РО́ЙСДАЛ (Ruysdael, Ruisdael) Якаб ван (1628 або 1629, г. Харлем, Нідэрланды — пахаваны 14.3.1682), галандскі жывапісец; адзін з буйнейшых пейзажыстаў 17 ст. Вучыўся, верагодна, у свайго дзядзькі С. ван Ройсдала. Зазнаў уплывы П.Потэра, Я. ван Гоена, Х.Сегерса. Працаваў у Харлеме, з 1656 у Амстэрдаме. У ранніх творах адлюстроўваў сціплыя ваколіцы Харлема («Хатка ў гаі», 1646, і інш.). Каля 1650—55 вандраваў па Нідэрландах і Германіі, пісаў манумент. пейзажныя кампазіцыі, у якіх праз халодную колеравую гаму і рэзкія святлоценявыя кантрасты ўвасабляў пачуццё драм. зменлівасці жыцця («Яўрэйскія могілкі», каля 1650—55, і інш.). Пазней ствараў гар., вясковыя, марскія, рачныя пейзажы, прасякнутыя адчуваннем суровай велічы прыроды. Творы вызначаюцца дакладнасцю малюнка, матэрыяльнай адчувальнасцю форм, майстэрствам перадачы дынамікі святлопаветранага асяроддзя, багаццем каларыту: «Від вёскі Эгманд», «Пейзаж з вадзяным млынам» (1661), «Куст», «Балота», «Вятрак у Вейку» (1660-я г.), «Марскі бераг» (канец 1660—пач. 1670-х г.), «Горы Нарвегіі», «Вадаспад» і інш. Працаваў таксама ў тэхніцы афорта.
Літ.:
Фехнер Е.Ю. Я. ван Рейсдаль и его картины в Государственном Эрмитаже. Л., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТО́ГА ЛАЎРЭ́НЦІЯ РАКА́ (Saint Lawrence River). У Канадзе, часткова (ад воз. Антарыо да г. Корнуал) служыць мяжой паміж Канадай і ЗША; ажыццяўляе сцёк усёй сістэмы Вялікіх азёр, разам з імі з’яўляецца найважнейшым водным шляхам, які злучае ўнутр.ч. ЗША і Канады з Атл. акіянам (гл.«Святога Лаўрэнція» сістэма водных шляхоў). Даўж. ўласна ракі (выцякае з воз.Антарыо і ўпадае ў зал. Св. Лаўрэнція) каля 1200 км, даўж. ўсёй воднай сістэмы (ад вытокаў р. Сен-Луі, якая ўпадае ў воз. Верхняе) 3350 км. Пл.бас. 1290 тыс.км². Ніжэй г. Квебек рака ўтварае эстуарый даўж. каля 400 км, шыр. да 50 км. Асн. прытокі; Атава (злева), Рышэльё (справа). Ледастаў ад снеж. да красавіка. Азёрамі і плацінамі сцёк ракі зарэгуляваны. Сярэдні расход вады 7,8 тыс.м³/с. Марскія прылівы да г. Труа-Рыўер, каля г. Квебек выш. да 5,5 м. Рака Рышэльё злучае С.Л.р. з р. Гудзон. На ўчастку паміж воз. Антарыо і г. Манрэаль каскад гідравузлоў з вадасховішчамі, найб.ГЭС Мозес (выкарыстоўваецца ЗША і Канадай). На рацэ найб. гарады і парты: Кінгстан, Корнуал, Манрэаль, Сарэль, Труа-Рыўер, Квебек (Канада).
французскі жывапісец; заснавальнік неаімпрэсіянізму. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1878—79). Працаваў пераважна ў Парыжы. Сюжэты ранніх твораў блізкія традыцыям барбізонскай школы: сельскія віды і сяляне за працай. Пазней пад уплывам імпрэсіяністаў запазычыў у іх тэхніку і тэмы. Першы значны твор — «Купанне ў Аньеры» (1884). У карціне «Нядзеля пасля паўдня на востраве Гранд-Жат» (1886) упершыню выкарыстаў тэхніку пуантылізму. У творах імкнуўся стварыць «лагічную навуковую і жывапісную» сістэму, з дапамогай якой імкнуўся надаць карціне гармонію і ўзгодненасць колеру: «Парад» (1888), «Канкан» (1890), «Цырк» (1891). Пераважную большасць яго работ складаюць пейзажы, марскія віды, у якіх дакладныя натурныя назіранні спалучаюцца з рытмічнай кампазіцыяй: пейзажы Порт-ан-Бесена (1888), Кратуа (1889), Граўліна (1890). Яго маст. канцэпцыі паўплывалі на фавістаў, кубістаў, ням. экспрэсіяністаў і італьян. футурыстаў і інш.
