БІ́БЛІЯ (грэч. biblia літар. кнігі),

зборнік твораў стараж. пісьменства, св. пісанне іудзейскай (Стары запавет) і хрысц. (Стары і Новы запаветы) рэлігій. Першая анталогія выбраных кніг (кн. пра станаўленне Сусвету і чалавечага грамадства, хронікі, кодэксы, паэт. медытацыі, маральна-філас. трактаты, прароцтвы, прытчы, афарызмы, апіяграфіі, малітвы, гімны і інш.), аб’яднаных у адным пераплёце паводле храналагічнага і тэматычнага прынцыпаў, зместу і сімвалічнага сэнсу. Складалася на працягу 1-га тыс. да н.э. — 2 ст. н.э. на тэр. Палесціны (стараж. Ізраільска-Іудзейскае царства) і ў месцах яўрэйскай дыяспары на арамейскай, стараж.-яўрэйскай і стараж.-грэч. мовах. Поўная Біблія складаецца з 2 частак — Старога запавету (50 кніг, з іх 39 кананічных, якія выкарыстоўваюцца ў літургічнай службе, і 11 некананічных, прызнаных хрысц. царквой карыснымі для духоўнага выхавання) і Новага запавету [27 кніг; 4 Евангеллі (паводле Матфея, Марка, Лукі, Іаана), зборнік з 22 твораў пад агульнай назвай Апостал, Апакаліпсіс (Адкрыццё Іаана Багаслова)]. Паводле багаслоўскага тлумачэння, слова «запавет» азначае наказ Бога «выбранаму народу» (стараж. яўрэям), а праз яго — усяму чалавецтву. Іудзейская Біблія складаецца з 39 кананічных кніг: Закон, або Пяцікніжжа, прыпісваецца Майсею, Прарокі (кн. Ісаі, Ераміі, Езекііль, Данілы і 12 «малых прарокаў», кн. Ісуса Навіна, Суддзяў, 4 кнігі Царстваў), Пісанні (кн. Руф, 1-я і 2-я Параліпаменом, Ездры, Неяміі, Эсфір, Іова, Псалтыр, Прытчы Саламона, Эклезіяст, Песня песням, Плач Ераміі). Старазапаветная частка хрысц. (праваслаўнай і каталіцкай) Бібліі ў дадатак да кананічных уключае таксама некананічныя кнігі: 1—3-ю Ездры, Тавіта, Юдзіф, Прамудрасць Саламона, Прамудрасць Ісуса Сірахава, прарока Баруха, 1—3-ю кн. Макавеяў. Кананічныя кн. Старога запавету напісаны стараж.-яўр. і часткова арамейскай мовамі, некананічныя — стараж.-грэч. мовай. На т.зв. александрыйскай гаворцы стараж.-грэч. мовы напісаны Новы запавет, за выключэннем Евангелля паводле Матфея, напісанага на сірыйска-халдзейскай гаворцы стараж.-яўр. мовы. У Бібілію не ўвайшлі апокрыфы. Першы збор старазапаветнай часткі Бібіліі стварылі ў 2 ст. да н.э. ў Александрыі на стараж.-грэч. мове 70 перакладчыкаў (Септуагінта — семдзесят — стаў асн. крыніцай пазнейшых выданняў біблейскіх кніг). У 386—406 багаслоў Еранім зрабіў лац. пераклад Бібліі-Вульгату (агульнадаступная), якая легла ў аснову каталіцкай рэдакцыі Бібліі. У Бібліі адлюстраваны драм. шлях развіцця чалавечай духоўнасці. Яна пачынаецца з кн. Быццё (сімвалічная выява ўзнікнення Сусвету, рассялення народаў, станаўленне грамадства і дзяржавы), а заканчваецца Апакаліпсісам — сімвалічным малюнкам «канца свету». У аснове біблейскай філасофіі гісторыі тэадыцэя (апраўданне жыцця і яго крыніцы — Бога перад тварам сусветна-гіст. зла); правідэнцыялізм (гіст. падзеі, з’яўляючыся выяўленнем людской волі, на касм. узроўні прадвызначаныя Богам), месіянства (вера ў прыход Збавіцеля, у яго царства на Зямлі, упэўненасць у тым, што пакліканыя Богам народы і людзі аб’ектыўна выконваюць боскае прадвызначэнне), эсхаталагізм (перакананне ў тым, што гіст. працэс меў свой пачатак і будзе мець сваё завяршэнне). Большасць кніг Старога запавету ёсць гісторыя стараж. ізраільска-іудзейскай тэакратычнай дзяржавы (часткова інш. рэгіёнаў Блізкага Усходу), стараж.-яўр. культуры і старазапаветнай царквы. Новы запавет — гэта аповесць пра зямное жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста, яго апосталаў, пра станаўленне хрысц. царквы і прароцтва пра богачалавецтва пасля канца гісторыі.

У 4—13 ст. узніклі шматлікія рэгіянальныя пераклады Бібіліі. У 9 ст. слав. асветнікі браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі Біблію на стараслав. мову. Гэты пераклад лёг у аснову рукапісных біблейскіх кніг, што бытавалі на ўсх.-слав. землях, у т. л. на Беларусі. Першы рукапісны звод Бібіліі на царк.-слав. мове ўкладзены ў Ноўгарадзе (1499) па ініцыятыве архіепіскапа Генадзія («Генадзіеўская біблія»). Першую друкаваную Біблію ў слав. свеце выдалі чэхі (1488). На Беларусі спісы біблейскіх кніг з’явіліся пасля хрышчэння Русі (988). Некаторыя з іх, верагодна, рыхтаваліся Рагнедай Рагвалодаўнай, Ефрасінняй Полацкай. Свае скрыпторыі (цэнтры па перапісцы кніг) мелі бел. гарады, манастыры, епіскапскія кафедры. Пра біблейска-выдавецкую традыцыю сярэдневяковай Беларусі сведчаць высокамаст. ілюстраваныя помнікі рукапісных евангелляў і псалтыроў. Першым зборам царкоўнаслав. рукапісных кніг Бібліі на Беларусі стаў багата аздоблены «Дзесятаглаў», створаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі асветнікам Мацеем Дзесятым. Разам з «Пяцікніжжам», перапісаным дзякам Фёдарам у 1514, «Дзесятаглаў» склаў поўны збор Бібліі. У 1517—19 Ф.Скарына выдаў 23 ілюстраваныя кнігі першай бел. Бібліі пад агульнай назвай «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Каля 1522 Скарына надрукаваў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой аб’яднаны Псалтыр, Часасловец (малітвы), урачыстыя гімны (каноны і акафісты, некаторыя з іх — паэт. творы Скарыны). У 1525 ён жа выдаў «Апостал». Напісаныя Скарынам 50 прадмоў і 62 пасляслоўі да сваіх кніг — першыя на Беларусі каментарыі да Бібліі, у якіх тлумачыцца паходжанне кожнай кнігі, іх аўтарства, асаблівасці зместу, вобразаў і сімвалаў, іх значэнне для рэліг., маральнага і грамадскага выхавання. Свецкае выданне Бібліі Скарынам паўплывала на развіццё кніжна-выдавецкай біблейскай традыцыі на Беларусі (гл. Брэсцкая біблія). Прадаўжальнікам кнігавыдавецкай справы Скарыны быў В.Цяпінскі. Каля 1580 ён пераклаў на старабел. мову і выдаў «Евангелле» (паводле Матфея, Марка і частку Евангелля паводле Лукі). Вопыт Скарыны выкарысталі І.Фёдараў і П.Мсціславец, якія выдалі ў Маскве «Апостал» (1564). У 1566 яны пераехалі на Беларусь, на сродкі Р.Хадкевіча выдалі «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568—69); Фёдараў выдаў таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1569). Мсціславец выехаў у Вільню і ў друкарні Мамонічаў выдаў «Евангелле напрастольнае», «Псалтыр» і «Часоўнік» (1575—76). Фёдараў у канцы 1572 — пач. 1573 пераехаў у Львоў, выдаў там «Апостал» (1574), пазней у друкарні К.Астрожскага ў Астрогу — «Псалтыр» і «Новы запавет» (1580), а таксама поўную слав. друкаваную кірылічным шрыфтам «Астрожскую біблію» (1581). У канцы 16—17 ст. Вільня і мяст. Еўе (каля Вільні) заставаліся асяродкамі выдання біблейскіх кніг на царк.-слав. мове. З 2-й чвэрці 17 ст. дзейнічалі новыя цэнтры выдання біблейскіх кніг — друкарні: Куцеінскага манастыра пад Оршай, С.Собаля ў Буйнічах пад Магілёвам, магілёўская М.Вашчанкі, брацкая Магілёва, Супрасльскага манастыра. У канцы 18 ст. віленскія друкарні перадрукавалі з маскоўскіх выданняў «Евангелле» (1790), «Евангелле вучыцельнае» (1794), «Псалтыр» 1795 (2-е выд. 1796). З канца 18 ст. да 1917 на Беларусі біблейскія кнігі не друкаваліся. Толькі уніяцкая царква выдала шэраг катэхізісаў, малітоўнікаў і падручнікаў, якія знаёмілі вернікаў са зместам Бібліі. Першыя практычныя крокі да перакладу Новага запавету на сучасную бел. мову зроблены ў Зах. Беларусі і Польшчы. Традыцыя перакладу і выдання Бібліі аднавілася ў Зах. Беларусі (пераклад і выданне на бел. мове Новага запавету прапаведнікам Л.Дзекуць-Малеем і А.Луцкевічам у 1920—30-я г.), за мяжой [выданне ксяндза П.Татарыновіча ў 1954 у Рыме, выданне бел. Бібліі ў перакладзе гісторыка і філолага Я.Станкевіча ў Нью-Йорку (1950—60-я г., 1970, 1973)], замежныя выданні біблейскіх кніг у перакладзе пастара Я.Пятроўскага (Гейневіл, 1984, 1987). У 1990—95 апублікаваны бел. пераклады біблейскіх кніг В.Сёмухі, А.Клышкі; выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» ажыццёўлена факсімільнае перавыданне «Бібліі» Скарыны (т. 1—3, 1990—91).

Біблія — адзін з самых багатых і складаных помнікаў сусв. культуры, многія старонкі якога насычаны глыбокай жыццёвай мудрасцю і вызначаюцца вял. маст. сілай. Асаблівасцямі Бібліі як помніка культуры з’яўляюцца сінкрэтызм (адзінства рэальнасці і міфа, гісторыі і тэалогіі, гіст. фактаў і цудаў, філасофіі і паэзіі, даследавання і прароцтва, навук. і аксіялагічнага падыходаў да ацэнкі ідэй, фактаў, ідэалаў) і сімвалізм (погляд на гіст. падзеі як на знакавае выяўленне духоўных сэнсаў). Біблія паўплывала на экзістэнцыялісцкую філасофію гісторыі. Біблейскія сюжэты, матывы, вобразы і сімвалы шырока выкарыстоўвае сусв. л-ра, выяўл., тэатр., муз. мастацтва і кіно. У бел. л-ры вобразныя і сімвалічныя сістэмы Бібліі выявіліся ў 12—18 ст. у творчасці Кірылы Тураўскага, Скарыны, М.Сарбеўскага, М.Сматрыцкага, І.Пацея, братоў Л. і С.Зізаніяў, А.Філіповіча і універсальная — у паэзіі і аратарскай прозе Сімяона Полацкага. Біблейскія матывы фалькларызаваліся ў нар. творчасці (чарадзейныя казкі, абрадавыя песні, легенды), у тэатр. і інш. мастацтве, бел. л-ры (творчасць Я.Купалы, З.Бядулі, У.Караткевіча, інш. бел. пісьменнікаў).

Біблія ці яе часткі перакладзены больш як на 1250 моў і дыялектаў практычна ўсіх краін свету. Існуе шырокая сетка т-ваў, аб’яднанняў, асацыяцый, агенцтваў па вывучэнні Бібліі, яе перакладзе, выданні, распаўсюджванні. Вывучэннем Бібліі займаюцца біблеістыка, герменеўтыка, тэалогія і інш. навукі.

Літ.:

Никольский Н.М. Древний Израиль. 2 изд. М., 1922;

Виппер Р.Ю. Возникновение христианской литературы. М.; Л., 1946;

Фрэзер Дж.Дж. Фольклор в Ветхом завете: Пер. с англ. М.; Л., 1981;

Марковский И.С. Библейская археология. 2 изд. Саратов, 1948;

Робертсон Дж. Первоначальное христианство: Пер. с англ. М., 1930;

Конан У. Каля вытокаў духоўнасці // Беларусь. 1990. № 1;

Шупа С. З гісторыі новабеларускіх перакладаў Бібліі // Вести. Белорусского Экзархата. 1990. № 4;

Яго ж. Біблейскія вобразы і матывы ў беларускім фальклоры // Беларусіка=Albaruthenica. Мн., 1995. Кн. 4;

Яго ж. Народ в координатах культуры // Нёман. 1995. № 2, 7, 12.

У.М.Конан.

т. 3, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУРАЗНА́ЎСТВА,

навука пра паходжанне, сутнасць і грамадскія сувязі маст. літаратуры, спецыфіку літаратурнай творчасці і заканамернасці гісторыка-літаратурных працэсаў. Складаецца з трох асн. раздзелаў: метадалогіі і тэорыі л-ры, гісторыі л-ры, літ. крытыкі.

Метадалогія выпрацоўвае метады і агульныя прынцыпы вывучэння маст. л-ры. Тэорыя Л. даследуе сац. прыроду, вобразна-эстэт. сутнасць, спецыфіку л-ры, прыроду жанравых форм і іх адметнасць, законы літ.-маст. творчасці, агульныя і спецыфічныя заканамернасці станаўлення л-ры, асаблівасці маст. метадаў, плыняў і кірункаў. Гісторыя вывучае л-ру як працэс у канкрэтных яго праявах, важнейшых тэндэнцыях і заканамернасцях, апасродкавана звязаных і абумоўленых заканамернасцямі грамадскага развіцця, даследуе ўзнікненне, змены і развіццё літ. кірункаў, плыняў, станаўленне творчых метадаў і маст. стыляў, вызначае месца пісьменніка і асобных твораў у літаратурным працэсе. Літаратурная крытыка асвятляе бягучы літ. працэс, ацэньвае і тлумачыць літ. творы і адлюстраваныя ў іх з’явы ў святле ідэйна-эстэт. ідэалаў эпохі, арыентуе чытача, накіроўвае яго інтарэсы, вызначае шляхі развіцця л-ры. Л. выкарыстоўвае дасягненні інш. гуманітарных навук, з якімі цесна звязана, — філасофіі, эстэтыкі, сацыялогіі, гісторыі, псіхалогіі, мовазнаўства; уключае такія дысцыпліны, як тэксталогія, тэорыя і практыка выдавецкай (эдыцыйнай) справы, гістарыяграфія, бібліяграфія, архівазнаўства, літ. крыніцазнаўства, краязнаўства, палеаграфія і інш. Некаторыя з дапаможных дысцыплін афармляюцца ў самаст. галіны (напр., тэксталогія).

