традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў Зах. Палессі. Быў пашыраны ў ваколіцах г.п. Дамачава, паўд.-зах. частцы Брэсцкага і Маларыцкага р-наў (уздоўж р. Буг), на тэр. Польшчы (ваколіцы г. Уладава) і ў паўн.-зах. раёнах Валынскай вобл. Украіны.
Жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы-рабака, фартуха, гарсэта, галаўнога ўбору. Кашуля мела шырокі адкладны каўнер, вышыты па краях. Аздаблялася малінавым з украпаннямі чорнага арнаментам гладкіх і пункцірных палос на плечавой устаўцы, верхняй і ніжняй частцы рукава. Ніжні ўзорысты шляк рукава дамінаваў над верхнімі палосамі арнаментам зорак, крыжыкаў, зігзагаў і інш. Спадніца і фартух (1-полкавы) шыліся з аднолькавай па якасці і каларыстычна-арнаментальным вырашэнні даматканай паўшарсцяной ці льняной тканіны, прасаваліся ў буйныя складкі. Усё поле спадніцы запаўнялі чырвоныя, зялёныя, белыя, блакітныя, чорныя падоўжныя ці папярочныя палосы. Неад’емнай часткай касцюма дзяцей, дзяўчат і падлеткаў быў гарсэт (гарсэт-безрукаўка і гарсэт з рукавамі — кабат). Жаночыя гарсэты шылі з блакітнай тонкай шэрсці фабрычнага вырабу, спераду багата аздаблялі рознакаляровымі тасёмкамі, стужкамі, гузікамі, дэкар. строчкай. Прасцей былі гарсэты з валенага (лямцаванага) даматканага сукна цёмна-карычневага колеру. Галаўным уборам замужніх жанчын быў чырвоны каптур (з бакавымі вушкамі і зубцом над ілбом), бачны край якога аздабляўся карункамі, залацістай тасьмой. Паверх каптура накладалі згорнутую ў валік накрухмаленую пярэстую крамную хустку. Мужчыны насілі белую кашулю з стаяча-адкладным каўняром, падперазаную вузкім тканым поясам, карычнева-шэрыя нагавіцы і гарсэт з рукавамі ці без рукавоў (аздабляўся вітым і плеценым коскай рознакаляровым шнурам і тасьмой). На галаву надзявалі саламяныя капелюшы з чорнай стужкай.
М.Ф.Раманюк.
Дамачаўскі строй. Святочныя ўборы дзяўчат і маладых жанчын. 1910-я г. Вёска Чэрск Брэсцкага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап.ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. Пл. 21,8 тыс.км². Нас. 1253 тыс.чал., гарадскога 82% (1997). Цэнтр — г.Іванава.
Прырода. На Пн І.в. размешчана спадзіста-хвалістая, месцамі забалочаная раўніна, парэзаная далінамі рэк і яроў (Унжанская ніз.). З ПнЗ на ПдУ працягваецца марэнная града (выш. да 196 м), якая на Пд пераходзіць у пясчаную раўніну (Балахнінская нізіна, Лухскае Палессе). На З заходзіць край Юр’еўскага Аполля. Карысныя выкапні: торф, буд матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -12 °C, ліп. 19 °C Гадавая колькасць ападкаў 500—600 мм. Гал. рэкі: Волга (з прытокамі Унжа, Немда, Мера) і Клязьма (з прытокамі Нерль, Увадзь, Цеза, Лух). Больш за 200 азёр; 2,9% тэр. займаюць балоты. У межах вобласці частка Горкаўскага вадасх. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, у паніжэннях падзоліста-глеевыя і балотныя, у далінах лугавыя забалочаныя, на ПдЗ урадлівыя дзярновыя чарназёмныя. Пад лесам каля 40% тэр. (хвойныя і мяшаныя).
