вял. княства ў 1408 перасяліўся северскі кн. Свідрыгайла, У 14—15 ст. дынастычныя шлюбы ўплывалі на прамаскоўскую паліт. арыентацыю часткі правасл. знаці ВКЛ. Пашырэнню міграцыі на У спрыяла атрыманае паводле прывілея 1447 права князёў, рыцараў, шляхты і баяр пакідаць ВКЛ. Права ўсіх свабодных людзей на выезд за мяжу (акрамя «непрыяцельскіх краін») прадугледжвалі Статуты ВКЛ 1566 і 1588. Маск. дзяржава, якая з канца 15 ст. пачала змаганне за «яднанне» пад сваёй уладай усх.-слав. зямель, заахвочвала сепаратысцкія памкненні правасл. знаці ВКЛ. У 1480—90-я г. пераходы правасл. феадалаў на бок Масквы пачасціліся Пасля выкрыцця ў 1481 змовы супраць Казіміра IV, на чале якой стаялі слуцкі кн. Міхал Алелькавіч (гл. Алелькавічы), Ф.​Бельскі (гл. Бельскія) і адзін з князёў Гальшанскіх, змоўшчыкі перасяліліся ў Маск. дзяржаву (Адоеўскія, Навасельскія і інш.). З канца 15 ст. перамяшчэнні на У, найчасцей прымусовыя, выклікаліся пераходам ад памежных канфліктаў да адкрытай барацьбы за сферу ўплыву паміж Маск. дзяржавай і ВКЛ (войны 1492—94, 1500—03, 1507—08, 1512—22, 1534—37). У час першай з гэтых войнаў з памежных раёнаў ВКЛ перайшлі «на службу» ў Маскву князі С.​Варатынскі, М.​Мязецкі, А. і В.​Бялеўскія, А.​Вяземскі (гл. Вяземскія) са сваімі ўдзеламі. Паводле мірнага дагавора 1494 ВКЛ страціла Вяземскае княства і землі ў бас. Верхняй Акі. Пераходы памежных князёў разам з «дварамі», баярамі, слугамі пад уладу Масквы справакавалі ваен. канфлікт 1500—03, калі на службу да Івана III перабеглі князі С.​Бельскі, В.​Шамяціч, С. і І.​Мажайскія і інш. вярхоўскія і чарнігава-северскія князі; да Маск. дзяржавы адышлі 29 гарадоў і 70 валасцей, у т. л. Бранск, Чарнігаў, Гомель.

Пасля паражэння Глінскіх мяцяжу 1508 у Маскву выехалі князі Міхаіл, Іван і Васіль Глінскія і іх блізкія паплечнікі. Многія са збеглай знаці ВКЛ набылі ў Маскоўскім вял. княстве значны ўплыў, былі ў блізкім сваяцтве з велікакняжацкімі, а потым і царскімі родамі (Галіцыны, Патрыкеевічы, Бельскія, Глінскія і інш.). А.​Глінская была жонкай Васіля III, а пасля яго смерці — рэгентам пры сваім малалетнім сыне вял. кн. Іване IV. Сын В.​Глінскага Юрый быў адным з ініцыятараў абвяшчэння Івана IV першым рас. царом. Акрамя правасл. знаці з ВКЛ на У уцякалі сяляне і гараджане, выводзіліся захопленыя ў час ваен. дзеянняў палонныя, многія з якіх потым удзельнічалі ў заваяванні і асваенні новадалучаных рас. зямель. Так, у паходзе Ермака ў Сібір (1582) удзельнічалі каля 300 выхадцаў з ВКЛ. Сярод першых пасяленцаў Цюмені, Табольска, Тары ў канцы 16 ст. было нямала жыхароў з бел. зямель ВКЛ. Праз выхадцаў з Беларусі ў Р. пашыраліся здабыткі еўрап. асветы і культуры. Бел. шляхціц І.​Перасветаў, які з 1539 жыў у Маскве, быў адным з ідэйных натхняльнікаў рэформ Івана IV. Далучэнню Маскоўскай дзяржавы да друкавання кніг спрыялі І.​Фёдараў (Федаровіч) і П.​Мсціславец: на прывезеным з ВКЛ друкарскім абсталяванні яны выпусцілі першыя дакладна датаваныя рус. кнігі «Апостал» (1564) і два выданні «Часоўніка», па якіх навучалі пісьменнасці. Значны рост бел. перасяленцаў у Р. ў 16—17 ст. быў выкліканы ўзмацненнем прыгонніцкай эксплуатацыі сялян у ВКЛ, нац.-рэліг. уціскам бел. насельніцтва ў Рэчы Паспалітай. Маск. дзяржава заахвочвала іміграцыю беларусаў для асваення новых заваяваных на У рэгіёнаў, давала прытулак збеглым (многім прыгонным і волю), прымала іх на службу (як і палонных, што прысягнулі на вернасць), аказвала і пэўную матэрыяльную падтрымку. З улікам значнай колькасці перасяленцаў царк. сабор 1620 прыняў спец. пастанову аб перахрышчванні беларусаў, «вяртанні іх ва ўлонне сапр. веры». Шляхта, рамеснікі, гандляры, сяляне масава выводзіліся з бел. зямель у глыбінныя раёны Р. ў ходзе яе войнаў з Рэччу Паспалітай 1632—34, 1654—67. Так, летам 1633 у Томску з’явілася вял. група «літоўскіх людзей», у т. л. выхадцаў з Мсціслаўскага, Крычаўскага, Аршанскага, Магілёўскага і інш. паветаў. У час вайны 1654—67 жыхары бел. зямель прымусова перасяляліся пад Маскву, а найбольш — у Паволжа, Урал і Сібір. Баярын М Чаркаскі з Арзамаскага пав. ў 1670-я г. меў больш за 800 сялян з Беларусі. У Р. з’явіліся і асобныя бел. паселішчы. Паводле царскага ўказа 1672 у Маскве з беларусаў засн. Мяшчанская (Новамяшчанская) слабада, якая падпарадкоўвалася Пасольскаму прыказу. Па звестках гісторыка Р.​Лешчанкі, у 1670-я г. ўтварыліся бел. слабоды ў Верхатур’і. У 18 ст. ў Сібіры працягвалася фарміраванне воінскіх падраздзяленняў з беларусаў-ваеннапалонных. Выхадцы з ВКЛ у 1-й пал. 18 ст. заснавалі каля 20 вёсак з 200 вядомых тады ў Томскім пав Прыкметная прысутнасць бел. насельніцтва ў Р. абумовіла яго значны ўплыў на развіццё некат. галін яе матэрыяльнай і духоўнай культуры. Перасяленцы садзейнічалі с.-г. асваенню Паволжа і Сібіры, а «службовая літва» — замацаванню Р. на новазаваяваных землях.

