ГЕН (ад грэч. genos род, паходжанне), спадчынны фактар,
структурна-функцыянальная адзінка генетычнага матэрыялу, адказная за фарміраванне якой-небудзь элементарнай прыкметы. З дапамогай гена адбываецца запіс, захаванне і перадача генетычнай інфармацыі. Умоўна ген можна ўявіць як адрэзак малекулы ДНК (у некаторых вірусаў і фагаў — малекулы РНК), які ўключае нуклеапратэідную паслядоўнасць з закадзіраванай у ёй першаснай структурай поліпептыду (бялку) або малекулы транспартнай ці рыбасомнай РНК, сінтэз якіх кантралюецца гэтым генам. У вышэйшых арганізмаў (эўкарыёт) ген знаходзіцца ў храмасомах і ў арганелах цытаплазмы (мітахондрыях, хларапластах і інш.); кожны з іх займае ў храмасоме дакладнае месца — локус. Сукупнасць усіх генаў арганізма складае яго генатып. Кожны ген, які ўключае ад некалькіх соцень да 1500 нуклеатыдаў, адказны за сінтэз пэўнага бялку (поліпептыднага ланцуга), ферменту і г.д. Кантралюючы іх утварэнне, ген кіруе ўсімі хім. рэакцыямі арганізма і тым самым вызначае яго прыкметы (гл.Генетычны код).
Дыскрэтныя спадчынныя задаткі адкрыў у 1865 Г.Мендэль, у 1909 В.Іагансен назваў іх генам. У 1911 Т.Морган і яго супрацоўнікі даказалі, што ген з’яўляецца ўчасткам храмасомы, склалі першыя храмасомныя карты, на якіх пазначылі размяшчэнне асобных генаў на храмасомах (гл.Генетычная карта храмасом). Адрозніваюць гены: структурныя, што нясуць інфармацыю пра паслядоўнасць амінакіслот у поліпептыдзе, і рэгулятарныя (кантралююць і рэгулююць дзейнасць структурных генаў); алельныя і неалельныя (гл.Алелі); паводле лакалізацыі на храмасоме аўтасомныя (гл.Аўтасомы) і счэпленыя з полам (гл.Палавыя храмасомы). Важная ўласцівасць генаў — спалучэнне іх высокай устойлівасці (нязменнасці ў шэрагу пакаленняў) са здольнасцю да мутацый, якія служаць асновай зменлівасці арганізмаў, што дае матэрыял для натуральнага адбору; у чалавека зрэдку прыводзіць да генных хвароб (гл.Спадчынныя хваробы). Распрацаваны метады выдзялення, сінтэзу і кланавання (размнажэння) генаў. Створаны банк генаў для розных груп арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКА́Я АРТЫЛЕ́РЫЯ,
від зброі ВМФ, якой аснашчаны ваен. караблі (карабельная артылерыя) і берагавыя ракетна-артыл. войскі (берагавая артылерыя); прызначаны для паражэння марскіх, паветр. і наземных цэляў.
Папярэднік М.а. — стараж. кідальныя машыны (балісты і інш.). З 14—15 ст. у прыморскіх крэпасцях і на караблях устанаўліваліся агнястрэльныя гарматы (да 2-й пал. 19 ст. гладкаствольныя, у т. л.каранады). У ветразевым флоце найбольш гармат мелі лінейныя караблі (лінкоры) і фрэгаты. У паравым браняносным флоце артылерыя была гал. узбраеннем браняносцаў, лінкораў (спачатку наз.дрэдноўтамі), крэйсераў, кананерскіх лодак. У пач. 20 ст. ў ВМФ з’явілася зенітная, у сярэдзіне 20 ст. — рэактыўная артылерыя. На тэр. Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. былі артыл. караблі ў складзе рачных ваен. флатылій — маніторы, кананерскія лодкі, бранякатэры, плывучыя батарэі; берагавую артылерыю мелі Пінская (артыл. зенітны дывізіён на мех. цязе) і Дняпроўская (1944, 2 асобныя зенітна-артыл. дывізіёны) ваен. флатыліі.