Гаспадарка. І.в. — буйнейшы ў Расіі рэгіён тэкст. прам-сці (баваўняная, ільняная, шаўковая, шарсцяная). Развіты маш.-буд. (абсталяванне для тэкст. прам-сці, станкі, буд.-дарожная тэхніка, торфаздабыўныя машыны), нафтахім. і хім. (кіслоты, фарбавальнікі), харчовая, лясная, дрэваапр. прам-сці. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Маст. промыслы (палехская і холуйская мініяцюры). Камсамольская і Іванаўская ЦЭЦ. С.-г. ўгоддзі займаюць 840 тыс га, пад ворывам 595 тыс.га. Пасевы жыта, пшаніцы, аўса, грэчкі. Вырошчваюць бульбу, агародніну, кармавыя і тэхн. культуры, на Пн і У лён-даўгунец. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Свінагадоўля, птушкагадоўля, племянная конегадоўля, рыбагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Аляксандраў—Іванава—Кінеіпма, Яраслаўль—Іванава—Ноўкі, аўтадарога Кастрама—Іванава—Юр’евец. Газаправод Саратаў—Ніжні Ноўгарад—Чарапавец. Суднаходства па рэках Волга, Цеза, Клязьма. Курорты: Зялёны Гарадок, Аболсунава, Плёс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВІЛЬЁН (франц. pavillon ад лац. papilio шацёр),
1) невялікая лёгкая пабудова, якая стаіць звычайна асобна ў парку; адзін з відаў архітэктуры малых формаў. Вядома са старажытнасці. Шматлікія храмавыя і палацавыя будынкі Усходу мелі характар П. У Зах. Еўропе (у 17—18 ст.) і Расіі (у 18 — пач. 19 ст.) П. стаў неад’емнай ч. палацава-паркавага ансамбля (П. на Ялагіным в-ве ў Пецярбургу, «Катальная горка» ў г. Ламаносаў Ленінградскай вобл. і інш.). На Беларусі П. пашыраны ў пейзажных парках 18—19 ст. (Залескі палацава-паркавы ансамбль, Столінская сядзіба «Манькавічы»), У сучасным садова-паркавым мастацтве П. гарманічна ўпісваецца ў ландшафт паркаў культуры і адпачынку (П. летняй кавярні ў Цэнтр. дзіцячым парку імя М.Горкага ў Мінску).
2) Частка вял. будынка (звычайна палацавага тыпу), часцей квадратная або шматвугольная ў плане, з самаст. дахам. Пашыраны ў архітэктуры стыляў класіцызму і ампір (П. Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Сноўскага палацава-паркавага ансамбля).
3) Пастаянная ці часовая крытая пабудова аблегчанага тыпу для выставачнай экспазіцыі, гандлю і інш. Выставачныя П. вядомы з 19 ст., калі пачалі арганізоўваць буйныя міжнар. выстаўкі («Хрусталёвы палац» на Сусв. выстаўцы 1851 у Лондане; П выстаўкі 1896 у г.Ніжні Ноўгарад, Расія). У буд-ве сучасных выставачных П. выкарыстоўваюцца новыя буд. матэрыялы і канструкцыі, якія даюць магчымасць перакрываць вял. прастору залаў (П. Рэспубліканскага выставачнага цэнтра, Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа» ў Мінску).
4) Тэатральная дэкарацыя на рамках, якая паказвае інтэр’ер дома, палаца, хаты, замка і інш. 5) Памяшканне кінастудыі для здымкі або гуказапісу (П. кіназдымачны).
В.Б.Ангелаў, Г.С.Ларкін.
Павільён «Катальная горка» ў г. Ламаносаў Ленінградскай вобл.Арх. А.Рынальдзі. 1762—74.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРААКУМУЛЮ́ЮЧАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ (ГАЭС),
гідраэлектрычная станцыя, прызначаная для зняцця пікаў нагрузкі энергасістэмы. Складаецца з двух басейнаў (вадасховішчаў), размешчаных адзін над адным і злучаных трубаправодам. Прынцып дзеяння заключаецца ў ператварэнні эл. энергіі, атрыманай ад інш. электрастанцый, у патэнцыяльную (акумуляваную ў верхнім басейне) энергію вады з наступным ператварэннем яе зноў у эл. энергію. Дае магчымасць рэгуляваць на працягу сутак, тыдня, сезона дзеянне цеплавых, атамных і інш. станцый, выраўноўвае графік і павышае надзейнасць іх работы.
