МЕМУА́РЫ (франц. mémoires ад лац. memoria памяць),
твор, змест якога — успаміны аўтара пра мінулае, пэўныя падзеі, удзельнікам або сведкам якіх ён быў. Да М. належаць літ. партрэты дзеячаў культуры і навукі, нататкі, напісаныя як успаміны; набліжаюцца дзённікі, аўтабіяграфіі і дакументальная літаратура.
Узоры М. — «Новае жыццё» Дантэ, «Споведзь» Ж.Ж.Русо, «Былое і думы» А.Герцэна, «Гісторыя майго сучасніка» У.Караленкі. На Беларусі М. паявіліся ў канцы 16—1-й пал. 17 ст. («Дзённік Ф.Еўлашоўскага», «Дыярыуш» А.Філіповіча). У новай бел. л-ры вядомы М.: «З папераў Альгерда Абуховіча», М.Хведаровіча «Памятныя сустрэчы». М.Лужаніна «Вачыма часу», Я.Скрыгана «Некалькі хвілін чужога жыцця», Л.Геніюш «Споведзь», С.Грахоўскага «Зона маўчання», П.Пруднікава «Далёкае, але незабытае». Культ. жыццю Беларусі прысвечаны мемуарныя творы П.Мядзёлкі «Сцежкамі жыцця», З.Азгура «Незабыўнае», Я.Рамановіча «Знаёмыя сілуэты», а таксама шматлікія зб-кі ўспамінаў пра Я.Купалу, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, М.Лынькова, І.Мележа, В.Таўлая, Ў.Галубка, Р.Шырму і інш. Падзеі Вял.Айч. вайны на Беларусі адлюстраваны ў зб-ках «Буг у агні», «Гераічная абарона», «У баях за Беларусь», «У лясах Беларусі», кнігах В.Казлова «Людзі асобага складу», У.Лабанка «У баях за Радзіму», Р.Мачульскага «Вечны агонь», П.Калініна «Партызанская рэспубліка», В.Дзенісевіча «Арлінае племя», а таксама мемуарных творах ваен. дзеячаў А.М.Васілеўскага, Г.К.Жукава, К.К.Ракасоўскага і інш.
Літ.:
Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст.Мн., 1983;
Мальдзіс А.І. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.Мн., 1982;
Савецкая Беларусь ва ўспамінах сучаснікаў Анатаваны паказ. мемуар. літ. 1917—1972 гг.Мн., 1973;
Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі // Склад Л.Юрэвіч. Нью-Ёрк, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т, Карлаў універсітэт,
адзін са старэйшых у Еўропе; першы славянскі ун-т. Засн. 7.4.1348 у Празе чэш. каралём Карлам IV. Меў ф-ты: тэалогіі, права, мед. і мастацтва. У перыяд гусіцкага руху (канец 14 — пач. 15 ст.) П.у. — цэнтр нац.-вызв. і рэліг. барацьбы, яго рэктарам двойчы быў абраны Я.Гус. У 1654 імператар Фердынанд III аб’яднаў езуіцкую акадэмію (засн. ў 1562) з П.у. ва Ун-т Карла—Фердынанда. З часоў Асветніцтва (сярэдзіна 18 — пач. 19 ст.) выкладанне вялося на ням. мове замест латыні. У перыяд нац. адраджэння (канец 18 — сярэдзіна 19 ст.) студэнты і прафесары ун-та выступалі супраць аўстр. панавання: у 1848—49 ун-т — цэнтр рэв. руху. У 1882 падзелены на 2 ун-ты — чэш. і нямецкі. У 1918 адноўлены як адзіны нац.ун-т. 17.11.1939 зачынены ў сувязі з ням. акупацыяй (17 ліст. адзначаецца як Міжнародны дзень студэнтаў; дата ў памяць студэнтаў і прафесараў Чэхаславакіі — герояў Супраціўлення). У 1945 ун-т адноўлены. У 1998/99 навуч.г. 35,6 тыс. студэнтаў, больш за 3 тыс. выкладчыкаў, у т. л. 283 прафесары; ф-ты: матэматыкі і фізікі; прыродазнаўчых навук; права; філасофіі; адукацыі; сацыяльных навук; каталіцкай тэалогіі; пратэстанцкай тэалогіі; гусіцкай тэалогіі; фіз. культуры і спорту; фармакалогіі; медыцыны ў гарадах Пльзень і Градзец-Кралаве, а таксама 1-ы, 2-і, 3-і мед. ф-ты; на правах ф-та працуе ін-т фундаментальных даследаванняў. Выкладанне вядзецца на чэш. мове, навучанне бясплатнае. Пры ун-це аспірантура, некалькі н.-д. цэнтраў (ін-таў), у т. л. па пытаннях навакольнага асяроддзя, эканам. даследаванняў. У б-ках П.у. больш за 4 млн. тамоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРУСЁЎ (Сцяпан Захаравіч) (10.5.1931, в. Новааляксандраўка Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 12.3.1988),