Сучасная берагавая артылерыя паводле тыпаў артыл. установак падзяляецца на стацыянарную і рухомую, а паводле канструкцыі — на вежавую і адкрытую; карабельная — на вежавую, шчытавую і адкрытую. Далейшае развіццё М.а. ідзе па шляху павелічэння далёкасці стральбы (у берагавых і карабельных гармат дасягае 46 км), павышэння скарастрэльнасці, удасканалення снарадаў, укаранення новых сістэм аўтаматыкі і электронікі; асн. ўвага аддаецца зенітнай і універсальнай артылерыі.
Літ.:
Сагоян А.А. Артиллерийские стрельбы речных кораблей // Морской сборник. 1941. № 4;
Мельников П.Е. Старты с берега. М., 1985;
Шершов А.П. История военного кораблестроения: С древнейших времен и до наших дней. СПб., 1994.
У.Я.Калаткоў, Р.К.Паўловіч.
Да арт.Марская артылерыя: 1 — размяшчэнне гармат на маніторы тыпу «Жалезнякоў» Пінскай ваеннай флатыліі; 2 — сучасная расійская карабельная спараная універсальная вежавая артылерыйская сістэма АК-130.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1812,
наступальная аперацыя рас. войск у ліст. 1812 на завяршальным этапе вайны 1812 з мэтай акружэння і знішчэння напалеонаўскай арміі. Праводзілася арміяй М.І.Кутузава (каля 50 тыс.чал.), 3-й Зах. арміяй П.В.Чычагова (каля 35 тыс.чал.) і 1-ым пях. корпусам П.Х.Вітгенштэйна (каля 40 тыс.чал.). Арміі Кутузава процістаялі гал. сілы Напалеона (каля 30 тыс.чал., а таксама 30—40 тыс.чал. адсталых і небаяздольных). Насупраць арміі Чычагова былі разрозненыя атрады гал.ч. польскіх войск (атрад Ф.К.Касецкага, гарнізон М.Бранікоўскага, 17-я пях. дывізія Я.Г.Дамброўскага; усяго каля 9 тыс.чал.). Корпусу Вітгенштэйна процістаялі франц. карпусы К.Віктора і Ш.Удзіно (каля 25 тыс.чал.). Напалеон прыняў рашэнне перапраўляцца цераз Бярэзіну вышэй ад Барысава, у раёне вёсак Студзёнка і Весялова, пачаў скрытную падрыхтоўку да пераправы і адначасова зрабіў захады па дэзінфармацыі рус. камандавання. Кутузаў памылкова лічыў больш верагодным адступленне Напалеона на Мінск і Слонім і зрабіў адпаведныя загады. У выніку Чычагоў 25—26 ліст. перавёў амаль усе свае войскі з-пад Барысава на Пд. 26 ліст. па наведзеных мастах пачалася 3-дзённая пераправа франц. войск, якія захапілі плацдарм на правым беразе Бярэзіны і адначасова забяспечылі прыкрыццё гасцінца Барысаў—Студзёнка. На левым беразе французы ўтрымлівалі ўсе подступы да мастоў, пакуль не прайшлі ўсе баяздольныя часці. Раніцай 29 ліст. масты былі спалены, і армія Напалеона рушыла ў напрамку Маладзечна. У Бярэзінскай аперацыі 1812 рус. камандаванне не дасягнула ў поўнай меры пастаўленай мэты. Нягледзячы на колькасную перавагу, стратэг. ініцыятыву перад пачаткам аперацыі, выгаднае геагр.размяшчэннерас. войск, ядро франц. арміі прарвалася з акружэння. Але панесеныя Напалеонам страты (каля 70 тыс.чал.) азначалі немагчымасць далей працягваць вайну. Вынікі Бярэзінскай аперацыі канчаткова вызначылі перамогу Расіі ў вайне.