ГАЭС звычайна абсталёўваюць абарачальнымі гідраагрэгатамі. У часы малых нагрузак (напр., ноччу) пры сілкаванні ад энергасістэмы гідрагенератары працуюць як электрарухавікі і прыводзяць у дзеянне гідраўлічныя турбіны, якія са зменай напрамку вярчэння дзейнічаюць як помпы і перапампоўваюць ваду з ніжняга басейна ў верхні. Колькасць акумуляванай энергіі вызначаецца ёмістасцю верхняга басейна (можа быць штучным або прыродным, напр., возера) і рабочым напорам. У перыяды пікаў (максімумаў) нагрузкі назапашаная вада з верхняга басейна па трубаправодах паступае ў гідраагрэгаты, якія працуюць пры гэтым у генератарным рэжыме і выпрацоўваюць электраэнергію, аддаючы яе ў энергасістэму, а вада назапашваецца ў ніжнім басейне. Будаваць ГАЭС найб. мэтазгодна паблізу ад цэнтраў спажывання электраэнергіі і з як мага большым напорам. Першай у б.СССР дала ток Кіеўская ГАЭС магутнасцю 225 МВт і напорам 73 м (1970). Сярод буйнейшых ГАЭС: Загорская (Маскоўская вобл., Расія) — 1200 МВт, напор 100 м; Віяндэн (Люксембург) — 900 МВт, 280 м; Круахан (Вялікабрытанія) — 400 МВт, 440 м; Том-Сок (ЗША) — 350 МВт, 253 м; Хоэнвартэ-II (ФРГ) — 320 МВт, 305 м.
Літ.:
Гл. пры арт.Гідраэлектрычная станцыя.
У.М.Сацута.
Гідраакумулюючая электрастанцыя: а — разрэз; б — план; 1 — верхні вадаём; 2 — напорны вадавод (трубаправод); 3 — будынак электрастанцыі; 4 — ніжні вадаём; 5 — плаціна з вадаскідам.Рэжымы работы гідраакумулюючай электрастанцыі: 1 — помпавы (перапампоўванне вады з ніжняга басейна ў верхні пры сілкаванні ад энергасістэмы); 2 — генератарны (рэжым звычайнай ГЭС з аддачай электраэнергіі ў энергасістэму).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРВА́Л (ад лац. intervallum прамежак, адлегласць) у музыцы, суадносіны двух гукаў музычных па вышыні. Ступеневая (колькасная) велічыня І. вымяраецца колькасцю ступеней 7-ступеннага гукарада паміж ніжнім і верхнім гукамі. У абазначэннях І. ўказваецца колькасная велічыня (лац. парадкавыя лічэбнікі або лічбы) і якасная (вызначэнні: чысты, малы, вялікі, паменшаны, павялічаны, двойчы паменшаны, двойчы павялічаны). І. ў межах актавыназ. простымі, шырэйшыя за актаву — састаўнымі.
Простыя І.: чыстая прыма (ч. 1) — 0 тонаў; малая секунда (м. 2) — 1/2 тону; вялікая секунда (в. 2) — 1 тон; малая тэрцыя (м. 3) — 1 1/2 тону; вялікая тэрцыя (в. 3) — 2 тоны; чыстая кварта (ч. 4) — 2 1/2 тону; павялічаная кварта (пав. 4) — 3 тоны; паменшаная квінта (пам. 5) — 3 тоны; чыстая квінта (ч. 5) — 3 1/2 тону; малая секста (м. 6) — 4 тоны; вялікая секста (в. 6) — 4 1/2 тону; малая септыма (м. 7) — 5 тонаў; вялікая септыма (в. 7) — 5 1/2 тону; чыстая актава (ч. 8) — 6 тонаў.
