ПРЫВІЛЕ́Й 1432,

заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены ад імя караля польскага Ягайлы як вярх. князя літоўскага і рускага яго ўпаўнаважанымі пасламі са згоды новага вял. кн. ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча ў Гродне 15.10.1432, у дзень заключэння новай уніі паміж Польшчай і ВКЛ. Меў на мэце схіліць на бок Жыгімонта баярства, што падтрымлівала вял. кн. Свідрыгайлу. Паводле П. правасл. бел. і ўкр. князі і баяры ўраўноўваліся ў асабістых і маёмасных правах з феадаламі-католікамі. Ім гарантавалася недатыкальнасць маёнткаў як спадчынных, так і дадзеных вял. князямі, права вольнага распараджэння землямі, дазвалялася займаць дзярж. пасады ў Віленскім і Трокскім ваяв., уступаць з літ. баярамі ў гербавае братэрства (набываць гербы). Такім чынам, на правасл. баярства былі пашыраны Прывілей 1387 і Гарадзельскі прывілей 1413. Аднак фактычна П. 1432 дзейнічаў толькі на тэр. зах. часткі Беларусі. Бел. і ўкр. феадалы ў сваёй масе не падтрымалі Жыгімонта і выступілі супраць падпарадкавання Польшчы. Яны ўступалі ў войска Свідрыгайлы, разгаралася феад. вайна (гл. Свідрыгайлы паўстанне 1432—39). Гэта вымусіла Жыгімонта выдаць Прывілей 1434. П. 1432 напісаны на лац. мове.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗЫ́НЫ,

княжацкі род герба «Агінец» у ВКЛ, Польшчы, Рас. імперыі. Паходзяць ад Рурыкавічаў, з 16 ст. выводзілі сябе ад чарнігаўскіх князёў, уладальнікаў Казельска каля Калугі, аднак дакументальна гэта не пацвярджаецца. Родапачынальнік Васіль Глушонак выслужыў у вял. князя ВКЛ Казіміра землі на Смаленшчыне, у пач. 1480-х г. перайшоў да вял. князя маскоўскага Івана III. Яго нашчадкі засталіся ў ВКЛ. Найб. вядомыя: Алехна Васілевіч (мянушка Глазына; ?—1500?). У 1450-х г. вызначыўся ў вайне з чэшскім правіцелем Іржы Подзебрадам. Акольнічы смаленскі ў 1486—1500, намеснік лучынскі ў 1494—1500. Іван Васілевіч (мянушкі Глазыніч, Пузынін). У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—94 перайшоў да Івана III. Яго сыны Міхаіл, Дзмітрый, Іван, Леў, Андрэй, Юрый засталіся ў ВКЛ. Дзмітрый Іванавіч (мянушка Глушонак; ?—1510?). Ад яго сына Багдана пайшоў род Агінскіх. Багдан Цімафеевіч (?—1571), унук Івана Іванавіча. Маршалак гаспадарскі з 1567. Аляксандр (у манастве Афанасій; ?—1650), сын Юрыя. Паборца валынскі ў 1613, пасол на сеймы 1616, 1618, 1632. Змагаўся супраць увядзення уніяцтва. У 1632 абраны праваслаўным епіскапам луцкім і астрожскім, з 1633 архімандрыт жыдычаўскі. Геранім (?—1657), сын Яна. Удзельнічаў у войнах з туркамі. Пасол на сеймы. У 1640—50-я г. адзін з найб. актыўных абаронцаў кальвінізму ў ВКЛ. Андрэй (?—1701), сын Гераніма. Староста упіцкі, кашталян мінскі з 1697. Міхал (?—1723), сын Андрэя. Рэгент меншай канцылярыі ў ВКЛ у 1699—1717, харунжы надворны ў 1712—17, пісар вялікі ВКЛ з 1717. Пасол на сейм 1697. У 1712 і 1720 пасол да цара Пятра I. Крыштоф Дамінік (1—2.11.1731), сын Андрэя. Падстолі упіцкі ў 1695 і староста ў 1696—1720, мсціслаўскі кашталян з 1720 (або 1722) і ваявода з 1730. Пасол на сеймы 1696, 1697, 1712—13, 1718, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1727. Стафан Міхаіл (21.12.1667, г. Упіта — 5.3.1738), сын Андрэя. Д-р філасофіі (1705), тэалогіі (1734). З 1685 езуіт. Пётр (21.7.1664—1.3.1717), сын Яна Казіміра. З 1677 езуіт. У 1709—13 рэктар Нясвіжскага калегіума. Антоні Міхал (?—24.3.1752). Харунжы упіцкі з 1717 і староста ў 1724—32, харунжы надворны з 1728, кашталян мсціслаўскі з 1746. Юзаф Эдвард (24.9.1878—20.1.1949). З 1919 працаваў у мін-ве замежных спраў Польшчы. Аўтар лірычных і сатыр. вершаў (зб. «Даўней», 1905), патрыят. паэм, гімнаў, паэт. драм (зб. «Па дарозе», 1922), аповесцей. Вывучаў праблемы паходжання княжацкіх родаў ВКЛ, іх паліт. ролю ў жыцці дзяржавы. Аўтар працы «Вялікае княства Літоўскае да Міндоўга» (часткова апублікавана ў 1937).