Некат. перасяленцы займалі высокія дзярж. пасады, сталі военачальнікамі, заснавальнікамі купецкіх родаў. Нац.-рэліг. ўціск (наступ каталіцызму) абумовіў арыентацыю на Маскву ў 1-й пал. 17 ст. вядомых бел. пісьменнікаў, адукаваных правасл. святароў, манахаў-кніжнікаў. Значна паўплывалі на развіццё рус. культуры, асветніцтва, друкавання кніг Сімяон Полацкі, паэты А.​Белабоцкі і Ф.​Газвінскі, вучоны і літаратар Е.​Славінецкі, Куцеінская літ. школа на чале з ігуменам І.​Труцэвічам. Клопатамі Сімяона Полацкага ў Маскве створаны свецкая Верхняя друкарня, прыватны кнігазбор і Славяна-грэка-лацінская акадэмія. Важным асяродкам асветы стала вывезеная восенню 1654 паводле загаду патрыярха Нікана ў Іверскі манастыр (пад Ноўгарадам) Куцеінская друкарня (разам з майстрамі і мноствам кніг). Ураджэнец Мсціслаўшчыны Х.​Капіевіч (Капіеўскі) выдаў новым рус. алфавітам у Амстэрдаме, Гданьску і Маскве каля 20 кніг (слоўнікі, падручнікі па граматыцы, арыфметыцы, астраноміі, навігацыі). Выхадцы з бел. зямель і іх нашчадкі былі сярод землепраходцаў, пачынальнікаў геагр. і этнагр. вывучэння карэнных народаў Прыуралля, Сібіры, Чукоткі, Камчаткі (А.Р Каменскі, І.​Казырэўскі, Л.​Сяніцкі, І.​Яўрэінаў і інш.). Калектыў першага ў Р. прыдворнага т-ра (1672—76) амаль цалкам складаўся з беларусаў Мяшчанскай слабады. У 17 ст. ў Р. плённа працавалі многія бел. муз. дзеячы (А.​Беражанскі, І.​Дзякоўскі, І.​Календа, І.​Канюхоўскі, Д.​Рагачэўскі, З.​Гламазінскі). У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і інш. бел. гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля Маскоўскага, палац у Каломенскім, Данскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Новаіерусалімскі манастыр. Бел. майстры прыносілі ў Р. новыя рамёствы, адметныя стыль, матывы і тэхніку скульпт. разьбы па дрэве (гл. Беларуская рэзь), вытв-сць паліхромнай паліванай керамікі. Сучасныя даследчыкі лічаць Сімяона Полацкага і А.​Белабоцкага пачынальнікамі асветніцтва на рус. і ўсх.-слав. землях і што Р. праз творы Сімяона Полацкага, В.​Пазнанскага, С.​Палубеса, В.​Кораня пераймала маст. прынцыпы барока. Пасля далучэння ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) бел. зямель да Р. сюды высылаліся ўдзельнікі тайных т-ваў «заранаў», філаматаў, філарэтаў і паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64. З адменай прыгоннага права сял. міграцыя (адыходніцтва, перасяленне ў Сібір і на Д.​Усход) набыла сталы, а на мяжы 19—20 ст. і масавы характар. Гэтаму спрыяла развіццё чыг. сеткі, у т. л. адкрыццё ў канцы 19 ст. Транссіб. магістралі. Паводле рас. перапісу 1897, за межамі 5 бел. губерняў (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) жыло 540 тыс. іх ураджэнцаў. Перасяленне беларусаў, якія афіцыйна лічыліся адгалінаваннем рус. этнасу, заахвочвалася рас. ўладамі і было выклікана расслаеннем і абеззямельваннем сялянства, адсутнасцю развітой прам-сці, здольнай паглынуць лішак рабочай сілы. У 1861—1913 каля 1,5 млн. чал. з бел. губерняў з-за цяжкага эканам. становішча выехала пераважна ў еўрап. частку Р., Сібір, на Д. Усход, пры гэтым у 1895—1900 14% іх вярнуліся на радзіму. Незавершанасць працэсу станаўлення бел. нацыі вяла да паскоранай асіміляцыі бел. мігрантаў. Але наяўнасць сярод перасяленцаў бел. інтэлігенцыі (яе прыток павялічыўся з канца 19 ст.) абумовіла з’яўленне на тэр. Р. нацыянальна арганізаванага культ. і паліт. жыцця беларусаў. Адным з яго важных цэнтраў стаў Пецярбург.