Літ.:
Гл. пры арт. Вайна 1812.
В.В.Антонаў.
Да арт.Бярэзінская аперацыя 1812. Пераправа цераз Бярэзіну. Лістапад 1812 г. Аўталітаграфія сярэдзіны 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДЫЯ́К, пояс задыяка (грэч. zodiakos ад zōon жывёла),
сукупнасць сузор’яў, размешчаных уздоўж бачнага гадавога шляху Сонца (экліптыкі). Складаецца з 13 сузор’яў, але старажытныя астраномы падзялілі яго на 12 роўных частак (аб’ядноўвалі сузор’і Скарпіён і Змеяносец у адзінае пад агульнай назвай Скарпіён): Рыбы, Авен, Цялец, Блізняты, Рак, Леў, Дзева, Шалі, Скарпіён, Стралец, Казярог, Вадаліў.
Большасць гэтых сузор’яў мае назву жывёл, таму ў старажытнасці іх называлі «З.» («круг жывёл»), а сузор’і — задыякальнымі. Кожнае з іх абазначаецца адпаведным знакам (гл.Знакі астранамічныя і астралагічныя). У задыякальным сузор’і Сонца знаходзіцца прыблізна адзін месяц. Вясною, напр., яно паслядоўна праходзіць па сузор’ях Рыб, Авена, Цяльца. Гэтыя сузор’і не відаць ноччу, бо знаходзяцца разам з Сонцам пад гарызонтам. Процілеглыя сузор’і Дзевы, Шаляў, Скарпіёна відаць усю ноч. Рух Сонца па З. — з’ява ўяўная, гэта вынік сапраўднага і процілегла накіраванага руху Зямлі вакол Сонца. Існуе адпаведнасць знакаў З. каляндарным датам, у якія Сонца праходзіла межы сузор’яў у старажытнасці (каля 2 тыс. гадоў назад). У выніку прэцэсіі зямной восі гэтыя даты змяніліся (гл.табл.). Рух планет і іх размяшчэнне ў сузор’ях З. выкарыстоўваюць астролагі для складання гараскопаў, пры гэтым яны карыстаюцца стараж. датамі праходжання Сонцам сузор’яў З.
Літ.:
Бялко А.В. Наша планета — Земля. М., 1983.
Н.А.Ушакова.
Табліца. Старажытныя і сучасныя даты знаходжання Сонца ў сузор’ях Задыяка
Сузор’е
Старажытныя даты
Сучасныя даты
Авен
21.3—19.4
22.4—21.5
Цялец
20.4—20.5
22.5—21.6
Блізняты
21.5—21.6
22.6—22.7
Рак
22.6—22.7
23.7—23.8
Леў
23.7—22.8
24.8—23.9
Дзева
23.8—22.9
24.9—24.10
Шалі
23.9—22.10
25.10—23.11
Скарпіён
23.10—21.11
24.11—23.12
Стралец
22.11—21.12
24.12—22.1
Казярог
22.12—19.1
23.1—20.2
Вадаліў
20.1—18.2
21.2—18.3
Рыбы
19.2—20.3
19.3—21.4
Да арт.Задыяк. Бачны гадавы рух Сонца па задыяку і сапраўдны рух Зямлі вакол Сонца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́МАСЦЬ (Zamość),
горад на ПдУ Польшчы. Адм. ц. Замойскага ваяв. 66 тыс.ж. (1994). Прам-сць: харч., мэблевая, трансп. машынабудаванне, швейная, буд. матэрыялаў, паліграфічная. Турыстычны цэнтр.
