ЛЮДО́ВІК XVIII (Louis; 17.11.1755, г. Версаль, Францыя — 16.9.1824),
кароль Францыі [1814—24]. 3 дынастыі Бурбонаў. Брат Людовіка XVI, граф Праванскі. У час рэвалюцыі 1789—99 уцёк з Францыі (1791). У 1795 пасля смерці ў парыжскай турме малалетняга пляменніка (т.зв. Людовіка XVII) абвясціў сябе каралём. Фактычна заняў прастол у 1814 у выніку перамогі краін антыфранц. кааліцыі над Напалеонам I. У перыяд «Ста дзён» Напалеона I (сак.—чэрв. 1815) знаходзіўся ў Бельгіі. Да 1820 праводзіў адносна ліберальную палітыку, пазней трапіў пад уплыў ультрараялістаў. Гл. таксама Рэстаўрацыя ў Францыі.
т. 9, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІ́Н ((Manin) Даніэле) (13.5.1804, г. Венецыя, Італія — 22.9.1857),
дзеяч італьян. нац.-вызв. руху ў перыяд Рысарджымента. Адвакат. Вучыўся ў Падуанскім ун-це. У 1846—47 кіраўнік ліберальнага руху за аўтаномію Венецыі ў складзе Аўстр. імперыі. У снеж. 1847 арыштаваны. У пачатку рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ўзначаліў нар. паўстанне ў Венецыі (вызвалены паўстанцамі з турмы) супраць аўстр. панавання. 22.3.1848 абвясціў Венецыю незалежнай рэспублікай і 23 сак. выбраны яе прэзідэнтам (з жн. 1848 дыктатар). Пасля задушэння рэспублікі аўстр. войскамі (жн. 1849) эмігрыраваў у Францыю. З 1854 прыхільнік аб’яднання Італіі вакол Сардзінскага каралеўства.
т. 10, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРГАРЫ́ТА ДА́ЦКАЯ (Margarethe af Danmark; сак. 1353, Зёберг, Данія — 28.10.1412),
каралева Даніі і Нарвегіі (з 1387), Швецыі (з 1389). Дачка дацкага караля Вальдэмара IV Атэрдага і жонка нарв. караля Хокана VI. Замест малалетняга сына Олуфа (дацкі кароль з 1376, нарв. — з 1380) правіла Даніяй і Нарвегіяй. Пасля смерці сына (1387) — каралева Даніі і Нарвегіі, пасля перамогі ў дацка-швед. вайне 1389 — таксама і Швецыі. Ініцыіравала Кальмарскую унію (1397), пры заключэнні якой каралём Даніі, Швецыі і Нарвегіі (суправіцелем і спадкаемцам М.Д.) быў выбраны яе стрыечны пляменнік герцаг Эрык Памеранскі.
т. 10, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ МАЁМАСЦІ (Biens nationaux),
тэрмін, прыняты ў гістарыяграфіі для вызначэння рухомай і нерухомай маёмасці, канфіскаванай дзяржавай у французскую рэвалюцыю 1789—99. Паводле закона ад 2.11.1789 у Францыі былі канфіскаваны зямельныя ўладанні царквы, у лют. 1792 канфіскавана і прададзена маёмасць эмігрантаў, у кастр. 1793 — пакараных смерцю. У сак. 1794 Канвент санкцыяніраваў канфіскацыю маёмасці ва ўсіх «ворагаў рэвалюцыі» і бязвыплатную яе перадачу «патрыётам, якія мелі ў гэтым патрэбу». Пасля рэстаўрацыі Бурбонаў (1814, 1815) частка непрададзеных зямель вернута б. уладальнікам, за прададзеныя Н.м. яны атрымалі грашовую кампенсацыю.
