СПАРЫННЯ́,

1) род паразітычных грыбоў, тое, што клавіцэпс.

2) Хвароба збожжавых, якую выклікае сумчаты грыб клавіцэпс пурпуровы. Характарызуецца ўтварэннем у каласках раслін замест зярнявак буйных ражкоў (склероцыяў грыба) спачатку фіялетавага, потым чорнага колеру. Пашкоджвае больш за 170 культ. і дзікарослых злакаў, найчасцей жыта. У некат. гады масавае развіццё С. назіраецца на тарфяна-балотных глебах Палесся, на пасевах паблізу вадаёмаў і лясоў з павышанай вільготнасцю.

Склероцыі грыба зімуюць у глебе ці ў збожжы, вясной прарастаюць і ўтвараюць да 30 мясістых пурпуровых стром на ножцы (да 5 см) з чырванаватымі галоўкамі. У стромах утвараюцца пладовыя целы з сумкамі і сумкаспорамі, якія выклікаюць першаснае заражэнне раслін. На кветках сумкаспоры прарастаюць у міцэлій, які пранікае ў завязь, разрастаецца і ўтварае канідыяльнае споранашэнне. Грыб выдзяляе ліпкую саладкаватую вадкасць (падзь), якая прываблівае насякомых. Канідыі распаўсюджваюцца насякомымі і выклікаюць масавае заражэнне раслін. У перыяд выспявання зерня міцэлій становіцца цвёрдым, ператвараецца ў склероцыі.

Да арт. Спарыння. Пашкоджаныя каласы: 1 — жыта; 2 — купкоўкі; 3 — ячменю; 4 — будова галоўкі стромы; 5 — прарослы склероцый.

т. 15, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ІНСТВЫ,

у хрысціянстве абрадавыя дзеянні, у якіх «пад бачным абразом паведамляецца вернікам нябачная боская ласка». Праваслаўе і каталіцызм прызнаюць Т. хрышчэння, прычасця, свяшчэнства, споведзі, мірапамазання, шлюбу, ялееасвячэння (саборавання). У большасці пратэстанцкіх плыней спраўляюцца толькі хрышчэнне і прычасце, якія разглядаюцца як сімвалічныя абрады, што не адрозніваюцца ад іншых. Паводле вучэння царквы, Т. ўстаноўлены Ісусам Хрыстом. Яны ў хрысціянскі культ уводзіліся на працягу доўгага часу. Спачатку хрышчэнне і прычасце, потым свяшчэнства і толькі ў 4—5 ст. — астатнія Т. Вытокі Т. узыходзяць да вераванняў, магічных дзеянняў стараж. людзей, якія былі ўпэўнены ў магчымасці непасрэдных зносін са звышнатуральнымі сіламі, уздзеяння на іх. Пры ўстанаўленні Т. хрысціянства запазычыла шмат элементаў з усх. рэлігій. Вял. ўвагу царква аддае правільнаму выкананню Т. з абавязковым удзелам у іх духоўных асоб, чым падкрэсліваецца роля царквы як пасрэдніцы паміж Богам і людзьмі. Гэта ўмова не прызнаецца пратэстанцкімі цэрквамі, якія адмаўляюць ідэю пасрэдніцтва царквы ў зносінах чалавека з Богам.

т. 15, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТУ́ЧНЫЯ СПАДАРО́ЖНІКІ ПЛАНЕ́Т (ШСП),

касмічныя апараты (КА), выведзеныя на арбіты вакол планет Сонечнай сістэмы і малых планет (астэроідаў). Прызначаны для даследавання гэтых нябесных цел і іх спадарожнікаў. Спачатку КА выводзіцца на геліяцэнтрычную арбіту і рухаецца па ёй, потым у выніку тармажэння становіцца ШСП. Гл. табліцу, а таксама «Венера», «Вікінг», «Марс», «Марынер»; «Піянер». Аўтам. міжпланетная станцыя «Касін» будзе выведзена на арбіту штучнага спадарожніка планеты Сатурн 1.7.2004.

У.​С.​Ларыёнаў.

