ДУНІКО́ЎСКІ (Dunikowski) Ксаверы Францішак (24.11.1875, г. Кракаў, Польшча — 26.1.1964),

польскі скульптар, мастак. Скончыў Кракаўскую АМ (1903), з 1930 яе прафесар. Прафесар Дзярж. вышэйшай школы пластычных мастацтваў у Вроцлаве (з 1959). Творчасць Д. зазнала ўплыў сімвалізму (цыкл «Чалавек», 1898—1905), кубізму («Надмагілле Баляслава Смелага», 1917—20), Майстар партрэтаў (А.​Міцкевіч, 1908, і інш.). У 1925—29 выканаў для Вавельскага замка ў Кракаве серыю «Вавельскія галовы». У 1940-я г. стварыў «Пантэон польскай культуры». Аўтар помніка Ю. Дзятлу ў Кракаве (1937—39), мемар. манументаў «Помнік паўстанцам» каля г. Аполе (1946—52), «Помнік вызвалення зямлі Варміньскай і Мазурскай» у Ольштыне (1949—53). Дзярж. прэміі Польшчы 1948, 1955.

К.Дунікоўскі. Адам Міцкевіч. З серыі «Вавельскія галовы». 1925—29.

т. 6, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́КАС Томаш (25.9.1850, с. Гумніска каля г. Дэмбіца, Польшча — 19.4.1910),

скульптар. Вучыўся ў Львове ў Э.​Яскульскага. Скончыў школу прыгожых мастацтваў у Кракаве (1878) і Акадэмію прыгожых мастацтваў у Вене (1883). Працаваў у мармуры, гіпсе, дрэве. Атрымаў 2 першыя ўзнагароды ў конкурсе на помнік А.​Міцкевічу ў Кракаве (1882 і 1885). Сярод работ: помнікі — А.​Тызенгаўзу з партрэтным медальёнам для Гродзенскага б. езуіцкага касцёла (1886—87), А.​Міцкевічу ў Пшэмыслі (Польшча, 1891), Цярнопалі (Украіна, 1895); надмагіллі А.​Гілера ў Івана-Франкоўску (Украіна), Т.​Левакоўскага і Крачыновічаў, рэльеф «Міласэрны самарыцянін» (1894), фігура Хрыста, які нясе крыж, для арм. царквы (усе ў Львове), скульптура «Цнатлівасць» (1883), партрэтныя медальёны В.​Губульскага, Гілера і інш.

А.​К.​Лявонава.

т. 6, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМЕ́ТРА,

у грэчаскай міфалогіі багіня ўрадлівасці і земляробства, дачка Кронаса і Рэі, сястра Зеўса. Дачку Д. Персефону пакахаў і ўкраў бог падземнага царства Аід. Пакуль Д. блукала ў пошуках дачкі, зямля перастала плоданасіць, засохлі дрэвы і травы, загінулі статкі, пачаўся голад. Зеўс загадаў вярнуць Персефону, каб летнія месяцы яна праводзіла на зямлі, зімовыя — у царстве Аіда. У г. Элеўсін быў узведзены храм Д., дзе 9 дзён у верасні спраўлялі містэрыі, у гонар Д. і Персефоны ладзілі святы Фесмафорыі. Свае творы Д. прысвяцілі Гамер, Калімах, Феакрыт, Г.​Сакс, Ф.​Шылер і інш. У рым. міфалогіі Д. адпавядае Цэрэра.

Л.​М.​Драбовіч.