У 1840-я г. тут узнік бел. літ.-грамадскі рух (бел.-польскі грамадскі гурток Р.​Падбярэскага — Я.​Баршчэўскага), а пазней створаны і першыя нац. арг-цыі: асветная «Крывіцкі вязок» (1868) і палітычная «Гоман» (1884). Апошняя належала да бел. фракцыі партыі «Народная воля», адным з заснавальнікаў якой быў І.​Грынявіцкі. Значную ролю ў рас. рэв.-дэмакр. руху адыгралі беларусы М.​Судзілоўскі, Р.​Ісаеў, С.​Кавалік. Сацыяліст. ідэі прапагандаваў нелегальны Пецярбургскі гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай (1889—93; А.​Гурыновіч і інш.). Некат. з беларусаў, высланых у розныя мясціны Р., даследавалі прыроду, побыт, традыцыі, мовы народаў Сібіры, Крайняй Поўначы, Д. Усходу (І.​Чэрскі, Б.​Дыбоўскі, В.​Кавалеўскі, Э.​Пякарскі, А.​Чаканоўскі, А.​Янушкевіч, М.​Віткоўскі, Э.​Гадлеўскі). Значна паўплывалі на развіццё рас. навукі і культуры фізікі І.​Яркоўскі, З.​Урублеўскі, А.​Садоўскі, хімік Э.​Урублеўскі, географ і падарожнік, даследчык Цэнтр. Азіі М.​Пржавальскі (Перавальскі), праф. С.​Кутарга, рэктар Казанскага ун-та астраном Дз.​Дубяга, дыпламат, даследчык Японіі і Кітая І.​Гашкевіч, кампазітар В.​Казлоўскі, спявачка і муз. педагог Г.​Жарабцова-Андрэева, літ. крытык С.​Дудышкін і інш. У 1800 артысты балета Шклоўскага т-ра Зорыча пераведзены ў балетную трупу Пецярбургскіх імператарскіх т-раў, а аркестр — у Маскву. У Маскве і Пецярбургу працяглы час жылі і працавалі мастакі І.​Аляшкевіч, С.​Заранка, К.​Хруцкі, а В.​Бялыніцкі-Біруля і С.​Жукоўскі былі членамі Т-ва перасоўных выставак. Масавая прац. міграцыя з Беларусі, найвыш. ўздым якой прыпаў на перыяд пасля рэвалюцыі 1905—07, павялічыла бел. дыяспару ў Р. Да 1-й сусв. вайны па эканам. прычынах толькі ў Сібір з Беларусі накіраваліся больш за 700 тыс. чал. (пераважна сяляне). У ходзе абвешчанай з 1906 сталыпінскай аграрнай рэформы, якая суправаджалася дзярж. падтрымкай для каланізацыі Сібіры і ўскраін Рас. імперыі «рус. элементам» (да яго адносілі і правасл. беларусаў), у 1907—14 з Беларусі сюды перасялілася 335,4 тыс. чал. (але 36,5 тыс. чал. вярнуліся з-за цяжкіх умоў жыцця на новых месцах, гл. Перасяленства). У пач. 20 ст. цэнтрам бел. нац. грамадска-культ. жыцця ў Р. заставаўся Пецярбург, дзе ў 1902—04 дзейнічаў «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». Пасля адмены ў 1905 забароны друкаваць па-беларуску тут працавалі першае легальнае бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906—14), Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та (1912—14). У Пецярбургу пэўны час жылі Я.​Купала, Ц.​Гартны, А.​Гурло, Б.​Тарашкевіч, Цётка (А.​Пашкевіч); пецярбургскімі бел. арг-цыямі кіраваў Б.​Эпімах-Шыпіла. У 1911 тут выступіла з канцэртам трупа І.​Буйніцкага, 9.2.1913 пастаўлена п’еса Купалы «Паўлінка», праходзілі бел. літ. вечарынкі. Бел. інтэлектуальнае асяроддзе існавала ў Ніжнім Ноўгарадзе (з 1896) і Яраслаўлі (з 1908) вакол этнографа А.​Я.​Багдановіча і яго сына паэта М.​Багдановіча. У 1915—16 у гар. нар. ун-це імя А.​Л.​Шаняўскага ў Маскве вучыўся Купала. 1-я сусв. вайна выклікала значны прыток бел. насельніцтва (бежанцы і прымусова эвакуіраваныя) у цэнтр. і ўсх. губерні Р. (з 1915). Паводле афіц. звестак, у маі 1918 у рэгіёнах Р. было амаль 2,3 млн. бежанцаў з Беларусі (найб. у Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губ., Петраградзе і Маскве). У іх падтрымку дзейнічалі Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны (1916—18), Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле (1918—20), культ.-асв. арг-цыі «Беларуская хатка» ў Арле (1917—18), Бел. нац. гурток у Багародзіцку (1917—18), Арэнбургскі гурток беларусаў (1918) і інш. Пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 паліт. і культ.-асв. працу сярод беларусаў-бежанцаў, рабочых, вайскоўцаў і інш. праводзілі Беларуская народная грамада, Беларуская сацыялістычная грамада, праэсэраўскі Беларускі абласны камітэт пры Усерас. Савеце сял. дэпутатаў у Петраградзе (старшыня Я.Канчар), секцыя беларусаў пры ЦК партыі левых эсэраў. Прыхільнікі стварэння бел. дзяржаўнасці на сав. аснове (А.​Чарвякоў, А.​Усціловіч, З.​Жылуновіч, У.​Фальскі, Я.​Дыла, Дз.​Чарнушэвіч, Ф.​Шантыр і інш.) гуртаваліся вакол Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Беларускага нацыянальнага камісарыята (выдаваў газ. «Дзянніца»), беларускіх секцый РКП(б), садзейнічалі абвяшчэнню БССР.