т. 11, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАРТЫЗА́НСКАЯ ДУБІ́НКА»,
сатырычны лісток, выданне ЦК КП(б)Б у Вял. Айч. вайну. Выходзіла з 22.3.1942 да сак. 1943 на бел. і рус. мовах у прыфрантавой паласе (апошнія нумары — у Маскве); да ліст. 1942 выданне газ. «За свабодную Беларусь». Рэд. І.Д.Гурскі. Лісток заклікаў сав. людзей да барацьбы з ворагам, змяшчаў сатыр. вершы, байкі, памфлеты, карыкатуры. Сярод удзельнікаў выдання бел. пісьменнікі П.Броўка, П.Глебка, К.Крапіва, П.Панчанка, К.Чорны і інш., мастакі І.Ахрэмчык, Я.Зайцаў, У.Мінаеў і інш. Выйшла 17 нумароў.
т. 12, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ ТРЫБУНА́Л,
1) надзвычайны суд у Францыі ў часы Французскай рэвалюцыі 1789—99. Створаны як часовы трыбунал у жн. 1792, рэарганізаваны ў сак. 1793. Назву атрымаў пры якабінцах, калі стаў адным з органаў якабінскай дыктатуры. Яго рашэнні не падлягалі апеляцыі і касацыі; адзінай мерай пакарання была смяротная кара. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 1794 Р.т. — орган контррэвалюцыйнага тэрору. Скасаваны ў 1795.
2) Органы правасуддзя ў першыя гады савецкай улады. Створаны паводле Дэкрэта аб судзе ад 22.11.1917 для барацьбы з контррэвалюцыяй, сабатажам і інш. небяспечнымі злачынствамі. Скасаваны ў 1922.
т. 13, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРУЭ́Л,
позназімовы сорт яблыні. Атрыманы ў БелНДІ пладаводства скрыжаваннем сартоў Серынка і Уэлсі. На Беларусі ўключаны ў Дзярж. рэестр для выкарыстання па ўсёй тэрыторыі.
Дрэва сярэднярослае, з круглаватай кронай сярэдняй гушчыні і паніклымі канцамі галін. Сорт скараспелы, высокаўраджайны, сярэдняўстойлівы да грыбных хвароб, Зімаўстойлівасць недастатковая. Пладаносіць на 4—5-ы год. Плады вышэй сярэдняй велічыні (каля 150 г), круглавата-канічнай формы. Скурка светла-зялёная з цёмна-чырв. размытымі палосамі з сонечнага боку. Мякаць зеленаватая, сакавітая, прыемнага кісла-салодкага смаку. Збор пладоў у вер., захоўваюцца да сак.—красавіка.
З.А.Казлоўская.
т. 14, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЕ́ЗСКІЯ ПАЎСТА́ННІ ТКАЧО́Ў Паўстанне 1793 адбылося ў сак.—красавіку ў горных акругах Сілезіі (тады ўваходзіла ў склад Прусіі). Пачалося стыхійна ў г. Шомбург, перарасло ў барацьбу супраць прускіх феад.-прыгонніцкіх парадкаў і ахапіла каля 20 тыс. чал. Было жорстка задушана прускімі войскамі. Паўстанне 1844 адбылося 4—6 чэрв. ў горных паселішчах Сілезіі і выклікана празмернай эксплуатацыяй рабочых прадпрымальнікамі-мануфактурыстамі і мясц. памешчыкамі, якія спаганялі з ткачоў падатак за права займацца прамысл. працай. Штуршком да выступлення паслужылі скарачэнне аплаты працы рабочым і пагаршэнне іх становішча з прычыны неўраджаю. Паўстанне задушана.