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ЧНАЯ ПАМЕ́РА,

аграрная рэформа ў ВКЛ у 16—17 ст.; комплекс эканам., сац. і тэхн. мерапрыемстваў па ўдасканаленні сістэмы землекарыстання і абкладання сялян павіннасцямі. Валочная памера ў 1530-я г. пачала ажыццяўляць у сваіх уладаннях Бона Сфорца (жонка вял. князя Жыгімонта I), потым Жыгімонт II Аўгуст і некат. феадалы ў зах. землях ВКЛ. Мэты і задачы валочнай памеры ў велікакняжацкіх уладаннях найб. поўна сфармуляваны ва «Уставе на валокі» 1557. У дзярж. валасцях усх. Беларусі валочная памера праведзена ў канцы 16 — 1-й пал. 17 ст. У якасці асн. адзінкі абкладання тут была ўведзена служба — надзел ворнай зямлі плошчай у 1 валоку. У ходзе валочныя памеры зведзеныя ў адзіны масіў сял. землі падзелены на валокі (21,36 га), вызначана якасць глебы, ліквідавана цераспалосіца, замацавана трохпольная сістэма; устаноўлена таксама сістэма відаў і нормаў павіннасцей з валокі, частка натуральных павіннасцей заменена на грашовы чынш. Сял. сядзібу найчасцей размяшчалі на сярэднім полі валокі; хаты ў вёсках размяшчалі на адным баку вуліцы, гасп. будынкі — на другім. Адну валоку часта бралі 2 сял. сям’і. Ажыццяўленне валочнай памеры ў значнай ступені уніфікавала эксплуатацыю сялян, што прывяло да ўзмацнення прыгоннага права ў ВКЛ.

т. 3, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБА́РА РАДЗІВІ́Л (6.12.1520—8.5.1551),