Асновы вучэння пра маст. л-ру распрацавалі стараж.-грэч. філосафы. Найб. ролю адыграў Арыстоцель, працы якога на доўгі час вызначылі праблематыку і кірунак развіцця Л.; яго ідэямі жывіліся трактаты пра л-ру ў Стараж. Рыме, у эпоху Адраджэння і нават у перыяд класіцызму (Н.Буало). У 18 — пач. 19 ст. на развіццё Л. моцна паўплывалі тэарэт. працы Д.Дзідро, Г.Лесінга, І.В.Гётэ і інш. пісьменнікаў і філосафаў эпохі Асветніцтва, якія цікавіліся пытаннямі спецыфікі маст. л-ры, яе суадносінамі з інш. відамі мастацтва, ідэямі рэалізму і гістарызму. У абгрунтаванні гіст. погляду на л-ру шмат зрабіў ням. філосаф Г.Гегель («Лекцыі па эстэтыцы»). У Расіі ў 19 ст. тлумачэнне праблем і катэгорый эстэтыкі і тэорыі л-ры далі В.Бялінскі, М.Чарнышэўскі, М.Дабралюбаў і інш. У 19 і 20 ст. побач з рэв. -дэмакр. развіваюцца такія кірункі Л., як міфалагічная шкала (В. і Я.Грым, А.М.Афанасьеў), кампаратывізм, або параўнальна-гістарычнае літаратуразнаўства (Т.Бенфей, А.М.Весялоўскі), культурна-гістарычная школа (І.Тэн, А.М.Пыпін), псіхалагічная школа (А.А.Патабня), пазней — фрэйдызм, інтуітывізм, экзістэнцыялізм і інш. плыні. Сучаснае зах. Л. ўяўляе сабой адзіны комплекс усіх найб. значных даследчых метадалогій розных краін. Гісторыю літ. крытыкі можна разглядаць як гісторыю эвалюцыі і барацьбы школ. У 1-й трэці 20 ст. вызначальнай была барацьба паміж «новымі гуманістамі» і прадстаўнікамі радыкальна-дэмакр. кірункаў (марксісцкая крытыка і псіхааналітыкі). З канца 1930-х г. адзначаны ўзлёт «новай крытыкі». З сярэдзіны 1940-х г. у Англіі і ЗША стала папулярнай міфалагічная крытыка. У аснове рытуальна-міфалагічнага кірунку — праца прадстаўніка англ. антрапал. школы Дж.Фрэйзера «Залатая галіна» (т. 1—2, 1890). З сярэдзіны 20 ст. значную ролю адыгрывае франц. структуралізм. У Л. Англіі і ЗША ён выявіўся ў 1960-я г. ў выглядзе постструктуралізму (Іельская школа Ж.Дэрыды). У Англіі ідэі кантынентальных структуралістаў (Р.Барта) выкарыстоўваў Ф.Кермаўд. У 1960—70-я г. ў ЗША на аснове тэорый знака, сімвала і метафары развівалася семантычная крытыка, якая цікавілася ў асн. тэкстам; яна была блізкая да «новай крытыкі» і структуралізму. Расчараванне ў тэкстуальных і глыбінна-псіхал. метадах спрыяла адраджэнню ў апошнія дзесяцігоддзі традыц. падыходаў — культ.-гіст., сацыялагічнага. У 1980-я г. заявілі пра сваю гуманістычную арыентацыю фенаменалагічныя і рэцэптыўныя крытыкі. Частка зах. Л. адкрыта арыентуецца на займальнасць, што відавочна нават у працах буйнейшых літ.-знаўцаў (Н.Фрая, К.Леві-Строса, Дэрыды).

Спробы навукова-крытычнага асэнсавання бел. л-ры можна бачыць у помніках стараж. пісьменнасці, у прадмовах і пасляслоўях Ф.Скарыны, у «Песні пра зубра» (1522) Міколы Гусоўскага, у падручніках «Грамматика словенская» (1593) Л.Зізанія, «Грамматика» (1619) М.Сматрыцкага, у творах Сімяона Полацкага, школьных піітыках і рыторыках 18 ст. і інш. Больш змястоўныя гісторыка-літ. ацэнкі твораў бел. пісьменнасці склаліся ў 19 ст. У дадатку да 1-й часткі працы В.Сопікава «Спроба расійскай бібліяграфіі» (1813) грунтоўна разгледжана Біблія Скарыны, у 1816 у Варшаве на польск. мове выдадзена кн. С.Б.Ліндэ «Аб Статуце літоўскім...», дзе аналізаваліся розныя рэдакцыі помніка, характарызавалася мова, якую аўтар называў беларускай. Агляд новай бел. л-ры дадзены ва ўступным арт. Р.Друцкага-Падбярэскага да т. 1 кнігі Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...» (т. 1—4, Пб., 1844—46). У артыкулах Л.Кавеліна «Помнікі беларускай пісьменнасці» (1845) упершыню прыведзены тэкст бел. ананімнай паэмы «Энеіда навыварат», гаварылася пра І.Манькоўскага, ахарактарызавана жыццё і творчасць Баршчэўскага. У 2-й пал. 19 ст. выйшлі працы па стараж. бел. л-ры, мове, гісторыі асветы, грамадскай думкі: «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» П.Шпілеўскага (1853—56), артыкулы «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» Дабралюбава (1860), «Некалькі слоў пра беларускую народную паэзію і беларускіх паэтаў» (1866, крыптанім Г. Г.), даследаванне А.Г.Кіркора «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў» (1874) з нарысам гісторыі бел. л-ры, «Гісторыя славянскіх літаратур» А.Пыпіна і У.Спасовіча (т. 1—2, 2-е выд., 1879—81), дзе разглядалася бел. нар. паэзія, кніга П.Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына, яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888) і А.Семянтоўскага «Беларускія старажытнасці» (вып. 1, 1890), праца М.Доўнар-Запольскага «Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе» (1896) і яго даследаванні па творчасці В.Цяпімскага, звесткі па гісторыі л-ры, этнаграфіі, фальклоры бел. народа, змешчаныя ў календары «Северо-Западный край».

Літ. крытыка выяўляецца ў артыкулах і рэцэнзіях У.Сыракомлі на творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Е.Раманава на зб. З.Радчанкі «Гомельскія народныя песні» і інш. У пач. 20 ст. бел. л-ру даследавалі ўжо як самаст. галіну бел. культуры: працы рус. (А.Пагодзін, С.Руднянскі, С.Русава), польск. (Е.Янкоўскі, В.Вегняровіч), чэш. (А.Чэрны), літоўскіх (Л.Гіра, А.Янулайціс), укр. (А.Русаў, І.Свянціцкі) даследчыкаў. Грунтоўна распрацоўвалася гісторыка-літ. праблематыка ў працах Я.Карскага, які правёў значную работу па збіранні і навук. апісанні помнікаў стараж. пісьменнасці і літ. твораў новага часу, сістэматызаваў новыя і вядомыя творы і зрабіў спробу перыядызаваць гісторыка-літ. працэс. Важную ролю ў актывізацыі вывучэння бел. л-ры адыгралі газ. «Наша ніва» (1906—15), час. «Маладая Беларусь» (1912—13) і «Лучынка» (1914), дзе друкаваліся артыкулы С.Палуяна, М.Багдановіча, Я.Купалы, М.Янчука, А.Бульбы, М.Гарэцкага, Л.Гмырака, У.Самойлы, А.Луцкевіча, В.Ластоўскага і інш., намаганнямі якіх бел. крытыка стала дзейсным фактарам літ. працэсу на ніве нац. адраджэння. У праграмных артыкулах «Наш тэатр» (1913), «Развагі і думкі» (1914) Гарэцкі сфармуляваў найважнейшыя прынцыпы рэаліст. мастацтва, вызначыў найб. плённы кірунак развіцця бел. прозы, паэзіі і драматургіі, даў азначэнне родавай сутнасці крытыкі як формы самаўсведамлення л-ры, метадалогіі Л. Узоры навук. вывучэння шляхоў развіцця бел. л-ры даў Багдановіч («Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да XVI ст.», «За сто гадоў», «Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры» і інш.). Ён абгрунтаваў ідэю самастойнасці бел. нац. л-ры, сцвердзіў перспектыўнасць вывучэння л-ры ў яе гіст. развіцці, удакладніў перыядызацыю літ. працэсу, прааналізаваў стараж., новую і навейшую л-ру, даў ацэнку творчасці пісьменнікаў 19 і пач. 20 ст. У літ.-знаўчых працах ён прытрымліваўся метадалаг. прынцыпаў культ.-гіст. школы, але ўзбагачаў іх вопытам развіцця бел. прыгожага пісьменства. У першыя паслярэв. гады ў сувязі з ускладненнем грамадска-паліт. абставін бел. Л. не мела магчымасці паспяхова развівацца. Аднак літ. крытыка і публіцыстыка ў перыяд. друку вызначаліся высокай актыўнасцю і былі дзейснымі фактарамі адраджэння нац. культуры і выхавання нац. свядомасці беларусаў (газ. «Гоман», «Вольная Беларусь», «Звезда», «Крыніца», «Беларускі шлях», «Дзянніца», «Беларуская думка», «Беларускае жыццё», «Минский курьер», «Звон», «Беларусь», «Савецкая Беларусь», час. «Рунь», «Вольны сцяг» і інш.). На пачатку 1920-х г. пытанні гісторыі л-ры і грамадскай думкі часам разглядаліся як частка беларусазнаўства. На працягу 1920-х г. ц.-д. і каардынацыйным цэнтрам у галіне бел. Л. быў Інбелкульт. Поспехі ў распрацоўцы пытанняў бел. Л. звязаны з навук. дзейнасцю Гарэцкага, Янчука, І.Замоціна, Я.Барычэўскага, А.Вазнясенскага.

У «Гісторыі беларускае літаратуры» Гарэцкага, «Нарысах беларускай літаратуры» (пад рэд. Янчука, абодва 1920) і «Нарысах па гісторыі беларускай літаратуры. Старадаўні перыяд» (1922) Янчука, працах «Беларуская драматургія» і «М.А.Багдановіч» (абедзве 1927) Замоціна, «Паэмы Янкі Купалы» (1927) і «Ля вытокаў мастацкай прозы Якуба Коласа» (1928—29) Вазнясенскага, кн. «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926), літ.-крытычных артыкулах З.Жылуновіча, У.Дубоўкі, А.Бабарэкі, Я.Пушчы, М.Піятуховіча, С.Замбржыцкага і інш. сістэматызаваны багаты фактычны матэрыял і на яго аснове зроблена спроба навук. перыядызацыі літ. працэсу, выяўлены пэўныя заканамернасці развіцця бел. л-ры.

У «Гісторыі...» Гарэцкага разгледжана развіццё л-ры ад старажытнасці да пач. 1920-х г., ахарактарызаваны літ. помнікі, творы новай і найноўшай л-ры, раскрыта ідэйная барацьба, станаўленне літ. плыняў і кірункаў, вызначана месца вядучых пісьменнікаў у літ. працэсе. У працах Янчука выяўлена сувязь л-ры з гісторыяй народа, з нац.-вызв. рухам, недаацэньваўся ідэйны пафас грамадз. лірыкі Цёткі, Я.Купалы, Я.Коласа. Грунтоўную і аб’ектыўную ацэнку спадчыны Багдановіча, драматургіі Я.Купалы і Ц.Гартнага, ліра-эпічных твораў Я.Коласа даў Замоцін. Прыкметнай з’явай у вывучэнні гісторыі бел. л-ры былі яго спробы стварыць самаст. кірунак даследавання (тэорыя чатырох сінтэзаў — генетычнага, фармальна-мастацкага, сацыялагічнага, ідэалагічнага). Ён выступаў супраць фрэйдысцкіх, інтуітывісцкіх канцэпцый, фармаліст. трактовак мастацтва і суб’ектыўна-ідэаліст. прынцыпаў яго вывучэння. У «Нарысах гісторыі беларускай літаратуры» Піятуховіча (1928) творчасць пісьменнікаў і літ.ідэалаг. плыні 19 — пач. 20 ст. разглядаліся з сацыялагізатарскіх пазіцый. У аснову перыядызацыі л-ры ён паклаў этапы эканам. развіцця. Спрошчана разумеючы ўзаемасувязь грамадз. гісторыі і л-ры, ён выводзіў узровень слоўнага мастацтва непасрэдна з узроўню эканомікі, таму не здолеў аб’ектыўна ацаніць творчасць Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Багдановіча, Цёткі. Аб’ектам вывучэння Вазнясенскага былі творы Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, чыя спадчына тады цалкам закрэслівалася вульгарызатарамі раппаўскай арыентацыі. Актыўна выкарыстоўваючы прынцыпы даследавання, уласцівыя фармальнай школе, ён паставіў складаныя тэарэтыка-метадалаг. праблемы — нац. спецыфікі л-ры, літ. уплываў і запазычанняў, метаду даследавання л-ры і крытыкаваў метадалаг. хібы культ.-гіст. школ за недаацэнку эстэт. прыроды мастацтва. Пры ўсіх заганах, якія меліся ў працах прыхільнікаў марфалагічнага метаду (недастатковая ўвага да праблемы сувязі л-ры з рэчаіснасцю, абсалютызацыя кампазіцыі твора), вывучэнне элементаў структуры, аналіз маст. формы заставаліся важнымі для бел. Л. і крытыкі.

Этапнымі ў распрацоўцы пытанняў тэорыі л-ры і метадалогіі Л. былі даследаванні «Пуціны беларускай літаратуры» Замоціна (1924), «Паэтыка літаратурных жанраў» і «Тэорыя санета» Барычэўскага (абодва 1927), «Паэтыка М.Багдановіча» Вазнясенскага (1926). Як і Багдановіч, Барычэўскі арганічна спалучыў у аналізе гісторыю і тэорыю жанравых форм лірыкі, эпасу, драмы, дыдактычнай паэзіі. Гэтым ён замацоўваў плённую традыцыю адзінства гіст. і тэарэт. падыходу да мастацтва, прапаноўваў вывучаць гісторыю л-ры ў аспекце станаўлення яе жанрава-стылявых форм. Актуальныя пытанні тэарэтыка-метадалаг. характару даследаваў Гарэцкі. Напісанае ім «Назваслоўе», змешчанае ў яго «Гісторыі беларускае літаратуры» (выд. 1924), — першая ў бел. Л. спроба сістэматызацыі літ. тэрмінаў і паняццяў. Зборнікамі «Якуб Колас у літаратурнай крытыцы» і «Творчасць К.М.Міцкевіча (Якуба Коласа)» (1926), «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы» і «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы» (1928) закладзены асновы мэтанакіраванага вывучэння творчасці старэйшых бел. майстроў слова. У канцы 1920-х г. пачалася сур’ёзная тэксталаг. праца (навук.-каменціраваны Зб. твораў у 2 т. Багдановіча, Зб. твораў Я.Коласа, зб. вершаў А.Гаруна «Матчын дар». Найб. значныя дасягненні бел. літ. крытыкі 1920 — пач. 1930-х г. звязаны з дзейнасцю літ. арг-цый «Маладняк», «Узвышша», «Полымя» і перыяд. выданняў, якія абгрунтоўвалі і праводзілі ў жыццё іх ідэйна-эстэт. праграму (час. «Маладняк», «Узвышша», «Полымя»). Вял. ролю ў фарміраванні бел. літ.-крытычнай думкі адыгралі газ. «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска». «Палымянская» крытыка [Жылуновіч, Я.Нёманскі, М.Грамыка, У.Чаржынскі, Я.Марук, П.Жарскі, А.Лясны (А.Мардвілка), С.Баркоўскі і інш.] вял. ўвагу аддавала збіранню і выяўленню маладых бел. літ. сіл, з прынцыповых пазіцый ацэньвала новыя літ. творы, выступала ініцыятарам многіх літ. дыскусій. «Маладнякоўская» крытыка (М.Каспяровіч, М.Аляхновіч, Замбржыцкі і інш.) спрыяла разгортванню масавага літ. руху, аспрэчвала вульгарызатарскія тэзісы аб вызначальнай ролі класавага паходжання пісьменніка, абараняла сял. тэматыку. Крытыка ва «Узвышшы» змагалася за павышэнне ідэйна-эстэт. ўзроўню бел. л-ры і культуру творчасці. У распрацоўцы тэарэт. асноў бел. крытыкі, павышэнні яе прафес. ўзроўню вял. заслуга Бабарэкі, Дубоўкі, К.Чорнага, Я.Пушчы, Ф Купцэвіча. К.Крапівы, М.Лужаніна, З.Бядулі, П.Глебкі, В.Шашалевіча, А.Адамовіча і інш. Крытыкі нац.-адраджэнскай арыентацыі абвяргалі нігілістычныя ўстаноўкі пралеткультаўцаў на пабудову «чыстага» пралетарскага мастацтва, даказвалі неабходнасць беражлівага стаўлення да класічнай спадчыны і развіцця лепшых нац. традыцый, змагаліся за праўдзівае асэнсаванне сац. рэчаіснасці і псіхалогіі чалавека. Развіццё бел. крытыкі ў гэты перыяд звязана з дзейнасцю БелАПП. На раннім этапе «белаппаўская» крытыка працягвала прагрэсіўныя тэндэнцыі «маладнякоўскай» навук.-тэарэт. думкі, пазней яна паўтарыла памылкі, уласцівыя РАППу (вульгарна-сацыялагічны падыход да л-ры, ваяўнічы дагматызм, голае адміністраванне, адрыў ад жыцця, адмоўныя адносіны да нерэаліст. форм творчасці і інш.). Найб. яскрава дэструктыўны пафас вульгарызатарскай, пагромнай крытыкі выявіўся ў дзейнасці Л.Бэндэ, А.Кучара, В.Бухаркіна, Д.Мірончыка, У.Гесена, А.Канакоціна, Л.Якаўлева, Я.Сякерскай, С.Будзінскага, Е.Гальперына, С.Васілёнка і інш.