Састаўныя І.: нона (м. і в.), дэцыма (м. і в.), ундэцыма (ч. і пав.), дуадэцыма (пам. і ч.), тэрцдэцыма (м. і в.), квартдэцыма (м. і в.), квінтдэцыма (ч.).
Велічыня тонаў і паўтонаў вызначаецца муз.строем. Паслядоўна ўзятыя гукі ўтвараюць меладычныя І. (узыходныя ці зыходныя), адначасова ўзятыя — гарманічныя, якія ўваходзяць у склад акордаў, і падзяляюцца па якасці гучання на кансанансы і дысанансы. Ніжні гук наз. асновай І., верхні — вяршыняй. Перастаноўка гукаў І. на актаву, калі аснова становіцца вяршыняй і наадварот, наз. абарачэннем І., у выніку ўзнікае новы І. У сувязі з ладам І. падзяляюцца на дыятанічныя (гл.Дыятоніка) і храматычныя (гл.Храматызм). І., меншыя за паўтон, былі пашыраны ў стараж.-грэч. музыцы, вядомы ў многіх нееўрап. традыц.муз. культурах, а таксама ў некат. муз. кірунках 20 ст. (гл.Санорыка, Чвэрцьтонавая сістэма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНОС (грэч. Knōsos, Knōssos),
старажытны горад на в-ве Крыт, адзін з найважнейшых цэнтраў эгейскай культуры. Паселішча на месцы К. існавала з часоў неаліту; яно павялічылася ў раннемінойскі перыяд (каля 3000—2000 да н.э.), каля 2200 ці 2000 да н.э. К. стаў сталіцай магутнага царства. Найвышэйшы ўздым яго прыпадае на познамінойскі перыяд (каля 1600 — каля 1470 да н.э.), калі яго цары сталі вярх. правіцелямі магутнай раннерабаўладальніцкай дзяржавы са значнай цэнтралізацыяй кіраўніцтва і гасп. жыцця. Пры археал. даследаваннях выяўлены жылыя пабудовы, палацы, прылады вытв-сці, зброя, побытавыя рэчы, т. зв. архіў Кноскага палаца (таблічкі са складовым пісьмом Б).
Палац уладароў К. («Стары палац», пасля 2000 да н.э., зруйнаваны каля 1700 да н.э.; «Новы палац», 17—15 ст. да н.э.) — шматпавярховае збудаванне з параднымі, жылымі і гасп. памяшканнямі. Цэнтр.ч. палаца займаў прамавугольны ў плане брукаваны двор, на З ад яго — парадныя залы і гасп. памяшканні, на У — жылыя пакоі (шмат’ярусныя, размяшчаліся паводле складанага асіметрычнага сотападобнага плана, з сістэмай каналізацый, калонамі т. зв. крыцкага ордэра). Сцены складзены з каменных пліт, умацаваных на драўляным каркасе, атынкаваныя. Захаваліся фрагменты размалёўкі (быт. і рытуальныя сцэны, выявы жывёл і раслін, 16—15 ст. да н.э.), размаляваныя керамічныя пасудзіны, статуэткі, пячаткі. Палац апісаны ў грэч. міфах як таямнічы лабірынт, жыллё цара Мінаса і пачвары Мінатаўра. У К. пры археал. раскопках выяўлены таксама Малы палац, Царская віла, т. зв. караван-сарай, рэшткі каменных жылых дамоў 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. На ўскраіне горада — манум. грабніцы (у т. л.т. зв. Храмавая грабніца, каля 1700—1450 да н.э.) і могілкі.
І.М.Каранеўская (архітэктура).