Літ.:
Ж.Сёра. П.Синьяк. Письма. Дневники..: Пер. с фр.М., 1976;
Перрюшо А. Жизнь Сёра: Пер. с фр.М., 1992.
Я.Ф.Шунейка.
Ж.Сёра. Нядзеля пасля паўдня на востраве Гранд-Жат. 1886.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЦКАЕ МО́РА,
паўзамкнёнае мора Ціхага акіяна, каля ўсх. берагоў Азіі. Пл. 1603 тыс.км², найб.глыб. 3521 м. Узбярэжжа належыць Расіі і Японіі. Ад Ціхага акіяна аддзелена п-вам Камчатка, градой Курыльскіх а-воў і в-вам Хакайда; а-вамі Сахалін і Хакайда аддзелена ад Японскага м., з якім на З і ПдЗ злучана пралівамі Невяльскога і Лаперуза. Берагі пераважна скалістыя. Залівы Шэліхава, Аніва, Цярпення, Сахалінскі і інш. Самыя вял. астравы — Шантарскія. Упадаюць найб. рэкі Амур, Уда, Ахота, Гіжыга, Пенжына. Клімат мусонны, умераных шырот. Зімой пануюць моцныя халодныя вятры, якія дзьмуць з мацерыка, летам — слабыя, цёплыя, паўд.-ўсх. вятры. Т-ра вады летам 1,5—15 °C, зімой -1,8—2 °C. З кастр. да чэрв. амаль усё мора ўкрыта лёдам. Салёнасць 32,8—33,8‰. Прылівы пераважна няправільныя, сутачныя (да 12.9 м). Для Ахоцкага мора характэрна з’ява свячэння вады і лёду. Рыбалоўства (ласасёвыя, селядзец, мінтай, камбала, траска, навага, мойва), лоўля крабаў. Па моры праходзяць важныя марскія шляхі, якія злучаюць Уладзівасток з паўн. раёнамі Д. Усходу і Курыльскімі а-вамі. Гал. парты: на мацерыку Магадан, Ахоцк, на в-ве Сахалін Карсакаў, на Курыльскіх а-вах Паўночна-Курыльск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКЗА́Л (ад англ. Vauxhall — назва забаўляльнай установы каля Лондана ў 17 ст.),
будынак ці комплекс будынкаў, збудаванняў і прыстасаванняў для абслугоўвання пасажыраў, кіравання рухам транспарту і размяшчэння службовага персаналу. Адрозніваюць чыгуначныя, рачныя, марскія, аўта- і аэравакзалы, а таксама аб’яднаныя, ці комплексныя (напр., чыгуначна-аўтобусны). Першыя вакзалы з’явіліся з пачаткам пасажырскіх перавозак па чыгунцы (напр., вакзалы на лініі Стоктан—Дарлінгтан у Англіі, 1822—25).
На Беларусі чыгуначныя вакзалы будавалі адначасова з пракладкай чыгунак. Будынак вакзала (Віленскага) у Мінску адкрыты ў 1874 (перабудаваны ў 1939, пасля Айч. вайны адноўлены ў 1949, з 1980-х г. узводзяцца новыя будынкі), у 1866 пабудаваны Віцебскі чыгуначны вакзал, да 1867 — чыг. вакзал у Гродне (у 1948 рэканструяваны, у 1986 пабудаваны новы), у 1886 — Брэсцкі чыгуначны вакзал (у 1956 рэканструяваны), у 1-й пал. 20 ст. пабудаваны Магілёўскі чыгуначны вакзал, Слонімскага вакзала будынак. Адноўлены разбураныя ў Айч. вайну і рэканструяваны вакзал ў Баранавічах (1947), Гомелі (1948), Оршы (1951), Полацку (1953). Пабудаваны аэравакзалы: у Мінску (гл.Мінскія аэрапорты), Брэсцкі аэравакзал, у Гродне (1962), Салігорску (1965), Бабруйску (1966), Гомелі (1976), Магілёве (1971). У ліку буйных аўтавакзалаў Беларусі Мінскі аўтавакзал «Усходні». На суднаходных рэках будуюцца рачныя вакзалы (Мазырскі рачны вакзал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЬФІ́НЫ,
млекакормячыя 2 сям.: рачных, або прэснаводных, Д. (Platanistidae) і дэльфінавых (Delphinidae) атр. кітападобных. 24 роды, 53 віды. Рачныя Д. пашыраны ў трапічных рэках Паўд. Амерыкі, уздоўж Атл. ўзбярэжжа ад Бразіліі да Цэнтр. Аргенціны, рэках Індыі і Кітая, дэльфінавыя — амаль ва ўсіх морах. Найб. вядомыя Д. з родаў афаліны, касаткі, белабочкі, марскія свінні і інш. У Чырв. кнізе МСАП 3 віды Д.: азёрны (Lipotes vexillifer), індскі (Platanista minor-P. indi), каліфарнійская марская свіння (Phocoena sinus).
