сукупнасць найбольш спрыяльных умоў; найлепшы варыянт рашэння задачы або шлях дасягнення мэты пры дадзеных умовах і рэсурсах. Для дасягнення О. неабходна аптымізацыя; сітуацыя, пры якой дасягаецца О., наз. аптымальнай. О. эканамічны ў шырокім сэнсе — найб. эфектыўнае функцыянаванне вытв-сці, у вузкім — найлепшае выкарыстанне матэр. рэсурсаў, пры якім дасягаецца магчымы макс. эфект вытв-сці або магчымы мінімум затрат. О. сацыяльны — стан сац. сістэмы, які з’яўляецца найлепшым з пункту гледжання рэалізацыі яе мэт пры дадзеных унутр. і знешніх умовах і рэсурсах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭЗАВА́ННЕ ЗУБО́Ў,
аднаўленне цэласнасці зубных радоў з дапамогай зубных пратэзаў. Аднаўляе таксама дыкцыю, эстэт. выгляд чалавека.
У залежнасці ад дэфектаў зубных радоў існуюць розныя канструкцыі зубных пратэзаў (няздымныя, здымныя, умоўна здымныя). Няздымныя (каронкі, мостападобныя пратэзы) робяць пры дэфектах каронак зуба або пры страце 1—3 зубоў. Здымныя пратэзы (пласціністыя, бюгельныя) выкарыстоўваюць пры значных дэфектах зубных радоў. З укараненнем у стаматалогію імплантантаў магчымасці П.з. значна пашырыліся. Праводзіцца дэнтальная імплантацыя (пры недастаткова надзейнай фіксацыі пратэзаў у поласці рота). Выкарыстанне ўнутрыкасцявых імплантантаў дазваляе пазбегнуць здымных пратэзаў або значна палепшыць іх фіксацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ПЛЕРА ЭФЕ́КТ,
змена частаты ваганняў (або даўжыні хвалі), якая назіраецца пры адносным руху назіральніка і крыніцы ваганняў; пры збліжэнні назіральніка і крыніцы частата прынятых ваганняў павялічваецца, пры аддаленні — памяншаецца. Тэарэтычна абгрунтаваны ў акустыцы і оптыцы К.Доплерам (1842). Наяўнасць Д.э. ў оптыцы даказана эксперыментальна А.А.Белапольскім у 1900. Выкарыстоўваецца для вызначэння скорасці руху крыніц выпрамянення ў спектраскапіі, астрафізіцы, радыё- і гідралакацыі і інш.
Д.э. выяўляецца для хвалевых і няхвалевых рухаў любой прыроды пры назіранні іх у 2 сістэмах адліку, якія рухаюцца адна адносна другой. Падвойны Д.э. — зрушэнне частаты хваль. адбітых ад рухомых цел (адбівальны аб’ект можна спачатку разглядаць як прыёмнік, а потым як перавыпрамляльнік хваль). У нестацыянарных асяроддзях (параметры асяроддзя мяняюцца ў часе) змена частаты можа адбывацца і пры нерухомых крыніцы і прыёмніку (параметрычны Дэ.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЯ ГАЛЕРЭ́Я,
1) спецыяльна прыстасаванае памяшканне для экспанавання твораў мастацтва. Тэрмін «М.г.» ўжываецца і як сінонім музеяў мастацкіх (гл. таксама Карцінная галерэя).