У 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. Дзейнічалі Беларускі народны універсітэт (1918), Беларуская чыгуначная грамада (1918), Беларускае навукова-культурнае таварыства. (1918—19; усе ў Маскве), Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1918—20) і Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства (1918) у Петраградзе, Беларуская вучнёўская грамада (1918) і гурток бел. сацыяліст. моладзі (1918) у Калузе, клубы «Беларуская хатка» ў Петраградзе (1918—19) і «Беларус» у Маскве (1919). У студз. 1919 паводле рашэння ЦК РКП(б) усх. бел. землі далучаны да РСФСР (Віцебская, Магілёўская, Смаленская губ.). Беларусы рассяляліся ў РСФСР у выніку планавых набораў рабочай сілы ў аддаленыя паўн. раёны, на новабудоўлі Урала і Сібіры. У 1924 улады СССР вярнулі БССР 15 паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ., у 1926 — Гомельскі і Рэчыцкі паветы. Паводле перапісу 1926 у Сібіры і на Д. Усходзе налічвалася 320 тыс. ураджэнцаў Беларусі. У Заходняй (з 1937 Смаленскай) вобл. жыло 83 тыс., у Ленінградскай вобл. — 55 тыс., у Маскве і Маскоўскай вобл. — 42 тыс. беларусаў. У 1926—39 з БССР (каля 5 млн. жыхароў) выехалі, у т. л. прымусова, 617 тыс. чал.асн. сельскія жыхары), пераважна ў Р. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. сюды высланы многія прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі, абвінавачаныя ў «нацыянал-дэмакратызме». Масавыя дэпартацыі з Беларусі ў Р. ажыццяўляліся ў ходзе суцэльнай калектывізацыі, паліт. рэпрэсій 1930-х г. (гл. Дэпартацыя). У 1920-я г. ў сувязі з палітыкай беларусізацыі дзейнічалі Беларускае цэнтральнае бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР, бел. секцыі пры Віцебскім (1921—24), Смаленскім (1922—23, 1925—27) і Гомельскім (1921 — пач. 1927) губернскіх аддзелах нар. асветы (гл. пра кожную адпаведны арт.), дзесяткі бел. школ, клубаў, хат-чытальняў на Смаленшчыне (тут беларусізацыя школ 1-й ступені дасягала 36%), у Зах. Сібіры, на Д. Усходзе, а з 1930 — Руднянскі бел. пед. тэхнікум і бел. рабфак у Смаленску. Існавалі Цэнтр. бюро бел. студэнцкіх арг-цый у Маскве, смаленскае і гомельскае бел. зямляцтвы, Беларуская культурна-навуковая асацыяцыя пры Пятроўскай с.-г. акадэміі ў Маскве, бел. асацыяцыі ў Ленінградзе, Смаленску, Горы-Горках. У 1921—26 у Маскве знаходзілася Беларуская драматычная студыя. 250 бел. нар. песень апрацавала Беларуская песенная камісія пры Дзярж. ін-це муз. навукі ў Маскве. У 1920-я г. пры фін. і матэрыяльнай падтрымцы ўлад існавалі Беларускае пралетарскае студэнцкае зямляцтва ў Маскве, бел. зямляцтвы ў Варонежы, Волагдзе, Казані, Ленінградзе, Растове-на-Доне, Саратаве, Томску, якія стваралі бел. б-кі, гурткі бел. мовы і гісторыі. У 1924—30 у Маскве дзейнічала Т-ва паліт. эмігрантаў з Зах. Беларусі (аддзяленні ў Смаленску і Уладзіміры). Але бел. пралетарскі зямляцкі рух паступова страчваў нац. аснову, моцна ідэалагізаваўся. Пасля змены паліт. курсу ў СССР на мяжы 1920—30-х г. нац.-культ. аўтаномія беларусаў і іх арг-цыі ў Р. ліквідаваны, апошнімі — Беларускі клуб у Маскве (1936) і Бел. студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе (1937).