Засн. ў 1580 Я.Замойскім як горад-крэпасць, рэзідэнцыя і гасп. цэнтр Замойскай ардынацыі (створана ў 1589). Размяшчэнне на гандл. шляху з Валыні ў Люблін і Варшаву і прывілеі (на правядзенне кірмашоў, бяспошлінны гандаль у краіне і інш.) спрыялі развіццю рамёстваў (кушнерства, гарбарства і інш.). У 1585 тут створана першая ў Польшчы мануфактура па вытв-сці саф’яну, тур. дываноў і апрацоўцы казліных шкур. Заснаванне ў 1595 Замойскай акадэміі і друкарні ператварыла З. у навук. і культ.цэнтр. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Аўстрыі, з 1809 у Варшаўскім герцагстве. У час напалеонаўскай кампаніі заняты рус. войскамі (1813). З 1815 у Каралеўстве Польскім. З канца 19 ст. павятовы горад (да 1975).
Горад спраектаваў і пачаў будаваць арх. Б.Маранда ў 1579—1600; прыклад рэнесансавага горадабудаўніцтва. Быў пяцівугольны ў плане, абнесены кальцом бастыённых фартыфікацый (1587—1605; завершаны ў 1617—19, арх. А. дэль Аква; дабудаваны ў 1809—30) з брамамі, у т. л. Любельскай (1588) і Старой Львоўскай (1599). Уключае: палац (1581—86, арх. Маранда; дабудаваны ў 1747—51, арх. Бэм’дэ Кавэ, і пасля 1831), ратушу (1591—1600, арх. Маранда; 1639—51, арх. Я.Ярашэвіч, Я.Вольф, перабудавана ў 18 і 19 ст., рэстаўрыравана ў 1937—38 і 1967—70), будынкі Акадэміі (1638—48, арх. Ярашэвіч; перабудаваны ў 1752—61, арх. Бэм’дэ Кавэ, і ў 19 ст.), калегіяту (1587—98), капліцы Замойскіх (1635, арх. Дж.Б.Фальконі; цяпер кафедральны сабор), царкву (1618—31), сінагогу (каля 1610—20), камяніцы з аркадамі, у т. л. каля Вялікага і Сольнага рынкаў (16—17 ст.). З. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЧМА́,
харчэўня, заезны дом, дзе спыняліся, харчаваліся, начавалі падарожнікі. Былі пашыраны на Беларусі, Украіне, у Польшчы. На Беларусі вядомы з часоў Кіеўскай Русі, найб. пашыраны ў 14 — пач. 20 ст. Ставілі іх на гандл. плошчах, гал. вуліцах гарадоў і мястэчак, у вёсках і фальварках, на гандл. шляхах, каля рачных перапраў, пры млынах і інш. З 16 ст.размяшчэнне і парадак дзейнасці К. рэгламентаваліся Статутамі ВКЛ, велікакняжацкімі і каралеўскімі прывілеямі, з канца 18 ст. — законамі Рас. імперыі. Падзяляліся на заезныя (тыпу гасцініцы) і шынковыя (тыпу харчэўні). Заезныя К. складаліся з вял. хаты-шынкоўні, дзе размяшчаліся каморы, гасціныя пакоі, і «заезду» — стайні, дзе распрагалі і кармілі коней, і вазоўні, дзе ставілі вазы і тавары. Шынковыя К. мелі простую арх.-планіровачную структуру і складаліся з 2- ці 3-камернага жылля з мураванай печчу для гатавання ежы, са сталамі і лавамі. У шынках і сенцах адасабляліся каморы для карчомнай маёмасці, прадуктаў, святліцы для заможных наведвальнікаў. Харчэўні, у якіх не дазвалялася гандляваць спіртным, наз. К. пакутнымі («тайнымі»), Вял. К. наз.аўстэрыямі.