каралева Польшчы і вял. княгіня ВКЛ (1550—51). Другая жонка Жыгімонта II Аўгуста. Дачка падчашага ВКЛ (пазней кашталяна віленскага і вял. гетмана ВКЛ) Юрыя Радзівіла. У 1537 аддадзена замуж па маёмасных меркаваннях за новагародскага (пазней трокскага) ваяводу Станіслава Гаштольда. Пасля яго смерці сышлася з Жыгімонтам Аўгустам (1543). Пачуцці вял. князя да Барбары Радзівіл імкнуліся выкарыстаць для ўзмацнення ўласных пазіцый яе брат Мікалай Радзівіл Руды і стрыечны брат Мікалай Радзівіл Чорны. Пад іх націскам у 1547 у Вільні адбылося патаемнае вянчанне Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам. Пасля заняцця апошнім трона караля польскага (1548) супраць гэтага шлюбу выступілі шматлікая шляхта і магнаты, незадаволеныя ростам уплывовасці Радзівілаў і знявагай каралеўскай годнасці няроўным шлюбам. Рашуча супраць Барбары Радзівіл была настроена каралева польская і вял. княгіня ВКЛ Бона Сфорца. Сойм у Пётркаве (1548) выступаў за скасаванне шлюбу, але Жыгімонт Аўгуст дамогся яго афіц. прызнання, пагражаючы адрачэннем ад трона і заключыўшы саюз з Габсбургамі. Барбара Радзівіл была каранавана ў Кракаве 5.12.1550, але ў хуткім часе памерла. Пахавана ў Віленскім кафедральным саборы. Гісторыі рамантычнага кахання Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам прысвечаны шматлікія маст. творы.

Барбара Радзівіл. Партрэт Лукаса Кранаха Старэйшага. Сярэдзіна 16 ст.

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР (5.8.1461, Кракаў — 19.8.1506),

вял. князь ВКЛ [1492—1506], кароль польскі [1501—06]. Сын Казіміра IV, унук Ягайлы. Час княжання Аляксандра супаў з аднаўленнем шырокага наступлення Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ, прыпыненага пры Казіміры IV. У 1492—94 ВКЛ страціла частку сваёй тэр. з гарадамі Мцэнск, Любуцк, Вязьма, Дарагабуж і інш. Жаніцьба Аляксандра з дачкою вял. маскоўскага князя Аленай Іванаўнай не прывяла да прымірэння. У вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03, паводле дагавору аб 6-гадовым перамір’і, ВКЛ страціла 25 гарадоў (паводле інш. звестак 19; у т. л. Чарнігаў, Старадуб, Бранск, Гомель). Адначасова Аляксандр змушаны быў весці барацьбу з саюзнікамі Масквы — крымска-татарскім ханам Менглі-Гірэем, войскі якога былі разгромлены ў Клецкай бітве 1506, і малдаўскім гаспадаром Стафанам. Ва ўнутр. палітыцы Аляксандр ішоў на далейшыя ўступкі феадалам ВКЛ (гл. Прывілей 1492). Як польскі кароль пашырыў правы шляхты (гл. Радамская канстытуцыя). Абранне Аляксандра польскім каралём абазначала аднаўленне працэсу аб’яднання дзвюх дзяржаў пад уладай аднаго манарха, які выбіраўся феадаламі Польшчы і ВКЛ. З гэтага часу ў адносінах да абедзвюх дзяржаў пачала ўжывацца назва Рэч Паспалітая, якая пазней стала афіцыйнай. Аляксандр — адзіны польскі кароль, пахаваны ў Вільні.

М.​І.​Ермаловіч.

Вялікі князь ВКЛ Аляксандр.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУЛЬНАЗЕ́МСКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,

заканадаўчыя акты ВКЛ, якія дзейнічалі на тэр. ўсёй дзяржавы і замацоўвалі правы розных сац. груп, найперш шляхты. Найб. вядомыя тры прывілеі 1387 вял. князя ВКЛ Ягайлы, два з іх (ад 20 і 22 лют.) вызначалі льготы феадалам за пераход у каталіцтва, вызвалялі каталіцкае духавенства ад дзярж. павіннасцяў і падаткаў. Гарадзельскі прывілей 1413 замацоўваў унію ВКЛ з Польшчай, пашыраў правы феадалаў-католікаў і абмяжоўваў правы правасл. феадалаў. Прывілеямі 1432 і 1434 правасл. феадалам даваліся такія ж правы, як і католікам. Апошні прывілей гарантаваў асабістую свабоду і недатыкальнасць шляхты. Прывілеем 1447 вял. кн. Казімір забараняў надзяляць чужынцаў, у т. л. палякаў, пасадамі, маёнткамі, землямі і чынамі ў ВКЛ, абмяжоўваў права пераходу сялян ад аднаго феадала да другога. Прывілеем 1492 вял. кн. Аляксандр пацвердзіў ранейшыя правы шляхты, вызначыў асновы адм., цывільнага і крымін. права. У 1506 Жыгімонт I Стары выдаў прывілей, які пацвердзіў усе папярэднія прывілеі, дадзеныя духоўным і свецкім феадалам, гарадам, мяшчанам і наогул асобам усякага стану. Ім завяршыўся першы этап развіцця пісанага права ў форме агульназемскіх прывілеяў, потым асн. законамі краіны сталі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588 (пра кожны гл. асобны арт.).