Даўж. цела 1—10 м, маса да 8 т. У большасці ёсць спінны плаўнік, морда выцягнута ў «дзюбу», зубы шматлікія (больш за 70). Хваставы плаўнік гарызантальны, двухлопасцевы. Скура голая, рознага колеру. Д. добра арыентуюцца ў вадзе з дапамогай эхалакацыі і слыху (успрымаюць ваганні ад некалькіх дзесяткаў Гц да 200 кГц). Маюць складаную галасавую сігналізацыю і гукасігнальны (эхалакацыйны) орган, добра развіта ц. н. с.: галаўны мозг вялікі, шарападобны, вял. паўшар’і са шматлікімі звілінамі. Палавая спеласць у 3—5 гадоў. Нараджаюць 1 дзіцяня. Кормяцца рыбай, галаваногімі малюскамі, ракападобнымі. Здольныя да гукапераймання. Аб’екты спец. даследаванняў. Лёгка дрэсіруюцца, утрымліваюцца ў акіянарыумах (дэльфінарыях), дзе могуць размнажацца. Некат. віды прамысловыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВЁЛЫ,
арганізмы, якія складаюць адно з царстваў арган. свету. Існуюць 2 узроўні арганізацыі Ж.: аднаклетачныя (прасцейшыя) і шматклетачныя. У сусв. фауне налічваецца 1,5—2 млн. відаў Ж.; у фауне Беларусі больш за 430 відаў пазваночных і да 20 тыс. відаў беспазваночных. Насяляюць сушу, паветра, воднае і глебавае асяроддзе, многія — паразіты. Адрозніваюцца ад інш.эўкарыётаў адсутнасцю (за невял. выключэннем) цэлюлозных клетачных абалонак. Ж. — гетэратрофы (жывяцца гатовымі арган. рэчывамі, неарган. злучэнні непасрэдна не асімілююць), размнажаюцца дзяленнем, пачкаваннем, яйцамі, жыванараджэннем і інш., здольныя да актыўнага перамяшчэння.
Некалькі дзесяткаў відаў Ж прыручаны чалавекам або разводзяцца ў няволі; шэраг Ж. належаць да паляўніча-прамысловых (собаль, пясец, ліс і інш.). Многія Ж выкарыстоўваюцца як лабараторныя (марскія свінкі, трусы і інш.). Пастаўшчыком бялку жывёльнага паходжання служаць с.-г. Ж. У выніку ўздзеяння чалавека на жывую прыроду, пагаршэння экалагічных умоў, знішчэння дзікіх Ж. узнікла пагроза для існавання многіх відаў (у сярэднім у свеце штодзённа знікае 1 від або падвід). На Беларусі ахова Ж. рэгулюецца адпаведнымі законамі (гл.Ахова жывёл) і палажэннямі зямельнага. воднага і ляснога заканадаўстваў, міжнар. пагадненнямі і інш.; рэдкія і знікаючыя віды занесены ў Чырв. кнігу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́Т,
гнуткі выраб з стальнога дроту або нітак пражы (каболак) расліннага, мінер. ці сінт. паходжання. Падзяляюцца на кручаныя (вітыя), някручаныя і плеценыя.