Планіроўка К., яе канструкцыя і маст. вырашэнне набліжаны да нар. жылля. Кампактныя, пераважна прамавугольныя ў плане будынкі з дрэва, цэглы, у тэхніцы «прускага муру» завяршалі дахі, накрытыя саломай, чаротам, драніцай, гонтамі (вёскі Нача Воранаўскага, Міхалішкі Астравецкага р-наў Гродзенскай вобл.). У некат. К. жылыя пакоі размяшчаліся на 2-м паверсе або ў мезаніне, вылучаліся падчэнямі. Манум. выгляд мелі мураваныя К. са складанай планіроўкай, багатым вонкавым аздабленнем, насычаным пластыкай інтэр’ерам (напр., корчмы ў Гродне). Гар. К. маглі аб’ядноўвацца з крамамі, мець 2 шынкі. У 2-й пал. 18—19 ст. на аснове К. сфарміраваліся гасцініцы, паштовыя станцыі, заезныя дамы і інш.
Літ.:
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся. XVII—XIX стст. Мн., 1978.
С.А.Сергачоў.
Будынак былой карчмы ў вёсцы Нача Воранаўскага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАТ [грэч. klima (klimatos) літар. нахіл; падразумяваецца нахіл зямной паверхні да сонечных прамянёў],
шматгадовы рэжым надвор’я, уласцівы пэўнай мясцовасці на Зямлі ў залежнасці ад геагр. умоў; адна з яе асн.геагр. характарыстык. Фарміруецца пры ўзаемадзеянні кліматаўтваральных працэсаў (прыход і расход прамяністай энергіі на зямной паверхні і ў атмасферы; цыркуляцыя атмасферы; вертыкальны цеплаабмен і вільгацеабмен у атмасферы), якія бесперапынна працякаюць у сістэме атмасфера—акіян—суша; мадыфікуюцца геагр. фактарамі і ствараюць разнастайныя тыпы К. Уяўленне пра К. складваецца на аснове стат. абагульнення вынікаў шматгадовых назіранняў над асн. метэаралагічнымі элементамі — сонечнай радыяцыяй, т-рай і вільготнасцю паветра, атм. ціскам, скорасцю і напрамкам ветру, воблачнасцю, атм. ападкамі і інш.Асн.геагр. фактары, што ўздзейнічаюць на К. асобнага рэгіёна: геаграфічная шырата, якая вызначае занальнасць і сезоннасць у размеркаванні сонечнай радыяцыі, т-ру паветра, атм. ціск і г.д. [гл.Кліматычныя паясы (зоны), Кліматычныя сезоны]; вышыня над узроўнем мора, ад якой залежыць вышынная пояснасць; размеркаванне сушы і мора (суша і вада па-рознаму паглынаюць, зберагаюць і аддаюць цяпло, вільгаць і г.д.); араграфія мясцовасці ўплывае на паветр. цячэнні, т-ру паветра, воблачнасць, атм. ападкі і інш.; акіянічныя цячэнні пераносяць з нізкіх шырот у высокія значную колькасць цяпла (напр., цячэнне Гальфстрым, якое аказвае значны ўплыў на К. Зах. Еўропы). Халодныя цячэнні з высокіх шырот ахаладжальна ўздзейнічаюць на К. рэгіёнаў, размешчаных у сярэдніх і нізкіх шыротах. Цячэнні ўплываюць і на вільгацезварот, садзейнічаюць утварэнню воблакаў і туманаў. К. асобных рэгіёнаў вызначаюцца таксама характарам расліннага покрыва, наяўнасцю ледавікоў і снегавога покрыва, асаблівасцямі клімату гарадоў і інш. У залежнасці ад маштабу разглядаемых частак зямной паверхні вылучаюць макраклімат, мезаклімат і мікраклімат. К. аказвае значны ўплыў на гасп. дзейнасць чалавека: на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі, размяшчэннепрамысл. прадпрыемстваў, паветраны, водны і наземны транспарт і г.д. Вывучае К. кліматалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
