РАДЗІ́МЦАЎ (Аляксандр Ільіч) (8.3.1905, в. Шарлык Арэнбургскай вобл., Расія — 13.4.1977),
савецкі военачальнік. Ген.-палкоўнік (1961). Двойчы Герой Сав. Саюза (1937, 1945). Скончыў Ваен. школу ВЦВК (1932), Ваенную акадэмію імя М.В.Фрунзе (1939), Вышэйшыя акад. курсы пры Акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1927. У 1936—37 удзельнік нац.-вызв. вайны ісп. народа 1936—39. З мая 1939 пам. камандзіра дывізіі, удзельнік паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939. У Вял.Айч. вайну камандаваў брыгадай, дывізіяй, якая вызначылася ў Сталінградскай бітве 1942—43, з мая 1943 камандзір гвардз.корпуса. Ваяваў на Паўд.Зах., Данскім, Сталінградскім, Сцяпным, Варонежскім, 2-м і 1-м Украінскіх франтах. Пасля вайны камандаваў армейскімі злучэннямі, працаваў на розных адказных пасадах у Сав. Арміі.
Тв.:
На последнем рубеже: Зап.командира дивизии. Волгоград, 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАВЫ́ ІНСТРУМЕ́НТ,
інструмент для бурэння шпураў, свідравін і ліквідацыі аварый у глыбокіх свідравінах. Бывае тэхнал. (напр., буравыя долаты, каронкі, штангі, разцы), дапаможны (ключы, элеватары, клінавыя захваты), аварыйны (метчыкі, трубалоўкі, трубарэзкі), спец. (адхіляльнікі, стабілізатары).
Буравое долата выкарыстоўваецца пры ўдарным і вярчальным бурэнні свідравін. Асн. часткі: корпус і рабочая частка, па якой адрозніваюць шарошкавыя (з зубцамі), алмазныя і лопасцевыя долаты. Мае канал, па якім падаюць у забой паветра або прамывачную вадкасць. Каронка — асн. пародаразбуральны элемент буравога інструменту. Разбурэнне выконваецца лёзамі, арміраванымі цвёрдым сплавам, або штырамі са сферычнымі рабочымі паверхнямі. Каронка, вырабленая як адно цэлае з хваставіком для злучэння з буравой машынай, наз. бурам. Элеватар — каваны або літы стальны хамут для падхоплівання трубаў і штангаў пры іх апусканні ў час рамонту нафтавай свідравіны.
Буравы інструмент: а — прынцып работы турбабура; б — вонкавы выгляд турбабура; в — лопасцевыя буравыя долаты; 1 — корпус; 2 — гліністы раствор; 3 — паток гліністага раствору; 4 — лопасці ротара; 5 — вал; 6 — лопасці корпуса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́К (Юзаф) (1741, в. Лоўчыцы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — чэрв. 1794),
вайсковы дзеяч ВКЛ, ген.-м. (1790). Паводле паходжання бел. татарын. Быў на вайск. службе ў Саксоніі, удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. Прыхільнік караля Аўгуста III, потым Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У час Барскай канфедэрацыі камандзір каралеўскага палка татар. У 1769 на баку канфедэратаў удзельнічаў у бітвах пад Слонімам, Моўчаддзю (Баранавіцкі р-н) і на Жамойціі, у вер. 1771 — у пераможнай бітве над рас. войскамі каля Бездзежа (Драгічынскі р-н). 23.9.1771 у бітве каля Сталавічаў (Баранавіцкі р-н), калі войска ВКЛ было разбіта рускімі, адступіў з палком, захаваўшы баявы парадак. У 1788—89 удзельнічаў у задушэнні сял. паўстання на Украіне. У чэрв.—ліп. 1792 на чале пярэдняга корпуса войска ВКЛ ваяваў пад Свержанем (Стаўбцоўскі р-н), Зэльвай і Брэстам. Далучыўся да паўстання 1794, у чэрв. ўзначаліў корпус, з якім прайшоў ад Гродна да Слоніма і Іўя. Праз некалькі дзён раптоўна памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ АБАРО́НА 1812,
