МЕТАМЕРЫ́Я (ад мета... + грэч. meros частка, доля),

падзел цела ў некаторых груп арганізмаў на падобныя (або на тыя, што падобна закладваюцца) участкі (метамеры), размешчаныя ўздоўж падоўжнай восі або плоскасці сіметрыі. Метамеры бываюць поўнасцю падобныя адзін да аднаго па ўсёй даўж. цела (гаманомія) або функцыянальна і структурна разнаякасныя (гетэраномія). Поўная М. (сегментацыя) ахоплівае ўсе сістэмы органаў, напр., у кольчатых чарвей. Няпоўная М. закранае асобныя сістэмы, напр., правільнае чаргаванне рэбраў, міжрэберных мышцаў і нерваў чалавека. Узнікае па розных біял. прычынах і рознымі спосабамі. Напр., у стужачных чарвей звязана з адаптацыяй к эндапаразітызму — наяўнасць палавых органаў у кожным сегменце павялічвае эфектыўнасць размнажэння. У вышэйшых шматклетачных жывёл М. звязана з упарадкаваннем унутр. арганізацыі, інтэнсіфікацыяй функцый арганізма або з удасканаленнем механізмаў руху. М. ёсць таксама ў раслін, метамеры якіх (фітамеры) меней упарадкаваныя і могуць утвараць лінейныя і разгалінаваныя сістэмы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́РНАСЦЬ (ад грэч. polos, лац. polus полюс) у біялогіі, спецыфічная арыентацыя працэсаў і структур у прасторы, уласцівая арганізмам. Прыводзіць да ўзнікнення морфафізіял. адрозненняў на процілеглых канцах (баках) клетак, тканак, органаў і арганізма ў цэлым.

У раслін П. праяўляецца найб. выразна (у насенных раслін выяўляецца ўжо ў зігоце і зародку, калі фарміруюцца парастак з верхавінкавай пупышкай і корань). Палярызацыя і дыферэнцыроўка кожнай клеткі залежаць ад таго, якое становішча яна займае ў адносінах да інш. клетак. Вядучую ролю ў гэтым і ў арыентаванні органаў у прасторы адыгрываюць фітагармоны. У жывёл П. выяўляецца ў клетках і ў цэлым арганізме. У некат. (гідроідныя паліпы, чэрві) адзначаецца наяўнасць фізіял. П. (градыента) — змены па падоўжнай восі цела фізіял. актыўнасці і адчувальнасці да ўздзеянняў. П. характэрна для працэсаў размнажэння, рэгенерацыі і інш. Змены ў знешнім асяроддзі могуць парушаць П.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. polarisation ад грэч. polos вось, полюс) біяэлектрычная, наяўнасць падвойнага электрычнага слоя на мяжы змесціва жывой клеткі і знешняга асяроддзя. Абумоўлена будовай біялагічных мембран і нераўнамерным размеркаваннем неарган. іонаў (у асаблівасці іонаў натрыю, калію, хлору і інш.) у клетцы і вакол яе. Вонкавая паверхня клеткі ў стане спакою мае дадатны зарад, а ўнутр. — адмоўны.

П. — непасрэдная прычына ўзнікнення мембраннага патэнцыялу (патэнцыялу спакою). Выбіральнае павелічэнне іоннай пранікальнасці біял. мембран вядзе да змены П. Напр., пранікненне іонаў натрыю ў клетку праз мембрану ўзбуджанага ўчастка нерва вядзе да дэпалярызацыі мембраны і ўзнікнення патэнцыялу дзеяння. Час вяртання П. мембраны да ўзроўню спакою (сыходная фаза патэнцыялу дзеяння) наз. фазай рэпалярызацыі мембраны. Павелічэнне патэнцыялу спакою звыш нармальнага ўзроўню вядзе да гіперпалярызацыі мембраны.

Адносна стабільны ўзровень П. жывой клеткі забяспечваецца пастаянствам электрахім. градыентаў, якое падтрымліваецца работай іонных помпаў. Гл. таксама Біяэлектрычныя патэнцыялы, Мембранная тэорыя ўзбуджэння.

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІГІНІ́Я (ад полі... + грэч. gynē жанчына, жонка),

1) у заалогіі форма палавых зносін, пры якой за 1 сезон размнажэння самец спароўваецца з некалькімі самкамі. Пры тэрытарыяльнай П. індывід. ўчасткі некалькіх самак размешчаны ў межах тэрыторыі, якую ахоўвае самец. Вядома ў прыдонных рыб, каланіяльных птушанятных відаў птушак, некат. млекакормячых (рукакрылыя, грызуны, ніжэйшыя прыматы). Пры гарэмнай П. самец збірае каля сябе групу самак (гарэм), якая распадаецца адразу пасля іх апладнення (напр., у птушак — курыныя, у млекакормячых — капытныя, ластаногія і інш.). Аблігатная П. мае месца ў млекакормячых, якія пастаянна жывуць групоўкамі з некалькіх самак і 1 самца (зебры, кашалоты, некат. мартышкі і інш.). У грамадскіх насякомых пад П. разумеюць наяўнасць у сям’і некалькіх самак, якія даюць патомства.