Стальныя К. робяць з высокатрывалага дроту дыяметрам 0,3—4 мм. Кручаныя атрымліваюць адзінарным (спіральныя К.), двайным (тросавыя) і трайным (кабельтавыя) звіваннем. Для эластычнасці ў сярэдзіну К. ўплятаюць валакністы або метал. асяродак. Звіванне бывае аднабаковае (дрот у пасмах і самі пасмы скручаны ў адзін бок) і крыжовае (у розныя бакі). Някручаныя К. складаюцца з шчыльна ўкладзеных груп стальнога дроту або спіральных К., змацаваных спіральнай абмоткай ці заціскачкамі. Плеценыя К. робяць з цотнага ліку (звычайна 4) пасмаў, скручаных у розных напрамках. Неметалічныя К. звіваюць з доўгіх натуральных (пяньковых, баваўняных, джутавых, сізалевых, азбеставых) або сінтэтычных (капронавых, нейлонавых, поліпрапіленавых і інш.) валокнаў (з кароткіх пяньковых і баваўняных валокнаў уюць вяроўкі, шпагат і да т.п.). Канатна-вяровачныя вырабы з валакністых матэрыялаў і стальнога дроту наз.тросамі (пра іх злучэнне гл. ў арт.Вузлы марскія). К. выкарыстоўваюць на транспарце (на канатных дарогах, фунікулёрах, у суднавым такелажы і інш.), у буд-ве (у вісячых канструкцыях, грузападымальных машынах), горнай (у шахтавых пад’ёмніках, каменярэзных машынах), рыбалоўнай (у тралах. невадах), лясной і інш. галінах прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯАНІ́Н,
правінцыя на ПнУ Кітая. На Пд абмываецца Жоўтым м., на У прымыкае да мяжы з КНДР. Пл. 151 тыс.км². Нас. 39,5 млн.чал. (1990). Адм. ц. — Шэньян (Мукдэн). Больш за 1 млн.ж. у гарадах Шэньян, Фушунь, Аньшань. Паверхня пераважна гарыстая. На УУсх.-Маньчжурскія і Ляадунскія горы (выш. да 1367 м), на З адгор’і гор Ляасі, у цэнтр.ч. — нізінная раўніна. Радовішчы каменнага вугалю, жал. руды, гаручых сланцаў, магнезіту, алюмініевай сыравіны. Клімат мусоннага тыпу з гарачым вільготным летам і халоднай маласнежнай зімой. Ападкаў 500—1000 мм за год. Гал. рэкі Ляахэ і Ялуцзян. Л. — адзін з важнейшых індустр. раёнаў Кітая. На долю Л. прыпадае значная ч. здабычы каменнага вугалю (Фушунь і Фусінь), жал. руды (Аньшань і Бэньсі), сланцаў і інш. Буйныя ЦЭС і ГЭС. Агульнанац. значэнне мае чорная і каляровая металургія. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне (горназаводскае абсталяванне, станкі, эл.-тэхн. вырабы, чыг. рухомы састаў, судны, трактары), хім., нафтаперапр., буд. матэрыялаў, тэкст., харч. (алейная, мукамольная). У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства, часткова арашальнае. Вырошчваюць пшаніцу, рыс, сою, бавоўнік, кенаф, тытунь. Агародніцтва і садоўніцтва. Рыбалоўства. Транспарт чыгуначны, марскі, рачны. Гал.марскія парты: Люйда, Аньдун, Інкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАШЧАЦІ́НКАВЫЯ ЧЭ́РВІ, алігахеты (Oligochaeta),
клас беспазваночных жывёл тыпу кольчатых чарвей. Каля 27 сям., больш за 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у глебе, прэсных вадаёмах, каля 200 відаў марскія. На Беларусі 8 сям., больш за 60 відаў. Найб. трапляюцца дэндрабена васьмігранная (Dendrobaena octaedra), малы чырв. чарвяк (Lumbricus rubellus), наіда зменлівая, або змейка вадзяная зменлівая (Nais variabilis), стылярыя азёрная (Stylaria lacustris), трубачнік звычайны (Tubifex tubifex), шчацінкабрух празрысты (Chaetogaster diaphanus), эаласома гемпрыхава (Aeolosoma hemprichi), энхітрэус белы (Enchytraeus albus). Удзельнічаюць у мулаўтварэнні і мінералізацыі асадкаў у прэсных вадаёмах, уплываюць на структуру глеб, садзейнічаюць самаачышчэнню вадаёмаў. Некаторыя — прамежкавыя і рэзервуарныя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў дзікіх і свойскіх жывёл; корм для рыб, птушак, землярыек, кратоў і інш.
Даўж. ад 0,5 мм да 3 м. Цела цыліндрычнае, злёгку сплошчанае або чатырохграннае, складаецца з 5—600 членікаў (сегментаў), на кожным з іх (акрамя ротавага) 4 пучкі шчацінак рознай формы. Кормяцца пераважна расліннымі рэшткамі, ёсць драпежнікі і эктапаразіты. Пераважна гермафрадыты, некаторым уласціва бясполае і вегетацыйнае размнажэнне. Яйцы развіваюцца ў кокане. Развіццё прамое. Здольныя да рэгенерацыі. Гл. таксама Дажджавыя чэрві, Кольчатыя чэрві.