На пачатку 1930-х г. у развіцці бел. Л. адбыўся значны спад, абумоўлены пагаршэннем грамадска-паліт. клімату ў краіне, у т. л. пачаткам рэпрэсій сярод творчай і навук. інтэлігенцыі. У 1932—34 кіраўніцтва Ін-та л-ры і мастацтва АН Беларусі рабіла захады па стварэнні «Гісторыі беларускай літаратуры», быў напісаны шэраг яе раздзелаў (кніга не завершана). Навук.-тэарэт. ўзровень Л. і крытыкі паніжаўся. Навук. школы, якія ўзначальвалі Замоцін, Барычэўскі, Вазнясенскі, былі ліквідаваны, іх друкаваныя выданні забаронены. У нешматлікіх гісторыка-літ. публікацыях вывучэнне л-ры падмянялася грубымі паліт. нагаворамі на пісьменнікаў, фальсіфікацыяй іх творчасці, наўмысным вышукваннем у іх творах ідэалагічных памылак і варожых сав. ладу ідэй.

Пэўнае ажыўленне навук.-крытычнай думкі пачалося ў пач. 1940-х г.: артыкулы Я.Коласа пра Т.Шаўчэнку, К.Чорнага пра Я.Купалу, М.Ларчанкі і Ю.Пшыркова пра «Новую зямлю», «Сымона-музыку» Я.Коласа, пра спадчыну Багдановіча, публікацыі В.Барысенкі з пераглядам ацэнак творчасці Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча. Праведзены літ. дыскусіі аб крытыцы (1939), паэзіі (1940), прозе (пач. 1941). Выдадзены зб. тэкстаў «Беларуская літаратура XIX ст.» (1940), пачалі друкавацца «Нарысы па гісторыі старажытнай літаратуры» М.Дабрыніна. У 1941 падрыхтаваны да выдання падручнік для пед. і настаўніцкіх ін-таў «Беларуская літаратура», у якім узнімаліся праблемы народнасці мастацтва, што мела вял. метадалагічнае значэнне і адкрывала перспектыву стварыць гісторыю л-ры, заснаваную на аб’ектыўным вывучэнні ўнутр. заканамернасцей яе развіцця. Значную ўвагу пытанням гісторыі л-ры, літ. крытыкі, збіранню і вывучэнню культ. спадчыны, арганізацыі н.-д. работы аддавалі самі пісьменнікі, у першую чаргу Я.Купала і Я.Колас. У пасляваен. час рабіліся спробы перагледзець вульгарна-дагматычныя канцэпцыі, пачалася шырокая прапаганда дасягненняў класічнай спадчыны, створаны праграмы і вучэбныя дапаможнікі па л-ры для сярэдняй школы і ВНУ, крытыка-біягр. нарысы, прысвечаныя творчасці вядучых пісьменнікаў мінулага і сучаснасці. Выйшлі абагульняльныя працы «Нарыс гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1954, на рус. мове) і «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956).

«Нарыс...» упершыню знаёміў усесаюзнага чытача з дасягненнямі бел. сав. л-ры, творчасцю яе вядучых пісьменнікаў. Аднак у кнізе павярхоўна вырашаліся пытанні. звязаныя з разуменнем заканамернасцей літ. працэсу, недаацэньвалася эстэт. прырода мастацтва, спецыфіка л-ры як формы вобразнага адлюстравання рэчаіснасці. Гэтыя недахопы часткова пераадолены ў «Нарысах...», дзе разглядалася таксама стараж. л-ра і л-ра 19 — пач. 20 ст. У выніку больш поўным і шырокім стаў агульны малюнак развіцця бел. л-ры. Перагледжаны некаторыя раней спрошчаныя фармулёўкі і вывады. Пачалі выкарыстоўвацца паняцці нар. вытокаў маст. творчасці, народнасці, якія ігнараваліся вульгарызатарамі. Пры даследаванні дакастр. л-ры на першы план вылучыліся такія складаныя праблемы, як фарміраванне ідэйна-маст. кірункаў, развіццё творчага метаду (працы С.Майхровіча, Барысенкі, Ларчанкі, У.Агіевіча і інш.).

У пер шыя пасляваен. гады бескампраміснасцю ацэнак, нецярпімасцю да недахопаў, падтрымкай перспектыўных тэндэнцый у развіцці л-ры літ. крытыка дзейсна ўплывала на літ. працэс. Якасна новага ўзроўню бел. навук.-тэарэт. і крытычная думка дасягнула ў канцы 1950-х—1960-я г. Актыўна вывучаліся спецыфіка л-ры і заканамернасці літ. працэсу на кожным гіст. этапе, даследаваліся працэс фарміравання ідэйна-маст. кірункаў, стыляў, нац. своеасаблівасці л-ры. Павысіўся навук.-тэарэт. ўзровень гісторыка-літ. і крытычных прац (кнігі А.Адамовіча, В.Івашына, У.Калесніка, Я.Казекі, А.Лойкі, Н.Перкіна, Ю.Пшыркова, Майхровіча, М.Грынчыка, Дз.Бугаёва і інш.). Дасягненні навук.-тэарэт. думкі гэтага перыяду падагульнены ў калект. працах «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66) і «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), у якіх выкарыстаны вопыт даследаванняў у галіне гісторыі сав. шматнац. л-ры. У іх упершыню ў бел. Л. даволі поўна раскрыты гісторыка-літ. працэс, у гал. праявах прааналізавана творчасць вядучых пісьменнікаў, аб’ектыўна ацэнены многія з’явы літ. жыцця. Шырока паказаны літ. рух, ідэйная барацьба, літ. ўзаемасувязі, грамадская і культ.-асв. дзейнасць літ.-маст. арг-цый 1920 — пач. 1930-х г. Зроблена паспяховая спроба спалучыць сац. і эстэт. аналіз, выявіць спецыфіку вобразнага адлюстравання рэчаіснасці. Але ў выданні адсутнічаў раздзел пра асобных мастакоў слова (А.Гарун, дакастр. творчасць М.Гарэцкага), недастаткова быў асветлены творчы шлях рэабілітаваных пісьменнікаў (Я.Нёманскі, С.Баранавых, В.Каваль, Л.Калюга, М.Грамыка, У.Хадыка, Я.Скрыган, Б.Мікуліч, Я.Пушча, Ю.Таўбін, З.Астапенка і інш.). Літ. крытыка гэтага часу вызначалася прынцыповасцю, выразнасцю крытэрыяў сац. і маральнай ацэнкі, паслядоўнасцю ў барацьбе за высокі ідэйна-эстэт. ўзровень л-ры (кнігі і артыкулы Адамовіча, Бугаёва, Р.Бярозкіпа, Пшыркова, У.Юрэвіча, Перкіна, Івашына, В.Каваленкі, Казекі, Калесніка, Ф.Куляшова, Р.Шкрабы, М.Барсток, Лойкі, І.Навуменкі, А.Клышкі, А.Яскевіча, М.Лазарука, М.Яроша, С.Гусака, М.Грынчыка, В.Жураўлёва, П.Дзюбайлы, Ю.Канэ, М.Стральцова, М.Арочкі, С.Александровіча, В.Палтаран і інш.). З артыкуламі па пытаннях л-ры выступалі і пісьменнікі П.Броўка, І.Мележ, М.Лынькоў, В.Быкаў, К.Крапіва, П.Панчанка, І.Шамякін, В.Вітка, А.Вярцінскі, Н.Гілевіч, С.Грахоўскі, М.Лужанін, Я.Скрыган і інш. У 1970—80-я г. пашырылася кола праблем, што даследаваліся ў новых аспектах: бел. л-ра пачала разглядацца ў параўнальным і тыпалагічным планах (Івашын, Ларчанка, Лойка, Александровіч, А.Мальдзіс, П.Ахрыменка, Перкін, Э.Мартынава, У.Казбярук, В.Гапава і інш.), уведзены паняцці ўсесаюзнага, славянскага, еўрапейскага літ. кантэкстаў (Адамовіч і інш.), узняты пытанні літ. уплываў ва ўмовах паскоранага развіцця л-ры 19—20 ст. (Каваленка). Актывізавалася вывучэнне стараж. л-ры і л-ры 18—19 ст. (А.Коршунаў, В.Чамярыцкі, Мальдзіс), даследаваліся сувязі л-ры з інш. формамі грамадскай свядомасці, гісторыя станаўлення пэўных родаў і відаў л-ры — рамана, аповесці, апавядання (Адамовіч, Н.Пашкевіч, Каваленка, Дзюбайла, Юрэвіч, Бугаёў, С.Андраюк, Жураўлёў, Яскевіч, А.Лысенка, М.Тычына, Э.Гурэвіч, А.Матрунёнак), гісторыя лірычных і ліра-эпічных форм (В.Бечык, Лойка, Навуменка, Лазарук, Барсток, Грынчык, Ярош, Арочка, У.Гніламёдаў, І.Шпакоўскі, А.Кабаковіч, Клышка, Л.Гарэлік), гісторыя драматургіі (А.Сабалеўскі, А.Семяновіч, С.Лаўшук, Я.Усікаў). Актыўна вывучаліся тэарэт. праблемы: шляхі станаўлення ў бел. л-ры метаду сацыяліст. рэалізму (Івашын), развіццё бел. вершаскладання (Грынчык, І.Ралько), бел. літ.-грамадскі рух (Р.Семашкевіч), гісторыя бел. друку і кнігадрукавання (Александровіч), праблемы перакладу з блізкіх і роднасных моў (Мартынава, В.Рагойша, П.Садоўскі, Яскевіч), роля фальклору ў развіцці л-ры (Каваленка, У.Конан, Яскевіч, І.Чыгрын). Больш актыўна і плённа даследуюцца спецыфіка маст. формы, пытанні псіхалогіі творчасці, структуры твора (Жураўлёў, Клышка, Тычына, Матрунёнак). Зроблены першыя крокі ў вывучэнні гісторыі крытыкі і Л. (Конан, М.Мушынскі). Актывізавалася вывучэнне рус. л-ры (Куляшоў, П.Ткачоў, І.Кахно, С.Лысенка, А.Станюта, У.Няфёдаў, С.Букчын), л-ры замежных краін (Б.Міцкевіч, Гапава). З’явіліся кнігі, пабудаваныя на гісторыка-дакумент. архіўных матэрыялах (Александровіч, Г.Кісялёў, Мальдзіс, Я.Саламевіч), выданні тыпу «Хроніка літаратурнага жыцця», «Летапіс жыцця і творчасці», кнігі пісьменніцкіх біяграфій, мемуарнага жанру, зборнікі гіст.-літ. матэрыялаў («Пачынальнікі» і інш.). У серыі «Жыццё выдатных людзей» выйшла кн. Лойкі «Янка Купала» (1982). Развіваюцца купалазнаўства і коласазнаўства, багдановічазнаўства, тэксталогія. Выдадзены больш поўныя і дасканалыя ў тэксталагічных адносінах навук.-каменціраваныя Зб. твораў Я.Купалы (т. 1—6, 1961—63; т. 1—7, 1972—76), Я.Коласа (т. 1—12, 1961—64; т. 1—14, 1972—78), К.Чорнага (т. 1—8, 1972—75), Броўкі (т. 1—7, 1975—78; т. 1—9, 1987—92), Мележа (т. 1—10, 1979—85), Лынькова (т. 1—8, 1981—85), Гарэцкага (т. 1—4, 1984—86), П.Пестрака (т. 1—5, 1984—86), З.Бядулі (т. 1—5, 1985—89), Выбр. творы Цёткі (1967), Гарэцкага (т. 1—2, 1973), Ядвігіна Ш. (1976), Творы Багушэвіча (1967), Я.Дылы (1981), У.Галубка (1983), Дуніна-Марцінкевіча (1984) і інш. Робяцца спробы тэарэт. абагульнення вопыту практ. дзейнасці тэкстолагаў (зб. «Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры», 1980). Выйшла шмат навук. прац абагульняльнага характару, у т. л. для ВНУ («Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд» Лойкі, ч. 1—2, 1977—80, калект. вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў). Грунтоўнай працай, адрасаванай усесаюзнаму чытачу, стала выданне на рус. мове «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1977). Даследаванні ўзбагаціліся шэрагам прынцыповых удакладненняў, якія датычаць эпохі Адраджэння і Асветніцтва, нераўнамернасці развіцця л-ры паводле родавых і жанравых адзнак. У «Гісторыю...» упершыню ўведзены раздзелы пра Л. і крытыку, пра іх ролю і значэнне ў развіцці прыгожага пісьменства.

Побач з поспехамі ў бел. навук. і крытычнай думцы 1980-х г. праяўлялася і тэндэнцыя нарастання негатыўных з’яў. Усё мацней усталёўваліся дагматызм поглядаў, схаластыка, ігнараванне жыццёвых супярэчнасцей, падмена іх надуманымі канфліктамі, няўвага да рэальных патрэб чалавека. Ішоў працэс паслаблення гуманістычнага пафасу л-ры, страты ранейшых ідэйна-эстэтычных заваёў. Бел. Л. і крытыка 1990-х г. развіваецца пад сцягам перагляду ўстарэлых, кансерватыўна-дагматычных уяўленняў і выпрацоўкі новай, цэласнай канцэпцыі нац. культуры. Створаны новыя праграмы, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, напісаны шэраг грунтоўных, наватарскіх гісторыка-літ. прац (даследаванні Яскевіча, Мушынскага, Жураўлёва, Тычыны, М.Мішчанчука, П.Васючэнкі, М.Мікуліча, Гніламёдава, Л.Корань, І.Штэйнера, Г.Тварановіч, Л.Гараніна, А.Мельнікава, А.Вераб’я, У.Мархеля, І.Саверчанкі, І.Чароты, А.Бельскага, А.Марціновіча). У іх закранута шырокае кола праблем, у т. л. прынцыпы пабудовы новай «Гісторыі літаратуры», нац. спецыфіка, узаемасувязь л-ры і фальклору, жанрава-стылявыя пошукі, формы праяўлення ў л-ры нац. ідэі і інш. У калектыўных «Нарысах па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 1—4, 1993—95) на багатым фактычным матэрыяле раскрыты працэс узаемнага ўзбагачэння лепшымі здабыткамі л-р двух народаў ад старажытнасці да нашых дзён. На новы ўзровень выйшлі даследчыкі рус. л-ры (Ц.Ліякумовіч, Г.Няфагіна, Дз.Фёдараў, А.Звознікаў, І.Скарапанава, Т.Аўтуховіч, А.Андрэеў, С.Кузьміна, Н.Папова і інш.), л-р замежных краін (І.Шаблоўская, С.Малюковіч, С.Мусіенка, Т.Камароўская, Чарота, Е.Лявонава, Г.Адамовіч і інш.). Ін-т л-ры Нац. АН Беларусі працягвае ажыццяўляць доўгатэрміновую праграму навук. выдання класічнай спадчыны: 36. твораў Я.Пушчы (т. 1—2, 1993—94), першы Поўны збор твораў Багдановіча (т. 1—3, 1991—95), 9-томны Поўны збор твораў Я.Купалы (т. 1—5, 1995—98) Разам з Нац. навук.-асв. цэнтрам імя Скарыны ін-т падрыхтаваў і выдаў біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95). Гэтыя выданні, новыя манаграфічныя працы скіраваны на вырашэнне гал. задачы бел. Л. — асэнсаваць шматвяковае развіццё нац. прыгожага пісьменства ва ўсім яго змястоўным, жанрава-стылявым багацці, у разнастайных сувязях з інш. формамі духоўнай дзейнасці чалавека і л-рамі інш. народаў свету.

