Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАГРА́ФІЯ (ад гідра... + ...графія),
1) раздзел гідралогіі сушы, які вывучае і апісвае канкрэтныя водныя аб’екты і ўсю гідраграфічную сетку пэўнай тэрыторыі з характарыстыкай геагр. становішча, памераў, рэжыму, фізіка-геагр. умоў і гасп. выкарыстання. Выяўляе заканамернасці пашырэння вод сушы, асаблівасці рэжыму і гасп. значэнне іх у розных прыродных раёнах і ландшафтных зонах. Даследуе антрапагенныя змены рэжыму водных аб’ектаў. Цесна звязана з азёразнаўствам і гідралогіяй рэк.
2) Навука пра суднаходныя трасы, формы ложа акіянаў, мораў, азёр і рэк. Даследуе гідраметэаралагічныя ўмовы на трасах, абрысы берагоў, прапануе сукупнасць мерапрыемстваў па стварэнні ўмоў бяспечнага суднаходства. Падзяляецца на гідраграфічны вопіс і навігацыйнае абсталяванне.
На Беларусі першыя звесткі па гідраграфіі адносяцца да 2 ст.н. э. — на картах Пталамея паказаны рэкі Барысфен (Дняпро), Хранон (Нёман), Рубон (Зах. Двіна). Значныя гідраграфічныя работы пачаліся ў 1580-я г., у выніку іх у 1613 у г. Амстэрдам выдадзена Радзівілаўская картаВял.кн. Літоўскага. У 1802 Дэпартамент водных камунікацый Рас. імперыі выдаў гідраграфічную карту ўнутр. водных шляхоў (маштаб 1: 4 200 000) і кнігу да яе, дзе даволі поўна апісаны рэкі Беларусі. Даследаванні па гідраграфіі засяроджаны ў Камітэце па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у БДУ і інш.
Літ.:
Булавко А.Г., Макаревич А.А. Развитие географических представлений о речной сети Беларуси с древних времен до 18 в. // Изв. Рус. геогр. о-ва. 1993. Т. 125, вып. 1;
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АФО́РТ (франц. eau-forte літар. азотная кіслата),
від гравюры на метале, у якой паглыбленыя элементы друкарскай формы ствараюцца траўленнем металу кіслотамі.
Металічную пласціну («дошку») пакрываюць кіслотаўстойлівым лакам, потым гравіравальнай іголкай, якая знімае лак і агаляе метал, наносяць малюнак. Змясціўшы «дошку» ў кіслату, пратраўліваюць метал, што паглыбляе след ад іголкі. Малюнак запаўняюць фарбай. Адбіткі з дапамогай спец. станка пераносяць на вільготную паперу. У шырокім сэнсе афорт уключае і інш. віды гравюры з траўленнем: акватынту, лавіс, мяккі лак; можа спалучацца з «сухой іголкай» і гравюрай разцом. Афорт узнік у Зах. Еўропе на пач. 16 ст. (Д.Хопфер, А.Дзюрэр у Германіі, У.Граф у Швейцарыі). Развіццё атрымаў у творчасці мастакоў 17—19 ст.: Ж.Кало (Францыя), Рэмбранта, Дж.Піранезі (Італія), Ф.Гоі (Іспанія). Да афорта звяртаюцца ў 20 ст. Ф.Брэнгвін (Вялікабрытанія), К.Кольвіц (Германія) і інш.
На Беларусі першыя афортныя творы (медзярыт) з’явіліся ў 16 ст. (Карта Полацкай зямлі і План Полацка, абодва 1579). У 1980—90-я г. ў тэхніцы афорта выконваюцца асобныя творы і цыклы, прысвечаныя гісторыі і сучаснасці (Л.Ран, А.Кашкурэвіч, Л.Асецкі, А.Паслядовіч, Г.Паплаўскі, М.Басалыга, М.Барздыка, В.Баранаў, С.Герус, С.Балянок, Ю.Падолін і інш.).
М.М.Паграноўскі.
Да арт.Афорт. Г.Паплаўскі. Ілюстрацыя да паэмы Я.Купалы «Яна і Я». 1979.Да арт.Афорт. Ю.Падолін. Пакінуты. 1994.Да арт.Афорт. Л.Ран. Партрэт дзяўчыны. 1959.Да арт.Афорт. Ф.Гоя. Бравісіма! З серыі «Капрычас». 1793—1803.Да арт.Афорт. А.Кашкурэвіч. Смага. 1970.Да арт.Афорт. Ж.Кало. Два камедыянты. 1620-я г.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕН (ад грэч. genos род, паходжанне),
спадчынны фактар, структурна-функцыянальная адзінка генетычнага матэрыялу, адказная за фарміраванне якой-небудзь элементарнай прыкметы. З дапамогай гена адбываецца запіс, захаванне і перадача генетычнай інфармацыі. Умоўна ген можна ўявіць як адрэзак малекулы ДНК (у некаторых вірусаў і фагаў — малекулы РНК), які ўключае нуклеапратэідную паслядоўнасць з закадзіраванай у ёй першаснай структурай поліпептыду (бялку) або малекулы транспартнай ці рыбасомнай РНК, сінтэз якіх кантралюецца гэтым генам. У вышэйшых арганізмаў (эўкарыёт) ген знаходзіцца ў храмасомах і ў арганелах цытаплазмы (мітахондрыях, хларапластах і інш.); кожны з іх займае ў храмасоме дакладнае месца — локус. Сукупнасць усіх генаў арганізма складае яго генатып. Кожны ген, які ўключае ад некалькіх соцень да 1500 нуклеатыдаў, адказны за сінтэз пэўнага бялку (поліпептыднага ланцуга), ферменту і г.д. Кантралюючы іх утварэнне, ген кіруе ўсімі хім. рэакцыямі арганізма і тым самым вызначае яго прыкметы (гл.Генетычны код).
Дыскрэтныя спадчынныя задаткі адкрыў у 1865 Г.Мендэль, у 1909 В.Іагансен назваў іх генам. У 1911 Т.Морган і яго супрацоўнікі даказалі, што ген з’яўляецца ўчасткам храмасомы, склалі першыя храмасомныя карты, на якіх пазначылі размяшчэнне асобных генаў на храмасомах (гл.Генетычная карта храмасом). Адрозніваюць гены: структурныя, што нясуць інфармацыю пра паслядоўнасць амінакіслот у поліпептыдзе, і рэгулятарныя (кантралююць і рэгулююць дзейнасць структурных генаў); алельныя і неалельныя (гл.Алелі); паводле лакалізацыі на храмасоме аўтасомныя (гл.Аўтасомы) і счэпленыя з полам (гл.Палавыя храмасомы). Важная ўласцівасць генаў — спалучэнне іх высокай устойлівасці (нязменнасці ў шэрагу пакаленняў) са здольнасцю да мутацый, якія служаць асновай зменлівасці арганізмаў, што дае матэрыял для натуральнага адбору; у чалавека зрэдку прыводзіць да генных хвароб (гл.Спадчынныя хваробы). Распрацаваны метады выдзялення, сінтэзу і кланавання (размнажэння) генаў. Створаны банк генаў для розных груп арганізмаў.