грамадска-палітычная, літ. і гасп. газета Беларускага сялянскага саюза. Выдавалася з 6.12.1925 да 7.7.1930 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Выдавец Ф.Ярэміч. Проціпастаўляла сац.-паліт. і нац. інтарэсы зах.-бел. сялянства «нацыянальна-чужому» гораду, культывавала бел.сял. традыцыі. Адстойвала сваю тактыку барацьбы за нац.незалежнасць. Друкавала вершы М.Васілька, М.Краўцова, Т.Леўчыка, Улад-Ініцкага (У.Паўлюкоўскага), Ф.Грышкевіча, Я.Башкіра (І.Пачопкі), П.Крэня, С.Пеюна (Новік-Пеюна), П.Сокала (Масальскага), Я.Нарцызава (Драздовіча), апавяданні А.Васілеўскага, С.Грынкевіча. Змясціла агляд творчасці Я.Купалы, зроблены Я.Светазарам (Краўцовым), рэцэнзію на зб. паэзіі У.Жылкі «На ростані», літ.-гіст. нататку пра Эмілію Плятар, фалькл.-этнагр. артыкулы М.Вяршыніна, М.Пецюкевіча, перадрук паэмы Я.Коласа «Сымон-музыка», пераклады з Гі дэ Мапасана, А.Дадэ, Э.Заля. Выйшлі 199 нумароў, асобныя канфіскаваны цэнзурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СІЧ (Mesić) Сціпе (н. ў 1935),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Харватыі, юрыст. Скончыў Заграбскі ун-т. За ўдзел у «харвацкай вясне» 1971 (выступленні студэнтаў і інтэлігенцыі з патрабаваннем дэмакр. рэформ у тагачаснай Югаславіі) засуджаны на 2 гады турэмнага зняволення. Адзін з заснавальнікаў (1990) і ген. сакратар партыі Харвацкая дэмакратычная садружнасць (ХДС, лідэр — Ф.Туджман), якая выступала за незалежнасць Харватыі. З крас. 1990 кіраўнік урада Харватыі, адначасова з жн. 1990 чл.калект. кіруючага органа — Прэзідыума Югаславіі, з ліп. 1991 яго апошні старшыня. Праводзіў курс на распад Югаславіі, 5.12.1991 адкліканы з Прэзідыума харвацкім парламентам. З 1991 прэм’ер-міністр, з 1994 старшыня ніжняй палаты Сабора (парламента) незалежнай Харватыі. У знак пратэсту супраць аўтарытарных метадаў кіравання прэзідэнта Туджмана выйшаў у 1994 з ХДС і стварыў партыю Незалежныя дэмакраты Харватыі. Прэзідэнт Харватыі з 18.2.2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЭ́І, Гіраі,
дынастыя крымскіх ханаў з сярэдзіны 15 ст. да 1783. Вялі радаслоўную ад Чынгісхана. Першы крымскі хан Хаджы-Гірэй захапіў уладу ў 1443 пры падтрымцы вял. князя ВКЛ Казіміра IV і татарскіх крымскіх князёў з роду Шырын. Крымскае ханства стала незалежным ад Залатой Арды. Хаджы-Гірэй падтрымліваў сяброўскія адносіны з Казімірам IV, мірныя ўзаемадачыненні з Маскоўскай дзяржавай, імкнуўся забяспечыць сваю незалежнасць ад Турцыі. Пасля смерці Хаджы-Гірэя ў 1466 у выніку працяглай барацьбы ханам стаў яго малодшы сын Менглі-Гірэй (панаваў да 1515 з 2 невял. перапынкамі). У 1475 Крымскае ханства трапіла ў васальную залежнасць ад Турцыі, турэцкія султаны прызначалі ханаў выключана з роду Гірэяў. У 15—17 ст. Гірэі арганізоўвалі рабаўнічыя паходы на суседнія краіны. Апошні крымскі хан Шагін-Гірэй пад прымусам рас. ўрада ў лют. 1783 адмовіўся ад трона, а Крымскае ханства далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХАВА́ННЯ ПРЫ́НЦЫПЫ,