Літ.:

Академические школы в русском литературоведении. М., 1975;

Контекст: Лит.-теоретич. исслед. М., 1974—86;

Козлов А.С. Мифологическое направление в литературоведении США М., 1984;

Яго ж. Литературоведение Англии и США XX в. Симферополь, 1994;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975;

Яго ж. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 40-я — першая палавіна 60-х гг. Мн., 1985;

Яго ж. І нічога, апроч праўды: Якой быць «Гісторыі беларускай літаратуры». Мн., 1990;

Каваленка В.А. Праблемы сучаснай беларускай крытыкі. Мн., 1977;

Ватацы Н. Беларускае літаратуразнаўства і крытыка (1945—1963): Бібліягр. асобных выданняў. Мн., 1964.

М.І.Мушынскі, Т.Я.Камароўская (замежнае Л.).

т. 9, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛО́ГІЯ (ад геа... + ...логія),

навука аб саставе, будове і гісторыі развіцця зямной кары і Зямлі, заканамернасцях утварэння і пашырэння горных парод, мінералаў, падземных вод і радовішчаў карысных выкапняў. Забяспечвае выяўленне і ацэнку мінер.-сыравінных рэсурсаў. Мае вял. гнасеалагічнае значэнне, паколькі аб’ект яе вывучэння — Зямля. Геалогія — адна з фундаментальных навук аб прыродзе Зямлі і Сусвету. Вылучаюць 3 кірункі геалогіі: апісальны (апісанне мінералаў, горных парод, геал. цел і інш.), дынамічны (вывучэнне геал. працэсаў і іх эвалюцыі), гістарычны (гісторыка-геал. рэканструкцыі). Геалогія падзяляецца на мінералогію, петраграфію, літалогію, стратыграфію, палеанталогію, палеагеаграфію, тэктоніку, гідрагеалогію, таксама геалогію антрапагену (гл. Чацвярцічная геалогія), інж., рэгіянальную, марскую, геалогію карысных выкапняў і інш.

Працэсы геал. мінулага даследуюцца на падставе вывучэння сучасных працэсаў з улікам эвалюцыі Зямлі (прынцып актуалізму). Геалогія карыстаецца метадамі назірання, картаграфавання, свідравання, комплексам геафіз. метадаў, касмічнай і аэрафотаздымкі, аптычнымі, электронна-мікраскапічнымі, рэнтгенаўскімі, спектральнымі, хім., ізатопнымі і інш. Цесна звязана з геагр. навукамі — геамарфалогіяй, фіз. геаграфіяй, кліматалогіяй, гідралогіяй, геадэзіяй, а таксама з навукамі, што вылучыліся з яе — геафізікай і геахіміяй. Геалогія шырока выкарыстоўвае дасягненні фізікі, хіміі, біялогіі, матэматыкі і інш. Геалогія ўзнікла ў працэсе практычнай дзейнасці чалавека, які з глыбокай старажытнасці выкарыстоўваў у побыце каменне, ваду падземных крыніц, руды. Першыя звесткі пра мінералы, горныя пароды, падземныя воды і пошукі карысных выкапняў ёсць у пісьмовых помніках Стараж. Егіпта, стараж. рукапісах Кітая, працах ант. вучоных Грэцыі і Рыма: Піфагора, Герадота, Арыстоцеля, Плінія Старэйшага. Перыяд да 18 ст. адметны назапашваннем разнастайных фактаў аб саставе горных парод і мінералаў, падземных вод, геал. з’явах. У 18 — 1-й пал. ст. М.В.Ламаносаў (Расія), Ж.Кюўе, Л.Элі дэ Бамон, А.Браньяр (Францыя), Л.Бух, А.Г.Вернер (Германія), У.Сміт, А.Седжвік, Р.І.Мурчысан, Ч.Лаель, Дж.Гетан (Вялікабрытанія), А.Грэслі (Швейцарыя) сістэматызавалі разрозненыя геал. звесткі, прапанавалі шэраг асноватворных уяўленняў геалогіі, заклалі фундамент геал. навукі, якая аформілася ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.

Тэарэт. асновы сучаснай геалогіі складаюць вучэнні аб глабальнай тэктоніцы пліт (гл. Тэктанічныя гіпотэзы), платформах і геасінкліналях, фацыях і фармацыях, літагенезе, магматызме, рудаўтварэнні, падземных водах і інш. Уклад у развіццё геалогіі зрабілі А.Дз.Архангельскі, М.Бертран, С.М.Бубнаў, А.Вегенер, У.І.Вярнадскі, І.М.Губкін, Дж.Дана, А.М.Заварыцкі, Э.Зюс, У.А.Кавалеўскі, А.П.Карпінскі, Ф.Ю.Левінсон-Лесінг, Г.Ф.Мірчынк, Дз.В.Наліўкін, У.А.Обручаў, Э.Ог, А.П.Паўлаў, Ф.Дж.Петыджан, М.М.Страхаў, Я.С.Фёдараў, А.Я.Ферсман, В.Я.Хаін, Дж.Хол, М.С.Шацкі, Г.Штыле, А.Л.Яншын і інш.

На Беларусі геал. вывучэнне тэрыторыі вядзецца з пач. 19 ст.: рабіліся маршрутныя апісанні, даследаваліся асобныя радовішчы карысных выкапняў (А.Э.Гедройц, Р.П.Гельмерсен, М.І.Крыштафовіч, Г.Б.Місуна, В.М.Севяргін, П.А.Туткоўскі і інш.). Планамернае вывучэнне геал. будовы пачалося з 1927, калі быў арганізаваны геал. ін-т у складзе Інбелкульта. У 1937 створана Геал. ўпраўленне для кіравання геолага-здымачнымі і геолага-пошукавымі работамі. Пасля Вял. Айч. вайны праведзена сярэднемаштабная, часткова дэталёвая геал. і гідрагеал. здымка, выконваліся геафіз. даследаванні, пошукава-разведачныя работы, накіраваныя на выяўленне радовішчаў карысных выкапняў. Высветлена геал. будова і гісторыя геал. развіцця, тэктоніка тэр. Беларусі, дэталёва даследаваны петраграфія і мінералогія крышт. фундамента, літалогія і геахімія платформавага чахла. Разведаны запасы калійных і каменнай солей, прэсных і мінер. падземных вод і ёдабромных расолаў, сыравіны для вытв-сці буд. матэрыялаў. Выяўлены радовішчы нафты, бурага вугалю, гаручых сланцаў, жал. руд, фасфарытаў, даўсаніту, сіліцытаў, рэдкіх металаў і інш. Вядуцца значныя інж.-геал. і геаэкалагічныя даследаванні. Вялікі ўклад у вывучэнне нетраў зрабілі: арганізатар геал. службы на Беларусі М.Ф.Бліадухо, бел. навук. школы, заснаваныя Г.І.Гарэцкім (геалогія антрапагену), А.С.Махначом (літалогія і геахімія даантрапагенных адкладаў), К.І.Лукашовым (геахімія навакольнага асяроддзя), Р.Г.Гарэцкім (геатэктоніка), Г.В.Багамолавым (гідрагеалогія), А.В.Мацвеевым (вывучэнне сучасных геал. працэсаў і геамарфалогія), Э.А.Ляўковым (неагеадынаміка), а таксама У.А.Багіна, Г.І.Ількевіч, П.А.Леановіч, В.І.Пасюкевіч, П.З.Хоміч і інш. Вытворчыя і н.-д. геал. работы праводзяць ВА «Беларусьгеалогія» і «Беларусьнафта», Геолагаразведачны беларускі навукова-даследчы інстытут, Інстытут геалагічных навук (ІГН) Нац. АН Беларусі, Беларускае дзяржаўнае навукова-даследчае геалагічнае прадпрыемства (Белгеа), Бел. дзярж. ін-т інж. вышуканняў («Геасервіс») і інш. Кадры па геалогіі рыхтуюць БДУ і Гомельскі дзярж. ун-т. Геал. даследаванні і іх каардынацыю ажыццяўляюць таксама Геалагічны міжнародны кангрэс, Міжнар. саюз геал. навук, Беларускае геалагічнае таварыства, Бел. нац. камітэт геолагаў. Асн. перыяд. выданні: «Літасфера», «Даклады АН Беларусі», «Весці АН Беларусі» : інш.

Літ.:

Аллисон А., Палмер Д. Геология: Наука о вечно меняющейся Земле: Пер. с англ. М., 1984;

Уотсон Дж. Геология и человек: Введение в прикладную геологию: Пер. с англ. Л., 1986;

Махнач А.С., Вазнячук Л.М. Геалагічнае мінулае Беларусі. Мн., 1959;

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. М., 1971;

История геологических наук в Белорусской ССР. Мн., 1978;

Геология Белоруссии: Достижения и пробл.: Сб науч. тр. Мн., 1988;

Гарэцкі Р.Г. і інш. Праблемы вывучэння літасферы Беларусі // Літасфера. 1994. № 1;

Гарецкий Р.Г., Каратаев Г.И. Основные проблемы экологической геологии // Там жа. 1995. №2.

А.А.Махнач.

т. 5, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБЕРАЛІ́ЗМ 1) ідэйная і сац.-паліт. плынь, заснаваная на прызнанні асобы, яе свабоды і самарэалізацыі найвышэйшай каштоўнасцю і ўмовай развіцця грамадства.

2) Спосаб мыслення і паводзін, які характарызуецца незалежнасцю і цярпімасцю ў адносінах да розных поглядаў, традыцый і тыпаў паводзін. Тэрмін «Л.» увайшоў у навук. ўжытак у 1830—40-я г., калі ў Зах. Еўропе ўзніклі паліт. партыі лібералаў. Ідэйна-тэарэт. вытокі і першыя спробы яго практычнага ўвасаблення ўзыходзяць да перыяду бурж. рэвалюцый 17—18 ст. Заснавальнікамі класічнага Л. з’яўляюцца Дж.Лок, А.Сміт, І.Бентам (Вялікабрытанія), Ш.Мантэск’ё, Б.Канстан, Ф.Гізо (Францыя), І.Кант, В.Гумбальт (Германія), Т.Джэферсан, Дж.Медысан, Б.Франклін (ЗША), С.Я.Дзясніцкі, А.П.Куніцын, А.М.Радзішчаў (Расія) і інш. У светапоглядным сэнсе Л. адпавядаюць свабода і самакаштоўнасць асобы, першапачатковая роўнасць усіх людзей, гуманізм, індывідуалізм, цярпімасць і дэмакратызм. Палітычны Л. прадугледжвае: прызнанне і забеспячэнне правоў чалавека; канстытуцыйнае праўленне; раздзяленне ўлад і свабодныя выбары ўсіх яе асн. ін-таў; плюралізм, пабудову прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасці. Эканамічны Л. грунтуецца на прапанаванай Смітам «сістэме натуральнай свабоды» і ўключае: свабоду прыватнага прадпрымальніцтва і гандлю, свабоду канкурэнцыі; вызваленне эканам. дзейнасці з-пад апекі дзяржавы; стварэнне спрыяльных умоў і роўных магчымасцей для развіцця прыватнай ініцыятывы. У духоўнай сферы характэрнымі прыкметамі Л. з’яўляюцца: свабодны выбар сац. ідэалаў, маральная свабода і адказнасць асобы, свабода сумлення, вырашальная роля ведаў і творчай ініцыятывы ў грамадскім прагрэсе.

У апошняй трэці 19 ст. склаўся новы тып Л. — неалібералізм, або сацыяльны Л., у распрацоўку якога зрабілі значны ўклад Дж.Міль, Г.Спенсер, Дж.Кейнс, К.Попер, Дж.Хобсан (Вялікабрытанія), А Таквіль (Францыя), Г.Альберт, Г.Зімель (Германія), Дж.Голбрэйг, Р.Даль (ЗША), аўстра-амер. эканаміст і філосаф Ф. фон Хаек, М.М.Спяранскі, У.С.Салаўёў, П.Б.Струвэ, Б.М.Чычэрын (Расія) і інш. Асн. прынцыпы сац. Л.: разнастайнасць форм уласнасці, неабходнасць удзелу дзяржавы ў вырашэнні эканам. праблем, ажыццяўленне антыманапольнай палітыкі, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, сац. абарона грамадзян, прагрэс. падаткаабкладанне, улік інтарэсаў усіх сац. груп грамадства ў сферы паліт. улады і інш. Ідэйна-паліт. ўстаноўкі сучаснага Л. пакладзены ў аснову дзейнасці партый ліберальна-дэмакр. арыентацыі. Ліберальныя партыі ў ФРГ, Італіі, Фінляндыі, Даніі, Бразіліі, Ісландыі, Швейцарыі і інш. краінах прадстаўлены ва ўрадах, а ў шэрагу краін з’яўляюцца вядучай апазіцыйнай сілай; у Еўрапарламенце яны маюць пятую па колькасці фракцыю. У 1947 у Лондане ўтвораны Ліберальны Інтэрнацыянал, у які ўвайшлі каля 60 паліт. партый больш чым з 30 краін Еўропы, Амерыкі, Азіі, Афрыкі. Асобныя бакі практыкі Л. ў сац. пытаннях, асабліва ў рабочым пытанні, успрынялі правыя сацыялісты; адбываецца збліжэнне ідэй Л., кансерватызму і сацыял-дэмакратыі. Сфера распаўсюджвання ліберальных ідэй значна пашырылася ў 1990-я г. за кошт краін Усх. Еўропы і былых рэспублік СССР, што знайшло сваё выражэнне ў практычных спробах рэфармавання розных сфер жыццядзейнасці грамадства, стварэнні партый і грамадскіх рухаў ліберальна-дэмакр. кірунку.

На Беларусі ліберальныя ідэі духоўнай свабоды і самакаштоўнасці чалавека, неабходнасці сцвярджэння ў дзяржаве законнасці і справядлівасці, забеспячэння законных інтарэсаў і правоў грамадзян (у т. л. права валодання ўласнасцю) развівалі Ф.Скарына, Мікола Гусоўскі, С.Будны, А.Волан, К.Нарбут, Ф.Савіч, М.К.Судзілоўскі, І.Страйноўскі, К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч і інш. Прыхільнікамі Л. былі многія выкладчыкі Віленскага ун-та, члены студэнцкіх арг-цый і т-ваў філаматаў і філарэтаў, нелегальнага «Дэмакратычнага таварыства», удзельнікі народніцкіх гурткоў, а таксама такія перыяд. выданні, як «Дзеннік віленьскі», «Тыгоднік віленьскі», «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны») і інш. У канцы 1880-х г. пачалося афармленне Л. як паліт. плыні і стварэнне паліт. ліберальнай апазіцыі, лідэры якой (І.Віткевіч, І.Мятлін, А.Александроўскі і інш.) увайшлі ў склад партыі «Народная свабода». Іх саюзнікамі былі канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, Саюз дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі. Арганізатары дэмакр. руху і ідэолагі нац.-культ. адраджэння А.Луцкевіч, I. Луцкевіч, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, А.Смоліч, М.В.Доўнар-Запольскі, В.Іваноўскі, І.Канчэўскі, А.Цвікевіч і інш. абгрунтоўвалі неабходнасць пераўтварэння жыцця на «еўрапейскі манер», «свабоды нац. развіцця», «нац. культуры», шырокіх дэмакр. рэформ у грамадстве. У наш час ліберальна-дэмакр. ідэі і каштоўнасці становяцца неад’емнай састаўной часткай палітыка-філас. асэнсавання шляхоў далейшага развіцця бел. нацыі.