У Вял. Айч. вайну з Беларусі ва ўсх. тылавыя раёны СССР эвакуіравана больш за 1,5 млн. чал., больш за 120 буйных прадпрыемстваў, устаноў адукацыі, навукі і культуры, вядучых творчых калектываў. Эвакуіраваныя жыхары працавалі ў прам-сці, на чыгунцы, у сельскай гаспадарцы, навук. установах РСФСР. У 1943 пад Масквой аднавіў дзейнасць Бел. дзярж. ун-т, у Яраслаўлі — Мінскі мед. ін-т. Пасля вайны шмат эвакуіраваных засталося на Урале, у Паволжы, Сібіры і інш. рас. рэгіёнах. У 1946—63 у Р. асела большасць з 530 тыс. чал., што выехалі з Беларусі праз сістэму аргнабораў. Так, у Карэліі яны склалі 11% усяго і 15% сельскага насельніцтва (1959). У аддаленыя раёны Р. былі дэпартаваны б. ваеннапалонныя, вайскоўцы польскай арміі Андэрса, вывезеныя на прымусовую працу ў Германію (остарбайтэры), заможныя сяляне з зах. абласцей БССР і інш. З 1959 да 1989 колькасць беларусаў у РСФСР павялічылася, у т. л. за кошт вярбоўкі на новабудоўлі, планавага размеркавання выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спец. навуч. устаноў, з 844 тыс. да 1206 тыс. чал. (з 0,7 да 0,8% усіх жыхароў Р.). Каля 80% іх жыло ў гарадах. Да канца 1980-х г. найб. кампактна і масава беларусы жылі ў Маскве і Маскоўскай вобл. (каля 130 тыс.), Ленінградзе і Ленінградскай вобл. (больш за 127 тыс.), Калінінградскай і Іркуцкай абл. (у кожнай каля 74 тыс. чал.), Карэліі (55,5 тыс.), Цюменскай вобл. (49 тыс.), Краснадарскім (37 тыс.) і Краснаярскім (каля 34 тыс. чал.) краях. Нямала ўраджэнцаў Беларусі і іх нашчадкаў займалі ў РСФСР значныя дзярж. пасады, сталі кіраўнікамі прадпрыемстваў, грамадскімі і культ. дзеячамі, вучонымі (напр., дыпламат А.​Грамыка, даследчык Арктыкі акад. О.​Шміт, заснавальнік геліябіялогіі А.​Чыжэўскі, гісторык М.​Улашчык, псіхолаг Л.​Выгоцкі, матэматык І.​Брайцаў, адзін з заснавальнікаў кібернетыкі А.​Маліноўскі, авіяканструктар П.​Сухі). Ігнараванне нац.-культ. патрэб уладамі і значная асіміляцыя абумовілі тое, што, паводле перапісу 1989, бел. мову лічылі роднай толькі 28—37% беларусаў Р. Ва ўмовах палітыкі перабудовы ўзніклі суполка студэнцкай моладзі «Пагоня» (1987) і Т-ва бел. культуры імя Ф.​Скарыны (1988) у Маскве, Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў С.-Пецярбургу (1989). На час распаду СССР (1991) у Р. было 1155 тыс. беларусаў. У 1992—99 на Беларусь вярнуліся 113,4 тыс. рас. беларусаў — 49% ад агульнай колькасці тых, хто прыехаў з гэтай дзяржавы. Цяпер у Р. склалася найбольшая бел. дыяспара ў свеце, якая ў апошнія гады папоўнілася (пераважна па эканам. прычынах) вучонымі, прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, спартсменамі, прадпрымальнікамі, часовымі прац. мігрантамі. Працаўладкаванню беларусаў у Р. садзейнічаюць бел.-рас. пагадненне 1993 аб прац. дзейнасці і сац. абароне грамадзян на тэр. абедзвюх дзяржаў, адмена ў 1996 Федэральнай міграцыйнай службай Р. дазвольнага прынцыпу працаўладкавання грамадзян Беларусі на тэр. Рас. Федэрацыі (уведзены рэгістрацыйны парадак). Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі, працэсы нац. адраджэння пач. 1990-х г. актывізавалі нац. культ.-асв. дзейнасць рас. беларусаў. Захаванню і папулярызацыі традыцый, мовы, гісторыі, культуры бел. этнасу спрыяюць суполкі беларусаў у Маскве, С.-Пецярбургу (гл. раздзелы пра беларусаў у арт. Масква і Санкт-Пецярбург), Петразаводску, Саснагорску, Калінінградзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску (гл. раздзел пра беларусаў у арт. Новасібірская вобласць), Цюмені, Арэнбургу, Омску, Краснаярску, Іркуцку (гл. Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.​Д.​Чэрскага), Цверы, Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Петрапаўлаўску-Камчацкім.

У 1991 сябры маскоўскага Т-ва бел. культуры заснавалі уніяцкую і каталіцкую суполкі. Беларусы-вернікі С.-Пецярбурга арганізавалі правасл. абшчыну (дзейнічала да 1998). Працуе бел. суполка мастакоў у С.-Пецярбургу (І.​Чарнякевіч, В.​Сівуха, Ю.​Казак, М.​Ткачэнка). Бел. культуры належыць творчая спадчына літаратара І.​Ласкова (Якуцк), пісьменнікаў А.​Кірвеля, А.​Кавалюк, І.​Сібілы (С.-Пецярбург), драматурга М.​Каляды (Екацярынбург). Развіццю беларусістыкі ў Р. спрыяюць публікацыі А.​Каўкі, Я.​Шыраева, Л.​Шчавінскай (Масква), В.​Грыцкевіча, І.​Маціеўскага, М.​Нікалаева (С.-Пецярбург), А.​Катлярчука (Бранск), М.​Ількевіча (Смаленск). У рас. навук. цэнтрах праявілі сябе вучоныя-беларусы і выхадцы з Беларусі: хімік В.​Капцюг, геолаг А.​Трафімук, касманаўты П.​Клімук і У.Кавалёнак, фізікі Ж.​Алфёраў (Нобелеўская прэмія па фізіцы 2000), Б.​Галёркін, В.​Гальданскі, Я.​Зяльдовіч, У.​Міткевіч, Ф.​Шапіра. У развіцці сучаснай бел. супольнасці ў Р. выявіліся 2 процілеглыя тэндэнцыі — абуджэнне да нац. жыцця, самаўсведамлення рас. беларусаў і іх паскораная асіміляцыя ва ўмовах існавання Саюза Беларусі і Р. Сведчанне гэтага — адсутнасць бел. школ, нац. друку (выдаюцца толькі бюлетэні «Шляхам Скарыны» ў Маскве і «Маланка» ў Іркуцку), амаль поўная асіміляцыя беларусаў на бел.-рас. памежжы. Пры гэтым ёсць 2 каардынацыйныя цэнтры: Міжрэгіянальнае аб’яднанне беларусаў Р. (з сак. 1999) і Федэральная нац.-культ. аўтаномія «Беларусы Р.» (з крас. 1999). Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці змяніліся адносіны яе ўлад да бел. дыяспары, у т. л. ў Р. У адпаведнасці з дзярж. праграмай «Беларусы ў свеце» аказваецца падтрымка рас. беларусам. Прадстаўнікі бел. суполак Р. былі ўдзельнікамі Першага сходу беларусаў блізкага замежжа (снеж. 1992), Першага (ліп. 1993), Другога (ліп. 1997), Трэцяга (ліп. 2001) з’ездаў беларусаў свету. Бел.-рас. дагавор 1995 прадугледжвае магчымасць свабоднага выяўлення, захавання і развіцця для суайчыннікаў этн., культ., моўнай, рэліг. самабытнасці. У студз. 1999 Беларусь ратыфікавала дагавор з Р. аб роўных правах грамадзян. 1.3.1999 падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Дзярж. к-там па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь і Мін-вам нац. палітыкі Рас. Федэрацыі. Кіраўнікі Беларусі, урадавыя дэлегацыі пры наведванні Р. сустракаюцца з землякамі.