Да арт.Кнос. Кноскі палац: 1 — паўднёвы флігель; 2 — гіганцкія піфасы (тэракота) з заходняй кладоўкі; 3 — багіня са змеямі (фаянс) са скарбніцы. 16 ст. да н.э.Да арт.Кнос. «Парыжанка». Фрагмент размалёўкі палаца. 16—15 ст. да н.э.Да арт.Кнос. Ніжні ярус светлавога калодзежа палаца. Часткова рэканструяваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАЛІ́Т (ад палеа... + грэч. lithos камень),
старажытнакаменны век, самая ранняя і найб. працяглая эпоха каменнага веку. Пачаўся каля 2,2 млн.г. назад са з’яўлення стараж. людзей (архантрапаў) і прылад, доўжыўся на працягу большай часткі ледавіковага перыяду (плейстацэну) і да канчатковага адступання ледавікоў (каля 8,3 тыс.г. назад). Падзяляецца на ніжні (ранні, стараж., датуецца 2,2 млн.г. назад), сярэдні (мусцье, у Еўропе ахоплівае адрэзак ад 125/100 да 40 тыс.г. назад), верхні (позні, датуецца 40/35—10 тыс.г. назад). Апошнім часам прызнана існаванне асобай, завяршальнай стадыі позняга перыяду — фінальнага П. (14—11 тыс.г. назад ці 12—8,3 тыс.г. назад). У раннім П. пераважалі ядрышчавыя галечныя прылады на адшчэпах. У познім П. пашыраюцца неаантрапы, пласцініста-разцовая індустрыя і пячорнае мастацтва ў Еўропе. Неаантрапы (краманьёнцы) намнога пашырылі айкумену пражывання, значна ўдасканалілі тэхніку апрацоўкі каменю і косці, распаўсюдзілася прызматычная тэхніка расколвання каменю, яго свідраванне, пілаванне і шліхтаванне. Набор прылад працы складаў каля 100 тыпаў. Чалавек асвойваў практыку домабудаўніцтва — вядома вял. колькасць самых разнастайных відаў жылля. Асновай гаспадаркі было паляванне. Дзякуючы яму чалавек здабываў не толькі ежу, але і матэрыялы для адзення, будаўніцтва і паліва. Развіваліся спосабы палявання з дапамогаю загонаў, аблаў, лоўчых ям. У паляўнічае ўзбраенне ўваходзілі дзіды, дроцікі, боласы, лук і стрэлы. Запасы ежы істотна дапаўняліся ад збіральніцтва, а ў некат. выпадках — рыбалоўства. Складаны светапогляд тагачаснага чалавека адлюстраваны ў творах першабытнага мастацтва і пахавальным абрадзе. На Беларусі доўгачасовыя верхнепалеалітычныя паселішчы (26—24 тыс.г. назад) выяўлены ў Юравічах і Бердыжы. Асобныя крамянёвыя прылады працы мусцьерскага тыпу знойдзены каля Абідавіч і в. Чамярня Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.
Літ.:
История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. М., 1988;
Семенов Ю.И. На заре человеческой истории. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НЗЕНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУеўрап.ч.Рас. Федэрацыі. Утворана 4.2.1939. Пл. 43,2 тыс.км². Нас. 1556 тыс.чал. (1997), гарадскога 64%. Цэнтр — г.Пенза. Найб. гарады: Кузнецк, Каменка, Сярдобск, Ніжні Ломаў, Нікольск.
Большую ч.тэр. вобласці займае Прыволжскае ўзв. (выш. да 331 м), парэзанае далінамі рэк, ярамі і лагчынамі, крайнюю зах.ч. — Окска-Данская раўніна (выш. 150—180 м). Карысныя выкапні: фасфарыты, торф, буд. матэрыялы (гліны, мергель і інш.). Крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -12 °C, ліп. 19 °C, гадавая колькасць ападкаў ад 680 на ПнУ да 550 мм на Пд. Густая сетка дробных рэк бас. Волгі і Дона, гал. рэкі — Сура, Мокша, Хапёр, Варона. Сурскае вадасховішча. Глебы пераважна чарназёмныя (больш за 65%), на ПнУ светла-шэрыя і шэрыя лясныя, па далінах рэк лугава-чарназёмныя і алювіяльныя. Большая ч. вобласці размешчана ў лесастэпавай зоне. Лясы (дуб, бяроза, хвоя, ліпа, клён) і хмызнякі займаюць каля 23% тэр., пашыраны на У, ПнЗ і па далінах рэк. Запаведнік — Прыволжскі лесастэп.