бел. паэт, крытык, перакладчык. Скончыў Магілёўскае педвучылішча (1951). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1947. Аўтар зб-каў паэзіі «Паходныя кастры» (1955), «На грэбнях хваль» (1959), «Шчодрасць» (1962), «Ураган» (1966), «Кляновыя лісты» (1971), «Клопат» (1976), «Водсветы» (1978), «Крона» (1981), «Пладаноснасць» (1986, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1987). Скразны матыў, які прагучаў у паэзіі Гаўрусёва ўзбуйнена і драматычна, як біяграфія цэлага пакалення, — памяць аб вайне («Я вырас пад гарматнымі стваламі»). Трывога за мір на свеце, адказнасць за ўсё жывое на зямлі ў паэме «Профіль веку» (1967), вершах. Сярод інш. тэм — услаўленне ратнага і прац. подзвігу народа, стваральная місія сучасніка, апяванне хараства роднай прыроды (паэма «Штодзённы лістапад», 1959). Паэт адухоўлівае, паэтызуе працу, сілу і прыгажосць чалавека. У яго многа любоўных вершаў, каханне ў якіх наіўнае, пакутнае, цнатлівае і далікатнае, але яно ўзвышае чалавека. Аўтар умее ўздымаць лірычную споведзь ад інтымных пачуццяў да сац. пафасу, ад канкрэтнага, рэальнага вобраза ўзвышацца да рамантычнага, метафарычнага. У душы рамант. героя паэзіі Гаўрусёва, «сонцапаклонніка», які жыве ў касмічнаўзбуйненых маштабах, — няспыннае змаганне дабра са злом. Але пры ўсёй манументальнасці ён жывы, зямны чалавек. Характэрныя рысы паэзіі Гаўрусёва — прадметнасць, канкрэтная, пачуццёвая вобразнасць, гіпербалізаванасць, экспрэсіўнасць пачуццяў, спалучэнне страснай публіцыстыкі з лірычнай задушэўнасцю, інтанац. разнастайнасць, гарманічная традыц. форма верша. На бел. мову пераклаў паэму «Ануш» А.Туманяна, «Маабіцкі сшытак» М.Джаліля (1975, з А.Пысіным), паасобныя творы Я.Райніса, С.Капуцікян, Э.Межэлайціса і інш. Выступаў як крытык і публіцыст.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—2. Мн., 1993—94;
Званы нябёс. Мн., 1988.
Літ.:
Бечык В. Водсветы // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968. С 102—106;
Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 116—117, 167—169;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАТЭІ́ЗМ [ад грэч. hen (henos) адно + тэізм],
форма рэліг. веравання, якая прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным вярхоўным богам, вакол якога засяроджаны рэліг. культ; пераходная форма ад монатэізму да політэізму. Тэрмін уведзены ў 1878 англ. гісторыкам рэлігіі і санскрытолагам М.Мюлерам. Ім ён абазначаў характэрную форму стараж.-інд. рэлігій, калі з мноства багоў (Індра, Агні, Сур’я і інш.) той, да якога звяртаецца вернік з малітвай, сумяшчае для яго атрыбуты ўсіх іншых і ўяўляецца ў гэты момант найвышэйшым божаствам. Часам прыхільнікі розных веравызнанняў у якасці гал. разглядалі не толькі нябесных багоў, але і зямных. Так, гімны Вед упамінаюць пра багіню зямлі Прытхіві, а служыцелі ведычнай рэлігіі звяртаюцца і да Бацькі-неба, і да Маці-зямлі. У стараж. Кітаі ў адным шэрагу такіх божастваў былі Цянь (неба) і Ту (зямля), у стараж. грэкаў — адпаведна Уран і Гея. У славян дахрысц. часоў генатэізм таксама быў звязаны з пакланеннем божаствам, якія ўладарылі на небе і на зямлі. Ва ўяўленнях беларусаў вярх. бажаством быў Пярун — магутны цар нябесны (адпавядаў Індры — цару багоў у індыйцаў; Зеўсу — бацьку ўсіх багоў і людзей; галава алімпійскай сям’і багоў у грэкаў). У паданнях беларусаў захавалася памяць пра гал., добрага Белабога, бацьку Перуна. Нярэдка вернікі вылучалі як асн. апекуноў Вялеса, Жыжаля, Ярылу і інш. багоў з уласна бел. пантэона, часам звярталіся з малітвамі да Дажбога — сына Перуна, унукамі якога лічыліся ўсе, хто загінуў на ратным полі. Пакланенню божаствам асаблівае значэнне надавалі ў час спусташальных войнаў, пры аб’яднанні стараж. плямён у племянныя саюзы, калі на чале політэістычнага пантэона аказваўся бог племені-гегемона.