Літ.:

Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов: Пер. с англ. М., 1962;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;

Сорман Ги. Либеральное решение: Пер. с фр. М., 1992;

Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998;

Manning D. Liberalism. London, 1976;

Hayek F. von Law, Jegislation, liberty. London, 1982.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 9, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́, Беларускі экзархат,

кананічнае царк.-адм. аб’яднанне правасл. епархій у межах Беларусі. Гісторыя бел. царквы бярэ пачатак з заснавання ў 992 Полацкай епархіі. Да 13 ст. Беларускую праваслаўную царкву складалі 2 епархіі: Полацкая і Тураўская (1005), якія ўваходзілі ў Кіеўскую мітраполію. У сувязі з раздзяленнем гэтай мітраполіі на правасл. царкву ў межах Маскоўскага княства і правасл. царкву ВКЛ (Літоўская мітраполія, 1316) Полацкая, а з 1347 і Тураўская епархіі ўвайшлі ў склад апошняй. У 1459 адбылося канчатковае аддзяленне Кіеўскай (Літоўска-Наваградскай) мітраполіі ад Маскоўскай. У сярэдзіне 16 ст. ў склад Літоўска-Наваградскай мітраполіі (цэнтр у Навагрудку, потым у Вільні) уваходзіла 10 епархій: Полацкая, Тураўская з кафедрай у Пінску, Смаленская, Чарнігаўская, Галіцкая, Пярэмышльская, Холмская, Луцкая, Уладзімір-Валынская.

Вядомыя літоўска-наваградскія мітрапаліты: Грыгорый Балгарын (1458—75), Місаіл (1475—80), Сімяон (1481—88), Іона Глезна (1492—94), Макарый (1495—97), Іосіф І Балгарыновіч (1498—1501), Іона II (1503—07), Іосіф Солтан (1508—21), Іосіф III (1522—34), Макарый II (1534—55), Сільвестр (1556—67), Іона Пратасевіч (1568—77), Ілья Куча (1577—79), Анісіфар (1579—88), Міхаіл Рагоза (1589—95). Яны знаходзіліся ў кананічных і малітоўных сувязях з Усяленскім (Канстанцінопальскім) патрыярхам.

Пасля Брэсцкай уніі 1596 правасл. царква ў ВКЛ як кананічна цэлае перастала існаваць. Зноў засн. ў 1632 у Магілёве. Магілёўская (Беларуская) епархія была адзінай правасл. епархіяй у межах Беларусі да канца 18 ст. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 заснавана Мінская епархія. У 1833 адноўлена Полацкая, створаны Віленская (1840) і Гродзенская (1900) епархіі. У Брэсце, Беластоку, Слуцку, Гомелі, Коўне і Дзвінску існавалі кафедры вікарных епіскапаў. Усе епархіі ўваходзілі ў склад Грэка-рас. царквы і знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Свяцейшага кіруючага Усерасійскага Сінода. Да пач. 1-й сусв. вайны ў 5 правасл. епархіях Беларусі былі 3552 храмы і 35 манастыроў, 3 духоўныя семінарыі. Кожная з епархій мела свае перыяд. выданні. У Зах. Беларусі, якая ў 1921 адышла да правасл. епархіі (Віленская, Гродзенская і Палеская) былі ў юрысдыкцыі Польскай аўтакефальнай царквы. У БССР у 1922 была ўтворана Бел. правасл. мітраполія на чале з мітрапалітам Мелхіседэкам Паеўскім (1920—27), які меў тытул «мінскі і беларускі». У складзе мітраполіі знаходзіліся Мінская, Бабруйская, Мазырская і Слуцкая епархіі. Аднак рэпрэсіўная палітыка сав. улад у адносінах да царквы (арышты, забойствы святароў, масавае закрыццё і руйнаванне храмаў і манастыроў) прыпыніла царк. жыццё. Не існавала ніводная з кананічных бел. правасл. епархій. У час акупацыі Беларусі ням. фашыстамі ў 1942 адноўлена 6 епархій: Мінская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Навагрудская і Смаленская. Беларускую праваслаўную царкву ўзначальваў мітрапаліт мінскі і ўсяе Беларусі Панцеляймон (Ражноўскі). У канцы 1941 у афіцыйных царк. дакументах упершыню была ўжыта назва «Беларуская праваслаўная царква». У час вайны Беларуская праваслаўная царква кананічна не падпарадкоўвалася ніякай іншай царкве. Спробы належным чынам аформіць яе аўтакефалію былі беспаспяховыя. Пасля вайны кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы ажыццяўлялася праз Мінска-Бел. епархію, якая ўваходзіла ў склад Маскоўскага патрыярхату Рус. правасл. царквы. Створаныя раней епархіі не аднаўляліся. Кіруючы мінскі архірэй (насіў тытул «мінскі і беларускі») ажыццяўляў кіраўніцтва непасрэдна.

Кіруючыя мінска-бел. архірэі: архіепіскап Васілій (Ратміраў, 1944—45), мітрапаліт Піцірым (Свірыдаў, 1945—58), Гурый (Ягораў, 1958—61), Антоній (Крацэвіч, 16.3—17.7.1961), архіепіскап Варлаам (Барысевіч, 1961—63), мітрапаліты Нікадзім (Ротаў, 4.8—9.10.1963), Сергій (Пятроў, 1963—65), Антоній (Мельнікаў, 1965—78), Філарэт (Вахрамееў, з 1978).

У 1957 Беларуская праваслаўная царква мела 968 храмаў, з якіх 709 былі прыходскімі, 3 манастыры, 1 духоўную семінарыю. У выніку чарговых ганенняў на царкву ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. засталося 369 царк. прыходаў і 1 манастыр; духоўная семінарыя была зачынена. У канцы 1980-х г. пачалося адраджэнне царк. жыцця. Да 1992 адноўлена 9 епархій: Полацкая, Магілёўская, Пінская, Брэсцкая, Гомельская, Навагрудская, Гродзенская, Тураўская, Віцебская. Усе ўваходзяць у Бел. экзархат. Вышэйшая заканад. і выканаўчая суд. ўлада ў экзархаце належыць Сіноду, у якім 5 кіруючых епіскапаў бел. епархій. З 1989 Сінод узначальвае мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. З 1995 у Беларускай праваслаўнай царкве 10 епархій, 918 царк. Прыходаў, 3 мужчынскія і 6 жаночых манастыроў; дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя, Мінскае духоўнае вучылішча. Бел. экзархат выдае час. «Веснік Беларускага экзархата», «Минские епархиальные ведомости», «Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце», газ. «Могилевские епархиальные ведомости», «Преображение», «Царкоўнае слова» і інш.

Літ.:

Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репр. изд. Мн., 1990);

Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. Т. 1—2. Париж, 1959 (репр. изд М., 1991);

Макарий, архиепископ Литовский и Виленский. История Русской церкви. Т. 9, кн. 4. СПб., 1879.

Г.М.Шэйкін.

т. 2, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ГРАМАДА́ (БСГ),

нацыянальная партыя леванародніцкага кірунку. Створана ў канцы 1902 пад назвай Бел. рэв. грамада (БРГ) на аснове гурткоў бел. студэнцкай і вучнёўскай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Стваральнікі і кіраўнікі: браты І.І. і А.Луцкевічы, А.Пашкевіч (Цётка), А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.Іваноўскі і інш. На 1-м з’ездзе (Вільня, 1903) БРГ прыняла праграму, у якой характарызавала сябе як арганізацыю «беларускага працавітага народа». Сваёй канчатковай мэтай абвясціла знішчэнне капіталіст. ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытв-сці, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі. У нац. пытанні формай забеспячэння нац. свабоды прызнавала незалежную дэмакр. рэспубліку. Выступала за прамое, агульнае, роўнае выбарчае права з тайным галасаваннем, нар. заканадаўства, раўнапраўе ўсіх людзей незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання, свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, 8-гадзінны рабочы дзень, бясплатную мед. дапамогу. У агр. пытанні праграма прадугледжвала скасаванне прыватнай зямельнай уласнасці, абвяшчала права кожнага чалавека на апрацоўку зямлі сваімі рукамі. У праграме спалучаўся рэв. дэмакратызм з народніцкім (сялянскім) сацыялізмам. Дакладны час перайменавання БРГ у БСГ не высветлены (па адных звестках у 1903, па другіх — у 1906). У 1903—04 БСГ узаемадзейнічала з Польскай партыяй сацыялістычнай (ППС), Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР), Літоўскай с.-д. партыяй, выдавала разам з імі нелегальную л-ру. З канца 1905 у Мінску дзейнічала падп. друкарня БСГ. На 2-м з’ездзе (студз. 1906, Мінск) прынята новая праграма партыі. У ёй канчатковай мэтай БСГ абвясціла замену капіталіст. ладу сацыялістычным, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя і ўтварэнне Расійскай федэратыўнай дэмакр. рэспублікі з свабодным самавызначэннем і культ.-нац. аўтаноміяй народнасцяў. Для Беларусі яна патрабавала аўтаноміі з мясц. сеймам у Вільні. У агр. пытанні патрабавала адчужэння памешчыцкай зямлі і надзялення сялян зямлёю на правах пажыццёвай арэнды. Ажыццяўленне ўсіх паліт. і сац. пераўтварэнняў з’езд звязваў са скліканнем Устаноўчага сейма Беларусі.

Першым друкаваным органам БСГ і першым легальным перыяд. выданнем на бел. мове стала газ. «Наша доля» (1-ы нумар выйшаў 14.9.1906). Газета мела рэв.-дэмакр. характар, таму з 6 яе нумароў 5 былі канфіскаваны, а № 7 забаронены і раскіданы ў наборы. У ліст. 1906 БСГ пачала выдаваць новую легальную газету на бел. мове «Наша ніва». Асн. аб’ектам дзейнасці БСГ было бел. сялянства. Яе ўплыў на гар. рабочых, за выключэннем Мінска і Вільні, быў нязначны. У рэвалюцыю 1905—07 БСГ дзейнічала сярод сялян і сельскіх рабочых у паветах Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ., арганізавала шэраг паліт. сходак і мітынгаў у вёсках, удзельнічала ў правядзенні сял. забастовак. Ва ўмовах наступу рэакцыі нелегальная дзейнасць грамады спынена. З 2-й пал. 1907 лідэры БСГ засяродзілі сваю дзейнасць на выданні газ. «Наша ніва», якая стала ідэолагам і арганізатарам бел. нац.-культ. руху, разгарнула на сваіх старонках прапаганду нац. свядомасці, ідэі нац.-культ. адзінства беларусаў, дамагалася прызнання самастойнасці бел. нацыі, змагалася за ўвядзенне бел. мовы ў школе, царкве і касцёле. У 1-ю сусв. вайну на акупіраванай немцамі тэр. дзейнічала створаная членамі БСГ Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група. На неакупіраванай тэр. БСГ аднавіла дзейнасць пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Яе паліт. курс у новай гіст. сітуацыі адлюстроўваў інтарэсы і настроі сярэдніх слаёў насельніцтва, якія былі зацікаўлены ў ажыццяўленні дэмакр. пераўтварэнняў. Канферэнцыя БСГ (сак. 1917, Мінск) выступіла ў падтрымку Часовага ўрада, выставіла патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Рас. рэспублікі, выказалася за агульнанародную ўласнасць на зямлю, 8-гадзінны рабочы дзень. У сак. 1917 прадстаўнікі БСГ удзельнічалі ў рабоце з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску, атрымалі 10 месцаў у Беларускім нацыянальным камітэце. Грамада пашырыла свой уплыў сярод інтэлігенцыі, сялян, гараджан, бежанцаў, ваеннаслужачых, рабочых; яе арганізацыі ўзніклі ў Мінску, Бабруйску, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Петраградзе, Маскве і інш. Да сярэдзіны 1917 БСГ налічвала каля 5 тыс. членаў і спачуваючых, у маі—чэрв. 1917 выдавала газ. «Грамада», мела прадстаўнікоў у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў і гар. думах Мінска, Петраграда, Бабруйска. У чэрв. 1917 канферэнцыя БСГ выбрала часовы ЦК, у які ўвайшлі П.Бадунова, А.Бурбіс, Я.Варонка, К.Душэўскі, З.Жылуновіч, У.Ігнатоўскі, Я.Колас, А.Смоліч. БСГ была ініцыятарам склікання ў ліп. 1917 з’езда беларускіх арганізацый і партый, займала кіруючае становішча ў Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Вялікай беларускай радзе, актыўна ўдзельнічала ў скліканні Усебеларускага з’езда 1917. У кастр. 1917 БСГ налічвала каля 10 тыс. членаў. Аднак у ёй нарасталі ўнутр. супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэфармісцкага шляху і тымі, хто быў гатовы перайсці на леварадыкальныя пазіцыі, блізкія да бальшавіцкіх. У вер. 1917 частка левага крыла БСГ вылучылася і ўтварыла арганізацыю бальшавіцкага кірунку — Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю. У пач. 1918 адбыўся раскол БСГ. Прыхільнікі стварэння самастойнай бел. дзяржавы прынялі ўдзел у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Петраградская і Маскоўская арг-цыі сталі на шлях утварэння бел. дзяржаўнасці на савецкай аснове. Да лета 1918 БСГ распалася на Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў. Выхадцы з левага крыла БСГ удзельнічалі ў рабоце Беларускага нацыянальнага камісарыята, некаторыя ўступілі ў беларускія секцыі РКП(б). На пач. 1919 у Вільні пэўны час дзейнічала Левая фракцыя Бел. сацыяліст. грамады. Пераемніцай традыцый БСГ з 1991 стала Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада.

Літ.:

Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928): Успаміны аб працы першых бел. паліт. арг.: Бел. рэв. грамада, Бел. сац. грамада. Вільня, 1928;

Тое ж. Мн., 1991.

М.В.Біч, С.С.Рудовіч.

т. 2, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯНДА́Р,

выданне ў выглядзе табліцы або кніжкі, у якім змешчаны пералік месяцаў года, дзён тыдня, святы, астранамічныя, гіст., статыстычныя і інш. звесткі. Пашыраны К. перакідныя, адрыўныя, настольныя, насценныя, ілюстраваныя агульнай тэматыкі або спецыяльныя (жаночыя, юбілейныя і Г.Д.).

Найб. стараж. К., што захаваўся, — рымскі К. 354 н.э. У Кіеўскай Русі пасля прыняцця хрысціянства рукапісныя каляндарныя звесткі (святцы для вызначэння пераходных свят, Вялікадня) складалі духоўныя асобы. Першыя ўказанні, што рабіць або не рабіць у пэўныя дні змешчаны ў «Ізборніку Святаслава» 1075. Пазней такія звесткі збіраліся ў «отреченных книгах», грамоўніках і інш. У 1493 у Парыжы выйшаў першы нар. К. У Польшчы з 15 ст. складаліся астранамічныя К., у 16 ст. з’явіліся К. з прадказаннямі. У Расіі сістэматычны выпуск К. пачаўся пры Пятру I (першы рус. друкаваны К. выдаў у Амстэрдаме ў 1702 беларус І.Ф.Капіевіч).