Асн. галіны прам-сці: маш.-буд. (абсталяванне для хім. і тэкст. прам-сці, трубаправодная прамысл. апаратура, кампрэсарнае абсталяванне, дызелі, с.-г. машыны, вылічальная тэхніка, халадзільнікі, веласіпеды, гадзіннікі, электралямпы і інш.), лёгкая (шарсцяныя тканіны, абутак, швейныя і трыкат. вырабы), харч. (цукр., мукамольна-крупяная, масла- і сыраробная, спіртавая, мясная), папяровая, дрэваапр., мэблевая. Вытв-сцьмед. прэпаратаў (антыбіётыкі), піяніна. Буд. матэрыялы, выраб гатунковага посуду, маст. кераміка. Сельская гаспадарка збожжава-жывёлагадоўчага кірунку. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 3 млн.га, з іх 75% пад ворнымі землямі. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, жыта, грэчку, проса, цукр. буракі, сланечнік, каноплі. Бульбаводства, агародніцтва, садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, птушак. Даўж. чыгунак 828 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5,6 тыс.км. Асн. чыгункі Ражск—Пенза—Сызрань, Рузаеўка—Пенза—Рцішчава. Гал.трансп. вузел — г. Пенза. Праз тэр. П.в. праходзяць важныя трубаправоды Расіі. Кліматычны курорт Ахуны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫФЕ́Й (ад лац. Riphaei montes Рыфейскія горы — антычная назва Уральскіх гор),
рыфейскі комплекс, рыфейская эонатэма (эон), надрэгіянальнае падраздзяленне Агульнай стратыграфічнай шкалы дакембрыю краін СНД і адпаведны яму інтэрвал геал. часу ад 1650 ± 50 млн.г. да 650 ± 20 млн.г. таму назад. Вылучаны М.С.Шацкім у 1945. Падзяляюць Р. на ніжні (бурзяній), сярэдні (юрмаціній) і верхні (каратавій). Да пачатку рыфейскага эону ў выніку завяршальных тэктанічных рухаў і магматычных працэсаў карэльскай эпохі складкавасці ў канцы ранняга пратэразою закончыўся геасінклінальны этап развіцця тэр. Беларусі. У раннім Р. (1650—1350 млн.г.) яна, як і ўся Усх.-Еўрап. платформа, уяўляла сабой узнятую сушу, дзе пераважалі працэсы выветрывання і дэнудацыі. Толькі на адносна апушчаных участках намнажаліся вулканагенна-асадкавыя (бабруйская серыя) і асадкавыя (шаровіцкая серыя) тоўшчы. У сярэднім Р. (1350—1000 млн.г. назад) пачаў развівацца Валына-Аршанскі прагін паўн.-ўсх. распасцірання. Тут утварыўся мелкаводны марскі басейн, дзе намнажаліся пераважна чырванаколерныя пясчаныя і пясчана-алеўрытавыя адклады (пінская і аршанская світы беларускай серыі). На завяршальным этапе Р. на тэр. Беларусі часова існавалі невял. ізаляваныя або паўзамкнёныя басейны (лагуны) з пераменнай салёнасцю вады, дзе намнажаліся абломкавыя і абломкава-карбанатныя адклады лапіцкай світы. У цэлым адклады Р. займаюць больш як палову тэр. Беларусі і цягнуцца ў паўн.-ўсх. напрамку амаль суцэльнай паласой шыр. 200—300 км. Магутнасць іх павялічваецца з ПдЗ на ПнУ ад 480 м да 850 м, месцамі больш за 1400 м. Залягаюць на крышт. фундаменце, перакрываюцца вендскімі або больш маладымі (да антрапагенавых уключна) адкладамі. Паверхня іх на глыб. ад дзесяткаў метраў (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ) да 500—800 м (Аршанская ўпадзіна). З адкладамі Р. звязаны значныя запасы расолаў і мінер, вод, якія выкарыстоўваюцца ў бальнеалагічных мэтах (санаторыі ў Ждановічах, Рагачове, Лётцах); на Палескай седлавіне вял. запасы прэсных вод, прыдатных для гасп. водазабеспячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТ (ад лац. cantus спевы, песня),
свецкая бытавая вакальна-харавая песня-гімн. Пашыраны ў слав. народаў у 16—18 ст.