Дэметра («Дэметра Кнідская»). Скульптар Брыяксіс. 340—330 да н.э.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧА́Р Ерванд Сямёнавіч (27.6.1899, Тбілісі — 22.1.1979),

армянскі скульптар, графік і жывапісец. Нар. маст. Арменіі (1965). Нар. маст. СССР (1976). Вучыўся ў тбіліскай Школе жывапісу і скульптуры (1915—18) у Е.​Татэвасяна і ў маск. Дзярж. вольных маст. майстэрнях (1918—19) у П.​Канчалоўскага. З 1923 у Парыжы, з 1936 у Арменіі. Працаваў у манум. і станковай скульптуры. Творы вызначаюцца экспрэсіяй руху, часам стылізацыяй: абеліск «Арол» каля дарогі да Звартноца (1955), партрэт А.​Тэр-Абрамяна (1957), помнік Давіду Сасунскаму (1959) і манумент Вардана Маміканяна (1975) у Ерэване і інш. Аўтар графічных ілюстрацый да нар. эпасу «Давід Сасунскі» (1939), жывапісных жанравых кампазіцый, партрэтаў, нацюрмортаў. Дзярж. прэмія Арменіі 1967.

Е.Качар. Помнік Давіду Сасунскаму ў Ерэване. 1959.

т. 8, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛАЎСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК «ЛЯЎКІ́» Засн. 11.10.1978 у Аршанскім р-не Віцебскай вобл. з цэнтрам ва ўрочышчы Ляўкі. Агульная пл. 19 га, пл. пабудоў 493 м². Тут на дачы ў 1935—41 жыў і працаваў Я.​Купала. На тэр. запаведніка будынак б. канторы Копыскага лясніцтва, у якім размешчаны Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі», дача Я.​Купалы (адноўлена ў 1981), паркавая скульптура «Восень паэта» (скульптар А.​Анікейчык), домік шафёра, гараж з легкавым аўтамабілем Я.​Купалы, гасп. пабудовы, зона масавых гулянняў. З 1980 тут праводзяцца святы паэзіі, злёты студэнтаў-філолагаў БДУ, школьныя ранішнікі.

Літ.:

Ляўкі: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік. Мн., 1981;

Купалавым гасцінцам. Мн., 1996.

Ж.​К.​Дапкюнас.

Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Помнік Я.​Купалу.

т. 9, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБА́РДА, Ламбардзі (Lombardo, Lombardi) П’етра (каля 1435, Карана, Швейцарыя — чэрвень 1515), італьянскі архітэктар, вядучы дойлід і скульптар эпохі Ранняга Адраджэння ў Венецыі. Яго пабудовы адметныя святочнай лёгкасцю, жывапіснай вытанчанасцю ордэрных фасадаў, выкарыстаннем каляровых мармураў і пышнага скульпт. дэкору: царква Санта-Марыя дэі Міраколі (1481—89), Палацца Вендрамін-Калерджы (1504—09), Палац дожаў (у 1489—1511 кіраваў яго буд-вам, аўтар фасада, Лесвіцы гігантаў, з А.​Рыца, дэкарацый для інтэр’ераў). Спакойнай гармоніяй вылучаюцца надмагіллі дожаў (Мачэніга ў царкве Санці-Джавані э Паала, 1476—81). Большасць скульпт. твораў, дэкар. рэльефы выканаў з сынамі Туліо (каля 1455, Венецыя — 17.11.1532) і Антоніо (каля 1458, Венецыя — каля 1516).

П.Ламбарда, А.​Рыца. Фасад Палаца дожаў і Лесвіцы гігантаў у Венецыі.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСІ́П (Lysippos),

старажытнагрэчаскі скульптар 4 ст. да н.э.; буйнейшы прадстаўнік позняй класікі. Нарадзіўся ў Сікіёне. Быў прыдворным мастаком Аляксандра Македонскага. Працаваў пераважна ў бронзе. У сваёй творчасці, што папярэднічала эліністычнаму мастацтву, адышоў ад ідэальных канонаў Паліклета, імкнуўся да большай жыццёвай непасрэднасці выявы, перадачы драм. складанасці і зменлівасці з’яў, шматпланавых рухаў. Сярод твораў: «Апаксіямен», «Гермес адпачывае», статуі Зеўса ў Тарэнце, Геліяса на калясніцы на в. Родас, шматлікія выявы Геракла і яго подзвігаў («Геракл Фарнезскі», «Геракл са львом» і інш.), манум. скульптурныя групы (конныя дружыннікі Аляксандра Македонскага, якія палеглі ў бітве пры р. Гранік, і інш.). Адзін з першых у ант. мастацтве звярнуўся да партрэтнага жанру (партрэт Аляксандра Македонскага).