Вытокі бел. друкаванага К. ў «Пасхаліі» — заключнай частцы «Малой падарожнай кніжкі» Ф.Скарыны (каля 1522). Гэта першы ўсх.-слав. друкаваны царк.-астранамічны К. на 1523—43. Пасля Брэсцкай уніі 1596 К. ў ВКЛ выдаваліся на польск. мове. У Любчанскай друкарні ў 1650-я г. выходзіў «Каляндар штогодніх свят і рухаў нябесных цел» С.Фурмана (не выяўлены). У архіве Радзівілаў збярогся рахунак Слуцкай друкарні за 1673—79, у якім значацца «календары ў чацвёрку фармату — 1000 экзэмпляраў, календары меншыя — 200 экзэмпляраў» (не выяўлены). У канцы 17—1-й пал. 18 ст. на Беларусі пашыраліся К., што друкаваліся ў Кракаве. Яны змяшчалі звесткі і пра Беларусь. З 1713 у Супрасльскай друкарні выдаваўся «Каляндар польскі і рускі», у якім змяшчаліся і матэрыялы пра ВКЛ. Надворны тэолаг кн. Радзівіла Я.Пашакоўскі першы пачаў выдаваць паліт. К. са звесткамі па ўсеагульнай і царк. гісторыі, гісторыі і культуры ВКЛ: «Каляндар палітычны і гістарычны» на 1737—39, «Каляндар езуіцкі большы Літоўскай правінцыі», «Каляндар езуіцкі меншы Літоўскай правінцыі», «Францысканскі каляндар» (усе на 1740). З 1730-х г. на Беларусі пашыраліся К., выдадзеныя ў Варшаве на ўзор віленскіх езуіцкіх. З 1760 выходзіў «Каляндар віленскі» са спісамі ўлад, гіст. і геагр. звесткамі пра Карону і ВКЛ. На Беларусі распаўсюджваліся «Каляндар палітычны для Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага» (1774—94), «Каляндарык, цікавы для Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага» (на 1776), «Новы эканамічны каляндар для гаспадароў у Кароне і Вялікім княстве Літоўскім» (на 1776), «Каляндар краёвы і замежны для Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага» (на 1793).

У канцы 18—пач. 19 ст. ў Гродне і Вільні Т.Дубіткоўскі выдаваў на польск. мове «Каляндар гаспадарчы» (1776—1800) і «Каляндар гродзенскі» (1801—07). У Магілёве на польск. мове выходзілі «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783», «Каляндар беларускі» (на 1784—95). У канцы 18 ст. ў Вільні на польск. мове выходзіла 5 К. Указам ад 10.12.1800 яны забаронены, але праз год іх дазволілі друкаваць. З 1840 у Вільні выдаваўся К. на рус. мове «Гаспадарчы месяцаслоў». Пасля паўстання 1863—64 па просьбе асобага к-та забаронены ўвоз на тэр. Рас. імперыі К. з Польшчы. 3.10.1864 выйшла 1-я кн. «Заходнярускага месяцаслова» (выдаваўся да 1917, у 1868—76 пад назвай «Літоўска-рускі месяцаслоў»). З 1883 выходзіў «Віленскі каляндар».

У 1889—90 у Маскве пад рэд. М.В.Доўнар-Запольскага выдаваўся «Каляндар Паўночна-Заходняга краю» з мэтаю пашырэння ведаў пра Беларусь. «Паўночна-заходні каляндар» на 1892 і 1893 (пад рэд. А.І.Слупскага; Мінск) змясціў нар. К., спіс чыгунак, параходстваў на рэках Беларусі, артыкулы па гісторыі Мінска і Магілёва, вершы Я.Лучыны. У 1895—1918 у многіх гарадах Беларусі друкаваліся выданні з каляндарнымі звесткамі. У 1907—20 на польск. мове выходзіў «Мінскі каляндар». У Вільні на польск. мове У.Дважачак выдаў кішэнны К. «Над Свіслаччу» (на 1913 і 1914) з інфармацыяй пра Мінск. У 1920 у Мінску на польск. і рус. мовах выйшаў «Каляндар-даведнік «Увесь Мінск». У Маладзечне выдадзены «Маладзечанскі каляндар на 1928 год».

У 1910—13 газ. «Наша ніва», а з 1914 Бел. выдавецкае т-ва ў Вільні выдавалі «Беларускі каляндар» (на бел. мове, кірыліцай і лацінкай), які публікаваў бел. фальклор, творы бел. пісьменнікаў, розныя парады. Пры садзеянні газ. «Гоман» выйшаў К. на 1917 і 1918. Бел. К. «Сваяк» на 1919 (выдавец В.Ластоўскі, Вільня) змясціў артыкул пра развіццё дзяржаўнасці і асветы ва ўсх. Беларусі. Бел. К. «Крыніца» на 1920 (Вільня, скл.

А.Станкевіч) і на 1921 змясціў артыкулы пра бел. мову, неабходнасць стварэння бел. школ. Бел. выд-ва ў Вільні выпусціла «Беларускі каляндар» на 1921 і на 1922 (скл. П.Станкевіч) з інфармацыяй пра розныя партыі Зах. Беларусі, выд-вы, газеты, з парадамі па стварэнні бел. школ, матэрыяламі пра Т-ва бел. школы. «Беларускі каляндар» на 1923 змяшчаў біягр. звесткі пра бел. паслоў у польскі сейм і сенат; на 1924 — пра гісторыю Беларусі ад часоў Полацкага княства, К. на 1925 — законы польск. ўрада аб правах нац. меншасцей, іх мовах; на 1927 — пра арганізацыю гурткоў ТБШ, Бел. сял.-работніцкай грамады, рэпрэсіі польскіх улад да яе гурткоў; на 1928 — пра мэты і задачы ТБШ, бел. гімназіі ў Зах. Беларусі і інш. У 1925—39 у Вільні выдаваўся бел. адрыўны К. У 1928 паралельна выдадзены бел. адрыўны, нар. і «Каляндарык «Хрысціянскай думкі» на 1929. На 1931 выйшлі кішэнны каляндарык «Шляху моладзі», адрыўныя К. т-ва «Культура» і бел. выд-ва, гасп. «Рольнік» і гумарыстычны. «Беларускі сялянскі каляндар» на 1937—39, задуманы як «Сялянская энцыклапедыя», змясціў багаты гіст. матэрыял. Бел. К. выдаваліся ў Латвіі.

У Мінску першы К. на бел. мове «Заранка» выйшаў у 1919 (правасл і каталіцкі). Першы бел. насценны К. у Мінску выйшаў у 1926. Выходзілі і адрыўныя К. «Беларускі сялянскі настольны каляндар» на 1928—30 (скл. А.Матусевіч, выд. газ. «Беларуская вёска») змяшчаў багаты гіст., юрыд., літ. матэрыял. У Вял. Айч. вайну пад кантролем герм. улад у 1942—44 у Мінску выходзіў «Беларускі народны каляндар». У 1943—44 у Беластоку выдаваўся К. «Гаспадар». У 1947 выйшаў арыгінальны штомесячны адрыўны К. школьніка «Дванаццаць месяцаў» (скл. В.Няміра). З 1971 выходзяць настольныя перакідныя К. на бел. мове. З 1990 выд-ва «Беларусь» выдае адрыўны К. «Родны край». Выдаюцца плакаты-К. З 1995 выходзіць «Беларускі праваслаўны каляндар» на бел. мове. З 1996 у Мінску выходзіць «Каляндар татар-мусульман Беларусі».

З 1957 Бел. грамадска-культ. т-ва ў Польшчы (Беласток) выдае «Беларускі каляндар». Выдаваліся бел. К. і на эміграцыі (у Аргенціне, Францыі, ЗША, Канадзе і інш.).

Літ.:

Мальдзіс А. Першыя календары Беларусі // ЛіМ. 1970. 7 жн.;

Яго ж. Календары, выдадзеныя ў Беларусі ў XVIII ст. // Книговедение в Белоруссии. Мн, 1977;

Миловидов А.И. Русский календарь в Северо-Западном крае, его историческое значение. Вильна, 1908.

І.У.Саламевіч.

т. 7, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ РУХ,

пашыраная ў свеце леварадыкальная ідэйна-паліт. плынь, якая кіруецца ў сваёй дзейнасці поглядамі К.Маркса і У.І.Леніна на сацыялізм і камунізм і мае на мэце пабудову ў свеце камуніст. грамадства, першая фаза якога — сацыялізм. Аб’ядноўвае камуніст. і ідэйна блізкія да іх сацыяліст. і рабочыя партыі. Узнік у 1840—50-я г. амаль адначасова з марксізмам як састаўная частка міжнар. рабочага руху. Першай камуніст. арг-цыяй быў створаны ў 1847 Саюз камуністаў, які аб’ядноўваў камуніст. і карэспандэнцкія к-ты шэрагу зах.-еўрап. краін. У напісаным для Саюза Марксам і Ф.Энгельсам «Маніфесце Камуністычнай партыі» (1848) выкладзена праграма міжнар. рэв. рабочага руху і абгрунтавана неабходнасць стварэння паліт. партыі пралетарыяту. Камуніст. (марксісцкая) плынь дамінавала ў Інтэрнацыянале 1-м (1864—76), у с.-д. і сацыяліст. партыях, што стварылі Інтэрнацыянал 2-і (1889—1922). Да канца 19 — пач. 20 ст. камуніст. рух і сацыял-дэмакратыя развіваліся на агульнай аснове марксізму як паралельныя плыні ў рамках с.-д. і сацыяліст. партый, потым адзіны сусв. сацыяліст. рух распаўся на 2 самаст. плыні — сацыял-дэмакр. і камуністычную, якія разышліся ў поглядах на стратэгію і тактыку заваявання паліт. улады, сутнасць, шляхі і спосабы пабудовы сацыялізму. Сацыял-дэмакраты (Э.Бернштэйн і інш.) прыйшлі да высновы, што асобныя палажэнні марксізму не пацвердзіліся часам або ўстарэлі. Прадстаўнікі камуніст. плыні працягвалі адстойваць марксісцкія палажэнні аб выключна рэв. шляху дасягнення сацыялізму як першай стадыі камунізму праз класавую барацьбу і дыктатуру пралетарыяту ў якасці абранага гісторыяй класа. Найб. відным выразнікам гэтай плыні ў пач. 20 ст. стаў лідэр рас. бальшавікоў Ленін. Пасля 1-й сусв. вайны с.-д. і сацыяліст. партыі канчаткова раскалоліся, з іх выйшлі прадстаўнікі рэв. марксізму, якія сталі называць сябе камуністамі і пачалі ствараць уласныя камуніст. партыі. Гэтаму працэсу спрыяла Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 у Расіі. Няўдалай спробай прымірыць і аб’яднаць сацыяліст. рух з камуністычным было стварэнне і непрацяглае існаванне т. зв. «Інтэрнацыянала 2 1/2» (1921—23). Але ў 1919, са стварэннем Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна), рашэнні кіруючых органаў якога былі абавязковымі для партый-членаў, М.к.р. аформіўся ў самаст. паліт. сілу. У 1920—50-я г. фактычным цэнтрам усяго М.к.р. быў СССР. Грамадска-паліт. з’явы, якія мелі месца ў гэтай краіне (паліт. рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна, абмежаванасць паліт. правоў асобы, празмерная роля дзяржавы ў грамадстве і інш.) негатыўна адбіваліся на ўсім камуніст. руху. У 1920-я г. з М.к.р. вылучылася леваэкстрэмісцкая плынь — трацкізм (ад імя Л.Д.Троцкага), прадстаўнікі якога ў 1938 стварылі т. зв. «Інтэрнацыянал 4-ы». Станоўчая роля камуністаў у барацьбе супраць фашызму за свабоду і незалежнасць сваіх краін у гады 2-й сусв. вайны забяспечыла значны рост колькасці кампартый, узмацненне іх уплыву ў асобных краінах і ў свеце ў цэлым. У 14 краінах Еўропы, Азіі і Лац. Амерыкі (Куба) кампартыі заваявалі паліт. ўладу. Склалася Сусв. сацыяліст. сістэма. У 1980-я г. камуніст. і блізкія да іх рабочыя партыі дзейнічалі больш як у 90 краінах і аб’ядноўвалі больш за 80 млн. членаў. СССР пад кіраўніцтвам КПСС дамогся поспехаў у развіцці эканомікі і культуры. У 1960—70-я г. СССР, насельніцтва якога складала 6% ад насельніцтва зямнога шара, даваў 1/5 сусв. прамысл. вытворчасці. Пасля роспуску Камінтэрна (1943) прадпрымаліся новыя спробы каардынацыі М.к.р. У 1947—56 у Бялградзе (да 1948) і Бухарэсце (з 1948) працавала Інфарм. бюро камуніст. і рабочых партый з правам каардынацыі іх дзейнасці (уваходзілі партыі 9 краін Еўропы). Вял. значэнне для згуртавання М.к.р. мелі нарады прадстаўнікоў камуністычных і рабочых партый (маскоўскія 1957, 1960, 1969, шматлікія рэгіянальныя). У 1958—90 у Празе выдаваўся тэарэт. і інфарм. часопіс «Проблемы мира и социализма». З канца 1940-х г. спробы КПСС навязваць кампартыям інш. краін свой вопыт барацьбы за ўладу і сацыяліст. будаўніцтва сустракалі нарастаючае супраціўленне з іх боку. На гэтай глебе М.к.р. перажыў шэраг новых расколаў. У 1948 адмовілася ад сав. мадэлі пабудовы сацыялізму і адасобілася ад М.к.р. Камуніст. партыя Югаславіі, у 1961 выступіла супраць крытыкі культу асобы Сталіна і фактычна выйшла з М.к.р. Албанская партыя працы. Найб. значны раскол у М.к.р. унесла ўзнікненне ў канцы 1950 — пач. 60-х г. мааізму (левадагматычны ўхіл у Кампартыі Кітая і шэрагу інш. партый у Азіі і дробных груповак у розных рэгіёнах свету, ад імя Мао Цзэдуна). У 2-й пал. 1970 — пач. 80-х г. у кампартыях Зах. Еўропы пашырыліся тэорыі «еўракамунізму». Іх прыхільнікі выступалі за мадэрнізацыю марксізму-ленінізму ў адпаведнасці з зах.-еўрап. эканам. і сац.-паліт. рэчаіснасцю, за плюралістычную мадэль сацыялізму. «Еўракамунізм» быў асуджаны КПСС і кампартыямі сацыяліст. краін. Зніжэнне тэарэт. ўзроўню дзейнасці камуніст. партый, дагматызацыя марксізму, недастатковая ўвага да распрацоўкі новых ідэй, акасцянеласць арганізац. структуры, форм і метадаў работы кампартый, адмова ад плюралізму ў меркаваннях, праследаванне іншадумства, адсутнасць шырокай сац. базы, сапраўднай сувязі з рабочым рухам, патрэбнага ўзаемадзеяння, а часта і варожасць да інш. левых сіл абумовілі крызіс М.к.р. ў канцы 1980 — пач. 90-х г., у выніку якога арганізаваны і каардынаваны М.к.р. фактычна перастаў існаваць. У выніку эканам. і паліт. крызісу (1989—91), абумоўленага пралікамі і дэфармацыямі ў дзейнасці КПСС і інш. камуніст. партый, камуністы страцілі ўладу ў краінах Усх. Еўропы і СССР. Распад СССР і забарона КПСС прывялі да спынення фін. падтрымкі, якую яна аказвала кампартыям многіх краін. У 1989—91 спынілі існаванне навук. і навуч. нац. і міжнар. цэнтры, што займаліся распрацоўкай камуніст. праблематыкі, перасталі выходзіць або пераймяноўваліся і змянілі накіраванасць камуніст. тэарэт. выданні. Ва ўсім свеце знізіўся ўплыў камуніст. партый, скарацілася іх колькасць і парушылася ўнутр. адзінства партый, рэзка зменшылася колькасць членаў. Асобныя кампартыі змянілі свае назвы, статуты, праграмы і ператварыліся ў сацыял-дэмакратычныя (у Італіі, Венгрыі, Польшчы, Славакіі, Балт. краінах). Кампартыя Францыі ўяўляе сабой гібрыд сацыял-дэмакратызму і камунізму. Камуніст. партыі Расіі, Украіны, Беларусі (гл. Камуністычная партыя Беларусі і Партыя камуністаў беларуская), Сербіі, з істотнымі агаворкамі таксама Румыніі і Чэхіі сталі на шлях абнаўлення пры захаванні вернасці марксізму-ленінізму. Кампартыі Вялікабрытаніі, Іспаніі, ЗША не адыгрываюць прыкметнай ролі ў жыцці сваіх краін. Аднак камуніст. погляды не страцілі сваёй прыцягальнасці ў значнай часткі насельніцтва шэрагу краін свету. Кітай, Куба, В’етнам, Паўн. Карэя працягваюць ісці па шляху сацыялізму. Правячая Камуністычная партыя Кітая налічвае 58 млн. членаў (1997), Камуніст. партыя Рас. (КПРФ) — 530 тыс. членаў, аб’яднаных у 24 тыс. пярвічных арг-зацый. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 яе кандыдат атрымаў каля 30 млн. галасоў выбаршчыкаў. На выбарах 1999 у Дзярж. думу Расіі камуністы атрымалі (па парт. спісах) найб. колькасць галасоў выбаршчыкаў (24,3% ад агульнай колькасці тых, хто галасаваў). М.к.р. імкнецца ісці па шляху абнаўлення, пераадолення лжэсацыялізму, развіцця марксісцка-ленінскай тэорыі ў новых умовах. У чэрв. 1999 на міжнар. сустрэчы прадстаўнікоў камуніст. і рабочых партый у Афінах (Грэцыя) былі прадстаўлены 55 партый з 50 краін.