дзеянні рус. войскаў па абароне і прыкрыцці Бабруйскай крэпасці ў час вайны 1812. Крэпасць была важным апорным пунктам рус. арміі на шляху паўд. фланга напалеонаўскага войска. Франц. 17-я пях. дывізія Я.Г.Дамброўскага і інш. часці (усяго каля 12 тыс.чал.) 4 вер. блакіравалі Бабруйск, перакрыўшы дарогі ў крэпасць, гарнізон якой налічваў каля 5 тыс.чал. Спроба рус. атрадаў Баранава і Дрэева прарвацца ў крэпасць з боку Жлобіна не мела поспеху. Але гал. сілы рус.корпуса Ф.Ф.Эртэля (каля 5 тыс.чал.) выбілі 14 вер. з Глуска слабы польскі гарнізон і рушылі на Бабруйск. У баі каля в. Гарбацэвічы 15 вер.рус. часці перамаглі, але Эртэль не развіваў наступлення, а, знішчыўшы франц. склады ў Глуску і ваколіцах, вярнуўся ў Мазыр. Дамброўскі, які быў вымушаны прыкрываць мінскі напрамак, 12 кастр. фактычна зняў блакаду і адышоў на Ігумен (сучасны Чэрвень). За час блакады крэпасць выконвала функцыю ўмацаванага фарпоста рус. арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДЭРС ((Anders) Уладзіслаў) (11.8.1892, г. Блоне каля Варшавы — 12.5.1970),
польскі ваенны і паліт. дзеяч. Генерал дывізіі (1941). Вучыўся ў Вышэйшым тэхн. вучылішчы ў Рызе (1911—14), скончыў Вышэйшае ваен. вучылішча ў Парыжы (1923). У 1-ю сусв. вайну ў рас. арміі. З 1918 у Войску Польскім. Удзельнік польска-сав. вайны 1920. У час дзярж. перавароту Ю.Пілсудскага (май 1926) нач. штаба ўрадавых войскаў. Камандаваў Валынскай (1928—37) і Навагрудскай (1934—39) брыгадамі кавалерыі, на пач. 2-й сусв. вайны — аператыўнай групай. Інтэрніраваны 29.9.1939 сав. войскамі ў час паходу ў Зах. Беларусь. У жн. 1941 вызвалены з палону і прызначаны У.Сікорскім камандуючым польскай арміяй у СССР, якую ў 1942 вывеў на Б. Усход (гл.Андэрса армія). На чале 2-га Польскага корпуса ўдзельнічаў у Італьянскай кампаніі 1943—45. У 1946—54 Вярх. галоўнакамандуючы і Ген. інспектар Польскіх узбр. сіл на Захадзе. Пасля вайны жыў у Лондане, адзін з кіраўнікоў польск. эміграцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЕ́ЎСКІ (Уладзімір Багданавіч) (1782, паводле інш. звестак 1784, 1786, в. Астахава Бялёўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 19.4.1835),
рускі ваен. пісьменнік, ген.-м. (1832). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1802). Удзельнік ваен. кампаній на Міжземным і Адрыятычным морах (1805—10), служыў на Чарнаморскім флоце (1812—16). З 1819 інспектар Аляксандраўскага дваранскага ваен. вучылішча ў г. Тула, з 1828 памочнік дырэктара Пажскага корпуса. Чл.Рас. акадэміі і Маскоўскага т-ва гісторыі старажытнасцей расійскіх пры Маскоўскім ун-це (1829). Літ. дзейнасць пачаў у 1818. Творы «Запіскі марскога афіцэра» (т. 1—4, 1818—19), «Лісты марскога афіцэра» (т. 1—2, 1825—26), «Падарожжа ад Трыеста да Санкт-Пецярбурга ў 1810 г.» (т. 1—2, 1828) напісаны ў жанры дарожных нарысаў і заснаваны на ўспамінах пра марскую службу і наведванне еўрап. краін у 1805—10. Аўтар гіст. твораў «Агляданне Паўднёвага берага Таўрыды ў 1815 г.» (1822), «Гісторыя Данскога войска. Апісанне Данской зямлі і паездка на Каўказ» (ч. 1—4, 1833—34).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЯЛАНЧЭ́ЛЬ (італьян. violoncello памяншальнае ад violone кантрабас),
смычковы музычны інструмент скрыпічнай сям’і баса-тэнаровага рэгістра. Канструкцыя, як у скрыпкі, але віяланчэль большая па памерах. Даўж.корпуса 750—768 мм. Мае 4 струны. Настройка па квінтах: C, G, d, a. Дыяпазон C—a2 і вышэй (у віртуозных творах). Прыёмы ігры тыя ж, што і на скрыпцы, але тэхніка больш абмежаваная. Натуецца ў басовым, тэнаровым і скрыпічным ключах. З’явілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. Класічныя ўзоры віяланчэлі створаны ў 17—18 ст.італьян. (А. і Н.Амаці, Дж.Гварнеры, А.Страдывары, К.Бергонцы), пазней франц. (Ж.Б.Вільём), рас. (І.Батаў, Я.Вітачак, Ц.Падгорны, Л.Гаршкоў) і інш. майстрамі. На Беларусі шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. ў прыдворных капэлах Нясвіжа, Слоніма, Гродна. У наш час віяланчэль — сольны, ансамблевы і арк. інструмент.