Штучныя спадарожнікі планет
Назва планеты Назва спадарожніка (АМС) Краіна Дата вывядзення на арбіту
Венера «Венера-9» СССР 22.10.1975
«Венера-10» СССР 25.10.1975
«Піянер-Венера-1» ЗША 4 12.1978
«Венера-15» СССР 10.10.1983
«Венера-16» СССР 14.10.1983
«Магелан» ЗША 10.8.1990
Марс «Марынер-9» ЗША 14.11.1971
«Марс-3» СССР 2.12.1971
«Марс-5» СССР 12.2.1974
«Вікінг-1» ЗША 19.6.1976
«Вікінг-2» ЗША 7.8.1976
«Фобас-2» СССР 29.1.1989
«Марс глоўбэл сервеер» ЗША 11.9.1997
«Марс Адысей» ЗША 24.10.2001
Юпітэр «Галілеа» ЗША 7.12.1995
Эрас (Малая планета) «NEAR» ЗША 14.2.2000

т. 17, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСЛА́ЕЎ Фёдар Іванавіч (н. 25.4.1818, с. Вадзінск Пензенскай вобл., Расія — 12.8.1897),

рускі філолаг і мастацтвазнавец. Акад. Пецярбургскай АН (1881, чл.-кар. 1852). Праф. Маскоўскага ун-та (1847). У мовазнаўчых працах прытрымліваўся параўнальна-гіст. метаду; аўтар прац па методыцы выкладання («Пра выкладанне роднай мовы», ч. 1—2, 1844) і гісторыі рус. мовы («Спроба гістарычнай граматыкі рускай мовы», ч. 1—2, 1858) і інш. Заснавальнік комплекснага вывучэння фалькл. і літ. творчасці, выяўл. мастацтва («Гістарычныя нарысы рускай народнай славеснасці і мастацтва», т. 1—2, 1861). Спачатку быў прыхільнікам міфалагічнай школы, потым далучыўся да т.зв. міграцыйнай тэорыі і даводзіў, што радзімай еўрап. фальклору з’яўляецца Усход («Вандроўныя аповесці», 1874). Высветліў паэт. характар шэрагу жанраў і твораў усх.-слав. фальклору і л-ры, устанавіў іх сувязь з маральнымі ўяўленнямі народа («Аб народнай паэзіі ў старажытнарускай літаратуры», 1859). У працах выкарыстоўваў прыклады з бел. прыказак і прымавак. Выдаваў стараж. рукапісы («Гістарычная хрэстаматыя царкоўнаславянскай і старажытнарускай моў», 1861) і каменціраваў тэксты стараж.-бел. помнікаў.

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Мн., 1976. Т. 1. С. 47—55.

т. 3, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРАСНЕ́ННЕ ВАДЫ́,

апрацоўка марской вады ці вады моцнамінералізаванай крыніцы з мэтай зніжэння канцэнтрацыі раствораных соляў да ступені (звычайна да 1 г/л), пры якой вада становіцца прыдатнай на піццё ці гасп. мэты. Робіцца ў апрасняльніках.

Пры апрасненні вады выпарэннем салёную ваду награваюць, пару кандэнсуюць. Пры апрасненні вады вымарожваннем выкарыстоўваюць уласцівасць салёнай вады пры замярзанні ўтвараць крышталі прэснага лёду, паміж якімі знаходзяцца крышталі салёнага лёду. Пры раставанні ў вадкі стан спачатку пераходзяць крышталі салёнага лёду, што і дазваляе аддзяліць салёную ваду ад прэснай. Пры электролізным спосабе катыёны і аніёны раствораных у вадзе соляў пад дзеяннем пастаяннага эл. поля выдаляюцца праз спец. мембраны, якія не прапускаюць прэснай вады. Гіперфільтрацыйны метад заснаваны на ўласцівасці мембран, зробленых з ацэтылцэлюлозы ці паліамідных смолаў, пры ціску, вышэйшым за асматычны, прапускаць малекулы вады, але затрымліваць гідратызаваныя іоны раствораных у вадзе соляў.

Апрасненне вады ў многаступеньчатым дыстыляцыйным апрасняльніку з імгненным закіпаннем: I—IV, N — камеры выпарэння; 1 — падагравальнік; 2 — кандэнсатар эжэктара; 3 — паравыя эжэктары; 4 — кандэнсатары; 5 — пырскаўлоўнікі; 6 — паддоны для збору кандэнсату; 7 — помпы.

т. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭКТЫ́РАВАННЕ,

пераўтварэнне электрычных (або інш.) ваганняў, у выніку чаго атрымліваюцца ваганні іншай (як правіла, больш нізкай) частаты. Найб. важны выпадак Д. — працэс, адваротны мадуляцыі (дэмадуляцыя; гл. Мадуляцыя ваганняў, Мадуляцыя святла) — выдзяленне нізкачастотнага мадулюючага сігналу (напр., ваганняў нізкай частаты ці сігналаў відарысу) з высокачастотных прамадуляваных ваганняў. У залежнасці ад віду мадуляцыі адрозніваюць амплітуднае, частотнае, фазавае і інш. Д.

Для Д. выкарыстоўваецца нелінейнасць вольт-ампернай характарыстыкі электронных прылад (вакуумных і паўправадніковых дыёдаў, трыёдаў, транзістараў і інш.). Пры амплітудным Д. ў ланцугу дэтэктара амплітудна мадуляваныя ваганні пераўтвараюцца ў высокачастотныя імпульсы адной палярнасці, амплітуда якіх змяняецца паводле закону мадуляцыі. Пры частотным (ці фазавым) Д. частотна (фазава) мадулявання ваганні спачатку пераўтвараюцца ў амплітудна мадуляваныя, а потым падаюцца на амплітудны дэтэктар. Пры прамым Д. святла на фотакатод прыёмніка падаецца толькі карысны аптычны сігнал; выхадны сігнал прыёмніка мае інфармацыю аб амплітуднай мадуляцыі зыходнай хвалі. Пры гетэрадзінным Д. святла зыходнае выпрамяненне камбінуецца на фотакатодзе з эталонным выпрамяненнем (напр., ад лазера) і выхадны сігнал нясе інфармацыю аб амплітудзе, частаце і фазе зыходнай хвалі.

т. 6, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГАЭ́Д (ад грэч. logaoidikos празаічна-вершаваны),

1) від ант. верша, у радках якога чаргаваліся ў строгай паслядоўнасці розныя паводле характару стопы.

2) Від сілаба-танічнага верша, у якім няма метрычнай аднароднасці, аднак існуе рытмічная аднароднасць вершаваных радкоў. У сучаснай сілаба-тоніцы вылучаюцца 3 разнавіднасці Л.: стопны, радковы і строфны. У стопным Л. на адным і тым жа месцы вершаваных радкоў (найперш у 3-складовых стопах) выпадаюць 1 ці 2 ненаціскныя склады (знешне ствараецца ўражанне, што верш напісаны рознымі стопамі). Ужываецца найчасцей у перакладах ант. твораў або ў імітацыях ант. памераў. У радковым Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца радкі розных метраў, напр., чаргаванне 3-стопнага амфібрахія з 2-стопным дактылем:

Спачатку яно шалясцела
Вельмі нясмела,
А потым лізнула аконца
Ціха, як сонца.
(Я.​Купала. «Безназоўнае»).

У вельмі рэдкім строфным Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца строфы, напісаныя розным метрам (напр., верш П.​Панчанкі «Пры святле маланак»). Лагаэдычныя радкі робяць сілаба-танічны верш рытмічна больш разнастайным, рухомым, што памагае больш поўна выявіць паэт. сэнс твора.

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЫ́ННЫ ПЕРАКЛА́Д,

пераклад тэкстаў з адной мовы на другую з дапамогай ЭВМ. Працэс складаецца з аналізу тэксту на ўваходнай мове з пераўтварэннем яго ва ўнутранае (камп’ютэрнае) выяўленне і сінтэзу тэксту на выхадной мове. Задача М.п. з’яўляецца класічнай праблемай штучнага інтэлекту і прыкладной лінгвістыкі.

1-ы этап М.п. зводзіцца да марфалагічнага, сінтаксічнага і семантычнага аналізу зыходнага тэксту: слоўныя формы апрацоўваюцца з мэтай атрымання граматычнай і семантычнай інфармацыі і на яе аснове будуецца сінтаксічная структура кожнага сказа, пасля чаго атрыманая інфармацыя пераўтвараецца ва ўнутранае выяўленне, зададзенае семантычным графам, вяршынямі якога з’яўляюцца паняцці, а дугамі — суадносіны паміж імі. На 2-м этапе праводзіцца сінтаксічны і марфалагічны сінтэз сказаў на выхадной мове на аснове пабудаванага семантычнага графа. Пры гэтым спачатку фарміруюцца паслядоўнасці заведама сумежных слоў, якія аб’ядноўваюцца ў прыведзеныя групы слоў (напр., групы дзейніка, выказніка) і ўпарадкоўваюцца з улікам пэўных правіл расстаноўкі Марфалагічны сінтэз слоў рэалізуецца як працэс, адваротны марфалагічнаму аналізу.