Літ.:

Соловьев С.М. История России с древнейших времен // Соч. М., 1988—92. Кн. 1—15;

Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. 1—12. М., 1989—93;

Ключевский В.О. Русская история: Полный курс лекций. Кн. 1—3. М., 1993;

История Отечества: люди, идеи, решения: Очерки истории России IX — начала XX в. М., 1991;

Отечественная история: Энцикл.: В 5 т. Т. 1—3. М., 1994—2000;

Пашков Б.Г. Русь. Россия. Российская империя: Хроника событий, 862—1917 гг. М., 1994;

Россия и страны ближнего зарубежья: история и современность. М., 1995;

Отечественная история, XX в. М., 1997;

История русской литературы. Т. 1—4. Л., 1980—83;

История русской литературы XI—XX вв.: Краткий очерк. М., 1983;

История советской литературы: Новый взгляд. Ч. 1—2. М., 1990;

История русской литературы, XX в.: Серебряный век. М., 1995;

Нефагина Г.Л. Динамика стилевых течений в русской прозе 1980—90-х гг. Мн., 1998;

Агеносов В.В. Литература russkogo зарубежья [1918—1996]. М., 1998;

Александровіч С. Старонкі братияй дружбы. Мн., 1960;

Старонкі літаратурных сувязей. Мн., 1970;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Каваленка В.А. Вытокі. Уплывы. Паскоранасцв. Мн., 1975;

Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;

Бярозкін Р.С. Звенні: Творчая індывідуальнасць і ўзаемадзеянне літаратур. Мн., 1976;

Рагойша В.П. І нясе яна дар...: Бел. паэзія на рус. і ўкр. мош. Мн., 1977;

Яго ж. Кантакты. Мн., 1982;

Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984;

Клімуць Я.І. Жыццёвасць традыцый: Якуб Колас і рус. сав. паэзія. Мн., 1985;

Коваленко В.А. Общность судеб и сердец: Бел. проза о Великой Отеч. войне в контексте рус. и других лит. Мн., 1985;

Киселев Г. Разыскивается классик... Мн., 1989;

Верабей А.Л. Беларуска-рускі паэтычны ўзаемапераклад 20—30-х гг. Мн., 1990;

Журавлев А.М., Хан-Магомедов С.О. Советская архитектура. М., 1968;

Советское изобразительное искусство и архитектура 60—70-х гг. М., 1979;

Кириченко Е.И. Русская архитектура 1830—1910-х гг. М., 1982;

История советского искусства: Живопись, скульптура, графика. Т. 1—2. М., 1965—68;

Василенко В.М. Народное искусство. М., 1974;

Лебедянский М.С. Становление и развитие русской советской живописи 1917 — начала 1930-х гг. Л., 1983;

Глезер А.Д. Современное русское искусство. М. и др. 1993;

История русской музыки. Т. 1—10. М., 1985—97;

Асафьев Б.В. Русская музыка, XIX и начало XX в. Л., 1968;

Левая Т. Русская музыка начала XX в в художественном контексте эпохи. М., 1991;

Русская музыка и XX в. М., 1997;

Рапацкая Л.А. История русской музыки: От древней Руси до «серебряного века». М., 2001;

Русская художественная культура конца XIX — начала XX вв. (1895—1907). Кн. 1. М., 1968;

История советского драматического театра. Т. 1—6. М., 1966—71;

История русского драматического театра. Т. 1—7. М., 1977—87;

История советского кино. Т. 1—4. М., 1969—78;

Блейман М.Ю. О кино. М., 1973;

Кино и время. Вып. 1—4. М., 1977—81;

Мудрость вымысла: Мастера мультипликации о себе и своем искусстве. М., 1983;

Нечай О.Ф. Основы киноискусства. М., 1989;

Зайцева Л.А. Эволюция образной системы советского фильма 60—80-х гг. М., 1991;

Власов М.П. Советское киноискусство 50—60-х гг. М., 1993;

Кинематограф оттепели. М., 1996;

Домашняя синематека: Отечественное кино 1918—1996. М., 1996;

Фрейлих С.И. Теория кино: От Эйзенштейна до Тарковского. М., 1992;

Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;

Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;

Григорьева Р.А. Белорусская диаспора в России // Новые славянские диаспоры М., 1996;

Белорусы в Сибири. Вып. 1—2. Новосибирск, 2000;

Степанов В. Белорусы и Россия // Живописная Россия. 2000. № 5;

Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету: Энцыкл. давед. Ч. 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах. Мн., 2000.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Ю.​А.​Блашкоў (гісторыя да 1917), І.​А.​Літвіноўскі (гісторыя з 1917), В.​П.​Алавяннікаў (узброеныя сілы), Н.​І.​Марозава (асвета), А.​А.​Плаўнік (друк, радыё, тэлебачанне), А.​Р.​Жакаў, М.​І.​Мішчанчук (літаратура), Э.​А.​Петэрсон (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Т.​А.​Шчарбакова (музыка), В.​С.​Іваноўскі (тэатр), В.​Ф.​Нячай (кіно), Г.​Г.​Сяргеева (беларусы ў Расіі).