2) Установа, якая займаецца экспанаваннем, захоўваннем, вывучэннем, прапагандай твораў мастацтва і Сумяшчае музейную дзейнасць з камерцыйнай (выстаўкі-продажы, маст. аўкцыёны і інш.). Важная састаўная частка фарміравання маст. рынку. На Беларусі дзейнічае рэсп.Мастацкая галерэя Саюза мастакоў Беларусі ў Мінску. З пач. 1990-х г. галерэйная дзейнасць на Беларусі ажыццяўляецца пры розных прадпрыемствах, установах, прыватнымі асобамі: маст. цэнтр «Жыльбел», «Стары горад» пры Саюзе кампазітараў Беларусі, «Мастацтва» прыцэнтр. салоне-магазіне Маст. фонду Беларусі, «А.Л.» пры Цэнтры сучаснай бел. драматургіі, «Шостая лінія» прыакц. т-ве «Белтэхналогія» (усе ў Мінску); прыватныя «На ростанях» (Мінск), «У Пушкіна» (Віцебск), «У майстра» (Гродна) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАМАРФІ́ЧНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
пароды, якія ўтварыліся ў выніку метамарфізму. Адрозніваюць пара- і ортаметамарфічныя пароды, што ўзніклі адпаведна пры метамарфізме асадкавых і магматычных парод. М.г.п. падзяляюцца на рэгіянальна-метамарфічныя (утвараюцца вял. аб’ёмы парод, вызначаюцца фацыяльнымі адрозненнямі: гранулітавая і амфібалітавая фацыі пры высокіх т-рах і ціску, зялёнасланцавая — пры нізкіх т-рах, нязначных глыбінях і цісках; а таксама сланцавымі і слаістымі структурамі, напр., амфібаліты, крышталічныя сланцы, гнейсы) і кантактава-метамарфічныя (малыя аб’ёмы, вакол магматычных цел, на невял. глыбінях, пры лакальна высокіх т-рах, канцэнтрычная занальнасць, характэрны рагавікі, мармуры, скарны, грэйзены, наждакі і інш.). Паводле хім. асаблівасцей М.г.п. падзяляюцца на вытворныя гліназёмістых (метапеліты), асноўных магматычных (метабазіты), асадкавых (парагнейсы, параамфібаліты) і карбанатных (кальцыфіры, мармуры) парод. Пры дыслакацыйным метамарфізме ўзнікаюць катаклазіты, міланіты, бластаміланіты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕГНЕТАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ГІСТЭРЭ́ЗІС,
спецыфічная залежнасць эл. палярызаванасці сегнетаэлектрыка ад напружанасці знешняга эл. поля.
Пры ўключэнні эл. поля ўзнікае палярызаванасць, якая спачатку рэзка нарастае і дасягае насычэння. Пры змяншэнні напружанасці поля палярызаванасць адстае ад змены напружанасці і пры выключэнні поля набывае рэшткавае значэнне. Для памяншэння палярызаванасці да нуля неабходна прыкласці поле процілеглага напрамку (каэрцытыўнае поле). Пры далейшым павелічэнні адваротнага поля таксама дасягаецца насычэнне. Атрыманы графік залежнасці наз. пятлёй гістэрэзіса. У полідаменных крышталях форма пятлі больш плаўная, у монадаменных — блізкая да прамавугольнай. Форма пятлі С.г. залежыць таксама ад т-ры; пры т-рах, якія перавышаюць Кюры пункт, дзе сегнетаэлектрык страчвае свае спецыфічныя ўласцівасці, пятля пераўтвараецца ў прамую.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СМУТ (лац. Bismuthum),
Ві, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 83, ат. м. 208,9804. Прыродны мае 1 стабільны ізатоп 209Bi. У зямной кары знаходзіцца 2∙10−5 % па масе. Трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл.Вісмутавыя руды). Крохкі серабрыста-шэры з ружовым адценнем метал, шчыльн. 9800 кг/м³, tпл 271,4 °C (пры плаўленні памяншаецца ў аб’ёме), tкіп 1564 °C.
Устойлівы ў сухім паветры, пры t вышэй за 1000 °C гарыць (утварае аксід Bi2O3). Раствараецца ў к-тах азотнай і канцэнтраванай сернай (пры награванні). З галагенамі пры 200—250 °C утварае трыгалагеніды (напр., вісмуту хларыд BiCl3), з большасцю металаў пры сплаўленні — інтэрметал. злучэнні вісмутыды (напр., вісмутыды натрыю Na3Bi, магнію Mg3Bi2). Атрымліваюць пры перапрацоўцы пераважна свінцовых руд. Выкарыстоўваецца як кампанент легкаплаўкіх сплаваў (напр., сплаў Вуда), бабітаў, як цепланосьбіт у ядз. рэактарах (расплаў), для вытв-сці пастаянных магнітаў, у прыладах для вымярэння напружанасці магн. поля. Злучэнні вісмуту выкарыстоўваюць у вытв-сці керамікі, фарфору, спец. шкла, як антысептычныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫТАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