клас навуковых прынцыпаў, якія адлюстроўваюць пастаянства (захаванне) фундаментальных уласцівасцей і суадносін прыроды. У фіз. тэорыях З.п. фармулююцца як захаваныя законы і прынцыпы інварыянтнасці. Сярод З.п. можна вылучыць агульныя (напр., законы захавання энергіі, імпульсу і моманту імпульсу) і прыватныя (напр., законы захавання ізатапічнага спіну, дзіўнасці, цотнасці). Наяўнасць універсальных фіз. пастаянных (напр., гравітацыйная пастаянная, Планка пастаянная, скорасць святла ў вакууме і інш.) можна разглядаць як праяўленне своеасаблівага тыпу З.п. Пры даследаванні складаных, у т. л.біял. сістэм, важнае значэнне набывае паняцце структуры; у гэтым выпадку З.п. маюць форму структурных прынцыпаў, звязаных з уласцівасцямі сіметрыі. У фізіцы гэта выяўляецца як незалежнасць (інварыянтнасць) фіз. з’яў ад пэўных прасторава-часавых або інш. ператварэнняў (гл.Людэрса—Паўлі тэарэма, Нётэр тэарэма), у біялогіі — як адзінства захавання і змянення, звязанае з тоеснасцю і адрозненнем асобных аб’ектаў. З.п. рэгламентуюць працэсы ўзаемных ператварэнняў матэрыяльных аб’ектаў і выяўляюць прычынныя сувязі прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМАНО́ЎСКІ (Limanowski) Баляслаў (30.10.1835, каля г. Даўгаўпілс, Латвія — 1.2.1935),
польскі гісторык, сацыёлаг, публіцыст. Вучыўся ў Маскоўскім (1854—58), Дэрпцкім (1858—60), Львоўскім (1872—73) ун-тах. За арганізацыю антыўрадавай маніфестацыі ў Вільні (1861) арыштаваны, у 1861—67 у ссылцы. З 1870 у Львове, устанавіў сувязь з першымі сацыяліст. гурткамі. З 1878 у эміграцыі, пераважна ў Швейцарыі. У 1881 заснаваў арг-цыю «Люд польскі». Адзін з ідэолагаў і арганізатараў (1892) Польскай сацыяліст. партыі (ПСП). Пасля расколу ў партыі (1906) падтрымаў яе рэв. фракцыю. У 1-ю сусв. вайну падтрымліваў дзейнасць легіёнаў польскіх і Ю.Пілсудскага. У 1922—35 сенатар. Даследаваў гісторыю польскага нац.-вызв. руху 19 ст. Сярод прац: «Аб рабочым пытанні» (1871), «Гісторыя польскай дэмакратыі...» (1901), «Гісторыя паўстання польскага народа 1863 і 1864 г.» (2-е выд. 1909), «Стодваццацігадовая барацьба польскага народа за незалежнасць» (1916), «Сацыялогія» (ч. 1—2, 1919—21).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ІНДЫ́ЙСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.