Я.​А.​Юхо.

т. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФІ́ЦІ (італьян. graffito мн. лік ад graffito літар. надрапаны),

старажытныя надпісы, зробленыя вострымі прадметамі на сценках будынкаў і розных рэчах. Графіці часта знаходзяць пры раскопках стараж. і сярэдневяковых гарадоў і паселішчаў у многіх краінах свету. Гэтыя гіст., прысвячальныя, магічныя і інш. надпісы маюць вял. значэнне для вывучэння рэлігіі, побыту, мовы, пісьменнасці стараж. і сярэдневяковых грамадстваў. На тэр. Беларусі найб. стараж. графіці 11 ст. знойдзены ў Сафійскім саборы ў Полацку. На вял. плоскім камені ў падмурку выдрапаны імёны людзей, якія яго будавалі: «Давидъ, Тоума, Микоула», «Петър, Воришько» і слова «Къпьсь». Графіці 12 ст. выяўлены на прасліцах, амфарах у Мінску, Навагрудку, Пінску, Віцебску, Друцку. Яны даюць звесткі аб імёнах, бытавой лексіцы. Графіці 13 ст. знойдзены ў Спаскай царкве ў Полацку, Благавешчанскай царкве ў Віцебску. Выяўлена некалькі графіці 15 ст., якія маюць дакладнае датаванне іх напісання, напр. графіці пра смерць Казіміра IV Ягелончыка, вял. князя ВКЛ і караля Польшчы, і ўступленне на трон яго сына Аляксандра. Косці з надпісамі і малюнкамі выяўлены на гарадзішчы Маскавічы (Браслаўскі р-н). Выкананнем да графіці блізкія берасцяныя граматы.

Г.​В.​Штыхаў.

Графіці на прасліцах 12—13 ст. з гарадзішча Маскавічы Браслаўскага раёна.

т. 5, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́Н III Васілевіч

(22.1.1440, Масква — 27.10.1505),

вялікі князь уладзімірскі і маскоўскі [1462—1505], Сын Васіля II Цёмнага. Імкнуўся да ўмацавання і цэнтралізацыі Маскоўскай дзяржавы. У час яго праўлення выйшаў Судзебнік 1497, пачаў складвацца цэнтралізаваны апарат улады, павялічылася значэнне памеснага землеўладання і дваранства, аслаблены пазіцыі ўдзельных князёў. Праводзіў палітыку «збірання рускіх зямель» вакол Масквы: да Маскоўскага княства далучыў Яраслаўскае (1463) і Растоўскае (1474) княствы, Цвярское вял. княства (1485), Вяцкія (1489) і ч. Разанскіх зямель, Наўгародскую феад. рэспубліку. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94 і вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 да Маскоўскага княства адышлі гарады Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Бранск, Гомель, Старадуб, Мцэнск і інш. Пры І. III канчаткова скасавана залежнасць Масквы ад Залатой Арды (1480), але ён падтрымліваў добрыя адносіны з Крымскім ханствам для барацьбы з ВКЛ. У гады яго праўлення вырас міжнар. аўтарытэт Рус. дзяржавы, пачалося афармленне поўнага тытула вял. князя «ўсяе Русі».