гаспадарча-фінансавы стан пазычальніка, які дае ўпэўненасць у эфектыўным выкарыстанні і вяртанні ім пазыкі (крэдыту), што дае яму права на атрыманне крэдыту. Пераход да рыначных адносін прадугледжвае больш жорсткія ўмовы выдачы крэдыту. Таму пры аналізе К. вывучаюцца існуючая і перспектыўная плацежаздольнасць, узровень рэнтабельнасці і абарачальнасць абаротных сродкаў, тэмпы росту рэалізацыі, сумы і тэрміны пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах, дзелавая актыўнасць і інш.Пры ацэнцы К. банкі выкарыстоўваюць і каэфіцыент бягучай ліквіднасці. Лічыцца, што калі ён ніжэйшы за 1, то банк мае справу з неплацежаздольным кліентам і крэдыт можа быць выдадзены на асаблівых умовах; пры яго ўзроўні 1,0—1,5 існуе рызыка своечасовага вяртання доўгу; пры ўзроўні больш як 1,5 гарантыі забяспечанасці доўгу і яго вяртання дастатковыя. Пры аналізе К. вывучаецца і ступень рызыкі банка як крэдытора; пры высокай ступені рызыкі прадугледжваецца і больш высокая працэнтная стаўка. Здольнасць пазычаць і аддаваць грашовыя сродкі вызначаецца прыбытковасцю, стабільнасцю, сітуацыяй на крэдытным рынку, складам і структурай актываў, інш. фактарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛІ́Ч (ад грэч. paralysis расслабленне),
поўная страта рухальных функцый у чалавека і жывёл у выніку парушэння інервацыі адпаведных мышцаў. Абмежаванне рухаў — парэзы (напр., монапарэз пры пашкоджанні адной канечнасці, парапарэз пры пашкоджанні рук і ног і інш.). З’яўляецца праявай захворванняў нерв. сістэмы інфекц., траўматычнага, сасудзістага, псіхагеннага і інш. паходжання. Адрозніваюць П. і парэзы цэнтральныя, якія абумоўлены пашкоджваннем рухальных клетак кары паўшар’яў галаўнога мозга і піраміднага шляху з павышэннем мышачнага тонусу, сухажыльна-надкосных рэфлексаў, наяўнасцю паталаг. і ахоўных рэфлексаў (пры інсультах, чэрапна-мазгавой траўме, энцэфаліце). Перыферычныя П. і парэзы ўзнікаюць пры пашкоджанні чарапных нерваў, спіннога мозга, нерв. спляценняў і асобных нерв. ствалоў. Пры перыферычных П. мышачны тонус зніжаецца ці адсутнічае, паніжаюцца сухажыльна-надкосныя рэфлексы, адбываецца атрафія мышцаў, змяняецца электраўзбуджальнасць нерваў і мышцаў (напр., пры спінальнай форме поліяміэліту, полінеўрытах і інш.). Бываюць таксама змешаныя П. і парэзы (цэнтр. і перыферычныя). Выдзяляюць псіхагенныя (істэрычныя) П. і парэзы, што ўзнікаюць ад псіхатраўміруючых уздзеянняў. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт., ЛФК, масаж, правядзенне артапедычных мерапрыемстваў, у некат. выпадках — хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГАРТО́ЎКА,
тэрмічная апрацоўка матэрыялаў, якая робіцца іх награваннем і наступным хуткім ахаладжэннем з мэтай фіксацыі (замацавання) высокатэмпературнага стану або прадухілення (падаўлення) непажаданых працэсаў, што адбываюцца пры павольным ахаладжэнні. З. магчыма толькі для рэчываў, раўнаважны стан якіх пры высокай т-ры адрозніваецца ад раўнаважнага стану пры нізкай т-ры (крышт. структурай, канцэнтрацыяй, дэфектнасцю). У выніку З. ствараецца адносна ўстойлівы (метастабільны) стан, які пры награванні пераходзіць у больш стабільны. З. апрацоўваюць металы, іх сплавы, шкло і інш.
Найб. пашырана З. сталі. Награваннем вышэй за крытычную т-ру сталь пераводзіцца ў стан аўстэніту — цвёрдага раствору вугляроду і легіравальных элементаў у гама-жалезе, што дазваляе растварыць у аўстэніце карбіды і рэалізаваць уплыў легіравальных элементаў і вугляроду на ўласцівасці сталі. Пры ахаладжэнні з пэўнай скорасцю падаўляецца распад аўстэніту на ферытна-карбідную сумесь і адбываецца бездыфузійнае (зрухавае) пераўтварэнне аўстэніту ў мартэнсіт. Пры гэтым рэзка павялічваецца цвёрдасць, трываласць, магн. насычэнне і зніжаецца пластычнасць сталі. Пасля З. сталі абавязковы водпуск, які забяспечвае зададзенае спалучэнне цвёрдасці, трываласці, вязкасці і пластычнасці. Загартоўваюць таксама старэючыя сплавы (для атрымання перанасычанага цвёрдага раствору, які распадаецца пры старэнні з умацаваннем), вадкасці (для фіксацыі шклопадобнага стану), шкло (для зніжэння дэфектнасці і паляпшэння мех. уласцівасцей) і інш.Пры З. цвярдзеюць толькі сталі, якія загартоўваюцца на мартэнсіт; З. металічных сплаваў (старэючых, накляпаных і інш.) суправаджаецца зніжэннем цвёрдасці.
Літ.:
Курдюмов Г.В. Явления закалки и отпуска стали. М., 1960.