т. 14, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕМАЛІ́СЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ,
нацыянальная рэвалюцыя ў Турцыі ў 1919—23. Назва ад імя кіраўніка — ген. М.Кемаля (Атацюрка). Пачалася як нац.-вызв. рух ва ўмовах паліт. і сац.-эканам. крызісу, выкліканага паражэннем Турцыі ў 1-й сусв. вайне і акупацыяй ч. яе тэрыторыі войскамі Антанты. З 1920 набыла характар вызв. вайны (гл. Грэка-турэцкая вайна 1919—22). Мела на мэце абарону нац. суверэнітэту краіны і яе мадэрнізацыю ў новых гіст. умовах. Асн. масу ўдзельнікаў складалі сяляне, кіруючая роля належала нац. буржуазіі, інтэлігенцыі і афіцэрству. Асн. падзеі: абранне Сіваскім кангрэсам нац. арг-цый (вер. 1919) Прадстаўнічага к-та (часовага ўрада) на чале з М.Кемалем; прыняцце парламентам (28.1.1920, г. Стамбул) дэкларацыі незалежнасці і разгон парламента акупантамі (сак. 1920); скліканне (23.4.1920, Анкара) Вял. нац. сходу Турцыі, які абвясціў сябе адзінай законнай уладай у краіне; сав.-тур. дагавор аб сяброўстве і братэрстве (сак. 1921); перамога рэв. арміі пры матэрыяльнай дапамозе Сав. Расіі над грэч. інтэрвентамі (1921—22); прызнанне незалежнасці Турцыі і адмена кабальнага Сеўрскага мірнага дагавора 1920 у час Лазанскай канферэнцыі 1922—23; ліквідацыя султаната (1.11.1922) і абвяшчэнне рэспублікі (29.10.1923). У ходзе К.р. і наступных пераўтварэнняў (ліквідацыя халіфата ў 1924 і інш.) Турцыя зрабіла пераход ад феад.-тэакратычнай імперыі да свецкай рэспублікі.
Літ.:
Шамсутдинов АМ. Национально-освободительная борьба в Турции 1918—1923 гг. М., 1966.
В.У.Адзярыха.
т. 8, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ ПА́РТЫЯ (НСП; Niezależna Partia Chłopska, NPCh),
рэвалюцыйна-дэмакратычная сялянская партыя ў Польшчы ў 1924—27. Дзейнічала легальна. Склалася ў ліст. 1924 у выніку расколу партыі «Вызваленне», левае крыло якой на чале з дэпутатамі сейма С.Ваявудскім, А.Фідаркевічам, С.Баліным, Ф.Галавачом і інш. ўтварыла НСП. ЦК партыі ўзначальваў Фідаркевіч. Выступала за надзяленне сялян зямлёй без выкупу шляхам канфіскацыі яе ў памешчыкаў, нацыяналізацыю памешчыцкіх лясоў і водных багаццяў, бясплатнае навучанне дзяцей на роднай мове, паліт. свабоды, права на самавызначэнне нац. меншасцей і інш. У знешняй палітыцы выступала за добрасуседскія адносіны, у т. л. з СССР. Мэтай паліт. барацьбы лічыла стварэнне рабоча-сял. ўрада. 3 сак. 1925 арг-цыі НСП пачалі ўзнікаць у шэрагу паветаў Зах. Беларусі, а таксама — гурткі ў вёсцы. Праводзіла паліт. кампаніі разам з КПЗБ і БСРГ. Выдавала газеты «Walka wsi» («Барацьба вёскі»), «Walka ludu» («Барацьба народу»), «Walka pracy» («Барацьба працы»), «Niezależny chłop» («Незалежны селянін»), «Lemiesz» («Лямеш»), «Zagon» («Загон»), якія былі папулярнымі ў Зах. Беларусі. У 1925 НСП налічвала каля 1 тыс. членаў, у 1927 — больш за 20 тыс. У польскім сейме мела сваю фракцыю (7 чал.), якая супрацоўнічала з фракцыямі КПЗБ і БСРГ. У чэрв. 1925 гэтыя 3 фракцыі прапанавалі сейму праект зямельнай рэформы (не быў прыняты). Распушчана польскім урадам у сак. 1927. Дзеячы НСП ў 1928 стварылі Арганізацыю сялянскай лявіцы «Самапомач».
П.І.Зялінскі, І.П.Хаўратовіч.
т. 11, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)