Літ.:
Мюллер М. Религия как предмет сравнительного изучения: [Пер. с англ.]. Харьков, 1887;
Міфы Бацькаўшчыны. Мн., 1994;
Живописная Россия: Отечество наше в зем., ист., плем., экон. и быт. значение: Литов. и Белорус. Полесье. Репринт. 2 изд. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУЁНАК (Васіль Васілевіч) (н. 3.6.1935, в. Мачулішча Крупскага р-на Мінскай вобл.),
бел.паэт.Канд.філал.н. (1973). Скончыў БДУ (1959). У 1966—72 нам., у 1978—82 гал. рэдактар час. «Маладосць», у 1972—78 гал. рэдактар час. «Бярозка», у 1982—89 сакратар, у 1990—98 старшыня СП Беларусі. Друкуецца з 1952. Выдаў зб-кі: «Крэсіва» (1966), «Крутаяр» (1969), «Сяліба» (1973; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974), «Нача» (1975), «Маўчанне травы» (1980; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1982), «Час вяртання» (1981), «Світальныя птушкі» (1982), «Лукам’е» (1984), «Жніўны дзень» (1985), «Вызначэнне» (1987), «Лета трывожных дажджоў» (1990), «Чорная лесвіца» (1992), «Пісьмы з гэтага свету» (1995) і інш. Прадстаўнік пакалення, на фарміраванне якога асабліва паўплывалі Вял. Айч. вайна, перыяд развянчання культу асобы. У яго лірыцы адбіліся перажыванні сучасніка нашага складанага веку, суровая памяць вайны, узаемасувязь асобы, прыроды і грамадства, працоўная мараль і этыка сённяшняга чалавека, інтымная сфера яго жыцця. Значны ўклад З. ў развіццё бел.паэт. эпасу, які прадстаўлены цыклам паэм пра жыццё свайго краю і гіст. лёс народа: «Сяліба» (1971), «Маўчанне травы», «Прыцягненне» (абедзве 1979), «Лукам’е» (1983) і «Падарожжа вакол двара» (1992). Аўтар аб’яднаў іх у «кнігу паэм» «Пяцірэчча». У яго творах відавочная схільнасць да маштабнага, асацыятыўна-ўзбуйненага вобраза, яркіх фарбаў і колераў. Аўтар кн. гумару «Качан на п’едэстале» (1973), нарысаў, літ.-крытычных артыкулаў. Піша для дзяцей (зб-кі вершаў «Вясёлы калаўрот», 1965, «Жылі-былі пад вадой», 1969, «Сонечны клубочак», 1972, «Будзем сілы набірацца», 1974, і інш.).
Тв.:
Выбраныя творы. Т. 1—2. Мн., 1996—98.