Гандлёвае пагадненне 1953, падпісана 2 снеж. ў Маскве. Прадугледжвала развіццё і пашырэнне сав.-інд. гандлю на аснове роўнасці і ўзаемнай карысці, устанаўлівала рэжым узаемнага найб. спрыяння ў гандлі, усталявала парадак узаемных разлікаў (у інд. рупіях). Заклала асновы цеснага супрацоўніцтва СССР і Індыі ў эканам. галінах. Пагадненне 1960 пра культурнае, навуковае і тэхнічнае супрацоўніцтва, падпісана 12 лют. ў Дэлі. Пашырала сав.-інд. супрацоўніцтва на сферы навукі і культуры. Дагавор 1971 аб міры, дружбе і супрацоўніцтве, падпісаны 9 жн. ў Дэлі. Паводле яго кожны бок абавязваўся паважаць незалежнасць, суверэнітэт і тэр. цэласнасць адзін аднаго, падтрымліваць рэгулярныя кантакты па важных міжнар. праблемах, якія закраналі іх інтарэсы, не ўдзельнічаць у ваен. саюзах, накіраваных супраць аднаго з бакоў. Дагавор пацвердзіў імкненне бакоў да ўмацавання і пашырэння супрацоўніцтва ў галінах транспарту, гандлю, эканомікі, навукі, тэхнікі, развіцця кантактаў у сферах культуры, адукацыі, аховы здароўя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДАВЯ́НУ (Sadoveanu) Міхаіл (5.11.1880, г. Пашкані, Румынія — 19.10.1961),
румынскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Чл.Рум. акадэміі (з 1921). Скончыў Нацыянальны ліцэй у Ясах (1900). Друкаваўся з 1897. Аўтар сац. раманаў «Вуліца Лэпушняну. Хроніка 1917 г.» (1921), «Плыў млын па Сірэце» (1925), у якіх крытыка тагачаснага грамадства. Стваральнік рум.гіст. рамана, у т. л. «Жыццё Штэфана Вялікага» (1934), трылогіі «Браты Ждэр» (1935—42) пра барацьбу рум. народа за нац.незалежнасць. У аповесці «Мітра Какор» (1949, Залаты медаль міру 1950) і гіст. рамане «Нікаарэ Падкова» (1952) роздум пра гіст. шляхі сялянства. Аўтар шматлікіх зб-каў апавяданняў і публіцыстыкі. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Л.Салавей. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1960.
Тв.:
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1954;
Рус.пер. — Избр. произв.М., 1957;
Избранное. М., 1980.
Літ.:
Кожевников Ю.А. Михаил Садовяну. М., 1960;
Ройзман П.И. Михаил Садовяну: Биобиблиогр. указ. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-СТЭФА́НСКІ МІР 1878,
папярэдні мірны дагавор паміж Расіяй і Турцыяй, які завяршыў рус.-тур. вайну 1877—78. Падпісаны 3.3.1878 у Сан-Стэфана (цяпер Ешылькёй каля Стамбула). Паводле С.-С.м.д. Чарнагорыя, Сербія і Румынія атрымлівалі поўную незалежнасць ад Турцыі, іх тэрыторыі значна пашыраны; Боснія і Герцагавіна набывалі аўтаномію ў рамках Асманскай імперыі; Балгарыя, у межы якой уключалася і гіст.Македонія, ператваралася ў падвасальнае Турцыі аўт. княства з правам выбрання сабе князя. Расія атрымлівала землі ў Закаўказзі з гарадамі Батумі, Карс, Ардаган і Баязет, а таксама страчаную ў выніку Крымскай вайны 1853—56Паўд. Бесарабію (акрамя астравоў у дэльце р. Дунай), узамен якой Румыніі перададзена Турцыяй Паўн.Дабруджа. У выніку процідзеяння вядучых еўрап. дзяржаў, асабліва Вялікабрытаніі і Аўстра-Венгрыі, С.-С.м.д. быў заменены на Берлінскім кангрэсе 1878 шматбаковым дагаворам, які быў значна менш выгадны для Расіі і Балгарыі (захавала аўтаномію, але страціла б.ч. тэрыторыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАТЛА́НДЫЯ (Scotland),
адм.-паліт. частка (гістарычная правінцыя) Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі. Займае паўн.ч. в-ва Вялікабрытанія і прылеглыя а-вы: Гебрыдскія, Аркнейскія, Шэтлендскія. Пл. 78.8 тыс.км², у т. л.пл. сушы 77,2 тыс.км². Нас. 5,13 млн.чал. (1996), пераважна шатландцы. У складзе Ш. 9 раёнаў і 3 астраўныя тэрыторыі. Гал. горад — Эдынбург. Найб. гарады: Глазга, Абердзін, Данды. У рэльефе пераважаюць нагор’і, найб. — Паўн.-Шатландскае (выш. да 1343 м, г. Бен-Невіс). Клімат умераны, марскі. Густая рачная сетка. Шмат азёр (Лох-Ломанд, Лох-Нес і інш.) Пашыраны верасовыя пусткі. Асн. галіны прам-сці: чорная металургія, алюмініевая, машынабудаванне (аўтамабілебудаванне, электроннае, эл.-тэхн., вытв-сцьмед. абсталявання), хім. і нафтахім., паліграф., тэкст., шарсцяная, папяровая, харчовая, у т. л.вытв-сць віскі. Здабыча нафты (на шэльфе Паўн. мора). У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля. Гадуюць авечак, буйн. раг. жывёлу. Сеюць ячмень, авёс, бульбу. Рыбалоўства. Транспарт марскі, чыг., аўтамабільны.