Лісіп. Апаксіямен. 4 ст. да н.э.

т. 9, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ХАЙ-НАДЗЬ (Moholy-Nagy) Ласла (20.7.1895, Бачбаршад, Венгрыя — 24.11.1946),

венгерскі скульптар, дызайнер, фотамастак. Працаваў пераважна ў Германіі (1920—33) і ЗША (з 1937). У 1923—28 праф. «Баўгауза», у 1937 заснаваў т.зв. Новы «Баўгауз» у Чыкага. Зазнаў уплывы К.​Малевіча і Л.​Лісіцкага. У канцы 1910 — пач. 1920-х г. ствараў графічныя работы ў духу супрэматызму («На белым фоне», 1923, і інш.) і прасторавыя абстрактныя кампазіцыі («Пластыка ў нікелі», 1922, і інш.) У 1920-я г. займаўся фотамастацтвам у галіне мантажу («Мілітарызм» і інш.) і партрэта («У.​Маякоўскі» і інш.). Пазней даследаваў працэс формастварэння, выразныя магчымасці святла ў празрыстых і паўпразрыстых прасторавых канструкцыях, што знайшло практычнае выкарыстанне ў дызайне і светлавой рэкламе.

т. 10, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯКО́Ў Мікалай Цярэнцьевіч (н. 1.5.1936, в. Рабяткі Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. скульптар. Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1962). Аўтар станковай і манум. скульптуры, партрэтаў: дзярж. дзеяча Беларусі С.​В.​Прытыцкага (1965), Герояў Сав. Саюза Т.​М.​Барамзіной (1964, 1975), Б.​С.​Акрэсціна (1965), В.​І.​Цемчука (1984), двойчы Героя Сав. Саюза П.​Я.​Галавачова (1985), В.​І.​Чапаева (1980), бел. паэтаў Я.​Купалы (1959, 1969), П.​Труса (1968), рус. паэта А.​Блока (1967), кампазіцыі «Раніца» (1964) і інш.; помнікаў Герою Сав. Саюза М.​Ф.​Сільніцкаму (1964, арх. В.​Занковіч) у в.Платы Віцебскага р-на, піянеру-герою М.​Казею (1965) у г.Быхаў Магілёўскай вобл.

Б.​А.​Крэпак.

т. 12, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ХЕР (Pacher) Міхаэль (каля 1435, г. Бруніка, Італія — 1498),

аўстрыйскі жывапісец і скульптар; прадстаўнік пераходнага перыяду ад готыкі да Адраджэння. Зазнаў уплыў А.​Мантэньі. Аўтар алтарных кампазіцый, якім уласцівы смелая перспектыўная пабудова прасторы і ракурсаў, скульпт. дакладнасць форм, жыццёвая выразнасць персанажаў, гучнасць каларыту: разны алтар царквы ў Бальцана (Італія, з 1471), скульпт. і жывапісны алтар царквы ў Санкт-Вольфгангу (1471—81), жывапісны алтар «Чатырох айцоў царквы» (1475—79) і інш., Скульпт. работы больш звязаны з традыцыямі готыкі, вызначаюцца драматызмам і вострай характарнасцю вобразаў, напружаным лінейным рытмам, узорыстасцю кампазіцыі («Каранаванне Марыі» ў алтары царквы ў Санкт-Вольфгангу і інш.).

Я.​Ф.​Шунейка.

М.Пахер. Св. Вольфганг прымушае д’ябла трымаць малітоўнік. Фрагмент алтара «Чатырох айцоў царквы». 1475—79.

т. 12, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)