ЛО́ДЖЫЯ (італьян. loggia ад стараж.-верхненям. laubja альтанка),
памяшканне, адкрытае з аднаго ці некалькіх бакоў, дзе сцяну замяняюць каланада, аркада, парапет і інш. Можа быць асобным збудаваннем (Л. дэі Ланцы ў Фларэнцыі, Італія, каля 1376—80, арх. Бенчы ды Чоне, С.Таленці) або часткай будынка. Служыць крытым балконам ці ўваходам і пластычна ўзбагачае фасад будынка. Л. вядомы са старажытнасці (у архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма). У эпоху Адраджэння пашыраны ў выглядзе адкрытага з аднаго ці некалькіх бакоў будынка тыпу галерэі (Л. дэль Кансільё ў г. Верона, Італія, 1475—92, арх. Фра Джакондэ). Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай архітэктуры (у жылых будынках і будынках санаторна-курортных устаноў, інтэрнатах, гасцініцах і інш.). Бываюць радавыя (з адным адкрытым бокам), вуглавыя, часткова вынесеныя.
Лоджыя дэль Кансільё ў г. Верона (Італія). 1475—92. Арх. Фра Джаконуэ Джакондэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЯ ТЭРМАМЕТРЫ́Я,
метад вымярэння нізкіх тэмператур (звычайна ніжэй за 1 К), заснаваны на залежнасці ад т-ры магн. уласцівасцей шэрагу рэчываў.
Тэрмаметрычным параметрам звычайна служыць магнітная ўспрыімлівасць χ парамагн. солей жалеза, кобальту, нікелю, рэдказямельных элементаў, ядз. парамагнетыка (пры больш нізкіх т-рах T < 0,1 К) і інш., у якіх χ найпрасцейшым чынам залежыць ад т-ры: χ=C/T (гл.Кюры закон). Па замеранаму ў слабым знешнім магн. полі χ і вядомай для дадзенага парамагнетыка пастаяннай Кюры C вызначаюць т.зв.магн. т-ру T. У вобласці т-р, дзе выконваецца закон Кюры, T супадае з тэрмадынамічнай т-рай T. Пры паніжэнні т-ры значэнні T і T могуць не супадаць, тады магн. т-ру пераводзяць у тэрмадынамічную па спец. табліцах і крывых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАМЭ́ (араб. тасьма, карункі, махры),
вырабы, створаныя ў тэхніцы вузельчыкавага ручнога пляцення; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Для М. выкарыстоўваюць тоўстыя суровыя ніткі, сінт. або шаўковы шнур і інш., іх часам дапаўняюць драўлянымі, керамічнымі пацеркамі, зашчэпкамі, скуранымі і інш.дэкар. дэталямі. Асновай для пляцення могуць служыць драўляныя, метал., пластмасавыя кольцы. Вырабляюць побытавыя і маст. рэчы: сумкі, кулоны, паясы, кашпо, абажуры, пано, абрусы, сурвэткі, кашалькі, футаралы і інш. Як від маст. творчасці М. пашырана з 15 ст. ў Італіі, Паўн. Еўропе, з 18 ст. ў Расіі. На Беларусі тэхнікай М. выраблялі ў 19 ст. карункі ручнікоў, паясы, галаўныя ўборы. Асаблівую папулярнасць М. набыло ў 1970—80-я г. ў творчасці самадзейных майстроў і майстроў ф-к маст. вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБУДЖА́ЛЬНЫ СКАЗ,
камунікатыўна-сінтаксічная адзінка мовы, што служыць для перадачы такіх інтэнцый асобы, што гаворыць, як просьба, прапанова, патрабаванне, парада, рэкамендацыя, заклік, загад і інш. П.с. ўласціва мадальнасць волевыяўлення («Адпачывай!» = «Я хачу, каб ты адпачываў») або неабходнасці («Хай ён болей чытае!» = «Яму неабходна болей чытаць»). Гэтымі значэннямі ў плане зместу звязваецца асоба, што гаворыць, з асобай (або персаніфікаванай з’явай ці прадметам), да якой звернута маўленне («Пасядзіце тут крыху, бабуля», «Хай квітнее наш край!», «Паляціце, хмаркі, у родную старонку!»). Сродкі выражэння пабуджэння і пабудовы пабуджальнай сінтакс. канструкцыі: інтанацыя, формы загаднага ладу дзеяслова, зваротак, інш. лексічныя і граматычныя катэгорыі, што набываюць пабуджальнае значэнне ў адпаведным кантэксце ці кансітуацыі («На кнігу!», «Маўчаць!», «Досыць ліць слёзы!», «Ну-ну, што далей?» і інш.).