Літ.:

Партии и партийные системы современной Европы. М., 1994;

Социализм и демократия для XXI в. М., 1997;

Егоров А.Н. Есть ли у Республики Беларусь социалистическая перспектива? // Весн. Бел. дзярж. экан. ун-та. 1997. № 2;

Коммунисты: право на власть. М., 1998.

А.М.Ягораў.

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ БЕЛАРУ́СЬ,

частка тэр Беларусі, якая ў выніку савецка-польскай вайны 1920 захоплена Польшчай і паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 знаходзілася ў яе складзе да вер. 1939. Паводле адм.-тэр. падзелу тэр. З.Б. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Агульная пл. 113 тыс. км², нас. 4,6 млн. чал. (1931). Гал. культ. і навук. цэнтрам З.Б. была Вільня. У прамысл. адносінах найб. развіты Беластоцкі прамысл. раён. Найб. гарады: Вільня, Гродна, Брэст, Беласток, Слонім, Ліда, Навагрудак, Пінск, Лунінец, Кобрын, Пружаны, Ваўкавыск, Баранавічы, Маладзечна, Вілейка. З.Б. была адносна адсталай агр. ускраінай Польшчы і выкарыстоўвалася ёй пераважна як крыніца сыравіны, таннай рабочай сілы і рынак збыту яе прам-сці. У эканоміцы назіраўся застой. Працоўныя пакутавалі і ад эксплуатацыі, і ад нац. ўціску. Разбураная войнамі прам-сць аднаўлялася марудна, новыя прадпрыемствы амаль не будаваліся, прыродныя багацці краю (асабліва лясы) выкарыстоўваліся няшчадна. У 1928 у З.Б. дзейнічала каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала па 5—20 чал. У гады эканам. крызісу (1929—33) тут часова спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў. Складаючы 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва Польшчы, удзельная вага прам-сці З.Б. ледзь перавышала 3%. У прам-сці, на транспарце і лесараспрацоўках было занята каля 100 тыс. чал.; амаль 50 тыс. рамеснікаў. Беспрацоўе тут было хранічнае (больш за 25 тыс. беспрацоўных у 1936), рабочы дзень дасягаў 10—12 гадз., зарплата была больш нізкая, чым у карэннай Польшчы. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай. Сяляне пакутавалі ад малазямелля, перажыткаў прыгонніцтва (адработкі, шарваркі), цяжкіх падаткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, запазычанасці банкам, самаўпраўства чыноўнікаў і паліцыі. У 1920-я г. на памешчыцкі маёнтак у сярэднім прыпадала каля 500 га зямлі, на сял. двор — каля 7 га; амаль 55 тыс. гаспадарак мелі надзел меншы за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У выніку зямельных рэформ 1920—30-х г. (парцэляцыя, ліквідацыя сервітутаў, камасацыя, пасяленне асаднікаў) зямельныя ўладанні памешчыкаў значна паменшалі, хоць зусім не ліквідаваны. Рэформы садзейнічалі ўмацаванню сял. гаспадарак, рассяленню сялян на хутары (да 1939 на хутары расселена каля 70% сял. гаспадарак). У 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзышла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у агр. сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Перанаселеная вёска не мела адтоку ў прам-сць, таму ў пошуках работы сяляне часта эмігрыравалі ў краіны Зах. Еўропы і Амерыкі. Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў, забаранялі бел. школы, абмяжоўвалі прыёмы з бел. школ у ВНУ, не дазвалялі карыстацца роднай мовай у дзярж. установах, не прызнавалі тэрміна «З.Б.», а называлі яе «крэсы ўсходне»усх. ўскраіны») або Белапольшчай. З 400 бел. школ, што існавалі на тэр. З.Б. да 1921, у 1928 засталося 29 бел. і 49 польска-бел. школ, у 1934—16. Былі закрыты 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы), 8 бел. гімназій (у Будславе, Гродне, Грудку, Клецку, Маладзечне, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах). Каля 35% насельніцтва З.Б. заставалася непісьменным (1939). Жорстка праследавалася бел. прэса, асабліва рэв. кірунку. Калі ў 1927 легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх стала 12; да 1939 асталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. Улады вышуквалі розныя прычыны, каб закрываць бел. выдавецтвы. бібліятэкі, клубы, хаты-чытальні. Гал. метадам кіравання ў З.Б. быў прымус, а часам і тэрор. Турмы і Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер былі перапоўнены паліт. вязнямі. Часта праводзіліся судовыя паліт. працэсы, масавыя рэпрэсіі. Бяспраўе, малазямелле, нац. прыгнёт, урадавая дыктатура абвастралі супярэчнасці, стваралі ўмовы для ўзмацнення нац.-вызв. руху, які ў розныя часы прымаў розныя формы, але ніколі не спыняўся. Эканам. выступленні рабочых часта суправаджаліся антыўрадавымі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутычкамі з паліцыяй. Найб. вострыя формы гэты рух набыў у перыяды эканам. крызісу (1929—33) і стварэння антыфашысцкага народнага фронту (1935). Адбываліся і антыўрадавыя выступленні сялян (гл. Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Дэпутаты сейма ад З.Б. вялі парламенцкую барацьбу ў складзе Беларускага пасольскага клуба. У 1925—27 разгарнулася дзейнасць магутных нац.вызв. арг-цый Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, больш за 2 тыс. яе гурткоў аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў), у 1927—30 — «Змаганне». Да 1930 левае крыло вызв. руху ў З.Б. было разгромлена. Легальную дзейнасць працягвалі толькі цэнтрысцкія і кансерватыўныя нац.-дэмакр. партыі і культ.-асв. арг-цыі. На працягу 1921—37 у ліку вядучых культ.-асв. арг-цый было Таварыства беларускай школы (ТБШ). Прыкметнай была дзейнасць Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (1926—37), Таварыства беларускай асветы. Радыкальны рэв. рух у З.Б. ў 1921—23 узначальвала Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), у 1923—38 — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, у 1933 аб’ядноўвала каля 4 тыс. членаў). Спалучэннем легальных і нелегальных форм барацьбы КПЗБ часам удавалася скіроўваць нац.-вызв. рух у рэчышча класавай барацьбы. З гэтай мэтай яна выкарыстоўвала папулярныя ў народзе заклікі да самавызначэння З.Б., падтрымлівала надзённыя патрэбы працоўных, папулярызавала ў прыхарошаным выглядзе дасягненні ў БССР. Але нац. нігілізм КПЗБ у 1930-я г. абумовіў яе дэструктыўную ролю ў нац.-вызв. руху. Пад кіраўніцтвам КПЗБ дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі (МОПР Зах. Беларусі), чырв. прафсаюзы, студэнцкая лявіца «Фронт». КПЗБ выдавала газ. «Чырвоны сцяг». час. «Бальшавік» і інш. Свае газеты і часопісы выдавалі БРА, БСРГ, «Змаганне», ТБШ, «Фронт», КСМЗБ, МОПР Зах. Беларусі і інш. грамадскія арг-цыі; выдаваліся прагрэсіўныя сатыр. час. «Маланка», «Асва». Сялянскія і хрысціянска-дэмакр. бел. партыі адхілялі рэв. рух як крайнюю і экстрэмісцкую форму барацьбы, найчасцей вялі памяркоўную палітыку. Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, вядучая партыя З.Б. ў 1930-я г.), Беларускі сялянскі саюз (БСС), Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), Беларуская санацыя і інш. партыі і арг-цыі часам дамагаліся дробных уступак у галіне бел. нац. культуры праз згоду з польскімі ўладамі. Значны ўплыў на развіццё нац.вызв. руху ў З.Б. мела творчасць бел. пісьменнікаў М.Танка (Я.І.Скурко), П.Пестрака, В.Таўлая, Л.Родзевіча, М.Васілька, А.Салагуба, М.Засіма, Н.Арсенневай, Х.Ільяшэвіча, П.Карузы, М.Краўцова, С.Крыўца, А.Стаповіча, М.Машары, У.Самойлы, публіцыстаў А.Альшэўскага, І.Канчэўскага, А.Луцкевіча, Я.Міско, А.Станкевіча, В.Харужай, навукоўцаў Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага, І.Дварчаніна. З л-рай З.Б. звязана творчасць У.Жылкі, К.Сваяка, Г.Леўчыка, М.Гарэцкага, А́.Гаўрылюка і інш. Намаганнямі паэтаў «Беларускай газеты» ў снеж. 1933 праведзены нелегальны з’езд пісьменнікаў З.Б., прынята дэкларацыя з заклікам стварыць арг-цыю пісьменнікаў дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва З.Б. зрабілі мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, у муз. культуру — К.Галкоўскі, Л.Рагоўскі, М.Забэйда-Суміцкі. Плённую дзейнасць па стварэнні нар. хораў і збору бел. нар. песень праводзілі А.Грыневіч, Р.Шырма, Г.Цітовіч і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый З.Б. размяшчалася ў Вільні, у т. л. выд-вы (Беларускае выдавецкае таварыства, Выдавецтва Таварыства беларускай школы, Выд-ва Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, Выд-ва Бел. сялянска-работніцкага клуба, Знамяроўскага У. выдавецтва, Клецкіна Б.А. выдавецтва), Беларускае навуковае таварыства, Беларускі музей, Беларуская драматычная майстроўня, Беларускае дабрачыннае таварыства, Віленская беларуская гімназія, школы, кнігарні і інш. Тут выдадзены многія творы Гарэцкага, Дварчаніна, Родзевіча, М.Танка, Машары; выдаваліся многія газеты і часопісы, падручнікі для бел. школ, шматлікія календары, прамовы дэпутатаў у сейме. ТБШ, БСРГ і «Змаганне» праз свае клубы, гурткі і бібліятэкі-чытальні вялі шырокую культ.-асв. работу сярод насельніцтва, стваралі маст. гурткі, рыхтавалі канцэрты, якія былі своеасаблівым пратэстам супраць намераў польскіх улад задушыць роднае бел. слова і нар. культуру. Паліцыя часта арыштоўвала дзеячаў культуры і кіраўнікоў маст. самадзейнасці. Сярод найб. выдатных дзеячаў рэв. нац.-вызв. руху ў З.Б. былі кіраўнікі БСРГ, «Змагання», ТБШ, БРА і КПЗБ: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Дварчанін, А.Луцкевіч, А.Станкевіч, А.Уласаў, П.Валошын, П.Мятла, М.Бурсевіч, Альшэўскі, М.Арэхва, Я.Бабровіч, І.Дабрыян, А.Данялюк, М.Дворнікаў, Ф.Валынец, Я.Гаўрылік, І.Грэцкі, П.Крынчык, Г.Муха-Мухноўскі, А.Лябецкая, Ф.Стацкевіч, М.Пяткевіч, Паўловіч, М.Кепель, П.Кізевіч, А.Канчэўскі, І.Лагіновіч (П.Корчык), І.Малец, С.Панкова, С.Прытыцкі, Родзевіч, І.Сяменікаў, А.Федасюк, Харужая, У.Царук і інш.

Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва З.Б. і Зах. Украіны. Жыхары З.Б. шчыра сустракалі армію як вызваліцельніцу. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне Сав. улады і ўз’яднанне З.Б. з БССР. 12.11.1939 сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне З.Б. з БССР. Гэтым было адноўлена нац. адзінства бел. народа (гл. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР). Паводле дамоўленасці ўрадаў СССР і Літвы ў кастр. 1939 Віленскі край з г. Вільня перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр. З.Б. былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).

Літ.:

Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;

Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. Vilnia. 1939;

Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. М., 1948;

Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;

Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;

Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;

Полуян В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;

Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;

Калеснік У. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;

Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;

Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;

Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993.

І.П.Хаўратовіч.

Да арт. Заходняя Беларусь. Першамайская дэманстрацыя працоўных Гродна. 1937.
Да арт. Заходняя Беларусь. Брукаванне вуліцы ў вёсцы Зубелевічы (Ляхавіцкі раён). 1928.