Літ.:

Совпель И.В. Инженерно-лингвистические принципы, методы и алгоритмы автоматической переработки текста. Мн., 1991.

С.​Ф.​Ліпніцкі.

т. 10, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАФІЗІ́ЦТВА (ад мона + грэч. physis прырода, існасць),

хрысціянскае вучэнне, якое ўзнікла ў 5 ст. ў Візантыі як рэакцыя на арыянства і нестарыянства. Заснавальнік М. канстанцінопальскі архімандрыт Яўціхій (каля 378—454) сцвярджаў, што спачатку асобна існавалі 2 прыроды Хрыста — боская і чалавечая, аднак пасля спалучэння іх пры богаўвасабленні стала існаваць адна. Зыходзячы з гэтага, прыхільнікі М. лічылі, што на крыжы ахвяраваў сабою сам Бог, а не Богачалавек, таму гэтая ахвяра ў пэўнай ступені служыць толькі сімвалам. У 448 памесны патрыяршы сабор у Егіпце пазбавіў Яўціхія сана архімандрыта, але яго падтрымаў імператар Візантыі Феадосій II, які склікаў сабор епіскапаў у Эфесе (449), дзе Яўціхій быў апраўданы Пасля смерці Феадосія II Халкідонскі усяленскі сабор 451 прыняў дыяфізіцкую дактрыну (вучэнне аб дзвюх прыродах Хрыста) і асудзіў М. як ерась. Працяглая ўзбр. барацьба хрысціян-монафізітаў прывяла да аддзялення нехалкідонскіх цэркваў ад афіц. візант. царквы. Але на аснове М. былі заснаваны копцкая царква ў Егіпце і Эфіопіі, сірыйская (якавісцкая) царква, армянская апостальская царква, якія захоўваюць сваю дагматычную і царк. самастойнасць. Гл. таксама Монафеліты.

А.​А.​Цітавец.

т. 10, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УКІЁ-Э (літар. — вобразы паўсядзённага свету),

кірунак у яп. жывапісе і графіцы перыяду Эдо (1614—1868), прадстаўнікі якога адлюстроўвалі жыццё гар. насельніцтва. Творы мастакоў У. адлюстроўваюць быт. сюжэты з жыцця гараджан, тэатр. афішы, сцэны спектакляў т-ра Кабукі, партрэты акцёраў, пейзажы, сцэны легенд. Вядучыя жанры — «бідзін-га», або выявы прыгажунь (у жывапісе і графіцы), і «якуся-э», або выявы акцёраў (у графіцы). У жывапісе дакладнасць знешняй характарыстыкі персанажаў спалучалася з рысамі ўмоўнай дэкаратыўнасці — залатымі плоскаснымі фонамі, колеравай насычанасцю каларыту і г.д. У 1680—1760-я г. ксілаграфіям У.-э., якія выконваліся спачатку з падфарбоўкай ад рукі, а пасля з выкарыстаннем тэхнікі паліхромнага друку, уласціва ўвасабленне жаночай прыгажосці (Х.​Маранобу і інш.). У сярэдзіне 1760—1800 пашырыліся выразныя магчымасці гравюры. У.-э. вобразы прыгажунь сталі больш вытанчаныя і адначасова дакладныя (С.​Харунобу), у партрэтах К.​Утамара набылі характар нац. ідэала жаночай прыгажосці. Вял. эмацыянальнасцю і вострай характарнасцю вылучаюцца вобразы акцёраў у творчасці Ц.​Сяраку. У апошні перыяд (1800—68) У.-э. дасягнуў росквіту пейзажны жанр у творчасці К.​Хакусай і А.​Хірасіге.

Да арт. Укіё-э. К.​Утамара. Прасушванне бялізны.

т. 16, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)