Суб’екты Расійскай Федэрацыі
Суб’ект Плошча, тыс. км² Насельніцтва ў 2000, тыс. чал. Цэнтр
1 2 3 4
Адыгея (Рэспубліка Адыгея) 7,6 448 Майкоп
Алтай (Рэспубліка Алтай) 92,6 204 Горна-Алтайск
Алтайскі край 169,1 2654 Барнаул
Амурская вобл. 363,7 998 Благавешчанск
Арлоўская вобл. 24,7 897 Арол
Архангельская вобл. 587,4 1459 Архангельск
у т. л.: Ненецкая аўтаномная акруга 176,7 45 Нар’ян-Мар
Арэнбургская вобл. 124,0 2219 Арэнбург
Астраханская вобл. 44,1 1016 Астрахань
Башкортастан (Рэспубліка Башкортастан) 143,6 4110 Уфа
Белгародская вобл. 27,1 1495 Белгарад
Бранская вобл. 34,9 1438 Бранск
Бурація (Рэспубліка Бурація) 351,3 1032 Улан-Удэ
Валагодская вобл. 145,7 1319 Волагда
Валгаградская вобл. 113,9 2677 Валгаград
Варонежская вобл. 52,4 2456 Варонеж
Дагестан (Рэспубліка Дагестан) 50,3 2143 Махачкала
Іванаўская вобл. 21,8 1219 Іванава
Інгушэція (Рэспубліка Інгушэція) 3,6 315 Магас
Іркуцкая вобл. 767,9 2742 Іркуцк
у т. л.: Усць-Ардынская Бурацкая аўтаномная акруга 22,4 143 Усць-Ардынскі
Кабардзіна-Балкарыя (Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка) 12,5 785 Нальчык
Калінінградская вобл. 15,1 948 Калінінград
Калмыкія (Рэспубліка Калмыкія) 76,1 314 Эліста
Калужская вобл. 29,9 1076 Калуга
Камчацкая вобл. 472,3 389 Петрапаўлаўск-Камчацкі
у т. л.: Каракская аўтаномная акруга 301,5 30 Палана
Карачаева-Чэркесія (Карачаева-Чэркеская Рэспубліка) 14,1 431 Чэркеск
Карэлія (Рэспубліка Карэлія) 172,4 765 Петразаводск
Кастрамская вобл. 60,1 781 Кастрама
Кемераўская вобл. 95,5 2982 Кемерава
Кіраўская вобл. 120,8 1590 Кіраў
Комі (Рэспубліка Комі) 415,9 1137 Сыктыўкар
Краснадарскі край 76,0 5007 Краснадар
Краснаярскі край 2339,7 3051 Краснаярск
у т. л.: Таймырская (Даўгана-Ненецкая аўтаномная акруга) 862,1 44 Дудзінка
 Эвенкійская аўтаномная акруга 767,6 19 Тура
Курганская вобл. 71,0 1096 Курган
Курская вобл. 29,8 1311 Курск
Ліпецкая вобл. 24,1 1240 Ліпецк
Магаданская вобл. 461,4 239 Магадан
Мардовія (Рэспубліка Мардовія) 26,2 929 Саранск
Марый Эл (Рэспубліка Марый Эл) 23,2 759 Йашкар-Ала
г. Масква 47,0 8537 Масква
Маскоўская вобл. 6464
Мурманская вобл. 144,9 1001 Мурманск
Наўгародская вобл. 55,3 727 Вялікі Ноўгарад
Ніжагародская вобл. 76,9 3663 Ніжні Ноўгарад
Новасібірская вобл. 178,2 2740 Новасібірск
Омская вобл. 139,7 2164 Омск
Паўночная Асеція—Аланія (Рэспубліка Паўночная Асеція—Аланія) 8,0 670 Уладзікаўказ
Пензенская вобл. 43,2 1530 Пенза
Пермская вобл. 160,6 2956 Перм
у т. л.: Комі-Пярмяцкая аўтаномная акруга 32,9 150 Кудымкар
Прыморскі край 165,9 2173 Уладзівасток
Пскоўская вобл. 55,3 801 Пскоў
Разанская вобл. 39,9 1286 Разань
Растоўская вобл. 100,8 4341 Растоў-на-Доне
Самарская вобл. 53,6 3295 Самара
г. Санкт-Пецярбург 85,9 4694 Санкт-Пецярбург
Ленінградская вобл. 1666
Саратаўская вобл. 100,2 2709 Саратаў
Саха (Якуція) [Рэспубліка Саха (Якуція)] 3103,2 989 Якуцк
Сахалінская вобл. 87,1 599 Южна-Сахалінск
Свярдлоўская вобл. 194,8 4603 Екацярынбург
Смаленская вобл. 49,8 1128 Смаленск
Стаўрапольскі край 66,5 2660 Стаўрапаль
Тамбоўская вобл 34,3 1270 Тамбоў
Татарстан (Рэспубліка Татарстан) 68,0 3783 Казань
Томская вобл. 316,9 1068 Томск
Тульская вобл. 25,7 1740 Тула
Тыва (Рэспубліка Тыва) 170,5 311 Кызыл
Удмурція (Удмурцкая Рэспубліка) 42,1 1629 Іжэўск
Уладзімірская вобл. 29,0 1604 Уладзімір
Ульянаўская вобл. 37,3 1463 Ульянаўск
Хабараўскі край 788,6 1506 Хабараўск
Хакасія (Рэспубліка Хакасія) 61,9 580 Абакан
Цвярская вобл. 84,1 1595 Цвер
Цюменская вобл. 1435,2 3237 Цюмень
у т. л.: Ханты-Мансійская аўтаномная акруга 523,1 1382 Ханты-Мансійск
 Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга 750,3 504 Салехард
Чувашыя (Чувашская Рэспубліка) 18,3 1359 Чэбаксары
Чукоцкая аўтаномная акруга 737,7 79 Анадыр
Чыцінская вобл. 431,5 1256 Чыта
у т. л.: Агінская Бурацкая аўтаномная акруга 19,0 79 Агінскае
