КАСАКО́ЎСКІ (Юзаф) (16.3.1738, в. Шылы Ковенскага пав., Літва — 9.5.1794),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Брат Ш.М.Касакоўскага. Біскуп інфлянцкі з 1781. На Чатырохгадовым сейме 1788—92 узначальваў Канстытуцыйную дэпутацыю, выступаў за абмежаванне рэформ і супраць Канстытуцыі 3 мая 1791. Разам з братам быў фактычным кіраўніком Таргавіцкай канфедэрацыі. Адзін з аўтараў Акта Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ 1792. Карыстаўся падтрымкай рас. паслоў у Рэчы Паспалітай. Аўтар аповесцей, камедый, мемуараў. У час паўстання 1794 павешаны паўстаўшымі ў Варшаве.
т. 8, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН МАН (45 да н.э. — 6.10.23 н.э.),
старажытнакітайскі дзярж. дзеяч, імператар (9—23 н.э.). У 8 да н.э. стаў вышэйшым саноўнікам («да сы ма») імперыі Хань. Ажыццявіўшы ў снеж. 8 н.э. дварцовы пераварот, абвясціў сябе імператарам новай дынастыі Сінь. Правёў рэформы: ліквідаваў прыватную ўласнасць на зямлю, забараніў куплю-продаж зямлі і рабоў і інш. Аднак пад націскам багатых землеўладальнікаў вымушаны быў іх адмяніць. Забіты ў час нар. паўстання, якое пачалося ў краіне ў 15 н.э.
т. 3, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РБАЛА,
гарадзішча 12—14 ст. у Эстоніі, у Рапласкім р-не, за 60 км на Пд ад Таліна. Пл. каля 2 га, умацавана валам выш. да 10 м. Даследавана ў 1938—41 і 1953.
У 1212 Варбала было абложана наўгародцамі і пскавічамі і прымушана плаціць даніну. У пач. 13 ст. апорны пункт эстаў у барацьбе з ням. і дацкімі захопнікамі. Разбурана, верагодна, у сярэдзіне 14 ст. пасля паўстання Юр’евай ночы 1343—45.
т. 4, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТУРЛІ́Н (Васіль Васілевіч) (?—1656),
рускі ваенны дзеяч, дыпламат. З 1640 акольнічы, з 1652 прыбліжаны баярын і дварэцкі цара Аляксея Міхайлавіча. Суддзя Разбойнага прыказа (1650—51) і Прыказа Вял. дварца (1652—54). У 1648 люта расправіўся з удзельнікамі паўстання ў Курску. У 1653 узначаліў рус. пасольства на Украіну. На Пераяслаўскай радзе 1654 прывёў да прысягі на вернасць Расіі яе ўдзельнікаў. У 1655 камандуючы войскамі, якія былі пасланы на дапамогу Хмяльніцкаму супраць польскіх войскаў.
т. 3, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНІЛО́ВІЧ (Антон Станіслававіч) (1801, Гродзенская губ. — 2-я пал. 1845),
дваранскі рэвалюцыянер. З бел. шляхецкага роду Вайніловічаў. З 1819 у Чарнігаўскім пях. палку, з 1823 падпаручнік. Удзельнік паўстання Чарнігаўскага палка (10—15.1.1826), забяспечваў яго правіянтам, узначальваў авангард палка ў час маршу. Камісіяй ваен. суда ў Магілёве прыгавораны да пакарання смерцю, якое заменена высылкай на вайсковую службу ў Сібір. Потым пераведзены на Каўказ, удзельнічаў у руска-персідскай вайне 1826—28. Загінуў у баі з горцамі.
т. 3, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЕ́КА ПАЎСТА́ННЕ,
антыарабскае і антыфеадальнае паўстанне ў Азербайджане і Зах. Іране каля 816—837 на чале з Бабекам. Гал. сіла паўстання — сяляне і рамеснікі — паслядоўнікі вучэння хурамітаў. Пасля выгнання араб. гарнізонаў у руках паўстанцаў апынуўся амаль увесь Азербайджан і зах. вобласці Ірана; паўстанне ахапіла і Усх. Арменію. У 833 паўстанцы пацярпелі цяжкае паражэнне каля г. Хамадан. У 837 узята іх апошняя апора — крэпасць Бадз. Бабека паўстанне аслабіла Халіфат і паскорыла яго распад.
т. 2, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРДЫНА́ЦЫЯ» 1638, «Ардынацыя войска Запарожскага рэестравага»,
пастанова сойма Рэчы Паспалітай пра абмежаванне правоў казацтва пасля сялянска-казацкага паўстання 1637—38 на Украіне. «Ардынацыя» абмяжоўвала прывілеі рэестравых казакоў, скасоўвала пасаду гетмана, адмяняла выбарнасць есаулаў і палкоўнікаў; замест гетмана соймам назначаўся камісар, які ажыццяўляў вайсковую і судовую ўладу. У рэестры (на дзярж. службе) было пакінута 6 палкоў па 1 тыс. чал., астатнія пераводзіліся ў паспалітых казакоў (сялян). «Ардынацыя» страціла значэнне пасля вызв. вайны на Украіне 1648—54.
т. 1, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР-КО́ХБА (сапр. Шымон бен Касіба; ? — 135),
кіраўнік паўстання 132—135 супраць рым. панавання ў Іудзеі. Абвясціўшы сябе месіяй і «князем Ізраіля», аднавіў яўр. культ і правіў (у т. л. чаканіў уласную манету) на адваяваных у рымлян землях (б.ч. Палесціны, каля 50 крэпасцяў) з цэнтрам у г. Бетар. Загінуў пры абароне Бетара ад легіёнаў рым. палкаводца Юлія Севера. Пры раскопках на ўзбярэжжы Мёртвага м. на пач. 1950-х г. знойдзена некалькі дакументаў Бар-Кохбы.
т. 2, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДЗІ ((Budi) П’етэр) (1566—1622),
дзеяч албанскага вызв. руху, епіскап (з 1621) Сапы і Сарданіі (Паўн. Албанія). Дамагаўся «албанізацыі» каталіцкай царквы замяшчэннем царк. пасад мясцовымі ўраджэнцамі. Імкнуўся да вызвалення Албаніі ад тур. прыгнёту і разлічваў на дапамогу папы рымскага і еўрап. дзяржаў, распрацаваў план агульнаалб. паўстання супраць Асманскай імперыі, які не быў падтрыманы Ватыканам. Перакладаў духоўную л-ру на алб. мову. Аўтар рэліг. твораў «Дактрына і катэхізіс» (1618), у якім змясціў 10 сваіх вершаў.
т. 3, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛБА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1912,
усеагульнае паўстанне хрысц. і мусульм. насельніцтва Албаніі супраць асманскага панавання. Пачалося ў сак. на Пн і ПнЗ (гал. яго ачаг знаходзіўся ў горным раёне каля г. Шкодэр), у ліп. Ахапіла Пд і цэнтр Албаніі. Аднак алб. феадалы, якія з мая ўзначалілі кіраўніцтва паўстаннем, адмовіліся ад ідэі поўнай незалежнасці Албаніі і заключылі пагадненне з тур. урадам, які абяцаў задаволіць некаторыя нац. патрабаванні албанцаў. У жн. кіраўнікі дамагліся спынення Албанскага паўстання 1912.
т. 1, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)