АКЧАКА́Я, Акджакая,

бяссцёкавая ўпадзіна на ПнЗ пустыні Каракумы, самая глыбокая ў Туркменіі. Даўж. каля 50 км, шыр. каля 6 км, адносная глыб. 200 м. Дно ўпадзіны ляжыць на 81 м ніжэй за ўзровень мора.

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ХТА Рыгор, бел. пісьменнік і перакладчык 1-й пал. 20 ст. У канцы 1920-х г. настаўнічаў у мяст. Любонічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобласці. З 1930 на Бабруйскім дрэваапр. камбінаце. З 1932 стыль-рэдактар Дзярж. выд-ва Беларусі. У літ. дадатку «Вясна» да газ. «Камуніст» і ў альманаху «Уздым» (Бабруйск, 1928—29) друкаваў апавяданні пра вясковае жыццё, 1-ю сусв. вайну («Падарунак на пазіцыі», «Дзед Пакута і бабка Вулюта», «Пракараў»). Пераклаў на бел. мову раманы Г.​Караваевай «Двор» (1931), А.​Вясёлага «Краіна родная» (1932), аповесці М.​Ціханава «Ад мора да мора» (1931), І.​Лэ «Міжгор’е» (1932), К.​Паўстоўскага «Кара-Бугаз» (1933), А.​Дончанкі «Зорная крэпасць» (1933) і інш.

т. 2, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКБА́Р (Джэлаль-ад-дзін) (1542—1605),

правіцель Магольскай імперыі ў Індыі [1556—1605]. Пры ім дзяржава Вялікіх Маголаў дасягнула найб. магутнасці. Значна пашырыў яе межы, заваяваўшы тэр. ад Балха на Пн да р. Гадавары на Пд (у т. л. Кашмір і тэр. сучаснага Афганістана) і ад мора на З да мора на У. Вёў барацьбу з сепаратызмам феадалаў, у 1574 імкнуўся ліквідаваць сістэму джагіраў, што выклікала супраціўленне мусульм. джагірдараў. Упершыню стаў прызначаць індусаў на важныя дзярж. пасты, дынастычнымі шлюбамі ўмацаваў сувязі з раджпуцкімі княствамі, конніца раджпутаў стала асновай арміі. Увёў новую рэлігію «дзін-і ілахі» («божая вера») з элементамі ісламу, індуізму, парсізму і джайнізму.

Акбар са сваім сынам Джахангірам і ўнукам Шахам-Джаханам. Мініяцюра. Каля 1630.

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЬСО́Н ((Gilson) Поль) (15.6.1865, Брусель — 3.4.1942),

бельгійскі кампазітар, муз. крытык; адзін з заснавальнікаў сучаснай фламандскай кампазітарскай школы. Праф. Брусельскай (1899—1901) і Антверпенскай (1904—09) кансерваторый. У 1925 засн. час. «Revue musicale belge» («Бельгійскі музычны часопіс», існаваў да пач. 1940-х г.). У яго творчасці своеасабліва пераўтвораны традыцыі нац. муз. фальклору, дасягненні еўрап. і рус. муз. культур. Найб. вылучаецца яго аркестравая музыка — сімфонія «Мора» (1890), сімф. варыяцыі (1902) і інш. Аўтар опер «Прынцэса Сонечны Прамень» (1903), «Людзі мора» (паводле В.​Гюго, 1904), балета «Нявольніца» (1904), вак.-сімф. твораў, у т. л. араторыі «Дэман» (паводле Ю.​Лермантава), кантаты «Сінай» (1889) і інш., муз.-тэарэт. прац па гармоніі і аркестроўцы.

т. 6, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗАРАЎ (Міхаіл Пятровіч) (14.11.1788, г. Уладзімір, Расія — 23.4.1851),

рускі мараплавец, даследчык Антарктыкі. Адмірал (1843). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1803). Ажыццявіў тры кругасветныя плаванні: у 1813—16 на судне «Сувораў» (адкрыў атол Сувораў); у 1819—21 камандзірам шлюпа «Мірны» і памочнікам нач. экспедыцыі Ф.Ф.Белінсгаўзена (удзельнічаў у адкрыцці Антарктыды і шматлікіх астравоў); у 1822—25 камандзірам фрэгата «Крэйсер». Камандзір лінкора «Азоў», які вызначыўся ў Наварынскай бітве 1827. У 1833—50 гал. камандзір Чарнаморскага флоту і партоў Чорнага мора. Імем Л. названы: атол у групе а-воў Расіян у Ціхім ак., мысы ў Амурскім лімане і ў паўн. частцы в-ва Унімак, востраў у Аральскім м., мора каля берагоў Усх. Антарктыды і інш.

М.П.Лазараў.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАГАВА́Я ЛІ́НІЯ,

лінія перасячэння паверхні мора або возера з паверхняй сушы. З’яўляецца мяжой дадзенага вадаёма. Умоўнае паняцце: узровень вады многіх вадаёмаў непастаянны, рэальная Б.л. няспынна змяняецца, таму за паказчык берагавой лініі прымаюць сярэдняе шматгадовае становішча ўзроўню вадаёма.

т. 3, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАЗІ́ЙНАЯ ТЭРА́СА, бенч,

прыбярэжная частка паверхні марскога дна, выпрацаваная абразіяй. Мае невял. схілы каля берага і большыя каля асновы. Старадаўнія абразійныя тэрасы бываюць пагружаныя (затопленыя) або паднятыя над узроўнем мора (у сукупнасці ўтвараюць прыморскую тэрасаваную раўніну).

т. 1, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АА́НЕС,

у шумера-акадскай міфалогіі першачалавек у абліччы паўрыбы-паўчалавека. Паводле Бераса, людзі жылі, як жывёлы, пакуль Аанес не выйшаў з мора і не навучыў жыхароў Вавілоніі пісьму, навукам, буд-ву гарадоў і храмаў, земляробству і інш.

т. 1, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУО́Р-ХА́Я ГУБА́,

заліў мора Лапцевых на ПдУ ад дэльты р. Лена. Даўж. 120 км, шыр. на ўваходзе 110 км, глыб. да 18 м. Прылівы паўсутачныя, выш. 0,3 м. Большую ч. года ўкрыта лёдам. Порт Тыксі.

т. 3, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ФЫ (ад ням. Haff лагуна, возера),

назва лагун ў вусцевых участках рэк на паўд. узбярэжжы Балтыйскага м. Утвараюцца ў выніку дзейнасці прыбярэжных цячэнняў і прыбою. Маюць выгляд паўзамкнёнага лімана, які аддзелены ад мора астравамі або пясчанымі косамі.

т. 5, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)