Літ.:
Гніламёдаў У. Праўда зерня: Творчы партрэт В.Зуёнка. Мн., 1992;
Караткевіч У. Крэсіва. Іскры. Агонь // Зб.тв.Мн., 1991. Т. 8, кн. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ «КАЦЁЛ»,
акружэнне 3-й, 10-й і часткі 13-й армій Зах. фронту ў раёне Навагрудка і Налібоцкай пушчы Баранавіцкай вобл., Мінскім умацаваным раёне 28.6—4.7.1941 у Вял.Айч. вайну. Утварыўся ў выніку злучэння пад Мінскам ням. 3-й (наступала з Вільнюса праз Маладзечна) і 2-й (наступала ад Брэста і Баранавіч) танк. груп у час Мінска абароны 1941. У акружэнне трапіла 11—15 дывізій, якія мелі значныя страты ў баях пад Гроднам, Ваўкавыскам і Лідай, прарваліся каля Зэльвы, Дзярэчына, Слоніма з беластоцкага «катла». Упартае супраціўленне сав. войск пад Беластокам, Навагрудкам і Мінскам скавала 25 дывізій ням. групы армій «Цэнтр». Каля 12 дывізій Зах. фронту былі разгромлены ў Н.«к.». З цяжкімі баямі з акружэння прарваліся 24-я (ген.-м. К.М.Галіцкі), рэшткі 17-й, 55, 64, 108, 155-й стралк., 36-й кав., 204-й матарызаванай і інш. дывізій, зводныя атрады 11-га (ген.-м. Д.К.Маставенка) і 13-га (ген.-м ГІ.А.Ахлюсцін) механіз. карпусоў. Частка акружэнцаў рассеялася па лясных вёсках, перайшла да партыз. форм барацьбы. «Лясная дывізія» на чале з ген.-лейт. І.В.Болдзіным і палк. І.С.Стральбіцкім з баямі выйшла праз варожыя тылы да Смаленска. 4—5 ліп. 52 тыс. чырвонаармейцаў (паводле ням. звестак) вымушаны былі здацца ў палон. За час ліквідацыі Н.«к.» каля 15 ням. дывізій панеслі адчувальныя страты, што запаволіла рух. ням. злучэнняў да Масквы, дазволіла сав. камандаванню аднавіць у ліп. 1941 Зах. фронт па Дняпры і Зах. Дзвіне, правесці Магілёва абарону 1941, Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941, Лепельскі контрудар 1941, рэйд трох кав. дывізій на чале з ген.-палк. А.І.Гарадавіковым па тылах 2-й ням. арміі, падцягнуць рэзервовыя арміі да Смаленска і Бранска.
Літ.:
Еременко А.И. В начале войны. М., 1964;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Навагрудскага р-на. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,
морфафункцыянальная сукупнасць асобных нейронаў і інш. структур нервовай тканкі жывёл і чалавека, якая аб’ядноўвае дзейнасць усіх органаў і сістэм арганізма ў яго пастаянным узаемадзеянні з навакольным асяроддзем. Успрымае знешнія і ўнутр. раздражняльнікі, аналізуе і перапрацоўвае атрыманую інфармацыю, захоўвае сляды былой актыўнасці (памяць) і адпаведна рэгулюе і каардынуе функцыі арганізма. Аснова дзейнасці — рэфлекс, звязаны з распаўсюджваннем узбуджэння і тармажэння па рэфлекторных дугах. У ходзе эвалюцыі жывёл паступовае ўскладненне Н.с. адбывалася з адначасовым ускладненнем іх паводзін.
У прасцейшых жывёл Н.с. адсутнічае. Сеткападобная, або дыфузная, Н.с. паявілася ў кішачнаполасцевых. Яна хутка праводзіць узбуджэнне з месца раздражнення па ўсіх напрамках, але не дыферэнцыруе рэакцыі. Далейшае ўскладненне Н.с. ішло паралельна з развіццём органаў руху і выяўлялася ў адасабленні нейронаў і паглыбленні іх у цела. Напр., у кішачнаполасцевых, якія жывуць свабодна (медузы), нейроны аб’яднаны ў гангліі і ўтвараюць дыфузна-вузлавую Н.с. Паявіліся спецыялізаваныя рэцэптары, двухполюсныя нейроны (маюць аксоны і дэндрыты), тыпічныя сінапсы, нейраглія. Цэнтралізацыя Н.с. прывяла да вузлавога тыпу арганізацыі (ігласкурыя, малюскі, сучасныя кольчатыя чэрві, членістаногія). У актыўных форм пярэдні канец цела пры перамяшчэнні першым сустракаецца з рознымі раздражняльнікамі, таму на ім развіліся дыстантныя рэцэптары, якія ўспрымаюць святло, гук, пах (паяўленне пачуццяў органаў). Адпаведныя гангліі ў галаўной ч. тулава развіліся больш, падпарадкавалі сабе астатнія і ўтварылі галаўны мозг. Дыферэнцыяцыя крывяноснай, палавой, стрававальнай і інш. сістэм суправаджалася ўскладненнем узаемадзеяння паміж імі і Н.с.