самабытная арх. школа, якая склалася ў 11 ст. ў Полацкім княстве ў час яго эканам. і паліт. ўздыму. Сфарміравалася ў культавым буд-ве на аснове пераасэнсавання традыцый візант. архітэктуры пад уплывам першага манум. збудавання на тэр. Беларусі — Полацкага Сафійскага сабора. Найб. росквіту дасягнула ў 12 ст. Для П.ш.д. характэрна муроўка з плінфы «са схаваным радам», якая ўтварала двухколерную гаму паверхні сцяны, радзей — з чаргаваннем слаёў плінфы і вапняку (Віцебск). Школа творча развіла адзін з кірункаў візант.царк.-буд. традыцыі: план выцягнуты па падоўжнай восі, бакавыя нефы больш вузкія, дамінуе сярэдняя апсіда (бакавыя знадворку не выяўлены і часцей схаваны ў тоўшчы алтарных сцен). Асн. тып культавых збудаванняў: 1-нефавыя бесслуповыя з адной апсідай і бабінцам (Пятніцкая царква Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра) 3-нефавыя 6-слуповыя з 3 апсідамі, выяўленымі знадворку (сабор Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра); трохнефавыя 4- або 6-слуповыя са схаванымі бакавымі апсідамі (храм-пахавальня Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, Віцебская Благавешчанская царква, Барысаглебская царква Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра). У шэрагу храмаў меліся абходныя галерэі. Для некат. помнікаў П.ш.д. характэрна размяшчэнне падкупальнага квадрата не над усх., а над зах. парамі слупоў, што надавала кампазіцыі будынкаў цэнтрычнасць. Гэтаму спрыяла і канструкцыйна-дэкар. сістэма перакрыцця падкупальнага квадрата ступеньчатымі аркамі і ўтварэнне кубічнага пастамента барабана гал. купала, аздобленага звонку 3-лопасцевымі аркамі. Прадстаўнік П.ш.д. дойлід Іаан — аўтар Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку. Мяркуюць, што полацкія дойліды ўдзельнічалі ў буд-ве Навагрудскай Барысаглебскай царквы, будавалі ў Ноўгарадзе (царква на Сінічай гары) і Смаленску. П.ш.д. зрабіла вял. ўплыў на далейшае развіццё архітэктуры Беларусі, на Смаленскую школу дойлідства, а таксама Маскоўскую школу дойлідства і Пскоўскую школу дойлідства.
Ю.А.Якімовіч, Г.А.Лаўрэцкі.
Да арт.Полацкая школа дойлідства. Благавешчанская царква ў Віцебску. Здымак пасля рэстаўрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУ́БЛІКІ ПАЛА́Цу Мінску Пабудаваны ў 1986—2001
(кіраўнік праекта М.Пірагоў, арх. В.Данілаў, Л.Зданевіч, А.Шабалін, канструктары Я.Уласаў, А.Яршова) на Кастрычніцкай пл., на перасячэнні 2 асн. дыяметраў горада — водна-зялёнай сістэмы поймы р. Свіслач і праспекта Скарыны. Размяшчэнне будынка на гал. кампазіцыйнай восі плошчы вызначыла строгую сіметрычнасць яго аб’ёмна-планіровачнай структуры. Вобразнае вырашэнне палаца засн. на прасторавай будове фасадаў. На першым плане — строй пілонаў перыптэра, які нясе ўсё пакрыццё будынка памерам 109,5 × 82,5 м. Другі план фасадаў у выглядзе рытмічнага спалучэння каменных сцен з вітражом; верхняя зона другога плана — зашклёны вітраж, які апяразвае будынак па перыметры і ступеньчата апускаецца да адзнакі подыума на гал. фасадзе, чым падкрэслівае аб’ём гал. і абыходнага фае. Арх.-планіровачная структура палаца грунтуецца на дакладным функцыянальным заніраванні асн. груп памяшканняў, зручных верт. і гарыз. сувязях. Р.п. складаецца з памяшканняў: комплексы глядзельных вял. залы (на 2700 месцаў),