2) У цытагенетыцы П. — з’яднанне аднаго мужчынскага і двух ці больш жан. прануклеусаў у яйцаклетцы.

3) Тое, што мнагажонства (гл. таксама Палігамія).

т. 12, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРКМЕ́НСКАЯ МО́ВА адна з цюркскіх моў

(агузская група). Мова туркменаў, афіц. мова Туркменістана. Пашырана таксама ў Расіі, Узбекістане, Таджыкістане, Казахстане, Іране, Афганістане, Турцыі, Іраку. Мае дыялекты: тэкінскі (аснова літ. мовы),

ёмудскі, эрсарынскі, салырскі, сарыкскі, чаўдурскі. Т.м. ўласцівы: у фанетыцы — сінгарманізм з гармоніяй губных і з першаснымі доўгімі галоснымі, наяўнасць міжзубных гукаў «з» і «с», націск пераважна на апошнім складзе; у марфалогіі — аглюцінацыя, адрозненні ад інш. цюркскіх моў у сістэме дзеяслоўнага спражэння ў цяперашне-будучым часе. Старая літ. Т.м. была пераважна мовай паэзіі. Сучасная літ. мова сфарміравалася ў 1920-я г. Пісьменства да 1928 на аснове арабскага алфавіта, пазней — лацінкі, з 1940 на аснове рус. графікі, з 1997 на аснове лацінкі.

Літ.:

Баскаков Н.А. К истории изучения туркменского языка. Ашхабад, 1965;

Грамматика туркменского языка. Ч. 1. Фонетика и морфология. Ашхабад, 1970.

А.​А.​Кожынава.

т. 16, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСТАНО́ЎКА,

стан гатоўнасці, схільнасці суб’екта да пэўнай актыўнасці ў адносінах да пэўнага аб’екта. Паняцце «У.» ўведзена ў ням. эксперым. псіхалогіі ў канцы 19 ст. (Г.​Мюлер, Т.​Шуман). Агульнапсіхал. тэорыю У. распрацаваў рас. псіхолаг Дз.​М.​Узнадзе, які эксперыментальна даказаў наяўнасць гатоўнасці індывіда да рэалізацыі актываванай патрэбнасці ў пэўнай сітуацыі (актуальная У.) і выявіў заканамернасці замацавання такой гатоўнасці пры паўтарэнні сітуацый, што дазваляюць задаволіць дадзеную патрэбнасць (фіксаваная У.). У сац. псіхалогіі і сацыялогіі паняцце «У.», ці аціцюд, абазначае каштоўнасныя адносіны індывіда да пэўнага сац. аб’екта, якія выяўляюцца ў гатоўнасці да станоўчай ці адмоўнай рэакцыі на яго. Сац. У. ўключае 3 аспекты: кагнітыўны (усведамленне аб’екта), афектыўны (эмацыянальная ацэнка аб’екта) і паводзінскі (дзеянні ў адносінах да аб’екта). Адрозніваюць пазітыўныя, негатыўныя і нейтральныя У. Сістэма разнастайных У. індывіда выступае рэгулятарам чалавечых паводзін і характарызуе агульную накіраванасць асобы, яе каштоўнасныя арыентацыі.

т. 16, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНІКІ́ЙСКАЯ МО́ВА,

адна з мёртвых семіцкіх моў (паўн.-зах. група). Была пашырана з 4-га тыс. да н.э. ў Фінікіі (цяпер тэр. Лівана). У выніку фінікійскай каланізацыі (11—10 ст. да н.э.) пашырылася на тэр. зах. часткі басейна Міжземнага мора (Паўн. Афрыка, узбярэжжа Іспаніі). Ф.м. ўласцівы: у фанетыцы — «оканне»; у марфалогіі — наяўнасць энклітычнага займенніка 3-й асобы адз. л. мужчынскага і жаночага роду -y; у лексіцы — ужыванне спецыфічных слоў тыпу kn (быць), hrs (золата), няпэўнага займенніка mnm і інш.