Найб. развіцця Н.с. дасягнула ў млекакормячых, асабліва ў чалавека, пераважна за кошт ускладнення будовы паўшар’яў і кары гал. мозга. Развіццё і дыферэнцыяцыя структур Н.с. ў высокаарганізаваных жывёл абумовілі яе падзел на цэнтральную нервовую сістэму і перыферычную нерв. сістэму.
Літ.:
Никитенко М.Ф. Эволюция и мозг. Мн., 1969;
Сепп Е.К. История развития нервной системы позвоночных. 2 изд. М., 1959;
Куффлер С.В., Николс Дж. От нейрона к мозгу: Пер. с англ.М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКЕ́ВІЧ (Іван Фёдаравіч) (19.5Л782, г. Палтава, Украіна — 1.2Л856),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Граф Эрыванскі (1828), святлейшы кн. Варшаўскі (1831), ген.-фельдмаршал (1829). Яго маці Г.В.Карабаноўская паходзіла са стараж. шляхецкага роду Магілёўшчыны. Скончыў Пажскі корпус (1800). У рас.-тур. вайну 1806—12 камандаваў у 1810—11 Віцебскім пяхотным палком. Са студз. 1812 нач. 26-й пяхотнай дывізіі. У вайну 1812 вызначыўся ў баях пад Салтанаўкай (каля Магілёва, 23 ліп.), Смаленскам (16—18 жн.), Барадзіном (7 вер.), Малаяраслаўцам (24 кастр.) і інш. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14. У 1821—25 нач. 1-й гвардз. дывізіі, з 1825 камандзір 1-га пяхотнага корпуса. У гэты перыяд зблізіўся з будучым імператарам Мікалаем I, які служыў пад яго камандаваннем. З 1826 камандуючы рас. войскамі ў Закаўказзі, з 1827 намеснік на Каўказе. У час.рас.-іранскай 1826—28 і рас.-тур. 1828—29 войнаў кіраваў войскамі пры ўзяцці крэпасцей Эрывань (Ерэван), Карс, Эрзурум. З чэрв. 1831 камандаваў рас. войскамі пры задушэнні паўстання 1830—31, 7.9.1831 штурмам авалодаў Варшавай. У 1832—56 намеснік цара ў Каралеўстве Польскім, дзе жорстка праводзіў вялікадзярж. палітыку. Камандаваў рас. войскамі пры задушэнні рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі. У Крымскую вайну 1853—56 камандаваў рас. войскамі на зах. межах і (1853—54) на Дунаі. У маі 1854 пацярпеў няўдачу каля Сілістры (Балгарыя) і выехаў у Гомель, якім валодаў з сярэдзіны 1830-х г., потым у Варшаву. Пры П. атрымаў далейшае развіццё Гомельскі палацава-паркавы ансамбль.
Літ.:
Борисенок Ю. Хозяин мятежного края: Штрихи к образу фельдмаршала Паскевича // Родина, 1994. № 12;
Памяць: Гіст. дак. хроніка Гомеля. Мн., 1998. Кн. 1. С. 152—162;
Виноградов В.Н. Венгерский поход И.Ф.Паскевича 1849 г.: легенда и действительность // Новая и новейшая история. 2000. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНЫ ДЫСК,
носьбіт інфармацыі ў выглядзе дыска, прызначаны для высакаякаснага запісу і ўзнаўлення гуку, відарыса, тэксту і інш. з дапамогай лазернага выпрамянення. Аснова аптычнага дыска — празрысты матэрыял (шкло, пластмаса і інш.), на які наносіцца рабочы слой, дзе пры лічбавым аптычным запісе ўтвараюцца мікраскапічныя паглыбленні (піты), што ў сукупнасці складаюць кальцавыя або спіральныя дарожкі. У параўнанні з традыц. спосабамі запісу і ўзнаўлення інфармацыі (мех., магн.) аптычныя дыскі маюць больш высокую шчыльнасць запісу (да 108 9> біт/см²), большую даўгавечнасць носьбіта з-за адсутнасці мех. кантакту паміж ім і счытвальным прыстасаваннем, меншы час доступу да інфармацыі (да 0,1 с).