К. ўласцівы: сілабічны рыфмаваны верш з тыповымі структурамі 11(5+6), 13(7+6), 14(8+6), 12(6+6) і інш.; папевачны прынцып муз. мыслення; страфічная форма арганізацыі (ад 2—4 да шматрадковай шматчасткавай са строфамі вышэйшага парадку); шматстрофная будова; тыповая быт.танц. мелодыка і рытміка; характэрныя рытмаформулы і рытмаінтанацыі; стэрэатыпізацыя кадэнцыйных і экспазіцыйных зваротаў, секвентны метад развіцця; танізацыя мелодыкай сілабічнага верша і крышталізацыя сілабатонікі; лінеарны прынцып фактурнага мыслення; крышталізацыя функцыянальнай гармоніі на канцах радкоў і строф э пераважнай натуральна-ладавай у сярэдзіне; сувязь са знаменным спевам і нар. песняй.
К. з’явіліся ў Чэхіі ў 14 ст. На Беларусі ўзніклі ў 15 ст. Іх прататыпы — псальмы і песні з гусіцкіх зборнікаў («Псалтыр» Я.Гуса) і шматлікіх пратэстанцкіх канцыяналаў, катэхізісаў, песеннікаў. Найб. раннія К. былі 1-, 2-галосымі. Паступова на Беларусі і Украіне замацавалася 3- і 4-галосая фактура. 3-галоссе стэрэатыпізавалася і стала штампам з уласцівымі яму функцыямі галасоў: верхні — вядучы, сярэдні (у тэрцыю ці сексту) і ніжні — бас (гарманічны фундамент). Гэты тып фактуры значна паўплываў на бел. нар.-песеннае шматгалоссе, стаў тыповым прынцыпам арганізацыі партый для «траістай музыкі». Змест К. звязаны са старажытнасцю і сучаснымі ім эпохамі. Бытавалі славільныя, патрыят., гіст., пакаянныя, малітоўныя, любоўныя, лірычныя, пастаральныя, застольныя, апакаліптычныя, эсхаталагічныя, сац. накіраванасці. Складваліся ў духоўных акадэміях, калегіях, семінарыях, павятовых і парафіяльных вучылішчах, брацкіх школах, манастырах, пазней у купецкім, мяшчанскім асяроддзі. Вядомы К. Афанасія Філіповіча, Сімяона Полацкага. Е.Славінецкага (Беларусь), Дз.Растоўскага (Туптала), С.Яворскага, Ф.Пракаповіча, Р.Скаварады (Украіна), А.Кантэміра, В.Традзьякоўскага, М.Ламаносава, А.Сумарокава, І.Багдановіча (Расія) і інш.
Літ.:
Орлова Е. О традициях канта в русской музыке // Теоретические наблюдения над историей музыки. М., 1978;
Келдыш Ю.В. Внекультовая духовная песня // История русской музыки М., 1983. Т. 1;
Яго ж. Песня в рукописных сборниках // Там жа. М., 1984. Т. 2, ч. 1;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.