мінеральныя ўтварэнні, якія маюць вісмут у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання. Вядома больш за 60 рудных вісмутавых мінералаў. Асноўныя: вісмут самародны, вісмуцін, тэтрадыміт, казаліт, бісміт, бісмуціт, тэлуравісмуціт. Радовішчы эндагенныя (постмагматычныя і гідратэрмальныя) і экзагенныя. Радовішчы ўласна вісмутавых руд, у якіх больш за 0,2% вісмуту, рэдкія. Асноўнае значэнне маюць вісмутзмяшчальныя руды (0,001—0,1 Ві) вальфрамавых, алавяных, медных, залатарудных і свінцова-цынкавых радовішчаў. Здабыча ў Аўстраліі, Японіі, Перу, Мексіцы, Балівіі, ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАФО́НД (ад ген + фонд), генетычны фонд,
сукупнасць спадчыннай інфармацыі, зашыфраванай у генет. структурах жывых арганізмаў. Тэрмін уведзены рус. вучоным А.С.Сераброўскім у 1928 г. Носьбіты генафонду — асобіны, віды жывых арганізмаў, папуляцыі. Выміранне і знішчэнне відаў беззваротна збядняюць генафонд Зямлі (біясферы). Распрацоўваюцца метады захавання генет. рэсурсаў біясферы, асабліва генафонд тых раслін і жывёл, што маюць практычнае значэнне (сартоў культ. раслін і парод свойскіх жывёл) або знаходзяцца пад пагрозай знішчэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАНЦЁР (франц. volontaire),
асоба, якая добраахвотна паступіла на ваен. службу. У некаторых дзяржавах сістэма валанцёрства была асн. спосабам камплектавання арміі (напр., у Вялікабрытаніі да 1-й сусв. вайны). З увядзеннем абавязку воінскага страціла сваё значэнне і засталася як дадатак да рэгулярнай арміі, пераважна ў ваен.час. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 прадугледжвае прыём у армію грамадзян, якія добраахвотна паступаюць на ваен. службу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́ЛІ (Joly) Джон (1.11.1857, графства Офалі, Ірландыя — 8.12.1933),
англійскі геолаг і геафізік. Скончыў Трыніты-каледж у г. Дублін. З 1897 праф. у Дублінскім ун-це. Першым звярнуў увагу на значэнне радыеактыўных элементаў для цеплавога рэжыму Зямлі. Па колькасных вызначэннях наяўнасці радыеактыўных элементаў у розных горных пародах падлічыў колькасць энергіі, якая вылучаецца ў працэсе радыеактыўнага распаду. Атрыманыя звесткі выкарыстаў для пабудовы геатэктанічнай гіпотэзы, якой спрабаваў растлумачыць перыядычнасць тэктанічных працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭРЫ́НЫ (Atherina),
род марскіх рыб атр. атэрынападобных. 5 відаў і 1 падвід. Жывуць у Чорным, Азоўскім, Каспійскім, Міжземным м. Вядомы з эацэну. Лайб. пашыраны атэрына паўднёваеўрапейская (Atherina boyeri) і яе падвід — атэрына каспійская (Atherina var caspia).
Даўж. да 15 см. Трымаюцца ў пелагіялі. Заходзяць у прэсныя і салёныя (да 45‰) воды. Палавой спеласці дасягаюць на 2-м годзе жыцця. Нерастуюць з сак. да верасня. Кормяцца зоапланктонам. Маюць прамысл.значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКЕРЫ́НІ (Boccherini) Луіджы (9.2.1743, г. Лука, Італія — 28.5.1805),
італьянскі кампазітар, віяланчэліст. З 1761 першы віяланчэліст капэлы ў г. Лука, заснавальнік струннага квартэта. Гастраляваў у еўрап. краінах. З 1769 жыў у Іспаніі. У яго творчасці адлюстраваўся працэс фарміравання класічнага муз. стылю 18 ст.Найб.значэнне маюць яго віяланчэльныя творы, у т. л. канцэрты для віяланчэлі з арк., камерна-інстр. ансамблі. Сярод інш. твораў: каля 30 сімфоній, арк. п’есы, інстр. санаты, культавая музыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАПОЛІПЛАІДЫ́Я (ад ала... + поліплаідыя),
спадчынная змена ў клетках раслін, радзей жывёл, звязаная з кратным павелічэннем набораў храмасом, якія належаць розным відам або родам. Абумоўлена спантаннай або выкліканай у эксперыменце геномнай мутацыяй. Адбываецца найчасцей пры міжвідавой гібрыдызацыі. Мае асаблівае значэнне ў працэсах відаўтварэння ў раслін. Алапаліплоіды, якія ўтвараюцца праз цотнае павелічэнне храмасомных набораў пры скрыжаванні двух відаў або родаў, наз. амфідыплоідамі (напр., капусна-рэдзькавыя, аржана-пшанічныя, трыцікале і інш. выкарыстоўваюцца ў селекцыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЗНАЧЭ́ННЕ, дэфініцыя,
устанаўленне, раскрыццё зместу якога-небудзь паняцця. Дае магчымасць фармуляваць крытэрыі вылучэння аб’екта, які вывучаецца, сярод іншых аб’ектаў, а таксама магчымасць фармуляваць або ўдакладняць значэнне тэрмінаў (слоў, словазлучэнняў). Вызначэнні фармулююцца ў працэсе навук. даследавання ў наяўным выглядзе і складаюць найважнейшую частку навук. тэорый і іх фрагментаў, адносна завершаных разважанняў. Адлюстроўваючы аб’екты ў іх істотных прыкметах, вызначэнні скарачаюць складаныя апісанні і замяняюць іх больш простымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРА́МНЫ СЛУП,
сукупнасць паслядоўна злучаных выпрамных паўправадніковых дыёдаў. Бываюць германіевыя і крэмніевыя (найб. пашыраны). Маюць да 10 і болей дыёдаў, аформленых звычайна ў пластмасавым корпусе з двума эл. вывадамі. Сярэдняе значэнне выпрамленага току 75—500 мА, адваротнае напружанне 2—15 кВ. Выкарыстоўваюцца як выпрамнікі току (як правіла, высакавольтныя) у электратэхнічных, радыёэлектронных прыладах і прыстасаваннях, у радыёлакацыйнай і тэлевізійнай апаратуры. Некалькі выпрамных слупоў у адным корпусе ўтвараюць выпрамны блок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́БІТУС, хабітус (ад лац. habitus выгляд),
вонкавы выгляд жывёльнага або расліннага арганізма, крышталя, мінералу. У чалавека і жывёл вызначаецца сукупнасцю вонкавых прыкмет, што характарызуюць целасклад, паставу, тэмперамент і канстытуцыю. У заатэхніі габітус с.-г. жывёл разглядаюць у сувязі з канстытуцыянальнымі асаблівасцямі і прадукцыйнасцю. У раслін габітус уваходзіць у характарыстыку жыццёвай формы (біяморфы). Габітус змяняецца на працягу антагенезу, залежыць ад узросту і ўмоў існавання; мае значэнне для прац па інтрадукцыі.