Чэлябінская вобл. 87,9 3667 Чэлябінск
Чэчня (Чэчэнская Рэспубліка) 15,7 768 Грозны
Яраслаўская вобл. 36,4 1412 Яраслаўль
Яўрэйская аўтаномная вобл. 36,0 197 Бірабіджан
Герб і сцяг Расіі.
Да арт. Расія. У зоне тундры.
Да арт. Расія. Газаперапрацоўчы завод у Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе.
Да арт. Расія. Краявід на Паўднёвым Урале.
Да арт. Расія. Рака Сораць у Пскоўскай вобласці.
Да арт. Расія. Возера Байкал. Бухта Пясчаная.
Да арт. Расія. Абагачальная фабрыка Лебядзінскага горна-абагачальнага камбіната ў Белгародскай вобласці.
Да арт. Расія. Дзмітрыеўскі сабор ва Уладзіміры. Каля 1197.
Да арт. Расія. Валагодскі крэмль. Сафійскі сабор. 1568—70.
Да арт. Расія. Пераслаўль-Залескі. Від часткі горада.
Да арт. Расія. Астанкінская тэлевізійная вежа ў Маскве. 1960—67.
Да арт. Расія. Расійскі культурны цэнтр на Краснахолмскай Стрэлцы. Арх. Ю.​Гнядоўскі, В.​Красільнікаў, Дз.​Салопаў, М.​Гаўрылава, С.​Гнядоўскі. 1995.
Да арт. Расія. Будынак банка ў Ніжнім Ноўгарадзе. Арх. Е.​Пестаў, А.​Харытонаў, І.​Гольцаў, С.​Палеў. 1993—95.
Да арт. Расія. Абраз Маці Божай Уладзімірскай. 1-я пал. 12 ст.
Да арт. Расія. І.​Аргуноў. Партрэт невядомай сялянкі ў рускім касцюме. 1784.
Да арт. Расія. В.​Пяроў. Праводзіны нябожчыка. 1865.
Да арт. Расія. І.​Крамской. Невядомая. 1883.
Да арт. Расія. І.​Левітан. Асенні дзень. Сакольнікі. 1879.
Да арт. Расія. І.​Рэпін. Іван Грозны і сын яго Іван 16 лістапада 1581 года. 1885.
Да арт. Расія. В.​Барысаў-Мусатаў. Ізумрудныя каралі. 1903—04.
Да арт. Расія. В.​Кандзінскі. З чорнай дугой. 1912.
Да арт. Расія. В.​Сяроў. Партрэт актрысы М.​Ярмолавай. 1905.
Да арт. Расія. А.​Дайнека. Дзяўчынка каля акна. 1931.
Да арт. Расія. Я.​Вучэціч. Партрэт І.​Д.​Чарняхоўскага. 1945.
Да арт. Расія. А.​Мыльнікаў. Нацюрморт. Кветкі ў сіняй вазе. 1986.
Да арт. Расія. Э.​Неізвесны. Жаночы торс. 1963.
Да арт. Расія. А.​Полагава. Белыя аблокі бясконцыя і вечныя. 1997—98.
Да арт. Расія. І.​Глазуноў. Беражы Бог Расію. 1999.
Да арт. Расія. М.​Шамякін. Фантанка. 1960.
Да арт. Расія. А.​Шылаў. Лётчык-касманаўт СССР П.​І.​Клімук. 1976.
Да арт. Расія. А.​Лягін, С.​Малькоў. Вестка. 1996.
Да арт. Расія. Вялікая зала Маскоўскай кансерваторыі.
Да арт. Расія. Сцэна з оперы «Іван Сусанін» М.​Глінкі. Вялікі тэатр Расіі.
Да арт. Расія. Сцэна з балета «Спартак» А.​Хачатурана. Вялікі тэатр Расіі.
Да арт. Расія. Сцэна са спектакля А.​К.​Талстога «Цар Фёдар Іаанавіч». У ролі цара Фёдара І.​Масквін, Ірыны — В.​Кніпер. Маскоўскі маст. тэатр. 1898.
Да арт. Расія. Сцэна са спектакля «Гамлет» У.​Шэкспіра. Маскоўскі. тэатр імя У.​Маякоўскага. 1955.
Да арт. Расія. Сцэна са спектакля «Тры сястры» А.​Чэхава. Маскоўскі Маст. акад. тэатр. 1980-я г.
Да арт. Расія. Кадр з дакументальнага фільма «Дзень 80-годдзя графа Л.​М.​Талстога». 1908.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Браняносец Пацёмкін». 1925.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Вясёлыя хлопцы». 1934.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Аляксандр Неўскі». 1938.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Маладая гвардыя». 1948.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Яны змагаліся за Радзіму». 1975.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Вайна і мір». 1966—67.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Некалькі дзён з жыцця Абломава» 1980.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Белае сонца пустыні». 1970.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Сібірскі цырульнік». 1999.
Да арт. Расія. Экспазіцыя адзення беларусаў-перасяленцаў канца 19 — пачатку 20 ст. ў абласным краязнаўчым музеі ў Новасібірску. 1999.
Да арт. Расія. Беларускі фальклорны ансамбль «Зязюля» вёскі Каўбаса Кыштоўскага раёна Новасібірскай вобласці. 1999.

т. 13, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)