КВЕ́СТАР (лац. quaestor ад quaero шукаю, вышукваю, вяду следства),
у Старажытным Рыме службовая асоба. У царскую эпоху К. былі суддзямі ў крымін. працэсах, у эпоху рэспублікі — малодшымі магістратамі, памочнікамі консулаў у фін., а да 240 да н. э. і ў суд. справах. У эпоху імперыі наглядалі за машчэннем дарог, арганізацыяй гульняў, абвяшчэннем урадавых указаў і інш. Пасада К. замяшчалася патрыцыямі, з 421 да н. э. стала даступнай плебеям і ператварылася ў 1-ю ступень паліт. кар’еры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́СІЙ (грэч. Lysias; 459—380 да н.э.),
старажытнаафінскі прамоўца, лагаграф (пісаў на заказ суд. прамовы); лічаць адным з лепшых прамоўцаў старажытнасці. З 412 да н.э. жыў у Афінах. У час праўлення «Трыццаці тыранаў» (404—403 да н.э.) збег у Мегару, вярнуўся ў Афіны пасля аднаўлення дэмакр. праўлення (403). Яму належаць больш за 200 прамоў (поўнасцю захаваліся 23, у фрагментах 11). Прамовы Л. — унікальныя крыніцы па пытаннях паліт., сац.-эканам. гісторыі Афін канца 5 — пач. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗДЗЯЛЕ́ННЕ ЎЛАД,
адзін з асноватворных прынцыпаў канстытуцыяналізму, паводле якога адзіная дзярж. ўлада падзяляецца на самастойныя і незалежныя адна ад адной заканадаўчую, выканаўчую і суд. ўлады. Прынцып Р.ў. упершыню і найб. паслядоўна ўвасоблены ў Канстытуцыі ЗША 1787, дзе тры ўлады не толькі раздзелены, але і кантралююць адна адну праз т.зв. сістэму «стрымак і процівагаў». Менш паслядоўна прынцып Р.ў. праведзены ў парламенцкіх дзяржавах, дзе парламенту належыць вяршэнства над органамі выканаўчай улады. Прынцып Р.ў. замацаваны ў арт. 6 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАСПАДАРЫ́»
(«Гаспадары, для Вас пішам гэта апавяданне...»),
бел. ананімная брашура. Выйшла нелегальна асобным выданнем без тытульнага ліста. Надрукавана лацінкаю. Налічвае 8 стар. празаічнага тэксту. Мяркуецца, што твор надрукаваны ў Кракаве. Прысвечана падзеям, што разгарнуліся 9.11.1893, калі царскія ўлады закрывалі касцёл у мяст. Крожы (Кражай) у Літве. Сяляне аказалі супраціўленне, іх схапілі і судзілі ў Віленскай суд. палаце. Багацце лексікі, трапныя фразеалагізмы, жывая гутарковая мова даюць падставу прыпісаць гэта выданне Ф.Багушэвічу. Брашура зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ АБ АХО́ВЕ ПРАВО́Ў ЧАЛАВЕ́КА І АСНО́ЎНЫХ СВАБО́Д.
Падпісана ў 1950 у Рыме дзяржавамі — членамі Савета Еўропы, увайшла ў дзеянне ў 1953, дапоўнена 10 дадатковымі пратаколамі (апошні — у 1992). Устанаўлівае кантрольны судовы механізм, які дзейнічае на падставе індывід. скаргаў фіз. асоб і скаргаў дзяржаў аб парушэннях палажэнняў канвенцыі. Для разгляду скаргаў створаны Еўрап. камісія і Еўрап.суд на правах чалавека. У гэтым удзельнічалі таксама Камітэт міністраў — гал.паліт. орган Савета Еўропы. Месцазнаходжанне ўсіх — г. Страсбур (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНАМЯРО́ЎСКАГА У. ВЫДАВЕ́ЦТВА,
прыватнае бел. выдавецтва ў Вільні ў 1920-я — сярэдзіне 1930-х г. Заснавальнік У.Б.Знамяроўскі. Выдавала арыгінальную і перакладную л-ру, падручнікі, слоўнікі (усяго каля 20 назваў). Сярод іх «Беларускі каляндар на 1920 г.», «Сцэнічныя творы» Л.Родзевіча, «Дзед Завала» Ядвігіна Ш. (2-е выд.), «Руска-беларускі слоўнік» М. і Г.Гарэцкіх (2-е выд.), «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» Ў.Ігнатоўскага (4-е выд.) і інш. За выпуск «Беларускага дэкламатара» (1928) Знамяроўскі быў прыцягнуты ўладамі Польшчы да суд. адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЬСКАЯ ПРА́ЎДА», Кніга Эльблонгская,