Літ.:

Ткаченко В.А. Московские великие и удельные князья и цари. М., 1992;

Алексеев Ю.Г. Освобождение Руси от ордынского ига. Л., 1989;

Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М. 1985.

т. 7, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭМЛЬ,

цэнтральная ўмацаваная частка стараж.-рус. гарадоў. Упершыню згадваецца ў летапісе як «крэмнік» каля 1331. Да 14 ст. К. называлі дзядзінцам, у 16—17 — горад, град. Звычайна размяшчаўся на высокім месцы, часцей на беразе ракі ці возера. Спачатку ўзводзіліся земляныя і драўляныя ўмацаванні, з 11 ст. — мураваныя (з каменю ці цэглы, напр., у Ноўгарадзе з 1044, у Старой Ладазе з 1116, Пскове з 13 ст.), часта абкружаліся ровам з вадой. Плошча К. мела значныя памеры, тут звычайна знаходзіліся палац князя, гал. сабор, двары баяр і царк. знаці. Падкрэслены рэльефам, К. дамінаваў у забудове, быў градаўтваральным ядром стараж.-рус. горада, вызначаў яго сілуэт. Горад рос за кошт пасадаў і звязваўся з К. радыяльнымі вуліцамі. Шырокае буд-ва мураваных К. вялося ў 16—17 ст. Вядомы К. ў Пскове, Каломне, Туле, Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Смаленску, Растове, Суздалі, Ноўгарадзе, Табольску, Крэмль Маскоўскі і інш.

Літ.:

Воробьев А.В. Астраханский Кремль. Волгоград, 1968;

Агафонов С.Л. Нижегородский Кремль: Архитектура, история, реставрация. Горький, 1976;

Кириков Б.М. Новгородский Кремль. Л., 1975;

Баниге В.С. Кремль Ростова Великого XVI—XVII в. М. 1976;

Ильенко И.В. Рязанский Кремль: Ист.-архит. музей-заповедник: [Фотоочерк]. М., 1978.

Крэмль у г. Тула.

т. 8, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́ВІЯ (чэш. Morava),

гістарычная вобласць у Цэнтр. Еўропе ў чэш.-славацкім памежжы. У старажытнасці каля 400 да н.э. населена кельтамі, якіх у пач. н.э. выцеснілі герм. плямёны маркаманаў і роднасных ім квадаў. У 6 ст. заселена славянамі. У 623—658 у складзе княства Сама, у 9 — пач. 10 ст.Вялікамараўскай дзяржавы. З 1029 уладанне Пржэмыславічаў. З 1182 маркграфства ў складзе «Свяшчэннай Рым. імперыі». Каланізавалася немцамі. З 1197 пад уладай чэш. князя (караля). Жыхары М. ўдзельнічалі ў гусіцкіх войнах. З 1490 у персанальнай уніі з Чэхіяй. У пач. 16 ст. тут пашыраны рэфармацыйныя вучэнні (лютэранства, анабаптызм). З 1526 уладанне Габсбургаў. Да 1641 адм. цэнтр — г. Оламаўц. У 1782 аб’яднана з аўстр. Сілезіяй у адм. адзінку з цэнтрам у г. Брно. З 1849 каронная зямля Аўстрыі. У пач. 20 ст. адзін з найб. эканамічна развітых рэгіёнаў Аўстра-Венгрыі. З 1918 у складзе Чэхаславакіі. У 1938 большая ч. М. анексіравана, з 1939 акупіравана ням.-фаш. войскамі, наз. Пратэктаратам Чэхіі і Маравіі. У маі 1945 вызвалена сав. войскамі. У 1949 падзелена на Паўн.Мараўскую і Паўд.-Мараўскую вобл. З 1993 у складзе Чэш. Рэспублікі.

Літ.:

Великая Моравия, ее историческое и культурное значение: Сб. М., 1985.

т. 10, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)