клас другаснаротых жывёл тыпу паўхордавых. 2 атр., 3 роды: атубарыі — Athubaria (пашыраны каля берагоў Японіі), рабдаплеўры — Rhabdopleura (ва ўсіх акіянах) і цэфаладыскусы — Cephalodiscus (у Антарктыцы), 22 віды. Трапляюцца на глыб. 100—650 м. Жывуць прымацаванымі да субстрату, утвараюць калоніі (акрамя атубарый).
Цела даўж. да 1,4 см. Змяшчаецца ў доміку або трубцы, па паверхні якіх жывёлы могуць перамяшчацца. Расшыраны залозісты галаўны шчыток на пярэднім канцы цела (хабаток) служыць для поўзання і выдзяляе рэчыва для пабудовы доміка. На сярэднім аддзеле цела — каўнерыку 1—8 пар перыстых шчупальцаў, пакрытых раснічкамі, якія выконваюць функцыю дыхання (адсюль назва) і збірання кармавых часцінак. Рот на брушным баку цела. Кішэчнік петлепадобны. Кормяцца фіта- і зоапланктонам. Раздзельнаполыя, размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне), ёсць гермафрадыты. Лічынкі свабоднаплаваючыя і поўзаючыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНДО́ (франц. rondeau ад rond круг),
старафранцузскі верш з 8, 13 або 15 радкоў, звязаных дзвюма скразнымі рыфмамі. У адрозненне ад рандэля ў Р. словы (часам радкі), якімі ён пачынаецца, паўтараюцца ў сярэдзіне твора і заканчваюць яго, ствараючы арыгінальнае архітэктанічнае кальцо. Прыкладам 15-радковага Р. можа служыць верш «Рандо» М.Багдановіча:
Узор прыгожы пекных зор
Гарыць у цемні небасхіла;
Вада балот, стаўкоў, азёр
Яго ў глыбі сваёй адбіла.
І гімн спявае жабаў хор
Красе, каторую з’явіла
Гразь луж; напоўніць мгла прастор,
І ўстане з іх гарашчы міла Узор.
І сонца дальш клянуць, што скрыла
Луж зоры днём. І чуе бор,
І чуе поле крэхат хілы,
Ды жаб не ўчуць вышэй ад гор,
Там, дзе чыясь рука зрабіла Узор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРГА́Н, вурган (лац. organum ад грэч. organon прылада, інструмент; магчыма, ад стараслав. варга рот),
старажытны самагучальны язычковы муз. інструмент. Вядомы ў многіх народаў пад рознымі назвамі. Бываюць пласціністы варган (у выглядзе пласцінкі з дрэва, косці, бамбуку, трыснягу) і падковападобны металічны; да пласцінкі ці пасярэдзіне падковы прымацаваны язычок з трыснягу або сталі. У час ігры варган заціскаюць зубамі або прыціскаюць да іх, а рот служыць рэзанатарам. У выніку бесперапыннай вібрацыі язычка ўзнікае бурдон; са зменай артыкуляцыі вуснаў атрымліваюць тоны, неабходныя для выканання мелодыі. Дыяпазон невялікі — кварта або квінта, што абмяжоўвае рэпертуар простымі песеннымі і танц. мелодыямі і найгрышамі. На пач. 19 ст. створаны канцэртны прафес. інструмент з храматычным гукарадам — аўра (некалькі варганаў, замацаваных на метал. дыску). На Беларусі існаваў у 12—19 ст. як сольны і ансамблевы інструмент. У наш час сустракаецца рэдка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛЬФ (англ. golf),
спартыўная гульня з мячом і клюшкай. Полем для гольфа служыць участак натуральнай умерана перасечанай мясцовасці (поле, парк, узлесак) пл. ад 50 тыс. да 200 тыс.м², на якім размечана 9—18 дарожак-трас (даўж. 150—470 м, шыр. 30—40 м). У канцы кожнай з іх зроблены пляцоўкі пл. каля 20 м² з ямкай-лункай пасярэдзіне (глыб. 11 см, дыяметр 10 см). Мяч з літой літай* гумы (вес вага 42,5 г), клюшкі (у наборы) даўж. ад 85 да 110 см з галоўкамі рознай формы. Мэта гульні — ударамі клюшкай па мячу пракаціць яго праз усе дарожкі і патрапіць ім у кожную лунку. Перамагае той ігрок ці каманда, якія зробяць гэта найменшай колькасцю ўдараў.