малых залаў (агульная колькасць месцаў 800; канферэнц-залы, прэс-цэнтр, кавярня з барам і інш.); сцэнічны, блокі ўрадавы і прэзідыума; 3-павярховы кінакомплекс, залы кандыцыянераў, венткамер, дапаможныя і тэхн. памяшканні. У зоне подыума комплекс грамадска-культ. прызначэння: більярдны клуб з гульнявой арэнай, барам, маст. галерэя, кавярня. У гал. фае адкрытыя парадныя лесвіцы, 6 эскалатараў забяспечваюць сувязь паміж усімі ўзроўнямі фае і кулуараў. Р.п. мае падземны інж. корпус (аб’ём 25 тыс.м³; знаходзіцца паміж палацам і музеем Вял.Айч. вайны). Маст. афармленне інтэр’ераў вырашана ў бела-залацістых тонах, арыгінальнасцю і багаццем вызначаюцца сістэма дэкар.-асвятляльных элементаў (маст. В.Даўгала, Ю.Івахнішын, У.Стальмашонак, В.Чайка), габелены (маст. Л.Бартлаў, В.Грыдзіна, Г.Крываблоцкая, В.Крывашэева, В.Маркавец-Бартлава, Н.Пілюзіна). У Р.п. праводзяцца грамадска-паліт. мерапрыемствы гар., рэсп. і міжнар. значэння, кангрэсы, сімпозіумы, выстаўкі, канцэрты, конкурсы, спектаклі, выступленні оперных і балетных калектываў. Іл.гл. таксама да арт.Плошча.
Літ.:
Шамрук А. Каб удыхнуць у архітэктуру жыццё // Мастацтва. 2001. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКАЯ БРЫГА́ДА, Слуцкая брыгада стральцоў,
вайсковае пяхотнае злучэнне. якое створана ў ходзе Слуцкага паўстання 1920 і падпарадкоўвалася ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі. Арганізавана ў ліст. 1920 паводле пастановы 1-га бел. з’езда Случчыны (14—15.11.1920). Фарміравалася ў г. Слуцк і мяст. Семежава з бел. міліцыі Слуцка і Слуцкага пав. (створана ў пач. 1920), сялян-добраахвотнікаў і жыхароў Слуцка. У канцы ліст. 1920 брыгада налічвала 4 тыс. жаўнераў, разам з рэзервам — да 10 тыс.чал. Узбраенне С.б. ў снеж. 1920—2 тыс. вінтовак і 10 кулямётаў. Камандзірам брыгады Беларуская рада Случчыны (БРС) прызначыла капітана А.Анцыповіча. Асн. частку афіцэрскага саставу складалі бел. афіцэры — удзельнікі 1-й сусв. вайны Былі арганізаваны штаб брыгады, аддзелы разведкі і контрразведкі, палявы шпіталь, вайсковы суд. Дзейнічала вайсковая школа для падрыхтоўкі камандзіраў. Брыгада складалася з 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага палкоў са сваімі штабамі. Асобна меліся конны атрад, палкавыя абозы і зброевая майстэрня. У пач. паўстання палкі С.б. займалі фронт даўжынёй больш за 100 км на адлегласці 35—40 км на З ад Слуцка, на мяжы нейтральнай зоны. Баявыя дзеянні брыгада пачала 27 ліст. нападамі на размяшчэнне адзінак 8-й стралк. дывізіі Чырв. Арміі, а потым на інш.сав. часці. Падраздзяленні 16-й арміі, уведзеныя на тэр. нейтральнай зоны (са згоды польскага боку), 4—7.12.1920 пацяснілі часці С.б. Калі 3.12.1920 камандаванне брыгады было даручана штабс-капітану А.Сокал-Куцілоўскаму, брыгада актывізавала сваю дзейнасць і з баямі прасоўвалася на У да мястэчак Семежава і Вызна, якія неаднаразова пераходзілі з рук у рукі. Баі вяліся да 28.12.1920, пасля чаго БРС прыняла рашэнне пра адступленне С.б. на тэрыторыю, падкантрольную польскім войскам. Брыгада перайшла за р. Лань, дзе яе жаўнеры і афіцэры былі раззброены і інтэрніраваны.