Стараж. помнікі фінікійскага пісьменства — псеўдаіерагліфічныя надпісы з Бібла (сярэдзіна 2-га тыс. да н.э.; не дэшыфраваны). Найб. раннія надпісы на Ф.м., выкананыя квазіалфавітным фінікійскім пісьмом, датуюцца 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. У канцы 1-га тыс. да н.э. былі спробы фіксаваць фінікійскія тэксты грэч. і лац. пісьмом.

Літ.:

Шифман И.Ш. Финикийский язык. М., 1963.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУВА́ШСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў. Пашырана ў Чувашыі, а таксама ва Ульянаўскай, Пензенскай, Куйбышаўскай, Саратаўскай, Арэнбургскай абласцях, Татарстане, Башкортастане. Мае 2 дыялекты: «укаючы» і «окаючы», у якіх вылучаюць шэраг гаворак. Ч.м. ўласцівы: у фанетыцы — ратацызм (замена гукаў s, z у інтэрвакальным становішчы на r), ламбдаізм (замена гука š на l); у марфалогіі — выкарыстанне марфемы множнага ліку «-сем» замест агульнацюрк. «-лар», наяўнасць поўных і кароткіх форм лічэбнікаў, супадзенне канчаткаў давальнага і вінавальнага склонаў, своеасаблівая сістэма ўказальных займеннікаў; у лексіцы — вял. колькасць запазычанняў са стараж.-цюрк. моў, а таксама з манг., фіна-угорскіх, іранскіх, араб. і рус. моў. Літ. мова на аснове «ўкаючага» дыялекту. Першая граматыка Ч.м. выдадзена ў 1769. Пісьменства з 1870-х г. Апошняя рэдакцыя алфавіта на аснове рус. графікі з 1938.

Літ.:

Андреев И.А. Чувашский язык // Языки народов СССР. М., 1966. Т. 2.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 17, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШВЕ́ДСКАЯ МО́ВА,

адна з германскіх моў (паўн. падгрупа); мова шведаў. Афіц. мова Швецыі, адна з афіц. моў Фінляндыі. Пашырана таксама ў ЗША і Канадзе. Мае 7 груп дыялектаў: гаворкі свейскія, ёцкія, нарландскія, гутнійскія, паўн.-швед., усх.-швед., нарвежска-шведскія. Ш.м. ўласцівы: у фанетыцы — наяўнасць доўгіх і кароткіх галосных і зычных гукаў, муз. націск; у марфалогіі — 4 тыпы спражэння дзеяслова, захаванне супіна, які выступае ў якасці нязменнай часткі аналіт. форм дзеяслова, агульны і ніякі род, 2 лікі і 2 склоны ў сістэме назоўніка, катэгорыя азначальнасці ў прыметніку; у сінтаксісе — цвёрды парадак слоў у сказе. Найстараж. пісьмовыя помнікі — рунічныя надпісы 9—12 ст. (каля 2500; гл. Рунічнае пісьмо). Помнікі лац. алфавітам з 13 ст. Сучасная літ. мова склалася ў 16—17 ст. на аснове свейскіх гаворак.

Літ.:

Попов О.К., Попова Н.М. Шведский язык. М., 1969.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 17, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГІЕ́НА АСАБІ́СТАЯ,

раздзел гігіены, які вывучае ўплыў умоў і ладу жыцця на здароўе чалавека і распрацоўвае рэкамендацыі па захоўванні і ўмацаванні здароўя, прадухіленні заўчаснага старэння. Як стэрэатып паводзін чалавека, накіраваны на захоўванне здароўя, зарадзілася ў старажытнасці, калі людзі на вопыце пераканаліся ў неабходнасці ўдасканальвання свайго розуму і цела. Асн. элементы гігіены асабістай: догляд цела, рацыянальныя праца і харчаванне, правільна арганізаваны адпачынак, адэкватнае фізіял. і сац. патрэбнасцям размяшчэнне, наяўнасць сац.-псіхал. сумяшчальнасці з навакольнай рэчаіснасцю, выключэннем шкодных для здароўя звычак (выкарыстання наркотыкаў, таксічных рэчываў, алкаголю, нікаціну). Асаблівае значэнне ў гігіене асабістай маюць рацыянальнае харчаванне (правільнае размеркаванне спажывання ежы на працягу сутак і ее паўнацэннасць па наборы пажыўных рэчываў), прытрымліванне гігіены палавога жыцця і інш. У барацьбе са шкоднымі звычкамі найб. эфектыўнае павышэнне агульнай культуры насельніцтва і ўнутр. культуры кожнага чалавека.

Літ.:

Задачи по достижению здоровья для всех // Здоровье для всех. 1993. Вып. 4.

Х.​Х.​Лавінскі.

т. 5, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)