Зарадзіўся гольф у сярэднія вякі ў Даніі. Найб. развіты ў Вялікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі, ЗША, краінах Скандынавіі. Уваходзіў у праграму Алімпійскіх гульняў (1900, 1904).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ ПАСТАЯ́ННАЯ,
1) універсальная (кавендышава, ньютанава) гравітацыйная пастаянная — каэфіцыент прапарцыянальнасці ў законе прыцягнення Ньютана (гл.Сусветнага прыцягнення закон); адна з фундаментальных фіз. пастаянных. Абазначаецца G. Вызначана эксперыментальна Г.Кавендышам (1798) пры дапамозе круцільных вагаў. Характарызуе гравітацыйнае ўзаемадзеянне ўсіх матэрыяльных аб’ектаў (часціц і палёў) і разглядаецца як універсальная канстанта, нязменная ў часе і прасторы, незалежная ад фіз. і хім. уласцівасцей асяроддзя і гравітуючых мас. G = (6,67259 ±0,00085)∙10−11Н∙м²/кг².
2) Гаўсава гравітацыйная пастаянная — велічыня k, звязаная з універсальнай гравітацыйнай пастаяннай суадносінамі G = k2. Служыць для вызначэння астранамічнай адзінкі, у сістэме фундаментальных астранамічных пастаянных прынятая ў якасці адзінай асн. (умоўна нязменнай) пастаяннай (1976). Лікавае значэнне k = 0,01720209895 вызначана К.Гаўсам (1809) на аснове 3-га закона Кеплера (гл.Кеплера законы) для сістэмы Сонца—Зямля і зацверджана Міжнар. астранамічным саюзам у якасці абсалютна дакладнай канстанты (1938).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАЎСКІ ПРАЦЭ́С спецыяльны від выпадковых працэсаў без паслядзеяння. Служыць мадэллю для многіх працэсаў у фізіцы
(напр., распад радыеактыўнага рэчыва),
у біялогіі (рост папуляцыі, працэсы мутацыі), у хіміі, тэорыі масавага абслугоўвання.
Выпадковы працэс X(t) наз. М.п., калі для любых момантаў часу t0 i t1 (t0 < t1) умоўнае размеркаванне X(t1) пры ўмове, што зададзены ўсе значэнні X(t) пры t≤to, залежыць толькі ад X(t0). Гэтая вызначальная ўласцівасць М.п. наз.маркаўскай уласцівасцю або адсутнасцю паслядзеяння: стан нейкай сістэмы ў момант t0 адназначна вызначае размеркаванне імавернасцей будучага развіцця працэсу пры t > t0 і інфармацыя аб мінулым развіцці працэсу да моманту t0 не ўплывае на гэтае размеркаванне. Тэорыя М.п. бярэ пачатак ад работ 1907 А.А.Маркава, прысвечаных вывучэнню паслядоўнасці залежных выпрабаванняў (гл.Маркава ланцуг). Агульная тэорыя М.п. і іх класіфікацыя дадзены А.М.Калмагоравым (1931).