Рабочы слой аптычнага дыска для аднаразовага запісу і шматразовага ўзнаўлення — лёгкаплаўкая плёнка таўшч. да 0,03 мкм. Пад уздзеяннем лазернага выпрамянення ў працэсе запісу адбываецца лакальнае расплаўленне або выпарэнне рабочага слоя. З такіх дыскаў з больш тоўстай плёнкай (да 0,15 мкм) робяць метал. матрыцу для стварэння дыскаў-копій (уласна аптычны дыск) метадам прасавання або ліцця пад ціскам. Напр., на дыск дыяметрам 356 мм можна запісаць ТВ-праграму працягласцю да 2 гадз. або стварыць пастаянную вонкавую памяць для ЭВМ аб’ёмам да 4 Гбайт, лічбавыя аптычныя грампласцінкі дыяметрам 120 мм (кампакт-дыскі) маюць працягласць гучання да 1 гадз. Кампакт-дыскі для пастаяннай вонкавай памяці ЭВМ змяшчаюць да 500 Мбайт інфармацыі. У рэверсіўных аптычных дысках, дзе шматразова (да 107 цыклаў) ажыццяўляецца запіс — узнаўленне — сціранне інфармацыі, рабочы слой з паўправадніковых або магнітааптычных матэрыялаў. Маюць дыяметр да 305 мм, аб’ём памяці да 2 Гбайт. Могуць замяняць стацыянарныя накапляльнікі ЭВМ вінчэстэрскага тыпу.
Асноўныя стадыі вырабу аптычнага дыска (арыгінала) і копіі з пастаяннай (несціральнай) сігналаграмай: а — зыходная дыскавая падложка; б — пасля нанясення на падложку слоя фотарэзісту 1; в — экспанаванне вярчальнага дыска факусіраваным лазерным выпрамяненнем 2; г — пасля праяўлення экспанаванага фотарэзісту; д — пасля металізацыі слоем серабра 3; е — пасля вырабу першага арыгінала металічнага дыска (звычайна нікелевага); ж — зыходная падложка дыска-копіі са штампам 4, вырабленым з металічнага дыска-арыгінала; з — пасля штампоўкі і наступнага пакрыцця падложкі дыска-копіі слоем металу 5 (звычайна алюмінію); і — пасля нанясення ахоўнага слоя 6 на металічны слой (гатовы дыск-копія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕШАНКО́ВІЦКІ РАЁН,
у цэнтры Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,4 тыс.км². Нас. 24,7 тыс.чал. (1996), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал/км². Цэнтр раёна — г.п.Бешанковічы; г.п.Ула, 235 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 10 сельсаветаў: Астровенскі, Бачэйкаўскі, Верхнякрывінскі, Вярхоўскі, Драздоўскі, Пліскі, Рубежскі, Свячанскі, Сокараўскі, Соржыцкі.
Паўночная ч. раёна ў межах Полацкай нізіны, паўднёвая — у межах Чашніцкай раўніны. Больш за 90% паверхні ляжыць на выш. да 150 м, найвыш. пункт 179,8 м (каля в. Пліса). Карысныя выкапні: торф, цагельная гліна, буд. матэрыялы. Сярэдняя т-растудз. -7,5, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 630 мм за год. Вегетац. перыяд 185 дзён. Рэкі — Зах. Дзвіна і яе прытокі Ула са Свячанкай, Крывінка з Бярозкай. У межах раёна 55 азёраў. Самыя вял. з іх Саро, Бораўна, Белае возера, Астровенскае возера, Слабадское возера. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 20% тэр., пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя лясы.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 61,6 тыс.га, з іх асушана 24,5 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 15 калгасаў і 5 саўгасаў. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля і льнаводства, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы лёгкай (ільнозавод, ф-кі маст. і рымарскіх вырабаў) і харч. (малочны з-д, хлебакамбінат, кансервава-гароднінасушыльны завод) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Лепель—Віцебск, Шуміліна—Сянно. У раёне 14 сярэдніх, 3 базавыя, 3 пач. школы, дапаможная школа-інтэрнат, школа мастацтваў, муз. і спарт. школы, ПТВ, 9 дзіцячых устаноў. 23 клубныя ўстановы, 34 б-кі, 4 бальніцы, 11 фельч.-ак. пунктаў. Зоны адпачынку па р. Ула і часткова на ПнУ — Астроўна—Лётцы. Гіст.-краязнаўчы музей. Помнікі прыроды і архітэктуры: парк у в. Бачэйкава, парк «Саломінка» і Мікалаеўская царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Дабрыгоры, царква Казанскай Маці Божай пач. 20 ст. ў в. Дарагакупава, сядзіба «Нізгалава» 2-й пал. 19 ст. ў в. Двор Нізгалава, Мікалаеўская царква канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Слабодка. Выдаецца газ. «Зара».