умоўная назва зборніка польскага права, складзенага на тэр.Тэўтонскага ордэна ў канцы 13 — пач. 14 ст. на ням. мове. Рукапіс «П.п.», выяўлены ў 1868 у г. Эльбланг (Польшча), уключае запісы звычаяў і суд. рашэнняў (усяго 29 арт.). Некат. звычаі на момант складання зборніка выйшлі з ужытку. У «П.п.» адлюстраваны агр. адносіны, адрозненні ў прававым становішчы розных пластоў грамадства, дадзены тлумачэнні па пытаннях абавязацельнага, сямейнага, спадчыннага права і працэсу. Арыгінал рукапісу загінуў у 2-ю сусв. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ГЕР (Янкель Мордухавіч) (Якаў Маркавіч; 14.5.1869, Мінск — 19.3.1940),
бел. жывапісец і педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1939). Вучыўся ў Кіеўскай школе малявання М.І.Мурашкі (1882—86), у Варшаве ў Л.Горавіца (1887), у акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1888—95), у Вышэйшым маст. вучылішчы пры АМ у Пецярбургу ў У.Макоўскага (1897—1900). З 1900 у Мінску. У 1904 арганізаваў «Курсы малявання і жывапісу», у 1906 — прыватную школу малявання (дзейнічала да 1914). З 1914 выкладаў малюнак у Казані, з 1921 — на рабфаку пры БДУ. У 1921—23 збіраў матэрыялы ў краязнаўчых экспедыцыях Бел.дзярж. музея, удзельнічаў у афармленні Музея рэвалюцыі БССР. Працаваў пераважна ў быт. і партрэтных жанрах. У творах быт. жанру адлюстроўваў гіст. і сучасныя яму падзеі, сцэны з яўр. жыцця і побыту: «На суд прафесара», «Пагром», «Пісец Торы», «Пісьманосец», «Духоўны суд», «Хедэр» (усе 1900—10-я г.), «Дзіцячая калонія» (1930), «Прызыўная камісія» (1932), «Кавальскі цэх» (1937), «Гульня ў гарадкі» (1930-я г.). Партрэты вызначаюцца дакладнасцю псіхал. характарыстыкі і глыбінёй вобразаў: «Аўтапартрэт у малінавым берэце» (1889), партрэт брата (1896), партрэты скрыпача Жухавіцкага (1897), Я.Коласа і Я.Купалы (1923), М.Горкага, З.Бядулі (1920—30-я г.), аўтапартрэт (1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГНЕР-Я́ЎРЭГ ((Wagner-Jauregg) Юліус) (7.3.1857, г. Вельс, Аўстрыя — 27.9.1940),
аўстрыйскі псіхіятр. Д-р філасофіі (1880). Скончыў Венскі ун-т (1880). З 1881 у Ін-це агульнай і эксперым. паталогіі Венскага ун-та, з 1883 дырэктар клінікі нерв. і псіхічных хвароб, з 1889 праф. ун-та ў г. Грац, у 1893—1928 у Венскім ун-це. Навук. працы па інфекц. псіхозах, праблемах спадчыннасці і суд. псіхіятрыі. Абгрунтаваў і ўкараніў піратэрапію ў лячэнні прагрэс. паралічу (1918). Сфармуляваў навук. прынцыпы раздражняльнай тэрапіі. Нобелеўская прэмія 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДСУ́ТНАСЦЬ БЕЗ ВЕ́СТАК,
у цывільным праве ўстаноўлены судом факт працяглай (не менш за адзін год) адсутнасці асобы і звестак пра яе ў месцы яе пастаяннага жыхарства. Прызнанне факта адсутнасці без вестак праводзіцца па заяве зацікаўленай фіз. або юрыд. асобы і цягне за сабой пэўныя юрыд. вынікі: над маёмасцю адсутнага ўстанаўліваецца апека, з яго маёмасці выдаецца забеспячэнне асобам, якіх ён паводле закону абавязаны ўтрымліваць, пагашаюцца даўгі па яго абавязацельствах. У выпадку яўкі ці выяўлення месца знаходжання адсутнага суд адмяняе сваё рашэнне аб прызнанні факта адсутнасці без вестак. Гл. таксама Абвяшчэнне памерлым.