т. 7, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАМАСТА́ЦТВА кіно,

від экраннага мастацтва, творы якога зроблены на тэхн. базе кінематаграфіі, а таксама з дапамогай інш. тэхн. сродкаў аўдыёвізуальнай камунікацыі (тэлебачанне, відэакасеты, відэадыскі, камп’ютэр і інш.). Асн. творы К. — фільмы — ствараюцца шляхам кіназдымак рэальных, спецыяльна інсцэніраваных падзей рэчаіснасці або ўзноўленых сродкамі анімацыі. У К. сінтэзуюцца эстэт. ўласцівасці л-ры, т-ра, выяўл. мастацтваў, музыкі (гл. Кінамузыка) на аснове спецыфічных сродкаў выразнасці. Кінематограф і К. як яго частка ўзніклі на мяжы 19—20 ст. у выніку развіцця навукі і тэхнікі. Кінематограф фарміраваўся як частка тэхнагеннай культуры, для якой характэрна спалучэнне унікальнасці яе прадукцыі з тыражаваннем. Папярэднікамі кіно акрамя традыц. відаў мастацтва былі: фатаграфія, кірмашовы атракцыён, фанограф, грамафон, патэфон, радыё (як папярэднік гукавога кіно), перыяд. выданні (як папярэднікі хранікальных фільмаў), відовішчы, якія стваралі ілюзію рэальнасці (панарама, дыярама, кругавая праекцыя — папярэднікі шырокаэкраннага, шырокафарматнага, кругавога, варыяэкрана). Прырода сінтэзу кіно дваістая: сінтэз у працэсе нараджэння К. як віду мастацтва і сістэмы яго сродкаў выяўлення, а таксама сінтэз як узаемадзеянне і ўзаемаўплыў мастацтваў на кожным этапе існавання К. і пры стварэнні кожнага канкрэтнага твора. Вынік сінтэтычнасці К. — калектыўнасць стварэння фільма. Кампаненты фільма і адпаведна асн. кінематаграфічныя прафесіі: кінадраматургія — сцэнарыст; рэжысура — рэжысёр; мантаж — мантажор; выява — мастак, аператар; гук — кампазітар, гукарэжысёр; акцёрская творчасць — акцёр, каскадзёр. Гал. роля ў працэсе стварэння фільма звычайна належыць рэжысёру. У сувязі з калектыўнасцю стварэння фільмаў у К. праблема аўтарства спецыфічная. У працэсе яго гіст. развіцця паступова адбывалася станаўленне індывідуальнай аўтарскай свядомасці, што прывяло да ўзнікнення тэрміна «аўтарскае кіно» і вылучэння яго як асобнай з’явы ў процілегласць жанраваму кіно. К. найб. натуральна і адэкватна адлюстроўвае масавую псіхалогію. Сістэма вобразнага засваення свету аўдыёвізуальным К. мае 2 узроўні: выяўленчы (сама кінавыява) і вобразны (вобразны сэнс, які нясе кінавыява). Аснова кінавобразнасці — выяўленчасць. Адносна К. існуе азначэнне «самае безумоўнае з мастацтваў», аднак фатаграфічная прырода К. не адмяняе асобай кінематаграфічнай умоўнасці. Мова К. — гукапластычная мова экраннай выявы, якая рухаецца. К. валодае сістэмай сродкаў адлюстравання, многія з якіх суадносяцца са сродкамі інш. мастацтваў (святло, колер, рытм, лейтматыў, слова і інш.), а некаторыя з’яўляюцца спецыфічнымі і вызначальнымі: кадр, або мантажны кадр, план (адносны маштаб выявы ў кадры), ракурс (пункт погляду камеры, які дапамагае адлюстраваць погляд героя або аўтара на падзеі), мантаж. Вылучаюць віды К.: ігравое кіно (гл. Мастацкі фільм), анімацыйнае кіно, дакументальнае кіно, навукова-папулярнае кіно. Прынцыпамі падзелу кіно на віды з’яўляюцца прадмет экраннага ўвасаблення, спосабы экраннай матэрыялізацыі задумы ў адпаведнасці з запатрабаваннямі ўспрыняцця гледачоў. Існуе тэндэнцыя стварэння фільмаў на стыку ігравога, дакумент. і анімацыйнага кіно. З развіццём К. фарміравалася яго жанравая сістэма. К. выкарыстоўвала жанры інш. мастацтваў (л-ры, т-ра, фальклору і інш.) і выпрацоўвала свае (гл. ў арт. Жанр). Для сучаснага К. характэрна тэндэнцыя да змешвання жанраў (поліжанрызм К.) і відаў К. Найб. пашырана спалучэнне т. зв. «нізкіх», або традыц. відовішчных жанраў К. ў сувязі з аднолькавым узроўнем умоўнасці (авантурны фільм у розных варыяцыях, меладрама, камедыя). На сістэму жанраў дакумент. кіно зрабіла ўплыў літ. публіцыстыка, навук.-папулярнага — навук. літаратура. Паводле паходжання многія кінажанры маюць літ. назвы, але па сутнасці яны не ідэнтычныя.

Гістарычна К. ўзнікла разам з кінематографам. Асобныя фільмы канца 19 ст. (пераважна камічныя, феерычныя, меладрам. стужкі) па сваёй прыродзе належалі да сферы маст. творчасці, хаця цалкам творамі К. іх лічыць нельга. Ад спрошчанага засваення вопыту інш. мастацтваў К. шляхам паступовага назапашвання маст. знаходак распрацоўвала і спецыфічныя сродкі выяўлення (сістэмы планаў, ракурсаў, рухаў камеры, форм мантажу, муз. суправаджэння). Ускладняліся кінадраматургія і акцёрская творчасць. У перыяд фарміравання К., які звычайна датуюць ад узнікнення кінематографа да заканчэння 1-й сусв. вайны, значны ўклад у яго развіццё зрабілі кінематаграфісты Францыі (браты Люм’ер, Ж.Мельес, дзейнасць фірмы «Фільм д-Ар»), ЗША (Э.Портэр, Т.Х.Інс, Д.У.Грыфіт, Ч.Чаплін), Італіі, Даніі, Швецыі, Расіі і інш. Да 1908 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, паказваліся фільмы выключна замежнай вытв-сці. Пазней зарадзілася ўласная кінавытв-сць, у якой вызначыліся асн. тэматычныя і жанравыя кірункі: экранізацыя класікі, крымінальна-прыгодніцкія, быт., камічныя фільмы, салонныя меладрамы. Першым рас. фільмам уласцівы запаволенасць экраннага апавядання, павышаны псіхалагізм (творчасць У.Гардзіна, Я.Баўэра, Я.Пратазанава). Першаадкрывальнікам аб’ёмнай анімацыі быў рас. кінематаграфіст бел. паходжання У.Старэвіч. У канцы 1910-х г. кіно сфарміравалася як від мастацтва (гл. Нямое кіно). Крызіс класічнага маст. мыслення ў канцы 19 ст. адначасова з мадэрнізмам спарадзіў масавую культуру, якая захавала жыццепадабенства і агульнадаступнасць, але змяніла пазнавальна-выхаваўчую арыентацыю на кампенсаторна-забаўляльную. Да яе належаў і кінематограф «асн. патоку». Мадэрнізм яскрава праявіўся ў К. 1920-х г.: ням. кінаэкспрэсіянізм (Ф.Ланг, Ф.Мурнаў) і франц. кінаімпрэсіянізм (Л.Дэлюк), кінаавангард (Р.Клер, Л.Буньюэль, Ф.Лежэ), сав. рэв. кінапаэзія і інш. З дасягненняў К. ЗША найб. значнасць мае эксцэнтрычная кінакамедыя. Праявілася спецыфіка неігравога кіно як сферы К., якое акрамя інфарм., рэпартажнай функцыі адкрыла новыя маст. магчымасці. Сярод найб. значных дасягненняў у сусв. неігравым кіно — творчасць сав. рэж. Дз.Вертава, амер. рэж. Р.Флаэрці і інш., у творах якіх дасягнута арган. зліццё жыццёвага матэрыялу з аўтарскай трактоўкай у кінематаграфічнай форме. У СССР у 1920-я г. ствараліся класічныя творы сав. рэв. кінаавангарда — «тыпажна-мантажнага», «паэтычнага» мастацтва, што вылучыла сав. кіно на адно з першых месцаў у сусв. кінематографе (творчасць С.Эйзенштэйна, У.Пудоўкіна, А.Даўжэнкі і інш.). У гэтым рэчышчы ствараліся і лепшыя бел. фільмы (Ю.Тарыч). З канца 1920-х г. пачало развівацца гукавое кіно, хоць на пачатковым яго этапе тэхн. складанасці гуказапісу абмяжоўвалі сферу выкарыстання сродкаў выразнасці, адкрытых у нямым кіно. Вял. ўклад у яго развіццё зрабілі франц. «паэтычны рэалізм», якому ўласцівы глыбокі псіхалагізм і рамант атмасфера дзеяння (фільмы Ж.Рэнуара, Ж.Фейдэра, Ж.Дзювіўе, М.Карнэ), удзел у кіно майстроў англ. сцэны. Замацавалася ўстойлівая сістэма кінажанраў, асабліва ў кінематографе ЗША У неігравым кіно найб. значныя работы нідэрл. дакументаліста І.Івенса ў жанры эксперым. лірычных кінабалад, англ. дакумент. школа Дж.Грырсана і інш. У СССР гукавое кіно пашырылася з 1930-х г. Лепшыя фільмы вызначаліся спалучэннем эстэтыкі тыпажна-мантажнага К. і магчымасцей гукавога кіно (М.Ром, С.Юткевіч, А.Зархі, І.Хейфіц, Ю.Райзман, Р.Аляксандраў, І.Пыр’еў; у бел. кіно — Ю.Тарыч і У.Корш-Саблін). У гэты час у СССР адзіным творчым метадам быў абвешчаны сацыялістычны рэалізм. Перад 2-й сусв. вайной кансерватыўна-традыцыяналісцкія тэндэнцыі пашырыліся ў К. практычна ўсіх краін, нягледзячы на адрозненні ідэалаг. і эканам. плана. У гады 2-й сусв. вайны ў кіно ўзмацнілася агітацыйнасць, павялічылася роля дакумент. публіцыстыкі. У гэтым жанры працавалі і рэжысёры ігравога кіно (Дж.Форд, Ф.Капра ў ЗША, Райзман, Даўжэнка ў СССР і інш.). Ставіліся фільмы, пабудаваныя на суадносінах дакумент. і ігравых пачаткаў (англ. рэж. Х.Джэнінгс). У сярэдзіне 1940 — пач. 1950-х г. пераважалі фільмы традыц. апавядальнай стылістыкі, на аснове якой К. асімілявала тэхн. навінкі: каляровую выяву (з 1930-х г.), розныя прапорцыі экрана (з 1950-х г. шырокі экран, шырокі фармат і інш.). На першы план вярнулася эстэтыка быт. падабенства, што найб. увасобілася ў тэорыі і практыцы італьян. неарэалізму (Ч.Дзаваціні, Р.Раселіні, В.Дэ Сіка, Дж. Дэ Сантыс, П.Джэрмі і інш.). У СССР у пасляваен. гады складанасці ў становішчы К. былі абумоўлены эканам. цяжкасцямі і ўзмацненнем жорсткасці паліт. рэжыму. Было прынята рашэнне аб скарачэнні кінавытв-сці, што адмоўна адбілася на стане кінематографа рэспублік з невял. кінавытв-сцю, у т. л. Беларусі. З сярэдзіны 1950-х г. на развіццё К. пачала ўплываць канкурэнцыя з боку тэлебачання, што ў канцы 1950-х г. прывяло да крызісу кінематографа галівудскага тыпу (акцёрска-прадзюсерскага) і ўздыму еўрап. кіно, якое менш закранула ўздзеянне тэлебачання. З’явілася аўтарскае кіно ў Італіі (Ф.Феліні, Л.Вісконці, М.Антаніёні, П.П.Пазаліні), Швецыі (І.Бергман), Японіі (А.Курасава), Іспаніі (Буньюэль) і інш., франц. «новая хваля» (А.Рэнэ, Ф.Труфо, Ж.Л.Гадар), «польская школа» (А.Вайда, А.Мунк), «чэшская школа» (М.Форман, І.Менцэль), «кіно адлігі» ў СССР. Пэўны ўздым К. адбыўся ў краінах Лац. Амерыкі, Азіі, Афрыкі. На змену традыц. форме кінаапавядання прыйшлі новыя прынцыпы пабудовы фільма, разнастайныя формы відавога і жанравага сінтэзу. У 1960-я г. ў ЗША акцёрска-прадзюсерскі тып кіно змяніўся рэжысёрскім (С.Кубрык, Дж.Франкенхеймер і інш.). На сусв. К. ўплывалі структуралізм, псіхааналіз, ідэі аўтарскага кіно, эстэтыка франц. «новай хвалі», андэграўнду. Пашырылася т. зв. незалежнае кіно. У СССР у 1960-я г. пашырылася кінавытв-сць, прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў (Р.Чухрай, С.Бандарчук, Л.Куліджанаў, С.Растоцкі, А.Таркоўскі, В.Шукшын, Э.Клімаў, І.Таланкін, на Беларусі — В.Тураў, І.Дабралюбаў, Б.Сцяпанаў і інш.). У К. праявіліся лірычнасць, рамантычнасць, адначасова ўзмацнілася аналітычнасць. Узбагаціліся вобразная мова экрана і яго жанрава-стылявая палітра. Асн. кірункі жанрава-стылявых пошукаў — «дакументальнае» і «жывапісна-паэтычнае» кіно. «Новая хваля» ўласціва і развіццю сусв. дакумент. К., у якім выявіліся сацыялагічная тэндэнцыя, пошукі новых спосабаў адлюстравання рэчаіснасці (творчасць групы «Свабоднае кіно» ў Вялікабрытаніі, «Групы трыццаці» і кірунку «сінема верытэ» ў Францыі). Дакумент. К. ў пэўнай ступені паўплывала на развіццё ігравога кіно. Лепшыя стужкі сав. дакумент. кіно вызначаліся тонкім раскрыццём псіхалогіі чалавека (В.Лісаковіч, Г.Франк і інш.), навук.-папулярнага — паглыбленым імкненнем да вырашэння эстэт. задач, да паэт. раскрыцця навук. пошуку і псіхалогіі творчасці (В.Архангельскі, Б.Загражскі, У.Кобрын, «кіеўская школа» навук.-папулярнага кіно, асабліва Ф.Собалеў). У канцы 1960 — пач. 1970-х г. адрадзілася кіно галівудскага тыпу, адбыўся зварот да жанравага кіно, традыц. форм кінаапавядання. Гэтыя тэндэнцыі найб. ярка выявіліся ў кіно ЗША, якое зноў пачало лідзіраваць у сусв. кінематографе (фільмы Ф.Ф.Копалы, С.Спілберга, Дж.Лукаса, М.Скарсезе і інш.). Разам з тэлебачаннем канкурэнцыю традыц. кінапракату пачалі складаць відэаіндустрыя, новыя формы экраннага мастацтва, не звязаныя з традыц. кінематаграфічнай тэхнікай (у СССР гэтыя працэсы пачаліся пазней), што выклікала змены ў выкарыстанні сродкаў адлюстравання ў К., ужыванне камп’ютэрнай тэхнікі для стварэння спецэфектаў і інш. У 1970 — пач. 1980-х г. у К. СССР выявіліся крызісныя, застойныя з’явы. Лепшым фільмам былі ўласцівы крытыка грамадскіх хібаў, пошукі ў галіне кінамовы, складаныя драматургічныя канструкцыі, зварот да дакументалізму і ўмоўна-метафарычнага пачатку, фалькл., міфалагічных матываў, суб’ектыўнага эпасу ў гіст. творах (творчасць Л.Шапіцька, М.Міхалкова, С.Параджанава, В.Абдрашытава, С.Салаўёва, А.Германа, Г.Панфілава, у бел. кіно В.Нікіфарава, М.Пташука, В.Рубінчыка, В.Рыбарава, В.Чацверыкова і інш.).

З 1980-х г. на сусв. К. пачалі ўплываць тэндэнцыі постмадэрнізму (адлюстраванне крызісу маст. культуры 20 ст.), якія па-рознаму выявіліся ў еўрап. і амер. кіно (творчасць Д.Джармена, П.Грынуэя, прадстаўнікоў франц. «новай хвалі», амер. рэжысёраў пакалення «япі» і інш.). У неігравым кіно ў сярэдзіне 1980-х г. развіваліся маст. традыцыі сусв. і сав. дакумент. К., кінематаграфісты Г.Рэджыо (ЗША), А.Сакураў, А.Касакоўскі (Расія), В.Дашук (Беларусь) і інш. імкнуліся да пошукаў новай формы, спосабаў і метадаў маст. асэнсавання хранікальнага матэрыялу, рэальных падзей. У сав. ігравым кіно пашырылася т.зв. «кіно чорнай хвалі» («чарнушнае кіно») і імкненне да відовішчнасці. У 1990-я г. кіно Расіі, Беларусі і інш. краін, што ўтварыліся пасля распаду СССР, з-за цяжкага фін.-эканам. становішча і спаду вытв-сці перажывае глыбокі крызіс. К. пост-сав. краін практычна не ўпісваецца ў сістэму сусв. К., у якім таксама назіраюцца крызісныя з’явы.

Літ.:

Аристарко Г. История теорий кино: Пер. с итал. М., 1966;

Красинский А.В. Экран земли белорусской. М., 1973;

Нечай О.Ф. Становление художественного телефильма. Мн., 1976;

Актуальные проблемы киноискусства. М., 1977;

Жанры кино. М., 1979;

Смаль В.И. Сквозь призму десятилетий. Мн., 1980.

Л.М.Зайцава, Г.У.Шур (неігравое кіно).

т. 8, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)