Найстараж. насельніцтва Ш. — пікты. У 5—7 ст.н.э. тут пасяліліся кельцкія плямёны скотаў (ад іх і назва краіны Scotland — краіна скотаў), гэлаў, брытаў і германскія — англаў. З 6 ст. пашыралася хрысціянства. У 844—1018 дзяржава скотаў падпарадкавала сабе ўсе інш. плямёны, утварылася Шатл. каралеўства. Адбываліся працэсы феадалізацыі, але ў горнай Ш. да 18 ст. захоўвалася сістэма родавых абшчын — кланаў. З 2-й пал. 11 ст. Ш. — васал Англіі, войскі якой у 1296 уварваліся на яе тэрыторыю. Пад кіраўніцтвам У.Уолеса і караля Роберта Бруса [1306—29] шатландцы да 1328 аднавілі сваю незалежнасць. У канцы 13 — пач. 14 ст. аформіўся шатл. парламент. У сярэдзіне 16 ст. праведзена кальвінісцкая Рэфармацыя, у 1560 парламент зацвердзіў у якасці дзярж. рэлігіі прэсвітэрыянства. Зацвярджэнне шатл. каралеўскай дынастыі Сцюартаў на англ. прастоле (1603) прывяло да асабістай уніі Ш. з Англіяй. Паводле англа-шатландскай уніі 1707 утворана адзінае каралеўства Вялікабрытанія з агульным парламентам (72 дэп. ад Ш. ў 2003) пры захаванні ў Ш. ўласных прававой і суд. сістэм, нац. царквы і мясц. органаў самакіравання. Ва ўрадзе Вялікабрытаніі справамі Ш. кіруе дзярж. сакратар па Ш. За незалежнасць Ш. выступае Шатл.нац. партыя (засн. ў 1928). Паводле закона ад 11.9.1997 у маі 1999 адбыліся выбары ў шатл. рэгіянальны заканад. орган з абмежаванымі паўнамоцтвамі, створаны рэгіянальны ўрад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШТО́ЛЬД Альбрэхт (? — снеж. 1539),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З роду Гаштольдаў. Каля 1492 вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Намеснік новагародскі (1503—06), падчашы ВКЛ (1505—09), ваявода новагародскі (1508—09), полацкі (з 1513), трокскі (з 1519), віленскі (з 1522), адначасова канцлер ВКЛ (з 1522). Староста бельскі ў 1513, мазырскі ў 1515, барысаўскі ў 1526. У 1503 удзельнічаў у бітве з крымскімі татарамі каля Давыд-Гарадка, у вайне Маск. дзяржавы з ВКЛ 1507—08 — у баях пад Смаленскам і Оршай і ў вайне 1512—14 — у абароне Полацка. Узначальваў групоўку літ.-бел. магнатаў, што выступала за поўную незалежнасць дзяржавы, супраць уніі з Польшчай. Для гэтага садзейнічаў абвяшчэнню ў 1529 Жыгімонта II Аўгуста вял. князем ВКЛ пры жыцці бацькі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. Верагодна, быў ініцыятарам стварэння «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Адзін з буйнейшых магнатаў ВКЛ, валодаў маёнткамі ў Ашмянскім, Трокскім, Віленскім, Менскім, Луцкім пав., на Падляшшы і інш. З 1529 меў тытул «графа на Мураваных Геранёнах».