Літ.:
Гинзбург Л. История виолончельного искусства. Кн. 1—4. М.; Л., 1950—78;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНА-МАТО́РНЫ СПОРТ,
спаборніцтвы на скорасць перамяшчэння па вадзе на гоначных і спарт. суднах з падвешанымі маторамі або стацыянарнымі рухавікамі; адзін з тэхнічных відаў спорту. Уключае таксама турызм на маторных суднах. Судны (адрозніваюць спарт., гоначныя, надзіманыя і інш.) класіфікуюцца ў залежнасці ад рабочага аб’ёму (літражу) рухавікоў або гранічна дапушчальнай сумарнай масы корпуса і сілавой устаноўкі. Усе тыпы і класы гоначных суднаў маюць міжнар. індэксы. Рэгіструюцца рэкорды скорасці, гонкі праводзяцца па замкнутых (кальцавых) трасах, якія пазначаны буямі; старт і фініш звычайна ў адным месцы.
Водна-маторны спорт узнік на пач. 20 ст. З 1922 дзейнічае Міжнар. саюз водна-маторнага спорту (УІМ), у 1908 спаборніцтвы па водна-маторным спорце былі ў праграме Алімпійскіх гульняў. З 1920-х г. праводзяцца чэмпіянаты свету і Еўропы ў розных класах. З 1967 па суме лепшых вынікаў у 8—10 гонках (праводзяцца ў розных краінах) вызначаюць чэмпіёна свету па акіянскіх гонках. На Беларусі водна-маторны спорт развіваецца з 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕШАНКО́ВІЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму ў г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. Створаны ў 1770-я г. Належаў Агінскім, з 1786 Храптовічам. У ансамбль уваходзяць палац, парк з вадаёмамі, гасп. пабудовы.
Палац — мураваны П-падобны ў плане; складаецца з 2-павярховага цэнтр.корпуса і 1-павярховых бакавых. Гал. фасад мае сіметрычна-восевую кампазіцыю, вырашаны плоскасна з невял. рызалітам у цэнтры, завершаным трохвугольным франтонам. Дэкор сціплы: ажурны балкон у стылі ампір (чыгуннае ліццё), простыя карнізы, неглыбокія нішы. Парк — першапачаткова рэгулярнага тыпу. Пейзажныя куткі арганізаваны вакол 2 ставоў, адзін з якіх круглы ў плане з выспай пасярэдзіне, другі — з невял. паўвыспай. на якой стаяла альтанка. У канцы 18 — пач. 19 ст. за палацам пабудавана аранжарэя, пасаджаны сад, разбіты кветнікі. У 1820 пастаўлены помнік рас. імператару Аляксандру I. У парку мясц. пароды дрэў (дуб, ліпа, клён) і шэраг экзотаў.
А.М.Кулагін.
Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.Орды.Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль. Палац.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НІК (ад грэч. harmonikos сугучны, стройны, зладжаны),
ручны, клавішна-пнеўматычны муз. інструмент класа духавых язычковых. Складаецца з гукавытворчай механікі (планкі са стальнымі язычкамі, рэзанатары і клавішны механізм), корпуса (2 драўляныя рамы, злучаныя мехам) і меха (паветр. рэзервуар). Вылучаецца насычанасцю і разнастайнасцю тэмбравых і дынамічных гукавых фарбаў, багаццем выразных і тэхн. магчымасцей. Створаны ў 1822 у Германіі (удасканалены ў 1829 у Вене), хутка пашырыўся ў многіх краінах свету, зазнаўшы ўздзеянне пэўных этнічных традыцый. Існуе ў розных відах і мае розныя сістэмы. Акрамя гармоніка ручнога (у т. л. канцэрціна, баян, акардэон) вядомы таксама нажныя (у т. л. фісгармонія) і губныя гармонікі. На Беларусі з 2-й пал. 19 ст.найб. пашыраны ручныя гармонікі «венка» і «хромка», з пач. 20 ст. — педалёўка (паветра ў мех напампоўваецца з дапамогай нажной педалі). У сістэме нар.муз. інструментарыя гармонік займае вядучае становішча. Выкарыстоўваецца ў самадз. і прафес. практыцы (сольнай, ансамблевай і аркестравай).